№ 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах Існуе пашыранае меркаванне, што адносіны Беларусі з краінамі СНД ад пачатку развіваліся больш хуткімі тэмпамі і дасягнулі больш высокага ўзроўню, чым адносіны з краінамі іншых рэгіёнаў. Такое меркаванне грунтуецца на абагульненні тэндэнцый беларуска-расійскіх і, да пэўнай ступені, беларуска-ўкраінскіх адносін. Аднак калі паглядзець на дынаміку развіцця адносін з іншымі краінамі СНД, становіцца відавочным, што такое абагульненне не мае падстаў.
Яскравым прыкладам таму з'яўляецца развіццё стасункаў Беларусі з Азербайджанам. Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі былі ўсталяваныя 11 чэрвеня 1993 года. 1 Толькі праз 9 гадоў – у верасні 2002-га ў Беларусі быў акрэдытаваны амбасадар Азербайджана па сумяшчальніцтве і пачаў дзейнічаць офіс амбасады Азербайджана ў Мінску. Беларуская амбасада ў Баку адчынілася толькі ў лютым 2006 года, а азербайджанская ў Мінску – у жніўні таго ж года.
Такая маруднасць сведчыць аб невысокай зацікаўленнасці абедзвюх краін у развіцці двухбаковых сувязяў на працягу 1990-х гадоў. Пэўнае ажыўленне адносін намецілася толькі на пачатку 2000-х гадоў, а сапраўдная актывізацыя – у другой палове дзесяцігоддзя. І гэта дазваляе меркаваць, што Азербайджан не ўваходзіў у лік першачарговых знешнепалітычных прыярытэтаў Беларусі. А цяперашняе, даволі значнае, развіццё адносін з гэтай краінай стала вынікам мэтанакіраванага курсу беларускага кіраўніцтва па наладжванні сувязяў з нафта- і газаздабываючымі краінамі, незалежна ад іх месцазнаходжання, які стаў праяўляцца якраз у 2000-я гады, асабліва ў другой іх палове. У гэтым сэнсе Азербайджан патрапіў у адзін шэраг з такімі новымі прыярытэтамі беларускай знешняй палітыкі, як Іран, Венесуэла, Лівія, Туркменістан, Катар і ААЭ.
Нагодай правядзення такога курсу, бязумоўна, стала пагаршэнне беларуска-расійскіх адносін і імкненне кіраўніцтва Беларусі забяспечыць праз развіццё сувязяў з багатымі вуглевадароднай сыравінай краінамі не толькі магчымасць альтэрнатыўных паставак энерганосьбітаў, але і 1 Для параўнання: са Злучанымі Штатамі, Расіяй і Украінай – у 1991 годзе, з большасцю краін Еўрасаюза, а таксама з Турцыяй, Японіяй, Ізраілем, краінамі Балтыі і Малдовай – на працягу 1992 года. Нават з Іранам дыпламатычныя адносіны былі ўсталяваныя на 3 месяцы раней.
22 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка знайсці патэнцыйных інвестараў ды крэдытораў для беларускай эканомікі. І як сведчыць досвед адносін з Венесуэлай і Азербайджанам, такія спадзяванні не былі зусім марнымі.
У артыкуле аналізуюцца тры асноўныя накірункі беларускаазербай джанскіх адносін: развіццё палітычных кантактаў, прававая база і эканамічныя стасункі. 2 Скарыстаныя пры правядзенні даследавання крыніцы можна падзяліць на некалькі катэгорый. Першую з іх складаюць інфармацыйныя матэрыялы, змешчаныя на афіцыйных сайтах дыпламатычных ведамстваў і іншых дзяржаўных органаў абедзвюх краін – беларускай амбасады ў Азербайджане, Міністэрства замежных спраў Беларусі, Міністэрства замежных спраў Азербайджана, Нацыянальнага сходу Беларусі. Гэтую групу ў сваю чаргу можна падзяліць на матэрыялы рэтраспектыўнага характару, прысвечаныя гісторыі агульнага развіцця двухбаковых кантактаў (Посольство, 2012a; 2012b; 2012c; 2013; 2014;
Ministry, 2013) і паведамленні з архіва навін, прысвечаныя канкрэтным сустрэчам ці візітам (Міністерство, 2004; 2011; 2012a; 2012b; Національное Собрание, 2008; 2009; 2010).
Крыніцы, аднесеныя да першай з гэтых падгруп даюць пералік двухбаковых сустрэч і візітаў, што адбыліся пасля 2000 года, і асобныя звесткі аб характары і тэматыцы некаторых з іх. Аб ранейшых кантактах у іх альбо ўвогуле нічога не паведамляецца, альбо гаворыцца толькі аб іх агульнай колькасці. У гэтых крыніцах амаль адсутнічае інфармацыя аб тэматыцы сустрэч, якую часам замяняюць фармальна-афіцыёзныя адпіскі, кшталту “былі абмеркаваныя важныя (найбольш актуальныя) пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва”, а часам інфармацыя ўвогуле падаецца як сухая храналогія падзей. Нават даты сустрэч пазначаюцца не заўсёды. 3 Кампенсаваць гэты недахоп інфармацыі часткова дапамагаюць крыніцы з другой падгрупы – прысвечаныя асобным падзеям у двухбаковых кантактах яны даюць больш дакладныя звесткі аб іх, хоць таксама утрымліваюць шмат беззмястоўных, фармальных фраз.
Найбольшай інфарматыўнасцю па пытаннях палітычных кантактаў вылучаецца другая група крыніц – паведамленні СМІ. Пераважная большасць з іх – беларускія крыніцы, прадстаўленыя як дзяржаўнымі (БЕЛТА, 2010a; 2010b), так і недзяржаўнымі інфармацыйнымі агенцыямі (NAVINY.
BY, 2004; 2007; 2010; TUT.BY, 2007;
2009; 2013; 2014). З замежных крыніц сюды патрапілі паведамленні расійскага інфармацыйна-аналітычнага 2 У аснову артыкула пакладзены дадзеныя, атрыманыя аўтарам у межах даследчага праекта “Беларусь у рэгіёне краін Усходняга партнёрства (1992–2012)”, ажыццёўленага Інстытутам "Палітычная сфера" сумесна з Цэнтрам еўрапейскіх трансфармацый. Гл. больш падрабязна: http://palityka.org/2014/06/belarus-u-regiyonekrain-usxodnyaga-partnyorstva-1992-2012/ 3 Напрыклад, паведамляецца, што цягам 2004 года адбыўся абмен візітамі ўрадавых дэлегацый, але не пазначаны не толькі дні, а нават месяцы, калі адбыўся кожны з гэтых візітаў.
23 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах бюлетэня Інстытута краін СНД РАН (Закавказье, 2001) і азербайджанскага Медыяфорума (Медиафорум, 2006).
Невялікую трэцюю групу складаюць аналітычна-экспертныя публікацыі, прысвечаныя развіццю беларуска-азербайджанскіх адносін.
Сюды патрапілі артыкул журналіста А.Ціхамірава (Тихомиров, 2011), у якім каротка, але комплексна аналізуюцца асноўныя накірункі двухбаковага супрацоўніцтва, і артыкул выкладчыка кафедры менеджменту БНТУ Ф. Юсубава (Юсубов, 2011), прысвечаны пытанням узаемадзеяння дзвюх краін у галіне прамысловай кааперацыі, гандлю і інвестыцый.
