№ 18–19 (1–2) 2012 Алег Латышонак Міф “тутэйшых” Вялікі гістарыясоф і тэарэтык цывілізацыі Арнольд Тойнбі, крытыкуючы пашыранае ў ягоны час перакананне аб існаванні адзінай цывілізацыі, а менавіта заходняй, адзначыў:
“Калі мы, людзі Захаду, называем жыхароў іншых земляў “тубыльцамі”, мы выдзіраем іх з цэлага культурнага каларыту. Бачым у іх дзікіх звяроў …, частку мясцовай флоры і фаўны, а не людзей з падобнымі да нашых пачуццямі і жаданнямі. Дакуль думаем пра іх як пра “тубыльцаў”, можам іх вынішчаць або – што сёння больш праўдападобнае – прыручаць, шчыра веруючы (магчыма не без дай рацыі), што мы палепшым гэтую расу, але не пачынаем іх разумець” (Toynbee, 2000: 49).
Не вельмі далёкім, відаць, ад такога разумення акрэслення “тубылец/тутэйшы” быў карэспандэнт “Dziennika Poznańskiego”, які ў 1887 годзе пісаў з Вільні: “Беларускі народ надзіва добры і спакойны.
Гэта матэрыял, з якога кожны разумны ўрад мог бы зрабіць, што захоча. Лянівы і непаваротлівы беларускі селянін не здольны нават даваць адпор беззаконнасці, але гэта не значыць, каб у глыбіні душы не адчуваў крыўды да сваіх прыгнятальнікаў.
Нацыянальная свядомасць у ім не існуе, на пытанне, хто ён, беларускі селянін звычайна адкажа: ‘Я, панічок, тутэйшы’, як быццам слова ‘тутэйшы’ было для яго альфай і амегай” (цыт. паводле: Kolberg, 1968: 38).
На нашу думку, “tutejszy” – гэта польскае слова. Невядома, ці яно ўжо ў ХІХ стагоддзі існавала ў беларускіх гаворках. Аб тым, што слова “тутэйшы” выкарыстоўвалі сяляне, піша на самым пачатку ХХ ст. беларускі этнограф Адам Багдановіч: “А калі вы да такіх беларусаў звернецеся з пытаннем – хто яны такія ў сэнсе нацыянальнасці, дык вельмі многія вам толькі і змогуць сказаць, што яны “тутэйшыя”, гэта зачыць.
мясцовыя… ” (Богданович, 1895: 4–5).
Таксама Яўхім Карскі пацвярджае выкарыстанне гэтага слова сялянамі, але з вельмі істотнай агаворкай: “На пытанне: хто ты? прасталюдзін адказвае – рускі, а калі ён католік, то называе сябе або каталіком, або палякам; часам сваю радзіму назаве Літвой, ці то проста скажа, што ён “тутэйшы” (tutejszy) – мясцовы, канешне, супрацьпастаўляючы сябе асобе, якая гаворыць па-вялікаруску, як прышлай у заходнім краю” (Карский, 2006: 114). Як бачым, Карскі не сумняваецца ў польскім паходжанні слова “тутэйшы”.
У любым разе адсутнасць нацыянальнай свядомасці была тады паўсюдная і на польскай этнічнай тэрыторыі. Паводле Людвіка Стомы, самаідэнтыфікацыя большасці польскіх сялян абапіралася тады на наступных 221 № 18–19 (1–2) 2012 крытэрыях культурнай ідэнтыфікацыі: “1. я мясцовы (tutejszy), 2. я селянін, 3. я каталік” (Stomma, 1986: 63).
Палякамі не лічылі сябе нават этнічныя польскія сяляне ў роднай вёсцы Вінцэнта Вітаса, у будучыні прэм’ерміністра польскага ўрада. Bось што піша ён пра сваіх землякоў з-пад Тарнава на зломе ХІХ і ХХ стагоддзяў:
“Пра нацыянальную свядомасць не магло быць амаль аніякай гутаркі, бо і адкуль? (...) Сяляне ў сваёй масе надзвычай баяліся Польшчы, мяркуючы, што разам з яе вяртаннем прыйдзе безумоўна паншчына і найгоршая шляхецкая няволя. Паўстанні лічылі нейкім жахлівым злачынствам, якога нават не ўмелі назваць ды акрэсліць, а паўстанцаў – дзікімі, шалёнымі злыднямі, бядой для насельніцтва і няшчасцем для сялян. (...) Нашы сяляне з Галіцыі, якія жылі на правым беразе Віслы, вельмі доўга сваіх суседзяў з другога боку лічылі маскалямі і дзіву давалі, што яны гавораць па-польску, а ставіліся да іх з большай перадузятасцю, чым да немцаў або яўрэяў (Witos, 1988: 102). У той жа час, для віленскага карэспандэнта “Dziennika Poznańskiego”, а таксама для А. Багдановiча “тутэйшасьць” быццам была прыкметай беларускай сялянскай культуры...
