Часопіс “Палітычная сфера”

Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага

Юрась Бачышча · 2014-2015

№ 22-23 (2014-2015) Юрась Бачышча Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага Даследчыкі з розных краін адзна ча юць выключныя ўплывы Бібліі на іх грамадска-палітычныя і прававыя традыцыі побач з уплывамі на іншыя сферы жыцця грамадства (Цим мерман, 2006; Grudem, 2010;

Spencer, 2012). “ Біблія традыцыйна прызнаецца найважнейшай з кніг, на каторых заснавана як вяршэнства закону, так і станаўленне дэмакратычных інстытутаў на Захадзе ” – піша Аўгуста Цымерман (2006). Уэйн Грудэм (Grudem, 2010: 16) у прадмове да сваёй грунтоўнай кнігі, дзе ён разглядае, як біблійнае вучэнне стала асновай палітыка-прававой культуры амерыканцаў, сцвярджае, што “прынцыпы і вучэнне Бібліі ўтрымліваюць мудрасць, якая будзе карыснай для ўсіх народаў і ўсіх урадаў” . Мастак Поль Рабэр (1851– 1923) у 1905 годзе ў старым будынку Вярхоўнага Суда ў Лазанне стварыў фрэску “Справядлівасць узвышае нацыі”, на якой багіня правасуддзя Немезіда мела развязаныя вочы, а вастрыё мяча паказвала на разгорнуты Закон Божы. На думку вядомага хрысціянскага філосафа ХХ стагоддзя Фрэнсіса Шэфера (19121984) (Schaeffer, 2005:106), гэтая фрэска дэманстравала ідэю “свабоды без хаоса”, нагадваючы ўсім суддзям, якія ўваходзілі ў гэты будынак, што Біблія з’яўляецца асновай не толькі маралі, але і закона.

Некаторыя сучасныя польскія гісторыкі права таксама прызнаюць важнасць уплываў Бібліі. Анджэй Закрэўскі (Zakrzewski, 2012: 15) адзначае, што “ Статуты былі не толькі правам чалавечым, але таксама – як і ва ўсёй тагачаснай Еўропе – адкрыццём права Божага ” . Праўда, далей аўтар не паглыбляецца, у чым гэта выяўлялася.

У айчыннай гістарыяграфіі, у многім сфармаванай на секулярызаваным грунце, Пісанню адводзяць больш сціплае месца, чым на Захадзе. Не прэтэндуючы на глыбокі агляд гістарыяграфіі па пытанні, варта ўсё ж адзначыць, што беларускія гісторыкі права (Юхо, 1991;

Доўнар, 2000; Доўнар, 2014; Васілевіч, 2001), якія разважалі над крыніцамі беларускага-літоўскага заканадаўства, звычайна адзначаюць уплывы звычаёвага, рымскага, нямецкага і польскага права, царкоўнага і кананічнага права, рэнесансных ідэяў і заходнееўрапейскага гарадскога права на прававую культуру ВКЛ, але ні слова не кажуць пра Біблію.

Толькі некаторыя аўтары закраналі гэтае пытанне, але звычайна ўскосна (Акіньчыц, 2003; Бокун, 2012; Падокшын, 2000; Томсинов, 1992).

Найбольш блізка да разглядаемага пытання падышла Ірына Вішнеўская 53 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) (Вішнеўская, 2009: 70−73). Пішучы пра прававыя погляды Францыска Скарыны, яна між іншым адзначае, што тагачасныя заканадаўцы, падобна Скарыну, “імкнуцца ва ўсім кіравацца прынцыпам хрысціянскай справядлівасці, устанаўленнямі хрысціянскага права, пад якім разумеліся крытэры справядлівасці, вылучаныя ў Бібліі” .

Яшчэ адным аўтарам, які спрабаваў звярнуць увагу на “свяшчэннае пісанне” як на крыніцу права быў Мікалай Сільчанка. У адной са сваіх кніг (Сільчанка, 2012: 23) ён адзначае, што “цікавым і маладаследаваным на сённяшні дзень з'яўляецца пытанне аб уплыве і ролі рэлігіі (Свяшчэннага пісання) на развіццё крыніц права... ” , а ў іншай кнізе (Сільчанка, 2008: 413−416) ён нават вылучае асобны раздзел “Свяшчэннае пісанне ў якасці крыніцы права”. Аднак, хаця Сільчанка і прыгадвае Святое Пісанне як адну з крыніц права, само разуменне тэрміна “свяшчэннае пісанне” ў аўтара атрымліваецца настолькі шырокім, што ўключае ў сябе кананічнае і царкоўнае права і па сутнасці выступае проста як іх сінонім. Так, Сільчанка піша (Сільчанка, 2008: 413−414): “У самым агульным плане пад свяшчэнным пісаннем, якое выконвала ролю крыніцы права раней, а таксама займае значнае месца сярод крыніц права ў некаторых прававых сістэмах сучаснасці, разумеюцца тэксты і правілы, якія змяшчаюцца ў Бібліі, Каране, Суне, пастановах усяленскіх і памесных сабораў; правілы, якія выпрацавалі і сфармулявалі святыя апосталы і святыя айцы царквы; правілы, выдадзеныя па царкоўных справах царкоўнымі ўладамі і г.д. ” . Атрымліваецца, што ва ўяўленні аўтара “свяшчэннае пісанне” хрысціян абазначае не толькі Біблію, але і ўвесь іншы корпус тэкстаў царкоўнай традыцыі, што, на нашу думку, некарэктна. У любым выпадку, аўтар не адносіць Біблію як крыніцу непасрэдна да Статутаў ВКЛ.

Многія даследчыкі адзначаюць, што пры стварэнні Статутаў ВКЛ важную ролю мела царкоўнае і кананічнае права. Паводле Таісіі Доўнар (Доўнар, 2000: 40), “у XVI ст.

пад кананічным правам перш за ўсё разумелі каталіцкую сістэму норм “Корпус юрыс каноніцы”, 1 якая рэгулявала не толькі царкоўныя, але і свецкія адносіны (1582 г.)” . У праваслаўным кананічным праве ў гэты час карысталіся Номаканонам. 2 Заўважна, што Доўнар не ўключае Біблію як адзін з тэкстаў кананічнага права, што з'яўляецца слушным, бо яе ідэі маглі быць асновай для 1 Corpus iuris canonici – корпус кананічнага права каталіцкай царквы, падрыхтаваны каля 1500 года, які ўключыў у сябе Дэкрэт Грацыяна з удакладняючымі яго папскімі тлумачэннямі. Корпус быў прыняты ў 1580 годзе і заставаўся асноўнай крыніцай кананічнага права каталіцкай царквы да 1918 года.

2 Номаканон – сістэматызаваны звод кананічнага права праваслаўнай царквы, які пачаў складвацца ў VI–VII стагоддзі ў Візантыі, дадаваўся на працягу стагоддзяў і ў канцы XV стагоддзя быў пашыраны сярод праваслаўных ва Усходняй Еўропе ў выглядзе Номаканона пры Вялікім Патрэбніку, а таксама ў выглядзе Кормчай Кнігі. Апошняя складвалася ва ўсходнеславянскіх землях на аснове Номаканона з ХІІІ стагоддзя і дапаўняліся нормамі свецкага права.

54 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) тэкстаў кананічнага і царкоўнага права, але сама яна не належала да такога права, а ўяўляла сабой цалкам асобную крыніцу, якая выходзіла за вузкія межы царкоўнага права.

Пра Слова Божае як самастойную крыніцу піша Ірына Вішнеўская (Вішнеўская, 2009: 71), гаворачы пра Скарыну, што “пад пісаным правам беларускі правазнаўца разумеў не толькі дзяржаўныя законы («права земскае»), але і «от Бога ест данный» Боскі закон, крыніца якога была Біблія і «правила светых отець па сборех пописаные» (кананічнае права)” .

Праблема, якая падымаецца ў нашым даследаванні палягае ў пошуку адказаў на пытанне, ці можна лічыць Біблію за адну з крыніц беларускалітоўскага права XVI стагоддзя, і ў прыватнасці Статутаў ВКЛ. Ці займала гэтая кніга такое ж важнае месца, якое ёй надаюць на Захадзе? Наколькі значным быў уплыў гэтай кнігі на заканадаўства нашых земляў таго часу?

У дадзеным артыкуле аўтар зыходзіць з дапушчэння, што Біблія аказвала ўплыў на беларускалітоўскае права, як гэта было і ў многіх іншых краінах Еўропы. Для праверкі гэтай гіпотэзы будуць вызначаны і прааналізаваны асноўныя ідэйныя кірункі таго часу, звернута ўвага на асобы стваральнікаў Статута, іх веру і жыццёвыя перакананні, на дамінуючыя на той час палітыкаправавыя вучэнні, а таксама не пасрэд на на сам тэкст Статутаў.

На думку аўтара, большасць зменаў у Статутах, цалкам адпавядалі парадыгме набліжэння заканадаўства ВКЛ да біблейскага закону. Ужо тытульны аркуш Статута 1588 года з біблійнымі цытатамі яскрава паказвае ідэйны напрамак прававой думкі.

Біблійныя ўплывы на прававую культуру ВКЛ адбываліся рознабакова – праз агульную атмасферу таго часу , напоўненую адраджэнскімі і рэфармацыйнымі ідэямі, якія надавалі асаблівую ўвагу Бібліі і абапіраліся на яе; праз асобных людзей , якія ў той час навяртаюцца да Бога і ствараюць трактаты аб палітычным і прававым уладкаванні, абапіраючыся на біблійнае вучэнне, ці непасрэдна ўдзельнічаюць у статутовых камісіях. І, нарэшце, найбольш важнае і істотнае – праз само пашырэнне біблійных тэкстаў , іх больш шырокае чытанне і вывучэнне. Важную ролю тут адыгрывала больш свабодная, не абмежаваная каталіцкай ці праваслаўнай царкоўнай традыцыяй, інтэрпрэтацыя Бібліі.

Біблійныя запазычанні маглі быць як непасрэдныя – калі ўласна біблійныя тэксты браліся ў аснову артыкулаў статутаў, альбо маглі трапляць у законы ВКЛ з палітычных трактатаў ці другіх прававых крыніц, якія ў сваю чаргу таксама паспыталі на сабе пэўныя біблійныя ўплывы (накшталт Кодэксу Юстыніяна, кананічнага і царкоўнага права і інш.).

І. Кантэкст эпохі Зразумець творцаў Статутаў і іншых прававых помнікаў XVI стагоддзя немагчыма без разумення духу эпохі. Дуглас Келі ў сваім даследаванні з’яўлення свабоды ў сучасным свеце пісаў, што “ атэізм апошніх стагоддзяў ускладняе нашае перасоўванне назад у атмасферу Адраджэння і Рэфармацыі, калі ад- 55 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) носіны паміж Богам і чалавекам ці царквой і дзяржавай з’яўляліся вырашальнымі для разумення і здзяйснення глыбокіх пераменаў у эканамічнай, культурнай і палітычнай сферах жыцця ” (Келли, 2005: 7).

XVI стагоддзе – гэта быў час, калі Вялікае Княства ўступіла ў эпоху Адраджэння і Рэфармацыі. Ідэі Рэнесансу і Рэфармацыі амаль адначасова пранікалі на беларускія землі. Побач з цікавасцю да твораў старажытнасці, філосафаў антычнасці, Рэнесанс прынёс цікавасць і да чытання біблійных тэкстаў. Але калі Рэнесанс спалучаў гэта ўсё ў адно, то Рэфармацыя, надаючы Бібліі асаблівую вагу і аўтарытэт, узвышала яе як Слова Божае над усімі іншымі творамі. На падставе біблійнага паслання імкнуліся прасачыць іншыя сферы жыцця, упарадкаваць іх і суаднесці з Пісаннем, выправіць адпаведна яму ў выпадку супярэчнасцяў. Падкрэсліваючы патрэбу ў штодзённым чытанні Бібліі для кожнага чалавека, Рэфармацыя спрыяла яе перакладу на родныя мовы розных народаў Еўропы. У тым ліку ў XVI стагоддзі ў ВКЛ з’явіліся біблійныя кнігі, выдадзеныя Францыскам Скарынам, Радзівілаўская Біблія 1563 года, Біблія і Новы Запавет у перакладзе Сымона Буднага (1572, 1574, 1589), Евангелле (паводле Мацвея, Марка і Лукі) Васіля Цяпінскага (1580), а таксама шэраг праваслаўных выданняў – Астрожскай Бібліі (1581), некалькіх Евангелляў і Псалтыроў, выдадзеных у Заблудаве, Вільні, Львове, Астрозе (Трацяк, 2003: 30−34). Апроч таго, існавалі рукапісныя варыянты Пісання.

Новы ідэйны ўплыў вызначае фармаванне палітычнай і прававой культуры, фармуе шляхецкую дэмакратыю, пашырае ідэі “агульнага дабра”, справядлівасці, грамадскага парадку, абмежавання ўлады манарха, абароны дзяржаўнага суверэнітэту, падзелу ўладаў і вяршэнства закона. Апошняе ў сваю чаргу станавілася магчымым толькі ў тым выпадку, калі дзяржаўныя ўлады былі гатовы прызнаць вяршэнства вышэйшых Божых законаў над дзяржаўным правам, бо сутнасць пытання пра вяршэнства закону зводзілася да таго, што чалавек бачыць крыніцай вярхоўнай улады – Бога як абсалют, ці непастаяннага грэшнага чалавека (Циммерман, 2006).

Фундаментальнай ідэяй Адраджэння станавілася ідэя свабоды. У ВКЛ яна праяўлялася ў ідэі свабоды рэлігійнай (верацярпімасці і раўнапраўя ўсіх хрысціянскіх канфесіяў), свабоды палітычнай і прававой (вяршэнства закону), свабоды нацыянальна-культурнай (развіцці духоўнай культуры на зразумелай мясцовай мове) (Падокшын, 2002: 26). Рэфармацыя надавала рэнесанснай свабодзе біблійны падмурак і парадак, абапіраючы яе не на свавольства чалавека, а на выкананне боскага маральнага закону. Свабода разумелася перш за ўсё як сцвярджэнне годнасці, правоў індывіда, асобна ўзятага чалавека як “стварэння Божага”. Заахвочваўся зварот да чалавечага розуму, пошуку Божай праўды і справядлівасці, ствараліся больш прагрэсіўныя погляды на ўзаемаадносіны дзяржавы, царквы і грамадства, фармавалася судовая ўлада і правы асобы. У стаўленні да ўладаў Рэфармацыя актуалізавала біблійны прынцып “ слухайся больш Бога, чым чалавека ” (Дзеі 5:29).

56 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) Менавіта таму Сямён Падокшын (2000: 29) лічыў, што “ Адраджэнне і Рэфармацыя ў значнай ступені вызначалі беларускі менталітэт XVI – першай паловы XVII стагоддзя, што ў сваю чаргу аказвала істотнае ўздзеянне на характар і спецыфіку палітыка-прававой думкі эпохі ”.

