№ 15 (2) 2010 ISSN 1819—3625 №15(2), 2010 © Дырэктар Цэнтру міжнародных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Уладзімір Улаховіч зрабіў першую спробу падсумавання беларускай вонкавай палітыкі за гады незалежнасці. Выніковая кніга выглядае неадназначна. На другой старонцы выдання, што пабачыла свет у менскім выдавецтве «Харвест», якое спецыялізуецца збольшага на ненавуковай літаратуры, імёны рэцэнзентаў стаяць побач з грыфам «Рэкамендавана да друку Упраўленнем знешняй палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». То бок чытачу застаецца гадаць: ён трымае ў руках навуковае выданне, ці ўсё ж афіцыйны курс гісторыі міжнароднай дзейнасці беларускага ўраду?
Скажу адразу, што адназначнага адказу на гэта я не магу даць і пасля прачытання ўсяго тэксту. Бо калі дэталяў, што супярэчаць афіцыйнай палітыцы, няшмат – усяго толькі занадта нейтральныя, як для афіцыёзу, згадкі пра апазіцыйных палітыкаў, – дык заўвагаў да выдання як навуковай публікацыі ўзнікае нашмат болей. Тэкст чытаецца вельмі цяжка, бо ў ім складана адшукаць канцэптуальны каркас ці нейкі сюжэт. Матэрыял арганізаваны вакол аднае лініі, Сяргей Богдан У тумане знешняй палітыкі Беларусі якую ўмоўна можна назваць «шэсце беларускае дыпламатыі ды вонкавае палітыкі па планеце, яе поспехі і дробныя цяжкасці». Сам аўтар мяркуе, што « манаграфія напісаная не ў інтэрпрэтацыйным ключы, а ў стылі, які больш уласцівы гісторыкамфундаменталістам, што ставяць у цэнтр разгляду рэальныя падзеі ды факты, а не каментары да іх » (с. 6).
Аднак нават простай упарадкаванай хронікі развіцця міжнародных сувязяў Беларусі ў кнізе не знойдзеш.
Ідэя і метад Кніга пачынаецца з разгляду тэарэтычных асноваў і гістарыяграфіі вонкавай палітыкі. На жаль, аўтар не рызыкнуў пайсці далей за паўтор самых агульных рэчаў, напісаўшы, напрыклад, што канцэптуальны падыход у вонкавай палітыцы характарызуюць « ацэнка сітуацыі, адэкватная рэфлексія нацыянальных інтарэсаў, падбор сродкаў іх прасоўвання і выпрацоўка стратэгіі » (с. 16). Тут няма з чым спрачацца, але якая карысць ад такога паўтору для разгляданай тэмы? Далей ідзе пералік працаў асноўных беларускіх навукоўцаў па тэме і па рэлевантных, Улахович, В.Е. (2010). Формирование основ внешней политики Республики Беларусь (1991–2005). Минск: Харвест. 352 с.
221 № 15 (2) 2010 Сяргей Богдан. У тумане знешняй палітыкі Беларусі на думку аўтара, пытаннях: нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнай гістарычнай дактрыне. Звяртае на сябе ўвагу адметнае апісанне асаблівасцяў фармавання «беларускай ідэі»: « Яе станаўленню спрыялі як асіміляцыя духоўнага досведу заходнееўрапейскай і рускай традыцыяў культураю Беларусі, так і сацыяльна-філасофскія і гуманістычныя ідэі беларускай філасофіі, увасобленыя ў дзейнасці Ф. Скарыны, С. Буднага, С.
Полацкага, у работах пачатку ХХ стагоддзя А. Гаруна, Н. Абдзіраловіча-Канчэўскага, у філасофска-публіцыстычных тэкстах Я. Коласа, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, Я.
Купалы, В. Ластоўскага » (с. 20–21).
Цешыцца, праўда, тут няма з чаго, бо, здаецца, для аўтара гэта толькі рытуальнае называнне імёнаў (некаторых нават няправільна), а не асэнсаванне поглядаў – бо дзіўная і сама падборка асобаў і тое, як яна выбіваецца з кантэксту самой кнігі (калі б гэты спіс раптам знік, чытач таго і не заўважыў бы).
Разглядаючы стан даследаванняў і публікацыяў па тэме, Улаховіч наважыўся нават прызнаць існаванне шэрагу «недзяржаўных» працаў, асцярожна названых «дыскусійнымі» (с. 21). Але бяда ў іншым. Фактычна абвясціўшы намер даследаваць вонкавую палітыку Беларусі ў 1991–2005 гг., аўтар ужо ў першым раз дзеле раптам пачынае разглядаць (ці дакладней апісваць) публікацыі куды шырэйшага плану: ад Полацкага княства да савецкага перыяду і часоў незалежнасці. Уласна ж апісанню – не аналізу – даследаванняў вонкавай палітыкі менавіта незалежнай Беларусі адводзіцца менш за восем старонак. Прытым апісанне гэтае вельмі агульнае.
