№ 18–19 (1–2) 2012 Андрусь Унучак Літоўская кніга пра русіфікацыю беларусаў У сакавіку 2012 года мне давялося быць на адной навуковай канферэнцыі ў Літве. Там, падчас размоваў у кулуарах, паўстала пытанне моўнай сітуацыі ў Беларусі, і я пахваліўся, што нядаўна ў нас выйшла першае ў незалежнай Беларусі беларускамоўнае выданне правілаў дарожнага руху. Знаходзячыся ў беларускім кантэксце, я не адразу зразумеў здзіўленне літоўцаў, якія запыталіся: а як вы да гэтага часу вучыліся ездзіць?
Ці ў вас толькі расіяне маюць правы на кіраванне аўтамабілем? Ці яшчэ адзін прыклад з Латвіі. Калі ў музеі латвійскай чыгункі даведаліся, што рыхтуецца юбілейнае выданне па гісторыі чыгункі Беларусі, яны запыталі пра мову публікацыі. Я адказаў, што па-руску. Латышы пачалі задаваць пытанні кшталту: а хто перакладае на рускую і колькі ў нас плацяць за пераклад? Для іх натуральна, што аўтарскі калектыў павінны пісаць пра нацыянальную чыгунку па-беларуску, а пазней на жаданне замоўцы робіцца яшчэ і пераклад… Гэтыя сітуацыі і ў Літве, і ў Латвіі мяне трохі збянтэжылі, але таксама паказалі пэўную рэчаіснасць. Ці, больш дакладна, адрозненні паміж рэчаіснасцямі, у якіх мы жывем. Я адчуў, што там русіфікацыя – гэта мінулае, частка гісторыі, якая больш ці менш прысутнічае ў сённяшнім дні. Для Беларусі ж - гэта актуальны стан. Для многіх беларусаў пісаць і размаўляць па-руску стала нагэтулькі звыклым, што большасць пра гэта ўжо проста не задумваецца.
З дадзенага гледзішча цалкам натуральным выглядае той факт, што кнігу “Making Russians…” напісаў менавіта літоўскі гісторык, а не беларуStaliūnas, Darius (2007). Making Russians. Meaning and practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863. New-York – Amsterdam: Rodopi. 465 p.
(Дарыюс Сталюнас (2007). Вырабляючы рускіх. Сэнс і практыка русіфікацыі ў Літве і Беларусі пасля 1863 г. Нью-Ёрк – Амстэрдам: Rodopi. 465 с.) Так называемая польская пропаганда есть своего рода уродливая форма местной цивилизации 1 (Іван Карнілаў, куратар Віленскай навучальнай акругі) 1 Цытуецца пав.: (Записка, 1864).
254 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) скі. Нам, жывучы ў сучаснай Беларусі, проста псіхалагічна складана па-навуковаму асэнсоўваць гэтую тэму.
Занадта шчыльна паняцце “русіфікацыя” звязана з нашай штодзённасцю і непазбежна ўзнікае вельмі вялікая спакуса ператварыць даследаванне праблемы ў калянавуковую спрэчку. Таму, калі бачыш подпісы доктара Дарыюса Сталюнаса на справах з фондаў Ратча, Карнілава, Бацюшкава ў аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі радуешся, што справу так важную для нас ужо нехта робіць і мае неблагія поспехі.
За тыя 5 гадоў, што мінулі ад выдання кнігі па-ангельску, яна стала аб’ектам увагі многіх даследчыкаў, у тым ліку і ў Беларусі. У 2008 годзе ў часопісе “АРХЭ” была апублікавана рэцэнзія Андрэя Ціхамірава (Ціхаміраў, 2008). Аўтар рэцэнзіі даволі добра справіўся з задачай пазнаёміць беларускага чытача са зместам даследавання Д. Сталюнаса, ягонымі моцнымі і слабымі бакамі і даў, такім чынам, магчымасць рухацца далей у асэнсаванні дадзенай тэматыкі. Зыходзячы з гэтага, мэтай дадзенай рэцэнзіі будзе прадэманстраваць, які ўнёсак зрабіла кніга ў беларускую гістарыяграфію.
