Часопіс “Палітычная сфера”

Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары

Алесь Смалянчук · 2012

№ 18–19 (1–2) 2012 Алесь Смалянчук Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары У апошняе дваццацігоддзе відавочны ўздым навуковай і грамадскай цікавасці да праблематыкі “краёвай ідэі” як адметнага ідэалагічнага феномена эпохі этнакультурнага нацыяналізму ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Яе гістарыяграфія ўжо мае сваю традыцыю. Дастаткова прыгадаць імёны польскіх даследчыкаў Юліуша Бардаха, Яна Юркевіча, Збігнева Соляка, Дарыуша Шпопера, літоўскіх гісторыкаў Рымантаса Мікніса, Яна Савіцкага (Bardach, 1988; 1999; Solak, 2004; Szpoper, 2009; Miknys, 2000;

Sawicki, 1998). Шмат увагі гэтай праблеме ўдзяліў таксама аўтар гэтых радкоў у аналізе гісторыі польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошнія 50 гадоў існавання Расійскай імперыі, а таксама ў даследаванні эвалюцыі беларускай нацыянальнай ідэі.

Аляксею Унучаку (Мінск) належыць параўнанне ідэалогій “краёвасці” і “заходнерусізму” (Смалянчук, 1997;

2000; 2004; Унучак, 2011). У апошнія гады “краёвасць” трапіла таксама ў поле зроку беларускіх даследчыкаў ідэі. Варта прыгадаць працы Ігара Бабкова, Аляксея Дзерманта, Андрэя Казакевіча.

Пры гэтым цікавасць гісторыкаў пераважна канцэнтравалася на постацях вядомых краёўцаў. У цэнтры ўвагі апынуліся Міхал Ромер (1880–1945), Канстанцыя Скірмунт (1851–1934), Раман Скірмунт (1868–1939), Эдвард Вайніловіч (1847–1928), Тадэвуш Урублеўскі (1857–1925), Людвік Абрамовіч (1879–1939) ды іншыя. “Краёвая ідэя” разглядалася ў большай ступені скрозь прызму жыцця і дзейнасці названых асобаў. Між тым больш грунтоўнага вывучэння ўсё яшчэ чакае цэлы комплекс праблемаў, звязаных з гэтым феноменам. Адной з найважнейшых застаецца праблема вытокаў фармавання “краёвасці”.

Нагадаю, што “краёвая ідэя” была сфармуляваная ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Краёўцы сцвярджалі, што ўсе карэнныя жыхары гістарычнай Літвы, незалежна ад іх этнакультурнай прыналежнасці, з’яўляюцца “грамадзянамі Краю” і тым самым належаць да адной нацыі. Галоўным крытэрам нацыянальнай прыналежнасці абвяшчалася пачуццё патрыятызму, адчуванне сябе “грамадзянінам Краю”. Ёсць падставы адносіць краёвасць да пэўнага тыпу ідэалогіі палітычнай нацыі.

Гэтая ідэйная плынь нарадзілася ў асяроддзі шляхты гістарычнай Літвы, прадстаўнікі якой часцяком 64 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы адчувалі ўласную прыналежнасць да розных народаў. Юліуш Бардах наступным чынам характарызаваў свядомасць краёўцаў: “Паводле сваёй культурнай арыентацыі гэта былі палякі, аднак пры вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці пераважала пачуццё краёвай адметнасці, што вяло да падпарадкавання інтарэсаў польскай грамадскасці інтарэсам усяго Краю. […] Яны былі літоўцамі ў гістарычным сэнсе, што і вызначала іх пазіцыю ў палітычным жыцці” (Bardach, 1988: 217–218).

“Краёвасць” грунтавалася на гістарычнай памяці пра прыналеж насць беларускіх і літоўскіх зямель да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).

Сцвярджаючы адзінства гістарычнага лёсу ўсіх народаў былога ВКЛ, краёўцы лічылі неабходным захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці ўсёй гістарычнай Літвы.

Адной з галоўных мэтаў “краёвасці” заставалася прымірэнне партыкулярных інтарэсаў мясцовых нацый з іх агульным інтарэсам, пад якім разумелася дабро супольнай Айчыны, гістарычнай Літвы. Апошняе патрабавала супрацоўніцтва розных нацый на падмурку грамадзянскай роўнасці. Прычым, як справядліва заўважыў Ян Юркевіч, гэтае супрацоўніцтва было не толькі шляхам да супольнай мэты, але таксама мэтаю самой па сабе (Jurkiewicz, 1999: 119).

Прыхільнікі краёвасці спадзяваліся, што “краёвую свядомасць” атрымаецца сумясціць з мадэрнай нацыянальнай ідэнтычнасцю.

Менавіта выбух нацыяналізму нарадзіў “краёвую ідэю”, і, забягаючы наперад, можна сказаць, што ён жа ператварыў “краёвасць” у маргінальную з’яву.

На рубяжы ХІХ–ХХ ст. найбольш моцным нацыянальным рухам Беларуска-Літоўскага краю быў літоўскі рух. Ён прапанаваў новае (мадэрнае) разуменне нацыі, найважнейшымі элементамі якой станавіліся мова, фальклор, звычаі, народная культура і гістарычная памяць. Разуменне нацыі як палітычнай супольнасці, што яднала прадстаўнікоў вышэйшых станаў, засталося ў мінулым.

Найважнейшую ролю для свядомасці адыгрывала тоеснасць этнакультурная (этналінгвістычная), а не гістарычна-палітычная. Менавіта літоўскі нацыянальны рух на пачатку XX ст. паставіў задачу этнапалітычнага падзелу гістарычнай Літвы і Польшчы.

Польскі даследчык Збігнеў Соляк, аналізуючы біяграфію галоўнага ідэолага ліберальна-дэмакратычнага варыянта “краёвай ідэі” Міхала Ромера, звярнуў увагу на ягоныя кантакты з літоўскімі нацыянальнымі арганізацыямі. У прыватнасці, яшчэ падчас вучобы ў Парыжы М. Ромер наведваў паседжанні літоўскага таварыства “Želmuo”, а пазней аб’яднання літоўскіх студэнтаў “Lithuania”, заснаванага Ёзасам Петрулісам (Jozas Petrulis, 1877– 1958) (Solak, 2004: 44–53).

Літоўскі рух, безумоўна, паўплываў таксама на пазіцыю прадстаўнікоў кансерватыўнай плыні “краёвасці”. Гаворка ідзе пра Канстанцыю Скірмунт, якая ў 1906 годзе на старонках газеты “Kurier Polski” (№ 296) вызначыла ўласную ідэнтычнасць формулай “Gente Lithuana, natione Lithuana”, і Рамана Скірмунта, першая кніга якога 65 № 18–19 (1–2) 2012 (Ro…munt, 1904) была інспіраваная якраз літоўскім нацыяналізмам.

