Часопіс “Палітычная сфера”

Сакральная краіна ў цэнтры Еўропы. Дучыц, Людміла і Клімковіч, Ірына (2011). Сакральная геаграфія Беларусі

Зміцер Скварчэўскі · 2012

№ 18–19 (1–2) 2012 Зміцер Скварчэўскі Сакральная краіна ў цэнтры Еўропы Захаванасць архаічных элементаў традыцыйнай культуры апошнім часам становіцца брэндам Беларусі, які павінен вылучыць краіну з шэрагу іншых. Існаванне ў цэнтры Еўропы “паганскіх” абрадаў і звычаяў імкнуцца выкарыстаць і ў якасці прынады для замежных турыстаў, і для фармавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Сапраўды, старажытныя традыцыі яскрава дэманструюць адметнасць і самабытнасць, а таксама напаўняюць жыццё чалавека дадатковым духоўным сэнсам.

У апошнія гады рэзка ўзрасла цікавасць да дахрысціянскіх вераванняў, што выклікала з’яўленне разнастайных формаў пошуку і спробаў разумення традыцыі. Таму зусім не дзіўна, што кніга Людмілы Уладзіміраўны Дучыц і Ірыны Яўгенаўны Клімковіч “Сакральная геаграфія Беларусі” прыцягнула да сябе дастатковую ўвагу. У рэкламных анатацыях гэтую працу нават назвалі “даведнікам па паганскіх святынях Беларусі”. Натуральна, што такія ацэнкі адразу падвысілі цікавасць да кнігі, перш за ўсё, з боку неапаганцаў. Акрамя зместу, непаганцаў павінна прывабіць і выкарыстанне ў аздабленні кнігі шрыфту Runic, які стаў вельмі папулярным у асяродку расійскіх раднавераў. Менавіта гэты шрыфт масава выкарыстоўваецца ў аздабленні музычных дыскаў “славянскіх” pagan-metal і фольк-гуртоў.

Арыентацыя на шырокае кола чытачоў таксама выявілася ў навукова-папулярным характары выдання.

Крыніцамі для “Сакральнай геаграфіі Беларусі” сталі павер’і і паданні, сабраныя пры вывучэнні археалагічнай, этнаграфічнай і краязнаўчай літаратуры, архіўных матэрыялаў, падчас уласных археалагічных экспедыцый Людмілы Дучыц, а таксама разнастайных падарожжаў і экспедыцый этнагістарычнага цэнтра “Явар”, 1 які прадстаўляюць аўтары выдання.

У метадалагічным плане, а таксама паводле сваёй структуры выданне нагадвае папярэднія працы Л. Дучыц, прысвечаныя сакральнай геаграфіі (Дучыц, 1993; Дучыц, 2001). Апошняя кніга была напісана ў суаўтарстве з вядомым беларускім археолагам Дучыц, Людміла і Клімковіч, Ірына (2011). Сакральная геаграфія Беларусі.

Мінск: Літаратура і мастацтва. 384 с.

1 “Явар” – грамадскае аб’яднанне, зарэгістраванае 20 верасня 1999 года, мэта якога – развіццё і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці грамадзян, даследванне і адраджэнне этнаграфічных, гістарычных традыцыяў.

283 № 18–19 (1–2) 2012 Эдвардам Міхайлавічам Зайкоўскім.

“Сакральная геаграфія Беларусі” складаецца з 12 раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму аб’екту сакральнага ландшафту (узгоркі, камяні, крыніцы, курганы і гэтак далей). Такая структура выкладання вялікага матэрыялу прадстаўляецца найбольш зручнай. Як і ў папярэдніх працах, у кнізе прысутнічае дадатак у выглядзе спісу народных назваў археалагічных і сакральных ландшафтных аб’ектаў Беларусі.

Значным недахопам “Сакральнай геаграфіі Беларусі” з’яўляецца адсутнасць у тэксце спасылак на крыніцы інфармацыі. Гэтая хіба таксама назіраецца і ў дзвюх папярэдніх працах.

Бібліяграфічны спіс, які размешчаны пасля кожнага раздзела, не вырашае гэтай праблемы. Калі звесткі з літаратуры яшчэ можна праверыць, згубіўшы пры гэтым нямала часу, то паведамленні, атрыманыя ад мясцовых жыхароў, праверыць проста немагчыма. У кнізе не названа ніводнаго імя інфарманта, хаця спасылкі на мясцовых жыхароў прысутнічаюць на працягу ўсёй кнігі. А менавіта паданні, запісаныя падчас экспедыцый, з’яўляюцца ў наш час найбольш каштоўнымі.