Англамоўнае выданне працы Д. Сталюнаса нават дастаткова складана перадаць па-беларуску, можна паспрабаваць ператлумачыць як “Вырабляючы рускіх. Сэнс і практыка русіфікацыі ў Літве і Беларусі пасля 1863 г.". Літоўскае ж выданне кнігі, што выйшла два гады пазней, ужо мае назву “Русіфікацыі: Літва і Беларусь пасля 1863 г.” (Staliūnas, 2009). Як на нашу думку, то назва літоўскага выдання, магчыма, крыху больш дакладна перадае галоўную канцэптуальную ідэю аўтара, бо гутарку Д. Сталюнас вядзе большай часткай пра “русіфікацыі”. Можна казаць пра “русіфікацыю краю”, але менавіта пра “русіфікацыі” нацыяў, якія ў гэтым краі жылі: беларусы, літоўцы, палякі, габрэі. На нашу думку, аўтар слушна паказаў, што нацыянальнасць – гэта мова і рэлігія, а ў ХІХ ст. – рэлігія і мова. Адпаведна, нацыянальная палітыка мусіць закранаць і закранае менавіта гэтыя сферы жыцця грамадства і асобы.
Нават аналізуючы эканамічныя захады расійскіх уладаў у Беларусі і Літве пасля паўстання 1863 года, Д. Сталюнас непазбежна выходзіць на пытанні рэлігіі і мовы. Паколькі фактычна ўсе дзеянні ўладаў на тэрыторыі былога ВКЛ мелі русіфікацыйнае вымярэнне, то ні адно іх мерапрыемства не магло наўпрост ці ўскосна не закрануць рэлігійна-моўную сферу.
Вялікай перавагай даследавання Д. Сталюнаса з’яўляецца тое, што аўтар дэталёва разбірае паняцце русіфікацыі, тое што ў яго ўкладалі ў ХІХ ст. і што пад ім маюць на ўвазе сучасныя гісторыкі. Праблема, якую ставіць і абмяркоўвае літоўскі даследчык, палягае ў тым, як акрэсліць нацыянальную палітыку расійскіх уладаў на беларуска-літоўскіх землях у 1860-я – 1870-я гады: асіміляцыя, акультурацыя ці інтэграцыя? Або ўсё ж розныя варыяцыі гэтых трох рэчаў? Пры гэтым, на наш погляд, розніца паміж акультурацыяй (змена крытэраў ідэнтычнасці) і інтэграцыяй (змена крытэраў ідэнтычнасці на інстытуцыянальным узроўні) на практыцы выглядае не заўсёды віда- 255 № 18–19 (1–2) 2012 вочнай. Хоць, з іншага боку, такая градацыя расійскай нацыянальнай палітыкі дазволіла аўтару паказаць анатомію гэтай палітыкі, адлюстраваць яе мэты ў дачыненні да розных нацыянальнасцяў, прасачыць дынаміку і кірункі.
Кніга напоўненая разглядам дыскусіяў у колах расійскага чынавенства па праблемах “Паўночна-Заходняга краю”. Пры гэтым аўтар, калі справа тычыцца беларускага пытання, амаль заўсёды абмяжоўваецца простай канстатацыяй, што “беларусы лічыліся часткай рускага народа”.
У гэтым доктар Сталюнас у пэўным сэнсе падпадае пад уплыў расійскага погляду. Расійскія ўлады апрыёры не маглі канстатаваць, сённяшняй мовай кажучы, “апазіцыйных” настрояў сярод беларусаў. Больш за тое, “заходнія рускія” не маглі паўставаць і змагацца супраць “рускіх усходніх”.
Да прыкладу, возьмем так званую ўніверсітэцкую дыскусію ў Пецярбургу пасля паўстання 1830–1831 гадоў. Д. Сталюнас піша пра тое, што расійскія ўлады намагаліся не дапусціць уплыву “польскіх і літоўскіх” (“Lithuanian”) студэнтаў на расійскае студэнцтва пасля закрыцця Віленскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў і магчымага масавага прыезду моладзі з земляў былога ВКЛ у расійскія ВНУ (с. 100– 101). Дадамо, што нацыянальнасць студэнтаў вызначаецца самім аўтарам, а не бярэцца з расійскіх дакументаў.