Чацвёртая група – статыстычныя матэрыялы Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, што адлюстроўваюць асноўныя паказчыкі двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва (Внешняя торговля, 2009; 2010; 2011; 2012; 2013; Инвестиции, 2008; 2010; 2012; Национальный статистический комитет, 2013).
Нарэшце, пятая група – крыніцы па развіцці беларуска-азербайджанскай дамоўна-прававой базы. У дадзеным даследаванні яна цалкам складаецца з міжнародна-прававых актаў, змешчаных у інфармацыйна-даведачнай сістэме “Кансультант Плюс” і знойдзеных пошукавай сістэмай ва ўсіх катэгорыях дакументаў па ключавых словах “Беларусь” і “Азербайджан”.
І. Палітычныя кантакты Аб палітычных кантактах на працягу 1990-х гадоў асаблівых звестак няма. У беларускіх крыніцах паведамляецца толькі пра 2 афіцыйныя візіты ў Баку ў гэты час – міністра культуры Аляксандра Сасноўскага ў 1996 годзе і міністра юстыцыі Генадзя Варанцова ў 1999 годзе (Медиафорум, 2006). Праўда ў матэрыялах азербайджанскага МЗС паведамляецца, што за перыяд 1998 – 2008 гадоў кіраўнікі Беларусі і Азербайджана сустракаліся 8 разоў – як падчас узаемных візітаў, так і міжнародных канферэнцый (Ministry, 2013). Такім чынам, да першага раўнда абмену афіцыйнымі візітамі ў 2006 – 2007 гадах адбылося яшчэ 6 сустрэч на вышэйшым узроўні. Аднак звестак пра месца і час іх правядзення няма.
Таму нельга сказаць, колькі з іх адбылося на працягу 1990-х, а колькі – у першай палове 2000-х. Тое, што ні ў беларускіх, ні ў азербайджанскіх афіцыйных крыніцах ніводная з іх не згадваецца, дазваляе меркаваць, што яны не мелі асаблівых наступстваў для развіцця двухбаковых адносін.
Ускосным пацверджаннем гэтаму можна лічыць і тое, што ўсе двухбаковыя пагадненні, заключаныя ў 1990-х мелі галіновы характар – пра супрацоўніцтва паміж нацбанкамі і гаспадарчымі судамі. Ёсць меркаванне, што развіццю двухбаковых адносін у гэты час заміналі і напружаныя асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі дзвюх краін – Гейдарам Аліевым і Аляксандрам Лукашэнкам. Але з новым прэзідэнтам Азербайджана, Ільхамам Аліевым (з 2003 года), у Лукашэнкі склаліся сяброўскія адносіны, што і паспрыяла актывізацыі беларускаазербайджанскага супрацоўніцтва.
За перыяд 2001 – 2013 гадоў афіцыйныя асобы Беларусі і Азербайджана сустракаліся 24 разы. З іх 6 24 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка сустрэч адбыліся на вышэйшым узроўні (кіраўнікі дзяржаў), столькі ж на высокім узроўні (кіраўнікі ўрадаў), 5 – на ўзроўні міністраў і іх намеснікаў (пераважна замежных спраў, але не толькі), а таксама 7 візітаў парламентарыяў і парламенцкіх дэлегацый. Больш падрабязна статыстыка сустрэч па гадах і ўзроўнях адлюстравана ў Табліцы 1.
Табліца 1: Колькасць палітычных кантактаў паміж афіцыйнымі асобамі Беларусі і Азербайджана ў 2001 – 2013 гадах.
2001 2002 2003 2004 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 2013 Прэзідэнты 1 1 1 1 1 1 Прэм'еры 1 2 1 1 1 Міністры 1 1 2 1 Парламент 1 1 3 2 Цалкам 1 0 0 3 0 1 2 1 3 5 3 3 2 Крыніцы: падлікі аўтара на аснове (Посольство, 2012a; 2012b; 2014; Ministry, 2013).
Каб адлюстраваць агульную дынаміку палітычных кантактаў у гэты перыяд, скарыстаем рэйтынгавую сістэму штогадовага ўліку колькасці і ўзроўню кантактаў. У адпаведнасці з ёй кожнай сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў прысвойваецца адзнака ў 3 балы, кіраўнікоў урадаў – 2, іншыя – 1 бал. Пры ўсёй адноснасці такой шкалы рангавання, яна ўсё ж падкрэслівае агульныя асаблівасці палітычных сістэм абедзвюх краін, што маюць прамое дачыненне і да фармавання іх знешнепалітычнага курсу, а менавіта выключную ролю асобы прэзідэнта і параўнальна малую ролю парламентаў. У наступнай дыяграме для параўнання прыведзены дадзеныя пра штогадовую колькасць палітычных кантактаў і іх рэйтынг (гл. Дыяграму 1).
Як бачна на дыяграме, можна вылучыць тры этапы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін у згаданы перыяд. Да 2004 года палітычныя кантакты былі рэдкія і насілі эпізадычны характар. Адзінай палітычнай сустрэчай у гэты час, пра якую згадваюць афіцыйныя крыніцы абедзвюх краін, стаў афіцыйны візіт у Баку беларускага прэм'ера Уладзіміра Ярмошына, які адбыўся 8–9 жніўня 2001 года. Асноўнымі тэмамі гэтага візіта былі адкрыццё ў Баку беларускага гандлёвага прадстаўніцтва і стварэнне двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (Закавказье, 2001).
У 2004–2008 гадах адбываецца актывізацыя двухбаковых кантактаў.
У жніўні 2004 года Мінск наведаў з працоўным візітам міністр абароны Азербайджана Сафар Абіеў, каб абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва ваенных ведамстваў (Посольство, 2012b). А ў красавіку–лістападзе таго ж года адбыўся абмен афіцыйнымі візітамі паміж прэм'ерамі Азербайджана Артурам Расізадэ і Беларусі Сяргеем Сідорскім, падчас якіх былі 25 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах 4 Чорная лінія – колькасць кантактаў, шэрая лінія – рэйтынг.
Дыяграма 1. Палітычныя кантакты Беларусі і Азербайджана і іх рэйтынг, 2001–2013 гады. 4 Крыніцы: аўтарскія падлікі на аснове (Посольство, 2012a; 2012b; 2014;
Ministry, 2013).
2001 2002 2003 2004 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 2013 праведзены першыя два пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. 5 лістапада ў Баку было падпісана міжурадавае пагадненне "Аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасці".
З улікам таго, што ўзгадненне і падрыхтоўка афіцыйных візітаў патрабуе пэўнага часу, можна сцвярджаць:
актывізацыя двухбаковых адносін пачалася амаль адразу пасля прыходу да ўлады ў Азербайджане Аліевамалодшага 31 кастрычніка 2003 года.
Пачатак жа паўнавартаснага міждзяржаўнага дыялога і азербайджанскія, і беларускія афіцыйныя крыніцы адназначна звязваюць з яго першым афіцыйным візітам у Мінск, які адбыўся 17–18 кастрычніка 2006 года.