Яшчэ горш выглядае агляд замежных даследаванняў па тэме, дзе кідаецца ў вочы адсутнасць польскіх публікацыяў (у прыватнасці Цэнтру ўсходніх даследаванняў) і вельмі маргінальная ўвага да расейскіх аўтараў (напрыклад, Дзмітрый Трэнін проста згадваецца, а такія фігуры як Канстанцін Затулін ігнаруюцца наагул). У кнізе У. Улаховіча прысутнічае і рэдкая для выдання з’едлівая заўвага, вартая цытавання на мове арыгіналу: « Больше всего изданий опубликовал канадский автор Д. Марпл, однако его работы можно отнести к жанру скорее публицистики, нежели научных исследований » (с. 42). Думаецца, Улаховічу варта было б больш дэталёва спыніцца на гэтым пункце «ненавуковасці» работ прафесара Універсітэту Альбэрты Дэвіда Марплза (David Marples), бо інакш заўвага выглядае дастаткова сумнеўнаю.
Уладзімір Улаховіч наступным чынам пазначае мэты ўласнага даследавання: « паспрабаваць разгледзець асноўныя элементы працэсу станаўлення і развіцця знешняй палітыкі краіны, яе дыпламатычнай гісторыі ў першыя пятнаццаць гадоў існавання … абазначыць канкрэтныя знешнепалітычныя прынцыпы канцэптуальнага характару, што склаліся на гэтым гістарычным адрэзку » (с. 5). Аднак мэты і задачы даследавання прапісаныя даволі невыразна, а некаторыя праграмныя фрагменты змяшчаюць вельмі спрэчныя сцверджанні: « канцэптуальныя палажэнні, што паслужылі аб'ектам даследавання, разглядаюцца як прынцыпы міжнароднай палітыкі Беларусі 222 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) і адначасова як інструменты рэалізацыі гэтай палітыкі » (с. 5–6). На думку Улаховіча, пазначаная тэма « праецыруе міждысцыплінарны падыход і, апроч гістарычнага погляду, патрабуе тэарэтычнага аналізу » (с. 54). Таму прымяняюцца наступныя «прыватныя методыкі»: « аналіз, параўнанне, абагульненне, сістэматызацыя, прагноз», прытым што «асноўным быў сістэмны метад » (с.
54). Фактычна, гэта ўсё, што можна зразумець з тэксту пра метадалогію даследавання.
Прызнанне Манголіі Другі раздзел прысвечаны вонкавай палітыцы і фармаванню міжнароднай ідэнтычнасці краіны ў 1990-я гг. Ён пачынаецца з разгляду «канцэптуальнага выбару» і параўнання беларускага выбару з досведам іншых краінаў. Праўда, параўнанне вельмі фрагментарнае і спрэчнае, бо змешвае вонкавую палітыку і нацыянальную бяспеку. Да таго ж яно не пазбаўленае яўных памылак. Скажам, Улаховіч мяркуе, што пасада памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы была ўведзеная ў 1970-я гг., хаця такая пасада дэ-факта існавала з 1947 г., а з 1953-га ўжо і ў цяперашняй афіцыйнай форме. Аб'екты для параўнання выбраныя таксама даволі дзіўна: апроч ЗША, Брытаніі, Расіі, Украіны, Латвіі ды Літвы, разглядаецца – прычым вельмі агульна – досвед Кыргызстану, Таджыкістану і Туркменістану, але не ўлічваецца Польшча ды іншыя рэлевантныя прыклады.
Далей Улаховіч разглядае пытанні «палітычна-праўнага замацавання суверэннасці міжнароднай палітыкі Беларусі» ў 1991–1994 гг., але абмяжоўваецца самымі агульнавядомымі фактамі ды не закранае нават супярэчлівасці міжнароднай дзейнасці беларускага ўраду за часоў Кебіча і Шушкевіча. А між тым апошняя кніжка першага пасла Беларусі ў Нямеччыне і актыўнага ўдзельніка працэсу вызначэння міжнароднай палітыкі нашай краіны Пятра Садоўскага як найлепшым чынам адлюстроўвае часам скандальную шматграннасць (нават звязаную з махлярствам і ўнутрыўладнымі звадамі) гэтае палітыкі (Садоўскі, 2008).
У кнізе Ўлаховіча згадак пра яе няма, магчыма з той прычыны, што выйшла праца Садоўскага адносна нядаўна – напрыканцы 2008 г. На тле такіх прагалаў які сэнс у дробязных паведамленнях пра тое, што « арыгіналы адпаведных дакументаў [аб прызнанні Беларусі Турэччынай, Швецыяй і Манголіяй – С.Б.] можна было пабачыць на выставе “Станаўленне знешняй палітыкі Беларусі:
міжнародна-прававыя дакументы і фотаздымкі (1945–2006)”, якая праходзіла ў беларускім МЗС у 2007 г. » (с. 78). Пры гэтым нават аднаго поўнага абзаца не прысвечана пытанню адмовы Беларусі ад ядравай зброі ды адпаведных матэрыялаў. Толькі на с.
