Часопіс “Палітычная сфера”

Непазбыўныя руіны марксізму. После советского марксизма: история, философия, социология и психоанализ в национальных контекстах (Беларусь, Украина) (2013)

Аляксей Ластоўскі · 2013

№ 21 (2) 2013 Аляксей Ластоўскі Непазбыўныя руіны марксізму После советского марксизма: история, философия, социология и психоанализ в национальных контекстах (Беларусь, Украина) (2013). Сост., науч. ред. О. Шпарага. Вильнюс: ЕГУ. 288 с.

140 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (сацыяльныя дысцыпліны) Рэфлексія над станам сацыягуманітарных ведаў у нашай краіне – гэта вельмі карысная справа. На вялікі жаль, карысная найперш таму, што такіх спроб практычна не адбываецца, не лічыць жа асэнсаваннем рэальнага становішча навукі бравурныя справаздачы акадэмічнага і ўніверсітэцкага кіраўніцтва.

Таму ажыццяўленне даследавання ў межах праграмы CASE (Цэнтр перадавых даследаванняў і адукацыі пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце) і выхад калектыўнай манаграфіі “Пасля савецкага марксізму” можна толькі шчыра вітаць, бо ледзь не ўпершыню мы сустракаемся з глыбокай і досыць карэктнай спробай прааналізаваць тэарэтычнае і метадалагічнае развіццё сацыягуманітарных навук у Беларусі.

Натуральна, што першым чысціць аўгіевы стайні найцяжэй, таму нельга сказаць, што ўсё паспяхова рэалізавана ў гэтым выданні. Але трэба адзначыць:

аўтары ставяць да беларускай навукі цяжкія і сур’ёзныя пытанні, якія надалей ужо немагчыма ігнараваць.

У прадмове кіраўнік даследчага праекта і навуковы рэдактар Вольга Шпарага адзначае, што манаграфія набыла форму “песімістычнага выказвання”, і дадзеная тэхніка крытыкі і дэканструкцыі (якая паслядоўна вынікае з арыентацыі на падыход Мішэля Фуко) дазваляе спрасціць, радыкалізаваць і ўзрушыць, але разам з тым пакідае шмат чаго па-за фокусам даследчыка і па-за разуменнем чытача. У дадзенай рэцэнзіі я паспрабую якраз сканцэнтравацца на дыялагічным дапаўненні гэтага выказвання і разбаўлю канцэнтраваны песімізм кропелькамі аптымізму.

Напачатку трэба адзначыць трохі дзіўны выбар сацыягуманітарных навук для разгляду, зроблены аўтарскім калектывам “Пасля савецкага марксізму” – сюды патрапілі гісторыя, філасофія, сацыялогія і псіхааналіз. Калі выкарыстоўваць параметры інстытуцыйнай рэпрэзентацыі і колькасці даследчыкаў/даследаванняў, то псіхааналіз у Беларусі з’яўляецца відавочна маргінальнай з’явай, ды і ў разгледжаным тэксце гэты кавалак тэарэтычна і метадалагічна “своеасаблівы” (як прызнае ў прадмове Вольга Шпарага). Сітуацыя выглядае на тое, што выбар быў абумоўлены ў значнай ступені зацікаўленасцямі і заангажаванасцю калектыва аўтараў, бо па-за межамі даследавання засталіся такія прынцыпова істотныя для беларускай гуманістыкі дысцыпліны, як літаратуразнаўства і філалогія, а таксама вельмі праблематычны і разам з тым досыць супярэчлівы стан беларускай паліталогіі.

