88 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 У сферы апісання дзяржаўна-канфесійных стасункаў у Беларусі існуе шэраг тэкстаў, якія розняцца паводле свайго зместу і статусу: папершае, гэта нарматыўныя прававыя акты, сярод якіх галоўнае месца займае закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (Закон Республікі Беларусь « О свободе совести..., 2002.), які не толькі ілюструе пазіцыю дзяржавы як суб’екта такіх стасункаў у дачыненні да рэлігійных арганізацыяў, але і задае ідэалагічнае і прававое поле дзейнасці рэлігійных арганізацыяў як аб’екта дзяржаўнага рэгулявання;
па-другое, сярод такіх тэкстаў трэба адзначыць афіцыйныя заявы, праграмы нацыянальнай палітыкі, ідэалагічныя тэксты, якія пакліканыя абгрунтоўваць існую канфесійную палітыку дзяржавы; па-трэцяе, гэта тэксты, якія супрацьстаяць афіцыйнай ідэалогіі, а таксама крытычна разглядаюць існую ў Беларусі канфесійную палітыку (пераважна гэта тэксты праваабарончай скіраванасці, разнастайныя маніторынгі парушэння рэлігійных правоў асобаў і арганізацыяў); па-чацвёртае, гэта тэксты ўласна рэлігійных арганізацыяў, іх прадстаўнікоў (сярод названага масіву няма аднастайнасці, а наадварот, прысутнічае ўвесь спектр меркаванняў у залежнасці ад канфесійнага размеркавання);
па-пятае, гэта аналітычныя і даследчыя тэксты, якія могуць укладацца ў адну з пералічаных вышэй катэгорый, а могуць быць ад іх незалежнымі.
Калі ўважліва прааналізаваць згаданую лучнасць, то можна разбіць яе на два блокі паводле стаўлення да сучаснай канфесійнай палітыкі: да першага блока можна аднесці нарматыўныя, звязаныя з афіцыйнай уладай тэксты, з канфесійнай разнастайнасці да гэтага блока будзе прымыкаць большасць тэкстаў, звязаных з праваслаўнай канфесіяй, а таксама вялікая частка аналітычных даследаванняў; да другога блока, які супрацьстаіць першаму, належаць тэксты праваабарончага характару, паводле канфесійнага размеркавання тут найшырэй прадстаўлены пратэстанцкі дыскурс, маецца дастатковая колькасць незалежных даследчых матэрыялаў.
Сярод буйных даследаванняў, прысвечаных дзяржаўна-канфесійным стасункам у РэспубНаталля Васілевіч Сацыялогія рэлігіі як прадукт палітычнай ідэалогіі Рэцэнзія на кнігу Дз. Безнюка «Государственно-конфессиональные отношения в Республике Беларусь (социологический аспект)». Минск: РИВШ, 2006. 216 с.).
1 Гл.: Закон Республики Беларусь «О свободе совести и религиозных организациях» от 31 октября 2002 г.
2 Гл.: Земляков Л. Государственно-конфессиональные отношения в Республике Беларусь. Минск: БГУ, 2000.
Abstract Артыкул уяўляе з сябе падрабязны разгляд кнігі Дз. Безнюка «Государственно-конфессиональные отношения в Республике Беларусь (социологический аспект)». Таксама аналізуюцца тэарэтыка-метадалагічныя праблемы, якія паўстаюць пры даследаванні феномена дзяржаўна-канфесійных стасункаў: перш за ўсё, цяжкасць вызначэння самога прадмета даследавання. Аўтар ставіць на мэце не толькі крытычны разгляд не толькі названай працы, але і цэлай традыцыі падобных тэматычных даследаванняў, што склалася ў беларускай гуманістыцы.
Ключавыя словы: рэлігія, Бязнюк, государственно-конфессиональные отношения, рэлігія ў Беларусі, дзяржаўна-канфесійныя стасункі, Праваслаўная царква, сацыялогія рэлігіі.
© Пал I тычная сфера ISSN 1819-3625 № 7-2007 89 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 ліцы Беларусь, трэба адзначыць наступныя: доктарская дысертацыя «Дзяржаўна-канфесійныя стасункі ў Рэспубліцы Беларусь» Л. Землякова (Земляков Л., 2000.), кандыдацкая дысертацыя «Царква і дзяржава ў Рэспубліцы Беларусь» С. Давыдзенкі (Давыденко С., 2005.), магістрская дысертацыя «Дзяржаўна-канфесійныя стасункі:
асаблівасці беларускай мадэлі» Н. Чэрнік-Рымашэўскай (Черник-Рымашевская Н., 2004.), — асабліва плённа менавіта ў межах палітычнай навукі разглядалася тэма дзяржаўна-канфесійных стасункаў. Нядаўняя ж кніжка «Дзяржаўна-канфесійныя стасункі ў Рэспубліцы Беларусь (сацыялагічны аспект)» Дз. Безнюка (Безнюк Д., 2006) задае для гэтай тэматыкі дысцыплінарнае афармленне ў межах навукі сацыялагічнай.
Менавіта кнізе Дз. Безнюка прысвечаная дадзеная рэцэнзія, у якой паспрабуем вызначыцца, да якіх корпусаў тэкстаў па тэматыцы дзяржаўнаканфесійных стасункаў можна аднесці гэтую працу.
Наогул пры даследаванні дзяржаўна-канфесійных стасункаў паўстае цяжкасць вызначэння прадмета даследавання: ёсць спакуса ці разглядаць яго зашырока, уключаючы сюды і такія феномены, як рэлігійнасць у неінстытуцыйных і інстытуцыйных формах (у тым ліку культавыя практыкі), веравызнаўчыя, дагматычныя палажэнні канфесіяў (змест рэлігійнай веры) і іншае, ці завузка, вызначаючы толькі канкрэтную policy, узаемадзеянні паміж такімі інстытуцыямі, як дзяржаўныя органы і рэлігійныя арганізацыі. Калі ўзяць схему дзяржаўна-канфесійных стасункаў, то ў ёй без праблем можна вылучыць толькі адзін суб’ект — дзяржаву: яна мае дакладнае інстытуцыйнае афармленне. Але калі мы падыходзім да «другога боку» ўзаемадачыненняў — рэлігіі, то тут узнікаюць праблемы. З чым мае ўзаемадачыненні дзяржава? Рэлігія адначасова з’яўляецца і суб’ектам гэтых узаемадачыненняў, і аб’ектам дзяржаўнага рэгулявання.
