97 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Больш чым за пятнаццаць гадоў, ад моманту атрымання дзяржаўнай незалежнасці, шляхі Беларусі і Літвы вельмі моцна разышліся. Літоўская Рэспубліка даволі хутка вызначылася адносна сяброўства ў еўраатлантычных структурах і пачала праводзіць патрэбныя рэформы, каб стаць паўнапраўным сябрам АПАД (NATO) 1 і Еўрапейскага Звяза. Беларусь тым часам, абраўшы кірунак інтэграцыі з Расеяй, вярнулася да старой канцэпцыі стрымвання ( containment ), якая ў цэлым і вызначае вектар рэфармавання яе ўзброеных сілаў.
I. Літва. Кірункі вайсковых рэформаў Вайсковыя рэформы ў Літве прайшлі праз некалькі этапаў. На першай стадыі адбывалася фармаванне ўзброеных сілаў практычна «з нуля». Ядром літоўскага войска сталі Літоўскія абарончыя добраахвотніцкія фармаванні, а таксама колішнія афіцэры Савецкай Арміі. Абарончае планаванне на гэтым этапе было досыць эклектычным. Тады ўсталяванне падмуркаў дэмакратычнага кантролю і дэпалітызацыя ўзброеных сілаў сталі галоўнымі прыярытэтамі абарончай палітыкі (A Brief History..., 1990—1992).
Дзяніс Мельянцоў Абарончыя сістэмы Літвы і Беларусі: параўнальны аналіз Abstract.
У артыкуле параўноўваюцца эвалюцыі абарончых сістэмаў Літвы і Беларусі пасля атрымання незалежнасці абедвюма краінамі. У той час як Літва перайшла да канцэпцыі экспедыцыйных узброеных сілаў, беларускае кіраўніцтва засталося верным канцэпцыі стрымвання і ўсеабдымнай тэрытарыяльнай абароны. Нягледзячы на мадэрнізацыю ўзброеных сілаў, Беларусь у будучыні непазбежна сутыкнецца з праблемай змены падыходу да бяспекі і структуры ўзброеных сілаў. І досвед Літвы ў такім выпадку будзе мець вялікую карысць.
Ключавыя словы: бяспека, узброеныя сілы, войска, вайсковая рэформа, абарончая канцэпцыя, Літва, Беларусь.
У 1994 годзе Літва накіравала афіцыйную заяўку на ўступленне ў АПАД і ў тым самым годзе далучылася да праграмы АПАД «Партнёрства дзеля міру» (Partnership for Peace), што стваралася для спрыяння новым незалежным дзяржавам у правядзенні вайсковых рэформаў і для падвышэння аперацыйнай сумяшчальнасці іхных узброеных сілаў з войскамі краін АПАД. У 1996 годзе Літва накіравала свае войскі ў Боснію і Герцагавіну ўжо пад сцягам Альянсу (Establishing ...).
У тым самым 1996 годзе быў прыняты закон «Аб асновах нацыянальнай бяспекі», які вызначыў мэты нацыянальнай бяспекі і асноўныя прынцыпы вайсковай абароны. Згодна з законам у якасці асноўных прынцыпаў вайсковага планавання ўстанавіліся канцэпцыі ўсёабдымнай і безумоўнай самаабароны і грамадзянскага супраціву. Іншымі словамі, літоўскія ўзброеныя сілы і літоўскае грамадства мусілі быць гатовыя да найгоршага сцэнара развіцця падзеяў — масаванай тэрытарыяльнай агрэсіі супраць суверэнітэту Літвы. Ва ўмовах, калі сяброўства ў АПАД заставалася аддаленай перспектывай, а асяроддзе бяспекі далёкім ад стабільнасці і прадказальнасці, гэты падыход успрымаўся як найбольш адэкватны (Paulauskas, 2003: 126—127).
1 АПАД — Арганізацыя Паўночнаатлантычнае дамовы (NATO). Аўтар мяркуе, што больш натуральна ўжываць замест прынятага ў расейскамоўнай літаратуры акроніма НАТО беларускамоўны скарот АПАД паводле аналогіі з ААН, АБСЕ, СНД і інш.
© ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА ISSN 18193625 № 9, 2007 98 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Першы пасля распаду СССР раунд пашырэння АПАД у 1999 годзе і зацвярджэнне Плана дзеянняў для сяброў АПАД дзеля наступных кандыдатаў на ўступленне, улучна з Літвой, паслужылі штуршком да істотных зменаў у прынцыпах планавання. Хоць «усёабдымная самаабарона» і «грамадзянскі супраціў» заставаліся цэнтральным ядром абароннага планавання, настойлівыя рэкамендацыі АПАД спрыялі паступоваму рэфармаванню абарончай палітыкі.
Будучае сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе і адпаведныя гарантыі калектыўнай абароны рабілі невідавочнымі перавагі канцэпцыяў, заснаваных на пагрозах. У такой сітуацыі літоўскае кіраўніцтва мусіла перайсці да стратэгіі «мажлівасцяў», каб абмежаваныя рэсурсы краіны выкарыстоўваць як мага эфектыўней. На практыцы — гэта засяроджванне на канкрэтных, найпатрэбнейшых кірунках абарончае стратэгіі замест развіцця ўсяго комплексу ўзброеных сілаў (Heinemann-Gruder, 2002: 20).
Міністэрства абароны Літвы пры дапамозе амерыканскай групы экспертаў разам з пераглядам абарончай стратэгіі распачало працэс рэфармавання структуры ўзброеных сілаў і пераняло планаванне на падставе сцэнараў (Lithuania’s Security...). Існасць гэтага падыходу палягае ў вызначэнні найімавернейшых сцэнараў развіцця пагрозы і мажлівасцяў, мусовых для нейтралізацыі гэтых пагроз. Пасля вызначэння патрэбных мажлівасцяў і сродкаў вызначаюцца іх найсур’ёзнейшыя заганы, а далейшае абарончае планаванне ўжо скіравана на пераадоленне гэтых заганаў наколькі тое мажліва (Paulauskas, 2003: 130).
Такім парадкам, запрашэнне далучыцца да АПАД, пераасэнсаванне пагроз і новы падыход да абарончага планавання паскорылі адмову ад тэрытарыяльнай абароны, якую Літва вызнавала праз увесь перыяд пасля аднаўлення незалежнасці, і спрыялі рэарганізацыі ўзброеных сілаў для правядзення новых місіяў.
Калектыўная абарона замест усёабдымнай самаабароны. Гарантыі калектыўнай абароны вызначаюць істотную розніцу паміж літоўскай палітыкай абароны да Пражскага саміта АПАД у 2002 годзе і пасля яго. Прынцып калектыўнай абароны, прапісаны ў пятым артыкуле Вашынгтонскае дамовы АПАД, палягае ў супольнай нейтралізацыі вонкавай агрэсіі супраць дзяржавы — сябра АПАД сіламі ўсяго Альянсу. Прымаючы да ўвагі гэтую новую рэчаіснасць, Літва пераглядзела канцэпцыю ўсёабдымнай і безумоўнай самаабароны, на падставе якой будавалася ўся стратэгія стрымвання. Зараз жа ў выпадку агрэсіі роля ўзброеных сілаў будзе замыкацца ва ўзмацненні аперацыяў калектыўнай абароны АПАД, а не толькі ў абароне ўласнае тэрыторыі (Norkus, 2006).
Зыходзячы з гэтага планавалася рэарганізаваць тэрытарыяльныя падраздзяленні, знізіць колькасць рэзервовых сілаў і перагледзець канцэпцыю ўсеагульнай мабілізацыі. У падмурак рэформы паклалі досыць відавочную ідэю, што Літва са сваімі абмежаванымі рэсурсамі не здолее браць актыўнага ўдзелу ў большасці аперацыяў Альянсу і адначасна падтрымваць шматлікія немабільныя сілы тэрытарыяльнай абароны. Таму выбар быў зроблены на карысць узмацнення спецыялізацыі ўнутры АПАД і адыход ад тэрытарыяльнае абароны (HeinemannGruder, 2002: 28).
Змена характару пагроз і новая роля ўзброеных сілаў. У ХХ стагоддзі галоўнае заданне ўзброеных сілаў палягала ў стрымванні і абароне тэрыторыі ад патэнцыйных ворагаў. З заканчэннем халоднай вайны і распадам СССР характар небяспекі кардынальна змяніўся. Асноўныя пагроза ў сучасным свеце ідзе не ад войскаў іншых дзяржаў, а ад недзяржаўных структураў, якія выкарыстоўваюць неканвенцыйныя метады вядзення вайны, і таму іх не проста стрымваць традыцыйнымі сродкамі. Гэтыя суб’екты не пагражаюць тэрыторыі дзяржавы, а, хутчэй, скіраваныя супраць неабароненых грамадскіх аб’ектаў і цывільных асобаў. Таму прэвентыўныя захады зрабіліся практычна адзіным спосабам змагання з недзяржаўнымі структурамі і рэжымамі, што падтрымваюць тэрарыстаў.