80 у некалькіх сказах пералічваюцца асноўныя факты па гэтым пытанні.
Больш сістэматычна і ўзважана напісаны падраздзел «Станаўленне беларускай дыпламатычнай школы», якому пайшло на дабро выкарыстанне аўтарам архіваў МЗС. Пададзены матэрыял сыраваты, яму бракуе крытычнага разгляду, але некаторыя 223 № 15 (2) 2010 Сяргей Богдан. У тумане знешняй палітыкі Беларусі змешчаныя факты выбіваюцца з параднай карціны развіцця беларускай дыпламатыі сваёй неардынарнасцю.
Напрыклад, тое, што Інфармацыйны цэнтр МЗС быў напачатку створаны « на правах малога прадпрыемства Інфармацыйна-камерцыйны цэнтр (ІКЦ) пры МЗС БССР » (с. 89).
Разглядаючы ў наступным падраздзеле дактрыну нейтралітэту, Улаховіч пачынае з агульнай гісторыі панятку. Усё б нічога, але аналіз нават добра вядомых міжнародных прэцэдэнтаў зроблены вельмі дзіўна. Анягож, нейтралітэт Фінляндыі разглядаецца праз спасылкі на дамоўленасці 1930-х гг., затое ігнаруюцца дзве вайны з СССР і адносіны з Масквою па Другой сусветнай вайне, нягледзячы на яўную дарэчнасць разгляду канцэпцыі «фінляндызацыі» ў беларускім выпадку. Называюцца таксама прыклады Швейцарыі, Аўст рыі ды Швецыі. Затое не тлумачыцца, якая розніца паміж пазначанымі выподкамі, і дзе меў месца выбар, а дзе нейтралітэт быў прымусовы. Гэтак сама хаатычна разбіраецца нейтральны статус постсавецкіх рэспублікаў: Туркменістану, Кыргызстану, Таджыкістану, а таксама Малдовы і Украіны. Месца на сутнасны аналіз не застаецца, затое амаль на цэлую старонку цытуецца выказванне арыентаванага на Расію дэпутата Украіны А. Дзеркача ў 2001 г. (с. 104), і на абзац – апісанне выданнем «Коммерсантъ» візіту шведскага міністра ў Расію ў 2001 г. (с. 101). Уладзімір Улаховіч максімальна сцісла, але трапна падсумоўвае досвед «постсавецкага нейтралізму» (тэрмін аўтара, с. 105):
« Досвед постсавецкай нейтральнасці сведчыць, што па змесце гэта быў не класічны міжнародна-прававы нейтралітэт, а нешта іншае.
Па палітычнай сутнасці гэта хутчэй форма ўмацавання незалежнасці праз асцярожнасць знешнепалітычнага выбару. (…) для большасці дзяржаваў гэта было больш дэкларацыяй, намерам, чым змястоўнаю і паслядоўнаю палітыкаю » (с. 106).
Праўда, аўтар у наступным падраздзеле не наважыўся наўпрост звязаць гэтую выснову з Беларуссю, у якой, на думку Улаховіча, склалася «свая інтэрпрэтацыя панятку нейтралітэту» (с. 106). У прыватнасці аўтар – чамусьці ў прошлым часе – піша, што « беларускі нейтралітэт выступаў як інструмент фармавання міжнароднай і палітычнай ідэнтычнасці краіны і, з другога боку, як пэўны кампраміс розных грамадска-палітычных сілаў » (с. 107). Улаховіч разглядае розныя канцэпцыі, прынятыя і непрынятыя дакументы, аднак адкрытым застаецца пытанне, ці можна казаць пра здзяйсненне канцэпцыі нейтралітэту на практыцы. І калі можна, дык у які час? Нават у 1992–1993 гг. немагчыма ўсур'ёз разглядаць Беларусь як нейтральную краіну, пазней пытанне робіцца ўвогуле рытарычным, бо наша дзяржава ўцягваецца ў хаўрусніцкія адносіны з Масквою. То бок, можа, не трэба шукаць інтэрпрэтацыі беларускага нейтралітэту, а варта прызнаць, што яго няма і не было?
Улаховіч сцвярджае, што « самая маштабная дыпламатычная ініцыятыва мінулага пятнаццацігоддзя – стварэнне бяз'ядравай зоны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе – таксама мае наўпростае дачыненне да імкнення рэалізаваць белару- 224 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) скі нейтралітэт на практыцы » (с.