Дз. Бязнюк да гэтага пытання дабіраецца ў трэцім раздзеле і прапануе вырашаць праблему двума шляхамі. Па-першае, ён прапануе разглядаць дзяржаўна-канфесійныя стасункі як сістэму, якая складаецца са статычных элементаў (суб’ектаў і сістэмаў стасункаў) і дынамічных (палітыкі ў справах рэлігіі). Аднак трэба заўважыць, што пакуль цяжка казаць пра стабілізацыю рэлігійнага поля — ідзе пастаянны працэс пошуку ідэнтычнасцяў, вызначэння мэтаў, фармавання перавагаў, назіраецца напружанне ў міжканфесійных стасунках, спрэчнай з’яўляецца тэза пра «гістарычна сфармаваныя стасункі» дзяржавы і рэлігійных інстытуцый (на працягу гісторыі рэлігійнае поле Беларусі змянялася так рэзка і часта, што рана казаць і цяпер пра тое, што стасункі «сфармаваныя»).
Па-другое, аўтар падзяляе гэтыя стасункі на тры ўзроўні: ідэалагічны, ці дзяржаўна-рэлігійныя дачыненні (узаемадзеянне дзяржавы і рэлігіі як гісторыка-культурнай з’явы, сістэмы норм і каштоўнасцяў); палітыка, ці дзяржаўна-канфесійныя дачыненні (узаемадзеянне дзяржавы з пэўнымі веравучэннямі, канфесіямі); права, ці дзяржаўна-царкоўныя стасункі (узаемадзеянне дзяржавы і пэўных рэлігійных арганізацыяў).
Аднак у рэчаіснасці такі падыход наўрад ці можа быць апраўданым: узаемадачыненні з пэўнай рэлігійнай арганізацыяй могуць разгортвацца ў ідэалагічным рэчышчы, а ўзаемадзеянне з канфесіямі не можа адбывацца па-за інстытуцыйнымі межамі.
Дз. Бязнюк разбівае даследаванне на тры раздзелы, якія ўмоўна можна назваць: метадалагічныя («Канцэпцыі ўзаемадачыненняў дзяржавы і царквы»), што тычыцца мадэляў дзяржаўна-канфесійных стасункаў, эмпірычны («Рэлігійная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь»), дзе даецца апісанне рэлігійнага поля і рэлігійнай сітуацыі, і прыкладны («Нацыянальная палітыка ў справах рэлігій Рэспублікі Беларусь»), у якім аналізуецца канфесійная палітыка з канцэптуальнага гледзішча і яе рэалізацыя, а таксама даюцца прапановы для ўдасканалення гэтай палітыкі. Кожны раздзел з’яўляецца асобным вялікім блокам даследавання, далей мы прааналізуем іх паасобку.
Што тычыцца метадалагічнага раздзела, то тут адразу ўзнікае шэраг пытанняў, звязаных, зноў-такі, з неакрэсленасцю паняцця «дзяржаўна-канфесійныя стасункі». У першай частцы метадалагічнага раздзела аўтар спрабуе выкласці генеалогію праблематыкі ўзаемадачыненняў дзяржавы і рэлігіі, другую частку прысвячае канкрэтна-гістарычным формам такіх узаемадачыненняў. Такое размежаванне не толькі не дазваляе хоць нейкім чынам наблізіцца да прадмета даследавання, а і заблытвае яго яшчэ больш.
Аўтар вызначае ў гісторыі чалавецтва чатыры этапы панавання розных логік аналізу такіх дачыненняў: міфалагічны, дзяржавацэнтрысцкі, этап сінтэзу тэалагічнай і палітычнай прыроды і этап асветніцка-секулярнай логікі. Іншымі слоНаталля Васілевіч. Сацыялогія рэлігіі як прадукт палітычнай ідэалогіі 90 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 вамі, этап міфалагічных схем дазваляе вызначыць дзяржаўна-канфесійныя стасункі зыходзячы з міфалагічнай логікі, якая пэўным чынам бачыць палітычную, дзяржаўную сферу. Аднак пра якія наогул дзяржаўна-канфесійныя стасункі можа ісці гаворка, калі міф апісвае не дзяржаўна-канфесійныя стасункі, а ўзаемадзеянне натуральнай і звышнатуральнай сфераў жыцця грамадства? Этап дзяржавацэнтрызму, які Дз. Бязнюк апісвае праз платонаўскую функцыяналісцкую логіку «карысных міфаў», задае іншую парадыгму — бачанне дзяржаўна-канфесійных стасункаў з гледзішча дзяржавы, але ж стасункаў такая логіка не прадугледжвае, бо хто выступае суб’ектам такіх стасункаў з боку рэлігіі? І ці аддзеленая рэлігія ад дзяржавы?
Трэці этап — сінтэзу тэалагічнай і палітычнай прыроды (здаецца, не вельмі ўдалая назва) — характарызуецца тым, што выяўляюцца дзве ўлады — дзяржаўная і царкоўная, а паміж імі могуць быць розныя стасункі: саперніцтва, падпарадкаванне, зліццё, супрацоўніцтва. Такое магло быць толькі ў Сярэднявеччы, калі і дзяржава, і царква з’яўляліся магутнымі і супастаўнымі інстытуцыямі. Але зноў-такі, тут назіраецца метадалагічнае супярэчанне: цяжка вылучыць, якое ўзаемадзеянне мы вывучаем — ці асэнсаванне ўзаема-дачынення Божай улады vs улады палітычнай, ці асэнсаванне ўзаемадачынення царкоўнай улады vs дзяржаўнай улады.
Гэта не такое простае пытанне, як здаецца на першы погляд. Пры яго больш блізкім разглядзе бачна, што даследнік блытае рэлігійнае асэнсаванне дзяржавы і асэнсаванне дзяржаўна-рэлігійных стасункаў, а гэта адбываецца, у сваю чаргу, ад нявызначанасці прадмета, пра што гаворка ішла і раней.
Цяжка назваць тэкст цэласным: сустракаюцца супярэчлівыя выказванні. Спачатку аўтар сцвярджае, што «ў Святым Пісьме няма цвёрдай сістэмы правілаў, якія вызначаюць стаўленне царквы да дзяржавы» (Безнюк Д., 2006. С.15.), і ў тым самым раздзеле прыводзіць разгорнуты спіс «асноўных задач дзяржавы, выкладзеных у Святой Бібліі», прычым цытуе Біблію, як пазначана ў спасылцы, з працы даследніка Д. Жылберта, вылучаючы сярод такіх задач, напрыклад, «абарону хрысціянскай рэлігіі» (у Бібліі ніводнага разу не сустракаецца спалучэнне словаў «хрысціянская рэлігія», і нават слова «хрысціянства» — досыць рэдкае) і заўважаючы, што, паводле Бібліі, «людзі іншых веравызнанняў павінны мець свабоду веравызнання, але без падтрымкі дзяржавы, бо не на падмурку гэтых рэлігій прымаюцца законы дадзенай дзяржавы» (наогул загадкавая фраза), а таксама прыводзячы такое «святое» права дзяржавы, як «права на правядзенне каранцінных захадаў з мэтай абароны народа ад смяротных эпідэмій» (Безнюк Д., 2006.