Таксама не варта разлічваць на параўнанне развіцця сацыягуманітарных ведаў у нацыянальных кантэкстах Беларусі і Украіны, што абяцае назва на вокладцы. Адзіную магчымасць для параўнання дае параграф у манаграфіі аўтарства Вахтанга Кебуладзэ, які яскрава апісвае развіццё філасофскай навукі ва Украіне як працэс фарміравання незалежных філасофскіх супольнасцей. Паколькі нейкія кампаратыўныя высновы на гэтай падставе зрабіць немагчыма, то дадзены кавалак яшчэ больш “маргінальны”. Але мой уласны досвед удзелу ў розных міжнародных праектах падказвае, што тут цяжка вінаваціць 141 № 21 (2) 2013 толькі аўтараў. Гэта прынцыповая ўстаноўка фундацыі CASE (якая фінансавала дадзенае даследаванне) на рэалізацыю менавіта міжнародных і параўнальных даследчых праектаў, і тут закладзены важныя інтэнцыі, ды толькі яны з цяжкасцю рэалізуюцца на практыцы. Кампаратыўныя даследчыя праекты на належным метадалагічным узроўні рабіць значна цяжэй, чым даследаванні ў асобным нацыянальным кантэксце, таму варта з паразуменнем паставіцца да гэтай спробы звязаць разам беларускія і ўкраінскія сацыягуманітарныя навукі.

Разам з тым, у якасці істотнай перавагі варта адзначыць узгодненасць тэарэтычных і метадалагічных пазіцый аўтарскага калектыва, супольнасць не толькі дыспазіцый, але і мовы апісання. У выніку манаграфія чытаецца як прадукт “агульнага розуму”, а не канстэляцыя разрозненых артыкулаў. У якасці тэарэтычных падстаў даследавання аўтарамі вызначаюцца два асноўныя канцэпты: сацыяльных палёў П’ера Бурдзьё (трэба адзначыць, што французскім сацыёлагам гэты канцэпт быў выкарыстаны і пры аналізе вельмі блізкага аб’екта – французскай навукі) і дыскурсу Мішэля Фуко. Пры ўсёй блізкасці гэтых двух падыходаў іх нельга назваць цалкам сумяшчальнымі, і тэкст “Пасля савецкага марксізму” якраз з’яўляецца таму добрым доказам. Пры досыць інтэнсіўным выкарыстанні дыскурсаналізу тэрмін “поле” не мае ў разгледжанай манаграфіі сацыялагічнага вымярэння, ён не напоўнены пазіцыямі, сувязямі, стратэгіямі (калі не казаць пра рытарычнае і малапрадуктыўнае размежаванне афіцыйнага і неафіцыйнага палёў гістарычнай навукі). Але і гэты сацыяльна-філасофскі (і антысацыялагічны) ухіл агульны для ўсіх аўтараў, што зноў жа спрыяе кансалідаванасці тэксту.

У якасці аднаго з асноўных інструментаў дысцыплінарнага аналізу выкарыстоўваецца паняцце навуковай школы, і шмат увагі аўтарамі надаецца пошукам розных школ у беларускіх сацыяльна-гуманітарных навуках. Гэта вельмі істотнае для даследавання паняцце вызначаецца як “адзін з найбольш дакладна арганізаваных навуковых калектываў, вырашальным для якога з’яўляюцца адносіны настаўнік–вучань” (с. 61).

Але ў адрозненне ад сацыялогіі – навукі, дзе існаванне навуковых школ вызначаецца праз акрэсленыя крытэрыі, у разгледжанай манаграфіі вызначэнне існавання ці неіснавання школ было пакінута выключна экспертнай ацэнцы, што з’яўляецца працоўным механізмам, ды толькі з сумнеўнай прадуктыўнасцю. Пра тое ж сведчыць і стаўленне да існавання навуковай школы Галіны Сакаловай:

альбо яна не існуе (с. 101), альбо ўсё ж існуе (с. 182). У выпадку адсутнасці ясных параметраў вызначэння навуковай школы такія супярэчнасці будуць непазбежнымі.

