№ 15 (2) 2010 ISSN 1819—3625 №15(2), 2010 © Кніга даследніка Віктара Юдзіна закранае розныя аспекты рэлігійнасці моладзі, але не ўсёй, а пераважна студэнцкай і галоўным чынам у Магілёўскай вобласці. Такім чынам, выданне развівае папярэднюю працу (Юдин, 2006). Даследаванне грунтуецца на метадалагічных падыходах, распрацаваных Лідзіяй Новікавай (Новикова, 2001), якая вызначае істотнымі наступныя тры прыкметы рэлігійнасці: (1) вера ў Бога – кшталт свядомасці; (2) канфесійная самаідэнтыфікацыя; (3) рэлігійныя (культавыя) паводзіны. Звесткі атрымліваюцца праз анкетаванне на аснове выбаркі. Такога ж падыходу прытрымліваецца ў межах культурнасацыялагічнага падыходу і Уладзімір Абушэнка (Абушенко, 2007: 45–47), таму можна сказаць, што гэта традыцыйны падыход для беларускай сацыялогіі.
Што датычыць першага пункту, вызначаюцца чатыры магчымыя пазіцыі пры адказе на пытанне «Якое Вашае стаўленне да рэлігіі?»: 1) вера ў Бога (тыя, хто абірае гэтую пазіцыю, адносяцца да носьбітаў рэлігійнай свядомасці); такіх адказаў, паводле даследавання Юдзіна, 67,9 %; 2) вера ў звышнатуральныя сілы (носьбіты квазірэлігійнай свядомасці);
Наталля Васілевіч Моладзь: даследаванне веры такіх – 13,5 %; 3) атэісты (носьбіты пазарэлігійнай свядомасці) – 6,9 %;
4) адсутнасць як веры, так і нявер’я (носьбіты нерэлігійнай свядомасці) – 11,6 % (с. 9). Трэба адзначыць, што менавіта гэтая ацэнка і лягла ў падмурак аналізу сацыяльна-палітычных пазіцыяў моладзі, якому прысвечаная шостая глава кнігі: тут апісваецца, наколькі адрозніваюцца меркаванні моладзі наконт міжэтнічных адносінаў, парушэння правоў чалавека і рэалізацыі рэлігійнай свабоды.
Што датычыць пункту два (канфесійная самаідэнтыфікацыя), то аўтар паказвае, наколькі істотна змяняюцца звесткі пры выкарыстанні адкрытых пытанняў у параўнанні з паўзакрытымі, дзе канфесійныя пазіцыі ўжо абазначаныя. Так, напрыклад, узровень самаідэнтыфікацыі «праваслаўныя» можа адрознівацца ўдвая: пры адкрытым пытанні ў 2003 г. доля праваслаўных склала 40,1%, а пры паўзакрытым у 2004 г. па той жа выбарцы – 79,8 %. Пры гэтым пазіцыя «няма адказу» набірала адпаведна 41,2 % і 0,5 % (с. 12). Зыходзячы з гэтага, даследнік Віктар Юдзін прытрымліваецца пазіцыі неабходнасці выкарыстання менавіта адкрытых пытанняў, шляхам чаго атрымлівае Юдин, В. В. (2009). Особенности религиозности молодежи восточных регионов Беларуси . Минск: Издательский центр БГУ. 150 с.
247 № 15 (2) 2010 Наталля Васілевіч. Моладзь: даследаванне веры наступнае размеркаванне моладзі па канфесіях на 2009 г.: праваслаўе – 62,9 %, каталіцтва – 3,8 %, пратэстантызм – 1,0 %, хрысціянін – 10,1 %;
прычым характэрны рост ролі праваслаўнай самаідэнтыфікацыі – у 2001 г. праваслаўнымі сябе назвалі толькі 33,6 % (с. 12).