Вялікую ролю таксама адыграла афармленне польскага нацыянальнага руху. На пачатку ХХ ст. у грамадскім жыцці Беларуска-Літоўскага краю ён прысутнічаў у дзвюх іпастасях. Польскія нацыянальныя дэмакраты абвяшчалі абсалютны прыярытэт польскай ідэі ў яе этнакультурным разуменні, а сацыялісты спрабавалі яе спалучыць з прывабнай сацыяльнай праграмай. У выніку польскай нацыянальнай агітацыі большасць “літоўскіх палякаў” паступова пачала атаясамліваць сябе з сучаснай Польшчай як у культурным, так і этнапалітычным сэнсе. Аднак даволі моцныя пазіцыі захоўвала ідэнтыфікацыя сябе з гістарычнай Літвой, якая ўспрымалася часткай мясцовых палякаў як сапраўдная Айчына. Рымантас Мікніс, аналізуючы актыўнасць ідэолагаў “краёвасці” і ступень яе пашырэння, выказаў ідэю пра пачаткі фармавання новай нацыі, а менавіта нацыі “літоўскіх палякаў” (Miknys, 2000).

На пачатку ХХ ст. было відавочным як абвастрэнне польскалітоўскіх адносінаў, так і адсутнасць адзінства сярод польскай грамадскасці гістарычнай Літвы.

Даследчыкі згодныя, што ў гэты час існавалі два варыянты “краёвай ідэі” – ліберальна-дэмакратычны і кансерватыўны. Цэнтрам афармлення першага з іх стала “Gazeta Wileńska” (1906), фактычным кіраўніком якой быў Міхал Ромер. Вядучымі ідэолагамі кансерватыўнай плыні “краёвасці” былі Раман і Канстанцыя Скірмунты, Баляслаў Ялавецкі.

Чым розніліся гэтыя варыянты?

Паводле Рымантаса Мікніса, галоўным адрозненнем было стаўленне да нацыянальных рухаў (Miknys, 2000:

27). Літоўскі гісторык лічыць, што ліберальныя краёўцы акцэптавалі нацыянальную эмансіпацыю літоўцаў і беларусаў (апроч найбольш радыкальных патрабаванняў у культурнай галіне), а прадстаўнікі кансерватыўнай плыні не прымалі гэтай эмансіпацыі. Яны нібыта не прызнавалі паняцця этнакультурнай нацыі, сцвярджалі ідэю гістарычна-палітычнай адзінай нацыі (“нацыя літвінаў”) як дэмакратызаванага варыянта колішняй палітычнай (шляхецкай) нацыі.

З гэтым сцвярджэннем можна пагадзіцца толькі часткова. Міхал Ромер і яго калегі па выданні “Gazeta Wileńska” сапраўды спрабавалі дасягнуць паяднання народаў Краю на падмурку ідэі дэмакратычнай нацыі палітычнага тыпу. М. Ромер ацэньваў дэмакратычныя нацыянальныя рухі (беларускі і літоўскі) як фактары ўтварэння грамадзянскай супольнасці.

Былое Вялікае Княства Літоўскае ён трактаваў як агульную радзіму некалькіх народаў і не бачыў магчымасці іх размежавання цывілізаваным чынам.

Тэрытарыяльныя канфлікты ў гэтым выпадку здаваліся непазбежнымі.

Што датычыць кансерватыўнага крыла, то тут сітуацыя была больш складанай. Прыклад Р. Скірмунта, які ў 1907 годзе спрабаваў стварыць “Краёвую партыю” ў форме саюза польскай, беларускай і літоўскай партыйных арганізацый, сведчыць, што прынамсі частка прадстаўнікоў гэтага кірунку прымала ідэю этнакультурнай (этналінгвістычнай) нацыі Алесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары 66 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы і акцэптавала нацыянальныя рухі.

Падобна, што сам Р. Скірмунт быў упэўнены ў мажлівасці сумяшчэння краёвай свядомасці з мадэрным нацыяналізмам.

Пра апошняе сведчыць таксама стаўленне Рамана Скірмунта да беларускага нацыянальнага руху. Ягонае афармленне ў перыяд Першай расійскай рэвалюцыі (1905–1907) істотна паўплывала на палітычную дзей насць ураджэнца Палесся. У прыватнасці, Р. Скірмунт перастаў карыстацца тэрмінамі “Літва і Русь” і пачаў ужываць паняцце “Беларусь”, а падчас інтэрв’ю карэспандэнту органа польскіх нацыянальных дэмакратаў газеты “Dziennik Kijowski” назваў сябе “беларусам”. Напрыканцы 1916 года ён узначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, роля якога выходзіла далёка за межы дабрачыннасці. Фактычна Р. Скірмунт адкрыта далучыўся да беларускага руху і пачаў адыгрываць у ім ролю аднаго з лідараў.

Краёўцы абодвух кірункаў дэманстравалі прыхільнасць і падтрымку патрабаванняў літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў. Гэтая прыхільнасць мела розныя прычыны, але нават у дэкларатыўнай форме яна спрыяла пашырэнню талерантнасці.

Праблемай было прымірэнне нацыянальнага адраджэння беларусаў і літоўцаў з захаваннем традыцыйных добрасуседскіх адносінаў паміж народамі гістарычнай Літвы, палітычная нейтралізацыя моўнага і канфесійнага падзелаў.

Таксама ўсе краёўцы імкнуліся да абмежавання палітычных амбіцый польскай супольнасці, пераконвалі яе ў неабходнасці ўлічваць інтарэсы беларусаў і літоўцаў. Якраз гэтым было абумоўлена іх рашучае змаганне супраць польскіх нацыянальных дэмакратаў. Менавіта Партыя польскіх нацыянальных дэмакратаў і яе галоўны ідэолаг Раман Дмоўскі (1864–1939), а не дзеячы літоўскага ці беларускага рухаў, трактаваліся краёўцамі як галоўныя праціўнікі.

Краёўцы-дэмакраты, акцэптуючы сацыяльную і нацыянальную эмансіпацыю літоўцаў і беларусаў, падкрэслівалі ўласную польскасць і права на развіццё польскай культуры. Яны трактавалі паняцці нацыянальнасці і грамадзянства як камплементарныя.