С.21.).
З такога фрагментарнага аналізу досыць цяжка зрабіць нейкія высновы, таму нядзіўна, што ў прынцыпе ў раздзеле так і не было выкладзена ніякіх метадалагічных схем, што зноўтакі можа быць вытлумачана адной простай прычынай, якую мы не раз ужо згадвалі ў нашай рэцэнзіі, — адсутнасцю дакладна вызначанага, акрэсленага прадмету даследавання, што не дазволіла аўтару выпрацаваць метадалагічнай структуры для апісання праблемы. Сама па сабе пастаўленая ў пачатку раздзела задача — «звярнуць увагу на тэарэтычныя і практычныя нюансы» — рэалізавалася менавіта ў форме апісання некаторых нюансаў, аднак хацелася б больш цэльнай метадалагічнай карціны, тым больш, што аўтар сам скардзіцца на адсутнасць уласна сацыялагічных тэорый, звязаных з дзяржаўнаканфесійнымі стасункамі. Таму сп. Безнюку даводзіцца шырока звяртацца да багаслоўскіх, часта не канцэптуальных, а «лірычных» тэкстаў, што ён тлумачыць дзвюма прычынамі ў сціплай заўвазе: «...мы адмыслова акцэнтуем увагу на аналізе сацыяльна-багаслоўскіх канцэпцый, а не “чыста сацыялагічных” з дзвюх прычынаў: першая — дастатковы сацыялагічны патэнцыял сацыяльна-багаслоўскіх канцэпцый аналізу стасункаў “дзяржава — рэлігія” і другая — надта малая колькасць уласна сацыялагічных даследаванняў дзяржаўна-канфесійных стасункаў».
Што тут можна адзначыць? З аднаго боку, у сацыяльна-багаслоўскіх канцэпцыях прадмет акрэслены лепей, бо яны тычацца пытання адно стасункаў сваёй рэлігійнай арганізацыі з дзяржавай, пры гэтым элімінуюць іншыя рэлігійныя арганізацыі з багаслоўскага разгляду. З другога боку, аўтар звужана разглядае і такія канцэпцыі, засяроджваючы ўвагу выключна на расейскіх і праваслаўных матэрыялах.
У аналізе розных існых схемаў дзяржаўнаканфесійных стасункаў даследнік становіцца больш канкрэтным (недарма ён называе гэтыя схемы канкрэтна-гістарычнымі) і ставіць на мэце раскрыццё сусветнага (перш за ўсё заходняга) досведу фармавання такіх стасункаў, вылучаюСфера рэлігійнага 91 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 чы такія іх формы, як свецкая дзяржава, тэакратыя, рэлігійна-дзяржаўны дуалізм, дзяржаўная (прыярытэтная) рэлігія, атэістычны таталітарызм. Гэты раздзел важны для разумення інтэнцый даследніка: якім чынам ён ацэньвае розныя мадэлі дзяржаўна-канфесійных стасункаў, якія з іх ён бярэ за ўзорныя для Беларусі.
Паводле Дз. Безнюка, беларуская мадэль «фармуецца паміж трыма полюсамі, якія ўяўляюць з сябе тры мадэлі такіх стасункаў: паўночнаамерыканскую (ЗША), еўрапейскую... і секулярна-савецкую» (Безнюк Д., 2006. С.31.), пры гэтым аўтар заўважае, што апошняя мадэль «нас не цікавіць з прычыны прынцыповай невыкарыстальнасці ў беларускім праве», і, такім чынам, ён засяроджваецца на аналізе амерыканскай і еўрапейскай сістэм. Аднак пры больш уважлівым разглядзе мы ўбачым, што менавіта «секулярна-савецкая мадэль» найбольш блізкая для Беларусі: гэта і жорсткі кантроль за рэлігійнай дзейнасцю, і адкрытая непавага да рэлігіі, і пераслед вернікаў, і ўсё гэта адбываецца пры ілюзорнай падтрымцы дзяржавай Праваслаўнай царквы.
Апісанню амерыканскай сістэмы прысвечана некалькі старонак, але замест разгляду заканадаўства і функцыянавання дзяржаўна-канфесійнай мадэлі, аўтар спасылаецца на А. Дугіна, які доўгі час належаў да адыёзнай нацыяналбальшавіцкай партыі і ідэалагічная ангажаванасць і жорсткі антыамерыканізм якога наўрад могуць спрыяць непрадузятаму разгляду праблемы. Больш за тое, раздзел больш падобны не да навуковага даследавання, а да публіцыстычнага агляду ў лепшым выпадку і да мастацкага твору ў жанры байкі — у горшым. Прывядзем вытрымку з тэксту, каментары тут будуць залішнімі: «Прыйшоў час больш падрабязна разгледзець эсхаталагічнае вучэнне, якое называецца дыспенсацыялізмам... Паводле гэтай тэорыі, у Бога ёсць адна задума датычна хрысціянаў-англасаксаў, другая — датычна габрэяў, трэцяя — датычна ўсіх іншых народаў. Англасаксы лічацца «нашчадкамі дзесяці кален Ізраіля, якія не вярнуліся ў Юдэю з Вавілонскага палону... [Яны] ўспомнілі пра сваё паходжанне, прыняўшы пратэстантызм у якасці сваёй асноўнай канфесіі... Габрэі ў канцы часоў павінны вярнуцца ў Ізраіль... і паспытаць нашэсце Гога, то бок “расейцаў»... У момант “вялікай жалобы” лічыцца, што англасаксонскія хрысціяне будуць “узятыя”... на неба — “быццам бы на касмічным караблі ці талерцы” — і там перачакаюць вайну Гога з Ізраілем. Потым яны (англасаксы) разам з пратэстанцкім Хрыстом зноў сыдуць на зямлю, дзе іх сустрэнуць перамоглыя Гога ізраільцяне, і адразу ж пяройдуць у пратэстантызм.
Тады пачнецца “тысячагаловае царства”, і Амерыка будзе разам з Ізраілем безраздзельна панаваць ва ўстойлівым парадызе “адкрытага грамадства”, “адзінага свету”» (Безнюк Д., 2006.