Трэцяя характарыстыка рэлігійнасці, якую вылучае аўтар, – гэта культавыя паводзіны, якасць якіх вызначаецца праз наведванне набажэнстваў, а таксама праз «узровень уцаркоўленасці» (гэта значыць удзе лу ў такіх таемствах, як споведзь і прычасце). Юдзін не спыняецца падрабязна на вывучэнні ўзроўню ўцаркоўленасці. Варта адзначыць, што паняцце «ўзроўню ўцаркоўленасці» досыць дэталёва распрацаванае расійскімі сацыёлагамі. У прыватнасці Валянціна Часнакова (Чеснокова, 2005) вызначае пяць паказнікаў рэлігійнага ладу жыцця: наведванне бажніцы, споведзь і прычасце, чытанне Евангелля, малітва, пост; і наступныя ступені ўцаркоўленасці: уцаркоўленыя, паўуцаркоўленыя, крыху ўцаркоўленыя, слабаўцаркоўленыя і нулявыя.
Юлія Сінеліна (Синелина, 2001; 2006) уводзіць паняцце індэксу ўцаркоўленасці ды наступныя пазіцыі паводле яго: уцаркоўленыя, паўуцароўленыя, пачаткоўцы, неўцаркоўленыя, нулявыя. Беларускія даследнікі – ужо згаданыя Л. Новікава і У. Абушэнка, а таксама Ларыса Цітарэнка (Титаренко, 2007) – досыць падрабязна распрацавалі інструментар для вызначэння гэтай характарыстыкі. У рэцэнзаваным выданні аўтар пазбягае такой дэталізацыі ды звяртаецца да больш простых паказнікаў, аднак уводзіць таксама паняцце сувязі з рэлігійнаю супольнасцю, якая, паводле атрыманых звестак, амаль нулявая.
Безумоўна цікаваю 1 ёсць ідэя аўтара даследаваць, якую ролю маюць розныя сацыяльныя інстытуты ва ўзнаўленні рэлігійнасці, і якія з іх найбольш уплываюць на рашэнне маладога чалавека прыняць тую ці іншую рэлігію. Тут Юдзін грунтуецца на аналагічных даследаваннях, праведзеных у 1993–1994 гг. Акадэміяй навук Беларусі пад кіраўніцтвам Яўгенія Бабосава (Бабосов, 1995). Тады былі атрыманыя наступныя вынікі:
для 34,5 % уплыў аказала сям’я, 35,2 % уплыву сям’і не адчувалі; іншымі значнымі фактарамі былі: 7,9 % – блізкі сябар, 9,2 % – знаёмыя, 6,2 % – святар.
Звесткі, атрыманыя Юдзіным, паказваюць, што на моладзь пазначанага рэгіёну найбольшы ўплыў аказвае сям’я, прычым гэты ўплыў у адсоткавых адносінах з 2002 да 2009 г. вырас з 37 % да 56,2 %. Уплыў рэлігійнай літаратуры ўпаў з 10,6 % да 6,4 %, а складанай жыццёвай сітуацыі – з 30,3 % да 25,5 % (c. 76). У доме ролю рэлігійнай сацыялізацыі выконваюць найперш маці, бабулі і дзядулі, а таксама вялікі ўплыў мае наяўнасць у сям’і прадметаў рэлігійнага культу, асабліва іконаў – 84 % вернікаў адзначылі іх прысутнасць.
1 Але не новаю: згадаем значнае даследаванне Вольгі Брэскай (Бреская, 2004), прысвечанае ролі царквы ў сацыялізацыі асобы.
248 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (sociology, urban studies) Разнастайныя індэксы даверу паказваюць надзвычай высокі ўзровень даверу насельніцтва Беларусі да праваслаўнай царквы. Лічбы ж, атрыманыя Юдзіным, дазваляюць паставіць такія вынікі пад сумнеў. Так, уплыў царквы рэспандэнты ацанілі на 9,1 %.