Для аналізу стану сацыяльна-гуманітарных навук аўтарамі выкарыстоўваецца крытэрый “сучаснасці” (адначасовай адпаведнасці прынятым на Захадзе стандартам навукі і разам з тым здольнасці выкарыстоўваць новыя метады і тэорыі для прадукавання якасна новай веды), але не высвятляецца, як на зададзеную інавацыйнасць навукі ўплывае наяўАляксей Ластоўскі. Непазбыўныя руіны марксізму 142 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (сацыяльныя дысцыпліны) насць альбо адсутнасць навуковых школ. Натуральна, яны маюць прынцыповае значэнне для інстытуцыйнага афармлення дысцыпліны, для рэтрансляцыі тэорыі і падыходаў, для выбудоўвання нефармальных сувязей. Але развіццё дысцыплін праз засваенне новых падыходаў і метадаў можа ісці цалкам спакойна па-за межамі навуковых школ, і тады падаецца сумнеўным агульны сэнс археалагічных пошукаў навуковых школ у Беларусі. Прынамсі гэты сэнс патрабуе высвятлення і вытлумачэння.

Баюся патрапіць у чарговы віхур дыскусій пра еўропацэнтрызм і посткаланіялізм, але таксама не магу цалкам пагадзіцца з поўным атаясамленнем прагрэсіўнага і належнага для сацыяльна-гуманітарных навук з заходнімі стандартамі. Цалкам зразумела, што зараз менавіта ў заходнееўрапейскіх краінах канцэнтруюцца розумы і рэсурсы, і гэта дазваляе казаць аб працягу еўраатлантычнай гегемоніі.

Ex occidente lux, хто ўжо будзе з гэтым спрачацца? Але ж неабходнасць рэфлексіі над уласным станам сацыяльнагуманітарнай веды ніяк не пазбаўляе неабходнасці асэнсавання заходніх стандартаў, што было прынцыпова істотным для тых жа Фуко і Бурдзьё.

Гэту пагрозу бескрытычнай ідэалізацыі Захаду ўсведамляе і апісвае ў сваім тэксце Вахтанг Кебуладзэ, у той час як для беларускіх аўтараў праблемы посткаланіяльнай залежнасці адчуваюцца вельмі слаба.

Гэта наноў мае істотнейшае значэнне для аналізавання стану беларускіх сацыяльна-гуманітарных дысцыплін:

ці мы будзем даследаваць, у якой ступені ў мясцовым кантэксце былі прынятыя і адаптаваныя новыя заходнія тэхнікі (што адразу непазбежна вядзе да песімістычнага настрою, паколькі ў сітуацыі адставання і запазычвання немагчыма выйсці на станоўчы вынік), альбо будзем даследаваць, як мясцовы кантэкст змяняецца і трансфармуецца – пад рознымі ўплывамі, але таксама і ў пошуках уласнай аўтэнтычнасці. Абраны даследчым калектывам курс папросту “адразае” (ці ў лепшым выпадку істотна рэдукуе) гэты слой мыслення.

Відавочным плюсам даследавання з’яўляецца актыўнае і інтэнсіўнае выкарыстанне экспертных інтэрв’ю, што, безумоўна, дадае вартасці і глыбіні аналізу. Застаецца толькі шкадаваць, што інтэрв’ю было зроблена не так шмат, як хацелася б – асабліва гэта датычыць гістарычнай часткі, ажыццёўленай Аляксеем Братачкіным. Усё ж чатыры гутаркі з надзвычайнымі цяжкасцямі могуць прадстаўляць нашу шматлюдную і вельмі разнастайную групу беларускіх гісторыкаў. Гутаркі з экспертамі-сацыёлагамі былі надрукаваныя ў якасці дадатку, і гэта таксама дадае вартасці выданню, чытаюцца гэтыя гутаркі (апроч пісьмовага і канцылярскага інтэрв’ю Галіны Сакаловай) на адным дыханні. Шкада, што з нейкіх прычын інтэрв’ю з гісторыкамі і філосафамі не былі надрукаваныя, а гэта б толькі прыўзняла каштоўнасць манаграфіі.