С.31—36.). Больш за тое, аўтару з дапамогай гэтай тэорыі «робяцца зразумелымі, лагічнымі і асэнсаванымі многія падзеі сучаснасці» (Безнюк Д., 2006. С.35.). А для нас з дапамогай гэтай цытаты становяцца зразумелымі, лагічнымі і асэнсаванымі падобныя апісанні: аўтар неаднаразова, свядома ці несвядома, дыскрэдытуе амерыканскую сістэму дзяржаўна-канфесійных стасункаў, аднак у выніку дыскрэдытуе і сваё даследаванне, бо пасля такіх эсхаталагічных разгортак цяжка чытаць яго далей сур’ёзна. Такая антыамерыканская скіраванасць назіраецца і далей: напрыклад, адзначаецца з пагардай, што «з пачатку ХVII ст. Амерыка не дала свету ніводнага арыгінальнага багаслова» ці што рэлігійнае поле ЗША — «канкуруючыя арганізацыі, якія эксплуатуюць свабоду слова і свабоду сумлення» (Безнюк Д., 2006. С.122.).
Аналізуючы еўрапейскія краіны (Вялікабрытанію, Швецыю, Германію, Францыю, Італію, Польшчу, Літву, Эстонію і Украіну), аўтар становіцца больш лаканічным і стрыманым, на еўрапейскія краіны яму ўжо бракуе той паэтычнай рыторыкі, якую ён выкарыстаў пры апісанні Злучаных Штатаў: для апісання некаторых з краін Дз. Безнюку хапае літаральна пары сказаў.
Прычым усе прыклады, якія ён прыводзіць, грунтуюцца на спробе легітымізаваць беларускую канфесійную палітыку: уважліва разглядаюцца выпадкі прававой фіксацыі паняцця «традыцыйных» рэлігій, а таксама паняцце канкардату. Але пры аналізе Канстытуцыі Еўрапейскага Саюзу, выказваецца шкадаванне пра тое, што ў ёй не было зафіксаванае палажэнне пра «хрысціянскія карані Еўропы», на якім настойвалі Каталіцкая і Праваслаўная цэрквы.
Выснова метадалагічнага раздзела, якую робіць аўтар, ужо не з’яўляецца нечаканай: «...наўрад ці яе (амерыканскую мадэль) можна браць у якасці ўзору для фармавання айчынай мадэлі дзяржаўна-канфесійных стасункаў... Аналіз Канстытуцый краін Еўропы, Балтыі і СНД паказаў, што... надзяленне прывілеямі традыцыйНаталля Васілевіч. Сацыялогія рэлігіі як прадукт палітычнай ідэалогіі 92 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 най канфесіі — з’ява даволі распаўсюджаная...
наяўнасць досыць разнастайных формаў фіксацыі дзяржаўна-канфесійных стасункаў з апірышчам на культурна-традыцыйны нарматыўна-каштоўнасны комплекс канкрэтнай нацыі і дзяржавы, які сфармаваўся гістарычна» (Безнюк Д., 2006. С.43—44.). Такім чынам, аўтар выконвае сваю задачу — падводзіць падмурак для апраўдання многіх сумнеўных прынцыпаў сучаснай беларускай канфесійнай палітыкі, якія рэалізаваліся ў законе «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і якія шырока абмяркоўваліся беларускім грамадствам і праваабарончымі арганізацыямі, што прызналі закон недэмакратычным і рэпрэсіўным.
Да ўсяго адзначым яшчэ раз тое, што беларуская сістэма дзяржаўна-канфесійных стасункаў сапраўды зусім далёкая ад амерыканскай — гэта відавочна, далёкая яна і ад тэакратыі, хоць многія публіцысты схільныя ў сувязі з дэклараванай падтрымкай Праваслаўнай царквы называць Беларусь ледзь не тэакратычнай дзяржавай, але зноў-такі відавочна, што такая ацэнка з’яўляецца зусім не адэкватнай. Аднак нельга сцвярджаць і тое, што Беларусь бярэ еўрапейскую мадэль за падмурак сваёй дзяржаўнай палітыкі, хоць часта і назіраецца знешняе падабенства паміж сістэмамі дзяржаўнаканфесійных стасункаў Беларусі і дзяржаваў з традыцыйнай ці прыярытэтнай канфесіяй. У апошніх сістэмы дзяржаўна-канфесійных стасункаў складаліся за доўгі перыяд часу, тады як у Беларусі такая сістэма з’яўляецца штучнай, нават прывілеяванасць Праваслаўнай царквы носіць рэпрэсіўны характар, не кажучы ўжо пра іншыя канфесіі. Наогул, паняцце «традыцыйнай» царквы для Беларусі цяжка выкарыстоўваць, бо за вялікі перыяд панавання атэістычнай ідэалогіі «натуральная традыцыйнасць» была зламаная, цяпер жа робіцца спроба штучнага замацавання гэтага статусу з ігнараваннем многіх іншых аспектаў рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі. Дзіўным з’яўляецца тое, што аўтар, прааналізаваўшы мноства краінаў, абмінуў сваёй увагай Расею, — беларускі закон «Аб свабодзе сумлення» шмат у чым паўтарае аналагічны расейскі закон, і сістэма дзяржаўна-канфесійных стасункаў у Беларусі фармавалася пад уплывам расейскай мадэлі (што тычыцца прывілеяванага становішча Праваслаўнай царквы), хоць беларускі закон шмат у якіх пунктах з’яўляецца больш жорсткім, а канфесійная палітыка ў Беларусі стварае яшчэ больш абмежаванняў для рэлігійнай дзейнасці.
Наступную частку першага раздзела Дз. Бязнюк прысвячае аналізу канкардату, паняццю і сутнасці дамоўных дачыненняў паміж дзяржавай і Царквой. Гэта даволі лакальная тэма, таму на ёй спыняцца падрабязна не мае сэнсу. Звернем увагу на некалькі момантаў. Папершае, аўтар, аналізуючы феномен канкардату, абапіраецца выключна на «каталіцкі» досвед, на дамовы паміж Ватыканам і дзяржавай.
Па сутнасці, такую дамову можна разглядаць наступным чынам: Каталіцкая царква заключае дамову з дзяржавай, грамадзянамі якой з’яўляюцца каталікі, як бы выступае ад імя гэтых каталікоў, апякуецца імі перад дзяржавай, забяспечвае ім пэўныя правы, прывілеі, абараняе правы мясцовай Каталіцкай царквы. Ватыкан, як знешні для дзяржавы суб’ект, выступае пасярэднікам паміж сваёй паствай у пэўнай краіне і дзяржавай.