Сацыялагічнае апытанне, праведзенае сярод студэнтаў Віцебску, дазваляе казаць, што толькі для 12 % святары выступаюць аўтарытэтам, абганяючы паводле ўзроўню даверу адно палітыкаў (4 %) і крымінальных аўтарытэтаў (2 %) (с. 82). Аўтар спрабуе разабрацца ў гэтай калізіі ды вызначыць фактары, якія прывялі да такой сітуацыі, аднак разгляд праблемы носіць больш эсэістычны, чым сістэмна-навуковы характар.
Яшчэ адзін крытэр, які Юдзін згадвае, але не надае яму шмат увагі ў першай метадалагічнай частцы, – гэта дагматычная пісьменнасць, ці, хутчэй, непісьменнасць, характэрная для моладзі. Калі папярэднія тры крытэры вызначаюцца праз самаацэнку рэспандэнта, то дагматычная пісьменнасць у даследаваннях такога кшталту дазваляе ацаніць, наколькі погляды чалавека адпавядаюць заяўленым. Для гэтага бярэцца набор дагматычных ісцінаў, а таксама палажэнняў, якія супярэчаць той ці іншай светапогляднай сістэме, і пры апытанні чалавек пазначае сваю згоду ці нязгоду з тымі ці іншымі выказваннямі. Аўтар рэцэнзаванага выдання выкарыстоўвае такі інструмент у пятай главе пры апісанні рэлігійнасці студэнтаў вышэйшых навучальных установаў Магілёва і Горадні.
Асноўная праблема гэтага метаду заключаецца ў тым, што даследнікі часта досыць адвольна і не зусім карэктна фармулююць пункты, якія, на іхны погляд, могуць вызначыць дагматычнасць поглядаў чалавека з канфесійнаю самаідэнтыфікацыяй.
Так, Юдзін прапаноўвае наступныя пытанні: «усёмагутнасць Бога», «несмяротнасць душы», «уваскрэсенне Хрыста», «рай і пекла», «Страшны Суд»; а ў якасці не адпаведных хрысціянскай дагматыцы – «астралогія», «варажба», «паралельныя сусветы», «перасяленне душаў» і г. д. Многія такія пытанні носяць спрошчаны характар і могуць быць пастаўленыя пад сумнеў пры жорстка дагматычным падыходзе, яны могуць інтэрпрэтавацца рэспандэнтамі зусім не ў тым сэнсе, у якім іх задаюць даследнікі, і не ў тым, у якім прымаюцца хрысціянскаю царквою. Таксама застаецца загадкаю, чаму менавіта гэтыя палажэнні прызнаюцца вызначальнымі, а не іншыя, напрыклад, трыадзінства Бога, Боскасць Хрыста і г. д.
Дагматычная непісьменнасць, на погляд аўтара, ёсць сярод моладзі вельмі значнаю. Ён звязвае гэта з тым, што маладыя людзі, асабліва тыя, што вызначаюць сябе як праваслаўных, практычна не атрымліваюць сацыялізацыі ды адукацыі праз рэлігійныя інстытуты: супольнасць, нядзельную школу, рэлігійную літаратуру.
Глава 5 «Рэлігійнасць студэнтаў вышэйшых навучальных установаў» прысвечаная параўнальнаму аналізу рэлігійнасці праваслаўных студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту з праваслаўнымі ды каталіцкімі студэнтамі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Паводле 249 № 15 (2) 2010 Наталля Васілевіч. Моладзь: даследаванне веры ўзроўню рэлігійнасці вызначаецца, што і на ўсходзе, і на захадзе Беларусі суадносіны носьбітаў розных тыпаў свядомасці практычна ідэнтычныя, а вось пры канфесійнай самаідэнтыфікацыі відаць значныя адрозненні, асабліва што датычыць такіх групаў, як праваслаўныя і каталікі. На погляд аўтара, важную ролю тут грае тое, што пры канфесійнай самаідэнтыфікацыі выкарыстоўваецца этнічны прынцып, калі беларусы і рускія запісваюць сябе ў праваслаўныя, палякі ў каталікі ды г. д., і канфесійная самаідэнтыфікацыя выступае не як прыхільнасць да рэлігійнага вера вызнання, але да таго ці іншага тыпу цывілізацыі. Тым цікавей было б разгледзець адрозненні між рознымі канфесійнымі групамі і тымі сацыяльнымі практыкамі ды арыентацыямі, якія мусяць імі спараджацца.