120), аднак не прыводзіць доказаў сур'ёзнасці гэтай ініцыятывы, што выглядала хутчэй як дэмагагічны крок у адказ на пашырэнне АПАД (НАТО), чымся як сапраўднае і ўзважанае імкненне да бяз'ядравасці.
Яшчэ больш спрэчным ёсць іншы згаданы аўтарам крок да нейтральнасці – уступленне Беларусі ў Рух недалучэння ў 1998 г. Але дыскусіям, відаць, не знайшлося месца ў агляданай кнізе.
Цалкам прадказальна наступны раздзел кнігі называецца «Абранне прэзідэнта. Распрацоўка знешнепалітычных параметраў у новых умовах». Ключавым прынцыпам ў беларускай вонкавай палітыцы гэтага часу, на думку аўтара, быў прынцып «шматвектарнай збалансаванай палітыкі» (с. 122). Але не зразумела, па-першае, у чым палягае гэты прынцып, калі далей Улаховіч тлумачыць, што такі падыход « шмат у чым грунтаваўся на імкненні аднавіць СССР, захаваць і ўмацаваць поўнамаштабныя сувязі з дзяржавамі СНД, у першую чаргу з Расіяй » (с. 122). Дзе тут шматвектарнасць і збалансаванасць? Па-другое, чым гэтая палітыка рознілася ад палітыкі ўраду Кебіча да 1994 г.? Хіба толькі няздольнасцю Кебіча аформіць свае прарасійскія і прасавецкія сімпатыі ў форме гучных праграмаў і лозунгаў.
Сутнасць жа была тая самая.
Тэрмін «шматвектарнасць» – увогуле загадка, бо яго азначэння няма не толькі ў кнізе Улаховіча, але і ў іншых вядомых мне публікацыях і дакументах па гэтым пытанні. Застаецца даваць толькі кантэкставую інтэрпрэтацыю. У прыватнасці, у кнізе прыводзіцца выступ міністра замежных справаў Івана Антановіча, які ў 1998 г. абвясціў галоўным прынцыпам вонкавай палітыкі шматвектарнасць і адначасова назваў галоўнаю хібаю вонкавай палітыкі Беларусі на папярэднім этапе «празмерную заходнюю арыентацыю» (с. 133). Трэба думаць, тэрмін звязаны з рэакцыяй на збліжэнне з Захадам.
Але раздзел мае пэўную каштоўнасць дзякуючы расповедам пра розныя – збольшага ніколі не прынятыя – праекты ды інстытуцыі, што мелі адносіны да вонкавай палітыкі Беларусі ў той час. Разам з тым пры чытанні падраздзелу можа скласціся ўражанне пра ўнікальна паспяховы этап беларускай палітыкі, хаця насамрэч усё, што рабілася на той час, праўдападобна, было б зроблена практычна любым беларускім урадам.
Паказальна, што наступнаму падраздзелу – пад назваю «Стратэгічнае партнёрства з Расіяй» – Улаховіч прысвяціў менш за тры старонкі.
Але шмат пытанняў пакідае падраздзел «Супраца па лініі шматбаковай дыпламатыі ды на еўрапейскім кірунку ў 1995–1999 гг.», дзе змяшаная ў адно супраца з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН, ЕЗ, АБСЕ, НАТО і рознымі еўрапейскімі краінамі. На дадатак тут жа вядзецца гаворка пра ІІ З'езд беларусаў свету ў 1997 г. Усё гэта без разбіўкі па пунктах: канвеерным чынам, абзац за абзацам, ідзе пералік падзеяў, выбраных аўтарам. Напрыканцы выснова – пра ажыццяўленне прынцыпу шматвектарнасці ў 1996–1999 гг. Агулам выглядае незразумела, але паважна.
У такім стылі пісалі, дарэчы, і пра міжнародныя кантакты БССР: трош- 225 № 15 (2) 2010 Сяргей Богдан. У тумане знешняй палітыкі Беларусі кі пра ААН, пра пастаўкі прадукцыі ў 80 краінаў свету, пра рух міру і г.д. Не зразумела, але ўражанне складалася, нібыта кантакты ёсць.
Больш за дванаццаць старонак (с. 151–163) аўтар прысвяціў надзвычай сумнеўным у плане іх абгрунтаванасці і ўзважанасці ініцыятывам афіцыйнага Мінску ў стварэнні «поясу добрасуседства» і бяз'ядравай прасторы. На тле іншых падраздзелаў гэты выглядае проста невымерным, асабліва калі параўнаць з фактычным месцам гэтай ініцыятывы і ў тагачаснай вонкавай палітыцы, і ў выніках працы беларускай дыпламатыі. Кніга дэманструе адсутнасць выразнай іерархіі падзеяў і кірункаў беларускай вонкавапалітычнай дзейнасці. Заяўлены «гістарычны фундаменталізм» выяўляецца ў адмове бачыць відавочную сувязь між гэткімі ініцыятывамі ды прарасійскім і антынатаўскім стаўленнем афіцыйнага Мінску на той час.
