№ 21 (2) 2013 Аляксандр Пагарэлы Спрадвечнае памежжа Savchenko, Andrew (2009). Belarus – A Perpetual Borderland. Leiden - Boston:
Brill, 239 p.
Саўчанка, Андрэй (2009). Беларусь – спрадвечнае памежжа. Leiden Boston: Brill, 239 с.
125 № 21 (2) 2013 Вельмі радуе з’яўленне новых амерыканскіх даследаванняў на тэму Беларусі, аўтары якіх беларусы, чыё станаўленне як навукоўцаў адбывалася ў савецкім і постсавецкім кантэксце адначасова на радзіме і па-за яе межамі. Тым больш цікава прасачыць, як гэтыя чыннікі ўплываюць на даследчыя стратэгіі аўтараў, катэгорыі, якімі яны карыстаюцца. Разглядаемая тут кніга якраз будзе выдатнай нагодай для гэтага.
Навуковец з універсітэта Род-Айленда (Кінгстан, ЗША) Андрэй Саўчанка абараніў кандыдацкую дысертацыю па эканоміцы ў Акадэміі навук Беларусі, а пазней распачаў навуковую і выкладчыцкую кар’еру ў ЗША. Папярэдне ён займаўся параўнаўчым вывучэннем посткамуністычных трансфармацый Польшчы, балтыйскіх дзяржаваў і Беларусі. Кола яго навуковых зацікаўленняў уключае эканоміку і сацыялогію, а праблематыка, да якой ён звяртаецца, таксама досыць шырокая: навуковая спадчына Талката Парсанса, канцэпцыі таталітарызму і інш.
Зацікаўленні аўтара, яго метадалагічныя ўпадабанні сфарміравалі тыя падыходы, якія прывялі да паўстання разглядаемай манаграфіі “Беларусь:
спрадвечнае памежжа”, якая выйшла ў галандскім выдавецтве “Брыль” у серыі, назва якой можа збянтэжыць:
“Культура і гісторыя Расіі”.
Як вынікае ўжо з назвы, аўтар разглядае Беларусь як краіну на памежжы цывілізацыяў. Увасабленнямі гэтых двух розных цывілізацыяў – заходняй і ўсходняй – з’яўляюцца Польшча і Расія. Менавіта з пункту гледжання супрацьпастаўлення адзначаных цывілізацыйных полюсаў, іх уплываў, змяншэння ці ўзмацнення іх значэння аўтар і разглядае развіццё беларускай нацыі і дзяржавы і дзяржавы. У гэтым ён абапіраецца на польскага сацыёлага Рышарда Радзіка (Radzik, 2000), у кнігах і артыкулах якога такі падыход прадстаўлены даволі выразна.
З усяго вялікага мноства падыходаў Саўчанка выбраў такія: Сэмюэла Хантыгтана і Вацлава Белаградскага (Vaclav Belohradsky), якія разглядаюць цывілізацыі як непазбежна аддзеленыя адна ад другой і ўзаемавыключныя.
Пры гэтым Саўчанка зусім не ўлічвае канцэпцыю Беларусі як цывілізацыйнага памежжа, распрацаванай Эльжбетай Смулковай, першай амбасадаркай Польшчы ў Беларусі, і польскім антраполагам Аннай Энгелькінг, якая імкнецца паказаць, што ў беларускім кантэксце канфесійныя і цывілізацыйныя адметнасці ўзаемадапаўнялі, але не выключалі адна другую на ўзроўні лакальных супольнасцяў (Smółkowa, Engelking, 2007). Аднак Саўчанку цікавяць абагульненні на макраўзроўні, на узроўні цывілізацыяў.