З гэтага часу палітычныя кантакты ўжо не спыняліся ніводзін год. У траўні наступнага 2007 года з афіцыйным візітам у адказ Баку наведаў А. Лукашэнка, а крыху раней (у сакавіку) Баку наведаў з працоўным візітам беларускі прэм’ер С. Сідорскі. Варта таксама адзначыць, што і абмен візітамі на высокім узроўні ў 2004 годзе і на вышэйшым – у 2006– 2007 гадах – пачынаў менавіта азербайджанскі бок. Аднак у агульнай колькасці кантактаў на гэтым этапе нязначна пераважалі візіты з Беларусі – 4 сустрэчы адбыліся ў Баку і 3 у Мінску. Тэматыка сустрэч у гэты перыяд была вельмі шырокай – па інфармацыі афіцыйных крыніц і дзяржаўных СМІ, яна ўключала пытанні ад развіцця двухбаковай дамоўна-прававой базы, гандлёва-эканамічнага су- 26 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка працоўніцтва і прамысловай кааперацыі (стварэнне ў Азербайджане прадпрыемстваў па зборцы беларускай тэхнікі), да ўзаемадзеяння ў галіне сацыяльнай, культурнай, моладзевай палітыкі і спорту (NAVINY.BY, 2004;
2007; Медиафорум, 2006; TUT.BY, 2007; Национальное Собрание, 2008).
Рэгулярны характар і паступальнае развіццё двухбаковыя кантакты набылі толькі ў 2009 годзе – з гэтага часу яны ўжо не перапыняліся, а іх сукупны рэйтынгавы бал не апускаўся ніжэй чатырох. Пры гэтым максімальная колькасць кантактаў была дасягнутая ў 2010 годзе, а рэйтынг у 2009–2010 гадах. Гэты ўздым быў абумоўлены другім раўндам абмену візітамі на вышэйшым узроўні У наступныя гады іх колькасць пачала паступова зніжацца, але трэці раўнд абмену візітамі на вышэйшым узроўні ў 2012 – 2013 гадах зноў узняў гадавы рэйтынгавы бал кантактаў да 5. Асноўную павестку палітычных кантактаў у гэты час складалі пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прамысловай кааперацыі.
Новымі тэмамі сталі пытанні паставак у Беларусь азербайджанскай нафты і прыцягненне ў нашу краіну азербайджанскіх фінансавых рэсурсаў – як у форме інвестыцый, так і прамога крэдытавання (NAVINY.
BY, 2010; Тихомиров, 2011). Падчас сустрэч на міжпарламенцкім узроўні значная ўвага надавалася супрацоўніцтву ў міжнародных парламенцкіх структурах, такіх як ЕЎРАНЭСТ, ПА АБСЕ і ПАСЕ (БЕЛТА, 2010b; Беларусь у Фокусе, 2011).
Такім чынам, кантакты на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў мелі характар трох раўндаў абмену візітамі: першы – 2006–2007, другі – 2009–2010, трэці – 2012–2013 гады. Сустрэчы на вышэйшым узроўні вызначаліся высокай плённасцю – падчас першага візіту ў Мінск І. Аліева было падпісана 8 дакументаў аб развіцці двухбаковых адносін, у тым ліку 1 міждзяржаўная дамова; падчас першага візіту ў Баку А. Лукашэнкі – 9 дакументаў, у тым ліку 1 міждзяржаўная дамова. Падчас другога раўнду абмену візітамі было падпісана 9 міжурадавых і галіновых пагадненняў, падчас трэцяга візіту ў Мінск І. Аліева ў 2012 годзе – 6 пагадненняў, а па выніках апошняга візіту ў Баку А. Лукашэнкі ў 2013 – 11 дакументаў (Посольство, 2014).
Сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў урадаў былі менш рэгулярнымі. Яны пачаліся значна раней за кантакты на вышэйшым узроўні, аднак у другой палове 2000-х – пачатку 2010-х гадоў кіраўнікі ўрадаў сустракаліся радзей, чым кіраўнікі дзяржаў. Пры гэтым толькі ў 2004 годзе кантакты на гэтым узроўні насілі характар абмену візітамі. Усе астатнія візіты былі з беларускага боку. Плённасць сустрэч на высокім узроўні была ніжэй за вышэйшы: падчас першай з іх (жнівень 2001 года) было заключана 5 пагадненняў, столькі ж падчас абмену візітамі ў сакавіку – лістападзе 2004 года, а падчас працоўнага візіту ў Баку прэм'ера Беларусі Міхаіла Мясніковіча ў ліпені 2011 – усяго 2.
Тэматыка сустрэч на высокім узроўні насіла выразную эканамічную скіраванасць і ахоплівала пытанні гандлю, фінансавую сферу, падаткаабкладанне, мытнае супрацоўніцтва і 27 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах 5 Беларускія крыніцы характар гэтага візіту не пазначаюць (Посольство, 2014).
вытворчую кааперацыю (у тым ліку ў галіне ВПК). Так падчас візіту ў Баку М. Мясніковіча акрамя згаданых 2-х пагадненняў быў падпісаны шэраг кантрактаў на пастаўку ў Азербайджан прадукцыі беларускага машынабудавання, а таксама 2 мемарандумы пра кааперацыю ў вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку адзін трохбаковы – з удзелам нямецкай кампаніі "Халлер" (Министерство, 2011).
Кантакты на ўзроўні МЗС праводзіліся ў фармаце кансультацый паміж МЗС на ўзроўні альбо намеснікаў міністраў (сакавік 2010 і травень 2012 года), альбо кіраўнікоў консульскіх аддзелаў МЗС (чэрвень 2012 года). Адпаведна, іх тэматыка ў першым выпадку ахоплівала пытанні ўзгаднення пазіцый на міжнароднай арэне, інвентарызацыі наяўнай дамоўна-прававой базы двухбаковых адносін і вызначэння павесткі далейшага супрацоўніцтва (Посольство, 2012a; Министерство 2012a), у другім – супрацоўніцтва па консульскіх пытаннях (Министерство, 2012b).
Міжпарламенцкія кантакты Беларусі і Азербайджана пачаліся толькі ў 2008 годзе з афіцыйнага візіту ў Баку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзіма Папова. У адказ у наступным годзе Мінск наведаў старшыня Мілі Меджліса Азербайджана Актай Асадаў. У наступныя два гады міжпарламенцкія кантакты былі найбольш інтэнсіўнымі. У 2010 годзе Мінск наведалі кіраўнікі парламенцкіх камітэтаў і дэлегацый Азербайджана ў ПАСЕ і ЕЎРАНЭСТ Самед Сеідаў і Алі Гусейнаў. У тым жа годзе парламенцкая дэлегацыя Беларусі прыняла ўдзел у міжнародным назіранні на парламенцкіх выбарах у Азербайджане, а азербайджанская – на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. У наступным 2011 годзе Беларусь наведалі кіраўнікі парламенцкіх камітэтаў Азербайджана па дзяржаўным будаўніцтве і міжпарламенцкіх сувязях, а Азербайджан – беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі Віктарам Андрэйчанкам. Пры гэтым варта звярнуць увагу, што, калі ў 2008 – 2009 гадах візіты з абодвух бакоў насілі афіцыйны характар, то візіт Андрэйчанкі ў 2011 годзе, як пазначаюць крыніцы МЗС Азербайджана (Ministry, 2013), – толькі працоўны, 5 як і візіт у Баку М. Мясніковіча, што адбыўся ў тым жа годзе. Цяжка вызначыць, чым было абумоўлена такое паніжэнне статусу візітаў, бо вядома, што Азербайджан не падтрымаў еўрапейскую палітыку абмежавання кантактаў з беларускім кіраўніцтвам пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў і падаўлення акцый пратэсту на Плошчы Незалежнасці ў снежні 2010 года.