Змена пагроз не толькі прывяла да трансфармацыі стратэгічнай сітуацыі ў рэгіёне, але і спрыяла іншым заданням узброеных сілаў: абарона нацыянальнае тэрыторыі змянілася на абарону грамадскіх аб’ектаў і паліцэйскія місіі. Узброеныя сілы мусілі вучыцца рэагаваць на крызісы і праводзіць міратворчыя аперацыі. Гэткая трансфармацыя вымагае ад вайскоўцаў падрыхтаванасці да цэлага шэрагу новых відаў дзейнасці.
Па-першае, унутры краіны трэба шчыльна супрацаваць з цывільнымі ўладамі і сіламі правапарадку ў выпадку тэрарыстычных атак і іншых надзвычайных сітуацыяў, што могуць запатрабаваць вайсковага ўмяшання. Па-другое, вайскоўцы павінны навучыцца праводзіць аперацыі рэагавання на крызісы ў абсягах шматнацыянальных сілаў. І па-трэцяе, у аперацыях на падЗнешняя і вайсковая палітыка 99 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 трыманне міру эфектыўна кантактаваць з мясцовым сацыяльным асяроддзем, якое часта можа ставіцца варожа да міратворцаў (Paulauskas, 2003: 133).
Адаптацыя ўзброеных сілаў Літвы да новых умоваў. Зыходзячы з пададзеных вышэй меркаванняў, Літва заклала ў новую вайсковую дактрыну (прынятая ў 2004 годзе) наступныя падмуркі для вайсковага планавання:
- няма пагрозы вайсковага нападу, - перад буйным канфліктам у балтыйскім рэгіёне будзе доўгі перыяд эскалацыі, - Літва не будзе бараніцца адна, - сілы хуткага рэагавання АПАД разгортваюцца за 15 дзён, - не існуе патрэбы ва універсальных узброеных сілах, - трэба чыніць адпор пагрозам там, дзе яны ўзнікаюць (The Military Strategy...).
Змены зазнала і сама стратэгічная канцэпцыя Літвы. Калі раней яна засноўвалася на стрымванні і тэрытарыяльнай абароне, то ў падмурак новага дакумента ад 2004 года закладзеныя прынцыпы калектыўнай абароны і спецыялізацыі ўзброеных сілаў. Акрамя таго, новая Абарончая стратэгія вызначыла асноўныя прынцыпы і мэты вайсковай рэформы ў Літве. Сярод найістотнейшых можна ўспомніць наступныя:
- удасканаленне мажлівасцяў і якасці ўзброеных сілаў замест стварэння новых тэрытарыяльных структур і падвышэння іх колькасці;
- стварэнне меншых, але больш мабільных падраздзяленняў, здольных да найхутчэйшага разгортвання;
- палепшанне умоў, патрэбных для калектыўнай абароны і іншых місіяў сумесна з войскамі АПАД;
- падтрыманне балансу паміж абарончымі планамі і наяўнымі рэсурсамі (The Military Strategy...).
На падставе гэтых прынцыпаў быў выпрацаваны план рэфармавання літоўскага войска, які ўлучаў наступныя асноўныя мерапрыемствы:
- стварэнне да 2008 года адной брыгады рэагавання (яна павінна ўлучаць штаб, два механізаваныя пяхотныя батальёны, два матарызаваныя пяхотныя батальёны і адзін артылерыйскі батальён);
- стварэнне аднаго пяхотнага батальёна (батальён Рукла) для ўсяго спектра місіяў Альянсу;
- вызваленне тэрытарыяльных падраздзяленняў ад заданняў тэрытарыяльнай абароны;
- стварэнне гнуткай сістэмы лагістыкі, якая здольная падтрымаць усякую аперацыю ўнутры краіны і па-за яе межамі;
- рэарганізацыя сістэмы навучання;
- удасканаленне антытэрарыстычных мажлівасцяў;
- набыццё найдасканалейшых сістэмаў узбраенняў і тэхналогіяў (Defence Reform..., 2005).