Калі мы разгледзім канкардат паміж Праваслаўнай царквой і дзяржавай у Беларусі, то ўбачым, што тут усё адбываецца наадварот. Са зместу пагаднення відаць, што дзяржава, заключаючы дамову з Царквой, выступае ад імя 80 % (прынамсі большасці) сваіх грамадзянаў (менавіта гэтым матывуецца магчымасць канкардату як у законе «Аб свабодзе сумлення», так і ў выступах афіцыйных асоб дзяржавы). Сярод «праваслаўных» грамадзян пераважная частка не звязаныя з Праваслаўнай царквой інстытуцыйна, а становяцца звязанымі з Царквой як інстытуцыяй менавіта праз такія пагадненні, якія, напрыклад, прадугледжваюць увядзенне курсу праваслаўнай культуры ў школах. Царква таксама не можа ніякім чынам паўплываць на сваіх «неацаркоўленых» прыхільнікаў і праз канкардат карыстаецца пасярэдніцтвам дзяржавы.
Трэцяя частка метадалагічнага раздзела «Сацыяльныя і рэлігійныя змены: тэарэтычны аспект» даволі грунтоўна апісвае месца рэлігіі ў сацыяльных сістэмах. Вызначаюцца тры асноўныя схемы: «Дзюркгейма — Маліноўскага» — функцыйнага падыходу («статычная»), «Вэбера — Доўсана» («дынамічная») і Сарокіна. Раздзел досыць бездакорны ў сацыялагічным плане, але застаецца пытанне — якім чынам можна выкарыстаць яго метадалагічныя высновы ў дачыненні да аналізу дзяржаўна-канфесійных стасункаў: усё-такі сацыялогія рэлігіі мае даволі прыблізнае дачыненне да прадмета даследавання, адпаведна, аўтар Сфера рэлігійнага 93 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 занадта пашырае яго, што не дапамагае яго акрэсліць. Больш за тое, метадалагічныя высновы раздзела ў далейшым даследаванні нідзе не выкарыстоўваліся, што дазваляе з сумневам паставіцца наогул да неабходнасці.
Цяпер пяройдзем да другога раздзела, эмпірычнага, дзе даецца аналіз рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі. Ён падзелены на тры часткі: першая прысвечана рэлігійнасці ў сучаснай Беларусі, другая — спецыфіцы сучаснай рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі (гэтыя дзве часткі былі надрукаваныя як артыкул у сёлетнім нумары «Социс» (Безнюк Д. Состояние и специфика..., 2006.)), трэцяя — гістарычнаму развіццю рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі і яе заканадаўчаму афармленню.
Аднак трэба заўважыць, што рэлігійнасць жыхарства з’яўляецца часткай рэлігійнай сітуацыі, у выніку чаго ў розных раздзелах адбываецца дубляванне адных і тых высноваў.
У частцы, прысвечанай рэлігійнасці, Дз. Бязнюк, абапіраючыся на даследаванні Я. Бабосава (Бабосов Е. Динамика религиозности..., 1995.) і Л. Новікавай (Новикова Л. Религиозность в Беларуси...,2001.), дае апісанне гэтай характарыстыкі паводле шэрагу такіх крытэраў, як узровень рэлігійнасці, ступень рэлігійнасці, характар і дынаміка рэлігійнасці, згадваючы асаблівасці рэлігійнасці ў залежнасці ад канфесіі, адзначаючы, што найбольш распаўсюджаным тыпам становіцца секулярны вернік. Як прызнаецца сам аўтар, ён грунтаваўся на звестках даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАН і ЦСПД БДУ, якія цыркулююць у беларускай навуковай літаратуры і, бадай, наўрад ці знойдзецца чалавек, незнаёмы з імі, таму падрабязна спыняцца на іх разглядзе не будзем — гэта значыла б распачынаць крытычны аналіз крыніц даследавання.
Аднак хочацца пракаментаваць прыведзеныя аўтарам у тэксце тры паказчыкі ступені матываванасці рэлігійнымі перакананнямі ўчынкаў і ацэнак чалавека: па-першае, у духоўна-маральнай сферы, па-другое, у сферы міжканфесійных дачыненняў і, па-трэцяе, у сацыяльна палітычнай сферы. Аўтар сцвярджае, што большасць апытаных упэўненыя ў пазітыўным уплыве рэлігіі на грамадства, высока ацэньваюць ролю рэлігіі ў захаванні духоўнай спадчыны, але спрэчнай з’яўляецца ўпэўненасць, што гэтага дастаткова для матывацыі ўчынкаў і ацэнак.
Складаную шматстайнасць міжканфесійных дачыненняў аўтар зводзіць да праблемы рэлігійнай цярпімасці і фобій, прычым у якасці «ўяўных асцярог» ён прыводзіць «упэўненасць, што органы дзяржаўнай улады не аднолькава лаяльныя да розных канфесій» (але практыка паказвае, што гэтая ўпэўненасць мае пад сабой трывалую глебу, больш за тое, спараджае і падмацоўвае нецярпімасць з боку дзяржавы і традыцыйных канфесій да неапратэстантаў, а з іншага боку — выклікае нецярпімасць з боку неапратэстантаў да так званых традыцыйных канфесій і дзяржаўных органаў), «няўвагу [з боку дзяржаўных органаў] да праблемы неакультаў і патуранні ў іх дэструктыўнай дзейнасці» (тут можна адзначыць, што гэта сапраўды важны аспект, але яго варта было б разглядаць у крыху іншым зрэзе — часта замест таго, каб займацца рэальнымі дэструктыўнымі сектамі, дзяржаўныя органы займаюцца неапратэстанцкімі супольнасцямі), а ў якасці рэальных, а не ўяўных асцярог аўтар падае той факт, што «большая частка пратэстанцкіх канфесій і нетрадыцыйных рэлігій фінансуецца з-за мяжы, а многія неапратэстанцкія супольнасці ўяўляюць з сябе філіялы замежных місій» (відаць, аўтар не ведае, што і Праваслаўная царква ў галіне сацыяльнай дзейнасці фінансуецца з-за мяжы і ўяўляе з сябе «філіял» Рускай праваслаўнай царквы, а Каталіцкі касцёл таксама фінансуецца з-за мяжы і ўяўляе з сябе «філіял» — на яго густ — польскай арганізацыі ці арганізацыі з цэнтрам у Ватыкане; пры тым многія традыцыйныя баптысцкія і пяцідзесятніцкія супольнасці вобласці ніякага дачынення да замежжа не маюць: ні ў фінансаванні, ні ў падпарадкаванні).
Падаючы характарыстыкі рэлігійнасці жыхарства ў сацыяльна-палітычным зрэзе, аўтар грунтуецца на даследаваннях 1999—2000 гадоў, але пасля гэтага часу значна змяніліся палітычныя варункі ў Беларусі, двойчы адбыліся прэзідэнцкія выбары, памяняліся кірункі палітыкі ў розных сферах, у тым ліку ў сферы рэлігіі.