Аднак аўтар вырашае вымяраць сацыяльныя практыкі не канфесійнаю прыналежнасцю, а тыпам рэлігійнасці, бо бачыць, што моладзь « можа непазбежна стаць носьбітам рэлігійнага экстрэмізму », і хаця на сённяшні дзень гэта практычна выключаецца, у 6–7% моладзі маецца адпаведны патэнцыял (с. 6). Такім чынам, гэты патэнцыял аўтар бачыць безадносна канфесіі.
Уласна на канфесійнай прыналежнасці даследнік спыняецца пры аналізе значэння догмаў і прыходзіць да высновы, што каталіцкая моладзь (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт) больш верыць у хрысціянскія догматы, чым у нехрысціянскія. Пры гэтым праваслаўная моладзь менш верыць у хрысціянскія догматы, чым у нехрысціянскія, а рэгіянальныя адрозненні паміж групамі з розных рэгіёнаў мінімальныя. Гэта сведчыць пра тое, што паміж канфесіямі існуюць значныя адрозненні ў рэлігійным светапоглядзе, таму незразумела, чаму аўтар ніякім чынам іх не даследуе.
На погляд Юдзіна, большая дагматычная абазнанасць каталікоў звязаная з тым, што сярод моладзі актыўна «працуюць пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі і касцёл», арганізоўваючы такія імпрэзы, як вывучэнне Бібліі, спецыяльныя багаслужбы для моладзі, пілігрымкі, інсцэнізацыі на Раство (Нараджэнне Хрыстова).
Адрозніваюцца каталікі ды праваслаўныя і паводле ўзроўню рэлігійных паводзінаў (культавай дзейнасці). Так, 42 % каталікоў (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт) наведваюць набажэнствы раз на тыдзень, а 26,3 % – раз на месяц, у той час як сярод праваслаўных гэтыя паказнікі ў разы ніжэйшыя, і тут існуе значнае адрозненне цяпер ужо паводле рэгіёну: 5% праваслаўных (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт) наведваюць богаслужэнні раз на тыдзень, а 7,5 % – раз на месяц, у той час як практычна ніхто з праваслаўнай моладзі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту не наведвае набажэнстваў штотыдзень, і толькі 5,1 % – раз на месяц (c. 104–105). Гэтыя звесткі дазваляюць нам дадаць некалькі рысаў да распаўсюджанага меркавання пра большую рэлігійнасць заходніх рэгіёнаў Беларусі: такая рэлігійнасць вызначаецца не дагматычнымі, веравызнаўчымі характарыстыкамі, а найперш культавымі. Згадаць тут 250 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (sociology, urban studies) варта таксама тэкст Дзіны Бяляўцавай, прысвечаны этнарэлігійнаму фактару і рэгіянальным асаблівасцям палітычнай свядомасці (Белявцева, 2004).
На жаль, гэта вельмі распаўсю джаная праблема сацыялагічных даследаванняў – аперацыяналізаваць у якасці рэлігійных паводзінаў менавіта культавую дзейнасць. Такім чынам, рэлігія і яе практыка зводзіцца да набажэнстваў ды індывідуальных культавых паводзінаў, пры гэтым з даследавання вымываецца складаны для колькаснага вывучэння, але неад’емны ад рэлігійнага жыцця этычны комплекс; практычна адсутнічае звязванне этычных – індывідуальных і сацыяльных – стратэгіяў паводзінаў з рэлігійнасцю, што значна дэвальвуе такія даследаванні.
