№ 15 (2) 2010 ISSN 1819—3625 №15(2), 2010 © Рэцэнзаванае выданне – гэта бадай што першая спроба комплекснага разгляду і апісання ўкраінска-беларускіх адносінаў пасля распаду Савецкага Саюзу і ўтварэння незалежных дзяржаваў – Украіны і Беларусі. Выданне рэкамендавала да друку Навуковая рада Чарнігаўскага дзяржаўнага інстытуту эканомікі ды кіравання, прафесарам якога Станіслаў Удавенка зрабіўся ў 2010 г. Аднак у анатацыі да кнігі гаворыцца, што гэта не чыста навуковае, але навукова-папулярнае выданне, « скіраванае на навукоўцаў, палітыкаў, дыпламатаў, студэнтаў … а таксама шырокае кола чытачоў ». 1 Уступ ды інфармацыя пра аўтара адразу настройваюць на сур’ёзнае стаўленне да выдання, нягледзячы на тое што яно пазіцыянуецца як навукова-папулярнае. Станіслаў Удавенка пазначаны як доктар навук у галіне дзяржаўнага кіравання, прафесар Чарнігаўскага дзяржаўнага інстытуту эканомікі ды кіравання, аўтар манаграфіі, шэрагу дапаможнікаў і каля сотні навуковых артыкулаў. Аўтар таксама цягам дзесяці гадоў – з 1999 да 2009 г. – працаваў ва ўкраінскай Дзяніс Мельянцоў Украінска-беларускія адносіны:
несістэмны падыход амбасадзе ў Мінску, спачатку на пасадзе дарадцы ў гуманітарных пытаннях, а потым дарадцам у палітычных пытаннях. То бок ён меў самыя наўпроставыя адносіны да ўкраінскабеларускіх дачыненняў і мусіць быць добра абазнаны ў гэтым пытанні.
Аўтар наступным чынам вызначае прадмет і метады свайго даследавання: « У гэтай працы на падставе параўнальнага аналізу і супастаўлення паказнікаў, разгляду фактаў у пэўных часавых і прасторавых рамках, бачання аналогіяў і паралеляў развіцця, комплекснага падыходу да ацэнак падзеяў даследуюцца асноўныя чыннікі ўкраінска-беларускіх адносінаў » (с. 7). Крыху ніжэй Удавенка настойвае на неабходнасці « канкрэтнага аналізу сукупнасці ўсіх чыннікаў, якія ўплываюць на развіццё краіны » (с. 10).
Кніга складаецца з пяці раздзелаў, з якіх уласна ўкраінска-беларускім адносінам прысвечаны толькі апошні. А ў межах гэтага пятага раздзелу палітычным адносінам адводзіцца толькі пятнаццаць старонак тэксту.
То бок з больш як чатырохсот староВдовенко, С.М. (2010). Україна-Білорусь: взаємовідносини на перехрестях перемін. Чернігів. 448 с.
1 Тут і далей пераклад з украінскай мовы зроблены аўтарам рэцэнзіі.
232 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) нак кнігі, прысвечанай украінска-беларускім адносінам, толькі пятнаццаць датычаць палітычных дачыненняў паміж дзвюма краінамі. Пра што ж усё астатняе?
Першы раздзел кнігі падрабязна распавядае пра грамадска-палітычны лад у Беларусі. Аўтар робіць гістарычны экскурс, распавядае пра тое, што « лінія беларускага этнасу ідзе ад інда-іранцаў, скіфаў, венедаў, ліцвінаў » (с. 12). Удавенка выкладае беларусацэнтрычную версію гісторыі, прызнае ВКЛ беларускаю дзяржаваю, называе мову дыпламатычных дакументаў ВКЛ старабеларускаю. Але пры гэтым пасярод разгляду перыяду Рэчы Паспалітай згадвае пра тое, што ў 2005 г. у Мінску адбыўся Усеславянскі з’езд супраць глабалізацыі (с. 17).
У гэтым жа раздзеле Удавенка разглядае гісторыю парламентарызму ў Беларусі, распавядае пра палітычныя партыі ды недзяржаўныя арганізацыі, а таксама пра выбары, партыйныя кааліцыі ды акцыі апазіцыі. Аўтар прыходзіць да высноваў, што парламент у Беларусі фактычна ёсць прапрэзідэнцкім, а палітычныя сілы не сталі важнымі грамадскімі інстытуцыямі.
Удавенка таксама прапаноўвае сваю перыядызацыю ўнутрыпалітычных адносінаў у Беларусі: першы перыяд – жорсткае супрацьстаянне ўлады і апазіцыі; другі – зніжэнне ўзроўню канфрантацыі (з 2008 г.). Гэта прыклад адной з нешматлікіх спробаў аналізу ў гэтай кнізе.
Аўтар робіць намаганне быць як мага больш нейтральным у сваіх ацэнках, прыводзіць разнастайныя версіі ды падыходы, бярэ інфармацыю з ідэалагічна розных крыніцаў, але ў выніку за гэтым усім не відаць пазіцыі яго самога. І хаця Удавенка прыводзіць багата фактаў, выкарыстоўвае меркаванні самых розных аналітыкаў (хоць часта без канкрэтных цытатаў ды імёнаў), аднак аналізу як такога ў тэксце мы не знаходзім.
Тым больш навуковага даследавання.
Першы раздзел вельмі нагадвае энцыклапедычны артыкул або даведнік, які падае багатую фактуру, але не ўтрымлівае аналізу матэрыялу.