Зазначае аўтар наступныя асаблівасці: на захадзе жыхарства больш рэлігійнае, чым на ўсходзе. Аднак сітуацыя з рэгіянальнымі асаблівасцямі складанейшая, чым гэта часта ўяўляецца даследнікам: і тут справа не толькі ва ўзроўні рэлігійнасці і іншых колькасных паказчыках, на ўмоўна заходняй і ўсходняй Беларусі розны характар рэлігійнасці, для ўсходу і захаду характэрныя розныя тэндэнцыі. Больш важным для захаду з’яўляецца тое, што тут захоўваецца пастаянны ўзровень рэлігійнасці, дынаміка вельмі слабая. Тут пераважным з’яўНаталля Васілевіч. Сацыялогія рэлігіі як прадукт палітычнай ідэалогіі 94 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 ляецца феномен «традыцыйнай» рэлігіі, высокі ўзровень культава-рытуальнай актыўнасці — хрышчэнняў, вянчанняў; культавыя паводзіны характарызуюцца ўстойлівасцю. Такая супольнасць досыць скансалідаваная вакол культавай практыкі і вакол тэрытарыяльнага прыходу; аднак пры гэтым назіраецца неразвітая літургічная свядомасць (удзел у споведзі і прычасці — мінімум раз на год), невысокі ўзровень міранскай актыўнасці, невялікі місіянерскі і катэхітычны патэнцыял такіх супольнасцяў, матывацыя праз традыцыю пераважае над рацыянальнай матывацыяй. Што тычыцца ўсходняй часткі Беларусі, то тут даследнікі звычайна звяртаюць увагу на больш нізкі ўзровень рэлігійнасці, аднак варта адзначыць, што тут найменшае распаўсюджанне мае якраз «традыцыйная» рэлігійнасць.
Супрацьпастаўляючы «традыцыйную» рэлігійнасць і рэлігійнасць новую, аўтар дазваляе сабе выкарыстоўваць выраз «чуждыя элементы» для такой з’явы (пры гэтым называючы неапратэстанцкія рухі сінкрэтычнымі) (Безнюк Д. Государственно… С. 68.) і робіць наступную выснову: «...пры ўсёй талерантнасці неабходна разумець узнікненне пагрозы духоўнага і маральнага парадку (традыцыі), які гістарычна склаўся ў нас і не дазволіў знікнуць беларускаму этнасу як самабытнаму і самастойнаму суб’екту сусветнай гісторыі» (Безнюк Д. Государственно… С. 68.). Такое сцвярджэнне выдатна ўпісваецца ў сучасную дзяржаўную ідэалогію, у сучасную канфесійную антыпратэстанцкую палітыку. Прычым аўтар чамусьці забываецца на тое, што «гістарычна» не так проста складаўся той «духоўны парадак», і менавіта атэістычнае, савецкае выхаванне працягвае ў гэтым «парадку» выконваць ролю апірышча. Далей Дз. Бязнюк адзначае наступнае: «Глабалізацыя, як навязванне адзінай для ўсіх мадэлі дэмакратычнага постіндустрыйнага развіцця, мае на ўвазе уніфікацыю не толькі палітычную і эканамічную, але і духоўную... Рэлігійныя інтарэсы “малых народаў” у тых дзяржавах, якія генеруюць антызаходніцкую пазіцыю, могуць выкарыстоўвацца звышдзяржавамі як нагода да гуманітарнай інтэрвенцыі, да перакройкі свету пад свае інтарэсы пад маркай абароны пакрыўджаных» (Безнюк Д. Государственно… С. 70.). Такім чынам, аўтар чарговы раз вызначае сваю ідэалагічную скіраванасць, перш за ўсё ставячы пад сумнеў дэмакратычныя каштоўнасці ў галіне веравызнання, а таксама ацэньвае беларускую палітыку як антызаходніцкую.
Частка «Спецыфіка сучаснай рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі» працягвае развіваць папярэднюю. Адзначаецца тая самая дыхатамія «ўсход — захад», але ўжо ў іншым зрэзе, цывілізацыйным, як суіснаванне і дамінаванне па чарзе то праваслаўя, то каталіцтва. Яшчэ адной спецыфічнай рысай рэлігійнай сітуацыі Дз. Бязнюк называе яе незвычайную дынаміку, звязаную з рэзкімі зменамі ў рэлігійнай сферы. Вялікую ўвагу аўтар надае таму факту, што толькі 65,9 % зарэгістраваных рэлігійных груп маюць уласныя малітоўныя будынкі, адзначае небяспеку «перападзелу культавых будынкаў» (Безнюк Д. Государственно… С. 71.) , аднак практыка пакуль паказвае іншую тэндэнцыю, звязаную з недахопам культавых будынкаў: па-першае, такія будынкі (юрыдычны адрас) патрэбныя для рэгістрацыі, а значыць, для законнага існавання рэлігійнай арганізацыі, а адсутнасць юрыдычнага адрасу з’яўляецца адной з асноўных прычынаў для адмовы ў рэгістрацыі; па-другое, усе мы можам назіраць «перападзел культавых будынкаў» на прыкладзе сітуацыі з будынкам пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», калі царква вырашыла для сябе пытанне «недахопу культавых будынкаў», але такое вырашэнне не задаволіла дзяржаўныя органы, якія пазбаўляюць рэлігійную арганізацыю належнай ёй маёмасці.
Аўтар манаграфіі пастаянна падкрэслівае негатыўную і небяспечную ролю нетрадыцыйных рэлігійных рухаў, супрацьпастаўляючы іх традыцыйным рэлігійным канфесіям. Гэтае паняцце традыцыйнасці, уведзенае ў прававое поле праз закон «Аб свабодзе сумлення» 2002 года, з’яўляецца фундаментальным для апісання рэлігійнага поля Беларусі: яно мае ацэнкавы, легітымізавальны характар. Гэта відаць і з размежавання, якога прытрымліваецца Дз. Бязнюк, рэлігійнага адраджэння на дзве тэндэнцыі: адраджэнскую і экспансіянісцкую. Першую ён апісвае ацэнкава як «адраджэнне традыцыйных рэлігійных падмуркаў нашага грамадства і культуры», а другую — як «укараненне ў нашу культуру новых рэлігійных узораў шляхам пераважна актыўнага (і часта агрэсіўнага) місіянерства» (Безнюк Д. Государственно… С. 73.).