Выходзіць, паводле Д. Сталюнаса, што ў Віленскім універсітэце навучаліся толькі “палякі і літоўцы”. Паўстае пытанне пра беларусаў: ці іх не было ва ўніверсітэце, ці даследчык іх проста “не заўважыў”? Падаецца, што апошняя думка больш слушная. На той жа старонцы аўтар, пераказваючы высновы Ёханэса Рэмі ў дачыненні да студэнцкіх бунтаў пачатку 1860-х гадоў, піша пра “польскамоўных студэнтаў”, а цытуючы Міхаіла Мураўёва перадае ягонае азначэнне “студэнты польскага паходжання” (с. 102). Хутчэй за ўсё польскамоўнымі былі і беларусы, і літоўцы, і габрэі, але расійскія крыніцы не маглі ўзгадваць “беларускіх студэнтаў”, не ўзгадвае іх і гісторык.
Можна канстатаваць, што пытанне “асобаў польскага паходжання” працягвае заставацца пэўным “каменем спатыкнення” для гістарычнай навукі краінаў былой Рэчы Паспалітай. Ёсць імавернасць, што калі б падобную працу пісаў беларускі гісторык, ён мог напісаць пра навучанне ў Вільні “польскіх і беларускіх студэнтаў”. Д. Сталюнас паказаў, што выдумаўшы такую катэгорыю як “асобы польскага паходжання”, расіяне сутыкнуліся з безліччу складанасцяў пры заканадаўчым яе акрэсленні і з яшчэ большымі цяжкасцямі, калі спрабавалі яе прымяніць на практыцы. Нешта падобнае адбываецца і ў беларускай гістарычнай навуцы (На шляху станаўлення…, 2011: 101–103).
Разам з гэтым адзначым, што катэгорыя “асобы польскага паходжання”, уведзеная ў ХІХ ст., найчасцей больш карэктна адлюстроўвае рэчаіснасць, чым сучасная катэгорыя “палякі” ў прымяненні да беларуска-літоўскіх земляў ХІХ ст.
Што тычыцца гістарыяграфіі, то ў кнізе яна дзеліцца аўтарам на дзве часткі: з аднаго боку – працы літоўскіх, польскіх і беларускіх гісторыкаў, з іншага – заходнія і суАндрусь Унучак. Літоўская кніга пра русіфікацыю беларусаў 256 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) часныя расійскія даследаванні. Такі падзел, на нашу думку, з’яўляецца абгрунтаваным, паколькі існуе даволі сутнасная метадалагічная розніца ў падыходах да вывучэння праблемаў русіфікацыі. Калі для нацыяў былой Рэчы Паспалітай русіфікацыя – гэта перажытая ці перажываная на ўласнай скуры дыскрымінацыйная палітыка, то для Захаду, ці тым больш для Расіі, гэта толькі навуковае пытанне, у якім маральны бок справы амаль не ўлічваецца. Адсюль вынікаюць розныя парадыгмы – “рэчпаспалітаўскіх” гісторыкаў у першую чаргу цікавіць гісторыя паняволення канкрэтнага народа. Большасць жа заходніх і расійскіх аўтараў займаецца “імперыялогіяй” – спрабуе вызначыць, у чым палягаў інтарэс Расійскай імперыі, ці, больш дакладна, імперскай бюракратыі. Кажучы іншымі словамі, даследчыкі згаданай групы паказваюць нацыянальную палітыку, наколькі гэта магчыма, “без нацыянальнага складніка”.
Відавочна, што Д. Сталюнас схільны да “грамадзянскага разумення” расійскай нацыянальнай палітыкі ў былым ВКЛ, паколькі аб’ектам даследавання з’яўляецца грамадства краю ў цэлым, а не толькі беларусы з літоўцамі. Д. Сталюнас таксама, як відаць з гістарыяграфічнага агляду, схільны разглядаць змены гістарыяграфічных парадыгмаў у залежнасці ад актуальнай палітычнай сітуацыі. Так, ён піша, што заходняя навука зацікавілася нацыянальнай палітыкай Расійскай імперыі толькі напярэдадні краху СССР, а сур’ёзныя даследаванні праблематыкі з’явіліся толькі пасля яго распаду і паўстання незалежных дзяржаваў.