Апроч таго, у другім раздзеле даволі блытана разглядаюцца сувязі Беларусі з краінамі Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі. У Беларусі былі прыярытэты ў гэтых рэгіёнах, і палітыку абумоўлівалі пэўныя чыннікі, яна была адзначаная і поспехамі і няўдачамі, але ў агляданай кнізе ёсць толькі пералік некаторых візітаў таго часу. Вядома, нашто пісаць пра правал у Перу ці Іраку? Мала што пазітыўнага даў бы і адэкватны аналіз удзелу ў Руху недалучэння – клубе краінаў з сумнеўнымі палітычнымі рэжымамі. Праўда, Уладзімір Улаховіч нечакана прызнае, што « ў рамках рашэння пра далучэнне да РН Беларусь арыентавалася і на яго палітычную складовую » (с. 173–174).
Больш за тое, « нельга не прызнаць і некаторую пераацэнку РН як вонкавапалітычнага рэсурсу Беларусі » (с. 174).
Пры канцы другога раздзелу разглядаецца рэарганізацыя МЗС у 1995–2000 гг. У пераліку шэрагу па дзеяў і дакументаў губляецца важнае – змены структуры і штатнага раскладу МЗС з арыентацыяй на «павышэнне эфектыўнасці знешнеэканамічнага складніку» ў 1996 г. (с.
174) і скасаванне напрыканцы 1998 г. міністэрстваў знешнеэканамічных сувязяў і па справах СНД.
Пра ўсё, але пра што?
Трэці раздзел названы «Вонкавая палітыка Рэспублікі Беларусь на парозе новага тысячагоддзя (2000– 2005)». Ён пачынаецца падраздзелам «Прагматызм як аснова гандлёваэканамічнай супрацы». Адбудаваць СССР ці заняць Крэмль у беларускага кіраўніцтва не атрымалася, таму асноўным арыенцірам стала зараблянне грошай. « У 2000–2005 гг.
прынцып пабудовы шматвектарнай збалансаванай вонкавай палітыкі быў дапоўнены прынцыпам прагматычнай супрацы, заснаванай на прасоўванні нацыянальных інтарэсаў » (с. 180). Аднак адметна, наколькі рыторыка разыходзілася з рэальнасцю. Улаховіч пералічвае ключавыя палажэнні вонкавай палітыкі краіны, як іх выклаў прэзідэнт на пачатку 2000 г.: Расія і СНД, Еўропа, краіны Балтыі, Украіна, Польшча, ЗША, краіны Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі (с. 180). Рытарычным будзе пытанне, чаму ж тады афіцыйны Мінск так 226 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) настойліва сябраваў з Іракам, Іранам і Кубаю ды грэбаваў стасункамі з Вашынгтонам? Але такія пытанні ў кніжцы Улаховіча не разглядаюцца, затое на чытача абрынаецца мноства лічбаў і фактаў, якія мала пра што кажуць самі па сабе. Вось 1023 прадстаўніцтвы замежных арганізацыяў з 51-ай краіны свету (с. 181) – гэта шмат ці не? І хто зразумее, што азначае фраза: « прырост экспарту забяспечаны на адзін мільярд долараў у параўнанні з параметрамі праграмы » (с. 182)?
Аднак Улаховіч перадае атмасферу пераходу да арыентацыі на гандаль. Ён цытуе Хвастова: « Паглыбленне раўнапраўнай супрацы з Расійскаю Федэрацыяй – важны, аднак не адзіны кірунак беларускай вонкавай палітыкі » (с. 183). Праўда, нязменна фрагментарнае адлюстраванне розных кірункаў і аспектаў гэтай палітыкі не дазваляе зразумець нечага канкрэтнага. Адметна толькі, што пры адсутнасці сур'ёзных кантактаў паміж беларускім і еўрапейскімі ўрадамі аўтар ілюструе развіццё стасункаў з Еўропаю прыкладамі накшталт міжгаліновай сустрэчы дзелавых колаў Нямеччыны і Беларусі з кантактна-кааперацыйнаю біржай у 2003 г.
(с. 187).