Варта адзначыць, што паэт Францішак Багушэвіч да “тутэйшых” залічае не толькі селяніна (верш “Хрэсьбіны Мацюка”), але і пана (верш “Немец”). Што цікава, у яго творчасці “тутэйшымі” могуць быць таксама элементы краявіду, напрыклад, хмаркі (Багушэвіч, 1991: 33, 37–38, 76, 125).
Багушэвічава мадэль “тутэйшасці” ўпісваецца ў ідэалогію “краёвасці”.
Значная частка верхняй праслойкі грамадства беларускіх і літоўскіх земляў яшчэ на пачатку ХХ ст. захоўвала падвоеную свядомасць і належала адначасова да польскай культуры, ці нават нацыі, але захоўвала памяць пра свае літоўскія ці беларускія карані і, адчуваючы грамадзянскі абавязак перад родным “Краем” – даўнім Вялікім Княствам Літоўскім, непадзельна, паводле іх, звязаным з Польшчай. Характарызуючы феномен падвоенай свядомасці, Марыян Здзяхоўскі скарыстоўвае якраз паняцце “тутэйшасць”, а да тыповых “тутэйшых” залічыў Аляксандра Ельскага. Канстанцыя Скірмунт абараняла паняцце “тутэйшасць” ад нападак польскіх нацыянал-дэмакратаў такім чынам: “Тутэйшасць – гэта сувязь з роднай зямлёю, гэта патрыятызм” (Смалянчук, 2004: 128–129).
Аб тым, што “краёвая” ідэалогія – гэта нішто іншае як “тутэйшасць”, відавочна сведчыць Цэзарыя Бадуэн дэ Куртэне-Эрэнкройц-Енджэёвічова, вядомы польскі этнолаг, якая прысвяціла адну са сваіх працаў менавіта ўсхваленню “тутэйшасці” як спалучэння трох нацыяў ВКЛ: польскай, літоўскай і беларускай (“Этнічныя групы на землях Вялікага Княства Літоўскага і тры нацыі”). Нягледзячы на ўвесь пафас, з якім яна расказвае пра каштоўнасць “тутэйшасці”, яна застаецца неадлучнай ад Польшчы, што найлепш перадаюць словы вучонай: “Наколькі бяднейшай была б Польшча, каб не існаваў літвін – Вялікі ‘Тутэйшы’” (Baudouin, 2005: 400). Такім чынам, “краёвасць” – гэта ідэалагізаваная “тутэйшасць” (Латышонак, 2009: 437–440).
Алег Латышонак. Міф “тутэйшых” 222 № 18–19 (1–2) 2012 Дыскусія Але ці мае рацыю Алесь Смалянчук, сцвярджаючы, праўда, нерашуча, што “ў пэўным сэнсе ‘тутэйшасць’ была краёвасцю шырокіх мас насельніцтва”? (Смалянчук, 2004: 129) Відаць не, бо, насуперак жаданню Багушэвіча, для селяніна пан наўрад ці лічыўся “тутэйшым”.
Усё ж такі “тутэйшымі” бачылі перш за ўсё беларускамоўных сялян.
Разглядаючы праблему з гістарычнай перспектывы, Юліюш Бардах сцвярджаў: “У вёсцы, перш за ўсё беларускай, там, дзе сустракаліся розныя мовы, веравызнанні, уплывы розных культур, 'тутэйшасць’ азначала форму адмовы ад пэўнага выбару, нежаданне прызнаць сваю прыналежнасць да таго ці іншага этнасу. Была боязь, што такі выбар можа парушыць традыцыйныя формы сумеснага жыцця і прывесці да канфліктаў (цыт. паводле: Смалянчук, 2004: 129).
Такое адмаўленне на пачатковым этапе фармавання беларускай нацыі магло ўспрымацца станоўча як форма самасвядомасці. Паводле Міколы Шкялёнка, “калі сялянская або гарадзкая маса падчырквае сваю 'тутэйшасьць’, ня можна казаць, што з гледзішча нацыянальнае сьведамасьці яна зьяўляецца зусім безкалёрнай. ‘Тутэйшая’ маса цалкам сьведама адгараджвае сябе ад нацыянальнасьці расейскай, польскай або якойсь іншай. Ужо гэты нэгатыўны бок у вызначэньні сваёй нацыянальнасьці мае вялікае значэньне. Але слова ‘тутэйшы’ мае і пазытыўны зьмест. Яно не тасуецца масай да кажнага, хто прыплёўся ў край і тут жыве. Яно азначае толькі такога жыхара, які зьяўляецца ў поўным сэнсі слова аўтахтонам краю, які зросься з краем і зьяўляецца яго гаспадаром ” (Шкялёнак, 2003: 128– 129). “Тутэйшы” ранняга Янкі Купалы сцвярджае:
Я не чыноўнік і ня граф, ня князь, Таксама я ня Турак і ня Грэк, І нават не Паляк і не Маскаль, А проста я тутэйшы чалавек.
