№ 21 (2) 2013 Таццяна Вадалажская Інтэлектуальная сітуацыя як сітуацыя мыслення Для вызначэння інтэлектуальнай сітуацыі Беларусі я бачу некалькі аспектаў, якія патрабуюць аналізу і абмеркавання.
1. Межы інтэлектуальнай сітуацыі і спосаб яе выдзялення. Інтэлектуальная сітуацыя – чыя сітуацыя?
Менавіта не якая, а чыя, бо выдзяляць яе, гэтаксама як эканамічную, палітычную і г.д., было б неапраўданай анталагізацыяй і натуралізацыяй.
Інтэлектуальная сітуацыя – гэта сітуацыя інтэлектуала ці мысляра.
Інтэлектуал, у сваю чаргу, выдзяляецца не як нейкая сацыяльная група, а як той, хто аказваецца ў мысленні, шукае ці арганізуе яго. Таму, вызначаючы інтэлектуальную сітуацыю, я б абмяжоўвала (альбо пашырала) рамкамі сітуацый мыслення ў Беларусі – умоў, магчымасцей і вынікаў мыслення.
2. Умовы мыслення. Вызначаючы інтэлектуальную сітуацыю як сітуацыю здзяйснення мыслення, трэба звярнуць увагу на шэраг абавязковых і неабходных умоў і наяўнасць іх у сучаснай Беларусі.
А) аганальнаць і зместавая напружанасць. Без крытыкі, сумневу, прапановы супрацьлеглых тэзаў мысленне немагчыма. Паралельнае разгортванне розных падыходаў, прызнанне поліпадыходнасці сучасных ведаў і мыслення не дазваляе прымаць “канкурэнцыю” за адзіную ісціну.
Суіснаванне самых розных інтэрпрэтацый і зместаў робіць сённяшнюю сітуацыю броўнаўскім рухам ніякім чынам не звязаных і не суаднесеных адно з адным інтэлектуалаў, суполак і г.д. Нават агульныя пляцоўкі сёння нагадваюць больш экспазіцыі (кожны прадстаўляе свае здабыткі), а не месца мыслення і “высвятлення адносінаў” паміж рознымі тэзамі і падыходамі.
Адсутнасць інтэлектуальнага напружання, звязанага з аганальнасцю, стварае неабходнасць пошуку агульных рамак, у якіх могуць усталёўвацца суадносіны розных школ, парадыгмаў і падыходаў. Такімі рамкамі можа быць адзіны “аб’ект” мыслення – Беларусь. Але што робіць Беларусь агульным аб’ектам мыслення?
Б) звязанасць з практыкай (у самым шырокім сэнсе – гуманітарнай, палітычнай, сацыяльнай, культурнай), якая дае падставы для пастаноўкі праблем, што патрабуюць рашэння. Сёння праца большасці беларускіх інтэлектуалаў, даследчыкаў, аналітыкаў аддзелена ад практыкі і выбудоўваецца па ўнутраным рэгламенце фармулявання праблем, а вынікі не праходзяць праз межы кола інтэлектуалаў. Гэта сітуацыя вымагае адказу на пытанне пра месца 92 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная сітуацыя: абставіны і самавызначэнне мыслення мыслення (у розных яго формах – філасофіі, метадалогіі, даследавання, экспертызы) у сістэме агульнай практыкі. Пакуль жа Беларусь застаецца ў “спыненым часе”, бо не мае адэкватных: разумення яе стану, фармулёўкі праблем і новых ідэй для зрухаў – не мае мыслення ў агульнай практыцы.
В) забеспячэнне працягласці існавання праблем (інфраструктура мыслення). Нявырашаная праблема – стан жыцця мыслення. Але яна павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне – для разгортвання тэзаў, пошуку аргументаў і г.д. Гэта задача патрабуе існавання школ. У Беларусі дастаткова асобных інтэлектуалаў і мысляроў, арганізацый і суполак, але амаль адсутнічаюць працяглыя школы. Яны адсутнічаюць не толькі як сацыяльная з’ява, але і як норма ладу жыцця і форма калектыўнай самаідэнтыфікацыі.
У выніку існаванне ідэй, праблем і іх супрацьстаянне прывязанае да памеру чалавечага жыцця ці жыцця кола сяброў і калег.