Канчатковае аблічча літоўскага войска пасля рэарганізацыі і мадэрнізацыі — невялікае, мадэрнізаванае, добра ўзброенае і навучанае мабільнае войска, здольнае браць удзел ва ўсім спектры аперацыяў АПАД (Defence Reform..., 2005).
Як бачым з прыведзеных звестак, літоўскія ўзброеныя сілы зазналі істотную трансфармацыю пасля аднаўлення незалежнасці Літоўскай Рэспублікі. Залучэнне ў АПАД прывяло да пераасэнсавання пагроз і перагляду фундаментальных прынцыпаў абарончага планавання.
Атрымаўшы гарантыі калектыўнай абароны ад Альянсу, Літва адмовілася ад канцэпцыі стрымвання і ўсёабдымнай абароны, вызваліўшы такім спосабам рэсурсы для далейшай мадэрнізацыі сваіх узброеных сілаў і паглыблення спецыялізацыі ў абсягах АПАД. Адмова ад прынцыпу тэрытарыяльнай абароны дазволіла Літве прыняць больш актыўны ўдзел у міратворчых дзеяннях па-за межамі краіны.
Разам з тым у літоўскага кіраўніцтва застаюцца і некаторыя асцярогі што да гарантыяў бяспекі з боку АПАД. Прыкладам, вялікую дыскусію пра здольнасць АПАД хутка зрэагаваць на тэрытарыяльнае ўварванне ў Літву выклікала паданне расейскага знішчальніка ў верасні 2005 года. У тым жа годзе літоўскі прэзідэнт у інтэрв’ю нямецкай газеце паскардзіўся на страхі, звязаныя з беларускімі танкамі, якія могуць напасці на Літву (Валдас Адамкус..., 2005). Літоўскае кіраўніцтва, аддаючы ў рукі АПАД адказнасць за абарону сваёй краіны, не можа быць пэўным да канца, што бяспека гарантаваная раз і назаўжды, бо і перспектывы развіцця самога Альянсу — туманныя. Таму Літва штораз рабіць стаўку на Злучаныя Штаты як на асноўнага гаранта бяспекі і бярэ ўдзел ва ўсіх іхных кааліцыях. Гэтым стратэгічным выбарам тлумачыцца і досыць прахалоднае стаўленне афіцыйнай Вільні да еўрапейскай палітыкі бяспекі ды абароны, а таксама да планаў стварэння еўрапейскага войска ў абсягах ЕС. Першае і другое, як вядома, можа стаць супрацьвагай АПАД ды амерыканскаму дамінаванню ў сферы еўрапейскай бяспекі.
Дзяніс Мельянцоў. Абарончыя сістэмы Літвы і Беларусі: параўнальны аналіз 100 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 II. Дылемы бяспекі Беларусі Беларусь пайшла зусім іншым шляхам. Беларуская палітычная эліта на пачатку 1990-х гадоў, у адрозненне ад літоўскай, не прыйшла да згоды, каб інтэгравацца ў еўраатлантычныя структуры, і рэфармавала войска з адпаведным разуменнем стратэгічнай сітуацыі. Пры гэтым Беларусі не давялося ствараць сваіх узброеных сілаў з нуля, як дзяржавам Балтыі. Пасля распаду Савецкага Саюза Беларусь атрымала адчувальную спадчыну: каля 1,5 тысяч вайсковых фармаванняў агульнай колькасцю больш за 240 тысяч чалавек, 81 ядзерную ракету стратэгічнага прызначэння і вялізныя арсеналы найразнастайнейшага ўзбраення. Беларусь аўтаматычна атрымала статус самай мілітарызаванай дзяржавы ўсходнееўрапейскага рэгіёну. Таму нацыянальныя ўзброеныя сілы пачыналі са значных скарачэнняў колькасці вайскоўцаў і ўзбраення.
У выніку, у адпаведнасці з дамовай «Аб звычайных узброеных сілах у Еўропе», з 1992 года Беларусь скараціла больш за 1800 танкаў, больш за 1500 бронемашын, 130 баявых самалётаў 2 .