Метадалагічна манаграфія Саўчанкі адпавядае мадэлі грамадства Талката Парсанса, якую ён спалучае з трыма падыходамі да канцэпцыі памежжа: геаграфічным (наяўнасць насельніцтва з прадстаўнікоў адной цывілізацыі ўнутры іншай); здольнасці розных сацыяльных груп успрымаць рысы паводзінаў і культуры прадстаўнікоў іншай цывілізацыі; трэці ж акцэнтуе шматузроўневы характар узаемадзеяння паміж мясцовымі нарматыўнымі структурамі і тымі, якія былі запазычаны звонку.
Такія структуры, паводле Саўчанкі, увасабляюцца ў інстытутах Аляксандр Пагарэлы. Спрадвечнае памежжа 126 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) грамадства памежжа. У якасці ж інстытутаў аўтар вылучае дзяржаву, кіруючую эліту, палітычную сістэму і эканоміку. Аналіз эвалюцыі інстытутаў цягам гісторыі і з’яўляецца прадметам увагі даследчыка. Варта адзначыць, што такі падыход пакідае адкрытым пытанне пра тое, якія элементы мясцовай культуры мелі першапачатковы характар, на колькі яны былі “ўсходнімі” ці “заходнімі” перад тым, як пачалі ўзаемадзейнічаць пры зменах унутры гэтых інстытутаў.
Саўчанка карыстаецца канцэпцыяй “культурнага суседства” Рамана Шпарлюка (Roman Szporluk), каб растлумачыць, што ў Беларусі, у адрозненне, скажам, ад той жа Літвы ці Эстоніі, не было такога своеасаблівага суседства, якое магло б спрыяць інтэграцыі ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору. Калі Літва бачыла сябе часткай германа-скандынаўскага суседства (!?) для далейшай інтэграцыі ў структуры ЕС і АПАД (NATO), а Эстонія магла разлічваць на падтрымку з боку Фінляндыі, то ў выпадку Беларусі пра такое суседства, на яго погляд, казаць не выпадае (c. 16).
Пры напісанні сваёй манаграфіі Саўчанка карыстаўся пераважна другаснай літаратурай, што не прадугледжвала працы ў архівах ці правядзення апытанняў. Выключэннем можна лічыць толькі дадзеныя інтэрв’ю з беларускай гарадской інтэлектуальнай супольнасці.
Кніга складаецца з трох вялікіх раздзелаў, кожны з якіх разбіты на некалькі частак. Першы раздзел – “Стварэнне памежжа”. Тут Саўчанка забягае наперад і робіць цікавае параўнанне міжваенных незалежных балтыйскіх рэспублік і Беларусі пасля 1991 года. Зноў жа, міжваенны эксперымент з парламентарызмам і звышдэмакратычнымі канстытуцыямі ў выпадку балтыйскіх дзяржаваў быў усё ж больш трывалы, працяглы і больш плённы, чым беларускі постсавецкі. У Беларусі, паводле Андрэя Саўчанкі, калі такі эксперымент у першыя гады незалежнасці і меў месца, то быў вельмі абмежаваны, нетрывалы і прывёў урэшце рэшт да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму.
Нягледзячы на ўсталяванне аўтарытарных рэжымаў Антанаса Сметоны (Antanas Smetona) у Літве (1926), Карліса Улманіса (Kārlis Ulmanis) у Латвіі (1934) і Канстанціна Петса (Konstantin Päts) у Эстоніі (1934), 1 пазнейшыя падзеі ў 1990-х гадах паказалі, што вопыт міжваеннай незалежнасці і дэмакратычны парламентарызм гэтага часу дапамаглі Балтыі дасягнуць значна большых поспехаў у пабудове дэмакратычных інстытутаў і інтэграцыі ў еўраатлантычныя структуры.
Свой аналіз станаўлення беларускіх земляў як памежжа Саўчанка пачынае з XVI стагоддзя, калі, паводле яго, у Еўропе пачаўся падвойны працэс развіцця нацыяў і мадэрнізацыі.
