Часопіс “Палітычная сфера”

Пачатак украінскай раннемадэрнай ідэнтычнасці

Аляксандр Маслак · 2006

102 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 Па словах выдатнага ўкраінскага філосафа Дзмітра Чыжэўскага, XVII стагоддзе было ці не найважнейшым часам для ўкраінскай гістарычнай памяці. Менавіта вакол падзей гэтага стагоддзя фармавалася ўся далейшая ўкраінская нацыянальная міфалогія, менавіта бурлівыя падзеі гэтага перыяду сталі своеасаблівым «пунктам біфуркацыі» ў працэсе фармавання ўкраінскай ідэнтычнасці. Менавіта XVII стагоддзе з яго галоўнай для тагачаснай Украіны падзеяй — казацкай рэвалюцыяй на чале з Багданам Хмяльніцкім — і далейшай крышталізацыяй казацкай дзяржаўнасці стала асноўнай крыніцай для стварэння цэнтральнага для ўкраінскай ідэнтычнасці канцэпту — «казацкай нацыі». Уласна такая «міфалагічнасць» гэтай эпохі, як казаў той жа Чыжэўскі, у сэнсе калі не «залатога», то «срэбнага» веку ўкраінскай гісторыі, у нечым перашкаджала зрабіць больш-менш аб’ектыўны аналіз шматлікіх фактараў, якія фармавалі «твар эпохі».

Не зважаючы на тое, што «знешняя» гістарычная фактаграфія той эпохі вывучалася дастаткова пільна шматлікімі пакаленнямі выдатных гісторыкаў, па-за ўвагай даследчыкаў часта заставаўся галоўны фактар «твару эпохі» — гісторыя ідэяў, сацыяльных стэрэатыпаў, палітычнай, прававой Аляксандр Маслак Пачатак украінскай раннемадэрнай ідэнтычнасці Abstract:

Рэцэнзія на кнігу С. Плохія «Налівайкава вера: казацтва і рэлігія ў раннемадэрнай Украіне» адзначае «міфалагічнасць» XVII стагоддзя ва ўкраінскай гісторыі, што перашкаджае зрабіць аб’ектыўны аналіз эпохі. Кніга С. Плохія — адная са спробаў ліквідацыі гэтага недахопу і фактычна першая сур’ёзная сінтэтычная манаграфія, прысвечаная даследаванню стасункаў казацтва і Праваслаўнай Царквы. Звяртаецца ўвага на характар легітымацыі рэвалюцыі 1648—1657 гг. і гетманскай улады Багдана Хмяльніцкага, суадносіны і эвалюцыю канфесійнай, сацыяльнай і этнічнай ідэнтычнасцяў, як у асяроддзі казацтва, так і ва ўкраінскім раннемадэрным грамадстве ўвогуле.

Сергій Плохій. «Наливайкова віра: козаки та релігія в ранньомодерній Україні». — К.: Критика, 2005.

Serhii Plokhi. «The Cossacks and Religion in Early Modern Ukraine». — Oxford.: OXFORD UNIVERSITY PRESS, 2001.

і нават рэлігійнай культуры. Натуральна, што ўласна палітычнае і рэлігійнае жыццё ў тагачаснай Украіне было досыць шырока асветлена ў гістарычнай літаратуры. Аднак вялікіх сінтэтычных прац, прысвечаных, скажам, гісторыі ўкраінскай рэлігійнай і палітычнай думкі той эпохі, да апошняга часу практычна не было. Гэта было адначасова і прычынай, і наступствам «вайны міфалагем», што вялася вакол гэтага перыяду ўкраінскай гісторыі. Такіх міфалагем было як найменш сем: расійская імперская, польская нацыянальная, украінская народна-дэмакратычная, украінская дзяржаўніцка-кансерватыўная, украінская грэкакаталіцкая, савецкая «марксісцкая» да 1940-х гг., савецкая «ўз’яднаўчая» пасля 1954 г. (класіфікацыя досыць умоўная, паколькі, напрыклад, «дзед украінскага кансерватызму» Панцеляймон Куліш у апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця актыўна рэпрадукаваў польскія міфалагемы пры апісанні казацкай эпохі).

Пэўныя спробы аб’ектыўнага гістарычнага даследавання гэтага аспекту эпохі пачаліся толькі ў 1970—80-х гадах у асяроддзі малодшага пакалення гісторыкаў украінскай дыяспары (найбольш характэрным прыкладам іхнага падыходу з’яўляецца зборнік «Rethinking Ukrainian 103 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 History» 1 , выдадзены ў Эдмантане ў 1981 годзе).

