Часопіс “Палітычная сфера”

Сталінскія выбары на Гарадзеншчыне (Сапоцкінскі выпадак, год 1948)

Андрэй Пачобут · 2007

69 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Abstract.

1948 год. Заходняя Беларусь. Адбываюцца мясцовыя выбары. Непажаданыя асобы сталіся сведкамі фальсіфікацыі на адным з выбарчых участкаў. Пасля іх паведамлення справай зацікавіліся партыйныя інстанцыі. Артыкул прысвечаны аналізу асобнага выпадку выбарчай практыкі ў Беларусі другой паловы 1940-х гадоў.

Ключавыя словы: выбары, мясцовыя выбары, Заходняя Беларусь, І. Сталін, фальсіфікацыя, МДБ, ВКП(б), Сапоцкіна.

П’яны старшыня выбаркама разам з сакратаром распячатваюць выбарчую урну і кідаюць туды стос бюлетэняў.

«Сталінскі вынік» у выглядзе 99,9 адсоткаў падтрымкі для Камуністычнай партыі гарантаваны...

1948 год быў на Гарадзеншчыне годам пачатку масавай калектывізацыі. Тым часам сітуацыя для камуністычных уладаў не выглядала спрыяльнай. Тут дзейнічалі моцныя антысавецкія партызанскія атрады, якія не дазвалялі камуністам адчуваць сябе гаспадарамі становішча.

«Ворагаў калгаснага ладу адкрытых і схаваных шмат, і гэтыя ворагі выкарыстоўваюць усякі выпадак калгаснай бяздзейнасці, каб шкодзіць маладым калгасам», — сцвярджаў на адной з нарадаў начальнік Гарадзенскага ўпраўлення МДБ Фралоў 1 (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобл., ф. 1, воп. 1, спр. 174).

Вёска насцярожана ўспрымала сельскагаспадарчыя ініцыятывы ўладаў. Таму камуністы перш за ўсё спрабавалі вяскоўцаў падзяліць, нацкаваць адну частку вёскі на другую. Але пакуль што гэта не надта ўдавалася. Важным кірункам дзейнасці дзяжаўных органаў было Андрэй Пачобут Сталінскія выбары на Гарадзеншчыне (Сапоцкінскі выпадак, год 1948) стварэнне рэгіянальных структураў з партыйных актывістаў, абапіраючыся на якія можна было зламаць супраціў сялянства Гарадзеншчыны. У такіх умовах выбары ў мясцовыя саветы, якія ў БССР планаваліся на 11 студзеня, мелі надзвычай важнае палітычнае значэнне. Яны мусілі прадэманстраваць масавае падтрыманне грамадствам новых ініцыятываў камуністычных уладаў, а таксама — паспрыяць фармаванню і аб’яднанню вясковага «актыву», якому належала ўзяць чынны ўдзел ва ўсталяванні «калгаснага ладу».

«11 студзеня рабочыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на базе самага дэмакратычнага ў свеце выбарчага права выберуць сваіх найлепшых сыноў і дачок у мясцовыя органы савецкай улады.

Выбары ў Мясцовыя Саветы Рабочых — гэта найважнейшая падзея ў жыцці беларускага народа. Яны — крок у кірунку далейшага ўзмацнення Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі — часткі вялікай сацыялістычнай Айчыны. 11 студзеня 1948 года беларускі народ прадэманструе сваё адзінства і арганізаванасць, сваё аб’яднанне вакол партыі бальшавікоў, вакол 1 Савецкая традыцыя справаводства 1940-х гадоў зазвычай не прадугледжвала ў многіх афіцыйных дакументах пазначэння поўных імёнаў. Асобы пазначаліся проста — «тов. Иванов», «тов. Фролов» і г. д., таму ў артыкуле даюцца толькі прозвішчы ўдзельнікаў падзеяў. — Заўвага рэд.

© ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА ISSN 18193625 № 9, 2007 70 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Гісторыя выбараў правадыра і настаўніка таварыша Сталіна», — пісала 4 кастрычніка 1947 года газета «Гродзенская праўда».

У той час вынікі ўсіх выбараў сведчылі пра 99-адсоткавае падтрыманне насельніцтвам камуністычных уладаў. Падобнае аднадумства ў дэмакратычнай краіне выглядае непраўдападобным, але таталітарная сістэма мае свае ўласныя палітычныя законы і не прадугледжвае ніякага іншага выбарчага працэсу. Вынікі выбараў мусілі бясспрэчна даводзіць, што супраць манаполіі камуністычных уладаў выступаюць толькі адзінкі.