Такім чынам, аўтар не надае вялікага значэння папярэднім гістарычным і культурным працэсам. Гэта, аднак, можа змусіць чытача паставіць пад сумнеў “спрадвечны” характар памежнага статуса беларускіх земляў.
Разгляд тэндэнцый перыяду XVI– XVII стагоддзяў аўтар робіць у межах 1 У 1937 годзе, аднак, Эстонія перажыла частковае вяртанне да дэмакратыі.
127 № 21 (2) 2013 сваёй метадалогіі і адсочвае развіццё інстытутаў, эканомікі, і прыходзіць да высновы, што ў выніку слабасці гарадоў менавіта прадстаўнікі магнацтва і шляхты засталіся захавальнікамі тых інстытутаў, культурных мадэляў, модаў і ўплываў, звязаных з заходняй цывілізацыяй. Сялянства, якое складала асноўную масу насельніцтва, Саўчанка ў такой якасці не разглядае.
Далейшае развіццё Вялікага Княства Літоўскага, падзелы Рэчы Паспалітай, скасаванне царкоўнай уніі ў XIX стагоддзі сведчаць аб паступовым павелічэнні расійскіх уплываў і памяншэнні польскіх.
Наступны раздзел – “Ex Orient Lux: Беларуская нацыянальная дзяржава і Савецкі Саюз” засяроджваецца на беларускім нацыянальным праекце і тых гістарычных альтэрнатывах, якія стаялі перад нацыянальнымі элітамі. Важным тут аўтар лічыць не столькі нават, што беларуская нацыянальная дзяржаўнасць адбылася менавіта ў савецкай форме ў 1920-я гады, а тое, што ў той момант, калі беларускія эліты наблізіліся да рэалізацыі нацыянальнай незалежнасці, то не змаглі, на думку Саўчанкі, манапалізаваць за сабой ужыванне сілы на беларускіх землях праз рэсурс дзяржавы (скарыстоўваючы тут канцэпцыю Вебера). Менавіта гэта і прадвызначыла стасункі беларускага нацыяналізму і палітычнай улады ў XX стагоддзі (c. 71).
Саўчанка яўна перабольшвае прапольскі характар міжваеннай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Як яе друк, так і ідэалогію нельга назваць польскаарыентаванымі і дакладна не паланафільскімі. Стаўленне хадэкаў да Польшчы і палякаў можна вызначыць як прагматычнае, бо гістарычны досвед палякаў ва ўмовах падзелаў ХІХ стагоддзя быў надзвычай важны для беларускіх інтэлектуалаў, якія гуртаваліся вакол БХД для распрацоўкі стратэгіі беларускага нацыябудавання, стварэння інстытутаў і арганізацыяў, падрыхтоўкі глебы для нацыянальнай грамадзянскай супольнасці.
Саўчанка падкрэслівае вялікае значэнне менавіта заходняга вымярэння для фарміравання беларусаў як нацыі. Таму няма нічога дзіўнага, што ён вельмі шмат цытуе і выкарыстоўвае не толькі згаданага Рышарда Радзіка, але і іншых польскіх аўтараў.
Пры гэтым недакладна гучыць яго сцвярджэнне, што быццам бы ў міжваеннай Польшчы не было сацыялагічных даследаванняў на вёсцы. Даследаванні ў галіне сацыялогіі вёскі, антрапалогіі культуры і сацыяльных зменаў у міжваенны перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзіліся вельмі актыўна (Chałasiński, 1938).
Праводзіліся і іншыя адмысловыя замеры грамадскай думкі, лаяльнасці і ідэнтычнасці беларускага насельніцтва на замову польскіх дзяржаўных структураў і службаў бяспекі (Wysłouch, 1939; Zaremba, 1939).