Нават у рамках наступнага падраздзелу «Пашырэнне ЕЗ і Беларусь. Ініцыятывы беларускага МЗС» не прызнаецца ізаляванасць нашай дзяржавы пры кантактах з заходнімі краінамі з 1997 г. За адсутнасцю іерархіі падзеяў і кірункаў супрацы, а адпаведна і шкалы, паводле якой можна вымяраць адносіны, вельмі лёгка выдаваць дробныя праекты за буйныя ініцыятывы. Пры адсутнасці дыферэнцыяцыі адносінаў магчыма абагульняць і змешваць розныя кірункі, што дапамагае схаваць поўны правал палітыкі за лакальнымі і сацыяльнымі праектамі ды праграмамі. Праўда, і там не ўсё чыста, і, напрыклад, створаныя ў Беларусі еўрарэгіёны заслугоўваюць большага аналізу, а не кароткай згадкі пра іх існаванне (с. 191). Зрэшты, аўтар прызнае, што пералічаныя ім прапановы, у прыватнасці з беларускага боку, « не былі рэалізаваныя ў поўным аб'ёме з-за палітычных рашэнняў наконт супрацы з Беларуссю, прынятых органамі ЕЗ. Супраца была мінімізаваная і зведзеная збольшага да гандлёвай і гуманітарнай сфераў; ЕЗ таксама імкнуўся супрацоўнічаць з няўрадавым сектарам, апазіцыйнымі палітычнымі партыямі » (с. 205).
Наступны падраздзел – «Міжнародная бяспека, удзел у форумах шматбаковай дыпламатыі» – па сваёй эклектычнасці ды разнастайнасці ёсць унікальным нават для гэтай кнігі. Бо ў ім ідзецца не толькі пра НАТО і ААН, але і пра міжнародную супрацу ў вайсковай сферы, чарнобыльскую тэматыку, АБСЕ, двухбаковыя адносіны з краінамі Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі, колькасць міжнародных дамоваў з удзелам Беларусі, колькасць прызнанняў, наяўнасць дыпламатычных прадстаўніцтваў, а завяршаецца ўсё фрагментам, прысвечаным месцу Беларусі ў сусветным рэйтынгу краінаў паводле індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу. Усё гэта на менш як трынаццаці старонках з фотаздымкамі.
Наўрад ці такая структураванасць і такое спалучэнне тэмаў апраўданыя ў рамках аднаго падраздзелу.
227 № 15 (2) 2010 Сяргей Богдан. У тумане знешняй палітыкі Беларусі Рэшта кнігі занятая канспектыўным выкладам абставінаў распрацоўвання і зместу розных прамоваў прэзідэнта, дзяржаўных дакументаў, кшталту Вайсковай дактрыны Беларусі, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2001–2005 гг. і новай версіі сайту МЗС паводле стану на 2003 г. На дзесяці старонках заканспектаваны даклад Аляксандра Лукашэнкі «Вонкавая палітыка Беларусі ў новым свеце», трохі больш месца прысвячаецца розным другарадным у дачыненні тэмы манаграфіі падрабязнасцям прыняцця Закону «Аб асноўных кірунках унутранай і вонкавай палітыкі Рэспублікі Беларусь» ды яго характэрна неканкрэтнаму і некрытычнаму апісанню ў стылі:
« Апраўдана, што асноўная ўвага надаецца эканоміцы » (с. 278).
Апроч таго, у трэцім раздзеле асобна вылучаны падраздзел «Завяршэнне фармавання вонкавапалітычнага механізму», дзе разглядаецца механізм вонкавапалітычнай дзейнасці, пераважна з пункту гле джання структураў і працэдураў. І лагічным панегірыкам беларускай навуцы стаў падраздзел «Станаўленне нацыянальнай школы міжнародных даследаванняў», у якім прадстаўлены хоць і не поўны, але даволі рэпрэзентатыўны агляд стану міжнародных даследаванняў у краіне, і згадваецца нават недзяржаўны цэнтр «Стратэгія». Аўтар пакідае ўбаку якасць гэтых даследаванняў ды іх месца ў міжнароднай навуковай супольнасці, але гэты прагал красамоўна сведчыць пра адсутнасць увагі да такіх «дробязяў». Яго запаўняюць шчодрыя цытаты паправак у так ніколі і не прынятыя дакументы, а таксама пералік удзельнікаў круглага стала, праведзенага Цэнтрам міжнародных даследаванняў БДУ ў 2000 г. (с. 245).
Агулам трэці раздзел выглядае горш за астатнія часткі кнігі. Здаецца, чым бліжэй да сучаснасці падыходзіць расповед, тым больш хаосу і невыразнасці з'яўляецца ў тэксце.
Ні навукі, ні ідэалогіі Адна з фундаментальных праблемаў агляданага выдання палягае ў тым, што змешчаны ў ім факталагічны матэрыял сам па сабе надта разнамасны і рознакаліберны. То цэлыя старонкі аддаюцца пад апісанне спробаў распрацоўваць канцэпцыі вонкавай палітыкі (прычым разглядаюцца праекты, што так ніколі і не былі прынятыя), то каротка – на пару старонак – разглядаецца кардынальны паварот беларускае дыпламатыі ў кірунку развіваных краінаў.
