№ 21 (2) 2013 Павал Баркоўскі Інтэлектуальны маніфест тут і цяпер Інтэлектуальная сітуацыя ў Беларусі сёння, як і больш за сто год таму, акрэсліваецца тым жа самым станам нявызначанасці, што датычыць падстаў і плёну тутэйшага мыслення.
Носьбіты інтэлектуалізму не проста змарнаваныя цывілізацыйным раздарожжам паміж Усходам і Захадам, якое апісаў яшчэ калісьці І. Абдзіраловіч і якое сёння датычыць іх уласнай ідэнтычнасці – паводле мовы, падавання думкі, стылю пісьма. Ім перадусім бракуе імпэту, што датычыць звернутасці і інтэнсіўнасці мыслення. Гэта зыходзіць з перадумовы, што пазіцыя інтэлектуала, маўляў, патрабуе абрання для сябе пэўнага ўзору мыслення з яго заклапочанасцю пэўным колам падзей ды з’яў, характарам і асноўным строем асэнсавання рэчаіснасці. Такія ўзоры, безумоўна, знаходзяць цяпер і на Захадзе, і на Усходзе.
Нельга нават казаць пра нейкі адзіны магістральны ўзор, бо і на заходні манер мы атрымліваем не менш як два гатункі мыслення – брытанска-амерыканскі і кантынентальны (умоўна нямецка-французскі, хаця для нас больш істотны заходнеславянскі стыль, які па-свойску яго кантэкстуалізуе). А на ўсходзе, якім для нас ужо колькі стагоддзяў беспасярэдне і безальтэрнатыўна з’яўляецца Расія, мы маем зноў-такі два – празаходні, што імкнецца ўпісаць уласную аўтэнтыку ў сусветны кантэкст, і адроджаны славянафільскі, у якім старадаўнія ідэі імперскага бізантызму сінкрэтычна перапляліся з парэшткамі камуністычнай і нацыяналістычнай міфалогіі. Гэтыя вялікія стылі з’яўляюцца адначасна спакусай і атрутай для мясцовага інтэлектуала, таму што даюць яму падманлівае адчуванне нейкай прыналежнасці да іх і безвыходнае асэнсаванне ўласнай адчужанай правінцыйнасці.
Па вялікім рахунку, пазіцыя інтэлектуала тут – ці мысліць ён па-еўрапейску, ці па-расійску, – застаецца глыбока маргіналізаванай. Мы мала каго цікавім як перыферыя Еўропы, мы гэтаксама малацікавыя як Паўночна-Заходні край. І гэта нават мала залежыць ад інтэнсіўнасці тутэйшага мыслення. Проста інтэлектуальны цэнтр не тут! Так ужо склалася, vae victis! 1 Нутраная каланізацыя мыслення змушае адчуваць сваю другаснасць нават пры перайманні вядучага ўзору, а адносная паспяховасць здабываецца толькі пераездамі ў цэнтр, якога тут няма. Туды, дзе нашыя Шагалы ці, скажам, Лёвінасы раптоўна знаходзяць на сябе 1 Гора пераможаным! (лац.) 94 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная сітуацыя: абставіны і самавызначэнне мыслення попыт. Праўда, праз страту радзімы і прыналежнасці. Магчыма, у гэтым выяўляецца як найбольш акрэслены Л. Абушэнкам пераважны матыў тутэйшага крэольства: калоніі здабылі свабоду, але каланіяльны стыль мыслення застаўся без зменаў. І мы адначасова цягнемся да нібыта страчанага культурнага цэнтра, і ганарымся ўласнай сапраўднасцю, якая робіць нас там чужымі.
Дзяржаўная ідэалогія, якая не можа прымірыцца з адсутнасцю пад сабой натуральных падстаў, імкнецца сімуляваць захаванне страчанага вялікага стылю – савецка-імперскага паводле скіраванасці і мясцоваправінцыйнага паводле інтэнсіўнасці, што таксама робіцца пераважна ў гратэскавых формах, хаця для самой сімуляцыі гэта не надта істотна. Той ціск, які зыходзіць ад мовы ўлады і абрынаецца на інтэлектуальныя дыскурсы сёння, – і гэта датычыць не толькі афіцыйнай навукі, – робіць змушаным інтэлектуальны выбар альбо на карысць свядомаму канфармізму, альбо на карысць супраціву.
Апошні таксама прымае разнастайныя формы і звязваецца ці з суцэльнай дэсаветызацыяй культурнага ландшафту, бо карані ўсяго ліха бачацца ў захаванні спадчыны савецкай ментальнасці, ці наадварот – з адраджэннем і развіццём сапраўдных сацыялістычных ідэалаў і ўласцівых ім формаў дыялектычнага мыслення, якія, маўляў, наўмысна скажаюцца і зводзяцца да абсурду “левай” дэ-юрэ і “правай” дэ-факта дзяржаўнай ідэалогіяй. Гэта адначасова суправаджаецца частымі заклікамі да беларусізацыі як панацэі ад стану інтэлектуальнага нігілізму і маргінальнасці, што пранізваюць культуру, і/альбо да еўрапейскасці як вызнання тых асноўных каштоўнасцей, ідэалаў і прынцыпаў, якія леглі ў аснову жыцця большасці сучасных еўрапейскіх дэмакратый і вызнаюцца як правераны часам рэцэпт лекавання тутэйшых ментальных хваробаў. Усе гэтыя формы супраціву існуюць у розных камбінацыях і маюць сваіх прыхільнікаў, як і апантаных крытыкаў. Тое, што іх аб’ядноўвае – агульны характар рэзістансу, дзеяння насуперак ціску звонку і пошукі выйсця з мясцовага інтэлектуальнага крызісу з дапамогай запазычаных сродкаў. Канешне, існуюць яшчэ і мясцовыя формы традыцыяналізму і спробы знайсці крыніцу сілкавання нацыянальнай ментальнасці ў сівой даўніне, нібыта зварот да архаікі зможа даць рады познемадэрноваму свету. Але гаворка цяпер не пра тое.