Усе згаданыя кантакты, акрамя ўдзелу парламенцкіх груп у міжнародным назіранні на выбарах, насілі двухбаковы характар і адбываліся, адпаведна, у Мінску ці Баку. Пры гэтым з 26 вядомых візітаў, што адбыліся за ўвесь час беларуска-азербайджанскіх міждзяржаўных адносін, 15 сустрэч праходзілі ў Баку, 11 – у 28 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка Мінску. У пэўнай ступені гэта сведчыць аб тым, што беларускі бок быў больш зацікаўлены ў развіцці двухбаковых адносін. Аб сустрэчах і перамовах у шматбаковым фармаце ні ў беларускіх, ні ў азербайджанскіх афіцыйных крыніцах не паведамляецца, нягледзячы на тое, што абедзве краіны з'яўляюцца удзельніцамі такіх міжнародных арганізацый, як СНД і АБСЕ, а таксама праграмы "Усходняе партнёрства" ЕС.
Верагодней за ўсё такое становішча выклікана асаблівасцямі адносін Беларусі з лідарамі гэтых структур.
Не падлягае сумневу, што большасць беларуска-азербайджанскіх праектаў разглядаецца афіцыйным Мінскам як "эканамічная страхоўка" на выпадак пагаршэння адносін з Расіяй, а ваенныя пастаўкі Азербайджана пагаршаюць становішча Арменіі – галоўнага расійскага саюзніка на Каўказе. Таму абмеркаванне сумесных праектаў у межах СНД і іншых структур, дзе дамінуе Расія, сапраўды выглядала б дзіўна.
З іншага боку, канфліктныя адносіны беларускага кіраўніцтва з Захадам і стаўка на пошук "слабых звенняў" у еўрапейскай палітыцы да Беларусі падштурхоўваюць мінімізаваць удзел у шматбаковых перамовах у рамках структур, дзе дамінуюць заходнія краіны, і сканцэнтравацца на двухбаковых кантактах з дзяржавамі, што маюць у Беларусі прагматычныя інтарэсы і не схільныя імі рызыкаваць дзеля сімвалічнага прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў.
Нягледзячы на фактычную адсутнасць у беларуска-азербайджанскіх адносінах шматбаковага фармату, ёсць звесткі аб падтрымцы Азербайджанам Беларусі на міжнароднай арэне. Так, паводле інфармацыі МЗС Беларусі, Азербайджан падтрымаў кандыдатуру Беларусі на выбарах непастаянных сяброў Савета бяспекі ААН у 2001 годзе, а падчас галасавання на пасяджэнні ПА АБСЕ ў Ратэрдаме ў 2003 годзе па рэзалюцыі аб становішчы ў Беларусі падтрымаў пазіцыю беларускага боку (Посольство, 2012a). Таксама паведамляецца, што прадстаўнікі Азербайджана выступалі супраць заходняй крытыкі беларускага рэжыму ў ПА АБСЕ і ЕЎРАНЭСЦЕ. Пра зваротныя крокі Беларусі ў падтрымку Азербайджана на міжнароднай арэне, аднак, ніякіх звестак няма. Вядома, што афіцыйны Мінск заяўляе аб сваёй нейтральнай пазіцыі па Нагорна-Карабахскім канфлікце (Википедия, 2013).
ІІ. Развіццё дамоўнаправавой базы Па звестках электроннай сістэмы "Кансультант Плюс", у 1992 – 2012 гадах паміж Беларуссю и Азербайджанам было заключана 56 міжнароднаправавых актаў. І хаця ў матэрыялах МЗС Беларусі пазначаецца значна большая колькасць – больш за 80 (Посольство, 2013), а ў матэрыялах МЗС Азербайджана – ўвогуле 92 (Ministry, 2013), разыходжанні гэтых лічбаў і адсутнасць інфармацыі пра тое, якія дакументы іх складаюць, вымушае ўзяць за аснову больш канкрэтныя і дэталізаваныя дадзеныя сістэмы "Кансультант Плюс".
З 56 знойдзеных у ёй дакументаў з удзелам Беларусі і Азербайджана 55 29 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах з'яўляюцца двухбаковымі дамоўленасцямі і толькі 1 – шматбаковай. 6 23 з іх было падпісана ў Мінску, 29 – у Баку, 1 – у азербайджанскім горадзе Габала. Месца падпісання яшчэ 3-х дакументаў невядомае. Толькі 1 з 56 дакументаў тычыцца змянення і перагляду раней дасягнутых дамоўленасцяў. 3 акта маюць статус міждзяржаўных дамоў, 26 – міжурадавых пагадненняў і 27 – галіновых (міжведамасных). У 1990-х гадах былі заключаны толькі 3 галіновых пагаднення і 1 міждзяржаўнае шматбаковае пагадненне. Астатнія 2 – падчас першага раўнду абмену візітамі кіраўнікоў дзяржаў. Першыя міжурадавыя пагадненні былі заключаны толькі ў 2001 годзе – падчас візіту ў Баку беларускага прэм'ера В. Ярмошына. Пераважная большасць галіновых пагадненняў (23 з 27) былі заключаны ў другой палове 2000-х гадоў – пачынаючы з 2006 года. Дынаміка колькасці заключаных дамоўленасцяў па гадах прадстаўлена ў наступнай Дыяграме 2.
6 Пагадненне аб падзеле інвентарных паркаў грузавых вагонаў і кантэйнераў былога Міністэрства шляхоў зносін СССР паміж постсавецкімі краінамі 1993 года.
Дыяграма 2. Дынаміка агульнай колькасці беларуска-азербайджанскіх дамоўленасцяў, 1992 – 2012 гады.
Крыніцы: аўтарскія падлікі на аснове дадзеных базы прававой інфармацыі Консультант Плюс, 2013.
З дыяграмы бачна, што дынаміка развіцця дамоўна-прававой базы ў цэлым карэлюе з дынамікай палітычных кантактаў. Такім чынам, відавочна, што сустрэчы дзяржаўных лідараў мелі прамое дачыненне да яе развіцця – нават заключэнне міжурадавых і галіновых дамоў па часе пераважна супадае з візітамі прэзідэнтаў.
Каб вызначыць прыярытэтныя накірункі развіцця беларуска-азербайджанскай дамоўна-прававой базы ізноў скарыстаемся рэйтынгавай сістэмай, што ўлічвае колькасць дамоўленасцяў і іх узровень – бо, відавочна, міждзяржаўныя дамовы і міжурадавыя пагадненні рэгулявалі больш значныя пытанні двухбаковых адносін, чым галіновыя міжведамасныя. Такім чынам, кожная міждзяржаўная дамова ацэньваецца ў 3 балы, міжурадавая – ў 2 і галіновая – ў 1. Пагадненні, што рэгулююць блізкія ці сумежныя накірункі супрацоўніцтва (напрыклад, гандаль 30 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка і падаткі) аб'ядноўваюцца ў адну групу, а іх балы падсумоўваюцца. Па агульнай колькасці балаў у асобных групах вызначаецца прыярытэтнасць кожнага з накірункаў. Вынікі адлюстраваны ў Табліцы 2.
Табліца 2. Прыярытэтныя накірункі развіцця беларуска-азербайджанскай дамоўна-прававой базы.
Накірункі супрацоўніцтва Колькасць дакументаў Рэйтынгавая ацэнка Эканоміка, гандаль, падаткі і маёмасць 9 18 Барацьба са злачыннасцю і супрацоўніцтва судовых органаў 8 12 Адукацыя і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва 6 10 Фінансава-крэдытныя пытанні і разлікі 7 8 Медыцына, ветэрынарыя і санітарны кантроль 4 6 Транспарт і грузаперавозкі 3 5 Супрацоўніцтва мытных і памежных органаў 3 4 Стандартызацыя, метралогія і статыстыка 3 4 Ваеннае і ваенна-прамысловае супрацоўніцтва 2 3 Праца і сацыяльная абарона грамадзян 2 3 Інфармацыя і СМІ 2 3 Моладзевая палітыка, фізкультура і спорт 2 3 Ахова наваколля і супрацоўніцтва па лініі МНС 2 2 Іншае 3 7 Крыніцы: аўтарскія падлікі на аснове дадзеных базы прававой інфармацыі Консультант Плюс, 2013.