Нацыянальнасць ўсё ж такі нараджаецца ў непазбежных канфліктах, бо нацыя патрабуе выбару. Ужо ў 1922 годзе гэты ж Купала ў трагіфарсе “Тутэйшыя” надае тытульнаму акрэсленню адмоўнае значэнне. Героі твора – гэта “падлеглыя бясконцым акупацыям мясцовыя “тутэйшыя” абарыгены й аўтахтоны – тубыльцы краю”, незалежна ад іх стану (Склют, 1953: 9). Іхняя “тутэйшасць” – гэта адсутнасьць ідэйнага хрыбта і выкліканая гэтым няздольнасьць да дзеянняў. Нават беларускі патрыёт Янка Здольнік толькі адзначае: “Палітыкі свае ня маем, на чужой палітыцы пакуль што езьдзім” (Купала, 1953: 13).
“Тутэйшыя” Купалы не тое што не маюць нацыянальнага ўсведамлення.
Яны ведаюць, што павінны мець нейкую нацыянальнасць і нават яе праяўляюць – польскую, рускую і нават беларускую, – але мяняюць яе ў залежнасці ад бягучых абставін. Такім чынам, “тутэйшасць”, паводле Купалы, – гэта прыстасаванства.
Пасля далучэння Віленшчыны да Польшчы моўная і нацыянальная паланізацыя мясцовага насельніцтва паскорылася, тым не менш з’ява “тутэйшасці”, хаця абмежаваная, захавалася да 1930-тых гадоў. У гэты 223 № 18–19 (1–2) 2012 самы час праблема “тутэйшых” набрала актуальнасць у Палескім ваяводстве. Нацыянальны перапіс 1931 года паказаў тут ажно 707 тысяч чалавек, якія быццам бы гаварылі на “тутэйшай” мове (пра нацыянальнасць у перапісе не пыталася). Незвычайнасць вынікаў гэтага перапісу ў тым, што раней насельніцтва Заходняга Палесся дэкларавала беларускую або ўкраінскую нацыянальнасць, прытым здаўна. Ужо пачынаючы з 1903 па 1913 год практычна ўсе прызыўнікі ў расейскую армію з беларускай часткі Заходняга Палесся называлі сябе беларусамі (Терешкович, 2004: 179). Польскі нацыянальны перапіс 1921 года засведчыў у Палескім ваяводстве 375 тыс. беларусаў, 156 тыс. русінаў (украінцаў, бо афіцыйна ўкраінскай нацыянальнасці не прызнавалі) і толькі 38,5 тыс. “тутэйшых”. З гэтай апошняй лічбы ажно 25 тыс. у Драгічынскім павеце, у якім “тутэйшымі” запісалі ўсіх, хто падаў “рускую” нацыянальнасць.
Як заўважыў неўзабаве польскі этнолаг Юзаф Абрэмбскі, які даследаваў Палессе ў сярэдзіне 1930-х гадоў, “мясцовыя” [ці] ‘тутэйшыя’ як акрэсленне мовы ці нацыянальнасці – штучная катэгорыя, навязаная насельніцтву, гэтаксама як катэгорыя ‘беларускасці’ ці ‘маларускасці’ была навязаная расійскай уладай. Там, дзе адсутнічае пачуццё этнічнай асобнасці ў межах усходнеславянскай (рускай) моўнай групы, прысутнічаюць і іншыя, не мясцовыя акрэсленні, [як] ‘мясцовы’ (тутэйшый, здешній)” (Абрэмбскі, 2011:
217–218; Obrębski, 2007: 272). Але ў адсутнасці нацыянальнай свядомасці насельніцтва Абрэмбскі быў перакананы. Варта ўсё-такі заўважыць, што польскі даследчык пісаў пра тое, што сам лічыў сапраўдным, балотным Палессем, пра вясковае насельніцтва ў самых глухіх кутках гэтай краіны.
Ужо пасля катастрофы польскай дзяржавы, у літоўскай Вільні Юзаф Мацкевіч у артыкуле “Высветліць справу г. зв. Тутэйшых” пытаўся з горкай іроніяй, ці “дзяржава, якая мае аспірацыі да высокай культуры, пасля 20 гадоў навучання, пабудовы школаў, шашэй, арганізацыяў, святыняў, мастоў, светліцаў і гэтак далей, магла б хваліцца перад светам, што ажно 700 тысяч яе грамадзянаў знаходзяцца на такім нізкім культурным узроўні, што нават не ўяўляюць, да якой нацыянальнасці належаць?!” (цыт. паводле: Malewski 1991: 443). Як можна зразумець, Мацкевіч быў за тое, каб “тутэйшых”, нават калі яны самі акрэсліваюць сябе як “тутэйшыя”, усведамляць нацыянальна і гавораць па-беларуску, лічыць беларусамі. Тым не менш публіцыст відавочна прымаў як сапраўдныя вынікі перапісу 1931 года (Malewski 1991: 445). Не паверыў у іхнюю сапраўднасць Севярын Віславух, які ў дыскусіі з Мацкевічам сцвердзіў, што “тыя 700 тысяч ‘тутэйшых’ на Палессі ў перапісе насельніцтва 1931 года – гэта капрыз (widzimisię) спадара ваяводы Костэка-Бярнацкага” (цыт. паводле: Malewski 1991: 443).
