Часопіс “Палітычная сфера”

Рэканструкцыя палітычнай ідэнтычнасці ВКЛ XVI cт. (на матэрыяле “Хронікі Быхаўца”)

Андрэй Казакевiч · 2003

11 Рэфлексіі Рэканструкцыя палітычнай ідэнтычнасці ВКЛ XVI ст.

(на матэрыле “Хронікі Быхаўца”) Артыкул прадстаўляе спробу рэканструкцыі палітычнае ідэнтычнасці ВКЛ на матэрыяле белурускага летапісу “Хроніка Быхаўца” (часткі якая апісвае гісторыю Літвы да Міндаўга). Асаблівая ўвага нададзена феномену мадэлявання мінулага ў летапісе, адзначаны прычыны кадэфікацыі гісторыі ў XVI стагоддзі і ідэалагічны статус “Хронікі Быхаўца”.

Рэканструяваны палітычны ланшафт Літвы і Русі, які будуе “Хроніка”. У змесце літвінская ідэнтычнасць, якую спрадуе сфармуляваць “Хроніка” выяўлена імкненне да уніфікацыі генеалогіі шляхты ВКЛ, гомагенізацыі палітычнай праторы і спробы знешняй легітымацыі праз стварэнне міфу “рымскага паходжання”.

Тэматыка: палітычная ідэнтычнасць, самаідэнтыфікацыя, палітычная гіторыя, генезіс ВКЛ, рэканструкцыя.

Гэты тэкст ставіць сваёй задачай спробу рэканструкцыі палітычнай і гістарычнай свядомасці Вялікага княства Літоўскага XVI ст. У якасці матэрыялу для рэканструкцыі выбрана “Хроніка Быхаўца”, дакладней, яе першая частка, якая апісвае гісторыю Літвы да Вялікага князя Міндаўга. “Хроніка Быхаўца” прадстаўляе сабою лепапіс, які быў адкрыты ў 30-я гады ХІХ ст. і паступова стаў, нягледзячы на ідэалагічную насычанасць, адной з галоўных крыніц па генезісе ВКЛ ранняга перыяду 1 .

“Хроніка Быхаўца” з’яўляецца ці не адзіным вядомым тэкстам, які ўтрымлівае апісанне “старажытанага” перыяду гісторыі “Літвы” і цэлы комплекс ідэалагічных канцэптаў шляхты ВКЛ XVI ст., таму выбар “Хронікі” ў якасці матэрыяла для рэканструкцыі цалкам наруральны.

Перад тым, як пачаць непасрэднае вызначэнне палітычнага ланшафту старажытнай Літвы, які будуе “Хроніка Быхаўца”, трэба зрабіць некалькі заўваг. Мы выкарыстоўваем “Хроніку” не як дакумент, які ўтрымлівае гістарычныя факты, а як матэрыял для рэканструкцыі палітычнай сімволікі і палітычнай свядомасці. У вызначаным полі даследванняў некарэктна казаць пра “гістарычную праўду” “Хронікі” і, тым больш, ужываць для апісання гістрычнага мінулага створаныя ў сучасным грамадстве ўяўленні пра сапраўднасць гістарычнай падзеі. Для аўтара XVI ст. гістарычнасць мела зусім іншы сацыяльны і эпістэмалагічны змест.

У гістарыяграфічным плане “Хроніка” з’яўляецца дастаткова ненадзейнай крыніцаю, яна ўтрымлівае памылкі і наўпрост скажэнні. Перыяд “да Міндаўга” у “Хроніцы” можна лічыць суцэльна міфалагічным, змадэляваным праз некалькі стагодзяў пасля апісаных падзей. Менавіта ідэалагічная “перанасычанасць” і з’яўляецца галоўнай вартасцю летапісу для рэканструкцыі палітычнай свядомасці. Для нас зусім не важна, дзе “летапіс” памыляецца, а дзе ўтрымлівае праўду. Найбольш важна акрэсліць рэальнасць, якую будуе “Хроніка”, і выявіць сутнасць яе структурнай арганізацыі, акрэсліць ідэалагічныя канцэпты, матывы і кантэкст “скажэнняў”.

Мадэляванне мінулага. Быццё ў культуры — гэта не толькі мадэляванне прасторы, але і часу.

Працу аўтара “Хронікі Быхаўца” над перыядам “да Міндаўга” можна вызначыць як мадэляванне мінулага. Мадэляванне мінулага з’яўляецца палітычным актам, які ставіць сучаснае ў новую сацыяльную пазіцыю. Палітычная прастора “стылізуе” мінулае ў адпаведнасці з уласнай культурнай логікай.

І калі сучаснае грамадства можа паставіць пад пытанне абавязковасць гістарычнай легітымацыі, то патрэба ў такой легітымацыі для грамадстваў мінулага з’яўляецца a priori. Сам час для дамадэрнага грамадства ёсць генеалогія, а генеалогія — неабходная ўмова легітымацыі.

Мадэляванне мінулага ў “Хроніцы” не мела характар простага і аднамэтавага працэсу. Ён відавочна складаўся з пошуку гістарычных фактаў, аналізу вуснай традыцыі, добрасумленных памылак і, нарэшце, “стылізацыі” і стварэння гістарычных фактаў. Прычым “стварэнне”, відавочна, не займала значнага месца ў гэтым працэсе, дастаткова было толькі праводзіць паслядоўную селекцыю звестак.

Галоўнай спрыяльнай умовай для гэтага з’яўлялася наяўнасць значных гістарычных лакунаў і брак пісьмовых крыніц па гісторыі Літвы да ХІІІ ст. Такіх крыніц пэўна не было ў XVI ст. (прынамсі, дакладныя звесткі пра іх адсутнічаюць), і верагодна не было ўвогуле 2 . Гэта прадстаўляла аўтару “Хронікі” вольную прастору для “мадэлявання” мінулага ў адпаведнасці з яго палітычнай свядомасцю і ўяў© Палiтычная сфера ISSN 1819-3625 ¹ 2 (2003) 12 леннямі пра “нармальнасць” гістарычных працэсаў.

У выніку, склалася адносна несупярэчлівая гістарычная тканіна “уніфікаванага” працэсу генезісу Вялікага Княства Літоўскага.

Прычыны кадыфікацыі гісторыі. Наданне сэнсу для рэальнасці мае сілу інстынкту. Сацыяльныя супольнасці адчуваюць імператыўную патрэбу ў сістэме ведаў, якія павінны быць адначасова і асноваю, і апраўданнем, і тонкім інструментам пазнання існуючай палітычнай прасторы. Такія веды з’яўляюцца асноваю–ісцінаю, і асноваю палітычнага ладу адначасова, іх ролю ў XVI ст. пачынаюць іграць гістарычная і “нацыянальная” спадчыннасць. У XV-XVI ст. практычна па ўсёй Еўропе адбываюцца значныя змены нацыянальнай і этнічнай самасвядомасці, якія былі выкліканы распадам сярэдневечнай цывілізацыі, культурай Адраджэння ды Рэфармацыяй. Узнікае ўстойлівая неабходнасць сярод эліты ў набыцці ведаў пра мінулае.

Ствараюцца многія этнічныя і дзяржаўныя тэорыі, набывае новы змест паняцце нацыі, пашыраецца сфера ўжытку этнічных моў, пішуцца кнігі пра “старажытную гісторыю”, мэта якіх легітымізаваць новыя палітычныя супольнасці.