У гэтай сувязі да недахопаў кнігі можна аднесці і тое, што прыведзеныя этнаграфічныя запісы пададзеныя ў літаратурнай апрацоўцы, якая цалкам знішчае асаблівасці мясцовых гаворак. Адсутнасць спасылак вымушае чытача цалкам прыняць на веру напісанае аўтарамі. Гэта накладае на апошніх вялікую адказнасць ды прадугледжвае павышаную бесстаро насць, каб пазбегнуць спакусы свядомай фальсіфікацыі інфармацыі з мэтай зрабіць лепш, цікавей, сенсацыйней і гэтак далей. На жаль, выпадкі новай міфалагізацыі назіраюцца ў Беларусі ўсё часцей, што цяпер асабліва небяспечна, калі знікаюць апошнія носьбіты традыцыйнай памяці. Калі такая тэндэнцыя будзе пашырацца, то ў будучыні мы рызыкуем згубіць аўтэнтычныя звесткі і мець справу з псеўдааўтэнтыкай, якая мае вытокі ў працах несумленных аўтараў. Падобная з’ява была даволі пашыранай у творах ХІХ ст.

У кнізе змяшчаецца вялікая колькасць факталагічнага матэрыялу, у тым ліку ўнікальнага, які раней нідзе не друкаваўся. Між тым, праз адсутнасць спасылак да падобных звестак трэба ставіцца вельмі асцярожна.

Напрыклад, распавядаючы пра Волас-камень ля вёскі Крыжоўка Мінскага раёна, аўтары адзначаюць, што камень “…лічыўся святым і дапамагаў лячыць хворую жывёлу. З навакольных вёсак да яго неслі хвасты і рогі свойскай жывёлы, а на бліжэйшыя дрэвы вешалі ручнікі” (с. 133).

Дадзеныя звесткі з’яўляюцца вельмі важнымі для рэканструкцыі міфалагічных уяўленняў, звязаных з каменем. У той жа час, яны адрозніваюцца ад адзінага вядомага дагэтуль у літаратуры запісу пра Волас-камень.

Адсутнасць звестак пра крыніцу інфармацыі не дазваляе выкарыстоўваць навукоўцам гэтую цікавую інфармацыю ў поўнай ступені.

Літаратурную апрацоўку паданняў і адсутнасць спасылак можна было б спісаць на навукова-папулярны характар выдання, аднак некаторыя факталагічныя памылкі і недакладнасці Зміцер Скварчэўскі. Сакральная краіна ў цэнтры Еўропы 284 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (этнаграфія) гэтым не патлумачыш. Напрыклад, распавядаючы пра “Барысавы камяні”, аўтары пішуць, што падобны камень “ёсць каля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна (г. зв. ‘Рагвалодаў камень’)” (с. 132), хаця вядома, што “Рагвалодаў камень” быў узарваны на друз у 1930я гады. Таксама недакладна казаць аб тым, што каменны стод-крыж з-пад вёскі Даўгінава Вілейскага раёна не мае аналагаў у Беларусі (с. 285). Каменныя антрапаморфныя крыжы, на жываце якіх рэльефна высечаны крыжападобны сілуэт дзіцяці, на тэрыторыі Беларусі вядомы таксама ў Кобрыне (не захаваўся) і ў вёсцы Буйновічы Лельчыцкага раёна. Не зусім карэктна выглядае і тэзіс аб тым, што “Напалеон І Банапарт быў адзіным з усіх вялікіх палітыкаў, які прыхільна ацэньваў беларускую нацыянальную ідэю… ” (с. 320). Усё ж, беларуская нацыянальная ідэя ў 1812 годзе яшчэ не была сфармуляваная.

Спрэчным з’яўляецца меркаванне, якое неаднаразова сустракаецца ў кнізе, пра тое, што многія аб’екты сакральнага ландшафту засталіся на месцах былых паганскіх капішчаў. Гэта далёка не так. Як сведчаць факты, некаторыя вясковыя святыні пачалі ўшаноўвацца толькі ў ХІХ ст.

Для ўшанавання дрэва, крыніцы і да таго падобнага патрэбны быў пэўны сакральны прэцэдэнт, кшталту з’яўлення іконы, крыжа, святых, збаўлення ад хваробы і гэтак далей.

Адпаведна, аб’ект мог зрабіцца сакральным у любы час і пры гэтым не мець генетычнай сувязі з паганскай святыняй і традыцыяй яго ўшанавання. Таксама існаванне падання яшчэ не значыць, што пэўны аб’ект аўтаматычна з’яўляецца святым ці культавым. Сакральным ён будзе, бо калектыўнай памяццю вылучаецца з свету прафаннага, аднак статус культавасці і святасці неабходна яшчэ абгрунтаваць. Паняцці “сакральны”, “святы”, “культавы” ўжываюцца ў якасці сінонімаў, аднак гэта дапушчальна не ва ўсіх выпадках, бо кожны тэрмін мае свой сэнс. Таксама тэрміналагічна няправільным ёсць ужыванне ў кнізе паняцця “камяні-капішчы” (с. 130).

Паводле агульнапрынятай навукоўцамі тэрміналогіі, капішча – гэта сакральная прастора, упарадкаваная пэўным чынам. Камень – гэта аб’ект, і ён не можа з’яўляцца прасторай. Варта казаць пра прысутнасць валуноў на капішчах, дзе яны маглі выконваць функцыі стода ці ахвярніка.