У адным з рэдакцыйных артыкулаў выдання “Gazeta Wileńska” сцвярджалася: “Мы сыны польскага народа ў культурна-нацыянальным сэнсе, але ў сацыяльных, палітычных і эканамічных дзеяннях кіруемся інтарэсамі гістарычнай Літвы” (Gazeta Wileńska, 1906). Краёвая грамадскасць, якой прыпісваліся пэўныя атрыбуты палітычнай нацыі, павінна была падпарадкоўваць інтарэсы ўласнай нацыянальнай супольнасці агульнакраёвым. Пры гэтым сацыяльная група “літоўскіх палякаў” трактавалася як адна з “краёвых нацый” (Jurkiewicz, 1999: 122–123).

Трэба адзначыць, што дзеячы літоўскага і беларускага рухаў больш кантактавалі з краёўцамі-дэмакратамі, чым з кансерватарамі, якія крытычна ставіліся да сацыяльнай часткі праграмы літоўскага і беларускага рухаў. І гэта нягледзячы на тое, што княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, Раман Скірмунт, Эдвард Вайніловіч ды некаторыя іншыя фінансава пад- 67 № 18–19 (1–2) 2012 трымлівалі многія культурніцкія праграмы. Землеўласнікаў падазравалі ў імкненні з дапамогай “краёвай ідэі” захаваць свае дамінантныя сацыяльныя пазіцыі. Вырашальным фактарам была прыхільнасць краёўцаў-дэмакратаў да сацыяльных патрабаванняў літоўцаў і беларусаў.

У гэтым кантэксце праблема вытокаў фармавання “краёвай ідэі” набывае дадатковае значэнне. Паспрабую яе разглядзець з дапамогай антрапалагічнага падыходу, а менавіта праз аналіз першых тэкстаў і асаблівасцяў біяграфій “піянераў” “краёвай ідэі”. Як вядома, гістарычная біяграфістыка прапануе адмовіцца ад разумення асобы як свайго роду “сацыяльнага атама”, паводзіны якога нібыта цалкам дэтэрмінаваныя законамі сацыяльнага развіцця. Не існуе чалавека па-за грамадствам, па-за гісторыяй, але кожны з нас унікальны. Паводзіны чалавека ў вялікай ступені вызначаюцца імкненнем да самавыражэння і самасцвярджэння, матэрыяльнымі інтарэсамі, рысамі характару, асаблівасцямі сямейнага выхавання і гэтак далей (Петровская, 2010: 30–31). Адпаведна, даследуючы, напрыклад, пэўны феномен з гісторыі ідэй, важна зразумець матывы, якімі кіраваліся стваральнікі той ці іншай канцэпцыі. Спадзяюся, што пэўны антрапалагічны падыход да праблемы дазволіць убачыць новыя аспекты вытокаў “краёвай ідэі”.

Пры гэтым асаблівай увагі заслугоўвае праблема матывацыі. Чым кіраваліся аўтары першых тэкстаў? Што падштурхнула іх да публічнага выступу з пэўнымі ідэалагічнымі дэкларацыямі? У якой ступені іх тэксты былі прэзентацыяй уласнай пазіцыі і ўласнай ідэнтычнасці як індывідуумаў з адметнай біяграфіяй, а ў якой яны адлюстроўвалі погляды і свядомасць таго сацыяльнага слоя, да якога належалі? І чаму менавіта яны сталі выразнікамі настрояў пэўнага сацыяльнага слоя? У апошнім выпадку гаворка ідзе пра польскамоўную шляхту мясцовага паходжання, пра сацыяльны феномен “літоўскіх палякаў”.

Прадметам аналізу сталі першыя тэксты Рамана Скірмунта (1868– 1939) і Міхала Ромера (1880–1945) і іх біяграфіі. Выбар гэтых постацяў невыпадковы. У гістарыяграфіі, прысвечанай краёвай ідэі, дамінуе меркаванне, што менавіта яны спрычыніліся да афармлення двух галоўных кірункаў краёвасці. Раман Скірмунт – кансерватыўнага (або кансерватыўна-ліберальнага), а Міхал Ромер – ліберальнага (або ліберальна-дэмакратычнага). У цэнтры ўвагі апынулася брашура Рамана Скірмунта (псеўданім “Ро...мунт”) “Новыя лозунгі ў справе адраджэння літоўскай нацыянальнасці” (Ro…munt, 1904), а таксама артыкул Міхала Ромера “Этнаграфічна-культурныя стасункі ў Літве” (Römer, 1906).

Трэба заўважыць, што галоўнай праблемай грунтоўнага даследавання біяграфій з’яўляецца выяўленне крыніцаў. У гэтым плане даследаванне біяграфіі Міхала Ромера выглядае больш рэальным з улікам захаванай аўтабіяграфіі (Römer, Autobiografia;

Römer, Autożycioris) і ўспамінаў (Römer, Wspomnienie), а таксама дзённіка, які ён вёў з 1911 па 1945 год (Römer, Dziennik). Многія аспекты біяграфіі славутага краёўца знайшлі Алесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары 68 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы адлюстраванне ў даследаваннях Збігнева Соляка, Яна Савіцкага, Рымантаса Мікніса ды іншых. 1 А вось дакументы асабістага архіва Рамана Скірмунта, што захоўваліся ў маёнтку Парэчча Пінскага павета, зніклі ў верасні – кастрычніку 1939 года, калі ён быў арыштаваны, а пазней расстраляны. Іншыя крыніцы раскіданыя па розных архівах прынамсі чатырох краінаў. Вывучэнне гэтай постаці толькі распачынаецца, і цікавасць да яе праяўляюць пераважна беларускія даследчыкі. І тым не менш некаторыя істотныя для нас моманты біяграфіі ўжо сталі вядомыя.

Раман Скірмунт на момант напісання тэксту меў 36 гадоў, быў вядомым землеўласнікам і прамыслоўцам.

Вучыўся ў нямецкай гімназіі ў Рызе, але не закончыў яе па пэўных сямейных абставінах. Падобна на тое, што ўжо ў даволі маладым узросце ён быў вымушаны ўзяць на сябе ўсю адказнасць за гаспадарку ў Парэччы, а тым самым адказнасць за лёс усёй “пінска-парэцкай” лініі роду Скірмунтаў. На працягу многіх гадоў ён быў цалкам пагружаны ў справы маёнтка Парэчча Пінскага павета. Згадкі пра яго навучанне ў Кракаўскім універсітэце не пацверджаныя. Падобна на тое, што кіраванне маёнткам Раману Скірмунту давялося сумяшчаць з навучаннем у запрошаных у маёнтак настаўнікаў і самаадукацыяй. Ягоная грамадская актыўнасць асабліва не афішавалася, хоць, верагодна, гаспадар з Парэчча меў непасрэднае дачыненне да дзейнасці Пінскага дабрачыннага таварыства. Асобай, што інспіравала ягоную грамадскую і палітычную дзейнасць як краёўца, магла быць стрыечная сястра, вядомая публіцыстка і гісторык, Канстанцыя Скірмунт (1851–1934).