У XVI cт. афармляется канцэпцыя прыдуманай “сарматскай нацыі” і фармулюецца змест natio Polonica. У Расіі XVI cт. ствараецца і замацоўваецца канцэпцыя “Масква — трэці Рым”. Рэфармацыя ў Нямеччыне цалкам змяняе адносіны да нямецкай мовы і нацыянальнай асаблівасці. У гэты час Бейер стварае трактат “Пра нарвежскую дзяржаву”, дзе апісвае гераічнае мінулае нарвежскага народа. Культура Рэнесансу спрыяе ўзнікненню і замацаванню цікавасці да ўласнага гістарычнага мінулага ва ўсёй Паўночнай Еўропе. Аналагічныя працэсы назіраюцца ў Венгрыі, Італіі, на Балканах.

У пэўным сэнсе можна казаць пра фармаванне ”нацыяналізму” ці “данацыяналізму” (распаўсюджанага пераважна сярод эліты), які генетычна звязаны з нацыяналізмам ХІХ стагодзя. 3 .

Палітычная прастора ВКЛ XVI ст. патрабавала ацэнкі і апісання генеалогіі ўлады шляхецкага стану. У прыватнасці, шляхта Вялікага Княства намагалася сцвердзіць сваю роўнасць ці вышэйшасць у параўнанні з палітычнай элітай Польшчы 4 . Але геналогія існуе рэальна толькі ў палітычнай прасторы з актуалізаваным і сімвалічна сістэматызаваным мінулым, якое з’яўляецца агульнавядомым у межах супольнасці. Для фармавання ўстойлівай літвінскай ідэнтычнасці належала апісаць мінулае ВКЛ у межах легітымізаванай традыцыі, якая тлумачыць паходжанне і суіснаванне розных яго частак. Менавіта гэтую функцыю пачынае выконваць мадэляванне гісторыі ў летапісах Вялікага Княства.

Для Вялікага Княства Літоўскага фармаванне новай палітычнай свядомасці спалучалася з неабходнасцю разбурэння альтэрнатыўных ведаў пра палітычную прастору (у выглядзе старой русінскай ідэнтычнасці) праз паслядоўнае атаясамленне Літвы і Русі. Другой асаблівасцю гэтага працэсу з’яўлялася неабходнасць нейтралізацыі польскай палітычнай культуры, што дасягалася выразнай антыпольскай аргументацыяй.

Ідэалагічны статус. Для завяршэння ўводнай часткі неабходна адказаць на апошняе пытанне: “Які ідэалагічны статус мела “Хроніка”? Адлюстроўвае яна “паспалітую” свядомасць (свядомасць большасці ці значнай часткі шляхты) ці свядомасць маргінальную, звязаную толькі з вузкімі коламі эліты ўласна літоўскага (жамойцкага) паходжання.

Больш дакладна: “Утварае “Хроніка” ідэалагічны цэнтр, альбо складае пераферыю 5 ?” Гэтае даследванне не зможа даць пэўнага адказу. Беспрэчна, “ідэалогія “Хронікі” не была штучнай і ізаляванай з’яваю, але “паспалітая” свядомасць ВКЛ і палітычная свядомасць, адлюстраваная ў “Хроніцы Быхаўца”, нетоесныя, і выяўленне дачынення паміж імі патрабуе асобнага комплекснага даследвання.

Агульная характарыстыка дыскурсу хронікі.

Дыскурс “Хронікі Быхаўца” падкреслена нейтральны і абыякавы да матанарацый. Летапіс не ўтрымлівае ні сацыяльнага праекту для літвінскага грамадства, ні місіі, ні гістарычнай тэлеалогіі. Бог прысутнічае ў тэксце “Хронікі” (ён дапамагае атрымліваць вайсковую перамогу), але гэта “сляпая”, “выпадковая”, без выяўлення мэты воля.

Кароткае апісанне падзей. Перыяд да Міндаўга складаецца з 9-ці палітычна значных эпізодаў.

Мы маем справу з 2-ма выпадкамі мірнай каланізацыі. 2-ма паходамі, 5-цю вайсковымі кампаніямі з адпаведна 5-цю пераможнымі для “Літвы” бітвамі.

Структура вайсковых кампаній наступная: 1 агрэсіўная экспансія — заваяванне Полацка, 2 “абарончыя экспансіі” 6 , 1 абарончая вайна, 1 кааліцыйная кампанія супраць татар разам з паўднёварускімі князямі. Усе палітычныя кампаніі Літвы маюць 100% эфектыўнасць і абавязкова пераможныя. Пачатак кіравання Міндаўга перарывае гэтую традыцыю “залатога веку”. “Час Міндаўга” прыводзіць маналітную і гарманічную Літву да хаосу, яна губляе еднасць. Пачынаюцца ўнутраныя войны, здрады, пачынаецца новы перыяд гісторыі, ужо не легендарны.

І. Палітычны ланшафт Літвы і Русі Структура Русі Геапалітычны ланшафт Русі можна вызначыць як “арганічную фрагментацыю”, дзе існаванне 13 шматлікіх цэнтраў выглядае натуральным і не мае падабенства ні да стану вайны “усіх супраць усіх”, ні да палітычнай кансалідацыі і імкнення да адзінства. У “Хроніцы Быхаўца” (перыяд да Міндаўга) адзіны палітычны цэнтр Русі натуральна адсутнічае, але сетка лакальных цэнтраў выразна акрэслена ў межах яе геаграфічнай прасторы.

Структура. Русь з’яўляецца прасторай вольных палітычных альянсаў, агульных правіл гульні і рэлігійнага адзінства. Яна ўтварае не адзіную палітычную тканку , а, хутчэй, несапраўдную тканку (плектэнхіму), разгалінаваную, шчыльна сплеценую, але створаную не ў выніку развіцця з адзінага пачатку. 7 Прастору складаюць як “цэнтральныя” княствы, так і княствы перыферыйныя разам з “вольнымі” безгаспадарчымі гарадамі. Дынастычнага адзінства Русі “Хроніка” не адзначае.

Ланшафт Русі, ў адрозненне ад Літвы і Жамойці, мае значна большую шчыльнасць улады і сацыяльнага жыцця. Калі ў Літве цэнтры (гарады) узгадваюцца толькі пры іх заснаванні, надалей там ніякага жыцця не назіраецца, то для гарадоў Русі характэрана значна большая насычанасць палітычным і сацыяльным існаваннем. Эпізадычна апісваюцца агульныя рысы іх сацыяльнай і палітычнай арганізацыі.

Асіміляцыя . У адносінах да знешняга пранікнення Русь валодае дастатковым патэнцыялам асіміляцыі і здольнасцю захоўваць сваю сутнасць пры палітычным пашырэнні чужой дынастыі. Больш за тое, патэнцыял асіміляцыі захоўвае не толькі “дзяржаўная” але і “пустая” прастора. Калі вялікі князь літоўскі Эрдзівіл засноўвае Наваградак і Гародню (Наваградак ён робіць сваёй сталіцаю), то гэтыя гарады ўсё роўна называюцца ў хроніцы “рускімі” і нашчадкі яго пануюць у “Наваградку і ва ўсіх вышэйназваных рускіх гарадах”. Такім чынам літоўскія князі не тое, што не здольныя асіміляваць рускую прастору, але нават засноўваючы ў яе межах новыя гарады, засноўваюць іх як новыя “гарады рускія”. Тое ж мае месца і пры “адбудове нанава” гарадоў пасля татарскага нашэсця. Бярэсце, Драгічын і Мельнік не губляюць сваёй першапачатковай геакультурнай сутнасці.