Рэлігійнасць – гэта сфера сэнсаў, значэнняў, простае выбудоўванне шкалы ў якой (няхай і з трыма параметрамі) з цяжкасцю можа даць адказы на пытанні пра асаблівасці рэлігійных перакананняў і практыкаў, і тым больш пра тое, чаму менавіта тая ці іншая рыса рэлігійнасці ўплывае на палітычныя арыентацыі. У плане сваёй ідэнтычнасці беларусы вельмі секулярызаваныя, рэлігія ёсць, галоўным чынам, толькі адною з дэмаграфічных характарыстыкаў, якая не перадвызначае сацыяльныя каштоўнасці ды арыентацыі. Калі ж гаворка ідзе пра малую групу насельніцтва, якую даследнікі пераважна называюць «уцаркоўленымі», то тут галоўны акцэнт робіцца на культавую дзейнасць, а не на тое, як рэлігія ўплывае на штодзённае і грамадскае жыццё, што зусім не раўназначна.
Культавая дзейнасць (гэтая пазіцыя паходзіць менавіта ад савецкага стаўлення да рэлігіі як да культу) робіцца цэнтральнаю тэмаю сацыялагічных даследаванняў на постсавецкай прасторы. Рэлігія як культ, як богаслужэнне, вымагае ад даследніка пастаноўкі пытанняў у рэчышчы частаты наведвання набажэнстваў, частаты асабістай малітвы, удзелу ў таемствах, трымання посту, чытання рэлігійных кніг, прычым даследнікі вылучаюць набор такіх характарыстык у залежнасці ад уласных уяўленнях пра «норму» культавай дзейнасці.
Што датычыць сацыяльнапалітычных арыентацыяў, то ў рэцэнзаваным выданні аўтар прысвячае ім шостую главу «Сацыяльнапалітычныя пазіцыі рэлігійнай моладзі», дзе асноўную ўвагу надае пытанню ўплыву рэлігійнасці на міжэтнічныя адносіны: « паколькі рэлігія спрыяе абуджэнню нацыянальных пачуццяў, то рэлігія ў нейкай ступені адказная за эксцэсы, якія адбываюцца на нацыянальнай глебе.
Рэлігія можа быць выкарыстаная дэструктыўнымі сіламі як фактар разбурэння грамадзянскага міру » (с. 108). Для таго каб высветліць патэнцыял нацыянальнай нецярпімасці і радыкалізму сярод рэлігійнай магілёўскай мола дзі, аўтар задае рэспандэнтам наступныя пытанні ці просіць выказаць згоду ці нязгоду з наступнымі пазіцыямі: 1. «Ці выклікае ў вас варожасць, калі навакольныя гавораць на іншай мове?»; 2.
251 № 15 (2) 2010 Наталля Васілевіч. Моладзь: даследаванне веры «Трэба прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў прымусіць засвоіць мову і звычаі карэннай нацыі»; 3. «Абмежаванняў паводле нацыянальнай прыкметы быць не мусіць»; 4. «Трэба прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў абмежа ваць у месцах пражывання»; 5. «Трэба прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў забараніць купляць нерухомасць і зямлю»; 6.
«Трэба прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў забараніць займаць важныя пасады ў органах улады» (с.
109–114).
Што цікава, у апытанні не было пазначана, ні якая нацыя вызначаецца апытанымі як карэнная, ні якія нацыянальнасці выступаюць іншымі – адрознымі ад нацыянальнасці апытаных ці ад карэннай, ні якая мова і звычаі ёсць звычаямі карэннай нацыі, а якая мова – іншаю. Цалкам можа апынуцца, што беларуская мова можа выступаць тут як іншая, а расійская ўспрымацца як мова карэннай нацыі.
На жаль, нявызначанасць гэтых пытанняў не дазваляе адэкватна інтэрпрэтаваць атрыманыя вынікі, згодна з якімі, дарэчы, рэлігійная моладзь вызначаецца большаю, у параўнанні з нерэлігійнаю, талерантнасцю.