Паўстае пытанне, ці сапраўды грамадзяне, асабліва ў заходніх абласцях Беларусі, пакорліва ішлі да выбарчых урнаў і галасавалі за камуністаў?

Ці, можа, «сталінскі вынік» — усяго толькі плён маніпулявання выбарчымі скрынямі?

«У нашай савецкай краіне няма чаго казаць пра фальсіфікацыю выбараў, бо ў нашай краіне выбары праходзяць паводле найдэмакратычнейшага выбарчага права, бо цэлы народ не толькі бярэ ўдзел у выбарах, але таксама мае сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях і такім парадкам арганізуе выбары», — пераконвала 31 кастрычніка 1947 года ў адным з перадвыбарчых артыкулаў «Гродзенская праўда».

Аднак нават сёння сляды «выбарчых цудаў» сталінскага перыяду можна знайсці ў Гарадзенскім архіве грамадскіх арганізацыяў (былы архіў Гарадзенскага абкама Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі). Адным з такіх дакументаў ёсць рапарт, напісаны 13 студзеня 1948 года. Праз два дні па заканчэнні галасавання начальнікам Аператыўнага аддзела Гарадзенскага ўпраўлення міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў капітанам Ільіным на імя начальніка абласнога Упраўлення ўнутраных спраў (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобл., ф. 1, воп. 1, спр. 174). Гэты рапарт стаўся прычынай правядзення адмысловай праверкі. Гарадзенскі абласны камітэт КП(б)Б адразу ўзяў справу пад свой кантроль. І няма чаго дзівіцца. Капітан міліцыі Ільін рапартаваў ні больш ні менш як пра фальсіфікацыю выбараў сябрамі ўчастковай выбарчай камісіі ў Сапоцкінскай выбарчай акрузе № 53.

І. Фальсіфікацыя ў Новіках Сапоцкінскі раён займаў паўночна-заходнюю частку Гарадзеншчыны, існаваў у 1944— 1959 гадах, у сакавіку 1959 года быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Гарадзенскага раёна.

Пасля ўсталявання савецкай улады шмат крыві ён папсаваў камуністам. Большасць насельніцтва складалі палякі, якія да ўсіх уладных ініцыятываў ставіліся варожа. 31 снежня 1947 года ў адмысловым спецпаведамленні аб настроях мясцовага насельніцтва кіраўнік Гарадзенскага ўпраўлення Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ) Фралоў інфармаваў першага сакратара Гарадзенскага абкама КП(б)Б Пятра Калініна пра тое, што ў раёне «антысавецкімі элементамі распаўсюджваюцца правакацыйныя чуткі аб непазбежнай вайне паміж Амерыкай і СССР».

«Так, прыкладам, жыхарка вёскі Пралейкі, Сапоцкінскага раёна Пяноўская Марыя Францаўна, 1883 года, полька, сярод жыхароў вёскі выказалася: “Неўзабаве будзе вайна паміж Англіяй, Амерыкай, з аднаго боку, і Савецкім Саюзам, з іншага боку, бальшавікі будуць адсюль уцякаць гэтаксама, як уцякалі ў 1941. Польшча будзе ў абсягах 1939 года”», — інфармаваў кіраўніка абкама шэф МДБ.

Такія настроі мелі тут вялікае пашырэнне. І ўлады пра гэта былі паінфармаваныя. Але на афіцыйныя вынікі галасавання тыя настроі, згодна з камуністычнымі традыцыямі, ніяк не ўплывалі. Вынікі выбараў у Сапоцкінскім раёне нічым не адрозніваліся ад вынікаў у іншых рэгіёнах СССР. Заўжды 99 адсоткаў выбарцаў галасавала за бальшавікоў. Мясцовыя актывісты да такіх «вынікаў» ужо даўно прызвычаіліся. Але 11 студзеня ахоўваць выбарчыя камісіі ў Сапоцкінскім раёне дэлегавалі з Гародні міліцыянтаў Чупрыноўскага і Чэчку. Іх накіравалі ў вёску Новікі (вёска на паўночны захад ад Сапоцкіна, на той час цэнтр сельсавета). На месцы міліцыянты сталіся сведкамі адкрытай фальсіфікацыі. Яны, з усяго відаць, упершыню пабачылі «выбарчую кухню» і па вяртанні ў Гародню надумалі праінфармаваць пра факты фальсіфікацыі сваё беспасярэдняе кіраўніцтва.

Таварышы Чупрыноўскі і Чэчка адрапартавалі, што на выбарчым пункце ў Новікаўскім сельсавеце людзі не ішлі галасаваць, а некаторыя свядома ўхіляліся ад галасавання. На 15 гадзінаў удзел у галасаванні ўзялі да 40 працэнтаў выбарцаў, як пісаў у рапарце капітан Ільін.