У некралогу на яе смерць Раман Скірмунт адзначыў тое вялікае замілаванне да Літвы, якое яна пранесла праз усё жыццё (Skirmunt, 1934). Ён сцвярджаў, што вывучэнне гісторыі Літвы было справай яе жыцця і прыгадаў напісаны яшчэ ў 1880-я гады падручнік па гісторыі Літвы (Skirmuntt, 1886). Таксама варта прыгадаць тры яе кнігі пад агульнай назвай Nad Niemnem i Bałtykiem (1879–1909). Яна ж у адным з лістоў да Ёнаса Басанавічуса (ад 25 верасня 1891 года) пісала пра два тыпы літоўскасці – этнічны ды гістарычны – і сцвярджала, што галоўнай задачай іх пакалення з’яўляецца якраз збліжэнне гэтых тыпаў і нейтралізацыя антаганізмаў паміж імі (Szpoper, 2009: 139). Магчыма, што многія ідэі першага тэксту Р. Скірмунта нарадзіліся ці ў разважаннях над кнігамі Канстанцыі Скірмунт, ці ў размовах або спрэчках з ёй або ў больш шырокім коле блізкіх сваякоў. Пры гэтым аналіз публіцыстыкі 1904–1906 гадоў сведчыць пра самастойнасць “краёвай канцэпцыі” Рамана Скірмунта. 2 1 Гл., напрыклад: (Solak, 2004; Sawicki, 1998).

2 Дастаткова параўнаць змест аналізаванага тэксту Рамана Скірмунта з брашурай Канстанцыі Скірмунт (псеўданім “Futurus”) “Пра праўду і згоду з нагоды Голаса літоўцаў да магнатаў, грамадзянаў і шляхты Літвы і адказу маладога літоўскага шляхціца” (Skirmuntt, 1904).

69 № 18–19 (1–2) 2012 У адрозненне ад сястры Раман Скірмунт заўсёды падкрэсліваў важнасць “русінскага чынніка” ў гісторыі ВКЛ.

Менавіта “Русь” ён лічыў галоўным цывілізацыйным элементам у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага да Люблінскай уніі 1569 года (Ro…munt, 1905). Ужо ў гэты час ён меў уласны погляд як на гісторыю, так і на сучасныя праблемы Беларуска-Літоўскага краю.

Самастойнасць і незалежнасць уласнага меркавання – характэрная рыса ўсяго жыцця і дзейнасці Рамана Скірмунта. У 1906 годзе ён быў абраны дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі і стаў адным з лідараў “краёвага” Кола дэпутатаў ад Літвы і Беларусі. Напрыканцы 1916 года ён далучыўся да беларускага нацыянальнага руху і хутка стаў адным з ягоных кіраўнікоў. Вынікі Рыжскага міру (1920), які падзяліў беларускія землі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, перакрэслілі беларускія палітычныя амбіцыі Рамана Скірмунта. Ён заняўся аднаўленнем знішчанага маёнтка, і толькі травеньскія падзеі 1926 года вярнулі яго да палітычнай дзейнасці.

Ён быў абраны ў Сенат міжваеннай Польшчы, але хутка расчараваўся ў палітыцы прыхільнікаў Юзафа Пілсудскага (1867–1935). Гэты чалавек, які на працягу жыцця ўваходзіў у палітычную эліту Расіі, Беларусі (БНР) і Польшчы, на самой справе ніколі не здраджваў уласнай “краёвай канцэпцыі”. На пачатку кастрычніка 1939 года ён быў расстраляны ў Парэччы...

Міхал Ромер – гэта зусім іншая постаць. Ён нарадзіўся ў маёнтку Багданішкі на літоўска-латышскім памежжы ў сям’і “літоўскіх палякаў”, вучыўся ў 1-ай мужчынскай гімназіі Вільні, потым на працягу 10 гадоў працягваў навучанне ў Санкт-Пецярбургу. У 1901 годзе атрымаў дыплом 1-ай катэгорыі Імператарскай школы права. У 1902 годзе вучыўся на філасофскім факультэце Ягелонскага ўніверсітэта, але пакінуў яго дзеля навучання ў Парыжы. У 1905 годзе меў 25 гадоў, быў студэнтам Школы палітычных навук у сталіцы Францыі, належаў да парыжскага Таварыства акадэмічнай літоўскай моладзі “Lithuania”, якім кіраваў ужо згаданы Ёзас Петруліс. Міхал Ромер у сваёй аўтабіяграфіі падкрэсліў вялікую ролю гэтай асобы ў ягоным разуменні працэсаў літоўскага Адраджэння і станаўленні як дзеяча краёвасці (Solak, 2004: 49). Менавіта Петруліс прапанаваў карыстацца не паняццем “нацыі”, а ідэяй “краёвага грамадзянства” (Solak, 2004: 51).

У траўні 1905 года Міхал Ромер выступіў на паседжанні таварыства “Lithuania” з дакладам “Этнаграфічна-культурныя адносіны ў Літве”.

Пазней тэкст быў дапрацаваны і апублікаваны ў Кракаве на старонках часопіса “Krytyka” (1906). Гэта была першая сур’ёзная публікацыя М. Ромера, якая мела акадэмічны характар.

Пазней Міхал Ромер стане прызнаным лідарам ліберальна-дэмакратычнага кірунку краёвасці, нават у самых неспрыяльных умовах будзе адстойваць ідэю польска-літоўскага паразумення. Увосень 1920 года, абураны захопам Вільні войскамі Люцыяна Жалігоўскага, гэты прадстаўнік славутай польскай арыстакратычнай сям’і вырашыў прысвяціць далейшае жыццё незалежнай Літве з яе сялянскім радаводам. Ён перабраўся Алесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары 70 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы ў Коўна і сваёй навуковай дзейнасцю ў галіне канстытуцыйнага права, а таксама як рэктар Універсітэта Вітаўта Вялікага, шмат зрабіў дзеля ўмацавання незалежнасці міжваеннай Літоўскай дзяржавы. Пры гэтым да апошніх дзён жыцця ён пісаў дзённік… на польскай мове. Здаецца, уся знешняя канва жыцця гэтага краёўца будавалася вакол яго спробы сумясціць у сваёй душы пальшчызну і літоўшчыну. У 1930 годзе ў лісце да прафесара Уладзіслава Сэмковіча Міхал Ромер прызнаваўся ў прыналежнасці да “псіхічнага тыпу, які сёння ўжо вымірае, а ідэальным узорам якога быў Адам Міцкевіч, тыпу, што яднаў у сабе дзве нацыянальныя душы і быў у такой ступені палякам, як і літоўцам, але не быў толькі палякам ці толькі літоўцам”. 3 Што можна сказаць пра матывы напісання Р. Скірмунтам і М. Ромерам тэкстаў, якія аказаліся надзвычай важнымі для выпрацоўкі “краёвай канцэпцыі”? Ці заўважальныя яны ў саміх тэкстах ідэолагаў “краёвасці”?