На пытанне, ці сапраўды жыхары Заходняга Палесся маглі называць сябе “тутэйшымі”, выдатны знаўца гэтага краю Фёдар Клімчук, адказаў мне: “Мае бацька і маці слова ‘тутэйшы’ ўжывалі. Я лічыў, што Алег Латышонак. Міф “тутэйшых” 224 № 18–19 (1–2) 2012 Дыскусія яго ўжываюць усе берасцюкі-пінчукі.
Але адбылася рэвалюцыя. Пачалася яна каля 1955 года, Але адбылася яна ў 1970-я гады. Тады я працаваў у аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства АН БССР. Тады мы збіралі матэрыял для ‘Лексічнага атласа народных гаворак Беларусі’. Я часцей за ўсё ездзіў у Брэсцкую вобласць. Быў у раёнах Берасцейскім, Бярозаўскім, Драгічынскім (мая радзіма), Жабінкаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Лунінецкім, Пінскім, Столінскім. І амаль усюды пытаўся пра тутэйшых. Яны на той час мяне заінтрыгавалі.
Апытвалі мы тады людзей старэйшага ўзросту. А ў 1970-я гады гэта былі нараджэнцы ХІХ стагоддзя. Яны былі намнога старэйшыя за маіх бацькоў. І вось я пытаюся пра тутэйшых. Людзі абсалютна не ведаюць, што гэта такое. Ці яно лётае? Ці яно бегае? Ці яно плавае?
Ці яго п’юць? Ці яго грызуць? Ці яго смажаць? Ці яго вараць?
Вынікае, што ў 1931 годзе ў Палескім ваяводстве слова ‘тутэйшы’, ‘тутэйшыя’ каля 80 % (старэйшае і сярэдняе пакаленне) не ведалі. Дык як жа ў 1931 годзе 60,5 % насельніцтва Палескага ваяводства пры перапісе магла назваць сябе тутэйшымі, не ведаючы слова ‘тутэйшы’?!” Высветліў гэта пасля Другой сусветнай вайны Эдвард Штурм дэ Штрэм, які ў 1930-я гады кіраваў працай польскага Галоўнага статыстычнага ведамства (GUS). Вось што расказаў ён пра памеры маніпуляцыі польскай адміністрацыі: “Работа была такая брутальная, што кіраўнікі апрацоўкі перапісу насельніцтва былі ў жаху і быў намер наагул не апрацоўваць нявартыя ўвагі нацыянальныя дадзеныя для цэлага ўсходу Польшчы. Апрацоўка была здзейснена толькі па рашучым загадзе ўладаў. Трэба ўсё-такі дадаць, што тагачасныя вышэйшыя ўлады ў Польшчы, уяўляючы нахабнае фальшаванне, забаранілі публікаваць матэрыялы для меншых адзінак, як гміны і мястэчкі (бо там хлусня адразу выявілася б) ды забаранілі навукоўцам і іншым доступ да аўтэнтычнага матэрыялу перапісу” (Тomaszewski, 1985: 28).
Тым не менш выдатны польскі гісторык, паводле якога я цытую гэтыя словы, Ежы Тамашэўскі, у прынцыпе не маючы сумневу ў фальшаванні, усур’ёз разважае пра адсутнасць нацыянальнай свядомасці “тутэйшых” Палескага ваяводства. Перш за ўсё, Тамашэўскі паверыў у тое, што ў перапісе “тутэйшымі” запісаныя толькі тыя, хто не змаглі назваць сваю мову ў нацыянальных катэгорыях: беларуская, польская, украінская або іншая, а толькі скарысталі акрэсленні тыпу: мужыцкая, мясцовая, тутэйшая і да таго падобныя або баяліся прызнаць сваю беларускую або ўкраінскую нацыянальнасць (Тomaszewski, 1985: 30–32).
Польскі вучоны пакідае па-за ўвагай тое, што дзесяць гадоў раней “тутэйшых” на Палессі амаль зусім не было.
Такім чынам, Тамашэўскі сапраўды замацаваў сваім аўтарытэтам перакананне аб выключнай цывілізацыйнай адсталасці насельніцтва Заходняга Палесся. Дык нядзіўна, што вынікі перапісу 1931 года некаторыя сучасныя даследчыкі, як, напрыклад, рэдактар 225 № 18–19 (1–2) 2012 кніжкі Ю. Абрэмбскага, Анна Энгелькінг, успрымаюць за сапраўдныя (параўн.: Obrębski 2007: 240). За палякамі паўтараюць іншыя, напрыклад, нямецкі славіст Ганс-Хрысціян Трэптэ ці амерыканская антраполаг культуры Юніс Блаваскунас (Trepte, 2004: 73;
Blavascunas, 2010: 65–66). Толькі зусім нядаўна беластоцкі гісторык Войцех Слешынскі прыгадаў у гэтым кантэксце, што ў 1921 годзе большасць жыхароў гэтай краіны вызначыла сваю беларускую нацыянальнасць (Слешынскі, 2011: 374).