Сам факт усталявання літоўскай дынастыі ніякім чынам не перадае “рускім” гарадам нават фармальных элементаў знешняй культуры, альбо легітымнасці. Як прыклад, можна прывесці панаванне ў Тураве, Карачове і асабліва Полацку, дзе асіміляцыя прыводзіць не толькі да змены веры, але і актыўнай працы нашчадкаў “літоўскай дынастыі” на ніве полацкай культуры. 8 Гэтым Русь, дарэчы, выразна адрозніваецца ад Латыголы, для знішчэнне якой было дастаткова аднаго літоўскага паходу (“ людзей іх выбілі ”) і бесперашкоднай нямецкай каланізацыі. У выніку тут была створана новая зямля — Ліфлянты. 9 Такім чынам, аднародная прастора геаграфічнай Русі, апісаная ў “Хроніцы”, становіцца бачнай у палітычным і культурным сэнсе як мяжа, якая з’яўляецца мяжой асіміляцыі, незалежна ад характару вярхоўнай улады. Палітычнае пашырэнне літоўскай дынастыі застаецца толькі другасным прасторавым пашырэннем, якое не мяняе прыналежнасць земляў да нябачнай, але цалкам адчувальнай іншай прасторы. “Першаснае прасторавае пашырэнне” (каланізацыя і асіміляцыя) магчыма толькі ў адваротным накірунку ад Русі да Літвы, што ў рэшце рэшт і прывядзе да частковай семантычнай тоеснасці двух паняткаў.

Хрысціянства. Русь незваротна хрысціянская (праваслаўная) прастора. Праваслаўе княстваў Усходняй Еўропы вызначаецца як уласная культурна-рэлігійная сістэма і падаецца “Хронікай” як “руская” вера. Антыпаганскай накіраванасці і сутнаснай “святасці” праваслаўя аўтар “Хронікі” не адзначае. Культурная вартасць і духоўная “ісціна” хрысціянства будзе адлюстравана толькі ў больш позні храналагічны перыяд. Хрысціянскі характар улады яшчэ не абавязковая норма, і паганскія князі Літвы могуць кіраваць рускімі землямі. Толькі ў адным фрагмеце “Хронікі” выразна назіраецца “бязбожны” характар Літвы. 10 У адносінах паміж Руссю і Літвою хрысціянства ўтварае дадатковую культурную мяжу, якая асімілятыўна рухаецца толькі ў накірунку Літвы.

“Літоўская Русь” Экспансія Літвы ў перыяд да Міндаўга накіравана не на ўсю прастору Русі, але толькі на яе частку. Гэтую частку мы ўмоўна назавем “Літоўскай Руссю” (натуральна, “Хроніка” гэтую назву не выкарыстоўвае). Вылучэнне “Літоўскай Русі” у якасці асобнай палітычнай прасторы выклікана тым, што яе вобраз у “Хроніцы” валодае пэўнымі уласцівасцямі, не характэрнымі для астатніх “рускіх земляў”.

“Літоўская Русь” уключае Наваградскую зямлю, Берасцейшчыну, больш аўтаномнае становішча займае Полацкая зямля і Лагойск.

У геапалітычным ланшафце “Хронікі Быхаўца” Літоўская Русь належыць да структураванага поля “Русі”, якоя мае наступныя самастойныя палітычныя і культурныя рысы:

Безуладнасць. У межах Літоўскай Русі адсутнічае ці, прынамсі, недастаткова выяўленая “вярхоўная” і “аўтарытэтная” улада. “Хроніка” не ўкладвае ў стан безуладнасці негатыўнага сэнсу, але паслядоўна яго адзначае. Полацк — гэта княства, што “пана над сабою не мела”. Пасля непрацяглага часу кіравання ў Полацку літоўскіх князёў, кня- 14 ства зноў пачынае “вечам спарававацца”. У адносінах да друцкіх “мужыкоў” аўтар “Хронікі” адзначае, што яны “жылі без гаспадара” да прыходу кіеўскага князя Дзімітрыя. Не маюць гаспадароў Наваградская ды Берасцейская землі, якія застаюцца безуладнымі пасля татарскага нашэсця. “Хроніка” не ўзгадвае ніводнага “аўтэнтычныга” князя з земляў “Літоўскай Русі”, ніводнага факту выгнання князя з княжання, канфлікту з унутранымі суб’ектамі вярхоўнай улады.

Атамізаванасць . Вакуум вярхоўнай палітычнай улады трансфармуецца ў геапалітычны хаос. Літоўская Русь максімальна фрагментаваная і ізатропная 11 . Больш за тое, атамізаваная. Палітычна дэцэнтралізаваная геаграфічная прастора Літоўскай Русі паводле звестак “Хронікі” складаецца з Полацка (фактычна, адзінага паўнавартаснага палітычнага суб’екту і культурнага цэнтру), Наваградскай зямлі, якая была створана Літвою, і Берасцейскай зямлі. Поўдзень будучага ядра ВКЛ належаў галіцка-валынскім князям і непрацяглы час літоўскай дынастыі. З астатніх земляў узгадваецца “безгаспадарчы” Друцк і ўсталяванне ў ім улады вялікага князя кіеўскага Дзімітрыя, які разбудоўвае горад і становіцца Вялікім князем Друцкім.

Пашыраная крэатыўнасць. Як безуладная і атамізаваная прастора, Літоўская Русь прадстаўляе шырокія магчымасці для знешняй крэатыўнасці.

Літоўская Русь мае дастаткова “пустот”, каб даць магчымасць для стварэння новых і разбудовы старых гарадоў і прадстаўлення вольнай палітычнай прасторы для знешніх палітычных агентаў. Літоўскія князі засноўваюць тут, паводле “Хронікі”, Наваградак і Гародню, адраджаюць Берасцейскую зямлю і здабываюць прастору для панавання.

Кіеўскі князі Дзімітрый знаходзіць месца для панавання ў “безгаспадарчым” Лагойску, які пасля заваёвы “разбудоўвае”.

Структура “Літвы” Палітычная прастора Літвы да Міндаўга мае ў “Хроніцы” дзве розныя формы 12 . Першая рэпрэзентуе прастору падчас рымскай каланізацыі ў перыяд стварэння Літвы як “ зямлі” , разам з Жамойццю і іншымі тэрыторыямі. Гэтую прастору мы будзем апісваць як “дакаланізаваную” Літву ці Проталітву . Другая форма палітычнай прасторы афармляецца разам з пачаткам знешнепалітычнага жыцця Літвы і яе актыўнай знешняй экспансіяй і выразна адлюстроўвае іншыя ўласцівасці. Гэтую прастору мы ўмоўна будзем называць “ Новай Літвой ”.

Структура “Проталітвы”. Вобраз Літвы да лацінскай каланізацыі ў “Хроніцы” можна пазначыць адным словам — Wilderness (uncultivated).

Проталітва прадстаўляе сабой пустую прастору 13 , вольную для крэатыўнасці і асіміляцыйнага пашырэння.

Афармленне новай палітычнай супольнасці пачынаецца з перасялення рымскага князя Палемона і “пяцісот сем’яў рымскай шляхты”, якія належалі да чатырох радоў. 14 Прастора, у якую пранікаюць рымляне, ёсць прастора абсалютна адкрытая, без падзелу на “землі” і без прыкмет сацыяльнай структураванасці, без перашкод для пашырэння. Аўтар “Хронікі” не апісвае ні дарымскае насельніцтва, ні сацыяльную, культурную ці палітычную марфалогію, ні іншыя факты дакаланізаванага існавання Літвы, што можна лічыць імкненнем да стварэння завершанага генезісу.

