Имперская идея в Великобритании

new01_

Глеб, М.В. Имперская идея в Великобритании (вторая половина ХІХ в.) Минск: Белорусская наука, 2007.

Нягледзячы на тое, што імперыя, як форма дзяржаўнага ўтварэння зараз амаль паўсюдна саступіла месца нацыянальным дзяржавам, імперская тэматыка і сёння не згубіла сваёй актуальнасці для даследчыкаў. Больш за тое, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, абумоўленае сучаснымі працэсамі глабалізацыі і выкліканыя імі супярэчнасці ў сістэме міжнародныых адносін, прывялі да своеасаблівага “рэнесансу” імперскіх ідэй у пэўных навуковых і грамадска-палітычных асяродках. Разам з тым, у сучасным грамадстве феномен імперыі звязаны ў асноўным з шэрагам негатыўных стэрэатыпаў.

Тут варта ўзгадаць і марксісцкае вызначэнне імперыялізму, як фінальнай і самай разбуральнай стадыі развіцця капіталізму, і заходнія ўяўленні аб імперыі, як выключна дэспатычнай форме дзяржаўнасці, супрацьлеглай заходнім прынцыпам дэмакратыі (рэйганаўскае вызначэнне СССР, як “імперыі зла”). Але гісторыя Брытанскай імперыі шмат у чым гэтыя стэрэатыпы абвяргае. Па-першае, яна даказвае, што імперыю можа стварыць і краіна, якая ў той жа час лічылцца ўзорам дэмакратыі і грамадскага прагрэсу. А па-другое, што распад імперыі можа праходзіць не толькі пад уздзеяннем цэнтрабежных сіл на перыферыі (нацыянальна-вызваленчай барацьбы падпарадкаваных народаў), але і пэўных імпульсаў з самой метраполіі, звязаных з трансфармацыяй яе палітычнай і эканамічнай сістэмы. Абедзве гэтыя тэндэнцыі якраз і знайшлі адлюстраванне на старонках рэцэнзуемай працы.

Характэрызуючы навуковая значэнне кнігі, перш за ўсё, трэба адзначыць, што акрамя прац брытанскіх і іншых даследчыкаў па дадзенай праблематыцы аўтар абапіраецца на шырокае кола першакрыніц – брытанскіх газет і часопісаў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Спасылкі на іх і цытаты з артыкулаў, якія даволі часта сустракаюцца ў тэксце дазваляюць меркаваць аб увядзенні ў навуковы абарот новых матэрыялаў і дадзеных, раней не вядомых, ва ўсялякім выпадку рускамоўнаму чытачу. Разам з тым выклікае здзіўленне і, нават, абурэнне падзел гістарыяграфіі на “расійскую” і “замежную” [с. 8]. Варта нагадаць, што кніга выйшла ў выдавецтве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і, такім чынам, айчыннай (г.з. “не замежнай”) для аўтара павінна з’яўляцца беларуская, а не расійская гістарыяграфія. Нават калі ў айчыннай навуцы не было спецыяльных, вартых увагі прац па гэтай тэматыцы, усё роўна такі падзел падаецца неабгрунтаваным і абумоўленым адно толькі стэрэатыпамі правінцыйнага мыслення, якія нажаль яшчэ не зжыты цалкам у нашай гуманітарнай навуцы з савецкіх часоў. Адпаведна прадмету даследавання больш лагічна было б падзяліць гістарыяграфію на “брытанскую” і “замежную”, альбо, з улікам таго, што таксама былі задзейнічаныя працы даследчыкаў з краін Брытанскай Садружнасці, – на англамоўную і тую, што выдавалася на іншых мовах, у тым ліку рускай.

Структурна асноўная частка кнігі падзелена на тры главы, прысвечаных развіццю імперскай ідэі ў эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах адпаведна. Такім чынам, аўтар комплексна падыходзіць да праблемы, не абмяжоўваючыся рэпрэзентацыяй імперскай ідэі толькі ў палітыцы Аб’яднанага Каралеўства. Разам з тым далейшая структура тэксту зусім не распрацавана. У межах згаданых вышэй глаў памерам ад 45 да 60 старонак кожная, матэрыял ніяк не структураваны, што стварае пэўныя цяжкасці для яго ўспрымання чытачом. Акрамя таго тэкст падаецца даволі безсістэмна і не паслядоўна – адчуваецца, што аўтар увесь час вагаецца паміж храналагічным і праблемным падыходам да раскрыцця тэмы. Кніга безумоўна выйграла б, калі б аўтар спыніўся на адным з іх і падзяліў згаданыя тры главы на раздзелы ў адпаведнасці з асноўнымі храналагічнымі перыядамі развіцця імперскай ідэі, альбо яе ідэйнымі плынямі (напрыклад, раздзелы, прысвечаныя развіццю поглядаў фрытрэйдэраў і пратэкцыяністаў на працягу разглядаемага перыяду).
Падводзячы вынікі хацелася б сказаць, што, нягледзячы на прыведзеныя недахопы, кніга безумоўна вартая ўвагі, як гісторыкаў, так і палітолагаў. Яна развівае адносна новы для нашай навукі напрамак гісторыі палітычных ідэй і дазваляе лепш зразумець асновы функцыянавання самай паспяховай імперыі апошніх стагоддзяў.

Брытанская імперыя паўстае перад намі не звонку, як раней, у выглядзе маналітнай экспансіянісцкай сілы, што імкнулася да ўсясветнага панавання, а знутры – як складаная, комплексная сістэма са сваімі ўнутранымі ўзаемасувязямі і супярэчнасцямі. Сістэма, што не стаяла не месцы, а развівалася пад уздзеяннем шарагу ўнутраных і знешніх фактараў.

Агляд падрыхтаваны:  Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...