Непрыемную для камуністаў сітуацыю меліся ўратаваць выносныя урны. Сябры камісіі кінулі- 71 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 ся абходзіць навакольныя вёскі, каб прымусіць людзей «выканаць свой абавязак». Але і гэта выклікала супраціў насельніцтва. Як толькі агітатары і сябры камісіі ўваходзілі ў вёску, усе яе жыхары ўцякалі з дамоў. У дамах, куды яны заходзілі, — тлумачыла пасля сакратар Новікаўскай сельскай выбарчай акругі Ада Гарманок, — былі толькі дзеці. Такім спосабам людзі выказвалі сваё стаўленне да новай улады і вызначалі ровень легітымнасці выбараў у савецкія органы ўлады.

«Калі я вярнулася ў сельсавет, то пабачыла страшэнны бруд, нікога з сябраў камісіі на месцы не было. Толькі там, дзе мусіла сядзець камісія, ляжаў і спаў таварыш Курыловіч... У час галасавання здараліся такія сітуацыі, калі Курыловіч даваў аднаму выбарцу чатыры бюлетэні, а на пытанне, чаму даў чатыры, быў адказ “кідай і ўсё”», — пісала ў сваіх тлумачэннях Ада Германок (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобл., ф. 1, воп. 1, спр. 174).

Але нават такія маніпуляцыі не дазвалялі дабіцца патрэбнай для галасавання лічбы выбарцаў. Калі старшыня камісіі Карманаў зразумеў, што вынік, запланаваны Гродзенскім абкамам КП(б)Б, не дасягаецца, ён і надумаў узяць справу ў свае рукі.

«Таварыш Карманаў запрапанаваў усім, хто быў ў будынку сельсавета, з выняткам сакратара, ачысціць памяшканне. У памяшканні засталіся толькі Карманаў і сакратар. Тады Карманаў укінуў у выбарчую скрыню ўсе выбарчыя бюлетэні і перадаў інфармацыю, што ў галасаванні ўзялі ўдзел цэлыя 100 адсоткаў выбарцаў», — сцвярджаў у рапарце капітан Ільін.

Але ж на гэтым народны плебісцыт у Сапоцкінскай выбарчай акрузе № 53 пад кіраўніцтвам таварыша Карманава не скончыўся. У 16 гадзін у сельсавет раптам заявіліся тры выбарцы. А таварыш Карманаў, будучы пад моцным уздзеяннем алкаголю, які спажываўся з прычыны ўдалага заканчэння выбарчай кампаніі, запатрабаваў ад сакратара выбарчай камісіі Дубовіка, каб той адчыніў скрыню і даў усім спозненым бюлетэні.

«У прысутнасці трох выбарцаў, Чэчкі, Чупрыноўскага і іншых грамадзянаў сакратар адчыніла выбарчую скрыню і дала выбарцам бюлетэні», — напісаў у рапарце Ільін.

Аднак выявілася, што гэта бюлетэні з іншага ўчастка.

«“Мы не з Балінентаў”, — сказаў адзін з выбарцаў . “Менш глядзі і кідай сюды”, — адказалі яму», — падкрэслівае Ада Германок.

Міліцыянты Чупрыноўскі і Чэчка перад абкамаўскай камісіяй згодна цвердзілі, што сведкамі фальсіфікацыі былі паўнамоцныя прадстаўнікі па справах выбараў з Гарадзенскага абкама і Сапоцкінскага райкама КП(б)Б. Але тыя ніяк не прарэагавалі на парушэнне выбарчага заканадаўства. Сёння зразумела, што паводзіны гэтых асобаў сведчаць: «выбарчыя інцыдэнты», хутчэй за ўсё, не сталі для іх нечым новым.

Відавочна, на тэрыторыі Гарадзеншчыны падобныя фальсіфікацыі былі звыклай і вельмі распаўсюджанай з’явай.

У адпаведнасці з артыкулам 120 закону «Аб выбарах у Абласныя, Раённыя, Гарадскія і Сельскія Саветы Рабочых Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» сябра выбарчай камісіі, які сфальсіфікаваў альбо свядома неправільна падлічыў галасы, мусіў карацца 3 гадамі пазбаўлення волі. Аднак гэтая прававая норма ў СССР была мёртванароджаная, у сталінскія часы яна ніколі не ўжывалася.