Сама структура кнігі выклікае шмат пытанняў. Яна разбітая на дзве часткі, але прынцып падзелу таксама досыць супярэчлівы. Першая глава атрымала назву “Трансформирующееся знание: дискурсивные стратегии, исследовательские программы и мо- 143 № 21 (2) 2013 дели научности” і складаецца з частак пра постсавецкую метадалогію беларускай гістарыяграфіі (Аляксей Братачкін), аб шляхах перавызначэння беларускай філасофіі (Вольга Шпарага), а таксама пра развіццё беларускай сацыялогіі (Галіна Русецкая). Здавалася б, другая глава мусіла быць пра тыя ж дысцыпліны, але ва ўкраінскім кантэксце, і яна пачынаецца сапраўды з тэксту пра ўкраінскую філасофію (Вахтанг Кебуладзэ).

Але насамрэч глава носіць досыць абстрактную назву “Социогуманитарное знание и общество: проблемы и перспективы соотнесения” і працягваецца параўнаннем беларускіх і заходніх універсітэцкіх падручнікаў па філасофіі (Ігар Гафараў), аналізам прапрацоўкі савецкага мінулага ў падручніках па гісторыі (Аляксей Братачкін) і разважаннямі Галіны Русецкай пра выклікі для тэарэтычнага развіцця беларускай сацыялогіі. У якасці дадаткаў – зноў жа тэкст Русецкай пра перспектывы псіхааналізу на постсавецкай прасторы і згаданыя вышэй інтэрв’ю беларускіх сацыёлагаў. Адразу ж бачна, што калі ў першай главе захоўваецца нейкая структурная адпаведнасць (тры дысцыпліны – тры гісторыі іх постсавецкага станаўлення), то ў другой главе проста разглядаюцца розныя сюжэты, падбор якіх зноў жа абумоўлены найперш аўтарскімі зацікаўленнямі.

Таму больш падрабязна я спынюся на разглядзе якраз першай главы, найбольш канцэптуальнай для дадзенай манаграфіі.

Аляксей Братачкін аналізуе постсавецкія трансфармацыі беларускай гістарычнай навукі, паставіўшы ў якасці галоўнага пытання “какие изменения произошли в теоретических основаниях работы историков” (с. 12). Цалкам слушна ён выбудоўвае генеалогію змен з савецкай эпохі, з перыферыйным статусам беларускай навукі і залежнасцю ад марксісцкаленінскай метадалогіі (у яе рэдукаваным варыянце). Застаецца толькі пагадзіцца з аўтарам, што не трэба дэманізаваць татальны ідэалагічны кантроль над навукай, паколькі існавала і адмысловая рытуальнасць ідэалагічных спасылак, нераўнамернасць кантролю над рознымі даследчымі сферамі, а таксама спробы рэвізіі схаластычных падыходаў. Але большую ўвагу Аляксей Братачкін надае ўжо постсавецкім трансфармацыям беларускай гістарычнай навукі, асабліва ў плане пошукаў новай метадалогіі. Дзеля гэтага ён аднаўляе карціну дыскусій сярод беларускіх гісторыкаў пачатку 1990-х гадоў, калі быў відавочным трэнд на адыход ад марксісцкай метадалогіі да “нацыянальнай канцэпцыі гісторыі”. На жаль, гэты трэнд сапраўды быў вельмі моцна завязаны на актуальныя сацыяльна-палітычныя пераўтварэнні, што не дазволіла выбудаваць хоць мінімальную аўтаномію гістарыяграфіі ў Беларусі і пакінула гісторыю на скрыжаванні палітычных дыскусій.

Наймацнейшы момант у дадзеным тэксце – крытыка “цывілізацыйнага падыходу”, які па сутнасці стаў чарговай псеўданавуковай канцэпцыяй, што дазволіла прыхільнікам цывілізацыйнай моды без асаблівага напружання падфарбаваць пад сучаснасць рыторыку, не змяняючы стылю і метадаў працы. Аляксей Аляксей Ластоўскі. Непазбыўныя руіны марксізму 144 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (сацыяльныя дысцыпліны) Братачкін досыць востра крытыкуе розныя праекты “метадалогіі гісторыі”, якія паўставалі ў апошнія два дзесяцігоддзі ў Беларусі, паказваючы іх тэарэтычную абмежаванасць і неадэкватнасць сучасным тэндэнцыям развіцця гуманістыкі (не толькі гісторыі). У спробе рэканструкцыі “поля” гістарычнай навукі ён абапіраецца на ўжо традыцыйны падзел акадэмічнага поля на афіцыйнае/неафіцыйнае, хоць, здаецца, і сам разумее вычарпанасць і абмежаванасць гэтай канструкцыі. Але, калі абапірацца на дыскурсіўныя формы, такі падзел можна лічыць досыць устойлівым, у той час як сацыялагічнае вымяранне “поля навукі” (межы, іерархіі, стратэгіі) аўтарам ігнаруецца. У выніку мы сапраўды атрымоўваем востры і крытычны погляд на метадалагічны стан беларускай гістарыяграфіі.