Акрамя таго, Рэспубліка Беларусь, абвясціўшы курс на дасягненне статусу бяз’ядзернай дзяржавы, 26 лістапада 1996 года датэрмінова выканала ўзятыя на сябе абавязальніцтвы вывесці расейскія стратэгічныя сілы са сваёй тэрыторыі і на Лісабонскім саміце АБСЕ выступіла з ініцыятывай стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, вольную ад ядзернай зброі. Да 2000 года беларускія ўзброеныя сілы налічвалі крыху болей за сто тысяч асабовага складу, у тым ліку — больш за 80 тысяч вайскоўцаў. Яны мелі трайную структуру: сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы і войскі адпаветранай абароны (АПА), а таксама злучэнні, вайсковыя часткі і ўстановы цэнтральнага падпарадкавання.
Фармальна на пачатковым этапе незалежнасці Беларусь заняла пазіцыю нейтралітэту і недалучэння да вайсковых арганізацыяў і блокаў. Гэты статус замацаваўся і ў Канстытуцыі краіны, прынятай у сакавіку 1994 года. Заканадаўства таксама забараняла ўдзел беларускіх узброеных сілаў у баявых дзеяннях па-за межамі тэрыторыі Беларусі. З абраннем жа ў 1994 годзе прэзідэнтам Беларусі А. Лукашэнкі была зробленая стаўка на паскораную інтэграцыю з Расеяй і пабудову саюзнай дзяржавы, якая ўлучала і вайсковы складнік. Ад гэтага часу нейтральны статус Беларусі не адпавядае замежнапалітычным інтарэсам беларускіх уладаў, пра яго перастаюць успамінаць, прымаючы гарантыі бяспекі ад Расейскай Федэрацыі.
З 2002 года Беларусь становіцца сябрам арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы 3 , якая пазіцыянуе сябе як арганізацыя, альтэрнатыўная Паўночнаатлантычнаму альянсу. У кастрычніку 1999 года міністры абароны абедзвюх дзяржаў падпісалі пагадненне пра стварэнне на заходнім кірунку аб’яднанай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі для сумеснага забеспячэння рэгіянальнай бяспекі. Заканадаўчая база супрацы Беларусі і Расеі ў вайсковай сферы становіць сабой цэлы корпус дакументаў, галоўнымі з якіх ёсць дамова паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй «Аб вайсковым супрацоўніцтве», пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй «Аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы», Канцэпцыя сумеснай абароннай палітыкі Беларусі і Расеі, Канцэпцыя бяспекі саюза Беларусі і Расеі, Вайсковая дактрына саюзнай дзяржавы. Да сёння вядуцца перамовы аб стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы АПА Расеі і Беларусі. Нягледзячы на неаднаразовыя заявы аб гатоўнасці падпісаць такое пагадненне, яно так і не было падпісана, відавочна, з прычыны пагаршэння дачыненняў паміж дзвюма краінамі пасля шэрагу «вуглевадародных войнаў».
Канцэпцыі абароны і бачанне пагроз.
Нягледзячы на гарантыі бяспекі з боку Расеі, Беларусь, аднак, не спяшаецца адмаўляцца ад прынцыпу тэрытарыяльнай абароны і фармаваць экспедыцыйныя карпусы замест узброеных сілаў традыцыйнага ўзору. Відаць, з тае прычыны, што Расея не разглядаецца беларускім кіраўніцтвам у якасці надзейнага абаронцы, адзінага і сталага хаўрусніка. У дадзеным выпадку Беларусь, як і Вялікая Брытанія некалькі стагоддзяў таму, мае сталыя інтарэсы, а не сталых хаўруснікаў.
Адсюль і імкненне ўмацоўваць дзейснае войска па ўсіх кірунках, а не развіваць спецыялізацыю ў якіх-кольвек асобных сферах.
Знешняя і вайсковая палітыка 2 Лічбы прыведзеныя паводле звестак Міністэрства абароны Беларусі (www.mod.mil.by).
3 Дамова аб калектыўнай бяспецы (ДКБ) была падпісана Беларуссю яшчэ ў 1993 годзе. У 2002 годзе ДКБ была пераўтворана ў міжнародную арганізацыю (АДКБ), куды Беларусь увайшла на правах заснавальніка.
101 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Хоць беларускія вайсковыя тэарэтыкі схільныя прызнаваць якасна іншую стратэгічную сітуацыю ў Еўропе, гаворка, аднак, не ідзе пра адмову ад канцэпцыі стрымвання і ўсёабдымнай абароны. Самаізаляцыя Беларусі і палітычнае змаганне супраць як Захаду, так і саюзнай Расеі не даюць пачуцця бяспекі беларускім уладам.