У 1990-х гадах пачалі з’яўляцца падобныя даследаванні і ва Ўкраіне — сярод іх варта адзначыць манаграфію Пятра Саса «Палітычная культура ўкраінскага грамадства» (канец XVI — першая палова XVII стагоддзя).

Асабліва цікавай у звязку з гэтым ёсць манаграфія вядомага ўкраінскага гісторыка, дырэктара Праграм даследавання рэлігіі і культуры Канадскага інстытута ўкраінскіх студыяў, прафесара Альберцкага універсітэта Сяргея Плохія «Налівайкава вера: казацтва і рэлігія ў раннемадэрнай Украіне» (назва першага, англамоўнага, выдання — «The Cossaks and Religion in Early Modern Ukraine»), якая стала фактычна першай сур’ёзнай сінтэтычнай манаграфіяй, прысвечанай даследаванню стасункаў казацтва і Праваслаўнай Царквы.

Праца даследуе перыяд з канца XVI да сярэдзіны XVII стагоддзя, то бок ад пачатку фармавання казацтва як уплывовага актора палітычнай гульні да часу смерці Багдана Хмяльніцкага. У сваёй працы Сяргей Плохі, з аднаго боку, намагаецца акрэсліць і сістэматызаваць даволі вядомы фактаграфічны матэрыял, які датычыць дадзенай тэмы. З іншага боку, ён прапануе ў нечым цалкам новы падыход да інтэрпрэтацыі палітычнай і канфесійнай гісторыі Украіны XVII стагоддзя.

У прыватнасці, упершыню звяртаецца ўвага на характар легітымацыі рэвалюцыі 1648— 1657 гг. і гетманскай улады Багдана Хмяльніцкага, а таксама на змены семантыкі гетманскіх тытулаў на працягу перыяду іх гетманства. Аўтар намагаецца прасачыць суадносіны і эвалюцыю канфесійнай, сацыяльнай і этнічнай ідэнтычнасцяў, як у асяроддзі казацтва, так і ва ўкраінскім раннемадэрным грамадстве ўвогуле.

Ключавым тэрмінам, з дапамогаю якога Плохі намагаецца інтэрпрэтаваць эпоху, з’яўляецца паняцце «канфесіяналізацыя» (уласна «канфесіяналізацыя грамадскага жыцця»). Пад гэтым тэрмінам аўтар разумее той варыянт хрысціянства, які зацвердзіўся ў часы Рэфармацыі і паўплываў на рэлігійна-грамадскае і палітычнае жыццё па абодва бакі каталіцка-пратэстанцкага падзелу Заходняй Еўропы. Сярод галоўных рысаў створаных у працэсе Рэфармацыі канфесіяў (лютэранства, кальвінізму, англіканства і контррэфармацыйнага каталіцызму) было дакладнае фармуляванне рэлігійнай дагматыкі, утварэнне рэлігійна аднастайных і аднародных грамадаў, узмацненне царкоўнай дысцыпліны, фармаванне новага тыпу духавенства і развіццё цеснага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і царквой.

Ва ўкраінска-беларускай (рускай — у тагачаснай тэрміналогіі) этнаканфесійнай супольнасці Рэчы Паспалітай працэсы канфесіяналізацыі пачаліся як наступства крызісу, што здарыўся ў другой палове XVI ст. у Кіеўскай праваслаўнай метраполіі, і царкоўнага расколу, звязанага з Берасцейскай уніяй 1596 г. Працэсы канфесіяналізацыі праходзілі паралельна з працэсам фармавання станавай ідэнтычнасці казацтва і фармавання раннемадэрных нацыянальных ідэнтычнасцяў на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Плохі прасочвае, як рэлігійна індыферэнтная вайсковая супольнасць прычарнаморскіх стэпаў паступова спачатку набывала свядомасць «абаронцаў хрысціянскага свету ад магаметан» увогуле, а з пачатку з XVII cт. пачала афармляцца ў вайсковы грамадскі стан, які прэтэндаваў на выкананне ролі галоўнага абаронцы і палітычнага прадстаўніка Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Гэтай эвалюцыі прысвечаны падраздзел з досыць ёмкай назвай «Як казакі сталі праваслаўнымі», дзе паказаныя асноўныя пераломныя моманты гэтай эвалюцыі. Першым было паўстанне і вайна казакаў на чале з Кшыштафам Касінскім супраць палітычнага правадыра тагачаснай праваслаўнай супольнасці Рэчы Паспалітай князя Канстанціна Астрожскага, якая характарызуе казацтва таго перыяду як канфесійна незаангажаваную супольнасць. Аднак ужо праз год казацкае паўстанне ўзначаліў чалавек, які непасрэдна паходзіў з атачэння Астрожскага, — Сямерый Налівайка (аўтар кнігі ўжывае ўсталяванае ў гістарычнай навуцы да 1990-х гадоў імя Севярын). І хаця канфесійныя матывы не былі відавочнымі падчас гэтага выступлення казацтва, з аднаго боку, сам Астрожскі выкарыстоўваў паўстанцаў супраць прыхільнікаў уніі — луцкага старасты Аляксандра Сямашкі і луцкага ўладыкі Кірылы Тэрлецкага. З іншага боку, прыхільнікі уніі пачалі называць праваслаўных «налівайкавай верай», ці нават «налівайкавай ардой», як абазваў Іпаці Пацей сябраў Віленскага брацтва (у асноўным з-за таго, што да гэтага брацтва меў дачыненне брат Сямерыя Налівайкі — вядомы праваслаўАляксандр Маслак. Пачатак украінскай раннемадэрнай ідэнтычнасці 1 У перакладзе: «Пераасэнсаванне ўкраінскай гісторыі» — зацем. пер .