Яшчэ адно пытанне ў блоку сацыяльна-палітычных арыентацыяў было звязанае са стаўленнем моладзі магілёўскага рэгіёну да прыхільнікаў розных веравызнанняў і рэлігіяў, асабліва даследніка цікавіць так званы ісламскі сіндром. Тут рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на два пытанні: 1. «Паслядоўнікі якой рэлігіі схільныя да гвалту?»; 2. «З прадстаўнікамі якіх рэлігіяў Вы не хочаце кантактаваць?» (c. 115–117).
Атрыманая інфармацыя паказвае, што ў параўнанні з 2001 г. у 2009-м колькасць тых, хто мяркуе, што мусульмане схільныя да гвалту, і хто не хоча кантактаваць з мусульманамі, паменшылася ўдвая і склала каля 30 %, пры гэтым павялічылася колькасць тых, хто мяркуе, што да гвалту схільныя ўдзельнікі сектаў (6,4 %), і хто не хоча кантактаваць з баптыстамі, пяці дзесятнікамі і сведкамі Іеговы, аднак агульная доля такіх рэспандэнтаў невялікая і складае не больш за 6 % (с.
116–117).
Досыць цьмяна ў кнізе прадстаўленыя і пункты гледжання веруючай і няверуючай моладзі на парушэнне правоў грамадзянаў, прычым сярод праваадносінаў разглядаюцца не ўласна правы чалавека, але хутчэй «законныя інтарэсы» ў працоўных адносінах, сферы гандлю, медычным абслугоўванні, дзяржаўным кіраванні, сацыяльным абслугоўванні, адукацыі ды сацыяльнай сферы.
Найменш ясны раздзел, прысвечаны рэалізацыі правоў у сферы рэлігіі, які займае ўсяго дзве старонкі ды ўяўляе з сябе не даследаванне, а кароткае апісанне прыкладаў фінансавай падтрымкі праваслаўя з боку дзяржавы, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці, а таксама інфармацыю аб прымусовых суботніках і фінансаванні праваслаўнай царквы з боку прадпрыемстваў. Не абышлося і без згадвання бязмытнай гарэлкі, якою гандлюе праваслаўная царква; толькі ў гэтым лірычным адступленні апроч гарэлкі ў аўтара фігуруе і нафта. Гэты невялічкі раздзел спасылаецца на 252 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (sociology, urban studies) экспертнае апытанне, аднак экспертнай ацэнкі тут яўна не стае.
Палявыя даследаванні і лірычныя адступленні ў кнізе змяшчаюцца ў двух дадатках і ўяўляюць з сябе найбольш захапляльную чытанку зусім іншага жанру. У першым дадатку магілёўская моладзь малюе свой вобраз Бога, а ў другім змяшчаюцца розныя гісторыі пра сурок і варажбу, падобныя да этналагічнага зборніку сучаснага фальклору ці апошніх старонак газетаў кшталту «Крыжаванкі, сканворды, неверагоднае». Такое лірычнае адступленне, але абгрунтаванае сацыялагічнаю метадалогіяй, у самім тэксце мае раздзел, прысвечаны сімвалічнаму выражэнню рэлігійнасці, калі рэспандэнтаў просяць даць свае асацыяцыі на такія сімвалы, як крыж, зорка і паўмесяц.
Высновы Даследаванне Юдзіна ўтрымлівае шмат хібаў, звязаных з недакладным апісаннем методыкі сацыялагічных апытанняў. Не заўжды зразумела, якая геаграфія даследавання – ці гэта, як заяўлена, усходнія рэгіёны Беларусі, ці толькі Магілёўская вобласць, ці нават адзін горад Магілёў; якая сацыяльная група даследуецца – гэта моладзь ці толькі студэнты вышэйшых навучальных установаў. Незразумела, паводле якой выбаркі робіцца анкетаванне; не акрэсліваецца, ці ёсць пазначаныя звесткі часткай аднаго анкетавання або гэта розныя даследаванні, таму невядома, якім чынам можна іх супастаўляць між сабою.
