Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін

Кошалеў М.К., Папоўская Т.А. Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін. – Мінск: “Беларуская навука” 2009, – 187 с.

Рэцэнзуемае выданне ўяўляе сабой выніковы тэкст даследавання беларуска-малдаўскіх адносін, якое было праведзена ў межах выканання дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006-2010 гг.

Не гледзячы на тое, што кніга заяўлена як вынік даследавання, яна не з’яўляецца даследаваннем у агульнапрынятым сэнсе гэтага слова. Кніга ўяўляе сабой досыць кароткі энцыклапедычны агляд гісторыі беларуска-малдаўскіх адносін, а таксама гісторыі Малдовы і расповед пра беларускую дыяспару ў Малдове з паданнем біяграфіяў малдаўскіх дзеячаў навукі і культуры беларускага паходжання і падрабязным пералікам палітычных, эканамічных і культурных падзеяў, якія маюць хоць нейкае дачыненне да беларуска-малдаўскіх адносінаў. Разам з тым, навуковы стыль выдання не заўсёды вытрымліваецца і досыць часта збіваецца на публіцыстычны і нават мастацкі.

З першай жа ўводнай главы здзіўляе беднасць крыніц, на падставе якіх рабілася даследаванне. Усе крыніцы па гісторыі і сучаснасці Малдовы выключна рускамоўныя, відаць, з прычыны недаступнасці для аўтараў літаратуры на румынскай мове. Гэта, несумненна, рэзка зніжае вартасць самога даследавання. Недаступная для аўтараў апынулася і літаратура на іншых замежных мовах: у кнізе прысутнічаюць толькі адзінкавыя спасылкі на выданні на ангельскай і польскай мовах. Крыніцы па эканамічных і культурных сувязях у асноўным датаваныя савецкім перыядам.

У рэцэнзуемай кнізе да апісання старажытнага перыяду выразна прасочваюцца некалькі тэндэнцыяў: амаль поўнае атаясамленне ВКЛ з беларускай дзяржаўнасцю і інтэрпрэтацыя гістарычных падзеяў праз прызму вялікалітоўскіх нацыянальных інтарэсаў, апраўданне экспансіі ВКЛ у паўночнае прычарнамор’е вызваленнем жыхароў гэтых земляў ад татарскага панавання (прычым ніяк не аналізуюцца наступствы пераходу з адной залежнасці ў іншую для насельнікаў забраных тэрыторый), супрацьпастаўленне “міралюбнай і добрасуседскай палітыцы” ВКЛ у рэгіёне з варожай антымалдаўскай палітыкай Кароны Польскай.

У кнізе ўсімі сіламі аўтары стараюцца пазбегнуць ацэнак палітычных рэаліяў у Беларусі і Малдове, які паўплывалі на міждзяржаўныя стасункі. Яны стрымана зазначаюць, што “несупадзенне выбару Беларуссю і Малдовай знешнепалітычных вектараў і прыярытэтаў нярэдка вызначае асаблівасці падыходаў да шэрага пытанняў”.

У беларуска-малдаўскіх адносінах перыяду незалежнасці Кошалеў з Папоўскай вылучаюць два вялікіх перыяды: з 1991 да 2003 і з 2003 да сённяшняга дня. Першы перыяд яны характарызуюць як час, калі Малдова на знешнепалітычнай арэне падтрымлівала Беларусь, а другі перыяд распачаўся пасля таго, як Малдова ўзяла курс на еўрапейскую інтэграцыю, і з гэтага часу адносіны паміж дзвюма краінамі ахалоджваюцца. І зноў, прычыны такога знешнепалітычнага павароту Малдовы аўтары не тлумачаць.

Кніга М. Кошалева і Т. Папоўскай змяшчае ў сабе багаты і цікавы факталагічны матэрыял па беларуска-малдаўскіх адносінах ува ўсіх сферах жыцця, пачынаючы са старажытных часоў і канчаючы сённяшнім днём. Гэтая кніга, безумоўна, зацікавіць чытача, які хоча пазнаёміцца з гісторыяй Малдовы і атрымаць першапачатковыя веды па двухбаковых стасунках Беларусі і Малдовы. Але гэтая кніга не з’яўляецца навуковым даследаваннем і не адпавядае крытэрам, якія да яго прад’яўляюцца. І паводле зместу, і паводле стылю кніга нагадвае энцыклапедычны даведнік месцамі разбаўлены публіцыстычнымі разважаннямі і паэтычнымі вобразамі. Тым больш разгледжанае выданне не з’яўляецца поўнай і вычарпальнай крыніцай інфармацыі па ўсім спектры беларуска-малдаўскіх дачыненнях. Хутчэй гэта першая спроба акрэсліць адносна новы для беларускай гістарычнай навукі накірунак даследаванняў.

Агляд падрыхтаваны: Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика