№ 22-23 (2014-2015) Анатацыі і ключавыя словы Грамадская і прававая традыцыя ВКЛ Дэвід Фрык. Цярпенне невыцерпнага: суіснаванне ў Вільні XVII стагоддзя Артыкул прысвечаны разгляду практык талерантнасці і суіснавання розных рэлігійных і этнічных супольнасцяў Вільні XVII стагоддзя. У раннім Новым часе Вільня мела вельмі разнароднае насельніцтва: лютэране, кальвіністы, каталікі, уніяты, праваслаўныя, юдэі, мусульмане. Аўтар ставіць пытанне пра тое, якім чынам забяспечвалася адносна мірнае суіснаванне розных супольнасцяў у эпоху рэлігійных канфліктаў і войнаў. Праз аналіз асобных сацыяльных практык (шлюб, рассяленне, хрышчэнне і гэтак далей), а таксама параўнанне з іншымі гарадамі Еўропы (нямецкія імперскія гарады, Львоў), вызначаецца месца Вільні на шкале талерантнасці еўрапейскіх гарадоў ранняга Новага часу.
Ключавыя словы: Вільня, талерантнасць, рэлігійныя супольнасці, канфесійная гісторыя.
Наталля Сліж. Гарадзенскі бурмістраўска-радзецкі суд: суадносіны судовай практыкі з магдэбургскім правам (1639–1642 гады) Дзейнасць гарадзенскага бурмістраўска-радзецкага суда мала вывучана ў гістарыяграфіі. Асноўнай крыніцай па даследаванні судовай практыкі стала кніга за 1639– 1642 гады. Яна дала магчымасць прааналізаваць асаблівасці працы суда, яе адпаведнасць заканадаўству, склад суда. Установа працавала ў адпаведнасці з прывілеямі і заканадаўчымі актамі, такімі як “Саксонскае Люстра” і “Вейхбільд”. Суд займаўся як актыкацый дакументаў, так і разглядам судовых спраў. Кваліфікацыя ўраднікаў дазваляла весці справаводства ў адпаведнасці з заканадаўствам, але пры гэтым не абышлося без канфліктаў, злоўжыванняў і правапарушэнняў.
Ключавыя словы: магістрат, магдэбургскае права, судовая практыка.
Юрась Бачышча. Біблійныя ўплывы на Статуты Вялікага Княства Літоўскага Аўтар звяртае ўвагу на важную ролю Бібліі ў фармаванні права Вялікага Княства Літоўскага. Робіцца аналіз ключавых ідэяў эпохі, ідэйнай скіраванасці складальнікаў Статутаў і саміх тэкстаў гэтых прававых помнікаў. Заўважаецца тэндэнцыя збліжэння заканадаўства ВКЛ з біблійным законам на працягу XVI стагоддзя. Адзначаецца ўплыў Рэфармацыі на разуменне біблійных каштоўнасцяў у тагачасным грамадстве 11 № 22-23 (2014-2015) ВКЛ. Уплывы Бібліі спрыялі пашырэнню ідэі каштоўнасці свабоды і жыцця чалавека, а таксама маральнага вымярэння закону.
Ключавыя словы: Статуты ВКЛ, Біблія, гісторыя права, Вялікае Княства Літоўскае, рэнесанс.
Літаратура і палітыка Ганс Ротэ. Што такое “старажытнаруская літаратура”?
Тэкст падсумоўвае шматгадовыя даследаванні аўтара па вывучэнні старажытнай літаратуры ўсходніх славян – як уласна першакрыніц, так і больш позніх інтэрпрэтацый, а таксама развіцця славістыкі як дысцыпліны, што адчувала значныя палітычныя ўплывы. Аналізуецца паходжанне феномену “старажытная руская літаратура”, раз віццё корпусу тэкстаў, праблема ўплываў і запазычванняў. Значная ўвага надаецца інстытуцыянальным аспектам развіцця кніжнай культуры Усходняй Еўропы, а таксама розным ацэнкам і інтэрпрэтацыям феномена “старажытнарускай літаратуры” ў навуковых даследаваннях XIX і XX стагоддзя.
Ключавыя словы: старажытнаруская літаратура, гісторыя літаратуры, Старажытная Русь, славістыка.
Палемікі і працоўныя матэрыялы Леанід Цімашэнка. Спрэчныя пытанні з гісторыі Берасцейскай уніі У тэксце пазначаюцца некаторыя актуальныя праблемы вывучэння Берасцейскай уніі 1596 года, робіцца спроба развесці ўласна навуковыя і грамадска-палітычныя праблемы ў асэнсаванні падзеі, пазначаюцца асноўныя напрамкі і дасягненні ў даследаванні крыніц, матываў і рэакцыі на праект злучэння каталіцкай і праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім. Пазначаюцца найбольш спрэчныя і дыскусійныя пытанні.
Ключавыя словы: Берасцейская унія, канфесійная гісторыя, гістарыяграфія, уніяцтва.
Аляксей Мартынюк. Бернхард Прытвіц: “нямецкі казак” на стэпавай мяжы Кароны і Княства ў XVI стагоддзі Артыкул прысвечаны Бернхарду Прытвіцу (каля 1500–1561), старасту горада Бар і аднаму з арганізатараў абароны Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ад татарскіх набегаў. Прытвіц стаяў ля вытокаў з’яўлення казацтва на раннім этапе, яго “Мемарандум” і лісты з'яўляюцца важнай крыніцай па гэтым пытанні. Дзейнасць Бернхарда Прытвіца разглядаецца ў кантэксце агульных працэсаў, якія адбываліся ў XVI стагоддзі на стэпавай мяжы Рэчы Паспалітай, Маскоўскай дзяржавы і іншых краін Усходняй Еўропы.
Ключавыя словы: Польскае Каралеўства, Вялікае Княства Літоўскае, стэпавая мяжа, казацтва, татары.
12 № 22-23 (2014-2015) Філіп Падбярозкін. Альберт Кранц і Іван Жахлівы: гісторыя аднаго паслання Альберт Кранц – канонік Любека, нямецкі гуманіст і аўтар некалькіх гістарычных прац, прысвечаных гісторыі народаў “Germaniae magnae” – існуючай, на яго думку, этнатэрытарыяльнай супольнасці германцаў і славян. Аб'ектам даследавання стане яго праца “Вандалія”. “Вандалія” прасякнутая духам перадрэфармацыйнага нямецкага гуманізму, у ёй адлюстраваныя класічныя для позняга сярэднявечча ідэі “сваёй” антычнасці. Аўтар лічыць актуальным спецыяльны разгляд “рускіх” сюжэтаў “Вандаліі” з прычыны таго, што праца была выдадзеная яшчэ да “Нататак пра Масковію” Сігізмунда Герберштэйна і дагэтуль застаецца малавядомай рускамоўнаму чытачу.
Ключавыя словы: рэнесансная гістарыяграфія, Маскоўская дзяржава, Іван Жахлівы, Альберт Кранц, Wandalia.