Проталітва — аднастайная прастора, дзе кожнае дзеянне ёсць стварэнне-разбудова, ніякім чынам не звязаная ні са знішчэннем, ні з развіццём ранейшай традыцыі. Адзінае, што нейкім чынам структуруе пратору “рымскай” каланізацыі — геаграфічныя аб’екты: рэкі і мора. Практычна, рэкі і мора — адзіныя аб’екты, якім рымляне не даюць назвы, бо тыя іх “ужо маюць”. Мясцовае нерымскае нешляхетнае насельніцтва (уласна заходнебалтыйскія плямёны) — нябачнае і нецікавае асяроддзе, далёкае ад статусу палітычнай ці культурнай суб’ектнасці, здатнае толькі на абагаўленне памерлых рымлян.

Крэатыўнасць. Рымляне не толькі ажыццяўляюць засяленне новай тэрыторыі, але ствараюць усходнюю Прыбалтыку як геаграфічную прастору.

Рымляне даюць назвы азёрам, гарадам, землям і мясцовасцям. Палемонт стварае і дае назву Жмудзі. Імёны яго нашчадкаў даюць назвы гарадам (Юрборк, Кунасаў, Кернаў) і геаграфічным аб’ектам (Спера). Гарады ствараюцца наноў, без прыкметаў якога-небудзь дакаланізацыйнага развіцця. Стварэнне ўласна Літвы як зямлі і назвы ёсць таксама вынік “рымскай” крэатыўнасці. Паходжанне назвы аўтар “Хронікі” выводзіць ад лацінскага Літус (бераг) і Туба (труба) — Лістубанія. І толькі з-за таго, што “простыя людзі” 15 не ўмелі называць на лаціне, Лістубанію пачалі называць “проста” Літвою.

“Новая” Літва — “паганская імперыя”.

“Хроніка”, вядома, не ўтрымлівае канцэпту “імперыя” і ўвогуле не падзяляе гісторыю Літвы на пачатковы і новы перыяды. Але адрозненні паміж Літвою ў працэсе рымскай каланізацыі і “посткаланізаванай” Літвы як суб’екта знешнепалітычнай актыўнасці значныя і больш чым выразныя. Сутнасць становіцца суцэльна іншай, на месца вобраза Літвы, як пусткі і вольнай праторы крэатыўнасці прыходзіць Літва як суб’ект экспансіі, палітычнага адзінства і культурнай асаблівасці. Ніжэй 15 прывядзем найбольш важныя палітычныя і культурныя прыкметы вобраза “новай” Літвы паводле “Хронікі Быхаўца”.

Экспансія. Галоўнай уласцівасцю “новай” Літвы з’яўляецца экспансія . Гэта ўжо не каланізацыя “пустой” у культурным і палітычным плане прасторы папярэдняга перыяду, але пашырэнне на сацыяльна структураваныя тэрыторыі. Прыктычна толькі адна падзея апісвае вайну на тэрыторыі самой Літвы, але і гэта звязана выключна са знаходжаннем “літвінаў” у стане экспансіўнага паходу 16 .

Экспансія Літвы накіравана практычна толькі на “Літоўскую Русь”. Мэты і характар экспансіі розныя ў кожным асобным выпадку. Сярод выключна “агрэсіўных” акцый можна назваць толькі паходы на Полацк. Астатнія палітычныя кампаніі ў адносінах да Русі, так ці інакш, інтэрпрэтуюцца аўтарам “Хронікі Быхаўца” як крэатыўныя ці абарончыя. Як крэатыўную можна інтэрпрэтаваць місію Літвы ў Панямонні. Далей экспансія накіравана на Палессе, і ў выніку некалькіх абаронча-экспансійных акцый пад ўладаю розных літоўскіх князёў аказваюцца Тураў і іншыя гарады палескага рэгіёну. Экспансія Літвы выключна паспяховая.

Экспансія, аднак, значыць толькі дынастычнае, але ні ў якім разе не этнічнае ці культурнае пашырэнне. Авалодванне новай тэрыторыяй значыць усталяванне вярхоўнай улады (пераважна сімвалічнай) літоўскага князя. Ніякіх міграцыйных ці культурных працэсаў экспансія літоўскай дынастыі за сабою не цягне. Хутчэй наадварот, дамінаванне рускіх княстваў завяршаецца поўнай асіміляцыяй заваёўнікаў.

Экстэрытарыяльнасць . Палітычнае жыццё Літвы ў “Хроніцы” рэалізуецца выключна ў знешніх адносінах. Усе палітычныя падзеі адбываюцца паза межамі літоўскіх грамадскіх асяродкаў. Унутранае жыццё Літвы адсутнічае, і яе існаванне праяўляецца толькі ў кантакце з іншым, знешнім. У час да Міндаўга не адзначаецца ніводнага эпізоду ўнутранай палітычнай барацьбы ці фактаў фрагментацыі земляў Літвы і Жамойці. Змена ўладароў праходзіць выключна мірна і паслядоўна, канфлікты адсутнічаюць. Пасля смерці князя, які не мае прамых нашчадкаў, улада ў яго зямлях не аспрэчваецца і пераходзіць да суседняга князя альбо становіцца зямлёй “без гаспадара”.

Палітычнае адзінства. Землі, якія былі створаны рымскімі каланістамі, утвараюць пэўнае палітычнае і дынастычнае адзінства. Існуе пэўная тоеснасць кожнай часткі. Каланізаваная прастора складаецца з Літвы і Жмудзі як частак агульнай дынастычнай супольнасці, якія сурпацьпастаўляюцца наваколлю, далейшага раздрабнення не назіраецца 17 . Падзел на Жмудзь і Літву выключна тэрытарыяльны. Вызначаныя адзінкі захоўваюць як адзінкі спадскаемнасці і непадзельныя ў палітычным плане.

Літва, Жмудзь і Літоўская Русь (Наваградская зямля) знаходзяцца ў стане трывалага вайсковага альянсу: яны аб’яднана выступаюць супраць Полацка і пры абароне сваіх земляў ад знешняе “агрэсіі”. Цэнтральным элементам вайсковага альянсу з’яўляецца Наваградская зямля, якая валодае ўсімі палітычнымі ўласцівасцямі Літвы і Жамойці.

Палітычнае адзінства перыяду “да Міндаўга” выразна кантрастуе з “перыядам Міндаўга”, які пачынаецца са здрады.

Геакультурная структура. Нягледзячы на значныя змены палітычнай ролі ў паслякаланізацыйны час, Літва як вобраз у “Хроніцы” захоўвае прыкметы неструктураванасці. У межах “новай Літвы” адсутнічаюць трывалыя сацыяльныя структуры, сакральныя і палітычныя цэнтры. Гарады ўзгадваюцца толькі пры іх заснаванні і потым перастаюць існаваць гістарычна. Сярод сакральных цэнтраў апісваюцца некалькі лакальных паганскіх капішчаў, створаных у выніку абагаўлення памерлых літоўскіх князёў, але яны не функцыянуюць як “цэнтры” у маштабе Літвы і Жмудзі. Шчыльнасць улады і культуры ў Літве нізкая і таму з’яўляецца недастатковай для набыцця нейкай палітычнай і дзяржаўнай структураванасці, што яе выразна адрознівае ад Русі.