У брашуры Рамана Скірмунта (псеўданім “Ro…munt”) ужо на пачатку аўтар пазначыў галоўны матыў напісання тэксту. Ён паведаміў пра пэўны канфлікт паміж “младалітвінамі” і польскамоўнай літоўскай шляхтай.

Сам Р. Скірмунт у першай частцы тэксту прэзентаваў сябе ў якасці бесстаронняга назіральніка.

Трэба адзначыць, што гэты канфлікт увасобіўся ў публічную палеміку паміж ксяндзом Аляксандрасам Дамбраўскасам (Dambrauskas, 1902) і ананімным аўтарам (B.a., 1903). 4 З тэксту відаць, як моцна “Ro… munt” усхваляваны канфліктам, наступствам якога магло стаць “разбурэнне адзінства літоўскай (ліцвінскай) грамадскасці”, што пашкодзіла б дасягненню галоўнай мэты, якая, на думку аўтара, стаяла перад УСІМІ гістарычнымі літоўцамі (ліцвінамі), а менавіта барацьбе супраць русіфікацыі. У адзінстве гэтай літоўскай (ліцвінскай) грамадскасці Раман Скірмунт бачыў адзіны шлях да абароны “заходняй культуры”. Пры гэтым аўтар зыходзіў з пастулату адзінства літоўцаў (ліцвінаў) незалежна ад паходжання (шляхецкае або сялянскае) і культурнай ці моўнай прыналежнасці. У брашуры выразна прысутнічала “грамадзянская” (або “палітычная”) трактоўка паняцця “літоўская грамадскасць”.

Першасным адрасатам публікацыі з’яўлялася шляхта. Раман Скірмунт пазітыўна ацэньваў літоўскі нацыянальна-культурны рух, сцвярджаючы, што толькі пашырэнне літоўскай культуры дазволіць дайсці да “сэрца люду” і зрабіць з яго саюзніка палякаў у цывілізацыйным змаганні з Усходам. Ён нават параўнаў ролю мадэрнай літоўскасці з колішняй польскасцю: “Як некалі польскасць [...] была паратункам ад асіміляцыі на карысць Белай Русі, так зараз толькі асвета ў роднай мове можа даць народу неабходную мужнасць і здольнасць абараніцца ад расійскай хвалі” (Ro…munt, 1904: 7).

3 Цытуецца паводле: (Solak, 2004: 444).

4 Польскія гісторыкі Ян Юркевіч і Пётр Ласоўскі шукалі аўтара гэтага тэксту сярод прадстаўнікоў роду Мейштовічаў маладзейшага пакалення.

71 № 18–19 (1–2) 2012 Але паступова на старонках брашуры з’яўляецца і другі матыў аўтара, які даводзіць чытачу-шляхціцу, што літоўскі рух усё роўна “не стрымаць” (Ro…munt, 1904: 7), што толькі прызнанне права на свабоднае развіццё літоўскай нацыі, у тым ліку асвета на літоўскай мове, адкрывае шлях да паразумення ў двух найважнейшых праблемах, а менавіта, у праблеме сучаснага стаўлення Літвы да Польшчы, а таксама развіцця адносінаў паміж польскамоўнымі і літоўскамоўнымі літоўцамі (ліцвінамі). У гэтым месцы Раман Скірмунт звяртаўся ўжо да “младалітвінаў”, сцвярджаючы, што адсутнасць такога паразумення будзе моцнай перашкодай на шляху літоўскага нацыянальнага “Адраджэння”. Аўтар крытыкаваў пазіцыю, выказаную ксяндзом А. Дамбраўскасам, і заяўляў, што “літоўцы маюць толькі аднаго натуральнага саюзніка – Польшчу! Лозунг “Палякі – гэта чужынцы” вядзе ў тупік” (Ro…munt, 1904: 13).

У другой частцы брашуры аўтар перастаў быць бесстароннім назіральнікам і прамаўляў ужо ад імя “літоўскай шляхты”. Ён пачаў атаясамліваць сябе з шляхтай і землеўласнікамі і заявіў пра неабходнасць выпрацоўкі “палітычнай праграмы”, якая павінна ўлічваць не толькі гістарычную традыцыю польска-літоўскага “згоднага гарманічнага сужыцця” – “Польшча ніколі не пагражала этнаграфічнай Літве... ” (Ro…munt, 1904: 12), – але і патрабаванні сучаснасці. Пад апошнімі Раман Скірмунт разумеў важнасць паразумення з народам, які, паводле яго словаў, у ХІХ ст. стаўся моцным чыннікам гістарычнага развіцця.

Апошняя частка брашуры – гэта спроба выкласці пэўныя ідэйныя падставы новай “палітычнай праграмы”. У брашуры яшчэ не ўжываліся тэрміны “краёвасць” ці “краёвая ідэя”, але ўжо прысутнічалі некаторыя з характэрных для краёвасці пастулатаў.

У прыватнасці, Р. Скірмунт сцвярджаў, што польскамоўная шляхта не з’яўляецца для Літвы “прышлым элементам”, што яна належыць да карэннага насельніцтва і мае агульнае паходжанне з “навакольным людам”:

“Адзіная кроў і адзінае паходжанне – адна маці-зямля ад веку” (Ro… munt, 1904: 14). 5 Менавіта гэты чыннік (агульнасць паходжання і крыві, ці “братэрства”) Р. Скірмунт лічыў зыходным пунктам у выпрацоўцы культурнай праграмы мясцовай шляхты, якая павінна ўспомніць пра свае абавязкі адносна “братэрскага” народа.