ІІ. Стваральнікі Статутаў Безумоўна, каб зразумець дух Статутаў, іх нутраны сэнс, неабходна мець уяўленне пра тых людзей, якія займаліся іх стварэннем. Відавочна, што пішучы і рэдагуючы артыкулы Статутаў, тагачасныя прававеды суадносілі іх змест са сваімі думкамі і ўяўленнямі. Іх прынцыпы і падыходы да тлумачэння права ўплывалі на канчатковы варыянт тэксту законаў і вызначалі тэндэнцыі ў развіцці права.

Хто ж былі гэтыя стваральнікі і якіх поглядаў яны трымаліся? На думку Язэпа Юхо, з-за недахопу дакументаў сёння немагчыма дакладна вызначыць, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы першага Статута. Найбольш верагодным стваральнікам Статута ён бачыць Францыска Скарыну, які жыў у той час у Вільні, дзе вялася асноўная праца над Статутам, меў “ самую высокую для таго часу юрыдычную адукацыю ” і “ ведаў мясцовае звычаёвае беларускае права, гісторыю рымскага і права іншых дзяржаў ” (Юхо, 1991: 75–76). Юхо (1991: 76) адзначае сугучнасць прававых поглядаў і ідэй Скарыны з многімі нормамі Статута, і дадае, што “ урад меў намер выдаць Статут друкарскім спосабам ”.

Нават калі Ф. Скарына сам непасрэдна і не быў у камісіі, то яго прававыя погляды, адлюстраваныя ў шматлікіх прадмовах да кніг Бібліі і самі тэксты нядаўна выдрукаванага на зразумелай мове Святога Пісання, павінны былі ўплываць на погляды сучаснікаў.

Звычайна, кажучы пра Ф. Скарыну, згадваюць, як ён паўплываў на пашырэнне і разуменне Бібліі – пераклаў, напісаў прадмовы і каментары, надрукаваў уласныя партрэтныя выявы, але чамусьці мала гаворыцца пра тое, як Біблія паўплывала на Ф. Скарыну, на яго перакананні і погляды. Чамусьці іх вытокі часам бачаць толькі ў валоданні першадрукаром асновамі антычнай і сярэднявечнай навуковай спадчынай, але на Біблію не звяртаюць увагі. А між іншым Біблія аказала найбольшы ўплыў на светапогляд і ўяўленні Ф. Скарыны, чым што-небудзь іншае.

З гэтым згаджаюцца Янка Трацяк і Уладзімер Конан. Трацяк (2003: 24) піша, што ў скарынаўскіх прадмовах “ раскрываецца глыбока хрысціянскі светапогляд аўтара ”. Паводле Уладзімера Конана (гл. Трацяк, 2003: 28) “ у творчасці Ф. Скарыны выразна «прачытваюцца» дзве асноўныя крыніцы яго светапогляду і асветніцтва:

Біблія ў яе хрысціянскай інтэрпрэтацыі і рэнесансавая культура з яе культам красы і гармоніі ”. Пра гэта ж пісала і ўжо прыгаданая намі Ірына Вішнеўская. Развіваючы тэму, яна зазначае (Вишнеўская, 2009: 71), што “ прававыя ідэі Скарыны, у тым ліку і погляды на класіфікацыю права, звязаны з Бібліяй, у якой, на думку мысліцеля, «... вси законы и права, ими же люде на земли справаватися имають, написаны суть» ”.

57 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) Францыск Скарына (1969: 95) сваёй дзейнасцю першым намеціў праграму рэформаў у галіне права, кладучы ў аснову біблейскі грунт, – “ И вчинены суть права, или закон, для людей злых, абы боячися казни, усмирили смелость свою и моци не имели иным ушкодити, и абы добрыи межи злыми в покои житии могли ”.

На думку Скарыны, праведнаму закон не патрэбны, бо запісаны ў сэрцы і дзейнічае праз сумленне чалавека. Але мэта закона добрая, бо закон патрэбны для людзей злых, каб абмяжоўваў іх злыя памкненні. Такую выснову Скарына рабіў зноў жа абапіраючыся на Біблію – “ Мы ведаем, што закон добры, калі хто законна ўжывае яго. Ведаючы, што закон патрэбен не для праведніка, але для беззаконных і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў… ” (1 Цім. 1:8–9).

Біблійныя ўплывы на Скарыну яскрава праяўляюцца ў апісанні ім неабходных для суддзяў асабістых якасцяў. Услед за Бібліяй Скарына пісаў: “ судьи да судят людей судом справедливым и да не уклонятся ни на жадную страну, и да не зрять на лица, и не примають даров, понеже дарове ослепляють очи мудрых людей и зменяють слова справедливых ” (гл. Падокшын, 2000: 57). Гэтых прынцыпаў трымаюцца і выдаўцы Статутаў. Леў Сапега звяртаўся да станаў ВКЛ з нагоды прыняцця Статута 1588 года з наступнымі словамі, “ каб вы ў суды і ў трыбуналы выбіралі не толькі людзей добрых, якія гэтыя правы нашы добра ведаюць, але богабаязных і дабрадзейных, якія б не для карысці сваёй і на шкоду бліжняму з-за сквапнасці сваёй і для падарункаў справы скажалі, але, простым парадкам ідучы, святой праўды і справядлівасці прытрымліваліся, а тую свабоду, якой карыстаемся, у цэласці нам захавалі ” (Зварот …, 2010: 554).

Як піша Сямён Падокшын, Скарына меў своеасаблівую тэорыю “натуральнага права”, у якой юрыдычны і маральна-этычны сэнсы зліваліся ў адно. Паводле першадрукара, “ чалавечая прырода кіруецца ад Госпада Бога «двайным законам»: прыроджаным і пісаным ” (гл. Падокшын, 2000: 52). Прыроджаны закон уключаў у сябе маральна-прававыя паняцці, якія былі закладзены чалавеку Богам ад нараджэння. Сутнасць натуральнага маральна-прававога закону Скарына выводзіць з евангельскага паслання “ бо ўвесь закон у адным слове змяшчаецца: «любі бліжняга свайго як самога сябе» ” (гл. Падокшын, 2000: 54).

Гэты закон, на думку Скарыны, дзейнічаў і да з’яўлення “пісанага” закона.

Хаця пад “пісаным” законам Скарына разумее і Біблію, і пастановы людскія, але зазначае, што “ вси тыи права, или уставы, божий закон в собе замыкаеть ” (гл. Падокшын, 2000: 56).

Падокшын, аналізуючы прававыя погляды мысляроў ВКЛ, прыходзіць да высновы, што “натуральнае права”, якое імі развівалася, было больш падобнае на ўяўленні сафістаў і антычных філосафаў Сакрата, Платона і Арыстоцеля, якія “ лічылі ідэальным такое дзяржаўнае ўладкаванне, якое было ў згодзе з боскай справядлівасцю ”, і што “ існуюць боскія, няпісаныя законы, з якімі павінны ўзгадняцца законы чалавечыя, пісаныя ”, чым на ўяўленні рымскіх юрыстаў пра “на- 58 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) туральнае права”, якія абумоўлівалі яго толькі прыродай, без Бога. Таму, на думку Падокшына “ ва ўяўленні сярэдневяковых юрыстаў натуральнае права гранічна збліжалася з боскімі законамі – маральна-прававымі прадпісаннямі Бібліі ” (гл. Падокшын, 2000: 38–39).

Скарына ў сваіх поглядах быў настолькі прагрэсіўным, што заклаў грунт для далейшых прававых рэформаў, якія неўзабаве адбыліся. Асноўны прынцып іх, паказаны самім асветнікам, – апора на Слова Божае . Яго ідэі ў далейшым развіваліся іншымі аўтарамі (Маджэўскім, Будным, Воланам, Сапегам) і ўваходзілі ў прававыя дакументы.