Літва з’яўляецца, безумоўна, соцыумам паганскім, але ўласцівасці і адносіны да паганства ў “Хроніцы” пры апісанні гісторыі да княжання Міндаўга характарызуюцца дастатковай нейтральнасцю. Паганства не выступае як “татальнае ліха”, а мае вобраз нечага нейтральнага неагрэсіўнага ці нават натуральнага, без надання негатыўных сімвалаў, якія з’яўляюцца ў “Хроніцы” пазней.

Літва і Русь Галоўная форма палітычнай камунікацыі літоўскай дынастыі і рускіх княстваў — вайна, дзе Русь выступае для Літвы не толькі галоўным праціўнікам, але і саюзнікам. Пераможца (а гэта, як мы ўжо зазначылі, выключна той бок, на якім выступае Літва) атрымлівае ўладу, срэбра, золата і палон.

Перамогі гэтыя звычайна татальныя (“разбілі ўшчэнт”) і дастаткова пераканаўчыя, каб на доўгі час прадухіліць магчымасць рэцыдыву.

Але палітычная прысутнасць Літвы паводле “Хронікі Быхаўца” у межах будучага ядра Вялікага Княства Літоўскага падпарадкаваная пэўным жорсткім правілам таго, што можна назваць “палітычнай карэктнасцю”. Гэтыя правілы заснаваныя на наступных прынцыпах:

Прынцап кампенсацыі. “Хроніка” апісвае па- 16 шырэнне ўлады літоўскай дынастыі такім чынам, што яна абавязкова суправаджаецца не проста далучэннем земляў , але і значнай кампенсацыяй страт для апошніх у розных сферах. Такая кампенсацыя павінна “пазітыўна апраўдваць” дзеянні літвінаў. Пры захопе Полацка Мінгайла і яго нашчадкі не ўстлёўваюць у горадзе дэспатычную ўладу, але наадварот даюць яму “вольнасць”, і дазваляюць “веча мець, і ў звон званіць, а потым і самім кіраваць”. Панаванне літоўскай дынастыі, такім чынам, значыць толькі пашырэнне свабод і незалежнасці. Многае кампенсуецца і ў культурнай сферы: стварэнне полацкай Сафіі, пашырэнне асветы, што прыпісваецца аўтарам “Хронікі” нашчадкам Мінгайлы. “Захоп” Панямоння і Берасцейшчыны кампенсуецца будовай новых і адраджэннем старых гарадоў і павышэннем агульнай “якасці” палітычнай прасторы, а таксама надзейнай абаронай ад татарскіх нашэсцяў. Захоп палескіх гарадоў з’яўляецца толькі адказам на знешную агрэсію (рускіх князёў альбо татараў), але не мэтанакіраванай палітычнай экспансіяй. Кампенсатыўная інтэрпрэтацыя адносінаў Літвы і Русі з’яўлялася важнай ідэалагічнай структурай практычна на працягу ўсёй гісторыі Вялікага княства Літоўскага.

Прынцып крэатыўнасці. Калі быць зусім дакладным, то прынцып крэатыўнасці можна акрэсліць як “спрыянне ў развіцці”. Прынцып крэатыўнасці значыць, што ўсталяванне новай улады інтэрпрэтуецца як развіццё і сутнаснае паляпшэнне. Але крэатыўнасць мае выключна русінскі характар і азначае хутчэй самаразвіццё. У выпадку з Полацкам выўляецца натуальнае вяртанне пасля “літоўскага” панавання да былога палітычнага стану “без гаспадара” і вечавага кіравання.

“Надуладнае дамінаванне“. Улада літоўскіх дынастый мае характар не столькі кіравання, колькі надуладнага дамінавання. Звесткі пра пераўтварэнне ці “рэфармаванне” унутранага ладу падуладнай тэрыторыі адсутнічаюць. Няма звестак пра нейкія палітычныя працэсы акрамя факту ўсталявання ўлады. Князі прадстаўляюць дастаковую аўтаномію для адміністратыўнай сістэмы княстваў, ніякіх канфліктаў з цэнтральнай уладай не адзначаецца. Палітычная пазіцыя князя — абмежаванае ўмяшальніцтва ў палітычны працэс альбо прадстаўленне яго вольнаму развіццю. Такая ўлада прадстаўляе натуральную плынь развіцця сацыяльнай прасторы, з’яўляючыся сімвалічным сузерэнам, сваім існаваннем кантралюючы прынцып аўтаноміі і непарушнасці ўнутранага ладу.

Іерархічная тоеснасць. Неабходна адзначыць іерархічную тоеснасць Літвы і Русі ў “Хроніцы Быхаўца”. Тытул князь, вялікі князь і іншыя цалкам тоесныя, як і канцэпты зямля і княства .

ІІ. Рэканструкцыя палітычнай свядомасці “Хронікі Бвхваўца” Штудыі ідэнтычнасці і канцэпт улады Ідэнтычнасць “літвіна” складалася з некалькі кампанентаў. Найбольш важнай з’яўлялася, безумоўна, дзяржаўная прыналежнасць (што эквівалентна дынастычнай лаяльнасці). Больш складаны статус мела культурная ідэнтычнасць: хрысціянства, старабеларуская мова і г.д. 18 Наступным важным элементам ідэнтычнасці з’яўлялася ўяўленне пра генеалогію, інтэрпрэтацыя якой і з’яўляецца галоўным аб’ектам для “Хронікі”.

“Хроніка Быхаўца” як ідэалагічны тэкст выяўляе дзве галоўныя тэндэнцыі ў інтэрпрэтацыі паходжання шляхты Вялікага Княства Літоўскага:

знешняя легітымізацыя і ўніфікацыя палітычнай прасторы.

Для фармаванання літвінскай ідэнтычнасці па розных прычынах было дастаткова складана знайсці сродкі легітымізацыі праз уласны культурны досвед, тым больш, што ён не быў інтэграваным у сваім этнічным, культурым і палітычным змесце. Больш за тое, межы княства былі дастакова рухомыя, а фармаванне і размежаванне русінскага кантэксту ў Вялікім Княстве Літоўскім мела палітычна несімвалізаваны характар. Гэта стала галоўнай прычынай пошуку знешняй легітымізацыі ўласнай палітычнай прасторы, што “Хроніка” рэалізуе праз далучэнне да рымскай традыцыі.

У склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі розныя па гістрычным досведзе, сацыяльным складзе і культурнай традыцыі землі. Устойлівае развіццё дзяржавы патрабавала ў ніфікацыі палітычнай прасторы як у геаграфічным (паступовая ліквідацыя ўдзельных княстваў), так і ў сацыяльным плане (стварэнне адзінай шляхецкай супольнасці). “Хроніка” прапаноўвае адзін з варыянтаў гістарычнага (ідэалагічнага) абгрунтавання ўніфікацыі. У якасці падстаў уніфікацыі аўтар выкарыстоўвае: адзінае паходжанне , дынастычную аналогію і збліжэнне ( тоеснасць ) паняццяў Літвы і Русі. Разгледзім кожны з канцэптаў асобна.

Рымскае паходжанне . Мала верагодна, каб шляхта сапраўды верыла ў сваё рымскае паходжанне, тым не менш, “Хроніка Быхаўца” спрабуе зрабіць гэты тэзіс адным з сімвалаў літвінскай ідэнтычнасці. Рымскае паходжанне як сімвал з’яўляецца рухам па-за “тутэйшую” рэальнасць, якая сама па сабе (як крыніца дзейснай улады) не можа забяспечыць легітымную перавагу над іншай (перш за ўсё, польскай палітычнай культурай).