Фармальныя крытэры апытанняў не маюць цэласнага апісання, што зніжае іх эмпірычную каштоўнасць.
Метадалагічна даследаванне таксама не акрэслена, таму мае эклектычны характар. Розныя аспекты рэлігійнасці, на якія звяртае ўвагу аўтар, не складаюць адзінай сістэмы, а так і застаюцца адасобленым разгортваннем той ці іншай тэмы, у тым ліку і жанрава рознай: ад колькасных характарыстык прыналежных да той ці іншай канфесіі ды іхных асаблівасцяў да зборніку асацыяцыяў і гісторыяў з жыцця. Таму і высновы, якія магчыма зрабіць з атрыманай інфармацыі, маюць частковы і прыватны характар, не ствараючы комплекснага бачання заяўленай тэмы. Гэта датычыць як уласна пытанняў рэлігійнасці, так і сацыяльна-палітычных арыентацыяў.
Найбольш прапрацаваным матэрыялам можна лічыць раздзел, у якім параўноўваюцца некаторыя аспекты рэлігійнасці студэнтаў (праваслаўныя) Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і студэнтаў (праваслаўныя і каталікі) Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Аднастайнасць выбаркі ды анкеты дазваляе рабіць большменш адэкватныя рэгіянальныя і канфесійныя параўнанні, аднак тут таксама не стае комплекснасці.
Відавочна, што такія складаныя феномены, як рэлігійнасць, не могуць грунтавацца адно на колькасных даследаваннях, але мусяць таксама мець і якасную – у абодвух сэнсах гэтага слова – метадалогію, каб атрыманыя звесткі маглі прыводзіць да нейкіх грунтоўных высноваў. Аднак гэта не адмяняе іншых стратэгіяў фіксацыі праблемы рэлігійнасці ў Беларусі, таму, нягледзячы на пазначаныя хібы, кніга Юдзіна можа быць карыснаю крыніцаю даследчай інфармацыі.
253 № 15 (2) 2010 Наталля Васілевіч. Моладзь: даследаванне веры Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Абушенко, В.Г., Новикова, Л.Г. (2007) «Методолого-методические аспекты изучения феномена религиозности: специфика культур-социологического подхода», в С. Г. Карасева (ред.), Кафоликия. Сборник материалов международной конференции «Православие в постсоветские времена: осмысление ситуации ». Минск.
2. Бабосов, Е.М. (1995). «Социодинамика религиозности и религиозной ситуации в постсоциолистической Беларуси», Вести АНБ , № 3: 3–13.
3. Белявцева, Д. (2004). «Этнорелигиозный фактор и становление региональных особенностей политического сознания в Беларуси», Палітычная сфера , № 3: 102– 106.
4. Бреская, О.Ю. (2004). Православная церковь в процессе социализации лисности в период трансформации (на матер. Республики Беларусь) . Диссертация. Минск.
5. Новикова, Л.Г. (2001). Религиозность в Беларуси на рубеже веков: тенденции и особенности проявления: социологический аспект . Минск: «БНТ-информ».
6. Синелина, Ю.Ю. (2001) «О критериях определения религиозности населения», Социологические исследования , № 7: 89–96.
7. Синелина, Ю.Ю. (2006). «Динамика процесса воцерковления православных», Социологические исследования , № 11 (27): 89–97.
8. Титареко, Л. (2007). «Православие, культура и национальная идентичность:
многообразие исследовательских подходов в осмыслении современной ситуации», в Карасева (ред.), Кафоликия. Сборник материалов международной конференции «Православие в постсоветские времена: осмысление ситуации ». Минск.
9. Чеснокова, В.Ф. (2005). Тесным путем: Процесс воцерковления населения России в конце XX века . Москва: Академический Проект.
10. Юдин, В.В. (2006). «Религиозное поведение и верования православной молодёжи Могилевщины», Социологические исследования , № 10.