Ідэалагічная скіраванасць аўтара даследавання прачытваецца літаральна на кожнай старонцы: дзесьці гэта прыхавана, дзесьці адкрыта, напрыклад, калі Дз. Бязнюк характарызуе такую Сфера рэлігійнага 95 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 асаблівасць рэлігійнай сітуацыі, як «адданасць значнай колькасці членаў эліты «дэмакратычнай апазыціі» (заўважым, словы бяруцца ў двукоссі і напісаныя па-беларуску з памылкай. — Н. В.) уніяцкай і рыма-каталіцкай рэлігіі, што ўва ўмовах дамінавання праваслаўнай арыентацыі большасці жыхарства можа спарадзіць рэлігійна афарбаваныя матывы паводзінаў» (Безнюк Д.
Государственно… С. 73.). Наконт гэтага можна заўважыць, што «уніяцкі праект» меў папулярнасць якраз у той час, калі ў шэрагах дэмакратычнай апазіцыі хадзіў цяперашні прэзідэнт Беларусі.
Шмат заўваг выклікае і гістарычная частка даследавання, якая ахоплівае перыяд са старажытнасці да нашых дзён, перш за ўсё няправільная перыядызацыя падраздзелаў: першы падраздзел называецца «Перыяд да 1991 г.», але не закранае савецкага перыяду — яму прысвечаны другі падраздзел. У дасавецкім перыядзе Дз. Бязнюк вылучае 4 асноўныя этапы — Х— ХIII стст. (дамінаванне праваслаўя), ХIV— XVI стст. (фармаванне поліканфесійнага рэлігійнага поля), XVII—XVIII стст. (каталіцкая Контррэфармацыя), XIX—XX стст. (этап пачатку аддзялення царквы ад дзяржавы) — гэты кароткі агляд, аднак, не пазбаўлены фрагментарнасці:
так, у адным месцы аўтар піша пра тое, што існасць уніі «зводзілася да пераразмеркавання свецкай і духоўнай улады на карысць рыма-каталіцкай царквы» (Безнюк Д. Государственно… С. 77.), што «насаджэнню уніі ў асяроддзі праваслаўнага жыхарства спадарожнічала вялікая колькасць гвалтоўных дзеянняў» (Безнюк Д. Государственно… С. 78.), але пры гэтым называе унію «кампраміснай формулай суіснавання каталіцтва і праваслаўя» (Безнюк Д. Государственно… С. 78.); акрамя таго, аўтар спачатку сцвярджае, што менавіта праваслаўе «зрабіла вялікі ўплыў на развіццё беларускага этнасу» (Безнюк Д. Государственно… С. 75.), потым сцвярджае, што Рэфармацыя стала штуршком для развіцця беларускай нацыі, чаму «сведчанне не толькі богаслужэнні на нацыянальнай мове, але і з’яўленне літаратуры, асабліва рэлігійнай... на беларускай мове» (Безнюк Д. Государственно… С.
77.), і, нарэшце, аддае ў нацыянальным сэнсе перавагу уніяцтву, якое, у сваю чаргу, «выкарыстоўвала беларускую мову ў богаслужэннях і рэлігійнай літаратуры, што спрыяла захаванню айчыннай культуры» (Безнюк Д. Государственно… С. 78.).
Гаворачы пра перыяд аддзялення царквы ад дзяржавы, Дз. Бязнюк незразумела для якой мэты прыводзіць поўны тэкст царскага ўказа пра верацярпімасць 1905 года (Безнюк Д. Государственно… С. 81—83.), які займае бадай такі самы аб’ём, як і аналіз папярэдняй эвалюцыі рэлігійнага поля ў Беларусі з Х да ХI ст., і гэта пры тым, што ў кнізе адмыслова для такіх дакументаў прадугледжаныя дадаткі. Якой была матывацыя аўтара — застаецца загадкай.
У падраздзеле, прысвечаным савецкаму перыяду, зусім ігнаруецца канфесійная гісторыя Беларусі міжваеннага часу, значна змякчаюцца факты ганенняў на царкву ў гады савецкай улады, аднабакова падаецца роля царквы ў Вялікай Айчыннай вайне. Відаць, гэта выклікана тым, што аўтар карыстаўся расейскай літаратурай, аднак нельга ігнараваць таго факта, што на акупаваных Нямеччынай і на іншых тэрыторыях адрозніваліся становішча і дзейнасць Царквы, хоць, здаецца, у спісе літаратуры прысутнічае кніга епіскапа А. Мартаса, які досыць падрабязна разгледзеў становішча царквы на акупаваных тэрыторыях і спробы стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак, відаць, аўтар стараецца адпавядаць не гістарычнай праўдзе, а праўдзе, якая цяпер прынятая ў якасці афіцыйнай, адпавядаць сучаснаму ідэалагічнаму кірунку.
Тое самае адбываецца і пры аналізе перыяду рэлігійнага адраджэння, калі пачатковы перыяд рэлігійных свабод ацэньваецца негатыўна, а перыяд фармавання сучаснай канфесійнай палітыкі — станоўча. Такая тэндэнцыя працягваецца і ў трэцім раздзеле «Нацыянальная палітыка ў справах рэлігій Рэспублікі Беларусь». Пры тлумачэнні зместу гэтай палітыкі аўтар прадстаўляе яе як сістэму функцыянальна звязаных агрэгатаў, дзе ядром выступаюць канцэптуальныя падмуркі нацыянальнай палітыкі, а іх дапаўняюць яе дактрынальныя падмуркі. Канцэптуальныя падмуркі нацыянальнай палітыкі, на думку Дз. Безнюка, выглядаюць як сістэма двух сэнсавых блокаў — светапогляднага падмурку (прынцыпы, нарматыўна-каштоўнасны стандарт) і стратэгічнага падмурку (заснаваны на канцэпцыі нацыянальнай і рэлігійнай бяспекі). Такім чынам, падспудна ва ўсёй манаграфіі прасочваецца адна і тая думка: так ці інакш светапоглядны і стратэгічны падмуркі ўступаюць у супярэчнасць, і аўтар, услед за палітычным рэжымам, зыходзячы з перспектывы нацыянальнай і рэлігійнай бяспекі зазначае, што каштоўнасці дэмакратыі і свабоды веНаталля Васілевіч. Сацыялогія рэлігіі як прадукт палітычнай ідэалогіі 96 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 равызнання носяць не такі ўжо і універсальны характар. З аднаго боку, дэкларуецца арыентацыя на дэмакратычныя свабоды і каштоўнасці, гарантаванне свабоды сумлення і веравызнання, роўнасць рэлігій перад законам, імкненне да рэлігійнай цярпімасці і ўзаемапавагі, з другога — ім супрацьстаяць меркаванні бяспекі, і тут назіраецца дзве тэндэнцыі: неабходнасць адраджэння традыцыйных каштоўнасцяў і супрацьстаянне нетрадыцыйным рэлігійным рухам. Адзіным выйсцем бачыцца замацаванне асаблівага статусу традыцыйных канфесій: «...арыентуючыся на дэмакратычныя і агульначалавечыя каштоўнасці, дзяржава не павінна прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць безасабовым касмапалітычным схемам, нацыянальную і культурную спецыфіку» (Безнюк Д. Государственно… С. 121.). Безумоўна, такая праблема, як захаванне спадчыны, самабытнасці беларускага народа ў эпоху глабалізацыі, а яшчэ больш у эпоху сучаснага палітычнага рэжыму, ёсць, аднак калі захаванне самабытнасці супрацьпастаўляецца дэмакратычным каштоўнасцям, правам чалавека, то не выклікае сумневу, што за гэтай рыторыкай хаваюцца цалкам пэўныя ідэалагічныя канцэпты, якія да таго ж падмацоўваюцца «страшылкамі» пра «аднапалярны свет», «глабалізацыю», «уніфікацыю пад адзіны дэмакратычны ўзор», якія могуць стаць абгрунтаваннем магчымага ўмяшання ў беларускую палітыку з боку «звышдзяржаваў» (Безнюк Д. Государственно… С. 121.).