Літвінская рэальнасць мела недастаткова кадыфікаваную культурную традыцыю, каб сцвердзіць 17 сваю самакаштоўнасць у кантэксце знешняга.

“Рым” як легітымізацыя дазваляў, адначасова застаючыся ў межах літвінскай ідэнтычнасці, упісаць яе ў еўрапейскі кантэкст, што для шляхты XVI ст.

ужо было неабходна. Тут літвінская ідэнтычнасць пачынае вызначацца як аскепак міграцыйнага руху ў тэрмінах “старажытнай” ўсімі прызнанай гістарычнай традыцыі, якая культурна неакрэсленая, але выключна легітымная 19 . Ланшафт-вакуум “Проталітвы” у “Хроніцы”, колькасць пераселенай шляхты (500 радоў) і выключна крэатыўная каланізацыя з’яўляецца імкненнем зрабіць рымскае паходжанне безумоўным і завершаным, генеалагічна чыстым.

Уніфікаваная генеалогія. Аўтар “Хронікі” вызначае ідэнтычнасць праз мадэляванне падзей літвінскага мінулага, у якой міграцыя ці, дакладней, рух становіцца ці не самай галоўнай метафарай веды пра “літвінскасць” 20 . “Міграцыя-рух” (і як вынік — дастаткова няпэўны і рухомы цэнтр ідэнтычнасці) дазваляе далучыць літвінскую самасвядомасць да рымскай і русінскай традыцыі.

Імкненне да ўніфікацыі “Хроніка Быхаўца” фармулюе ў канцэпце паходжання-з-Літвы і дынастычнай аналогіі : адзінага паходжання дынастыі вялікіх князёў літоўскіх і шляхты, што павінна забяспечыць дастатковую сімвалічную перавагу.

Паходжанне-з-Літвы. Паводле “Хронікі” менавіта з Літвы шляхта Вялікага Княства пачынае пашыраць сваю ўладу за кошт паступовага пранікнення на суседнія тэрыторыі. Паходжанне-з-Літвы з’яўляецца палітычнай метафарай, якая ажыцяўляе ўніфікацыю палітычнай прасторы Вялікага Княства Літоўскага праз максімальнае семантычнае збліжэнне канцэптаў Літва і Русь (Літоўская Русь).

Летапіс адзначае гэты факт у некалькіх формах:

Іерархічная тоеснасць. Статус князёў і вялікіх князеў Літвы і Русі цалкам супадае, сапраўдныя старажытныя назвы літоўскай шляхты не ўзгадваюцца. Іерархія ўлады Літвы і Русі ўтварае агульнае сімвалічнае і статуснае поле, прычым “русінскія” мадэлі пераносяцца на Літву, а не наадварот.

Рэпрэсія балтскага. Паходжанне-з-Літвы, як палітычная сімволіка “Хронікі” цалкам пазбаўлена прыкмет балтскай этнічнасці і мае літвінскарусінскі змест. Нават паганства інтэрпрэтуецца як рымская спадчына. У ланшафце “Проталітвы” і “Новай Літвы” уласна балцкае насельніцтва выступае выключна ў якасці непрыкметнага і маўклівага асяроддзя, якое натуральна не ўтварае палітычнага суб’екта.

Палітычная тоеснасць. Літва і Русь утвараюць інтэграваны палітычны комплекс. Кіраванне літоўскіх дынастый у Літоўскай Русі мае сталыя традыцыі, у той жа час Літва існуе як палітычны суб’ект, толькі ў зносінах з Руссю.

Паходжанне-з-Літвы — сімвал уніфікацыі шляхецкай супольнасці, які павінен быў супрацьстаяць спробам стварэння і функцыянавання альтэрнатыўных ідэнтычнасцяў у выглядзе тутэйшарусінскай і польскай палітычнай свядомасці 21 .

Першая зведала сур’ёзныя трансфармацыі, але ў якасці культурнай перыферыі праіснавала да ХІХ ст., другая ў выглядзе кадыфікаванага комплексу Natio Polonica, паступова разбурае літвінскую ідэнтычнасць і да XVIII ст. становіцца ідэалагічным цэнтрам. Але метафара паходжання-з-Літвы будзе доўга функцыянаваць у розных формах палітычнай свядомасці 22 , пакуль не ўвойдзе ў склад ідэалогіі нацыянальна-вызваленчых рухаў 23 .

Генезіс Вялікага Княства. Цэнтральным элементам палітычнай гісторыі, якую апісвае “Хроніка”, з’яўляецца палітычнае спалучэнне Русі і Літвы. Вышэй былі адзначаны асноўныя прынцыпы адносін Літвы да Русі: крэатыўнасць, кампенсацыя і падуладнае дамінаванне. У спалучэнні з далейшым апісаннем генезісу ВКЛ “Хроніка” будуе свайго роду “палітычна карэктную” версію стварэння Княства. Вядома, не ўсе падзеі, апісаныя ў “Хроніцы”, з’яўляюцца гістарычнай праўдай , але тэндэнцыя ў інтэрпрэтацыі мінулага відавочная, што можа быць як вынікам выкарыстання “літвінскай метафары”, так і “стылізацый” сапраўдных гістарычных падзей.

Легітымізацыя і тэрытарыяльнае пашырэнне ўлады ў тэксце практычна зліваюцца. Тут бессэнсоўна ставіць пытанне: Русь захапіла Літву, ці наадварот — у кантэксце “Хронікі” увогуле некарэктна весці размову пра захоп. Аўтар “Хронікі” выбудоўвае легітымізаваную сістэму “адзінства”.

Для “Хронікі” Наваградак, Гародня былі заснаваныя літоўскай (рымскай) дынастыяй, Берасцейшчына была адбудаваная імі, дынастыя полацкіх князёў была “літоўскага” паходжання. Уся палітычная дзейнасць літоўскай дынастыі канцэнтруецца ў Наваградскай зямлі, якая становіцца цэнтральным элементам Літвы. Адным словам, летапіс даводзіць, што прастора ўлады Літвы і Літоўскай Русі — “адно і тое ж” (Lo Mismo 24 ), татальнасць.

У агульным кантэксце ідэалогіі “тоеснасці ” ідуць узгадванні ў “Хроніцы” прэцэдэнтаў усталявання “літоўскіх” дынастый у рускіх княствах. Літва і Літоўская Русь як “адно і тое ж” цалкам натуральна адлюстроўвае палітычную рэальнасць XVI ст., у адпаведнасці з якой летапіс мадэлюе гістарычнае мінулае. Дэмаркацыя “літвінскага”, “русінскага” і “жамоцкага” цікавіць толькі сучаснага даследчыка, які павінен глядзець на гіcторыю Вялікага Княства з пазіцыі падзелу яго палітычнай і культурнай спадчыны. У той час, як “даследчык” XVI 18 ст. a priori павінен быў сыходзіць з парадыгмы палітычнай і генеалагічнай “татальнасці” ВКЛ.

“Хроніка Быхаўца” апісвае “карэктны” варыянт сінтэтычнага генезісу Вялікага княства Літоўскага. Для літвінскай ідэнтычнасці Літва і Русь (Літоўская Русь) маюць адну крыніцу ўлады, адну палітычную прастору і ўтвараюць адну супольнасць, гэта значыць з’яўляюцца “адным і тым жа” 25 . Толькі пры выхадзе з прасторы Літоўскай Русі пачынаецца артыкуляцыя іншасці Літвы: “І загаласіла Русь вялікім плачам, што была пабіта Літвою бязбожнаю”.