Сярод стваральнікаў Статутаў 1566 і 1588 гадоў мы знаходзім рэлігійных дзеячаў таго часу, якія безумоўна ведалі біблійныя тэксты, а таксама царкоўнае права – жаймойцкі біскуп Ян Даманеўскі, віленскі канонік і архідыякан Станіслаў Габрыяловіч, канонік і пазней жаймойцкі біскуп Станіслаў Наркускі. На жаль, дакументы не захавалі імёны тых, хто з праваслаўнага боку ўдзельнічаў у стварэнні Статутаў. Аднак у католікаў і праваслаўных, якія кіраваліся шмат у чым царкоўнай традыцыяй і царкоўна-кананічным правам, не было прынята надаваць выключнае значэнне Бібліі. Найбольш гэта было ўласціва дзеячам Рэфармацыі.

Звычайна даследчыкі Статутаў мала ўвагі надаюць удзелу пратэстантаў у стварэнні гэтых юрыдычных помнікаў. Хаця яшчэ Ф. Скарыну былі ўласцівы многія ідэі і каштоўнасці Рэфармацыі (Падокшын, 2000: 57). Нават павярхоўны агляд, паказвае, што прыхільнікі рэфармацыйных ідэяў складалі значную частку статутавых камісій 1566 і 1588 гадоў.

“ В годы такого быстрого и могучего развития религиозного разномыслия вообще и кальвинизма в особенности, как середина XVI столетия, и католические, и православные члены Статутовой Комиссии не могли остаться, все до одного, в лоне той церкви, по принадлежности к которой они были подобраны для работы над исправлением Литовского Статута 1529 г. ” – пісаў расейскі гісторык Іван Лапо (1934: 45), ацэньваючы агульную атмасферу часу. Ён адзначае, што толькі сярод пяці вядомых сябраў каталіцкай часткі камісіі, якая пачынала складаць Статут 1566 года, двое, верагодна, сталі пратэстантамі – маршалак шляхты Ашмянскага павета і земскі віленскі суддзя Павал Астравіцкі і мінскі суддзя Марцін Валадковіч (Лаппо, 1934: 43– 46). Аб прыналежнасці апошняга да кальвіністаў піша і Сямён Падокшын (2000:23). Кіруючыя пасады ў статутавых камісіях займалі амаль выключна кальвіністы – Мікалай Радзівіл Чорны, Астафей Валовіч, Крыштаф Радзівіл, Леў Сапега (да 1586 года – кальвініст).

Сябрам рэдакцыйнай камісіі Статута 1566 года быў буйны дзяржаўны дзеяч і юрыст, кальвініст Мікалай Монвід-Дарагастайскі (Падокшын, 2000: 12). Па яго ініцыятыве ў 1577 годзе быў перакладзены з лацінскай мовы на польскую і выдадзены ў Лоску вядомы палітыка-прававы трактат Анджэя Фрыча Маджэўскага “Аб направе Рэчы Паспалітай”, які, на думку С. Падокшына (2000: 2), значна ідэйна паўплываў на Статут 59 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) 1588 года. Дапамагалі рыхтаваць гэтае выданне Сымон Будны, Мацей Стрыйкоўскі і Андрэй Волян. Апошні напісаў прадмову.

Чаму гэта важна ўлічваць, бо менавіта пратэстанты надавалі Бібліі найвышэйшы аўтарытэт, добра яе ведалі, імкнуліся пашыраць яе тэксты на зразумелых мовах і выбудоўваць сваё ўласнае жыццё, а таксама жыццё царквы і грамадства на падставе біблійных прыказанняў. “ Рэфармацыя – гэта ідэя. Ідэя аб неабходнасці пастаянна звяртацца да Бібліі як першаасновы хрысціянства і ў адпаведнасці з вобразам, які раскрыты ў Святым Пісьме, будаваць царкву, жыццё кожнай асобы і грамадства ў цэлым ”, – піша ў сваім артыкуле сучасны пратэстанцкі пастар (Акіньчыц, 2002: 16).

Такое стаўленне да Бібліі яскрава прасочваецца як у “Лістах” Мікалая Радзівіла Чорнага да папскага нунцыя Алаіза Ліпамана, так і ў прадмовах да Берасцейскай Бібліі 1563 года.

Прысвячаючы новае выданне Святога Пісання каралю Жыгімонту ІІ Аўгусту, Радзівіл з’вяртаецца да яго, як да “хрысціянскага караля”, і натхняе Біблію “ старанна і часта чытаць, як Божую справу, ад якой залежыць усё на свеце ” (Найяснейшаму …, 2012: 254). “ У гэтым Святым Пісанні кожны стан знойдзе і пабачыць, і навучыцца, пачынаючы ад Пана, як ён мае адпаведна кіраваць Рэччу Паспалітай, знойдуць таксама і падданыя, у якіх звычаях і ўчынках праведных перш перад Богам і сваімі начальнікамі яны павінны трываць… Вось і я шчырым сэрцам жадаю Вашай Каралеўскай Міласці…, каб меў ласку нагадваць і вучыць, каб слаўным Божым Законам, які ад даўняга часу быў між намі занядбаны, пастаянна, маючы яго цяпер ужо перад вачыма, карысталіся, цешыліся і ў ім практыкаваліся ”, – піша Радзівіл далей у сваім звароце (Найяснейшаму …, 2012: 254–255). Як бачым, друкуючы Біблію, Радзівіл ускладаў на яе вялікія надзеі, верачы, што яе будзе чытаць сам кароль і народ паспаліты розных станаў, і пераймаць боскія законы ў жыццё сваё і дзяржаўнае. Усведамляючы жыццёвыя перакананні Радзівіла і яго мары, можна ўпэўніцца, што, кіруючы складаннем Статута 1566 года і праводзячы дзяржаўныя рэформы, ён усяляк імкнуўся, каб яны адпавядалі Святому Пісанню.

У Радзівілаўскай Бібліі ў “Суме або Кароткім апісанні ўсяго Святога Пісання”, можна знайсці і пэўныя прававыя погляды, уласцівыя мясцовым рэфарматарам. Так, пішучы пра “Закон”, адзначаецца: “ паколькі чалавечая прырода пыхлівая і так сапсаваная, што людзі не хочуць самі сябе прызнаваць грэшнымі і маючымі патрэбу ў збаўленні, Бог даў праз Майсея Закон, напісаны на каменных табліцах, каб людзі, пазнаўшы праз яго грэх і ліхоту свайго сэрца, тым больш прагнулі прыйсця Хрыста ” (Сума …, 2012: 257). Адсюль вынікае, што закон патрэбны, каб размежаваць грэх ад таго, што не з’яўляецца грахом. Падобныя думкі год раней выйшлі з-пад пяра Сымона Буднага ў “Катэхізісе” 1562 года.

(Катэхізіс, 2005: 29) Яны грунтаваліся на словах апостала Паўла да Рымлянаў: “ я пазнаў грэх не інакш, як праз Закон ” (Рым. 7: 7) і “ Бо праз Закон 60 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) грэх пазнаецца ” (Рым. 3: 20). Таксама падкрэслівалася, што Ісус – гэта “ прыклад для нас, з якога мы павінны вучыцца спосабу добрага жыцця на свеце ” і Вышэйшы Суддзя, які “ прыйдзе, каб усіх судзіць і даць кожнаму паводле ўласных учынкаў яго цела, якія рабіў, ці добрыя, ці ліхія ” (Сума …, 2012: 259).