Сапраўды, цяжка сабе ўявіць наяўнасць беларускай тэматыкі ў заходніх ды і большасці расійскіх працаў, каб не было Рэспублікі Беларусь.
Што тычыцца крыніцазнаўчага агляду, то дарэчы будзе сказаць, што Д. Сталюнас карыстаўся, у абсалютнай большасці выпадкаў, віленскімі і расійскімі архівамі, што тычыцца польскіх і асабліва беларускіх сховішчаў, то ў гэтай працы яны маюць значна меншую, найчасцей выпадковую, рэпрэзентатыўнасць. Яшчэ адзін істотны момант, які аднак, выклікае сумневы, гэта сцверджанне Д. Сталюнаса пра тое, што літоўскія даследаванні тэмы русіфікацыйнай палітыкі ў Літве і Беларусі больш шматлікія, чым польскія (с. 3).
Д. Сталюнас абгрунтавана крытыкуе тых заходніх і расійскіх аўтараў, якія распрацоўваюць і ўводзяць у навуковы ўжытак галоўную канцэптуальную тэзу “непаслядоўнасць-супярэчлівасць” расійскай палітыкі ў краі. Такая логіка, паводле літоўскага гісторыка, можа ў перспектыве прывесці і да адмаўлення наступстваў расійскай палітыкі “напрыклад, для беларускіх нацыятворчых працэсаў” (с. 15). Разам з тым, тая парадыгма, якой карыстаецца сам аўтар даследавання, прымушае яго пастаянна паўтараць, толькі ў іншай форме, фактычна такую ж самую тэзу.
Гэта праглядаецца ўжо з галоўнай канцэптуальнай пазіцыі, якую даследчык агучыў толькі падыходзячы да даследавання: “Вобраз расійскай нацыянальнай палітыкі ў гэтай кнізе адрозніваецца ад тых ацэнак, якія звычайна даюцца ў працах літоўскіх, беларускіх і польскіх гі- 257 № 18–19 (1–2) 2012 сторыкаў у першую чаргу тым, што мы даём апісанне мэтаў імперскай нацыянальнай палітыкі з большай колькасцю нюансаў. Гэта азначае, што мы адкідаем тэорыю пра тое, што адзіная несупярэчлівая мэта ўладаў палягала ў тым, каб асіміляваць насельніцтва іншанацыянальных супольнасцяў” (с. 21).
Такая непаслядоўнасць, як нам здаецца, вынікае з канструктывісцкай метадалогіі, да якой схіляецца Д. Сталюнас. Сваімі філасофскімі каранямі яна базуецца на тым, што нацыі – гэта ўсяго толькі “ўяўленыя супольнасці”.
З гэтага гледзішча пэўных нацыяў у прынцыпе “магло б і не быць”.
На пасяджэнні Заходняга камітэта 17 і 19 траўня 1864 года быў агучаны важны пастулат расійскай імперскай ідэалогіі. Камітэт пагаджаўся з тэзай “генерала ад інфантэрыі М. Мураўёва”, што “не падлягае ніякаму сумневу прызнанне Паўночна-Заходняга краю расійскім, які складае старадаўні набытак Расіі. Таму кіруючыся мерамі строгай справядлівасці, належыць пастанавіць неадменным правілам (тут і далей падкрэсліванне арыгінала. – А.У.), каб у Паўночна-Заходнім краі не дапускалася ні найменшых прыкметаў польскай прапаганды і не аказвалася ласкі і саступак, а прымаліся б строгія і няўхільныя меры для супрацьдзеяння і поўнага задушэння не толькі перавагі, але і праяўлення польскага элемента, чужога краіне і варожага законнаму ўраду і рускай народнасці” (Записка о мерах к пресечению, 1886).