“Сакральная геаграфія Беларусі” мае апавядальны характар. Праз навукова-папулярны стыль праца пазбаўленая праблемнасці. Многія высновы маюць канчатковы характар, хаця для вырашэння той ці іншай праблемы не было праведзена адпаведнага даследавання. Напрыклад, ужо аксіёмным стала суаднясенне пагоркаў і гарадзішчаў, на якіх, паводле паданняў, правалілася царква ці касцёл, з паганскімі свяцілішчамі (с. 10). Сапраўды, на некаторых такіх пагорках падчас раскопак былі выяўленыя рэшткі паганскіх свяцілішчаў (напрыклад, у вёсцы Верхаўляны Бераставіцкага раёна), аднак такія выпадкі пакуль што з’яўляюцца адзінкавымі, а таму нельга адназначна сцвярджаць, што на ўсіх такіх пагорках даўней былі свяцілішчы. Для вырашэння гэтай праблемы неабходныя комплексныя археалагічна-этнагра- 285 № 18–19 (1–2) 2012 фічныя экспедыцыі, якія пакуль у Беларусі не праводзіліся. Дагэтуль няма даследавання генезісу паданняў пра бажніцы, якія праваліліся пад зямлю.

Таксама ў кнізе ў дачыненні да шанаванага валуна ля вёскі Крамянец Лагойскага раёна працягвае ўжывацца назва “Дажбог”, “Дажбогаў камень” 2 (с. 115, 131) разам з аўтэнтычнымі назвамі “Святы”, “Богаў камень”. Разам з гэтым, назва “Дажбогаў” не была пацверджаная іншымі экспедыцыямі, і не было спробы крытычнага разгляду адзінага паведамлення пра гэту назву.

У той жа час яна выступае ў якасці асноўнага доказу існавання культу Дажбога на тэрыторыі Беларусі.

Улічваючы абставіны, нельга давяраць такім звесткам, а тым больш будаваць на іх аснове рэканструкцыю паганскіх уяўленняў насельніцтва Беларусі. У выніку адбываецца скажэнне рэальных фактаў і пачынаецца міфалагізацыя, вынікам якой цяпер стала сапраўднае паломніцтва раднавераў (неапаганцаў славянскага кірунку) да Крамянецкага валуна.

Акрамя таго, ад мясцовых жыхароў сталі вядомыя звесткі пра спробу невядомымі асобамі вывезці культавы камень. На хвалі цікаўнасці да паганства з’явіўся і “чорны рынак” паганскіх старажытнасцяў, скіраваны пераважна ў Расію, куды пад відам “паганскіх” камянёў і стодаў вывозяцца надмагіллі і каменныя крыжы са старых вясковых могілак. Самым вядомым выпадкам стала выкраданне валуна са знакам з Мінскага музея валуноў. Як бачна, непрадуманая папулярызацыя паганства пагражае не толькі з’яўленнем навуковых міфаў, але і існаванню аб’ектаў сакральнай геаграфіі.

Безумоўна, выданне “Сакральнай геаграфіі Беларусі” ёсць знакавай падзеяй, бо яе з’яўленне чакалася на працягу многіх гадоў. Дагэтуль не было адзінай працы, дзе б сістэматычна разглядаліся ландшафтныя аб’екты і археалагічныя помнікі ў кантэксце традыцыйнай культуры і фальклорнай памяці беларусаў. Вялікую павагу выклікае тая колькасць сабранай інфармацыі, якая была апрацаваная і прадстаўленая аўтарамі.

Кніга сапраўды вельмі цікавая для чытача і разлічана на папулярызацыю традыцыйнай культуры.

Між тым, прадстаўленае выданне, на жаль, не можа выкарыстоўвацца ў поўным аб’ёме ў акадэмічным плане. Таксама не трэба забываць, што залішняя цікавасць да сакральных аб’ектаў толькі шкодзіць ім. Тое, што для нашых продкаў мела вялікі духоўны сэнс і сакральны статут, не павінна цяпер ператварацца ў забаўку, ці, яшчэ горш, тавар. Звяртаючыся да патэнцыйных чытачоў “Сакральнай геаграфіі Беларусі”, хочацца параіць не ўспрымаць дадзеную працу ў якасці “даведніка па паганскіх святынях”, ужо хаця б з улікам акрэсленых у рэцэнзіі заўваг, інакш ёсць рызыка паверыць у тое, чаго насамрэч не было.

2 Назва “Дажбогаў камень” упершыню з’явілася ў кнізе прафесара геалогіі Эрнста Аркадзевіча Ляўкова (1992). Паходжанне назвы да канца невядома, і пачутая яна навукоўцамі пры цьмяных акалічнасцях.

Зміцер Скварчэўскі. Сакральная краіна ў цэнтры Еўропы 286 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (этнаграфія) Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Дучыц, Людміла (1993). Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск: Навука і тэхніка.

2. Дучыц, Людміла і Зайкоўскі, Эдвард (2001). Жыватворныя крыніцы Беларусі.

Мінск: Ураджай.

3. Ляўкоў, Эрнст (1992). Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мінск: Навука і тэхніка.