Адным з арганізатараў падрыхтоўкі другой рэдакцыі Статута 1566 года называюць кальвініста Астафея Валовіча (1520–1587). Ён прымаў актыўны ўдзел у правядзенні аграрнай і судова-адміністрацыйнай рэформы і, верагодна, стаў пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага кіраўніком камісіі па дапрацоўцы Статута 1566 года. Валовіч быў актыўным абаронцам самастойнасці ВКЛ на Люблінскім сейме 1569 года, а таксама свабоды сумлення. Яго подпіс стаіць пад Варшаўскай канфедэрацыяй 1573 года (Падокшын, 2000: 12). Ён жа ўдзельнічае ў стварэнні Галоўнага трыбунала ВКЛ 1581 года і ўзначальвае статутавую камісію, якая працавала над апошнім выданнем Статута 1588 года. Анатоль Грыцкевіч (2005: 383) адзначае, што Валовіч “ садзейнічаў уключэнню ў Статут прагрэсіўных нормаў ”, а ў сваім тэстаменце “ наказаў вызваліць усіх сваіх нявольных людзей ”.

Звычайна, кажучы пра Статут 1588 года, прыгадваюць Льва Сапегу (1557– 1633), але пры гэтым многія імкнуцца падаць яго як праваслаўнага ці каталіцкага дзеяча, хаця ён быў выхаваны пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага, скончыў пратэстанцкі Лейпцыгскі ўніверсітэт і да 1586 года з’яўляўся кальвіністам. Безумоўна, такая пратэстанцкая спадчына і асяроддзе мусілі паўплываць на светапогляд Сапегі.

Падокшын (2000: 33) адзначае, што “ правасвядомасць выхоўвалася не толькі дзяржавай, існуючым законам, палітычнай літаратурай, але і рэлігійна-маральнымі павучэннямі (Прадмовы Скарыны, «Катэхізіс» Буднага і інш.) ”. Змест і каштоўнаснае напаўненне гэтых павучанняў грунтаваліся на Бібліі. Будны, напрыклад, закранаў прававыя і палітычныя аспекты, тлумачачы чытачам асноўныя хрысціянскія праўды і таямніцы, сымбаль веры і дзесяць прыказанняў.

Вядомым мысляром таго часу лічыўся кальвініст Андрэй Волян, каралеўскі сакратар. Невядома, ці ўваходзіў сам А. Волян у склад статутовай камісіі, але відавочна, што яго ідэі ўплывалі на пэўныя прынцыпы Статута.

Волян (2009: 47) лічыў, што “ закон – ёсць маральнае правіла, якое дыктуецца здаровым розумам і ўхваляецца Божымі прыказаннямі ”. Тут мы бачым працяг традыцыі злучэння маральна-юрыдычных аспектаў, закладзеную Скарынам.

Волян трымаецца той жа біблійнай канцэпцыі натуральнага права, што і Скарына, пішучы “ пастулаты прававой навукі закладзены ў нашу свядомасць Богам. Яны, у прыватнасці, патрабуюць нікому не чыніць шкоды, не рабіць іншым таго, чаго мы не хочам сабе ” (Волян, 2009: 53).

Заклікаючы да працягу працы над удасканаленнем статутаў, Волян (2009: 52) піша “ на вялікі жаль, некаторыя законы, у свой час адзінагалосна прынятыя нашымі продкамі, разыходзяцца з Божымі нормамі і многім нямала шкодзяць ”.

61 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) Сярод такіх законаў Волян бачыў “ несправядлівы закон аб забойстве ” ці больш дакладна – адсутнасць смяротнага пакарання для шляхты за свядомае забойства просталюдзіна.

Паводле дзейснага на той момант Статута 1566 года, у некаторых выпадках забойца мог адкупіцца “галаўшчынай” і не быць належным чынам пакараным. Волян лічыў гэта адступленнем ад Божага закону, які кажа: “ Хто праліе кроў чалавечую, таго кроў праліе чалавек ” (Быц. 9:6).

На думку Воляна (2009: 54): “ Бог не толькі санкцыянуе закон, які забараняе супрацьпраўнае забойства або гвалт у адносінах да іншай асобы, але і стварае ўладу, якая ажыцяўляе выкананне гэтага закону і мае права караць забойцу, каб забяспечыць мір у грамадстве ” . Такой жа пазіцыі трымаліся Анджэй Фрыч Маджэўскі ў трактаце “Аб выпраўленні Рэчы Паспалітай” 1551 года і Сымон Будны ў “Катэхізісе” 1562 года. Доказам таму, што гэтыя працы ўплывалі на заканадаўцаў з’яўляецца той факт, што, паводле трэцяй рэдакцыі Статута 1588 года (Разд. 12, арт. 1), свядомы забойца ўжо не мог адкупіцца грашыма, але мусіў несці адпаведнае смяротнае пакаранне незалежна ад свайго стану і вышыні паходжання. Закон зрабіў роўнымі ўсіх – і багатых, і бедных, што таксама адпавядае біблійнаму вучэнню.

Яшчэ адной несправядлівасцю, якая парушае палітычную і грамадзянскую свабоду, Волян лічыў адсутнасць законаў, якія б тычыліся маральна-этычных паводзінаў сужэнцаў і каралі за блуд. Бо “ апаганьванне чужога ложка ёсць злачынствам, блізкім да забойства ” (Волян, 2009: 63).

“ Свабоднае хрысціянскае грамадства павінна пазбавіцца ад прытонаў распусты, публічных дамоў з іх бессаромнымі прыслужніцамі, і паставіць жорсткі заслон перад свабодай разбэшчанасці, якую суд Божы забараняе цалкам. … Мудры заканадаўца аддае перавагу парадам здаровага розуму і перадусім патрабаванням ці забаронам, якія пад пагрозай суровага пакарання ставіць Божы закон ” (Волян, 2009: 68). У Статуце 1588 года з’яўляюцца артыкулы, якія рэалізуюць дамаганні Воляна і абмяжоўваюць блуд і распусту.

Як вядома, з поглядамі Воляна былі знаёмы стваральнікі Статута. Напрыклад, Аўгустын Ратундус меў магчымасць азнаёміцца з кнігай “Аб грамадзянскай або палітычнай свабодзе” яшчэ да яе выдання.

Славуты юрыст адзначыў, што “ нічога не можа дадаць да гэтага твора, каб яшчэ болей падвысіць яго вартасць ”, а пра самога Воляна дадаў, што “ сярод палякаў мала знойдзеш такіх аўтараў, якія б маглі з ім параўнацца ” (гл. Balinski, 1843: 28−29).

Хаця Ратундус і не напісаў прадмову да твора Воляна, але бачна, што высока яго ацаніў. Сведчаньнем уплыву А. Воляна з’яўляецца і сам тэкст Статута 1588 года, куды былі ўключаны многія яго прапановы.

Самога Аўгустына Ратундуса І. Лапо (1934: 65−66) называе “прававерным католікам”, згадваючы, што той быў варожа настроены да “рознаверцаў” і абураўся з шырокай свабоды веравызнання, зацверджанай Жыгімонтам Аўгустам. Часта даследчыкі падкрэсліваюць важны ўнёсак Ратундуса і Пятра Раізія як спецыялістаў 62 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) па рымскім праве. Безумоўна, яны адыгралі пэўную ролю ў раманізацыі Статутаў, але іх ўплыў быў абмежаваны, і яго не варта перабольшваць.

Так, насуперак адмоўнаму стаўленню Ратундуса да свабоды веравызнання, гэтая свабода гарантавалася як Віленскім прывілеем 1563 года ў складзе Статута 1566 года, так і Варшаўскай канфедэрацыяй 1573 года ў складзе Статута 1588 года. Не былі прыняты і прапановы замежных дактароў аб выданні Статута на латыні.