Абавязкам шляхціца-літоўца (ліцвіна) аўтар лічыў удзел у літоўскім нацыянальным Адраджэнні і клопат пра захаванне польскай культуры. Пра перспектыўнасць падобнай пазіцыі, на яго думку, сведчылі прыклады Швейцарыі і Шатландыі. Ён сцвярджаў, што моладзь павінна ведаць польскую і літоўскую мовы і мець права на самастойнае вызначэнне ролі літоўскай мовы ў прыватным жыцці.

Аўтар надаваў вялікае значэнне пашырэнню “лакальнага патрыятызму”, які, паводле яго меркавання, моцна аслабеў падчас апошняга паў5 Больш грунтоўна гэты тэзіс будзе развіты Баляславам Ялавецкім у Нацыянальным катэхізісе Літвы (B. J..., 1905).

Алесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары 72 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы стання. “Ro…munt” быў пэўны, што яднанне ўсіх элементаў “літоўскага грамадства” павінна адбывацца “на падмурку любові да роднай зямлі, якая з’яўляецца галоўным сродкам жыцця як для селяніна, так і для шляхціца” (Ro…munt, 1904: 18). Гэта і было галоўным “новым лозунгам у справе Адраджэння літоўскай нацыі”, якое Раман Скірмунт імкнуўся данесці да свайго чытача.

У тэксце відавочная спроба Рамана Скірмунта знівеляваць сацыяльныя і культурныя адрозненні паміж польскамоўнай шляхтай і літоўскамоўным сялянствам і пераканаць абодва бакі канфлікту ў адзінстве “літоўскай (ліцвінскай) грамадскасці” (пазней ён будзе пісаць пра адзінства “краёвай грамадскасці”), якое грунтуецца на падмурку агульнага паходжання, агульнай крыві і любові да роднай зямлі (“лакальнага патрыятызму”).

Вельмі важным фактарам гэтага адзінства для Р. Скірмунта таксама выступаў знешні вораг, а менавіта расійскі ўрад і тыя новыя нацыянальна-палітычныя сілы Літвы (“младалітвіны”) і Польшчы (“нацыянальныя дэмакраты”), якія якраз імкнуліся парушыць традыцыі і знішчыць адзінства “літоўскай грамадскасці”...

Што найбольш хвалюе аўтара? Лёс “Айчыны”, “роднай зямлі”, якая выразна атаясамліваецца з тэрыторыяй былога Вялікага Княства Літоўскага (не з “Каронай”!), ці лёс польскамоўнай літоўскай шляхты (“літоўскіх палякаў”), да якой належыць сам аўтар?

І тут важна звярнуць увагу на той вобраз ворага, які намаляваў Раман Скірмунт у сваёй публіцыстыцы. Гэта, у першую чаргу, расійскі ўрад і палітыка русіфікацыі, а таксама мадэрныя нацыянальныя рухі як пагроза пэўнай традыцыі... Апроч таго, аўтар невыпадкова прыгадаў гэтак званы крызіс “лакальнага патрыятызму” падчас паўстання 1863–1864 гадоў (мелася на ўвазе пазіцыя сялянства) і падкрэсліў думку, што ў ХІХ ст. на першы план выходзіць народ. Ён становіцца важным чыннікам гістарычнага развіцця, і з ім неабходна лічыцца... Прынамсі, не выпадае ігнараваць.

На першым плане для аўтара стаяла пагроза адзінству “літоўскай (ліцвінскай) грамадскасці”. Яго найбольш хваляваў лёс таго сацыяльнага слоя, да якога сам належаў, а менавіта польскамоўнай шляхты. Але не варта трактаваць гэты выступ як клопат за лёс уласнага маёнтка, у чым пазней будуць вінаваціць краёўцаў кансерватыўнага кірунку лібералы і сацыялісты. “Літоўскія палякі” трактаваліся аўтарам як галоўны аплот захавання “заходняй культуры”, а значыць як гарант існавання гістарычнай Літвы.

Тэкст Міхала Ромера – цалкам іншы. Ён вытрыманы ў пэўным акадэмічным стылі. Аўтар прэзентаваў сябе як бесстаронняга даследчыка нацыянальна-культурных працэсаў у “этнаграфічнай Літве”. Ужо на самым пачатку ён прызнаўся, што паняцце “Літва” ў ягоным тэксце трэба разумець не ў сэнсе “гісторыка-палітычным”, а як грамадскасць з індывідуальнай культурай, адметную этнакультурную нацыю.

Міхал Ромер пачаў артыкул спробай акрэсліць межы этнаграфічнай Літвы. Вызначэнне тэрыторыі “Літвы” суправаджалася аналізам тых нацыянальна-культурных працэсаў, 73 № 18–19 (1–2) 2012 якія адбываліся на яе тэрыторыі.

Ён даў цалкам пазітыўную ацэнку літоўскага руху і сцвярджаў, што дзякуючы яму “літоўскі элемент ператварыўся ў свядомую літоўскую нацыю” (Römer, 1906: 57). А пасля гэтага, закранаючы праблему спрэчкі літоўцаў, палякаў і расійцаў за Вільню – “яблык нязгоды паміж народамі, ключ да ўсяго краю” (Römer, 1906:

58), – падрабязна спыніўся на праблеме міжнацыянальных стасункаў.

Аўтар імкнуўся данесці да чытача іх вельмі складаны характар, паказаць, што паміж рознымі этнакультурнымі нацыямі Літвы разгортваецца барацьба, у абвастрэнні якой зацікаўлены толькі расійскі ўрад.

Публіцыст маляваў тую небяспеку для Літвы, якую патэнцыйна нёс агрэсіўны этнакультурны нацыяналізм. Менавіта гэта можна лічыць самым важным “пасланнем” аўтара да свайго чытача. Ён звяртаў увагу на галоўных праціўнікаў літоўскага руху ў асяродку польскамоўнай мясцовай шляхты – “старая інтэлігенцыя і землеўласнікі”, “пакрытыя цвіллю традыцыі”, якія ўсё яшчэ не бачаць людзей у ніжэйшых колах грамадства (Römer, 1906 z. IV: 290–291). Негатыўна таксама ацэньваў праявы агрэсіўнага нацыяналізму ў літоўскім руху: “Нацыяналісты, якія абапіраюцца не на рэальныя патрэбы развіцця той ці іншай часткі літоўскага насельніцтва, а на прынцыпы еднасці і расавай чысціні, імкнуцца да знішчэння ўсяго чужога па расавай прыкмеце і да нацыянальнай самаізаляцыі.