Можна пагадзіцца з аўтарам у тым, што “савецкая мадэрнасць, заснаваная на ідэях і тэхналогіях запазычаных з Захаду (і ў некаторых выпадках адкінутых у месцах іх паходжання) прыйшла ў Беларусь у расійскай форме”. Аднак зноў Андрэй Саўчанка падкрэслівае, што ў выніку Другой сусветнай вайны савецкія інстытуты паказалі сваю жыццязАляксандр Пагарэлы. Спрадвечнае памежжа 128 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) дольнасць. Менавіта вайна, паводле даследчыка, стала глебай, на якой вырас нацыянальны міт і які ўплываў на пазнейшае ўспрыманне савецкага ладу. Пасляваенная мадэрнізацыя толькі яшчэ больш легітымізавала савецкія інстытуты ў вачах беларусаў.
Трэці і апошні раздзел “Памежжа назаўжды: сучасная Беларусь” аналізуе познесавецкі перыяд і тэндэнцыі ў эканоміцы і грамадстве. У познесавецкі перыяд большасць беларусаў не бачыла ў савецкім ладзе нічога дрэннага, бо папярэдне шмат выйграла ад савецкіх індустрыялізацыі і ўрбанізацыі.
Трэба зазначыць, што ўвага Саўчанкі ў гэтым раздзеле пераключаецца з інстытутаў на магчымасці беларускага грамадства сфарміраваць сярэдні клас – групу самадастатковых прыватных уласнікаў і незалежных ад дзяржавы прафесіяналаў. Слабасць гэтай групы Саўчанка і ўказвае ў якасці адной з прычынаў кансалідацыі і далейшага існавання сучаснага палітычнага рэжыму ў Беларусі.
Прымаючы гэта да ўвагі, трэба адзначыць, што паміж радкоў кнігі прабіваецца знакамітая афарыстычная тэза з навуковай спадчыны гісторыка і сацыёлага Барынгтана Мура малодшага: “Няма буржуазнай партыі ‒ няма і дэмакратыі” (Moore, 1974).
Гэта відавочна дэтэрмінісцкі падыход, на што звярталі ўвагу крытыкі Мура. У яго мадэлі не знаходзілася месца для “маленькіх” еўрапейскіх нацыяў Заходняй, Паўночнай і Усходне-Цэнтральнай Еўропы. Тым не менш, уплыў яго ідэй вельмі вялікі і гэта не дзіўна. Прапанаваны ім аналіз ролі памешчыкаў і сялян у стварэнні сучаснага свету і сцэнароў палітычнага развіцця розных грамадстваў у бок пабудовы дэмакратычных ці дыктатарскіх рэжымаў, з’яўляецца запатрабаваным і сёння.
Аднак аналіз на падставе такога падыходу не павінен быць рэдукцыянісцкім. Даследчык з Род-Айленда не паспрабаваў адаптаваць яго ідэі да беларускага кантэксту і прааналізаваў толькі адзін сацыяльны кампанент: эліты. Наўрад ці аўтар меў намер рэдукаваць асаблівасці эканамічнага і палітычнага развіцця беларускіх земляў да гэтага кампанента, але вынік атрымаўся менавіта такі.
Цягам усяго раздзелу аўтар вельмі шмат месца прысвяціў дэталёваму разгляду інфляцыйнай эканомікі Беларусі другой паловы 1990-х ‒ пачатку 2000-х гадоў. Можа скласціся ўражанне, што такі безумоўна патрэбны і актуальны аналіз, тым не менш, замінае асэнсаванню магчымага падмурку для сярэдняга класу ў Беларусі. Эмпірычныя дадзеныя на гэту тэму ў выглядзе табліц, графікаў і інш., на жаль, адсутнічаюць. Узгаданая аўтарам прэвентыўная палітыка рэжыму, што замінае паўстанню сярэдняга класу, не вычэрпвае магчымыя тлумачэнні.