Тым не менш, мне асабіста падаецца, што аўтарскае гледзішча патрапіла ў ім жа крытыкаваную пастку “вялікага наратыву”, дзе важныя праблемы мусяць разбірацца і вырашацца ў загадзя акрэсленых і пазначаных для гэтага месцах. Таму аналіз падручнікаў па метадалогіі гісторыі можа наогул прывесці да высноў, што беларуская гістарыяграфія як такая не існуе, ці нагадвае сваім выглядам нейкага жудаснага кадаўра. Але ж гэта не так – замест таго, каб распрацоўваць метадалагічны апарат, беларускія гісторыкі папросту выбіраюць мікрастратэгіі даследчай працы: пры агульнай тэндэнцыі пазітывісцкай метадалогіі (не самай дрэннай) мы бачым пастаянныя і досыць плённыя пошукі па тых тэмах і з выкарыстаннем тых жа метадаў, што і ў заходняй гістарыяграфіі. Найбольш плённыя дасягненні ў вобласці гісторыі штодзённасці і вуснай гісторыі. Ды ці трэба адмаўляць вартасць прац, выкананых у пазітывісцкім ключы? Гэта таксама досыць спрэчнае пытанне.

Праблема перыферыйнасці, пазначаная для савецкага часу, застаецца нязменнай для Беларусі – аднак задача ў тым, каб свой статус не звесці да “падвойнай перыферыі”. Тут цяжка чакаць метадалагічных прарываў, але мікрастратэгіі прысваення і адаптацыі, якія накладваюцца на руплівую даследчую працу, могуць быць цалкам плённымі.

Вольга Шпарага ў сваім аналізе постсавецкай беларускай філасофіі таксама ставіць зыходную праблему – пераадоленне спарахнелай марксісцкай метадалогіі. Яна вылучае тры асноўныя плыні, якія сфарміраваліся якраз у спробах гэтага пераадолення: 1) “школа Сцёпіна”, звязаная з кафедрай філасофіі і метадалогіі навукі БДУ; 2) фенаменалогія, пераважна змешчаная ў ЕГУ і 3) школа беларускай філасофскай думкі ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі.

Асноўнай катэгорыяй для аналізу гэтых накірункаў становіцца іх суаднесенасць з “установкой современности”, як прынцыповы шлях для новага самавызначэння філасофіі і адначасова пераадолення схаластычнасці і адцягнутасці філасофскай веды, у савецкія часы штучна прыхаваных пад маскай “навукова-дыялектычнага матэрыялізму”.

Школа Сцёпіна перад намі паўстае пераважна як гістарычны артэфакт, прадукт мінулай эпохі, і тады нас цікавяць найперш людзі – і толь- 145 № 21 (2) 2013 кі ў другую чаргу ідэі. Стан гэтай школы ў постсавецкі час аўтарам аднаўляецца найперш праз крытычны разбор калектыўнай манаграфіі “Перспектывы навуковага розуму і метадалагічны дыскурс” (Зеленков і інш., 2000), дзе таксама ажываюць розныя псеўданавуковыя монстры (адпаведнікі “цывілізацыйнага падыходу” ў гістарыяграфіі): “каштоўнасці ўсходнеславянскай цывілізацыі”, “эвалюцыянізм” і “сінергетыка”. Толькі да канца незразумела, ці відавочная неадпаведнасць такіх установак крытычнаму аднаўленню падстаў навуковай веды, кансервацыя сэнсаў і рэальнасці была выкліканая сітуацыяй пакінутасці – зыходу з БДУ заснавальніка школы (Сцёпін) і яго найлепшага вучня (Фурс)? Калі арыентавацца на апошнія візіты Сцёпіна ў Мінск з выступамі пра выратавальную ролю традыцыйнай праваслаўнай цывілізацыі, то яны адпавядаюць настрою яго паслядоўнікаў у БДУ, і тады мы бачым сапраўдную рэтрансляцыю школы, праўда ўжо ў антынавуковым вымярэнні.