Такім чынам, пяцёрку вядучых накірункаў развіцця дамоўна-прававой базы складаюць: гандлёваэканамічнае супрацоўніцтва (у тым ліку пытанні падаткаабкладання, аховы інвестыцый і маёмасці) – 9 дамоўленасцяў з агульным рэйтынгам у 18 балаў; барацьба са злачыннасцю і супрацоўніцтва судовых органаў дзвюх краін – 8 і 12 адпаведна; супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і тэхналогій – 6 і 10; фінансавакрэдытная сфера і ўзаемныя разлікі (у тым ліку пагадненне аб выдачы Беларусі азербайджанскага крэдыту ў 2010 годзе) – 7 і 8; у галіне аховы здароўя, ветэрынарыі і санітарнага кантролю – 4 і 6. Характарызуючы дынаміку гэтых накірункаў, трэба адзначыць, што, у першую чаргу – яшчэ ў 1990-х гадах пачала стварацца дамоўная база ў галіне ўзаемных разлікаў, маёмасных пытанняў і супрацоўніцтва судовых органаў. Апошні накірунак, аднак, выйшаў на вядучыя пазіцыі толькі ў 2012 годзе, калі было заключана 5 з 8 пагадненняў, аднесеных да гэтай групы.
31 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах Таксама трэба спыніцца яшчэ на адным накірунку двухбаковых адносін – супрацоўніцтве ў галіне ВПК, бо, нягледзячы на досыць сціплае месца ў развіцці дамоўнай базы, яно мае значны міжнародны рэзананс.
Першай дамоўленасцю ў гэтай сферы стала міжурадавае пагадненне "Аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасці" ад 5 лістапада 2004 года. Другой – пагадненне паміж міністэрствамі абароны абедзвюх краін "Аб стварэнні сістэмы інфармацыйнага абмену" ад 13 лістапада 2008 года.
У графу "Іншае" патрапілі міждзяржаўная дамова "Аб сяброўстве і супрацоўніцтве" і 2 міжурадавых пагадненні – "Аб узаемных паездках грамадзян" і "Аб узаемным прадастаўленні ўчасткаў для размяшчэння дыппрадстаўніцтваў". Увогуле ж падзел часам насіў даволі ўмоўны характар, бо некаторыя пагадненні (напрыклад, аб супрацоўніцтве ў галіне медыцынскай навукі ці сельскагаспадарчых тэхналогій) падыходзяць адпаведна вышэйзгаданай класіфікацыі адразу ў дзве катэгорыі, і выбар да якой іх урэшце аднесці не заўсёды быў відавочным.
ІІІ. Эканамічныя сувязі Інстытуалізацыя эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Азербайджанам пачалася даволі позна – фактычна праз 10 год пасля ўсталявання дыпламатычных адносін. Міжурадавая двухбаковая камісія па гандлёваэканамічным супрацоўніцтве была створана толькі ў 2004 годзе (для параўнання, з Літвой – у 1994 годзе).
Нават па развіцці дамоўна-прававой базы бачна, што сапраўднае ажыўленне беларуска-азербайджанскіх эканамічных сувязяў пачалося толькі ў другой палове 2000-х гадоў. Так за 2006 – 2012 гады было заключана 9 дамоўленасцяў у галіне эканомікі, гандлю і разлікаў, у той час як за ўвесь папярэдні перыяд – толькі 7. Зразумела, што з беларускага боку каталізатарам эканамічнай зацікаўленасці да Азербайджана сталі нарастаючыя супярэчнасці ў адносінах з кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна, наконт коштаў і спосабаў разліку за пастаўкі расійскай нафты і газу. Імкненне знайсці альтэрнатыўных пастаўшчыкоў вуглевадароднай сыравіны, а таксама магчымых крэдытораў, на выпадак згортвання крэдытнай падтрымкі з боку Масквы, вымушалі звярнуць большую ўвагу на магчымасці супрацоўніцтва з Азербайджанам.
У сваю чаргу ў Азербайджана таксама расце зацікаўленасць да супрацоўніцтва з Беларуссю. У 2000-я гады за кошт нафтаздабычы гэтая краіна ўжо аднавіла эканамічны патэнцыял, страчаны пасля крызісу першых гадоў незалежнасці і ваеннага канфлікту з Арменіяй у Нагорным Карабаху. Як піша беларускі эканаміст азербайджанскага паходжання Фарман Юсубаў, стратэгія эканамічнага развіцця Азербайджана грунтуецца на выкарыстанні нафтавага фактару дзеля мадэрнізацыі прамысловасці ў бок імпартазамяшчэння (Юсубов, 2011, 98). Таму адной з важных тэм беларуска-азербайджанскага эканамічнага супрацоўніцтва стала стварэнне на тэрыторыі Азербай- 32 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка джана сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і тэхнікі для нафтаздабычы.
Значная ўвага надаецца і павышэнню ваеннага патэнцыялу краіны ў сувязі з нявырашаным Карабахскім канфліктам і непрызнаннем азербайджанскім кіраўніцтвам страты кантролю над часткай сваёй тэрыторыі. Таму відавочна і зацікаўленасць азербайджанскага боку ў пастаўках ваеннай тэхнікі і супрацоўніцтве з беларускім ВПК. Прынамсі ў апошнія гады Азербайджан стабільна фігуруе ў спісе асноўных імпарцёраў беларускай ваенна-тэхнічнай прадукцыі (Будкевич, 2013; Википедия, 2013).
Разгледзім больш падрабязна дынаміку асноўных паказчыкаў беларуска-азербайджанскіх эканамічных стасункаў у перыяд іх актывізацыі – пачынаючы з 2006 года. Тэндэнцыі развіцця беларускага гандлю з Азербайджанам адлюстраваны ў табліцы 3.
Табліца 3: Гандаль Беларусі з Азербайджанам, 2006 – 2012 гады.
2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 Таваразварот (млн. дал.) 37,2 89,7 111.6 124,6 146,2 1026 223,3 Экспарт (млн. дал.) 34,5 86,4 105,4 120,3 140,2 200,2 211,1 Імпарт (млн. дал.) 2,7 3,3 6,2 4,3 6,0 825,8 12,2 Сальда (млн. дал.) 31,8 83,1 99,2 116,0 134,2 -625,6 198,8 Доля ў сукупным экспарце 0,17 % 0,36 % 0,32 % 0,56 % 0,55 % 0,48 % 0,46 % Доля ў сукупным імпарце: 0,01 % 0,01 % 0,02 % 0,02 % 0,02 % 1,80 % 0,03 % Крыніцы: Внешняя торговля, 2010: 34; 2012: 40; Национальный статистический комитет.
З табліцы бачна, што хаця да 2012 года двухбаковы таваразварот няўхільна павялічваўся, у яго дынаміцы можна вызначыць два рэзкіх скачка – у 2007 і 2011 годзе. Пры гэтым, калі першы з іх быў абумоўлены значным павелічэннем (больш як удвая) беларускага экспарту ў Азербайджан, то другі – наадварот, рэзкім ростам імпарту з Азербайджана.