Нягледзячы на ўсю сваю фантастычнасць, народжаны польскай адміністрацыяй міф палескіх “тутэйшых” функцыянуе паўсюдна. Пра звыш 700 тыс. “тутэйшых” на Палессі сур’ёзна разважае польскамоўная Вікіпедыя (Tutejsi…). Дарэчы, у беларускай Вікіпедыі можна прачытаць яшчэ цікавейшыя выказванні: “Асабліва ўражвае працэс распаўсюджаньня беларускай самасьвядомасьці ў Беларускай ССР у першыя дзесяцігодзьдзі яе існаваньня ў параўнаньні з сытуацыяй, якая склалася ў сфэры этнічнай самасьвядомасьці ў насельніцтва Заходняй Беларусі 20–30-х гг. Заходнія беларусы ня мелі магчымасьці разьвіваць уласную культуру на дзяржаўным узроўні, a іх самасьвядомасьць адлюстроўвалася праз назву ‘тутэйшыя’” (Этнічная…). Такім чынам фармуюцца ўяўленні незлічоных карыстальнікаў інтэрнэту.
Але цяжка здзіўляцца інтэрнетграфаманам, калі нават вядомыя беларускія публіцысты паўтараюць гэтую недарэчнасць. Вось Сяргей Харэўскі ў размове з Вячаславам Ракіцкім, расказваючы пра Заходнюю Беларусь, на поўным сур’ёзе пералічае поспехі польскай адукацыі: “У выніку, напрыклад, у Палескім ваяводзтве, цяперашняя Берасьцейская вобласьць, дзе было 85% непісьменных, паводле апошняга расейскага перапісу, да 1931 году непісьменнасьць была амаль ліквідаваная. Разам з тым, як мы казалі, вытручвалася ўсё няпольскае. 711 тысяч людзей назвалі сябе ў перапісе ‘тутэйшымі’, альбо 68% (!), хоць якіх 50 ці нават 20 гадоў перад тым, тамтэйшы люд выразна ідэнтыфікаваў сябе беларусамі альбо ўкраінцамі” (Жыцьцё…).
У крайніх выпадках палякі катэгорыю “тутэйшыя” распаўсюджваюць на ўсіх сучасных беларусаў, якія быццам бы не маюць нацыянальнай свядомасці. Вось тэкст рэкламы фільма “Мы тутэйшыя”: “Эканамічная катастрофа і спыненне якіх-небудзь рэформаў прэзідэнтам Лукашэнкам замацоўваюць у Беларусі калгасны менталітэт, тыповы для сённяшніх уладаў былой рэспублікі СССР.
Інтэграцыя з Расіяй, разгон правамоцнага парламента, засяроджанне ўлады ў адной руцэ – гэта здзяйсненні Лукашэнкі ў краіне, дзе людзі называюць сябе ‘тутэйшымі’, бо ніколі ў гісторыі не мелі сваёй дзяржавы” (My tutejsi, 1996). А вось як прадстаўляе беларусаў Вольга Галэцкая (дарэчы – студэнтка беларусістыкі) у моладзевым часопісе: “Нацыя тутэйшых” (Gałecka, 2011: 4). Чытаючы падобныя выказванні, мімаходзь успамінаеш словы Тойнбі.
Але міф “тутэйшых” мае сёння і іншае аблічча. Першы раз на беларускую культурную сцэну тэрмін “тутэйшыя” вярнуўся напрыканцы 1980-х гадоў як Алег Латышонак. Міф “тутэйшых” 226 № 18–19 (1–2) 2012 Дыскусія назва аб'яднання патрыятычна настроеных маладых літаратараў. Як успамінае Алесь Аркуш: “Спачатку абмяркоўвалі назоў суполкі. Прачытаўшы некалькі значных урыўкаў з драмы Купалы (бо, каб прачытаць усю драму, бракавала часу), пачалі абмен думкамі. Для мяне гэта было ўсё ў навіну, бо я ня быў яшчэ дасьвечаным у дэталях беларускага нацпытаньня і нават пра п’есу ‘Тутэйшыя’ чуў упершыню.
Ніякай спрэчкі, здаецца, і не было. Усе шукалі аргумэнты дзеля апраўданьня назову. Гучала некалькі вэрсіяў: ‘Беларусі пакуль няма, таму й беларусаў няма, ёсьць толькі тутэйшыя, а мы іх частка’. Гучала і такая вэрсія: ‘Будзем называцца «тутэйшымі», каб нават сваім назовам цьвяліць сумленьне беларусаў” (Аркуш). Суполка неўзабаве распалася, але пакінула па сабе легенду, якой часткай сталася і назва “Тутэйшыя”, набываючы такім чынам станоўчы змест.
Але ўсё-такі пачаткам новага міфа “тутэйшых” трэба шукаць у іншым асяроддзі. Гэта Цэнтр этнакасмалогіі “Крыўя”, які дзейнічае з 1988 года.