Гэта значыць, што мэта расіян палягала ў тым, каб знішчыць “польскую прапаганду”. Адсылаючы чытача да эпіграфа, можна канстатаваць, што расійскія ідэолагі пад “польскай прапагандай” разумелі ўсю “мясцовую цывілізацыю”. Іншымі словамі, трэба было не проста ліквідаваць польскасць у Беларусі і Літве, але і ўсю “мясцовую цывілізацыю”. Толькі для русіфікацыі рознага “элемента” былі патрэбны розныя тактыкі і падыходы. Калі б умовы для асіміляцыі местачковых габрэяў і сельскіх беларусаў былі аднолькавыя, то можам з поўным правам выказаць меркаванне, што і стратэгіі для іх русіфікацыі прымяняліся б аднолькавыя, ці прынамсі вельмі падобныя.
Пра гэта ў прынцыпе кажа і сам Д.Сталюнас. Так, паводле ягоных звестак, апублікаваных у адпаведнай табліцы, за 1863–1867 гады з каталіцтва ў праваслаўе было пераведзена каля 75 тысяч асобаў у 6 губернях “Паўночна-Заходняга краю”. На думку гісторыка, у асноўным гэта былі беларусы, якія ў адрозненні ад літоўцаў не мелі “рэлігійнага фанатызму” (с. 134, 135, 182). Пра “рэлігійны фанатызм” мы, разам з аўтарам, даведваемся з расійскіх крыніцаў, то бок ад тых людзей, якія непасрэдна сутыкнуліся з тым, што літоўцаў вельмі складана, амаль немагчыма, прымусіць прыняць праваслаўе. Як вынікае з тэксту Д. Сталюнаса (с. 135), расійскія ўлады – мясцовыя, віленскія і, можна меркаваць, цэнтральныя – жадалі і імкнуліся перавесці жыхароў Ковенскай губерні ў праваслаўе, але вымушаны былі ўрэшце адмовіцца ад такога плана праз супраціў мясцовага насельніцтва. Пры гэтым прычыны супраціву называліся розныя, але сутнасці справы гэта не мяняе. На Андрусь Унучак. Літоўская кніга пра русіфікацыю беларусаў 258 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) нашу думку, расійскія ўлады мелі адзі ную мэту што да асіміляцыі ўсяго насельніцтва, але праз тое, што рэакцыя і супраціў самога насельніцтва краю былі рознымі, то спачатку змянялася тактыка, а з часам карэктавалася і сама мэта.
Нягледзячы на пэўныя заўвагі да працы Д. Сталюнаса, адначасова можна злавіць сябе на думцы, што сярод беларускіх гісторыкаў фактычна адсутнічаюць людзі, якія б займаліся праблемамі расійскай палітыкі ў Літве, літоўскім нацыянальным рухам і гэтак далей. Хоць гэта вельмі цікавая і, з нашага гледзішча, важная справа для разумення як “літоўскага”, так і “беларускага” пытанняў. У гэтым сэнсе даследаванне Д. Сталюнаса дэфакта няма з чым параўнаць у беларускай гістарыяграфіі, і гэта сама па сабе з’яўляецца красамоўным.
Яшчэ хацелася б з’вярнуць увагу на тое, што істотным момантам тэмы русіфікацыі ёсць асэнсаванне паўстання 1863 года: ці спрыяла яно русіфікацыйным працэсам, ці было б узмацненне русіфікацыйных высілкаў без паўстання і гэтак далей? Паводле Д. Сталюнаса (с. 52–55), русіфікацыйныя праекты, якія ўвасабляліся ў жыццё падчас віленскага генерал-губернатарства М. Мураўёва (1863–1865) распрацоўваліся яшчэ “ліберальным” генерал-губернатарам Уладзімірам Назімавым (1855–1863). Менавіта У.
Назімаў у часе так званай “аляксандраўскай адлігі” сфармуляваў і выклаў некалькі праектаў, галоўнай ідэяй якіх было стварэнне супрацьвагі “польскаму ўплыву”. У гэтым і ёсць адказ на пытанне. Сутнасць яго ў тым, што паўстанне і русіфікацыю нельга спалучыць наўпрост. Непасрэдна з русіфікацыяй звязана толькі знаходжанне ВКЛ у складзе Расійскай імперыі.