Увогуле, 2011 год рэзка выбіваецца з агульнага трэнду развіцця ўзаемнага гандлю – і тым, што таваразварот перавысіў 1 млрд. даляраў, і тым, што ў Беларусі ўпершыню атрымалася адмоўнае знешнегандлёвае сальда з Азербайджанам. Такая рэзкая змена гандлёвага трэнду была абумоўлена пастаўкамі ў Беларусь азербайджанскай нафты па своп-схеме з удзелам 33 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах Венесуэлы. У наступным 2012 годзе яны спыніліся і вярнуліся папярэднія тэндэнцыі з павольным, але няўхільным павышэннем беларускага экспарту і яго шматкратнай перавагай над імпартам. Доля Азербайджана ў сукупным экспарце Беларусі за гэтыя 6 год павялічылася амаль утрая, але толькі ў 2009–2010 гадах яна перавышала 0,5 %. У сукупным імпарце Беларусі доля гэтай краіны заставалася мізэрнай на працягу амаль усяго гэтага перыяду – за выняткам 2011 года, калі, дзякуючы пастаўкам нафты, яна ўзрасла ледзь не да 2 %.
Аснову беларускага экспарту ў Азербайджан складае прадукцыя машынабудавання (трактары, грузавыя аўтамабілі, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння, прычэпы, дарожная тэхніка), прыборабудавання (электратрансфарматары), дрэваапрацоўкі (фанера, пліты ДСП), а таксама некаторыя харчовыя прадукты (пераважна малако і малочныя вырабы), керамічныя пліты, паліраванае шкло і шкляны посуд, шыны, палімеры эцілена (Посольство, 2012с). У 2011 – 2012 гадах на вядучыя пазіцыі ў структуры беларускага экспарту ў Азербайджан выходзяць прыборы, апаратура і мадэлі для дэманстратыўных мэт – ледзь не 10 % ад усяго экспарту ў гэту краіну (Внешняя торговля, 2011, 130; 2012, 129). З сярэдзіны 2000-х гадоў Азербайджан таксама становіцца адным з галоўных пакупнікоў беларускай ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў. У табліцы 4 прыведзены дадзеныя аб беларускіх ваенных пастаўках ў Азербайджан адпаведна дадзеным ААН.
Табліца 4. Беларускія пастаўкі ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі ў Азербайджан.
Найменне тэхнікі Колькасць 2005 танкі Т-72 19 2006 танкі Т-72 41 2007 - 2008 самаходныя гаўбіцы 2С7 "Піён" 203 мм. 3 2009 самаходныя гаўбіцы 2С7 "Піён" 203 мм. 9 штурмавікі Су-25 5 2010 штурмавікі Су-25 1 122-міліметровыя буксіруемыя гаўбіцы Д-30 30 2011 - 2012 танкі Т-72 62 штурмавікі Су-25 1 Крыніцы: Будкевич, 2013; Википедия, 2013.
34 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка Наконт кошту гэтых паставак у аанаўскіх справаздачах не паведамляецца. Але, як бачна з табліцы, у Азербайджан пастаўляюцца пераважна састарэлыя мадэлі ваеннай тэхнікі, што дасталіся Беларусі ў спадчыну ад Савецкага Саюза.
Азербайджанскі экспарт у Беларусь прадстаўлены, галоўным чынам, сельскагаспадарчай прадукцыяй (садавіна і гародніна, сокі, бавоўна), а таксама ацыклічнымі спіртамі і тканінамі з сінтэтычных комплексных ніцей (Посольство, 2012с). Аднак з года ў год яго структура значна мяняецца. Так у 2011 годзе асноўнае месца ў структуры беларускага імпарту з Азербайджана занялі пастаўкі азербайджанскай нафты, але гэтыя пастаўкі насілі хутчэй разавы, чым рэгулярны характар. У 2012 годзе асноўнымі пазіцыямі імпарту былі нафтапрадукты (больш за 60 %) і ацыклічныя вуглевадароды (каля 12,5 %) (Внешняя торговля, 2012:
263; 2013: 203).
Аднак беларуска-азербайджанскія эканамічныя сувязі не абмяжоўваюцца ўзаемным гандлем. Развіваецца і супрацоўніцтва краін у інвестыцыйнай сферы. Як бачна з прыведзенай ніжэй статыстыкі, у 2006 – 2008 гадах азербайджанскія інвестыцыі ў Беларусі выраслі больш як у 50 разоў і перавысілі адзнаку ў паўмільярда даляраў. У наступным годзе адбыўся іх пяцікратны спад, а ў 2010 – 2011 гадах – зноў хуткі рост, калі яны дасягнулі свайго максімуму за ўвесь перыяд, за якім адбыўся новы спад. Такім чынам, азербайджанскія інвестыцыі ў Беларусі адзначаліся вельмі непаслядоўнай дынамікай, прычым рэкордны рост 2011 года быў адзначаны не за кошт прамых ці партфельных інвестыцый, а тых што былі аднесены ў катэгорыю “іншыя”, да якой звычайна адносяць гандлёвыя крэдыты і банкаўскія ўклады. Азербайджанскія інвестыцыйныя праекты ў Беларусі ўключаюць будаўніцтва гандлёва-лагістычнага цэнтра, бізнес цэнтра і аб’ектаў грамадскага харчавання ў Мінску і некаторых іншых гарадах. Таксама абмяркоўваецца ўдзел азербайджанскіх інвестараў у праграме прыватызацыі ў Беларусі (Посольство, 2012с).
Табліца 5. Дынаміка азербайджанскіх інвестыцый у Беларусі.
2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 Прамыя 11,9 184,2 542,8 64,7 1525,9 12062,4 10541,7 Партфельныя 0 0 0 0 0 0 0 Іншыя 0 0 21,2 34,9 0,5 300013 64,3 Усяго 11,9 184,2 564,0 99,6 1526,4 312075,4 10606,0 Крыніцы : Инвестиции , 2008: 13; 2010: 16; 2012: 39 .
Што тычыцца беларускіх інвестыцый у Азербайджане, яны накіраваны пераважна на стварэнне ў гэтай краіне тавараправодных сетак айчынных прадпрыемстваў. Па афіцыйных звестках, зараз там дзейнічаюць сеткі 40 беларускіх вытворцаў.
У 2009–2010 гадах былі створаны су- 35 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах месныя прадпрыемствы Універсальны гандлёвы дом “Баку-Мінск” і ТАА Гандлёвы дом “АзНёманБХЗ” па гандлі беларускім крышталём (Посольство, 2012с).
Атрымала развіццё і прамысловая кааперацыя – пераважна ў галіне сельскагаспадарчай тэхнікі.
У 2007 годзе ў Азербайджане была наладжана зборка беларускіх трактароў і грузавых аўтамабіляў, а таксама кааперацыя па вытворчасці мабільных буравых установак. Асноўным партнёрам з азербайджанскага боку па супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі МАЗ, МТЗ і Белаграмаш выступае аўтамабільны завод горада Гянджа. У якасці пацверджання паспяховасці беларуска-азербайджанскай прамысловай кааперацыі прыводзіцца факт падпісання трохбаковага кантракта на 10 год паміж беларускімі, азербайджанскімі і нямецкімі вытворцамі камунальнай тэхнікі (Юсубов, 2011, 100–101).