Суполка “Крыўя”, адсылаючы да ідэй Вацлава Ластоўскага і Яна Станкевіча, з часам ператварылася ў беларускую эманацыю еўрапейскай “новых правых”. Ластоўскі і Станкевіч адмоўна ставіліся да назвы “Беларусь”, якую прапаноўвалі замяніць назвай “Крывія”, “Крывіччына”, а Станкевіч урэшце агітаваў за назву Вялікалітва.
Паводле апошняга, “усюды, ідзе ня быў захаваўшыся назоў ‘Літва’, народныя масы не прынялі тэрміну ‘Беларусы’, або – троху прыняўшы – яго адкінулі. (...) А там, дзе перасталі называць сябе Літвою, там народныя масы заставаліся без нацанальнага назву. Звалі сябе ‘туташнімі’ (або ‘тутэйшымі’). ” (Станкевіч, 2003:
673).
Асяроддзе “Крыўі” вынесла праблему “тутэйшых” на непараўнальны з нічым ранейшым інтэлектуальны ўзровень. Як тлумачыць Сяргей Санько; “Панятак ‘Я’ ўласьцівы ўсім індаэўрапейскім мовам, што, безумоўна, сьведчыць пра ягоную адмысловую старажытнасьць. Для гэтага займеньніка даволі надзейна ўзнаўляецца праформа *He-gH-(om), што літаральна азначае ‘вось-тутэйшы’. Гэты спракаветны спосаб азначаць існасьць уласнага існаваньня ў зьвязку зь мейсцам у сваёй спахоўна адкрытай воласьці быў нагэтулькі натуральны і трывалы, што яшчэ ў ХХ ст. быў выкарыстаны беларусамі дзеля выразу сваёй саматоеснасьці… ” (Санько, 1994:
115). Паколькі гэтаму асяроддзю ўласцівае і перакананне ў балцкім паходжанні беларусаў, не здзіўляе, што Андрэй Насута “дазваляе сабе асцярожна супаставіць” беларускае “тутэйшы” з літоўскім tauta ці латышскім tauta “народ, племя”, прус. tauto “краіна” < і.-е. teut? “народ”. Нягледзячы на празрыстую славянскую (верагодна, польскую) этымалогію гэтага слова, Насута лічыць пэўным пацверджаннем свайго дапушчэння факт трываласці “тутэйшага” самаазначэння найперш на захадзе Беларусі, дзе балцкая моўная прысутнасць нібыта адчувалася найдаўжэй (Насута, 2005: 172).
Паводле С. Санькі, ідэолагі беларускага адраджэння ў свой час недарэчна саромеліся “тутэйшасці”, якая для Санько вызначае “існасьць уласнага існаваньня ў адпаведнась- 227 № 18–19 (1–2) 2012 ці зь існасьцю свайго месца, сваёй зямлі” (Санько, 1997: 305). Тым не менш, канчатковае афармленне міфа “тутэйшасці” ў духу ідэалогіі “глебы і крыві” належыць, мусіць, А. Насуту.
Нямецкая ідэалогія “Blut und Boden” стваралася для нацыі, у той час як “тутэйшасць” ніхто нацыянальным вызначэннем нiколі не лічыў, але крыўскаму ідэолагу гэта не перашкаджае. Паводле яго, нягледзячы на тое, што азначэнні кшталту “тутэйшы”, “мясцовы” пашыраныя на вялікіх абшарах (у тым ліку ў найбліжшых суседзяў беларусаў), у беларускім кантэксце “тутэйшасць” мае адмысловае значэнне, бо менавіта тут яна набыла статус экзістэнцыйнага выбару “ці не ўсяго народу” (Насута, 2005: 165). Таму зварот да метафізічнай харызмы “тутэйшасці”, застаецца, паводле яго, адным з апошніх спосабаў захавання традыцыйных каштоўнасцяў. Насута пры тым відавочна перакананы ў немагчымасці “годнага існавання нашага народу з таўром ‘беларускасці’” (Насута, 2005: 166).
Хаця прыхільнікі сучаснай “крыўскасці” дакараюць беларускі рух у тым, што ён адкінуў “тутэйшасць”, можна смела сцвердзіць і адваротнае: што гэты рух якраз на “тутэйшасць” абапіраецца. Філосаф Алесь Анціпенка лічыць “тутэйшасць” хутчэй за ўсё “рэцыдывам, які нагадвае нам, што мы ўрэшце мусім вызначыцца як нацыя, хто мы, з кім і куды ідзем, які наш выбар – на Захад, на Ўсход, ці застаемся тут? Тутэйшасьць заўсёды нагадвае нам, што мы яшчэ не зрабілі да канца выбару”. Тым не менш, на погляд Анціпенкі, “тутэйшасць і мова – першыя падваліны беларускага нацыяналізму” (Жыццё…).
Як разумею, Анціпенка мае тут на ўвазе заклікі Францішка Багушэвіча.