Некаторыя высновы. Вышэй мы паспрабавалі рэканструяваць палітычную ідэнтычнасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага канца XVI стагоддзя на прыкладзе “Хронікі Быхаўца”. Найбольшая ўвага была нададзена той частцы літвінскай ідэнтычнасці, якая адлюстроўвае структуру палітычнай генеалогіі. “Хроніка Быхаўца” выразна выяўляе тэндэнцыю да знешняй легітымізацыі (праз далучэнне да рымскай традыцыі) палітычнай прасторы Вялікага Княства і імкненне да ўніфікацыі палітычнай ідэнтычнасці (праз функцыянаванне канцэпту “паходжання-з-Літвы” і “дынастычнай аналогіі”). Зараз мы паспрабуем апісаць палітыкакультурны кантэкст існавання літвінскай ідэнтычнасці, які не спрыяў яе аўтаномнаму і тым больш герметычнаму развіццю.

Літвінская ідэнтычнасць увогуле, і яе варыянт, прадстаўлены ў “Хроніцы” у прыватнасці, не магла быць адзінай для гетэрагеннай культурна-палітычнай прасторы Вялікага Княства Літоўскага. Непасрэдным субстратам і “мяккім” апанентам для літвінскай ідэнтычнасці з’яўлялася ідэнтычнасць тутэйша-русінская, зарыентаваная на праваслаўную веру, стараславянскую літаратуру і візантыйскую культурную традыцыю. Для носьбітаў такой ідэнтычнасці было дастаткова складана прыняць канцэпт паходжання-з-Літвы і сімвалічна індэнтыфікаваць сябе з “міграцыйным рухам”. У другой палове XVI cт. тутэйша-русінская форма старабеларускай свядомасці існавала на “перыферыі” палітычнага поля, але яе культурны ўплыў на фармаванне літвінскай ідэнтычнасці быў вырашальны.

Калі русінская свядомасць выступала ў якасці “мяккага” апанента літвінскай ідэнтычнасці, то польская палітычная сімволіка выконвала ролю “жорсткага” канкурэнта. Паланізаваная палітычная свядомасць, натуральна, не магла пагадзіцца з размяшчэннем “цэнтра” сваёй ідэнтычнасці ў Літве, пераводзячы яго альбо ў сферу “шляхецкай вольнасці” альбо польскай палітычнай традыцыі і “сарматскай цывілізацыі” (практычна, гэтыя з’явы заўсёды былі эквівалетнымі, фармальная роўнасць шляхты Польшчы, Русі і Літвы ў большасаці выпадкаў значыла толькі далучэнне да польскай культурнай традыцыі) 26 . Менавіта канцэпты Natio Polonica і агульнай “сарматскай цывілізацыі” паступова атрымалі палітычнае дамінаванне сярод шляхецкага стану Вялікага Княства Літоўскага.

У другой палове XVI cт. “Хроніка Быхаўца” прапанавала “цэнтралізаваны” варыянт літвінскай ідэнтычнасці, заснаваны на агульным рымскім паходжанні і “карэктным” апісанні адносін паміж Літвою і Руссю. Натуральна, ніводная палітычная ідэнтычнаць не можа быць герметычнай і не выключае гібрыдызацыі. У выніку палітычнай эвалюцыі ВКЛ “цэнтралізаваная” літвінская ідэнтычнасць была пазбаўлена сваёй асновы і ў XVII-XVIII стст. у значнай ступені была інтэгравана ў польскую палітычную сімволіку, але няўхільна паўстаючы ў форме “літвінскага сепаратызму”, іерархічнай свядомасці (кшталту gente Ruthenus, natione Polonus) і г.д.. Але гэта ўжо была з’ява зусім іншая па сваім сацыяльным, палітычным і культурным змесце.

Але гісторыя культурнага і ідэалагічнага ўплыву “Хронікі Быхаўца” на гэтым не завярашецца. У ХІХ ст. лепапіс спазнаў сапраўднае “адраджэнне”.

Трапіўшы ў нацыянальныя гістарыяграфіі (літоўскую, польскую, беларускую, рускую), “Хроніка” аказала значны ўплыў на інтэрпрэтацыю мінулага Вялікага Княства Літоўскага, а шэраг яе палітычных канцэптаў нават сталі часткаю ідэалогіі новых нацыянальных і рэгіянальных рухаў на землях былога Вялікага Княства.

1 Больш падрабязная гісторыя ўводзін “Хронікі” ў навуковы зварот гл. каментары М. Улашчыка да выдання: Хроника Быховца. М. 1966.

2 Мацей Стрыйкоўскі пры складанні сваёй “Хронікі Польшчы, Літвы, Жмудзі і Усяе Русі” (1582 год) спасылаецца на 12-15 “рускіх” летапісаў, але наколькі яны адлюстроўвалі балцка-славянскія дачыненні да стварэння ВКЛ, сказаць цяжка. Гл. у прыватнасці: По страницам отечественного летописания. Белорусско-литовское летописание. Ст.

170 // Мікалай Улашчык. Выбранае. - Мн., 2001. Звескі па гісторыі старажытнай Літвы павінны былі ўтрымліваць Полацкі і Наваградскі (калі ён сапраўды існаваў) летапісы, але іх змест нам невядомы.

3 Гэты спіс можна дапоўніць прыкладамі практычна з кожнага народа Еўропы. История Норвегии. - М., 1980. Ст. 588. История Дании с древнейших времен до начала ХХ века. - М., 1996. - Ст. 367-368, 384. История Венгрии.

- Т.1. - М., 1974. - Ст. 475. Громов М.Н. Козлов Н.С. Русская философская мысль X-XVII веков. - М., 1990. - Ст.

164-165.

4 “Хроніка Быхаўца” утрымлівае некалькі прыкладаў “ідэалагічнага”, падрабязней: Марзалюк І. Ідэалагічнае змаганне “Літвы” за роўны статус з “Каронай” (паводле беларуска- 19 літоўскіх летапісаў XV-XVI стагодзяў) // Край. - № 1-2. 2001. - Ст. 46-48.

5 У вызначэнні ідэалагічнага статусу “Хронікі Быхаўца” мы сыходзім з цыркулярнай мадэлі функцыянавання палітычнай сімволікі ў грамадстве. З нашага пункту гледання, кожнае грамадства мае корпус агульнапрынятых палітычных сімвалаў, выкарыстанне якіх неабходна для паспяховай палітычнай дзейнасці (напрыклад, для прасторы ВКЛ XVI ст. часку корпуса складала хрысціянская сімволіка).

Корпус агульнапрынятых сімвалаў утварае ідэалагічны “цэнтр”. Альтэрнатыўныя знакавыя сістэмы, якія функцыянуюць у межах палітычнага поля, утвараюць ідэалагічную “перыферыю”.

6 Маюцца на ўвазе эпізоды, калі Літва станавілася аб’ектам нападу суседзяў і пасля пераможнай абароны пераходзіла ў “контранаступленне”, усталёўваючы сваю ўладу над новымі тэрыторыямі.

7 Плектэнхіма (несапраўдная тканка) утвараецца ў выніку шчыльнага спляцення ў межах адзінага месца развіцця, але не дэферэнцыяцыі генетычна перашаснай клеткі.