З найбольшымі сімпатыямі апісваецца Вольгай Шпарагай развіццё фенаменалагічнага накірунку, дзе прасочваецца прадуктыўнасць (тэксты, пераклады, канферэнцыі, часопіс “Топас”) еўрапейскага ўзроўню. Больш цікава тое, што аўтар смела і адкрыта высвятляе і галоўную праблему фенаменалогіі – прынцыповую выключанасць з беларускага кантэксту. Дыягназ тым больш каштоўны, бо праводзіцца знутры гэтага асяродка. У апошнія гады можна назіраць паступовы зварот фенаменолагаў да Беларусі (пра што сведчаць і тэматычныя нумары часопіса “Топас”), але пакуль што цяжка назваць гэта вяртанне на Радзіму паспяховым, тым больш ва ўмовах істотнага інстытуцыйнага крызісу філасофіі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

Значна больш крытычна аўтар абыходзіцца з гістарычна-філасофскім накірункам, падставай чаму з’яўляцца разгляд першага тома “Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” (Евароўскі і інш., 2008), падрыхтаванага Інстытутам філасофіі НАН Беларусі ў 2008 годзе. Асноўным лейтматывам крытыкі становіцца неадпаведнасць пастулатаў інтэлектуальнай гісторыі, закладзеных у гэты праект у першай метадалагічнай главе Ігарам Бабковым, і ўласна зместу выдання, перапоўненага субстанцыялізмам, атрыманым у спадчыну ад філасофіі марксізму-ленінізму. Пры частковай слушнасці заўваг трэба адзначыць, што варта больш істотна кантэкстуалізаваць працу гісторыкаў думкі і зразумець не толькі наяўныя хібы, але і дасягненні. У савецкі час менавіта гісторыя айчыннай філасофіі стала асноўным месцам прадукавання нацыянальнага мыслення, дзе фарміравалася альтэрнатыўнае разуменне ўласнай гісторыі. Сучасныя метады інтэлектуальнай гісторыі паказваюць накірункі далейшага дынамічнага развіцця. Але трэба разумець, што для любога праекта мусіць быць рэсурсная база (людзі, тэксты, фінансы, час). Ва ўмовах самафінансавання непазбежна выкарыстанне аўтарскіх распрацовак, выкананых у вельмі розных інтэлектуальных традыцыях. Гэта заканамерна нараджае метадалагічны разнабой, характэрны для трох таАляксей Ластоўскі. Непазбыўныя руіны марксізму 146 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (сацыяльныя дысцыпліны) моў “Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі”. Толькі праз прызму “наяўнасці/адсутнасці” канструктывізму ўсё змястоўнае ў гісторыі філасофскай думкі Беларусі можна ўспрымаць як нязначнае.

На жаль, параграф пра сацыялогію ў Беларусі значна саступае па ўзроўні асэнсавання і апісання гістарычнай і філасофскай часткам. Галіна Русецкая зрабіла сапраўды цікавыя інтэрв’ю з выбітнымі беларускімі сацыёлагамі, але пры гэтым аналіз інстытуцыйнага развіцця сацыялогіі робіць выключна на падставе гэтых гутарак, хай сабе і вельмі паказальных. Адпаведна, можна прачытаць самі тэксты інтэрв’ю ў дадатку, і знікае патрэба чытаць іх пераказ.