Напрыканцы адзначу, што ў рэінтэрпрэтацыі тэрміна “тутэйшы” Ірына Бурдзялёва і Пятро Васючанка нават пераўзышлі асяроддзе “Крыўі”. На іхнюю думку, “тутэйшы, які жыве на гэтай зямлі, ‘рэчы ў сабе’, ёсць сам ‘рэччу ў сабе’. Ён арыентаваны на ‘ўнутранае’, на духоўны пошук. Ягонае стаўленне да Бога – не артадаксальнае, а бадай што свойскае, ягонае адчуванне сакральнага – бадай што панібрацкае. Бог не адчуваецца недасяжным, далёкім, а тутэйшым, бо ён – тут” (Бурдзялёва і Васючэнка: 2003: 142). Невядома толькі, чаму гэты “тутэйшы” Бог не разумее “тутэйшай” мовы...
Падсумоўваючы, акрэсленне “тутэйшы” першапачаткова азначала толькі няздольнасць беларускіх сялян назваць сваю нацыянальнасць.
Сам тэрмін “тутэйшы”, відаць, польскага паходжання і, верагодна, не быў уласцівы насельніцтву не толькі цэлай, але і хоць бы толькі Заходняй Беларусі. Прынамсі, не ведала яго насельніцтва Заходняга Палесся. Як падае Ф. Клімчук у згаданым ужо лісце, палешукі скарыстоўвалі тэрміны “тэбылнык” (м. і ж.), “тэбылныкы” (мн.) або “тэбылэць-тэбылэц” (м. і ж.), “тэбыльці-тэбыльцы” (мн.).
Фёдар Клімчук найшырэй з вядомых мне аўтараў глянуў на экзістэнцыяльную сутнасць “тутэйшасці”, пішучы мне, што самаакрэсленне людзей як мясцовых / тутэйшых абазначае толькі тое, што яны і іх продкі тут нарадзіліся, і тутэйшыя пераважаюць ва ўсім свеце!
Алег Латышонак. Міф “тутэйшых” 228 № 18–19 (1–2) 2012 Дыскусія На мой погляд, “тутэйшасць” датычыла перш за ўсё каталіцкага беларускамоўнага насельніцтва Віленшчыны. Існавалі тут дзве катэгорыі беларускамоўных каталікоў: спрадвечныя рымакаталікі, з паходжання літоўцы, якія сваю мову памянялі на беларускую (Baudouin, 2005:
372–373; Turska, 1982: 19–61). Новая мова была для іх толькі vehiculary language, інакш кажучы – “мовай міжнацыянальных зносін”. Нацыяналізацыя (абнацыянальненне?) гэтага насельніцтва была ўскладненая і ў момант, калі яно ўжо перастала быць літоўскім, а беларускім яно яшчэ (або і ніколі) не стала, яму выгодна было быць “тутэйшым”.
Другая катэгорыя – гэта грэкакаталікі, уніяты, якіх веравызнанне спрадвеку лічылася “рускім”. Пасля касацыі уніі, тыя ўніяты, якія перайшлі ў праваслаўе, і надалей называлі сябе “рускімі”, людзьмі “рускай веры”. За тое ўніяты, якія адмовіліся перайсці ў праваслаўе, ужо не маглі і не хацелі называць сябе “рускімі”, бо цяпер гэтае акрэсленне асацыявалася з маскоўшчынай, а людзьмі “польскімі”, “польскай веры” і нарэшце палякамі толькі станавіліся па меры адыходжання ад усходняга абраду. У прамежкавы перыяд ім, відаць, найвыгадней было называць сябе якраз “тутэйшымі”. Да гэтай катэгорыі належыць Багушэвічавы герой, Мацей Бурачок (Латышонак, 2009: 443-446). Абедзве катэгорыі “тутэйшых” каталікоў у сваёй масе сталі з часам палякамі.
Нягледзячы на тое, “тутэйшасць” на зломе ХІХ і ХХ стагоддзяў характарызавала не толькі беларускіх, але і польскіх сялян, яна з часам стала польскім “крэсовым” міфам адсутнасці нацыянальнай свядомасці ў беларусаў. Людзей, якія сёння лічаць усіх беларусаў “тутэйшымі”, нельга назваць нахабнымі культуртрэгерамі, як акрэсліў Ю. Абрэмбскі даваенных паланізатараў (Obrębski, 2007: 356). Тым не менш польскі міф “тутэйшых” належыць да катэгорыі апісанай А. Тойнбі, нават калі патрэба польскай душы ў цывілізацыйнай місіі на Усходзе праяўляецца сёння ў дапамозе ўяўным “тутэйшым” набыць беларускую нацыянальную свядомасць.