8 Паводле “Хронікі”, нашчадак Мінгайлы (князя, які заваяваў Полацак) Барыс пабудаваў “святую Сафію”, жаночы манастыр святога Спаса, манастыр Барыса і Глеба ў Бельчыцах і заснаваў горад Барысаў.

9 Дарэчы, каланізацыя немцамі Латгаліі ў “Хроніцы” нагадвае па сваім змесце каланізацыю рымлянамі Жмудзі і Літвы, гэта значыць інтэрпрэтуецца як легітымная і рэалізаваная без супраціўлення. Латыгола, відавочна не з’яўляецца для Літвы нечым “сваім” ці блізкім. Па сваіх уласцівасцях яна нагадвае “стражытную” Літву.

10 Беларускія летапісы і хронікі. - Мн., 1997. - Ст. 78.

11 Мае аднолькавыя ўласцівасці для руху ў розных накірунках.

12 “Хроніка Быхаўца”, натуральна, не пазначае адрозненняў паміж рознымі канфігурацыямі палітычнай прасторы Літвы.

13 Пустата як уласціваць Проталітвы захаваецца на працягу ўсяго перыяду каланізацыі. Пустата мае палітычнае (ніякіх падзей), культурнае і сацыяльнае значэнне.

14 “Хроніка Быхаўца” сцвярджае, што чатыры роды м е л і г е р б ы ( К і т а ў р ы с , К а л ю м н ы , Урсіна і Ружа), што павінна дадаткова сведчыць пра выключную легітымнасць іх паходжання. Натуральна, геральдычных традыцый рымляне не мелі, яны склаліся ў сярэднявечнай Еўропе.

15 Адна з нешматлікіх узгадак пра “мясцовае” этнічна балцкае насельніцтва на тэрыторыі Літвы.

16 Маецца на ўвазе паход Латыголы на Літву.

17 Тут выразна назіраецца накладванне палітычнай рэальнасці ВКЛ XVI cтагодзя на аддаленае мінулае, гэтым тлумачыцца “непарушнасць” і “тэрытарыяльныя цэласнасць” земляў у “Хроніцы Быхаўца”.

18 Наяўнасць агульнай культурнай ідэнтычнасці ў шляхты ВКЛ можна аспрэчваць, але, на нашу думку, яна мела месца. Магчыма, культурная ідэнтычнасць не была “усеагульнай”, але, прынамсі, статус дамінуючай мела.

19 Рымская генеалогія з’яўлялася даволі распаўсюджанай у Еўропе мадэллю легітымізацыі. Нават Маскоўская дзяржава не была выключэннем. Напрыклад, “Сказание о князьях Владимирских”, якое адлюстроўвае афіцыйную ідэалогію Маскоўскай дзяржавы пачатку XVI ст. зводзіць генеалогію вялікіх князёў маскоўскіх да рымскага імператара Аўгуста. История философии в СССР. - М., 1968. - С. 176.

20 Міграцыя з Рыму, міграцыя ў межах Літвы, пашырэнне прасторы ўлады і Русь.

21 Вызначэнне зместу і тоеснасці розных ідэнтычнасцей Вялікага Княства Літоўскага (русінска-літвінскай, тутэйша-русінскай, польска-літвінскай, літоўска-літвінскай і г.д.) патрабуе асобнага даследвання.

22 Гэта тычыцца як іерархічнай свядомасці “паляк па нацыянальнасці, літвін па паходжанню” (палітычна —паляк, этнічна — літвін), так і розных форм літвінскага “сепаратызму”. Гл. у прыватнасці: Мальдзіс Адам. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. - Мн., 2001. - С. 124-127;

133-139.

23 “Літвінская” свядомасць ў ХІХ стагоддзі стане часткаю беларускага нацыянальна-вызваленчага руху (узнаўленне ВКЛ да пачатку ХХ стагодзя заставалася найбольш радыкальным палітычным праектам беларускага “адраджэння”. Іерархічная свядомасць (палітычна паляк, літвін, русін па паходжанню) трансфармуецца ў краёвы рух. Тутэйшарусінская самасвядомасць у большасці складзе аснову беларускага “адраджэння” і дасць пачатак заходнерусізму.

Сінтэз літвінскага і русінскага (беларускага) можна лічыць генетычным “кодам” беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў.

24 Lo Mismo (гішп.): “адно і тое ж”, “той жа самы”. Канцэпт лацінаамерыканскай філасофіі вызвалення.

25 Як гэта не іранічна, але такая палітычная карэктнасць у адносінах да ВКЛ праходзіць праз усю гісторыю гэтай дзяржавы і працягваецца на новых нацыянальных падставах сучаснасці. Менавіта “карэктны” падзел спадчыны ВКЛ з’яўляецца асноваю сучаснай афіцыйнай гістарычнай тэрміналогіі (беларуска-літоўская, літоўска-беларуская дзяржава). Розных канцэпцый утварэння ВКЛ у выніку “сінтэзу” і “сімбіёзу” беларускага і літоўскага этнасаў. Гл. напрыклад палеміку ў Беларускім гістарычным аглядзе: Краўцэвіч А. Да праблемы генезісу ВКЛ, Насевіч В. Няма сутнасных разыходжанняў // Беларускі гістарычны агляд. Т.5 Сш.2(9). - Снежань 1998. Існуе нават тэндэнцыя называць спадчыну ВКЛ наступным чынам: беларуска-габрэйска-літоўска-польска-украінскай. Менавіта так, у алфавітным парадку. Ідэя “карэктнага” падзелу настолькі “утульная”, прымальная і палітычна эфектыўная, што час ад часу “сінтэз” падаецца цалкам натуральным феноменам гісторыі Беларусі і Літвы.

26 Валіцкі Анжэй. Інтэлектуальныя эліты і зменлівыя лёсы “вымысленнай нацыі” у Польшчы // Фрагменты. - № 3-4.

1999. - С. 160.

20 Літаратура.

Беларускія летапісы і хронікі. - Мн., 1997.

Мальдзіс Адам. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. - Мн., 2001.

Валіцкі Анжэй. Інтэлектуальныя эліты і зменлівыя лёсы “вымысленнай нацыі” ў Польшчы // Фрагменты. - № 3-4. 1999.

Гейзынга Ё. Нацыяналізм у сярэдневеччы. // Беларускі гістарычны агляд. - Т 2. Сш. 1. - 1995.

Краўцэвіч А. Да праблемы генезісу ВКЛ, Насевіч В. Няма сутнасных разыходжанняў // Беларускі гістарычны агляд. Т.5 Сш.2(9). - Снежань 1998.

Марзалюк І. Ідэалагічнае змаганне “Літвы” за роўны статус з “Каронай” (паводле беларуска-літоўскіх летапісаў XV - XVI стагоддзяў) // Край. - № 1-2. - 2001.

Громов М. Н. Козлов Н.С. Русская философская мысль X-XVII веков. - М., 1990.

История Венгрии. - Т.1. - М. 1974, История Дании с древнейших времен до начала ХХ века. - М., 1996.

История Норвегии. - М., 1980.

История философии в СССР. - М., 1968.

Полное Собрание Русских Летописей. - Т. 35. - М., 1980.

Хроника Быховца. - М., 1966.

Очерки по археографии и источниковедению истории Беларуси феодального периода // Мікалай Улашчык. Выбранае.

- Мн., 2001.

По страницам отечественного летописания. Белорусско-литовское летописание // Мікалай Улашчык. Выбранае. - Мн., 2001.