Акрамя таго, успаміны пра падзеі ў Югаславіі і Іраку, пра лёс іх былых кіраўнікоў — яшчэ досыць свежыя. Усё гэта вядзе да адпаведнай ацэнкі пагроз і характару мажлівага адказу на іх. Так, канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, прынятая ў ліпені 2001 года, недвухсэнсоўна заяўляе пра існаванне вайсковай пагрозы з боку «асобных дзяржаў (кааліцыяў дзяржаў), якія імкнуцца развязваць замежнапалітычныя праблемы праз ужыванне вайсковай сілы» (Концепция национальной безопасности..., 1995). Далей Канцэпцыя канкрэтызуе, пра якія дзяржавы і кааліцыі гаворыцца: «Пашырэнне АПАД на ўсход, абвяшчэнне Паўночнаатлантычным альянсам новай стратэгічнай канцэпцыі, якая прадугледжвае ўжыванне вайсковай сілы без санкцыі ААН і АБСЕ, стварэнне еўрапейскіх сілаў хуткага разгортвання… істотна ўскладняюць вайскова-палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь» (Концепция национальной безопасности..., 1995). То бок наяўнасць вайсковай пагрозы не толькі дэкларуецца, але і канкрэтызуецца крыніца такой пагрозы.
У прынятай у 2002 годзе Ваеннай дактрыне Беларусі пры ацэньванні вайскова-палітычных абставінаў гаворыцца пра нястачу эфектыўных механізмаў запабягання вайсковай пагрозы і абароны інтарэсаў усіх суб’ектаў міжнародных дачыненняў на еўрапейскім кантыненце. Сярод асноўных вонкавых пагроз вайсковай бяспецы Вайсковая дактрына называе «ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, спробы ўціску яе інтарэсаў у развязанні праблем міжнароднай бяспекі; пашырэнне вайсковых блокаў і хаўрусаў за кошт вайсковае бяспекі Рэспублікі Беларусь і супраціў фармаванню сістэмаў калектыўнае бяспекі з удзелам Рэспублікі Беларусь» (Военная доктрина...). Іншымі словамі, тут, як і ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, робіцца заява пра наяўнасць пагрозы вайсковага характару для Беларусі.
Вайсковая рэформа ў Беларусі. Зыходзячы з такой ацэнкі стратэгічнай абстаноўкі і пагроз бяспецы, вызначаюцца і прыярытэты вайсковага будаўніцтва. У лістападзе 2001 года прэзідэнт Беларусі зацвердзіў Канцэпцыю будавання ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь да 2010 года, Праграму завяршэння рэфармавання ўзброеных сілаў на 2001—2005 гады і план іх будавання да 2006 года. Згодна з гэтымі дакументамі мэта рэфармавання ўзброеных сілаў — прывесці іх у адпаведнасць з наяўнай вайсковапалітычнай сітуацыяй, характарам сучасных войнаў і ўзброеным змаганнем, ступенню магчымых вайсковых пагроз і эканамічнымі мажлівасцямі дзяржавы.
Для дасягнення гэтай мэты былі вызначаныя наступныя кірункі рэфармавання: стварэнне сістэмы стратэгічнага стрымвання; удасканаленне сістэмы кіравання; аптымізацыя арганізацыйнае структуры беларускага войска; стварэнне сістэмы інфармацыйнага забеспячэння і ўдасканаленне сістэмы камплектавання войскаў. Каб знайсці сродкі на мадэрнізацыю войска, пастанавілі істотна скараціць колькасць узброеных сілаў пры захаванні ранейшага роўню фінансавання. Так, да 2006 года колькасць узброеных сілаў Беларусі склала 65 000 чалавек (у тым ліку каля 50 000 вайскоўцаў і 15 000 асобаў цывільнага персаналу) пры адлічэннях на вайсковыя патрэбы ў 1,4 % ад ВУП 4 . Акрамя гэтага, была праведзена мадэрнізацыя вайсковай тэхнікі і ўсталяваны цэлы шэраг аўтаматызаваных сістэмаў кіравання.