Важныя факты перамяшаныя з банальнасцямі ды інфармацыяй, пазбаўленай сэнсу, напрыклад, звесткамі пра чарговыя прэсавыя канферэнцыі міністраў замежных справаў. Побач са згадкаю важнага візіту міністра Уладзіміра Сянько стаіць анекдатычнае (бо вырванае з кантэксту) апісанне ягонага пытання нямецкаму калегу: « Ці ёсць для беларускага нейтралітэту месца ў новай Еўропе? » (с. 122–123). Выглядае гэта як наіўнае пытанне настаўніку, а не размова двух міністраў. Дарэчы, Уладзімір Улаховіч увогуле асабліва не спыняецца на людзях, што рабілі вонкавую палітыку краіны. Нават міністры сустракаюцца на старонках кнігі толькі як маргінальныя персанажы, трохі 228 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) больш увагі надаецца цяперашняму міністру Сяргею Мартынаву, але і яму няшмат. Замены міністраў згадваюцца як дробныя падзеі, у адрозненне ад круглых сталоў ці выставаў.
Нават пры павярхоўным пра глядзе крыніцаў іх склад выклікае здзіўленне. Анягож толькі 8 з 519-ці крыніцаў належаць па часе публікацыі да перыяду пасля 2006 г., і нават гэтыя восем пераважна не даследаванні, а дакументы ці інфармацыйныя публікацыі. Няўжо аўтар хоча сказаць, што вонкавая палітыка краіны не даследавалася пасля 2006 г.?
Але сам ён такога не піша, затое ў рэцэнзента склалася журботнае ўражанне, што кніга проста не актуалізавалася, хаця падпісалі яе ў друк толькі напрыканцы 2009 г. Пералік крыніцаў звыкла перамешвае фундаментальныя даследаванні ды кароткія газетныя зацемкі ў адным вялізным спісе.
Выніковая лічба ўражвае, але прагляд зместу бязлітасна расчароўвае: мноства публікацыяў – гэта невялікія артыкулы. Патлумачыць такую выбарку газетна-часопісных артыкулаў чымсьці апрача выпадковасці ў мяне не атрымалася, многія ўключаныя ў спіс буйныя публікацыі згадваюцца толькі мімаходзь і адзін раз.
Кніга звыкла для постсавецкай «дзяржаўнай» навукі пазбаўленая канфліктнасці, і любыя згадкі пра супярэчнасці беларускай вонкавай палітыкі ў ёй адсутнічаюць увогуле, не кажучы пра іх аналіз ці апісанне.
Пры чытанні перыядычна ўзнікае ўражанне, што гартаеш дайджэст зводак і данясенняў МЗС. Відавочна, толькі міністэрства і можа зрабіць выгляд, што словы міністра Антановіча, маўляў, супраца Беларусі з НАТО ўсё ж развіваецца, сведчаць пра развіццё стасункаў з Захадам на тле поўнай блакады Беларусі з боку заходніх краінаў пасля рэферэндуму 1996 г.
Але праблема кнігі не абмяжоўваецца толькі такімі ідэалагічна далікатнымі момантамі. Фактычна, яна ані дэманструе фармавання механізму вонкавых зносінаў краіны, ані апісвае структуры ці хаця б гісторыі гэтых зносінаў. Візіты і выказванні цытуюцца фрагментарна, статыстычныя лічбы нярэдка называюцца без указання на час, якога яны датычаць.
Статыстыка амаль ніколі не супастаўляецца па розных гадах, што ператварае лічбы ў хаос. Праблема не толькі са статыстыкаю – параўнанні вонкавапалітычных канцэпцыяў шэрагу краінаў абмяжоўваюцца толькі параднымі цытатамі з кожнай канцэпцыі, адсутнічае не проста падрабязны аналіз, але і нават сціслы выклад зместу гэтых дактрынаў.
Разам з тым, кніжка не адпавядае жанру апалагетыкі. Канцэптуальна яна не прапаноўвае нічога, апрача параднага спавяшчэння, што магло прагучаць на нейкай урачыстай імпрэзе. Наўрад ці можна ўсур'ёз успрымаць сцверджанні пра поспехі беларускае дыпламатыі, прачытаўшы расповед У. Улаховіча пра тое, як Беларусь спрабавала прасунуць у ААН свае рэзалюцыі пры дапамозе краінаў Акіяніі. І не важна, што ў тым выпадку ад яе адасобіліся амаль усе іншыя буйнейшыя хаўруснікі ў развіваным свеце.
Вядома, каб атрымаць грыф Адміністрацыі Прэзідэнта, шмат пра што давялося прамаўчаць. Справа № 15 (2) 2010 ISSN 1819—3625 №15(2), 2010 © ішла, аднак, не ў кірунку спрашчэння:
мудрагелістых месцаў у кніжцы Улаховіча хапае. На фоне пераліку шэрых фактаў, датычных, прыкладам, даслоўнага пераказу зместу далёка не самых істотных указаў прэзідэнта, у вочы адразу кідаецца самотны пасаж: « Да пачатку 21-га ст., нягледзячы на складанасці і праблемы, знешняя палітыка суверэннай Беларусі ў значнай ступені рэалізавалася як з пункту гледжання сваёй прагрэсіўна-тэарэтычнай функцыі (быў напрацаваны важкі багаж тэарэтычных матэрыялаў доўгатэрміновага характару), так і з пункту гледжання планава-аналітычнага (распрацаваныя і прынятыя праграмна-планавыя дакументы галіновага і агульнага характару) і арганізацыйна-кіроўнай функцыяў (быў сфармаваны дастаткова эфектыўны знешнепалітычны механізм) » (с. 179).