Пры гэтым расійскі ўрад з’яўляецца для іх менш варожым і небяспечным, чым палякі і габрэі, што жывуць у Літве; пры ўмове дазволу літоўскай мовы нацыяналісты ідуць на перамовы з урадам і ўладамі дзеля барацьбы з чужымі элементамі” (Römer, 1906: 389). М. Ромер сцвярджаў, што гэты нацыяналізм небяспечны для самой літоўскай нацыі, бо імкнецца да самаізаляцыі літоўскай культуры.

Вельмі важным фрагментам артыкула была характарыстыка польска-літоўскіх стасункаў. Міхал Ромер сцвярджаў, што ў выніку гістарычнага развіцця адбылося сапраўднае “перапляценне польскай і літоўскай культураў”: “Элементы польскай культуры ўвайшлі ў цела і кроў літоўскай, іх немагчыма без болю ліквідаваць” (Römer, 1906 z. II: 166). Ён таксама апеляваў да польскай грамадскасці, даводзячы неабходнасць прызнання культурнай самастойнасці літоўцаў і далучэння палякаў, калі не нацыянальна, то сацыяльна, да “арганізма літоўскага грамадства”. Публіцыст казаў пра неабходнасць для польскай грамадскасці вызначыцца з канцэпцыяй інтарэсаў развіцця Літвы і арганізавацца на падмурку гэтай канцэпцыі.

Відавочнае імкненне аўтара да паяднання палякаў і літоўцаў. Ён не атаясамліваў сябе ні з першымі, ні з другімі і спрабаваў выступіць як пэўнае злучальнае звяно. Падобна, што гэтую задачу ён вырашаў усё сваё жыццё. І магчыма, менавіта тут трэба шукаць галоўны матыў ягонага публічнага выступу.

Галоўным ворагам краю, зацікаўленым у змаганні паміж сабой розных народаў, Міхал Ромер лічыў расійскі ўрад. Ён паказваў пэўную раздвоенасць пазіцыі ўраду ў адносіАлесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары 74 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы нах да літоўскага руху (падаўленне руху і адначасна імкненне выкарыстаць яго патэнцыял у барацьбе з польскай грамадскасцю), да габрэйскай супольнасці, нават да старавераў. Менавіта расійскае панаванне абярнулася забаронай усялякай грамадскай дзейнасці ў краі і рабіла немажлівай “грамадзянскую пазіцыю” яго розных народаў. У выніку “кожны змагаўся за сябе” (Römer, 1906: 159).

У заключэнні ён выказаў упэўненасць у падзенні расійскага ўраду, палітыка якога цалкам супярэчыць патрэбам развіцця Беларуска-Літоўскага краю і яго народаў.

Нейтралізацыю агрэсіўнага нацыяналізму Міхал Ромер звязваў з пашырэннем ідэі супольнага грамадзянства, якая стане адной з галоўных у дактрыне “краёвасці”: “Найбліжэйшай задачай будучыні з’яўляецца арганізацыя сужыцця розных культурных элементаў у краі і ў Вільні на глебе супольнага грамадзянства без пагрозы культурна-нацыянальнай адметнасці; як паланізацыя літоўцаў, так і літуанізацыя палякаў шкодзяць культурнаму развіццю” (Römer, 1906: 163).

Ён таксама імкнуўся паказаць, што гэтае сужыццё не з’яўляецца рамантычнай марай. Публіцыст падкрэсліваў дэмакратызм літоўскага руху і сцвярджаў рост уплываў сацыялістычных ідэй, характарызаваў дэмакратычныя і сацыялістычныя колы польскай грамадскасці, якія, паводле ягонага меркавання, не мелі прэтэнзій на Вільню, сцвярджаў перамены сярод габрэйскай грамадскасці, што імкнецца да кантактаў з літоўскім сацыялістамі, нарэшце, прывёў прыклад падтрымкі стараверамі літоўскага змагання за каталіцкую веру і гэтак далей.

У гэтай шырокай палітры нацыянальна-культурнага жыцця і змагання ў Беларуска-Літоўскім краі не хапала толькі беларусаў. Магчыма, што з далёкага Парыжа тыя перамены, якія адбываліся ў беларускім руху ў перыяд расійскай рэвалюцыі 1905 года, было цяжка разглядзець і ацаніць.

Першы значны публічны выступ Міхала Ромера быў інспіраваны польска-літоўскім канфліктам і спрэчкай за Вільню. Яна даволі часта фігуравала на старонках артыкула.

Можна выказаць меркаванне, што асэнсаванне “віленскай праблемы” для М. Ромера магло стаць свайго роду лабараторыяй выпрацоўкі ўласнага варыянта “краёвай ідэі”.

У заключэнне варта адзначыць, што з’яўленне аналізаваных тэкстаў было выклікана абвастрэннем польска-літоўскіх стасункаў на ўзроўні часткі эліты маладой літоўскай нацыі і мясцовай польскамоўнай шляхты, свядомасць якой вызначалася формулай “Gente Lithuanus, Natione Polonus”, а таксама складанай нацыянальна-культурнай сітуацыяй.

Асаблівую ролю ў абвастрэнні міжнацыянальных стасункаў адыгрываў расійскі ўрад. Іншым заўважальным сацыяльным матывам публічнага выступу Рамана Скірмунта і Міхала Ромера стала ўсведамленне імі новай гістарычнай ролі ніжэйшых колаў грамадства. Абодва былі пэўныя, што народ ператвараецца ў істотны фактар развіцця гістарычнай Літвы.

Таксама яны былі згодныя ў неабходнасці выпрацоўкі ці то “палітычнай праграмы” (Р. Скірмунт), ці то “кан- 75 № 18–19 (1–2) 2012 цэпцыі развіцця Літвы” (М. Ромер) як праграмы дзейнасці для польскамоўнай шляхты.

У гэтых першых тэкстах былі выказаныя наступныя ідэі будучай канцэпцыі “краёвасці”:

– Ідэя супольнага (“краёвага”) грамадзянства як згоднага сужыцця розных нацый у Літве.

– Ідэя агульнага паходжання шляхты і сялянства (асабліва папулярная ў кансерватыўным варыянце “краёвасці”), адзінства крыві, “братэрства” з народам.

– Ідэя “лакальнага патрыятызму”, любові да краю, да роднай зямлі як падмурку краёвага грамадзянства.

Чаму менавіта Раман Скірмунт і Міхал Ромер выступілі з гэтымі тэкстамі? Гэтыя пытанні застаюцца... Але ёсць пэўныя падставы сцвярджаць, што краёвасць для Міхала Ромера была непасрэдна звязаная з праблемай ягонай уласнай ідэнтычнасці, якая ў пэўным сэнсе складалася як з пальшчызны, так і з літоўшчыны.

