№ 21 (2) 2013 Сяргей Кузняцоў “Цярноўнік Крэсаў” вачыма “караняжа” Chmielewska, Gizela (2010). Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie. Wydawnictwo LTW, 369 s.
Хмелеўска, Гіжэля (2010). Цярноўнік Крэсаў. Расповед пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю. Wydawnictwo LTW, 369 с.
162 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) Вельмі часта, калі ў польскай навуковай і публіцыстычнай літаратуры заходзіць гаворка пра фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў, як адна з асноўных прадстаўляецца “першародная” праблема мізэрнага ўдзелу мясцовых эліт, у першую чаргу буйных землеўласнікаў, у беларускім нацыянальным руху. Тых нешматлікіх прадстаўнікоў мясцовай спольшчанай арыстакратыі, чыя фінансавая падтрымка ўзмацняла беларускія арганізацыі і выдавецтвы, можна пералічыць па пальцах. Адным з іх, побач з постацямі Рамана Скірмунта і Магдалены Радзівіл, быў выбітны грамадскі дзеяч Міншчыны Эдвард Антоні Вайніловіч (1847–1928) – намеснік старшыні Мінскага Сельскагаспадарчага Таварыства, прыхільнік ідэалогіі краёўцаў, мецэнат выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, часопісаў “Саха” і “Лучынка”, фундатар касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску.
На жаль, нягледзячы на выбітнасць постаці Вайніловіча, да нядаўняга часу не існавала ніводнай манаграфіі, якая была б поўнасцю прысвечана яго асобе. Часткова гэта можна патлумачыць тым, што Вайніловіч пакінуў пасля сябе падрабязныя ўспаміны – багатую крыніцу інфармацыі пра сваю грамадска-палітычную дзейнасць на Міншчыне. Першая частка ўспамінаў была выдадзена праз некалькі гадоў пасля смерці аўтара – у 1931 годзе (Woyniłłowicz, 1931). Другая частка ўспамінаў, у якой Вайніловіч дазволіў сабе крытычныя заўвагі ў адрас улад міжваеннай Польскай рэспублікі, з-за асцярожнасці і самацэнзуры выдаўцоў засталася ў рукапісе (Woyniłłowicz, 1928). Фрагменты Успамінаў Вайніловіча, у тым ліку перакладзеныя на беларускую мову, цытаваліся ў многіх тэкстах, прысвечаных гісторыі ідэалогіі краёўцаў, Мінскага Сельскагаспадарчага Таварыства (якое часта лічаць першай беларускай няўрадавай арганізацыяй), у тэкстах пра гісто рыю Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Другая частка Успамінаў па сённяшні дзень не выда дзена, а выданне першай часткі ў 1931 годзе было адзіным, калі не браць пад увагу яго пераклад на рускую мову, які мізэрным накладам (250 асобнікаў) выйшаў у Мінску ў 2007 годзе (Войнилович, 2007).
Менавіта таму вялікай падзеяй стала выданне манаграфіі Гіжэлі Хмялеўскай, поўнасцю прысвечанай асобе Эдварда Вайніловіча. У першую чаргу праца знаёміць чытачоў з неапублікаванай часткай Успамінаў, а інфармацыю апублікаванай часткі дапаўняе на падставе іншых крыніц эпохі, сярод якіх важнае месца адводзіцца неапублікаваным мемуарам крэўных Вайніловіча – Багуслава Залескага (Zaleski) і Зыгмунта Даманскага (Domański).
Асаблівую вартасць манаграфіі надае той факт, што праз кантакт з нашчадкамі Габрыэлі Магільніцкай (Gabriela Mogilnicka) і Марыі Бельскай (Maria Bielska), 1 аўтару ўдалося прадставіць у працы раней недаступныя крыніцы, такія як прыватныя лісты, перапіска паміж родзічамі, сямейныя здымкі і дакументы.
1 Родныя сёстры Эдварда Вайніловіча.
163 № 21 (2) 2013 У інтэрвью, дадзеным адразу пасля выдання кнігі, аўтар назвала мэтай манаграфіі прадставіць Вайніловіча “як звычайнага чалавека, а не помнік”, “даведацца пра яго блізкіх, пра якіх ён сам так мала піша”, “дапоўніць успаміны Вайніловіча менавіта асабістай гісторыяй” (Sowińska, 2011).