Досыць цікавым можна лічыць падраздзел пад назвай “Палітычная эканомія інстытуцыянальнага сімбіёзу: Беларусь і Расія будуюць будучыню разам”. Тут аўтар адзначае, што хоць, дзякуючы аднаўленню вытворчых сувязяў і экспарту ў Расію, ільготным коштам на нафту ўдалося ажывіць беларускую эканоміку і нават мадэрнізаваць некаторыя вытворчасці, павялічыць інвестыцыі ў асобныя галіны, тым не менш гэтыя магчымасці 129 № 21 (2) 2013 не былі выкарыстаны для карэннай рэструктурызацыі. Такім чынам, інстытуцыянальны сімбіёз Беларусі і Расіі перажываў і будзе перажываць спробы перагляду і перафарматавання, што адбываецца не на карысць Беларусі, як лічыць Саўчанка.
Адной з прычынаў замацавання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі даследчык з Род-Айленда бачыць у тым, што ў беларусаў адсутнічае іншы, апрача савецкага, палітычны досвед. Праўда вышэй Саўчанка якраз згадвае міжваенную гісторыю Заходняй Беларусі, дзе беларусы ўпершыню ў гісторыі галасавалі за сваіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах. Што ж, у святле гэтага дадзены тэзіс можна лічыць больш чым спрэчным.
Спрэчным выглядае таксама сцвярджэнне аўтара, што “ ...ні тая [Расія], ні другая [Польшча] не зацікаўлены ў захаванні незалежнасці сваёй меншай суседкай... ”. Па-за ўвагай даследчыка засталася значная роля ідэяў рэдактара парыжскага часопіса “Культура” Ежы Гедройца (Jerzy Giedrojć) у выпрацоўцы сучаснага знешнепалітычнага курса Польшчы ў адносінах да яе ўсходніх суседзяў уключна з Беларуссю. А курс гэты грунтуецца на падтрымцы незалежнай і суверэннай Беларусі як будучай часткі адзінай Еўропы (Snyder, 2003).
Нельга пагадзіцца і са словамі аўтара пра тое, што пасляваенны абмен насельніцтва паміж Польшчай і БССР меў характар этнічнай чысткі. Сучасныя публікацыі не дазваляюць так катэгарычна пра гэта казаць (Вялікі, 2005; Mironowicz, Tokć, Radzik, 2005).
Саўчанка спрабуе акрэсліць верагодныя сцэнары будучага развіцця Беларусі, указваючы на самыя розныя чыннікі магчымых зменаў. Гэта могуць быць такія традыцыйныя інстытуты, як каталіцкі касцёл, ці новыя, як інтэрнэт. Варта дадаць, што пашырэнне пратэстанцкіх цэркваў таксама можа быць аднесена да такіх чыннікаў. Аднак патэнцыял усіх гэтых фактараў сёння цяжка адназначна ацаніць.
Беларускае сялянства мала прысутнічае ў аналізе Саўчанкі. Гэта тлумачыцца тым, што ў постсавецкі перыяд больш увагі было нададзена даследаванням нацыянальнх эліт. “Масы” (перш за ўсё сялянства) крыху адышлі на другі план. Да таго ж сама гэтая парадыгма падавалася асноўнай частцы айчынных даследчыкаў больш “савецкай”, таму яны і надавалі перавагу элітам. Аўтару варта было б прааналізаваць умовы, неабходныя для ператварэння пераважна аграрнага грамадства ў сучаснае плюралістычнае і капіталістычнае. Месца Усходне-Цэнтральнай Еўропы і яе сялянства ў пераходзе да капіталістычнай мадэрнасці ўжо даўно з’яўляецца сюжэтам для такіх рэфлексіяў (Gellner, 1989: 154–170).
Аўтар падкрэслівае адно, заходняе, вымярэнне нацыятворчых працэсаў у Беларусі ў той час як у гістарыяграфіі замацоўваецца погляд на тое, што розныя чыннікі і цывілізацыйныя вектары хутчэй уступалі ва ўзаемадзеянне, чым супрацьстаялі.