Верагодна, што актыўнай палітычнай дзейнасцю Міхал Ромер вырашаў таксама ўласную праблему.

Матывы публічнага выступу з “краёвымі” пастулатамі Р. Скірмунта больш загадкавыя. Знойдзеныя біяграфічныя матэрыялы гавораць пра асобу з вельмі высокай ступенню адказнасці за тое, што адбываецца вакол. Гэта датычылася як роду Скірмунтаў, так і Палесся і ўсёй гістарычнай Літвы, і, нарэшце, нават будучыні “заходняй культуры” ў гэтай частцы Еўропы. Магчыма, менавіта гэтае адчуванне асабістай адказнасці і падштурхнула яго да краёвай дзейнасці.

Тым больш, што апроч Канстанцыі Скірмунт, якая падзяляла ягоны клопат і сама пашырала “краёвую ідэю”, былі таксама іншыя прадстаўнікі роду, якія ў пэўным сэнсе спрабавалі “спыніць час”.

Так, Скірмунты з маёнтка Моладава (Кобрынскі павет) ніколі не падзялялі поглядаў “Ro…munta” і належалі да той часткі “літоўскіх палякаў”, якія варожа сустрэлі нацыянальныя рухі і працэсы пэўнай дэмакратызацыі грамадскага і палітычнага жыцця. Вядома, што будучы міністр замежных справаў Польшчы “моладаўскі” Канстанцін Скірмунт называў стрыечнага брата Рамана Скірмунта з Парэчча “нашым бальшавіком”. Яны рабілі стаўку на Польшчу. Канстанцыя Скірмунт звязвала ўласны лёс з Літвой, а ўладальнік Парэчча сцвярджаў значную ролю “Русі-Беларусі” як у гісторыі, так і ў будучыні краю.

Відавочна, што сярод прадстаўнікоў палескай галіны Скірмунтаў мела месца вялікая сямейная дыскусія, і, верагодна, першы публічны выступ Рамана Скірмунта ў пэўным сэнсе быў адным з галасоў гэтай “унутрыродавай” палемікі.

Можна выказаць меркаванне, што для такіх ідэолагаў краёвасці, як Раман Скірмунт і Міхал Ромер, надзвычай важнымі выявіліся асабістыя матывы першых публічных выступаў з ідэяй “краёвасці”. З іншага боку, іх прысутнасць у дзейнасці “піянераў” гэтай ідэі рабіла ўсю канцэпцыю больш зразумелай і прывабнай для значнай часткі “літоўскіх палякаў”, якія, прынамсі падчас выбараў у Дзяржаўную Думу і Дзяржаўную Раду Расійскай імперыі на пачатку ХХ ст., актыўна галасавалі якраз за краёўцаў.

Алесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары 76 № 18–19 (1–2) 2012 Ідэя Літвы Літаратура 1. Петровская, Ирина (2010). Биографика. Санкт-Петербург.

2. Смалянчук, Алесь (1997). “Краёвасць у беларускай і літоўскай гісторыі”, Беларускі гістарычны агляд, Т. 4, Сшытак 1–2 (6–7): 56–67.

3. Смалянчук, Алесь (2000). “Беларускі нацыянальны рух і краёвая ідэя”, Białoruskie zeszyty historyczne, 14: 45–53.

4. Смалянчук, Алесь (2004). Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 – люты 1917 г. Санкт-Пецярбург: Неўскі прасцяг.

5. Унучак, Андрэй (2011). “Беларуская нацыянальна-дзяржаўная ідэя ў канцы ХІХ – 1917 г.”, у Яноўская В. ды інш (рэд.), На шляху станаўлення беларускай нацыі. Гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы. Мінск: Беларуская навука.

6. B. J…i. (1905). Litwa – jej potrzeby… Katechizm narodowy Litwy. Wilno.

7. B.a. (1903). Przenigdy! Odpowiedź na „Głos Litwinów do młodej generacji magnatów, obywateli i szlachty na Litwie”. Kraków.

8. Bardach, Juliusz (1988). O dawniej i nie dawniej Litwie. Poznań.

9. Bardach, Juliusz (1999) “Krajowość – tradycje zgody narodów w dobie nacjonalizmu”, w Jurkiewicz Jan (red.), Materiały z międzynarodowej konferencji naukowej w Instytucie Historii UAM w Poznaniu (11-12 maja 1998). Poznań.

10. Dambrauskas, A. (1902) Głos Litwinów do młodej generacji magnatów, obywateli i szlachty na Litwie. [Tylza?].

11. Gazeta Wileńska (1906), Nr 1.

12. Jurkiewicz, Jan (1999). “Koncepcja krajowa a przemiany stosunków narodowościowych na Litwie i Białorusi w początkach XX w. (do 1918 r.)”, w Jurkiewicz Jan (red.), Materiały z międzynarodowej konferencji naukowej w Instytucie Historii UAM w Poznaniu (1112 maja 1998). Poznań.

13. Miknys, Rimantas (2000). “Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w.” Biuletyn historii pogranicza, 1.

14. Ro…munt (1904). Nowe hasła w sprawie odrodzenia narodowości litewskiej. Lwów.

15. Ro…munt (1905). Głos przeszłości i potrzeba chwili. Lwów.

16. Römer, Michał. (1906). “Stosunki etnograficzno-kulturalne na Litwie”, Krytyka, T. II, z. I, s. 53–59; z. II, s. 158–168; z. IV, s. 285–295; z. V, s. 388–395; z. VI, s. 496–502. Kraków.

17. Römer, Michał. Autobiografia. Цэнтральны Дзяржаўны архіў Літвы (Lietuvos Centrinis Valstybės archyvas). F.-R 762.

18. Römer, Michał. Autożycioris. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.

F. 138-2262.

19. Römer, Michał. Dziennik . Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. F. 138.

20. Römer, Michał. Wspomnienie. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта (Vilniaus universiteto biblioteka). F. 75–10.

21. Sawicki, Jan (1998). Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiaсh byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń.

22. Skirmunt, Roman (1934). “Panie z Muru”, Słowo, 19.05.1934.

23. Skirmuntt, Konstancja (1886). Dzieje Litwy opowiedziane w zarysie. Kraków.

24. Skirmuntt, Konstancja (1904). O prawdę i zgodę z powodu Głosu Litwinów do magnatów, obywateli i szlachty na Litwie i odpowiedzi młodego szlachcica litewskiego. Lwów.

25. Solak, Zbigniew. (2004). Między Polską a Litwą. Zycie i działalność Michała Romera.

1880-1920. Kraków.

26. Szpoper, Dariusz (2009). Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851–1934). Gdańsk.