Каб праілюстраваць гэтую тэзу, яшчэ раз звернемся да расійскага тэрміна “польскія ўплывы”, якія нібыта вымушалі расіян праводзіць “дэпаланізацыю спрадвечных сваіх земляў”. Куратар Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў у 1864 годзе склаў “Записку о необходимости усиления русского влияния и борьбы с польским влиянием в Северо-Западном крае. 1864” (Записка, 1864). Адрасат гэтай запіскі невядомы, але можна меркаваць, што яна павінна была быць накіраваная ў Пецярбург. Для нашай тэмы цікавы чарнавік “запіскі”, у якім даецца азначэнне “паланізму”:
“Паланізм у заходне-рускіх губернях, паводле свайго гістарычнага, трывалага характару і грамадскай формы, – усё адно, што юдаізм, хоць ён менш за апошні ўкаранёны і лягчэй вынішчаецца. Паланізм і тутэйшае паходжанне маюць сваю цудоўную літаратуру, сваю ілжэгісторыю, ілжээтнаграфію і інш. Віленскі ўніверсітэт быў менавіта ўніверсітэтам паланізму” (Записка, 1864).
Як відаць, “паланізм” у вачах расійскіх чыноўнікаў быў нечым значна большым, чым проста ўплывам польскай нацыянальнай культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова на насельніцтва “Паўночна-Заходняга краю” імперыі.
“Паланізм” у разуменні расіян – гэта ў пэўным сэнсе “ўсё нярускае” на “спрадвечных рускіх землях”. Да такой высновы прыходзіць і Д. Сталюнас, калі піша (с. 32–33) пра тое, што нават М. Мураўёў, выказваючы жаданне далучыць Аўгустоўскую губерню 259 № 18–19 (1–2) 2012 да Віленскага генерал-губернатарства, прызнаваў у чарнавіку дакумента, што Царства Польскае “не наша зямля”. У гэтым сэнсе, яму было зразумела – Царства Польскае знаходзіцца ў Расійскай імперыі часова, а за былое ВКЛ вядзецца жорсткая барацьба. З расійскага пункту гледжання, жаданне шляхты беларуска-літоўскіх земляў адміністрацыйна далучыцца да Царства Польскага было дэ-факта жаданнем апынуцца па-за межамі Расіі, і менавіта таму гэта жорстка каралася нават пры У. Назімаву.
Істотным момантам у працы Д. Сталюнаса з’яўляецца характарыстыка ролі Адама Ганорыя Кіркора ў справе так званай “зваротнай уніі”, то бок “вяртання” каталікоў ва ўлонне праваслаўнай царквы (с. 182–184).
Д. Сталюнас піша, што менавіта А. Кіркор “падвёў ідэалагічную базу” пад адпаведны праект 1865 года.
А. Кіркор увогуле паўстае перад чытачом, як чалавек, які не мае цвёрдых перакананняў ды ўласных прынцыпаў. Пры гэтым аўтар адзначае, што канчатковай мэтай А. Кіркора было з дапамогай уніі ўратаваць каталіцтва Беларусі (у першую чаргу) і Літвы ад поўнага вынішчэння. Тут ацэнка Д. Сталюнасам супадае па сваёй сутнасці з меркаваннем Анджэя Раманоўскага (Romanowski, 2003: 57–60).
Толькі польскі даследчык паказвае А. Кіркора як трагічную асобу, які супрацоўніцтвам з расійскімі ўладамі спадзяваўся захаваць хоць рэшткі той цывілізацыі і думкі, якія вынішчаліся. У сваю чаргу, на старонках даследавання Д. Сталюнаса А. Кіркор паўстае перад намі галоўным чынам як прыстасаванец. Ён, магчыма, і меў бы ўласную пазіцыю ў іншую эпоху і ў іншых умовах, але ў канкрэтнай сітуацыі капітуляваў перад “мураўёўскай сістэмай”.
З іншага боку, Д. Сталюнас адзначае, што А. Кіркор меў план друку беларускамоўных кніг для “шырокіх масаў” (с. 291), але праз тое, што беларускі друк лацінкай у 1859 годзе забаранілі, быў вымушаны адмовіцца ад сваёй ідэі. Як шляхціц ён не мог сабе ўявіць беларускія выданні, зробленыя на аснове кірылічнага алфавіта. Як можна меркаваць, не толькі А. Кіркор так думаў, бо забарона друкаваць лацінкай фактычна спыніла беларускі друк увогуле. А паколькі не было “беларускага касцёла” і беларускай тэрыторыі па-за межамі Расійскай імперыі, то забарона была даволі эфектыўная і перапыніла выдатную серыю твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Нагадаем, што за кароткія гады “аляксандраўскай адлігі” кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча выходзілі адна за другой – “Hapon” у 1855 (Менск); “Wieczernice i Obłąkany” у 1855 (Менск); “Ciekawyć!