104 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 ны палеміст а. Даміан Налівайка). Пераломным момантам у гэтай эвалюцыі казацтва стала аднаўленне Ерусалімскім патрыярхам Феафанам епіскапскай іерархіі Кіеўскай праваслаўнай метраполіі ў 1620 годзе. Паколькі епіскапскія хіратаніі адбываліся з ініцыятывы казацкага гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага і пад аховай казакоў, то з гэтага часу казацтва замяніла выміраючы і асіміляваны праваслаўны княскі слой у ролі палітычнага пратэктара і прадстаўніка Праваслаўнай Царквы на прасторах Рэчы Паспалітай. Казацтва ў 1620-х гадах актыўна ўмешвалася ва ўнутранае жыццё Кіеўскай праваслаўнай метраполіі, што абумовіла канфрантацыйны характар стасункаў праваслаўнай іерархіі з польскай дзяржаўнай уладай, каталікамі і уніятамі. Гэтая тэндэнцыя змянілася толькі пасля таго, як у 1633 годзе прадстаўнік праваслаўнай шляхты Пётр Магіла фактычна гвалтоўна пазбавіў казацкага стаўленіка Ісаю Капінскага кіеўскага прастолу і са згоды караля і Сойму заняў ягонае месца, што абумовіла далейшую легалізацыю Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай.

Фактычна «магілянскі перыяд» стаў своеасаблівым перыядам «пахаладання» ў стасунках паміж казацтвам і Кіеўскай праваслаўнай іерархіяй. Свяціцель Пётр Магіла сам прэтэндаваў на ролю не толькі рэлігійнага, але і грамадска-палітычнага лідэра і прадстаўніка праваслаўнай супольнасці Рэчы Паспалітай. У гэтай ролі ён абапіраўся найперш на больш лаяльную да польскай дзяржавы праваслаўную шляхту. Такой жа пазіцыі трымаўся ягоны наступнік — кіеўскі мітрапаліт Сільвестр Косаў, які займаў прастол у час казацкай рэвалюцыі і гетманства Багдана Хмяльніцкага.

Уласна найцікавейшыя моманты кнігі Сяргея Плохія датычаць менавіта эпохі Хмяльніцкага. Аўтар намагаецца прасачыць, як складаліся стасункі Кіеўскага мітрапаліта і казацкага гетмана, адносіны «канфесійнай сталіцы» ў Кіеве з палітычным цэнтрам казацкай дзяржавы ў Чыгірыні, якім чынам гэта ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку Войска Запарожскага, а таксама на ідэалогію паўстання і новай казацкай дзяржавы.