Сучасная інтэлектуальная сітуацыя, безумоўна, патрабуе ад мысляра пэўнага кшталту высілкаў, што датычыцца прадмету асэнсавання. Гэта значыць звернутасці яго мыслення на некаторыя пераважныя тыпы праблем: гэта і мысленне нацыі, і мовы, і культуры, і свабоды, і ўніверсітэту, і нават Беларусі як інтэлектуальнага выкліку і праблемы. Але не ў меншай ступені гэта патрабуе таксама высілкаў, што да змянення інтэнсіўнасці гэтага мыслення, яго перавызначэння на новы лад.
Сёння інтэлектуалу ў Беларусі, відавочна, трэба гістарызаваць сваё мысленне, каб разумець уласнае месца паміж мінулым і будучыняй, ра- 95 № 21 (2) 2013 біць высновы адно ў кантэксце сучаснай сітуацыі быцця і мыслення, а не думаць наўздагон ці наогул, гэта значыць дакладна разумець сваю пазіцыю, з якой прамаўляеш ва ўсёй яе гістарычнай абумоўленасці і культурніцкай заангажаванасці. Іншымі словамі, рабіць мысленне гістарычным, якое мае ўласныя межы і крыніцу сілкавання ў актуальным, не ўніверсальна-бесстароннім, а лакалізаваным, тутэйшым.
Сёння неабходна працягваць дэканструяваць – крытыкаваць і нанова вызначаць тыя сэнсы, якія намі страчваюцца ў выніку дэпалітызацыі палітычнага свету, праз дэкультуралізацыю культуры і нігілізацыю мыслення ў найноўшым грамадстве спектакля. Гэта значыць зноў рабіць мысленне герменеўтычным, адчувальным да сэнсу слоў і схільным да разумення множнасці гэтых сэнсаў, іх узаемадзеяння і суіснавання.
Сёння варта пазбаўляцца прагі да ўніверсальнасці мыслення – варта кантэкстуалізаваць і вяртаць абстрактным пытанням канкрэтную прастору рэалізацыі. Разважаць не пра праблемы нацыі наогул, а пра пакручасты лёс мясцовага нацыяналізму і драматычны выпадак незавершанасці ўласнага нацыянальнага праекта, не пра праблемы ўніверсітэта наогул, а пра неабходнасць паўстання новага Універсітэта ў Беларусі як выкліку часу і асноваўтваральнай падзеі, што можа змяніць увесь ментальны ландшафт. У гэтым сэнсе трэба рабіць мысленне постметафізічным, як пра тое слушна заўважае ў сваёй публічнай прамове В. Шпарага (Шпарага).
Сёння карціць разфіксаваць сваё мысленне, значыць зрабіць яго незасяроджаным на асэнсаванні толькі пэўных вядомых праблем, якія спараджае мясцовы ландшафт, а разгорнутым у пошуках новага, невядомага, таго, што паўстае як няўлоўныя выклікі часу, таго, што правакуе мысленне і руйнуе ягоную стромкую сістэму. У пэўным сэнсе гэта значыць рабіць мысленне недагматычным, ад крытым да новага і чуйным да таго, што паўстае на мяжы, на франтырах, рабіць яго схільным да вызначэння новых парадыгмаў, новых стыляў мыслення, новых даляглядаў інтэлектуальнага досведу – змусіць яго займацца інтэлектуальнай рэвалюцыяй.
Нарэшце, варта адмаўляцца ад апісальнасці мыслення, трэба яго тэматызаваць – рабіць зацікаўленым у тым, каб ператвараць інтэлектуальную праблему з моманту індывідуальнай медытацыі ў тэму для разгортвання ў дзейнасці: праз вызначэнне перадумоў і характару такой дзейнасці, паўставанне яго этасу і праксісу. Гэта значыць, да пэўнага моманту, рабіць мысленне дзейсна-практычным, не чыста тэарэтычным і апісальным, а вызначальным сацыяльным дзеяннем сваёй эпохі, яе інтэлектуальным снадзівам. 2 Толькі такім чынам, як уяўляецца, можна зараз увогуле зруйнаваць дурную апазіцыю інтэлектуальнага цэнтра і перыферыі, у пастцы якой застаецца тутэйшае мысленне. Не варта дбаць толькі пра змест таго, што мысліцца, бо форма часта прадПавал Баркоўскі. Інтэлектуальны маніфест тут і цяпер 2 Снадзіва –інструмент. Гл. http://www.slounik.org/fizyjarb/l9/2 96 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная сітуацыя: абставіны і самавызначэнне мыслення вырашае ўсё! Таму мысленню трэба змяняць свой фармат – гэта такі спосаб стаць сучасным, а сітуацыі – інтэлектуальнай.
Літаратура 1. Шпарага, Ольга. Мысли вслух. URL (доступ 10.12.2013) http://www.youtube.com/wa tch?v=kZgwE_5VqA8&list=PL8SMRHtQvDp25CrP10_Dbyx1V8vG8zxkK&index=4