II. Разгляд у абкаме партыі Начальнік гарадзенскай міліцыі Гарачаў, які быў сябрам абласнога камітэта, адразу перадаў рапарт капітана Ільіна на разгляд партыйнай інстанцыі. Ад усіх ўдзельнікаў «новікаўскай справы» былі ўзятыя тлумачэнні. Здарэнне сапраўды надзвычай паважнае. На падставе рапарта капітана Ільіна фармальна трэба было завесці крымінальную справу па факце выбарчых фальсіфікацыяў. Але ў тыя часы ніводзін міліцыянт не наважыўся б распачаць падобны працэс без згоды партыйнага кіраўніцтва. Акрамя таго, варта памятаць пра палітычны кантэкст такой крымінальнай справы. Завесці яе — пэўна ж, значыла б, што цэлая выбарчая акруга — хай сабе і адна ва ўсім СССР — не падтрымлівае таварыша Сталіна і Камуністычную партыю. У такім павароце падзеяў кіраўніцтва Гарадзенскага абкама было незацікаўленае.

Перад абкамам Карманаў, сакратар Дубовік (той, што адчыняў скрыню), паўнамоцны прадстаўнік Сапоцкінскага райкама Іван Раманаў згодна сцвярджалі, што ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства ў Новіках не было. Паказанні міліцыянтаў падцвердзіла толькі сакратар Новікаўскай сельскай выбарчай акругі Ада Андрэй Пачобут. Сталінскія выбары на Гарадзеншчыне (Сапоцкінскі выпадак, год 1948) 72 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Германок. Астатнія сябры выбарчай камісіі заявілі, што пра парушэнні нічога не ведаюць альбо чулі пра іх ад Германок. Справу фальсіфікацыяў неўзабаве спынілі. Нікога з яе ўдзельнікаў не пакаралі. У справаздачы аб выніках мясцовых выбараў, падрыхтаванай для ЦК КП(б)Б, гарадзенскія камуністы не шкадавалі колераў.

«Выбары ў Мясцовыя Саветы Рабочых у Гарадзенскай вобласці адбыліся ва ўмовах высокага маральнага ўздыму. Ва ўсіх 5574 выбарчых акругах удзел у выбарах узялі 318 419 выбарцаў пры агульнай лічбе выбарцаў 318 824. Гэта складае 99,9 працэнтаў. З 320 042 выбарцаў за кандыдатаў Сталінскага блоку камуністаў і беспартыйных прагаласавала 318 419—99,5 працэнтаў. Арганізаваным удзелам, шчырым галасаваннем за кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных выбарцы праявілі свой давер, бязмежную любоў і адданасць камуністычным ідэалам, савецкаму народу і Вялікаму Настаўніку народаў таварышу Сталіну.

Дзень выбараў ў мясцовыя Саветы ператварыўся ў народнае свята», — пісаў ў ЦК партыі кіраўнік аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкама Кулінковіч (Дзяржаўны Літаратура 1. Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці. Ф. 1, воп. 1, спр. 174.

2. Гродзенская праўда. 1947. 4 кастр.

3. Гродзенская праўда. 1947. 31 кастр.

архіў Гродзенскай вобл., ф. 1, воп. 1, спр. 174).

Прычыны, з якой камуніст і высокага рангу савецкі чыноўнік — капітан міліцыі Ільін, надумаў напісаць рапарт пра фальсіфікацыю выбараў у Сапоцкінскай акрузе № 53 мы, на жаль, не ведаем. Ці гэта была недапушчальная на такой пасадзе праява ідэалізму, ці жаданне распачаць рэпрэсіі ў дачыненні да непакорлівых жыхароў Сапоцкінскага раёна, ці, можа, за рапартам стаялі якія ўнутрыпартыйныя «разборкі»?.. На жаль, сёння гэтыя пытанні застаюцца без адказу. Архівы МУС і КДБ, дзе, мабыць, ёсць больш дакладныя звесткі пра прычыны і наступствы «выбарчага скандалу ў Новіках», застаюцца зачыненымі.

Бясспрэчна адно — напісанне падобнага рапарта ў дзень, калі ўсе газеты СССР ужо праінфармавалі аб бліскучай перамозе Сталінскага блоку камуністаў і беспартыйных, было беспрэцэдэнтным крокам.

Сёння «новікаўская справа», якая захавалася ў выглядзе некалькіх картак пажоўклай паперы ў былым архіве абкама КП(б)Б, дазваляе нам зрабіць высновы пра сапраўдны механізм фармавання таталітарнай сістэмы ў заходніх абласцях БССР, а таксама пра рэальны ровень палітычнай падтрымкі ў 1948 годзе камуністычнай улады на Гарадзеншчыне.

Гісторыя выбараў