Супраца з АПАД. Беларусь апрача правядзення вайсковай рэформы дэманструе імкненне да ўдзелу ў міратворчай дзейнасці. У 2002—2003 гадах быў прыняты шэраг законаў, якія рэгулююць накіраванне беларускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў міратворчай дзейнасці. У дадатак да гэтых нарматыўных актаў былі прынятыя адпаведныя пастановы Савета міністраў Беларусі і выдадзены загады міністра абароны, якія вызначылі сістэму падрыхтоўкі міратворчага кантынгенту і персаналу (Закон Республики Беларусь о порядке..., 2003). Дзякуючы ўдзелу Беларусі ў праграме АПАД «Партнёрства дзеля міру» (ПДМ) міністр абароны і начальнік генштаба Беларусі рэгулярна бяруць удзел у пасяджэннях Рады Еўраатлантычнага партнёрства. З 2003 года начальнікі штабоў пачалі браць удзел у пасяджэннях канферэнцыяў нацыянальных кіраўнікоў узбраенняў і матэрыяльна-тэхнічнаДзяніс Мельянцоў. Абарончыя сістэмы Літвы і Беларусі: параўнальны аналіз 4 Звесткі Міністэрства абароны Беларусі.
102 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 га забеспячэння АПАД. Працягваецца рэгулярны ўдзел прадстаўнікоў узброеных сілаў Беларусі ў працы камітэтаў АПАД па АПА і кіраванні паветраным рухам. Значная частка мерапрыемстваў — навучанне вайскоўцаў на моўных і спецыяльных курсах, удзел у семінарах і вучэннях ПДМ.
У 2005 годзе падраздзяленне ўзброеных сілаў Беларусі ўпершыню ўзяло ўдзел у тактычных вучэннях ПДМ, у ходзе якіх яно перадавалася ў аператыўнае падпарадкаванне Альянсу.
Пасля стварэння ў 2002—2004 гадах заканадаўчай базы, якая вызначыла мажлівасць і парадак удзелу беларускіх вайскоўцаў у аперацыях падтрымання міру, чакаецца падвышэнне ўдзелу Беларусі ў вучэннях АПАД і ПДМ. Адной з важных вехаў у супрацы з АПАД стала далучэнне Беларусі да працэсу планавання і ацэньвання сілаў дзеля дасягнення аператыўнай сумяшчальнасці сілаў і сродкаў Беларусі з падраздзяленнямі АПАД.
Як бачым, ровень супрацы з АПАД кожны год падвышаецца. Аднак гэта дрэнна стасуецца з дзяржаўнай прапагандай, якая для ўнутранай аўдыторыі падае АПАД у выглядзе агрэсіўнага вайсковага блока, што імкнецца змяніць дзяржаўны лад у мірнай Беларусі, як тое было ў братняй Югаславіі. Гэта, на нашу думку, робіцца з некалькіх прычынаў. Па-першае, кіраўніцтву аўтарытарнай краіны трэба дасягнуць пэўнага роўню згуртаванасці грамадства, дысцыпліны і апраўдання абмежавання грамадзянскіх свабодаў, што немажліва без фармавання вобразу вонкавага ворага. А па-другое, антыападаўская рыторыка — гэта даніна хаўрусніцкім дачыненням з Расеяй, якая праз абмежаванні, накладзеныя дыпламатычным палітэсам і статусам вялікай краіны, не можа ад свайго імя казаць тое, што кажа кіраўніцтва Беларусі. Такім чынам, праз крытыку ворага свайго намінальнага хаўрусніка ўлады Беларусі здзяйсняюць свой хаўрусны абавязак, які, аднак, не замінае ім браць удзел у ПДМ і развіваць двухбаковыя дачыненні з альянсам.
Падобна, што Беларусь трымае АПАД у якасці запаснога варыянта на той выпадак, калі хаўрусніцкія дачыненні з Расеяй перастануць задавальняць дзяржаўныя інтарэсы Беларусі і гаранта бяспекі можна будзе памяняць. Дачыненні Беларусі з АПАД — гэта, з аднаго боку, форма шантажу Расеі, а з другога — спроба ўнікнуць канчатковай ізаляцыі краіны, тым больш, што АПАД застаецца ці не адзінай заходняй структурай, якая не надакучвае беларускаму ўраду неадменнымі ўпіканнямі наконт парушэння правоў чалавека і не пагражае санкцыямі.