Гэта можна прасачыць на прыкладзе таго ж заходнерусізму і беларускага нацыянальнага руху (Терешкович, 2004: 134–144).
Андрэй Саўчанка зрабіў цікавую спробу на падставе існуючай на сёння літаратуры і даступных крыніц прадАляксандр Пагарэлы. Спрадвечнае памежжа 130 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) ставіць сваю аўтарскую версію гісторыі Беларусі апошніх пяці стагоддзяў як памежжа. Яму гэта ўдалося толькі часткова, але трэба прызнаць і дасягненні даследчыка пры аналізе беларускай эканамічнай мадэлі і яго назіранняў за некаторымі сацыяльнымі тэндэнцыямі ў краіне.
Cама яго праца і яе метадалогія ўяўляе сабой цікавы прыклад своеасаблівай даследчай няўпэўненасці. Аўтар імкнецца да спрашчэння прэзентацыі свайго матэрыялу і прадмету, выкарыстаўшы вельмі спрэчную і сумнеўную цывілізацыйную парадыгму. Адначасова яго праца з’яўляецца прыкладам таго, як тэарэтычныя падыходы да Беларусі, што нарадзіліся ў суседніх краінах (канцэпцыя польскага сацыёлага Рышарда Радзіка), дзякуючы гэтай самай няўпэўненасці могуць папулярызавацца ў англамоўнай навуцы.
У заходняй акадэмічнай культуры даследчая праца не з’яўляецца адзіным высілкам, і Андрэй Саўчанка ўзгадвае многіх навукоўцаў, якія давалі парады, аказвалі дапамогу, чыталі рукапіс. Улічваючы ўсе peer reviews, водгукі і рэкамендацыі калегаў, разгледжаную кнігу можна лічыць пэўным зрэзам уяўленняў пра тое, як падыходзіць да вывучэння беларускай праблематыкі прынамсі частка заходняй акадэмічнай супольнасці.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Radzik, Ryszard (2000). Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową:
Białorusini na tłe procesow narodotwórczych w Europie Srodkowo-Wschodniej w XIX wieku. Lublin: UMCS.
2. Smółkowa, Elżbieta, Engelking, Anna (2007). Uwagi o metodzie badań terenowych na pograniczach Białorusi, 5–14, у Smółkowa, Elżbieta (Red.). Pogranicza Bialorusi w perspektywie interdyscyplinarnej. Warszawa: DiG.
3. Chałasiński, Józef (1938). Młode pokolenie chłopów. T. I–IV. Warszawa: “Pomoc oświatowa”.
4. Wysłouch, Seweryn (1939). Świadomość narodowościwa ludności prawosławnej zamieszkującej wschodnie i północno-wschodnie powiaty Wileńszczyzny. Warszawa.
5. Zaremba, Józef (1939). Stosunki narodowościowe w województwie Nowogródzkim.
Warszawa.
6. Moore, Barrington Jr (1974). Social Origins of Dictatorship and Democracy. Lord and Peasant in the Making of the Modern World. Harmondsworth: Penguin University Books.
7. Вялікі, Анатоль (2005). На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944–1946 гг.). Мінск: БДПУ імя М. Танка‒НАН РБ.
8. Snyder, Timothy (2003). The Reconstruction of Nations. Poland, Lithuania, Ukraine, Belarus, 1569–1999. New Haven and London: Yale University Press.
9. Mionowicz, Eugeniusz, Tokć, Siarhiej, Radzik, Ryszard (2005). Zmiany struktury narodowościowej na pograniczu polsko-białoruskim w XX wieku. Białystok:
Wydawnictwo uniwersytetu w Białymstoku.
10. Gellner, Ernest (1989). Plough, Sword, and Book. The Structure of Human History.
Chicago and London: University of Chicago Press.
11. Терешкович, Павел (2004). Этническая история Беларуси 19 – начала 20 вв. в кон тексте Центрально-Восточной Европы. Минск: БГУ.