Яшчэ адна супярэчнасць, якая лёгка прачытваецца ў кнізе, — супрацьпастаўленне на рэлігійным полі ўлады і палітычнай апазіцыі, якое адзначаецца і ў раздзеле пра бяспеку: аўтар не бачыць нічога дрэннага, калі «рэлігійны рэсурс» выкарыстоўвае рэжым, аднак ён адмаўляе ў гэтым іншым палітычным сілам. Напрыклад, Дз. Бязнюк сцвярджае, што «хрысціянскіх партый быць не павінна, бо партыя — гэта частка, раскол грамадства, а царква павінна аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць» (Безнюк Д. Государственно… С. 116.), але гэта тычыцца толькі апазіцыйных рухаў (дзіўным з’яўляецца тое, што аўтар піша пра Беларускі хрысціянска-дэмакратычны саюз, а не прыводзіць у прыклад беларускую хрысціянскую дэмакратыю, якая цяпер ствараецца і набірае сілу), аднак калі гаворка заходзіць пра прадзяржаўныя «дэмакратычныя» і «патрыятычныя» партыі, якія дэкларуюць прыхільнасць да праваслаўных каштоўнасцяў, то аўтар перастае быць рэзкім у ацэнках.
Яшчэ адной асаблівасцю манаграфіі з’яўляецца тое, што яна прасякнутая антысектанцкім пафасам, тым, які быў паноўным пры абмеркаванні праекта новай рэдакцыі закона «Аб свабодзе сумлення», таму значная частка раздзела пра бяспеку прысвечаная класіфікацыям і характарыстыкам неакультаў.
У выснове аўтар падкрэслівае, што «ў падмурку айчыннай мадэлі дзяржаўна-канфесійных стасункаў ляжыць прынцып “выбарнасці” — дзяржава сама выбірае сабе партнёраў з рэлігійнага поля для вырашэння тых ці іншых пытанняў» (Безнюк Д. Государственно… С. 131.).
Такім чынам, мы разгледзелі кнігу Дз. Безнюка «Дзяржаўна-канфесійныя стасункі ў Рэспубліцы Беларусь (сацыялагічны аспект)».
Можна зрабіць некалькі высноваў: па-першае, неакрэслены прадмет даследавання, а тым больш з яго цяжка вылучыць і заяўлены ў назве «сацыялагічны аспект»; па-другое, не выклікае сумневу ідэалагічная скіраванасць працы ў рэчышчы сучаснай рэпрэсіўнай канфесійнай палітыкі; па-трэцяе, у кнізе некаторыя спасылкі цытуюцца цэлымі старонкамі, як, напрыклад, праца С. Давыдзенкі, значныя высновы робяцца толькі на падставе аднаго тэксту — напрыклад, аналіз дзяржаўна-канфесійных стасункаў у ЗША, — прычым тэксту не вельмі высокага навуковага ўзроўню, напісанага палітычна заангажаваным аўтарам; па-чацвёртае, тэкст часта не нейтральны: даюцца ацэнкі багаслоўскага ўзроўню таго ці іншага веравучэння, а таксама ў тэксце прысутнічаюць не нейтральныя словы «Святая Біблія» ці «ўладыка»; папятае, існуе мноства недакладнасцяў — аўтар, напрыклад, піша пра Расейскую праваслаўную царкву ў XVIII ст., хоць Праваслаўная царква ў Расейскай імперыі называлася грэка-расійскай, а таксама не зважае на тое, што большасць беларускіх святароў у міжваенны перыяд належалі да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аўтар піша пра Дом міласэрнасці ў Менску як пра праект, які знаходзіцца ў стане планавання, хоць ён ўжо не адзін год як пабудаваны і дзейнічае; па-шостае, тэкст утрымлівае мноства «лірычных» адступленняў пра «духоўны крызіс», пра «маральны заняпад» — безумоўна, вельмі цяжка гэтага пазбегнуць у тэкстах, прысвечаных рэлігіі, як і цяжка пазбегнуць ідэалагізаваных ацэнак пры аналізе палітыкі, аднак інакш цяжка зрабіць паўнавартаснае даследаванне.
Сфера рэлігійнага 97 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 Наталля Васілевіч. Сацыялогія рэлігіі як прадукт палітычнай ідэалогіі Літаратура:
1. Бабосов Е. Динамика религиозности в независимой Беларуси. Минск, 1995.
2. Безнюк Д. Государственно-конфессиональные отношения в Республике Беларусь (социологический аспект). Минск:
РИВШ, 2006.
3. Безнюк Д. Состояние и специфика современной религиозной ситуации в Беларуси // Социс. 2006. № 2.
4. Давыденко С. Политика государства в отношении религиозных организаций в Республике Беларусь: теоретико-методологический аспект. Минск: БГУ, 2005.
5. Закон Республики Беларусь «О свободе совести и религиозных организациях» от 31 октября 2002 г.
6. Земляков Л. Государственно-конфессиональные отношения в Республике Беларусь. Минск: БГУ, 2000.
кий аспект). Минск, 2001.
7. Новикова Л. Религиозность в Беларуси на рубеже веков: тенденции и особенности проявления (социологичес8. Черник-Рымашевская Н. Государственно-конфессиональные отношения: особенности белорусской модели. ЕГУ, 2004.