Без сумневу, аўтару ўдалося на фоне асабістых трагедый Вайніловіча (заўчасная смерць дзяцей, перарванне роду Вайніловічаў, пагром сямейнага маёнтка Савічы і Рыжская дамова, якая пакінула Савічы на савецкім баку ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад новай мяжы) прадставіць чытачам усю магутнасць характару “апошняга з Вайніловічаў”, апісаць яго стыль жыцця і звычкі, гарлівасць у веры, паслядоўнасць і шчодрасць. Варта прызнаць, што гэта з'яўляецца найважнейшым дасягненнем манаграфіі.
Аднак сямейныя гісторыі, якія рэдка трапляюць у афіцыйныя біяграфіі вядомых асоб часта могуць быць цікавыя не толькі аматарам сямейных мемуараў. Не згаданыя ў афіцыйных біяграфіях звесткі пра адносіны вядомых людзей з іншымі постацямі грамадска-палітычнага жыцця, таксама як і сямейныя і роднасныя сувязі могуць тлумачыць зацікаўленасці, светапогляд і логіку дзеянняў асоб у публічным жыцці. Добрым прыкладам тут можа быць іншы выбітны прадстаўнік краёвай ідэалогіі, беларускі дзеяч Антон Луцкевіч. Веды пра тое, чаму малады Луцкевіч зацікавіўся краёвасцю і беларускім нацыянальным рухам былі б няпоўныя без звестак пра сяброўства яго бацькі Яна-Баляслава Луцкевіча з беларускім класікам Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам (Харэўскі, 2008). Гэтак жа цяжка не браць у разлік уплыў Зыгмунта Чаховіча, паплечніка Каліноўскага, на светапогляд маладога Івана Луцэвіча (Янкі Купалы).
Менавіта таму, распачынаючы чытанне манаграфіі Г. Хмялеўскай, можна было б спадзявацца ўбачыць “Вайніловіча-чалавека” ў яго дачыненнях з тымі людзьмі, пра якіх ён згадвае на старонках Успамінаў, перадусім з прадстаўнікамі краёўцаў і беларускага руху. Цікава таксама было б больш падрабязна даведацца, што думаў Вайніловіч пра нацыянальную прыналежнасць у сітуацыі неабходнасці выбару, якую дыктаваў на землях былога ВКЛ пачатак ХХ стагоддзя. Без сумневу, для Вайніловіча, які лічыў сябе прадстаўніком беларускага роду (і пісаў пра гэта ва Успамінах ), такія пытанні мелі вялікае значэнне. Сваё стаўленне да беларускасці і беларускага руху Вайніловіч акрэслівае наступным чынам:
“Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра як польскай, стала ўжываючы яе ў адносінах з сельскагаспадарчымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігоддзяў падтрымліваў сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Мінску, дзе сустракаўся з Луцкевічам і Кастравіцкім, 2 пазней у Вільні і Петраградзе з В. Іваноўскім, Б. Шыпілам 3 і 2 Казімір Рафаіл Кастравіцкі (псеўд. Карусь Каганец, 1868 – 1918) – беларускі паэт, перакладчык, мастак і грамадскі дзеяч.
3 Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1859–1934) – беларускі фалькларыст, мовазнавец і літаратуразнавец, дзеяч культуры. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1906 годзе ў Пецярбургу выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”.
Сяргей Кузняцоў. “Цярноўнік Крэсаў” вачыма “караняжа” 164 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) г.д. Беручы ў беларускіх згуртаваннях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў ад іх аддаляцца, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнання і нацыянальнага адраджэння – “Лучынка”, “Саха”, “Загляне сонца і ў наша аконца” – напрыканцы звычайна прымала сацыялістычныя лозунгі і кірунак, якія, насуперак сваім перакананням, вызнаваць я ня мог. Польскія шавіністы з-за маіх беларускіх сімпатый закідвалі мне, што я не паляк, а беларус, што дазволю сабе пакінуць на адказнасці аўтараў гэтай канцэпцыі … ” (Woyniłłowicz, 1931: 210–211).