Przeczytaj” у 1856 (Менск) і “Dudarz Białoruski” у 1857 годзе (Менск).
Разам з гэтым, вяртаючыся да тэмы расійскай палітыкі, каб праводзіць русіфікацыю “спрадвечных расійскіх земляў”, патрэбна было тэрмінова адказваць на пытанне, што такое мадэрная расійская (руская) нацыя, мадэрная “рускасць”. У даследаванні Д. Сталюнаса паказаныя дыскусіі (с. 66 і іншыя), якія разгарнуліся вакол праблемы нацыянальнасці ў расійскай грамадскай думцы. Пытанне 1860-х стаяла наступным чынам:
што з’яўляецца галоўнай прыкметай Андрусь Унучак. Літоўская кніга пра русіфікацыю беларусаў 260 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) вызначэння нацыянальнасці – рэлігія ці мова? Расійскія ўлады і грамадская думка, якая атрымала значны штуршок да развіцця ў выніку аляксандраўскіх рэформаў, была вымушаная паспешліва фармаваць адказ на пытанне, што ёсць прыкметай сучаснай рускай нацыі. І тут расійскія мысляры кшталту Міхаіла Каткова былі вымушаныя паказаць нацыятворчыя функцыі мовы, якую паставілі нават вышэй за царкву, якая імкліва ператваралася ў звычайную дзяржаўную інстытуцыю. Праблема палягала ў надзвычайнай складанасці адрозніць расійскую (рускую) нацыю ад расійскай дзяржавы.
Паводле пануючай сярод расійскіх элітаў думкі, як гэта слушна адзначае Д. Сталюнас, беларусы былі “рускімі”, гэта значыць часткай “трыадзінага рускага народа”. Таму, пры Мікалаю І галоўным чынам можна было казаць пра палітычную русіфікацыю, але ўжо ў часы Аляксандра ІІ Расійская імперыя стала імкнецца змяніць менавіта нацыянальную (этнічную) тоеснасць жыхароў былога ВКЛ. Імперскія ўлады ўвесь час намагаліся ўвасобіць гэтую тэорыю на практыцы. У моўнай палітыцы быў узяты амаль адназначны курс на асіміляцыю, а ў рэлігійнай былі ваганні паміж прыхільнікамі пераводу беларускіх каталікоў у праваслаўе і іх праціўнікамі.
Дарэчы, варта адзначыць некаторыя моўныя калізіі ў аўтарскім тэксце кнігі. Так, калі Д. Сталюнас перадае расійскую назву “Малороссия” англійскай мовай, то піша Little Russia, а калі “Белоруссия” то – Belarus, магчыма, у гэтым выпадку больш карэктна было б пісаць – White Russia. У гэтым разе англамоўнаму чытачу, які не валодае славянскімі мовамі, можа быць складана разабрацца, у чым жа выяўляецца русіфікатарская палітыка ў дачыненні да Беларусі.
Яшчэ адной цікавай думкай з’яўляецца тое, што Д. Сталюнас паказвае факт задзіночання земляў былога ВКЛ у адной адміністрацыйнай адзінцы як вынік паўстання 1863 года (с. 36–37). У выніку паўстання расіяне былі вымушаныя засяродзіць пад уладай віленскага генерал-губернатара 6 губерняў, што прыкладна супадала з памерамі ВКЛ у 1772 годзе. Усё адбывалася даволі проста: там, дзе было паўстанне, трэба было рабіць супрацьпаўстанцкія захады, уводзіць супрацьпаўстанцкае заканадаўства і гэтак далей. А там, дзе паўстання не было, функцыянавала звычайная расійская ўрадавая сістэма. На нашу думку, гэты факт з гісторыі паўстання 1863 года вельмі слаба асэнсаваны беларускай гістарыяграфіяй.