ІІІ. Аналіз тэкстаў Статутаў Яскравым прыкладам уплыву біблійных прынцыпаў з’яўляюцца самі прававыя помнікі ВКЛ. Першы статут у першым жа артыкуле, прадпісваў, што ніхто не будзе завочна пакараны, пакуль справа не будзе разгледжана ў судзе “ врадом права хрестьянского ” і “ водле звычаю и прав хрестьянских мають быти караны и сказываны подле тяжкости а легкости выступов своих ” (Статут … 1529, 2010: 436).

Апошняе адпавядала евангельскай формуле аб пакаранні “ кожнаму паводле іх справаў ” (Мацьв. 16:27) ці старазапаветнаму “ колькасць удараў, хай адпавядае памерам праступка ” (Другазак. 25:2).

На першай тытульнай старонцы Статута 1588 года былі напісаныя словы з Бібліі, зварот да суддзяў: “ Глядзіце, што вы чыніце. Вы здзяйсняеце не суд чалавечы, але суд Божы…. Няхай будзе на вас страх Госпада ” (2 Крон 19:6–7) Святое Пісанне ўсталёўвала пэўны прынцып адносна адказнасці кожнага толькі за свае ўчынкі і грахі:

“ Хай не будуць забіваныя бацькі за сыноў і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх ” (Друг.

24:16). Гэты ж прынцып знаходзім у прававых дакументах ВКЛ яшчэ XV стагоддзя. Прывілей 1447 года ў арт. 4 пастанаўляў, што ніхто іншы апроч вінаватага мае быць пакараны (Прывілей, 2010: 428). Дадатак “ подлуг права христианского ” сведчыць, што гэты прынцып узяты ў права менавіта з Бібліі. Усе далейшыя дакументы пераймалі гэты прынцып.

Статут 1529 года (Арт. 7) вызначаючы, што “ не маеть нихто ни за кого терпети, але кождый сам за себе ”, змяшчаў наступныя словы – “ А веджо завжды врад хрестьянского права заховываючы, судом не поконавши, не маеть быти каран …” (Статут … 1529, 2010: 436). Як заўважаем, тут неабходнасць суда перад здзяйсненнем пакарання называецца захаваннем права хрысціянскага, а сам артыкул забараняе караць каго-небудзь за чужую віну.

Яшчэ больш зразумела пра ўплыў Божага закону прамаўляюць наступныя рэдакцыі Статута. Так, Статуты 1566 года (Раздз. І, арт. 14) і 1588 года (Раздз. І, арт. 18) сцвярджаюць, што “ нихто ни за чий кольвек учинок не маеть каран и сказан быти, толко которим винен , кгдыж того право божое и справедливость хрестиянская учыть ” (Статут … 1566, 2010: 483;

Статут … 1588, 2010: 560). Тут заўважна імкненне кіравацца “хрысціянскай справядлівасцю” пры складанні законаў дзяржавы. Як бачна, Біблія не лічылася толькі рэлігійнай кнігай, а Бог не быў Богам толькі для вернікаў хрысціян, але для ўсіх жыхароў ВКЛ.

63 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) Такія ўяўленні ўласцівы XVI стагоддзю, без разумення гэтага немагчыма зразумець тагачасных людзей і матывы іх учынкаў, у тым ліку і тагачасных законатворцаў і суддзяў.

У прававых дакументах таго часу (Бельскі прывілей 1564 года, Статуты ВКЛ) гаворка вядзецца не проста пра вольнасці, а пра “вольнасці хрысціянскія”. То бок сама назва паказвае, што ў той час свае вольнасці шляхта і магнаты не аддзялялі ад Хрыста. Гэтыя “ вольнасці хрысціянскія ” “ здаўна былі нададзены ” і “ прысягамі нашымі пацверджаны ” – гэта сведчыць пра даўнюю традыцыю дамовы (запавету) паміж уладаром і палітычным народам.

Пішучы ў Бельскім прывілеі 1564 года пра неабходнасць дапрацоўкі Статута, унясення правак, адзначаецца, што артыкулы патрэбна “ поправити и еще новых прибавити, згожаючи и примножаючи их прав выбраных и уфалы годных хрестиянских ” (Тэкст …, 2010: 478). І далей, калі гаворка вядзецца пра ўвядзенне ў Статут новых артыкулаў, якія апісваюць новую судовую сістэму, Бельскі прывілей (2010: 478) піша, што “ сами тые панове воеводове,… маючы напрод Пана Бога и справедливость светую перед очима своими, важили больш тую, а нижли которое в том по воли звирхности, владности и пожитки свои, над все наследуючи приказанне Божое, которое учит миловати ближнего своего яко себе, а с того ж показуется, абы один другого ничого не пожадал,… ”. Іншымі словамі, самі ваяводы, якія раней судзілі людзей, прызнаюць, што па добрай волі, маючы перад вачыма Бога і Яго святую справядлівасць, каторую цэняць больш за сваю вышэйшасць, уладу і маёмасць, найперш кіруючыся прыказаннямі Божымі, любіць бліжняга як самога сябе і не пажадаць чужога…, ідуць на пэўныя саступкі ў сваёй ранейшай судовай уладзе.

Сама судовая рэформа ВКЛ сярэдзіны 1560-х гадоў, некаторыя аспекты якой адлюстраваны ў тэксце Бельскага прывілея 1564 года, заўважна абапіралася на біблейскае вучэнне пра суд, якое можна знайсці ў кнізе Другазаконня: “ загадаў я суддзям вашым: слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, – суайчыннік ён ці прыбылец. Не глядзіце на асобу на судзе:

выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы ”. (Друг. 1:16−17) і “ Ва ўсіх брамах тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, устанаві суддзяў і загадчыкаў на працах на ўсе пакаленні, каб судзілі людзей справядлівым судом. Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, якія засляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы справядлівых. За справядлівасцю, за справядлівасцю ідзі следам, каб жыў ты і валодаў зямлёй… ” (Друг. 16:18−20).

Па-першае, рэформа дапускала да суда “ як малога, так і вялікага ”, спрыяла больш справядліваму суду, уводзячы яго незалежнасць, таксама асуджала хабары і заклікала не глядзець на асобы. Увядзенне выбарных незалежных ад адміністрацыі судоў, стварыла падставы для рэалізацыі прынцыпу падзелу ўладаў, які як ідэя ўжо прасочваецца ў першым статуце.

Заўважны і ўплыў хрысціянскага маральнага закону адносна ілжэ- 64 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) сведчання. Як вядома, адно з дзесяці прыказанняў наўпрост забараняе казаць хлуслівае сведчанне. У іншых месцах Бібліі таксама чытаем:

“ Калі суддзі, надзвычай уважліва праверыўшы, выявяць, што ілжывы сведка сказаў няпраўду супраць брата свайго, то хай яны зробяць яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму; і так вынішчыш зло з асяроддзя свайго, каб другія баяліся і ніколі больш у асяроддзі тваім такіх рэчаў не адважваліся рабіць ” (Друг. 19:18−20).

Паказанні сведак суправаджаліся, як правіла, прысягай, якая прыносілася на Бібліі. Статут 1566 года вызначае, караць таго, хто ілжэсведчыў, адпаведным пакараньнем ажно да смерці: “ Яко в кождом учынку, за которий горлом караюць, потреба доводов явных и ясных… А если бы хто кого обмовил в том учынку…, такий поведач, … сам отсужением почтивости и горлом маеть бытии каран ” (Статут… 1566, 2010: 482).

Звяртае на сябе ўвагу і прысяга, якую давалі суддзя і падсудак. Усе яны прысягаюць “пану Богу”, абяцаюць “ водле Бога справядліва і водле статута … судзіць, …самога Бога і яго святую справядлівасць і права паспалітае і сумленне перад вачыма маючы ” (Статут… 1588, 2010: 585).