Перыядызацыя ў рэцэнзаванай кніжцы зробленая таксама не зусім выразна (с. 47): 1991–1994 гг. – «перыяд міжнароднага прызнання»; 1994– 2000 гг. – «перыяд развіцця вонкавай палітыкі на аснове прынцыпаў суверэннасці ды шматвектарнасці»; і 2000–2005 гг. – «перыяд завяршэння фармавання элементаў, што ўтвараюць асновы вонкавай палітыкі». То бок фармаванне, далейшае фармаванне і завяршэнне фармавання. Як, цікава, мае называцца наступны перыяд – перафармаванне?
Яшчэ адна вартая шкадавання, але пашыраная рыса публікацыяў постсавецкай навукі – недастатковае або цалкам адсутнае рэдагаванне (і навуковае, і агульнае) – таксама бачная ў гэтай кнізе. У выніку ў выданні прысутнічаюць моўныя і стылёвыя памылкі. Хапае і дробязяў – зблытаных словаў «многие» і «многочисленные», а канадскі даследнік Дэвід Марплз ператварыўся ў Д. Марпла.
Сама ж кніга адрасаваная таксама « студэнтам, чые інтарэсы звязаныя з праблематыкаю міжнародных адносінаў ».
У чым жа асноўная каштоўнасць кнігі Улаховіча? Найперш у самой смелай спробе асэнсавання досведу вонкавых зносінаў незалежнай Беларусі. Выканаць гэтае заданне самому Улаховічу ўдалося толькі часткова, аднак выклік кінуты. Ці настолькі апісаная, прааналізаваная і даследаваная вонкавая палітыка Беларусі, каб была магчымасць зрабіць абагульненне ў рамках агляднай працы? У гэтым ёсць пэўныя сумневы, і, на жаль, прапанаванае выданне паказвае, што тэма не прапрацаваная аналітыкамі і даследнікамі нават у мінімальным аб'ёме. Безумоўна, падагульняць можна і на падставе асабістага досведу, без даследаванняў – выдаючы свае мемуары, напрыклад, як зрабіў Пятро Краўчанка (Краўчанка, 2007), апісаўшы некалькі гадоў гісторыі беларускай вонкавай палітыкі. Але мемуары не могуць быць сур’ёзнаю заменаю даследчай працы.
З іншага боку кніга ёсць пэўным дакументам эпохі, бо яна ўтрымлівае эпізоды – на жаль, нешматлікія і разрозненыя, – даследаваныя аўтарам на базе архіўных матэрыялаў, а таму могуць стаць сыравінай для выкарыстання ў новых даследаваннях. Гэта датычыць апісання Улаховічам працэсу прыняцця шэрагу рэзалюцыяў, а таксама стварэння шэрагу канцэпцыяў і структураў у галіне вонкавай 230 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) палітыкі. Усе гэтыя канцэпцыі, распрацаваныя ў БДУ ці каля БДУ, усе гэтыя грамадскія рады па вонкавапалітычных пытаннях, можа, і здаюцца не надта істотнымі на тле буйнейшых паваротаў краіны на міжнароднай арэне, аднак і яны дапамогуць камусьці канцэптуальна выкласці, якім чынам фармавалася вонкавая палітыка незалежнай Беларусі. Іншая рэч, што знайсці гэтыя каштоўныя фрагменты ў тэксце дастаткова складана.
Падсумоўваючы, можна канстатаваць, што кніжка Уладзіміра Ўлаховіча не стала прарывам сярод таго, што выдаецца ў Беларусі пад маркаю «навукі» міжнародных адносінаў і паліталогіі наагул. Гэты прагал не спрыяе кшталтаванню ўзважанае вонкавае палітыкі, і сумны факт палягае ў тым, што на сёння мы не ведаем ані што было зроблена і робіцца ў рамках вонкавапалітычнага курсу краіны, ані ступені паспяховасці гэтага курсу, ані падставаў для яго вызначэння. Службовая інфармацыя пахаваная ў архівах, адкрытая – у газетных падшыўках, а беларуская дыпламатыя пазбаўленая гісторыі.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Краўчанка, П. (2007). Беларусь на ростанях: Нататкі дыплямата і палітыка.
Вільня: Інстытут беларусістыкі.
2. Садоўскi, П. (2008). Мой Шыбалет. Аўтабiяграфiчныя арабэскi. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.