Пры гэтым практычна немагчыма рэканструяваць поле сацыялагічнай навукі ў Беларусі, паколькі для дэманстрацыі прынцыповых параметраў (дачыненні сацыёлагаў і эліт, узаемаадносіны паміж асноўнымі інстытутамі, выбудоўванне іерархій унутры сацыялагічнага поля) патрэбна было б шмат руплівай працы з выкарыстаннем масіваў дадзеных.

З апісання дыскурсіўных пазіцый вынікае шмат пытанняў больш інстытуцыйнага характару: якія адносіны паміж Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі і кафедрай сацыялогіі БДУ?

Якую ролю адыгрывае ў вытворчасці сацыялагічнай веды адзіны профільны часопіс? Ці сапраўды паўплываў на развіццё беларускай сацыялогіі легендарны метадалагічны семінар?

Напэўна, асноўная карысць гэтага тэксту ў тым, што ён нараджае шмат пытанняў, вось толькі дзе шукаць на іх адказ?

Калі крыху пераскочыць праз старонкі калектыўнай манаграфіі да параграфа 2.4 “Пределы научной нейтральности, или невостребованное социологическое воображение”, то там мы знойдзем хутчэй пералік выклікаў да беларускай сацыялогіі:

патрэба сацыялагічнага ўяўлення, неабходнасць інтэрпрэтацыі заходніх узораў сацыялагічнай думкі, канечнасць крытыкі сацыяльнага ландшафту, разуменне абмежаванасці сацыялагічнага апісання. Але гэтыя выклікі досыць відавочныя, большая частка з іх існуе ў сацыялогіі з нараджэння дысцыпліны, рэфлексія падстаў сацыялагічнай веды няспынная і ў беларускім кантэксце – і не толькі ў далучаных да манаграфіі інтэрв’ю.

Напэўна, мела б сэнс не проста пералічыць даўно вядомыя праблемы, але паглядзець, якім чынам яны вырашаюцца беларускімі сацыёлагамі.

У разгледжанай манаграфіі змяшчаецца яшчэ шмат цікавых сюжэтаў:

развіццё незалежных філасофскіх супольнасцей ва Украіне, параўнанне беларускіх і заходніх падручнікаў па філасофіі з непазбежнай высновай пра “згубленую структуру” беларускіх падручнікаў, аналіз прапрацоўкі савецкага мінулага ва ўніверсітэцкіх падручніках па гісторыі (з патрабаваннем увядзення ў гэтую працу этычна-антрапалагічнага вымярэння), разважанні пра перспектывы псіхааналізу на постсавецкай прасторы. Гэтыя сюжэты не з’яўляюцца аўтаномнымі, яна кладуцца ў агульную праблему рэвізіі савецкай тэарэтычна-метадалагічнай спадчыны, але галоўныя словы ў манаграфіі ўсё ж прамоўленыя ў першай главе.

147 № 21 (2) 2013 Асноўныя тэзісы рэзкія і крытычныя, і дадзеная праграмная бескампраміснасць вымушае ўважліва прыгледзецца да ўласнай працы прадстаўнікоў сацыяльна-гуманітарных навук у нашай краіне. Часам з-за дэканструвісцкай тэхнікі аўтараў пры аналізе знікаюць пазітыўныя моманты – тыя даследаванні і падыходы, якія нараджаюць новыя сэнсы і веды, таксама прысутнічаюць у беларускай навуцы. Але, напэўна, галоўная праблема дадзенай манаграфіі – не адсутнасць узважанасці, а выкарыстанне выключна аднаго метаду – дыскурсаналізу. З-за гэтага перад намі адкрываецца толькі адзін бок рэчаіснасці.

Але зноў жа, гэта піянерскае даследаванне, якое прыадчыніла браму маўчання, што варта мець на ўвазе.

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Зеленков, Анатолий и др., ред. (2000). Перспективы научного разума и методологический дискурс. Минск: РИВШ БГУ.

2. Евароўскі, Валерый і інш., рэд. (2008). Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Эпоха Сярэднявечча. Мінск: Беларуская навука.

Аляксей Ластоўскі. Непазбыўныя руіны марксізму