Нарэшце, трэба ўзгадаць яшчэ і пра такі накірунак эканамічнага супрацоўніцтва, як крэдытаванне Беларусі з боку Азербайджана. Вядома, што 23 чэрвеня 2010 года паміж урадамі дзвюх краін у Баку было падпісана пагадненне пра выдачу Азербайджанам Беларусі дзяржаўныга крэдыту ў памеры 200 млн. дал. дзеля пагашэння запазычанасці перад расійскім “Газпрамам”. І хаця некаторыя эксперты пісалі, што разлічваць на працяг азербайджанскай крэдытнай падтрымкі не варта, бо, у адрозненні ад Венесуэлы, Баку не мае палітычных матываў для прадстаўлення Мінску асаблівых эканамічных прэферэнцый і зыходзіць выключна з прагматычных інтарэсаў (Тихомиров, 2011), эканамічны аналітык Сяргей Чалы сцвярджае, што ў 2011 – 2012 гадах Беларусь атрымала ад Азербайджана яшчэ адзін, а магчыма і два крэдыты (Чалый и Свердлов, 2014). Пры гэтым ён спасылаецца на пастанову Саўміну № 1001 ад 27 ліпеня 2011 г. (то бок адразу пасля візіту ў Баку М. Мясніковіча) аб крэдытным займе “Беларуськалія” ў 300 млн.
дал. пад гарантыі беларускага ўраду з боку прыватнага азербайджанскага банка, які цалкам належыць сям’і прэзідэнта І. Аліева. Гэтыя звесткі пацвярджае і прыведзеная вышэй інвестыцыйная статыстыка, адпаведна якой менавіта такую суму мы бачым у графе “іншыя інвестыцыі” з Азербайджана за 2011 год. Трэці крэдыт Беларусі ў памеры 400 – 450 млн. дал., па версіі Чалага, мог быць выдзелены пасля чарговага візіту ў Мінск азербайджанскага кіраўніка ў жніўні 2012 года, аднак ніякіх пацверджанняў гэтага не прыводзіцца.
Заключэнне Такім чынам, за некалькі год Азербайджан, які да сярэдзіны 2000-х гадоў фактычна не меў істотных адносін з Беларуссю, становіцца адным з прыярытэтных знешнепалітычных і эканамічных партнёраў нашай краіны. Аб гэтым сведчаць і рэгулярнасць палітычных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях, і створаная даволі шырокая дамоўнаправавая база (як па колькасці дакументаў, так і па сферах іх рэгулявання), і, нарэшце, гатоўнасць азербай- 36 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка джанскага боку аказваць нашай краіне крэдытную падтрымку. Праўда, калі паглядзець на гандлёвую статыстыку, Азербайджан пакуль ніяк нельга ўключыць у лік асноўных знешнегандлёвых партнёраў Беларусі. Але, як сведчыць аналіз тэматыкі палітычных кантактаў, у выпадку Азербайджана нарошчванне прамога гандлю таварамі і не з’яўляецца галоўным знешнеэканамічным прыярытэтам Беларусі. Куды большая ўвага надаецца развіццю прамысловай кааперацыі і стварэнню ў Азербайджане зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі, што будуць працаваць не толькі на ўнутраны рынак Азербайджана, але і выходзіць у перспектыве на рынкі суседніх з ім дзяржаў.
Што тычыцца беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, не варта перабольшваць яго маштабы і значэнне, бо ў гэтую краіну з Беларусі экспартуецца не новая прадукцыя айчыннага ВПК, а старая савецкая тэхніка. Зразумела, што запасы такой тэхнікі ў нас не бязмежныя, а яе кошт на міжнародным рынку ўзбраенняў з цягам часу будзе толькі памяншацца. Таму гэта хутчэй невялікі эпізод, чым доўгатэрміновы трэнд у развіцці беларуска-азербайджанскіх адносін.
Безумоўна, важнае значэнне для Беларусі мае і тое, што ў асобе Азербайджана яна знайшла альтэрантыву расійскім пастаўкам нафты і газу.
Азербайджанскі бок, відавочна, таксама не супраць асвоіць новы беларускі рынак для сваёй вуглевадароднай сыравіны. Аднак, як паказаў досвед 2011 года, наладзіць трывалыя пастаўкі ў Беларусь азербайджанскай нафты аказалася даволі складанай справай. Транзіт праз тэрыторыю некалькіх трэціх краін робіць гэтыя пастаўкі даволі невыгоднымі. Таму хутчэй за ўсё беларускае кіраўніцтва разглядае Азербайджан не ў якасці рэальнай альтэрнатывы па замяшчэнні імпарту расійскай нафты і газу ў кароткатэрміновай перспектыве, а як “страхоўку” на выпадак будучых абвастрэнняў нафта-газавых супярэчнасцяў з Масквой.
У гэтай сувязі паказальна і тое, што развіццё беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва адбываецца пераважна па-за фарматам СНД і іншых рэгіянальных аб’яднанняў, дзе дамінуе Расія. Галоўную ролю ў ім, безумоўна, адыгрывае двухбаковы фармат, які дапаўняецца паслядоўнай падтрымкай Азербайджанам афіцыйнага Мінску ў такіх еўрапейскіх структурах, як АБСЕ, ПАСЕ і “Усходняе партнёрства” ЕС. Пры гэтым кіраўніцтва Азербайджана асуджае заходнюю палітыку згортвання палітычных кантактаў з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі (за што І. Аліеў нават быў раскрытыкаваны азербайджанскай апазіцыяй). Такім чынам, пазіцыю Азербайджана ў дачыненні Беларусі нельга назваць ні прарасійскай, ні празаходняй. Патлумачыць дасягнуты высокі ўзровень адносін выключна прагматычнымі інтарэсамі азербайджанскага боку таксама не выпадае з нагоды пакуль не надта шчыльных эканамічных сувязяў.
Таму тут не варта ігнараваць даволі важны, калі размова ідзе аб краінах Усходу, фактар добрых асабістых адносін паміж кіраўнікамі абедзвюх дзяржаў.
37 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах Літаратура 1. Беларусь у Фокусе (2011) Будущее Беларуси в Евронесте. – 24.04.2011. URL (доступ 17.04.2013): http://belarusinfocus.info/by/p/265buduschee_belarusi_v_evroneste 2. БЕЛТА (2010a) Между Беларусью и Азербайджаном существуют широкие возможности для всестороннего развития связей – Андрейченко. – 01.06.2010. URL (доступ 27.04.2013): http://www.belta.by/ru/all_news/politics/Mezhdu-Belarusju-iAzerbajdzhanom-suschestvujut-shirokie-vozmozhnosti-dlja-vsestoronnego-razvitijasvjazej---Andrejchenko_i_581608.html 3. БЕЛТА (2010b) Парламентарии Беларуси и Азербайджана констатируют высокий уровень сотрудничества между двумя странами. – 01.06.2010. URL (доступ 27.04.2013): http://www.belta.by/ru/all_news/politics/Parlamentarii-Belarusii-Azerbajdzhana-konstatirujut-vysokij-uroven-sotrudnichestva-mezhdu-dvumjastranami_i_513788.html 4. Будкевич, Вячеслав (2013). В 2012 году Беларусь продавала обычные вооружения в Азербайджан, Йемен и Великобританию. TUT.BY 09.12.2013. URL (доступ 29.01.2014): http://news.tut.by/society/378064.html 5. Википедия. (2013) Азербайджано-белорусские отношения. URL (доступ 29.01.2014): http://ru.wikipedia.org/wiki/Азербайджано-белорусские_отношения 6. Внешняя торговля Республики Беларусь (2009) статистический сборник.