Вельмі рана на зусім іншы ўзровень падняў “тутэйшасць” Францішак Багушэвіч, залічваючы да “тутэйшых” усё карэннае рыма- і грэка-каталіцкае насельніцтва зямель былога Вялікага Княства Літоўскага, нягледзячы на сацыяльны статут. Такім чынам, Багушэвіч з’яўляецца стваральнікам станоўчага міфа “тутэйшых” і ў тым сэнсе пачынальнікам як дамадэрнай ідэі “краёвасці”, так і мадэрнай беларускай нацыянальнай ідэі ды постмадэрнай ідэі “тутэйшасці” Цэнтра этнакасмалогіі “Крыўя”.
Літаратура 1. Абрэмбскі Ю. (2011). Народ бяз бацькаўшчыны, АRCHE, 3.
2. Аркуш А. Вяртаньне ў “Тутэйшыя”. http://knihi.com/Ales_Arkus/Viartannie_u_ Tutejsyja.html, 15.09.2011.
229 № 18–19 (1–2) 2012 3. Багушэвіч Ф. (1991). Творы. Укл. і прадм. Я. Янушкевіч. Мінск.
4. Богданович (1895). Пережитки древняго міросозерцанія у белоруссовъ: Этнографическій очеркъ А. Богдановича. Гродна.
5. Бурдзялёва І. і Васючэнка П. (2003). “Укрыжаваная Беларусь”, у Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. 2003. Санкт-Пецярбург.
6. Жыццё і сьмерць мітаў – Тутэйшыя. З А. Анціпенкам гут. В. Ракіцкі. 10.10.2008.
http://www.svaboda.org/content/transcript/1328704.html. 16.01.2012.
7. Жыцьцё і сьмерць мітаў: Заходняя Беларусь. http://www.svaboda.org/content/ transcript/1741945.html. (08.10.2010).
8. Карский Е. (2006). Белорусы, Т. 1: Введение в изучение языка и народной словесности. Минск.
9. Латышонак, А. (2009). Нацыянальнасць – Беларус. Вільня-Беласток.
10. Насута А. (2005). Харызма тутэйшасці, Druvis, 1.
11. Санько С. (1994). Канстытутыўныя элемэнты антычнага космасу як эталённага для стараэўрапейскай тэсматычнай культуры, Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica , 1.
12. Санько С. (1997). Беларусь: паміж Поўднем і Поўначчу. Падставовыя складнікі аўтэнтычнага мэтапалітычнага дыскурсу, Фрагмэнты, 3– 4.
13. Склют Р. [Адамовіч А. ] (1953). Прадмова, у Янка Купала. Тутэйшыя. Трагічнасьмяшлівыя сцэны ў 4-ох дзеях. Мюнхэн.
14. Слешынскі В. (2011). Палессе ў палітыцы польскай дзяржавы ў 1918–1939 гг., АRCHE. 3.
15. Смалянчук А. (2004). Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864 – люты 1917 г. Санкт-Пецярбург.
16. Станкевіч Я (2003). Гістарычныя творы. Менск.
17. Терешкович П. (2004). Этническая история Беларуси ХХ – начала ХХ в. в контексте Центрально-Восточной Европы. Минск.
18. Шкялёнак М. (2003). Аб “Тутэйшых”, у Беларусь і суседзі: Гістарычныя нарысы.
Białystok.
19. Этнічная самасьвядомасьць, http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/этнічная_самасьвядомасьць. (08.10.2010).
20. Baudouin de Courtenay-Ehrenkreutz-Jędrzejewiczowа С. (2005). Łańcuch tradycji.
Teksty wybrane. Warszawa.
21. Blavascunas E. (2010). Imaginative geography of the forested Polish/Belarusian borderland, Annus Albaruthenicus, Т. 11.
22. Gałecka O. (2011). “Naród tutejszych”, Zupełnie Inny Świat, 3.
23. Kolberg O. (1968). Dzieła wszystkie, т. 52. Białoruś-Polesie. Wrocław.
24. Malewski, J. [Bolecki W.] (1991). Ptasznik z Wilna. Kraków.
25. My tutejsi (1996). “Scenariusz i reżyseria: Małgorzata Bucka”. http://www.stansfield.
home.pl/besta/produkcja/my_tutejsi/my_tutejsi_pl.html. 08.10.2010.
26. Obrębski, J. (2007). Polesie, red. nauk. i wstęp A. Engelking. Warszawa.
27. Stomma L. (1986). Antropologia kultury wsi polskiej XIX w. Warszawa.
28. Tomaszewski J. (1985). Rzeczpospolita wielu narodów. Warszawa.
29. Toynbee A. (2000). Studium historii. Warszawa.
30. Trepte, H.-Ch. (2004). Das Problem der "Hiesigen" (Tutejsi) im Polnisch-Weissrussischen Grenzraum. Regionale Identitaten, Annus Albaruthenicus, 5.
31. Turska H. (1982). O powstaniu polskich obszarów językowych na Wileńszczyźnie, Studia nad polszczyzną kresową, Т. 1, Wrocław.
32. Tutejsi (społeczność). http://pl.wikipedia.org/wiki/Tutejsi_społeczność. (08.10.2011).
33. Witos W. (1988). Moje wspomnienia, cz. 1. Warszawa.
Алег Латышонак. Міф “тутэйшых”