Падобную клятву перад Богам прыносіў і судовы пісар.

Важнымі прынцыпамі, якія паходзілі з Бібліі і пераймаліся ў Статуце, былі – вялікая каштоўнасць жыцця чалавека, як “створанага на вобраз Божы” (Быццё 1:27 і 9:6), каштоўнасць свабоды, якая пачынаецца знутры чалавека з яго духоўнай свабоды і распаўсюджваецца на іншыя сферы, бо “дзе Дух Гасподні, там свабода” (2 Кар. 3:17), маральнае вымярэнне закону, адлюстраванае ў Дэкалогу (Вых. 20 і Другазак. 5), роўнасць усіх перад законам, бо “кожны чалавек грэшны” і “кожны будзе пакліканы на суд”, права на прыватную ўласнасць (Вых. 20:15, Друг. 5:19, Мацьв. 19:18 і інш.).

Павелічэнне цаны чалавечага жыцця адлюстравана ва ўвядзенні ў Статуце 1588 года (Раздз. 12, арт. 1) смяротнага пакарання за свядомае забойства шляхцічам чалавека простага стану (Статут… 1588, 2010: 671). Раней, паводле Статута 1566 года, шляхціц мог адкупіцца “галаўшчынай”. Таксама Статут (Раздз. 11, арт. 60) надаў каштоўнасць і жыццю ненароджаных дзяцей. Статут 1588 года за наўмыснае забойства дзіця ва ўлонні вызначаў смяротнае пакаранне як для самой жанчыны, так і для таго, хто ёй у гэтым дапамагаў (Статут … 1588, 2010: 669−670). Ранейшая рэдакцыя Статута таксама карала гэтае злачынства, але больш лагодна. Таксама цяжарная, якая была прыгаворана да смяротнага пакарання, павінна была нарадзіць да спаўнення прысуду. То бок давалі магчымасць нарадзіцца дзіцяці (Статут … 1588, 2010: 664).

Пераклікаецца з Бібліяй (Лічб. 35:

22−25) і артыкул (Раздз. 11, арт. 23) аб пакаранні за ненаўмыснае забойства.

У такім выпадку той, хто забіў выпадкова, не мусіў карацца смерцю, але нёс пэўнае пакаранне і сплочваў “галаўшчыну” сям’і забітага (Статут … 1588, 2010: 660).

Заўважна, што сямейныя каштоўнасці таксама запазычаны ў Статуце 65 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) (Раздз. 5, арт. 22) з Бібліі (Выхад 20:14;

Кніга Святарская 18:5−30; 20:2−23).

Біблійнае вучэнне часткова было перапрацавана і ўвабрана ранейшым кана нічным правам, але ў XVI стагоддзі, з па шырэннем Рэфармацыі і друкаванага Божага Слова, і наўпрост уплывала на заканадаўцаў, якія чыталі Біблію, не абавязкова з’яўля ючыся святарамі і ведаючы ка на нічнае ці царкоўнае права. Так, паста новы праваслаўнага ка наніч нага пра ва (Номаканон) знач на больш лагод ныя да граху і пра дугледжваюць шматварыятыўнасць пакаранняў за блуд і распусту, а Біблія і ўслед за ёй Статут былі больш ад назначнымі.

Статут прадпісваў: “ Уставуем,… абы подданные наши водле правъ Божихъ и хрестияньских жили в малъженстве ” (Статут … 1588, 2010:628). Пераследаваліся распусныя паводзіны. За чужаложства Статут 1588 года (Раздз. 14, арт. 30) вызначаў смя ротнае пакаранне, матывуючы гэта таксама як “абразу Бога” (Статут … 1588, 2010: 688), падобна як таго патрабавала Кніга Святарская (20:10):

“хто будзе чужаложыць з чужою жонкай ці ўчыніць пералюб з жонкай блізкага свайго, будзе пакараны смерцю і чужаложнік, і чужаложніца” . Згвалта ванне таксама кара лася смерцю (Раздз. 11, арт. 12) (Статут … 1588, 2010: 657).

Біблійнае разуменне павагі да бацькоў “ хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, будзе пакараны смерцю ” (Сьвятар. 20:9) замацоўвалася ў Статуце 1588 года (Раздз.

8, арт. 7), які прадпісваў, што “ Калі б сын альбо дачка, забыўшы Госпада Бога, на бацькоў сваіх падняў руку, ударыў альбо штурхнуў у гневе, ад такога не толькі выракчыся можна, але судом па скарзе і доказам бацькоў да смяротнага пакарання асуджаны быць павінен ” (Статут … 1588, 2010: 640).

Біблія гаворыць пра аднолькавае стаўленне да іншаземцаў “ такі ж са мы закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што лічацца ў вас іншаземцамі ” (Вых. 12:49), і Статут 1566 года (Раздз. 1, арт. 17) вызначае “ таксама і іншаземцы, і замежныя Вялікага княства прыезжыя і ўсякія прыбыўшыя людзі тым самым правам павінны судзіцца ” (Статут … 1566, 2010: 484).

Юлія Доўнар адзначае (2005: 357358), што “са з’яўленнем статутаў карэнным чынам змяняюцца і прынцыпы пакарання. Калі раней яно мела мэтай кампенсацыю, то цяпер крымінальнае заканадаўства арыентуецца на прэвенцыю: як агульную так і асабістую” . То бок акцэнт рабіўся на папярэджанні правапарушэння, а не на пакаранні.

Дакладна, як дзесяць прыказанняў былі дадзены праз Майсея ізраільскаму народу, каб ён ведаў, што ёсць грэх, і не рабіў злога.

Статуты ВКЛ, нягледзячы на запазычанні з многіх біблійных прынцыпаў, натуральна, не сталі Бібліяй.

Яны засталіся помнікам свецкага, а не рэлігійнага права. Але імкненне законатворцаў абаперці свецкія законы на біблійны маральны закон відавочнае. У тых выпадках, якія не былі закрануты ў Статутах, суддзям прадпісвалася кіравацца сумленнем і хрысціянскім правам (Раздз. 4, арт. 54) (Статут … 1588, 2010: 608).

66 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) Некаторыя высновы Праведзены аналіз паказвае, што роля біблійных тэкстаў у фармаванні палітыка-прававой культуры жыхароў Вялікага Княства Літоўскага не знайшла шырокага адлюстравання ў беларускай гістарыяграфіі.

Насамрэч, гэтая роля выключная і заўважная адразу пры бесстароннім разглядзе помнікаў права і палітычных трактатаў таго часу, а таксама аналізе твораў і дзейнасці шэрагу выбітных асоб, якія ўплывалі на палітычнае жыццё дзяржавы.

Мала хто з папярэдніх даследчыкаў звяртаў увагу на Біблію як на асобную крыніцу, якая ўплывала на стварэнне Статутаў ВКЛ. Хаця амаль усе адзначаюць пры гэтым важную ролю царкоўнага і кананічнага права як сістэматызаваных правілаў (нормаў) каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, якія датычылі не толькі царкоўнага ўладкавання, але закраналі і свецкае жыццё.

У аснову нормаў кананічнага права, безумоўна, браліся біблійныя тэксты, і таму ўжо тут можна пабачыць ускосныя ўплывы Пісання на Статуты, але яны на гэтым не заканчваліся. Не адмаўляючы ўжо прыгаданых іншымі даследчыкамі крыніц права, Біблію варта вылучыць як самастойную крыніцу права, якая паступова набірала вагу на працягу XVI стагоддзя, становячыся больш даступнай, чытанай і ўплывовай. Шырокае кола палітычнай эліты таго часу, якая прымкнула да ідэяў Рэфармацыі, сваю ўвагу ў пошуку прынцыпаў грамадскага жыцця звяртала не на кананічнае ці царкоўнае права, а непасрэдна на самі тэксты Слова Божага.