На вялікі жаль, у працы Г. Хмялеўскай падрабязнае апісанне касцюмаў і дэталяў гардэробу асоб, прадстаўленых на здымках, а таксама дакладны аналіз зместу запаветаў членаў сям’і абсалютна здамінавалі і выціснулі іншыя пытанні, раскрыцця якіх можна было б чакаць. Калі не браць у разлік апошні раздзел кнігі, закранутыя беларускія пытанні ўсёй манаграфіі можна было б змясціць на дзесяці старонках. Магло б здавацца, што гэта абумоўлена скіраванасцю працы менавіта на польскага, а не беларускага чытача. Але чытач у гэтым выпадку безумоўна прайграе ад таго, што партрэт Вайніловіча застаецца няпоўным.
Пытанні краёвасці і краёвай ідэалогіі, якія былі важным элементам светапогляду Вайніловіча, у манаграфіі наагул не згаданыя. Постаць выбітнага краёўца Рамана Скірмунта толькі згадваецца, пра яго адносіны з Вайніловічам чытач нічога не даведаецца. Постаць іншага прыхільніка краёвай ідэалогіі – Аляксандра Лядніцкага 4 – з’яўляецца ў тэксце часцей, але зводзіцца да апісання бытавых пытанняў.
Тое, што аўтар апускае ў сваёй працы беларускія і краёвыя аспекты, якія былі прадстаўлены ва Успамінах, дае даволі смутны вынік. Гэтак, хоць аўтар у назве манаграфіі апелюе да так званых крэсаў (трэба адзначыць, што ў польскага чытача гэта паняцце не мае негатыўнага гучання), адметнасць крэсаў ёй паказаць не ўдаецца. Беларусь паўстае перад чытачом у выглядзе звычайнай польскай правінцыі, якая амаль не адрозніваецца ад Куявіі, 5 хіба толькі час ад часу ў аповедзе згадваюцца беларускія сяляне. Нават цытуючы словы Вайніловіча пра тое, што пасля пераезду ў Быдгашч 6 той адчувае сябе эмігрантам, аўтар не спрабуе адказаць на пытанне “чаму?”.
Адначасова можа ўзнікнуць уражанне, што некаторыя аспекты аўтарам апускаюцца ці скажаюцца мэтанакіравана. Так, напрыклад, апісваючы выбар Вайніловічам праекта новага мінскага касцёла, яна піша, 4 Аляксандр Лядніцкі (польск. Aleksandr Lednicki, 1866 –1934) – расійскі і польскі грамадскі і палітычны дзеяч. У I Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі лідар парламенцкай кааліцыі Саюз аўтанамістаў.
5 Куявы (польск. Kujawy ) – гістарычны рэгіён у цэнтральнай Польшчы ў сярэднім цячэнні Віслы. Найбольшыя гарады – Быдгашч, Улацлавак, Інаўроцлаў.
6 Быдгашч (польск. Bydgoszcz ) – горад у цэнтральнай Польшчы. Апошнія гады свайго жыцця Эдвард Вайніловіч правёў у гэтым горадзе, куды пераехаў неўзабаве пасля таго, як ягоны родавы маёнтак Савічы апынуўся па другі бок савецка-польскай мяжы.
165 № 21 (2) 2013 што фундатару найбольш “падыходзіў раманскі стыль, між іншым таму, што не даваў магчымасці лёгкай перабудовы каталіцкага храма ў царкву” (с. 103). У той жа час сам Вайніловіч на тых жа старонках Успамінаў, на якія спасылаецца аўтар, тлумачыць выбар раманскага стылю зусім па-іншаму – такі стыль павінен сімвалічна аб’ядноўваць праваслаўных і каталікоў Краю. Калі Г. Хмялеўская прадстаўляе падзел веравызнанняў як падзел нацыянальны, то паводле Успамінаў гэты падзел такі: “Я не хацеў затрымлівацца на гатычным стылі, які быў па-першае занадта распаўсюдзіўся падчас распачатых тады будоваў каталіцкіх храмаў у Расіі, па-другое занадта адрозніваўся ад стылю храмаў усходняга абраду, якія існуюць у нашым краі, а таму як бы падкрэсліваў падзелы ў веры сацыяльных класаў, бо пераважная частка сялянства была праваслаўная, а землеўласнікаў – каталіцкая, і таму я затрымаўся на раманскім стылі, які расквітнеў у тую эпоху, калі ўсходняя царква была яшчэ ў адзінстве з Рымам. ” (Woyniłłowicz, 1931: 96) Варта адзначыць, што гэтых памкненняў Вайніловіча “не заўважыў” таксама ў прадмове да выдання 1931 года Януш Івашкевіч, які пісаў, што, “выбіраючы праект у раманскім стылі, хацеў, магчыма, падкрэсліць моцную сувязь гэтага краю з заходняй культурай і прадухіліць магчымасць пераробкі гэтага касцёла на царкву” (Woyniłłowicz, 1931: XIII).