7. Внешняя торговля Республики Беларусь (2010) статистический сборник.
8. Внешняя торговля Республики Беларусь (2011) статистический сборник.
9. Внешняя торговля Республики Беларусь (2012) статистический сборник.
10. Внешняя торговля Республики Беларусь (2013) статистический сборник.
11. Закавказье: информационно аналитический бюллетень (2001). № 35 (01.09.2001) Хроника. URL (доступ 17.04.2013): http://www.zatulin.ru/institute/sbornik/035/05.htm 12. Инвестиции в Республику Беларусь из-за рубежа (2008) статистический сборник.
13. Инвестиции в Республику Беларусь из-за рубежа (2010) статистический сборник.
14. Инвестиции в Республику Беларусь из-за рубежа и инвестиции из Республики Беларусь за рубеж (2012) статистический сборник.
15. Консультант Плюс (2013) Справочная правовая система: Версия проф. Технология 3000 / ООО “ЮрСпектр”.
16. Медиафорум (2006) Президент Ильхам Алиев находится с визитом в Беларуси. – 17.10.2006. URL (доступ 11.05.2013): http://www.mediaforum.az/rus/2006/10/17/ ПРЕЗИДЕНТ-ИЛЬХАМ-АЛИЕВ-НАХОДИТСЯ-С-ВИЗИТОМ-В-БЕЛАРУСИ040737301c.html 17. Министерство иностранных дел Республики Беларусь (2004). Материалы брифинга заместителя начальника управления информации МИД Р. О. Есина, проведенного для представителей СМИ 4 ноября 2004 г. URL (доступ 21.03.2013): http:// www.mfa.gov.by/press/news_mfa/fce54ddd6bfdef20.html 18. Министерство иностранных дел Республики Беларусь (2011). О визите Премьер-министра Республики Беларусь Михаила Мясниковича в Азербайджанскую Республику. URL (доступ 21.03.2013): http://mfa.gov.by/press/news_mfa/ f0168b93f086ca51.html 19. Министерство иностранных дел Республики Беларусь (2012a). О белорусскоазербайджанских межмидовских консультациях. URL (доступ 21.03.2013): http:// mfa.gov.by/press/news_mfa/f51f5c42ed92bafe.html 20. Министерство иностранных дел Республики Беларусь (2012b). О белорусскоазербайджанских межмидовских консультациях. URL (доступ 21.03.2013): http:// mfa.gov.by/press/news_mfa/fb26f84113e02a9e.html 38 № 20 (1) 2013 Знешняя палітыка 21. Национальное Собрание Республики Беларусь. (2008). 18 июня 2008 года начался визит парламентской делегации Республики Беларусь во главе с Председателем Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Поповым В.А. в Азербайджанскую Республику. – 19.06.2008. URL (доступ 27.04.2013): http:// house.gov.by/index.php/,1,17201,1,,0,,,0.html 22. Национальное Собрание Республики Беларусь. Совет Республики. (2009). Визит делегации Милли Меджлиса Азербайджанской Республики URL (доступ 27.04.2013): http://www.sovrep.gov.by/index.php/.596.5171...0.0.0.html 23. Национальное Собрание Республики Беларусь. Совет Республики. (2010). Вадим Попов принял участие в международном наблюдении за парламентскими выборами в Азербайджане. URL (доступ 27.04.2013): http://www.sovrep.gov.by/index.
php/.480.6175.2..0.0.0.html 24. Национальный статистический комитет Республики Беларусь. (2013) Основные показатели внешней торговли // URL (доступ 21.03.2013): http://belstat.gov.by/ homep/ru/indicators/ftrade1.php 25. Посольство Республики Беларусь в Азербайджанской Республике (2012a) Белорусско-азербайджанские отношения в ретроспективе: состояние и перспективы.
URL (доступ 17.04.2013): http://azerbaijan.mfa.gov.by/rus/relations/ 26. Посольство Республики Беларусь в Азербайджанской Республике (2012b) Политические отношения. Сотрудничество Республики Беларусь и Азербайджанской Республики в политической сфере. URL (доступ 17.04.2013): http://azerbaijan.mfa.
gov.by/print/ru/bilateral_relations/ 27. Посольство Республики Беларусь в Азербайджанской Республике (2012c). Сотрудничество Республики Беларусь и Азербайджанской Республики в торговоэкономической области. URL (доступ 17.04.2013): http://azerbaijan.mfa.gov.by/rus/ relations/ 28. Посольство Республики Беларусь в Азербайджанской Республике. (2013). Договорно-правовая база Республики Беларусь и Азербайджанской Республики. URL (доступ 29.06.2013): http://azerbaijan.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/DPB/ 29. Посольство Республики Беларусь в Азербайджанской Республике. (2014) Белорусско-азербайджанские двусторонние отношения. URL (доступ 29.06.2013): http:// http://azerbaijan.mfa.gov.by/print/ru/bilateral_relations/ 30. Тихомиров, Андрей (2011). Удастся ли Минску раскрутить Баку на спонсорство?
Newsland, URL (доступ 27.04.2013): http://newsland.com/news/detail/id/746073/ 31. Чалый, Сергей; Свердлов Павел (2014). "Экономика на пальцах". Продолжится ли политика затягивания поясов населению и в 2014 году? TUT.BY 13.01.2014. URL (доступ 29.01.2014): http://news.tut.by/economics/381565.html 32. Юсубов, Фарман (2011) Совершенствование торгово-экономического партнерства Беларуси и Азербайджана, Журнал международного права и международных отношений, 4: 94 – 102.
33. Ministry of Foreign Relations of the Republic of Azerbaijan (2013) Azerbaijan-Belarus relations. Political relations. URL (consulted 29.06.2013): http://www.mfa.gov.az/files/ file/Azerbaijan%20-%20Belarus%20relations.pdf 34. NAVINY.BY (2004). Премьер-министр Азербайджана посетит с официальным визитом Беларусь. – 25.3.2004. URL (доступ 27.04.2013): http://naviny.by/rubrics/ politic/2004/03/25/ic_news_112_254291/ 35. NAVINY.BY (2007). Готовится официальный визит Александра Лукашенко в Азербайджан. – 09.03.2007. URL (доступ 27.04.2013): http://naviny.by/rubrics/ politic/2007/03/09/ic_news_112_267855/ 39 № 20 (1) 2013 Андрэй Валодзькін. Адносіны Беларусі і Азербайджана ў 1992-2012 гадах 36. NAVINY.BY (2009). Алиев доволен отношениями Азербайджана и Беларуси. – 12.11.2009. URL (доступ 27.04.2013): http://naviny.by/rubrics/economic/2009/11/12/ ic_news_113_321177/ 37. NAVINY.BY (2013). Оппозиция Азербайджана обвиняет официальный Баку в финансовой поддержке Лукашенко. – 09.04.2012. URL (доступ 27.04.2013): http:// naviny.by/rubrics/politic/2012/04/09/ic_news_112_390845/ 38. TUT.BY (2007). Сидорский 28 – 29 марта посетит Азербайджан. – 27.03.2007. URL (доступ 21.03.2013): http://news.tut.by/economics/85159.html 39. NAVINY.BY (2010). Лукашенко совершит визит в Азербайджан. – 02.06.2010.
URL (доступ 27.04.2013): http://naviny.by/rubrics/politic/2010/06/02/ic_ news_112_332260/ 40. TUT.BY (2009). 7 июля Сидорский совершит рабочий визит в Азербайджан. – 06.07.2009 URL (доступ 17.04.2013): http://news.tut.by/politics/141907.html