III. Некаторыя высновы Гэтыя два прыклады развіцця абарончых сістэмаў Літвы і Беларусі дэманструюць, якім спосабам, пачаўшы з падобных стартавых умоў, дзяржавы-суседзі развіваюцца ў зусім розных кірунках згодна з рознымі ўяўленнямі аб вайскова-палітычнай сітуацыі і мажлівых пагрозах.
Беларусь, апынуўшыся ў міжнароднай ізаляцыі, мусіць трымацца за старую канцэпцыю стрымвання і ўдасканальваць усе віды ўзброеных сілаў, каб мець здольнасць спыніць мажлівае тэрытарыяльнае ўварванне. У стратэгічным плане такія паводзіны невялікае еўрапейскае дзяржавы, размешчанай паміж двума геапалітычнымі цэнтрамі прыцягнення, наўрад ці можна прызнаць мэтазгоднымі, хоць яны і цешаць самалюбства часткі палітычнай эліты.
Досвед Літоўскай рэспублікі, на наш погляд, ёсць прыкладам больш эфектыўнай і стратэгічна абгрунтаванай адаптацыі да наяўных рэаліяў бяспекі ў Еўропе. Да гэтага досведу варта прыгледзецца пільней, бо рана ці позна Беларусі давядзецца адмовіцца ад існае лініі паводзінаў і шмат у чым паўтарыць шлях суседкі ў дачыненнях з АПАД і ЕС.
Знешняя і вайсковая палітыка Літаратура 1. A Brief History of the Restoration of the Lithuanian Armed Forces, 1990—1992 // http: // www.kam.lt / armed_forces / history 2. Defence Reform: Modernisation of the Lithuanian Armed Forces. Fact sheet. May 2005 // http: // www.kam.lt / EasyAdmin / sys / files / Biuletenis.pdf 3. Establishing Modern Army // http: // www.kam.lt / index.php / en / 117004 4. Heinemann-Gruder, Andreas (ed.). The Military in Transition: Restructuring and Downsizing the Armed Forces of Eastern Europe. — Bonn International Center for Conversion, Brief 25, August, 2002.
5. Heinemann-Gruder, Andreas. Small States — Big Worries. Choice and Purpose in the Security Policies of the Baltic States. Bonn International Center for Conversion, Brief 21, February, 2002.
6. Lithuania’s Security and Foreign Policy Strategy. White Paper. — Center for Strategic and International Studies, Washington 103 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 9/2007 Дзяніс Мельянцоў. Абарончыя сістэмы Літвы і Беларусі: параўнальны аналіз D.C., Institute of International Relations and Political Science, Vilnius // www.tspmi.vu.lt / files / mprojektai / finallithsecpapergalutinis.pdf 7. National Security Strategy. — Ministry of National Defence, Republic of Lithuania, May 2005 // http: // www.isn.ethz.ch / pubs/ ph / details.cfm?lng=en&id=15266 8. National Security Strategy. Approved by the Parliament of the Republic of Lithuania 28 May 2002 // http: // merln.ndu.edu / whitepapers / LithuaniaNationalSecurity-2002.doc 9. Norkus, Renatas. Defense Transformation: A Lithuanian Perspective. — Speech delivered 9 April 2006, GarmischPartenkirchen, Germany.
10. Paulauskas, Kestutis. The Driving Logic Behind the Defence Reform in Lithuania: Building the Future Military. // Baltic Defence Review, № 9. Volume 1 / 2003.
11. The Military Strategy of the Republic of Lithuania // http: // www.isn.ethz.ch / pubs / ph / details.cfm?lng=en&id=15267 12. Военная доктрина Республики Беларусь // http: // www.mod.mil.by / doktrina.html 13. Закон Республики Беларусь о порядке направления военнослужащих, лиц начальствующего и рядового состава органов внутренних дел, органов финансовых расследований комитета государственного контроля Республики Беларусь, органов и подразделений по чрезвычайным ситуациям, прокурорских работников, а также гражданского персонала за пределы Республики Беларусь для участия в деятельности по поддержанию международного мира и безопасности, 29 ноября 2003 г. № 254—З // http: // pravo.by / webnpa / text_txt.asp?RN=H10300254.
14. Концепция национальной безопасности Республики Беларусь, 1995 // http: // www.mod.mil.by / koncep.html.
15. Валдас Адамкус не исключает возможности нападения Лукашенко на Литву // сайт Хартыя’97, 27 октября 2005, http: // www.charter97.org / bel / news / 2005 / 10 / 27 / adamkus