Калі Я. Івашкевіч падстрахаваўся выразам “магчыма”, то Г. Хмялеўская прадстаўляе такую інтэрпрэтацыю з абсалютнай упэўненасцю.
На падставе некаторых высноў і недакладнасцей можна вызначыць, што аўтар недастаткова арыентуецца ў беларускай праблематыцы (так, газету “Наша ніва” яна называе “Новая ніва”, с. 152), а таму і не можа адпаведна раскрыць глыбіню светапогляду Вайніловіча. У апошнім раздзеле працы Г. Хмялеўская са здзіўленнем для сябе адзначае, што “адраджэнне постаці Вайніловіча не наступіла, аднак, у Польшчы, як гэтага можна было б спадзявацца, а ў Беларусі” (с. 339–340). На жаль, нават пасля гэтага сцверджання аўтар не спрабуе высветліць, чаму ж так адбылося. У згаданым вышэй інтэрв’ю Г. Хмялеўская знаходзіць найбольш простае тлумачэнне, з якім цяжка пагадзіцца – уся прычына толькі ў тым, што Вайніловіч быў фундатарам касцёла ў цэнтры Мінска, а “калі б не гэты касцёл, Вайніловіч, напэўна, быў бы забыты, як шмат іншых палякаў, якія маюць вялікія заслугі перад гэтай зямлёй” (Sowińska, 2011).
Акрамя пытанняў краёвай ідэалогіі і беларускага руху, па-за ўвагай аўтара застаўся яшчэ адзін важны аспект, вельмі людскі, асабісты, які вельмі датычыў галоўнага героя манаграфіі.
Эдвард Вайніловіч быў адным з найбольш выбітных прадстаўнікоў той часткі эліты былога Вялікага Княства Літоўскага, якая замест удзелу ў падпольных патрыятычных арганізацыях і паўстаннях выбрала служэнне расійскаму імператару, імкнучыся выкарыстаць уласныя магчымасці ў Пецярбургу для ўсебаковага развіцця свайго Краю. Такое служэнне часта вельмі негатыўна ўспрымалася ў асяродку Сяргей Кузняцоў. “Цярноўнік Крэсаў” вачыма “караняжа” 166 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) мясцовай шляхты. Аналіз маральнага выбару, зробленага Вайніловічам, без сумневу ўзбагаціў бы манаграфію, дазволіўшы больш глыбока зразумець погляды і асабістыя якасці яе галоўнага героя. Адзначанае было б цікава яшчэ і таму, што для многіх жыхароў Краю, на карысць якога працаваў Эдвард Вайніловіч, гэты маральны выбар і сёння застаецца актуальным.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Войнилович, Эдвард (2007). Воспоминания. В. Завальнюка (ред.), пер. с польск.
Минск: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены.
2. Харэўскі, Сяргей (2008). “Што зьмяняе чалавека”, Наша Ніва, 04.02.2008, URL (доступ 23.02.2014): http://nn.by/?c=ar&i=14805 3. Domański, Zygmunt. Pamiętniki. Biblioteka Narodowa, mps, akc. 9216, mf. 71644 4. Sowińska, Hanka (2011). “Cierń Kresowy czyli Edward Woyniłłowicz jakiego nie znamy – rozmowa z G. Chmielewską”, Gazeta Pomorska, 20.01.2011, URL (доступ: 23.02.2014): http://www.pomorska.pl/apps/pbcs.dll/article?AID=/20110120/ ALBUMY01/859417732 5. Woyniłłowicz, Edward (1931). Wspomnienia, 1847—1928. Wilno: Komitet Uczczenia s.
p. E. Woyniłłowicza.
6. Woyniłłowicz, Edward (1928). Wspomnienia, 1847—1928. Cz. II. Biblioteka Narodowa, rkps, sygn. IV.6486 III. K 289–666.
7. Zaleski, Bogusław. Wspomnienia. Biblioteka Narodowa, mps, sygn. AKC. 11991, mf.
71646