Аўтар першым звяртае ўвагу на праблему легітымацыі казацкай рэвалюцыі 1648 года. У прыватнасці, ён пераносіць на грунт казацкай Украіны вядомы ў сярэднявечнай і раннемадэрнай Еўропе канцэпт «святога права на паўстанне» з прычыны рэлігійных уціскаў, якім актыўна карысталіся падчас рэлігійных войнаў Рэфармацыі. І хаця першыя месяцы рэлігійныя матывы не былі асноўнымі ў легітымацыі паўстання, досыць хутка яны выйшлі на першы план, менавіта гэта дазваляе параўноўваць казацкую рэвалюцыю 1648—57 гадоў з тагачаснымі «пострэфармацыйнымі» рэлігійнымі войнамі ў Заходняй Еўропе — «гугеноцкімі» ў Францыі XVI ст. і Вялікай Трыццацігадовай вайной. Рэлігійны характар вайны робіць больш зразумелымі і палітычныя праекты Хмяльніцкага — арыентацыю на пабудову монаканфесійнай праваслаўнай дзяржавы і схільнасць да ўплываў прадстаўнікоў усходніх патрыярхатаў — Ерусалімскага патрыярха Паісія і карынфскага мітрапаліта Іаасафа (які быў асабістым духоўнікам гетмана і загінуў падчас бітвы пад Берасцечкам), якія прапагандавалі праекты адраджэння універсальнай праваслаўнай манархіі. Але ў адрозненне ад працэсу канфесіяналізацыі ў Заходняй Еўропе, дзе ён азначаў перш за ўсё «фрагментацыю» хрысціянскага свету, праваслаўная канфесіяналізацыя адбывалася перадусім як працэс аднаўлення і завастрэння пачуцця прыналежнасці праваслаўных да адзінай праваслаўнай айкумены. Менавіта гэтыя ўплывы, разам з пашыранай тады сярод казацтва прыхільнасцю да абсалютысцкага манархізму (спачатку казацкая рэвалюцыя адбывалася таксама і пад лозунгам «За караля і супраць «кралявят» (магнатаў)!», гэта значыць фактычна з заклікам усталявання абсалютызму ў Рэчы Паспалітай), былі адной з прычынаў Вялікай Трыццацігадовай вайны 1654 года.

Аднак сама Пераяслаўская Рада інтэрпрэтуецца гісторыкам як «доўгі ланцуг міжкультурных непаразуменняў». Але Хмяльніцкі і казацкія старшыны разумелі Пераяслаўскую дамову ў катэгорыях пратэкцыі праваслаўнага цара, што гарантавала б не толькі рэлігійныя, але і станавыя правы і прывілеі казацтва, незалежны адносна Масквы статус Кіеўскай мітраполіі і да т. п. Да таго ж, як паказаў Плохі на падставе аналізу гетманскіх тытулаў, сам Хмяльніцкі меў манархічныя прэтэнзіі на статус, падобны да тагачасных напалову незалежных гаспадароў Малдовы ці Валахіі. У той жа час прадстаўнікі Маскоўскага царства разглядалі Пераяслаўскую Раду перадусім як рэінкарпарацыю сваіх нібыта «старажытных родавых вотчын» Кіеўскага і Чарнігаўскага княстваў у склад Маскоўскай дзяржавы, ігнаруючы пры тым культурную і сацыРэцэнзіі 105 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 яльную самабытнасць гэтых земляў. У далейшым гэтае «культурнае непаразуменне» прывяло да шматлікіх трагічных калізіяў пачынаючы з другой паловы XVII ст. і аж да сёння. Насуперак гэтаму, як сцвярджае аўтар, Пераяслаўскія артыкулы былі найвыгоднейшай міжнароднай дамовай войска запарожскага з ліку іншых тагачасных і наступных пагадненняў як з маскоўскімі царамі, так і з Асманскай імперыяй і Рэччу Паспалітай.

Акрамя гэтых тэмаў Сяргей Плохі таксама даследуе працэсы фармавання розных тыпаў этнічнай ідэнтычнасці сярод праваслаўнай супольнасці Рэчы Паспалітай, у прыватнасці так званае «маларасійскае ідэнтычнасці», і ўплыў на гэта фармаванне выдатных дзеячоў Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі.

Сярод недахопаў кнігі варта адзначыць перадусім адсутнасць аналізу тагачаснай праваслаўнай (ды і каталіцкай, і пратэстанцкай) багаслоўскай думкі, яе сацыяльнага аспекту. Без такога аналізу даволі цяжка зразумець шматлікія асаблівасці як міжканфесійных стасункаў таго часу, гэтак і палітычнага і грамадскага жыцця ўвогуле, у тым ліку і закранутых аўтарам праблем легітымацыі казацкай дзяржавы Багдана Хмяльніцкага і яе міжнароднай палітыкі.

Аднак, не зважаючы на пералічаныя плюсы і мінусы, кніга Сяргея Плохія каштоўная перш за ўсё як важкі заклік да далейшай аргументаванай акадэмічнай дыскусіі на тэмы палітычнай і рэлігійнай культуры ўкраінскага грамадства казацкай пары. Спадзяемся, што адказаў не прыйдзецца доўга чакаць.

Пераклад Дзяніса Мельянцова паводле аўтарскага арыгіналу Аляксыандр Маслак. Пачатак украінскай раннемадэрнай ідэнтычнасці