Боскі закон, які скіраваны ў вечнасць і апелюе да нязменнага маральнага абсалюту, якім з’яўляецца Бог і ягонае слова, перададзенае ў Бібліі, стаў трывалым падмуркам, які вызначыў развіццё прававой думкі ВКЛ і заклаў аснову для паступовага фармавання грамадства, якое кіруецца правам. Статуты ВКЛ з’яўляюцца таму добрым сведчаннем. Можна заўважыць, што біблійныя ўплывы павялічваюцца па меры пашырэння Рэфармацыі і аказваюць найбольшы ўплыў на дзве апошнія рэдакцыі Статутаў ВКЛ, у падрыхтоўцы якіх значную ролю адыгрывалі пратэстанты.

На жаль, далейшыя перамены ў духоўным жыцці Рэчы Паспалітай, прывялі да ігнаравання некаторых важных законаў, у прыватнасці, пра верацярпімасць, і выклікалі адыход саміх уладароў ад разумення сваёй ролі як “хрысціянскіх” каралёў, а шляхты ад “агульнага дабра”, парушылі грамадскі мір і паступова прывялі Рэч Паспалітую да заняпаду.

Літаратура 1. Акіньчыц, Станіслаў (2002). “Рэфармацыя – аднаўленьне першапачатковага вобразу”, у Рэфармацыя і залаты век Беларусі . Мінск: Беларускі кнігазбор.

2. Акіньчыц, Станіслаў (2003). “Час узнёсласьці”. Новы час, 20.03.2003. URL (доступ 10.09.2013): http://belreform.org/news/200303.php 67 Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага № 22-23 (2014-2015) 3. Бокун, Антоні (2012). “Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі, або Як сьвядомасьць вызначыла быцьцё”, ARCHE , 112−113(1−2): 18−34 4. Васілевіч Рыгор, Доўнар Таісія, Юхо Іосіф (2001). Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі. Мінск: ВТАА “Права і эканоміка”.

5. Вішнеўская, Ірына (2009). “Прававая канцэпцыя Францыска Скарыны і Статут Вялікага княтсва Літоўскага 1529 г.”, у Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 года – падмурак развіцця беларускай дзяржаўнасці і канстытуцыяналізму (Да 480-годдзя прыняцця) . Мінск: БДУ.

6. Волян, Андрэй (1572; 2009). Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе . Мінск:

Выд. Зміцер Колас.

7. Грыцкевіч Анатоль (2005). “Валовіч Астафій”, у Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя . У 2 т. Т. 1: 383 Мінск: БелЭн.

8. Доўнар, Таісія (2014). Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: падручнік. Мінск:

Адукацыя і выхаванне.

9. Доўнар, Таісія (2000). Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV–XVI стагоддзях. Мінск: “Пропилеи”.

10. Доўнар, Таісія. (2008). “Прынцыпы справядлівасці і законнасці ў старажытным беларускім заканадаўстве”, у Законность и правопорядок . №1: 57–61.

11. Доўнар, Юлія (2005). “Уплыў Рэфармацыі на ўдасканаленне судовай улады ў Вялікім княстве Літоўскім”, у Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе. Мінск: Беларускі кнігазбор.

12. “Зварот падканцлера ВКЛ Л.Сапегі да саслоўяў ВКЛ з нагоды прыняцця Статута ВКЛ” (2010), у Т.У.Бялова (гал. рэд.), Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя .

Т. 3. Мінск: БелЭн.

13. Катэхізіс: Помнік беларускай Рэфармацыі XVI ст. (1562; 2005). Мінск: Юніпак.

14. Келли, Дуглас Ф. (2005). Появление свободы в современном мире. Влияние Кальвина на пять правительств с XVI до XVIII веков. С.-Петербург: Реформатская Теологическая Семинария.

15. Лаппо, Иван (1934). Литовский Статут 1588 г. Т. 1. Ч. 1. Каунас.

16. “Найясьнейшаму Пану Жыгімонту Аўгусту…” (1563; 2012), ARCHE, №112−113 (1−2):

253−256.

17. Номоканон при Большом Потребнике. URL (доступ 30.03.2015): http://www.agioskanon.ru/nomokanon/ 18. Падокшын, Сямён (2000). “Палітычная і прававая думка Беларусі XVI-XVII стст” у С. А.Падокшын і С .Ф. Сокал. Дзяржаўнасць і права Беларусі са старажытных часоў да канца XVI ст. Ч. 4. Мінск.

19. Падокшын, Сямён (2002). “Роздум над Рэфармацыяй у Вялікім княстве Літоўскім”, у Рэфармацыя і залаты век Беларусі . Мінск: Беларускі кнігазбор.

20. “Прывілей 1447 года” (2010), у Т.У.Бялова (гал. рэд.), Вялікае княства Літоўскае:

энцыклапедыя . Т. 3. Мінск: БелЭн.

21. Скарына, Францыск (1969). Прадмовы і пасляслоўі . Мінск: Навука і тэхніка.

22. Сільчанка, Мікалай (2008). Агульная тэорыя права. Гродна: ГрДУ.

23. Сільчанка, Мікалай (2012). Тэорыя крыніц беларускага права. Гродна: ГрДУ.

24. “Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г.” (2010), у Т.У.Бялова (гал. рэд.), Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя . Т. 3. Мінск: БелЭн.

25. “Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г.” (2010) у Т.У.Бялова (гал. рэд.), Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя . Т. 3. Мінск: БелЭн.

26. “Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.” (2010), у Т.У.Бялова (гал. рэд.), Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя . Т. 3. Мінск: БелЭн.

68 Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ № 22-23 (2014-2015) 27. “Сума або кароткае апісаньне ўсяго Сьвятога Пісаньня, гэта значыцца Кнігаў Старога і Новага Запавету” (1563; 2012), ARCHE , 112–113(1–2): 257–259.

28. Томсинов, В.А. (1992). “Религиозные мотивы в правовой культуре Великого княжества Литовского (на материале Статута 1588 г.)” у Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі ХІІІ – пач. ХХ стст. Кн. 4. Ч. 2: 279−285.

Гродна.

29. Трацяк, Іван (2003). Біблія ў кантэксце беларускай культуры . Гродна: ГрДУ.

30. “Тэкст Бельскага прывілея 1564 г.” (2010), у Т.У.Бялова (гал. рэд.), Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя . Т. 3. Мінск: БелЭн.

31. Циммерман, Аугусто (2006). Христианские принципы верховенства закона на Западе: наследие свободы и защита от тирании. URL (доступ 8.09.2013): http:// belreform.org/ru/zakon.php 32. Юхо, Іосіф (1991). Крыніцы беларуска-літоўскага права . Мінск: Беларусь.

33. Balinski, Michal (1843). “Andrzej Wolan”, у Pisma Historyczne . T. III. Warszawa.

34. Grudem, Wayne A. (2010). Politics – according to the Bible: a comprehensive resource for understanding modern political issues in light of Scripture. Grand Rapids, Michigan:

Zondervan.

35. Schaeffer Francis A. (2005) How Should We Then Live? The Rise and Decline of Western Thought and Culture. Wheaton: Crossway Books.

36. Spencer, Nick. (2012) “The Bible and politics. Christian sources of British political thought”, Cambridge Papers, 21(2): 1–4.

37. Zakrzewski, Andrzej B. (2012). “Prawo Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI–XVIII wieku – teoria a praktyka”, у Вялікае Княства Літоўскае і суседзі: Права. Вайна.

Дыпламатыя. Мінск: БІП: 13–33.