Падсумоўваючы, варта яшчэ раз адзначыць, што галоўнай тэмай працы Д. Сталюнаса з’яўляецца русіфікацыя. А канкрэтна русіфікацыя былога ВКЛ у 1860-я – 1870-я гады. Гэтая з’ява, ці, больш дакладна, палітыка, разглядаецца як ніколі комплексна і сістэматычна. Пра той час можна, разам з Д. Стаслюнасам, сказаць, што русіфікацыя была дзяржаўнай палітыкай Расійскай імперыі. Яе галоўнымі задачамі былі: скарачэнне колькасці неправаслаўнага насельніцтва ў былым ВКЛ, пашырэнне ўжывання рускай мовы, звужэнне выкарыстання іншых моў (у першую чаргу польскай), і, як частка гэтага, максімальнае абмежаванне ўжывання лацінкі як 261 № 18–19 (1–2) 2012 базавага шрыфту ў польскіх, літоўскіх і беларускіх тэкстах.
Калі Д. Сталюнас піша пра праблему беларускай мовы ў святле расійскай нацыянальнай палітыкі, то галоўным чынам разглядае праблему шрыфту. Даследаванне выразна паказвае, што толькі комплексны разгляд “русіфікацыі краю” дазваляе зразумець месца праблемы шрыфту для беларускай мовы ў расійскай палітыцы. У ідэале кірыліца разглядалася ўладамі як базавы алфавіт для ўсіх моваў краю, у тым ліку і польскай. Тым не менш, такія планы выклікалі ў асяродку кожнай нацыі супраціў, і палітыка мела поспех толькі ў дачыненні да беларускай мовы.
Увядзенне кірыліцы, акцэптаванае беларускімі элітамі (у асноўнымі каталіцкага паходжання) на пачатку ХХ стагоддзя, адразу вылучыла нас з, умоўна кажучы, агульнага антырасійскага фронту народаў былога ВКЛ, аслабіла сілу супраціву. Як гэта добра паказаў Д. Сталюнас, дробязяў у справе супрацьстаяння русіфікатарскай палітыцы не бывае.
Разважаючы пра другую палову ХІХ ст., ловіш сябе на думцы, што фактычна толькі ў беларусаў паўстаў такі феномен як самарусіфікацыя. То бок, сітуацыя, калі эліта нярускага народа пачынае ўспрымаць рускую мову і культуру як сваю і распаўсюджваць у грамадстве. Застаецца толькі пытанне: “чаму?” Адказ на яго можна знайсці ў кнізе Д. Сталюнаса, які выразна паказаў, што мэты, метады, сродкі і вынікі русіфікацыі залежаць не столькі ад таго, якая праводзіцца палітыка, колькі ад таго, як на яе рэагуе грамадства. У гэтым, на нашу думку, і ёсць галоўная актуальнасць кнігі “Making Russians …” для беларускага чытача.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Записка о мерах к пресечению недозволенного обучения на польском языке в северо-западном крае, составленная в ответ на возражения Министерства Юстиции 14 июня 1886 г. за №17296. Литограф. экз. (1886). Аддзел рукапісаў Расейскай Нацыянальнай Бібліятэкі ў Пецярбургу (АР РНБ). Ф. 52. С. 62. А. 63.
2. Записка о необходимости усиления русского влияния и борьбы с польским влиянием в Северо-Западном крае. (1864). Черновой автограф. Аддзел рукапісаў Расейскай Нацыянальнай Бібліятэкі ў Пецярбургу (АР РНБ). Ф. 377. С. 36. А. 1.
3. На шляху станаўлення беларускай нацыі: гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы (2011). Мінск: Беларуская навука.
4. Ціхаміраў, Андрэй (2008). “Ментальная карта і ўяўленая геаграфія Паўночна-Заходняга краю”, ARCHE, № 12: 113–125.
5. Romanowski, Andrzej (2003). Pozytywizm na Liwie. Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864–1904. Kraków: Univesitas.
6. Staliūnas, Darius (2009). Rusinimas: Lietuva ir Baltarusija po 1863 metų. Vilnius:
Lietuvos istorijos instituto leidykla.
Андрусь Унучак. Літоўская кніга пра русіфікацыю беларусаў