Што да крыніцаў і цытавання, то аўтар ставіцца да іх досыць вольна. Гэтак, практычна заўсёды адсутнічаюць спасылкі на прыведзеныя меркаванні навукоўцаў або аналітыкаў, вельмі рэдка даецца спасылка на статыстычныя звесткі ды вынікі сацыялагічных апытанняў, спасылкі на артыкулы ў медыях увогуле не афармляюцца, а напрыканцы кожнага раздзелу проста ідзе пералік сайтаў (пераважна гэта www.mfa.gov.by, www.belapan.info, www.belta.by, www.
belarus.mfa.gov.ua ). Беларускі гісторык Уладзімір Пічэта ў кнізе ператвараецца ў «В. Пичет», Ігар Усеваладавіч Чаквін – у «Чавкін І. І.», а Язэп Аляксандравіч Юхо – у «Юхно А.».
Спіс выкарыстаных крыніцаў напрыканцы раздзелаў не мае дыферэнцыяцыі: у ім змяшаныя даведнікі, навуковыя манаграфіі (іх зусім няшмат) і артыкулы, газетныя навіны ды інфармацыя з інтэрнэт-рэсурсаў.
Другі раздзел рэцэнзаванага выдання, які называецца «Сацыяльнаэканамічная дактрына – беларуская спецыфіка», змяшчае разгляд эканамічнага развіцця Беларусі пасля атрымання незалежнасці. Структура зместу гэтага раздзелу нагадвае па- 233 № 15 (2) 2010 Дзяніс Мельянцоў. Украінска-беларускія адносіны: несістэмны падыход пярэдні ды складаецца з нагрувашчання разнастайных эканамічных звестак, лічбаў і амаль поўнага цытавання «Асноўных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь» за розныя перыяды. Прыведзеная інфармацыя ніяк не аналізуецца, лічбы не супастаўляюцца з адпаведнымі паказнікамі іншых краінаў, што моцна дэвальвуе іх выкарыстанне ў якасці аргументаў.
На падставе ўсяго гэтага Удавенка робіць заключэнне, што « Беларусь ёсць адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў тэлевізараў, лядоўняў і грузавікоў » (с. 166). Разам з тым, акрамя цытавання пяцігадовых планаў аўтар прыводзіць і погляды незалежных эканамістаў, якія тлумачаць рэальныя прычыны беларускага эканамічнага «цуду».
Станіслаў Удавенка завяршае гэты раздзел высновамі кшталту:
« Дзяржаўнымі прыярытэтамі ў Беларусі былі вызначаныя будаўніцтва жытла, забеспячэнне харчовымі прадуктамі, экспарт, ахова здароўя і навука » (с. 163). Аўтар таксама робіць выснову пра тое, што ў сельскай гаспадарцы ўлада робіць стаўку на развіццё аграгарадкоў, а ў банкаўскай сістэме « адбываюцца пазітыўныя тэндэнцыі ».
Трэці раздзел прысвечаны знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі. Як і ў першых двух раздзелах, тут мы сустракаем багата разнастайнай інфармацыі, спалучанай часта без аніякай логікі і ўнутранай структуры. Тут і цытаты з Канстытуцыі, і вялізныя вытрымкі з пасланняў прэзідэнта да Нацыянальнага сходу, і выступы перад дыпламатамі, і спіс міжнародных арганізацыяў, у якіх удзельнічае Беларусь, і пералік супольных праектаў з АБСЕ. Часта цытаты з выступаў і дакументаў супярэчаць адна адной, але гэта не робіцца падставаю для аналізу і высноваў.
Нелюбоў аўтара да спасылак часта не дае магчымасці пераправерыць ягоныя звесткі. Так, Удавенка піша, што ў 2006 г. пасля беларускіх прэзідэнцкіх выбараў « ЕЗ і ЗША распрацавалі доўгатэрміновую стратэгію падтрымкі дэмакратызацыі, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі, пашырэння доступу да незалежных медыяў і паляпшэння сітуацыі ў сферы правоў чалавека » (с. 185). Не зусім зразумела, што аўтар лічыць доўгатэрміноваю стратэгіяй ЕЗ і ЗША і які дакумент мае на ўвазе. Бо я, напрыклад, пра такую стратэгію не чуў. Яе ў Злучаных штатаў і Еўразвязу няма да гэтае пары. Аўтар вельмі падрабязна апісвае адозвы і рэзалюцыі еўрапейскіх і міжнародных структураў, пералічвае візіты афіцыйных асобаў, але зноў жа – гэты масіў інфармацыі не прыводзіць чытача да нейкіх канкрэтных высноваў. З гэтай прычыны кнігу вельмі складана чытаць. Яна ўспрымаецца як слоўнік, або хроніка падзеяў.
Разглядаючы паварот у адносінах Беларусі з Захадам у 2008 г. у якасці асноўных прычынаў аўтар прыво дзіць расійска-грузінскую вайну, нафтава-газавыя канфлікты і жаданне Еўразвязу абмежаваць рост уплыву Расіі ў рэгіёне. З гэтымі сцвярджэннямі нельга не пагадзіцца. Але цяжка прызнаць, што « ЕЗ і Беларусь перайшлі ад так званай “дарожнай 234 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) мапы” да сітуатыўнага пакрокавага падыходу » (с. 201), бо ніякай «дарожнай мапы» не было – і не было ад чаго пераходзіць. Такою дарожнаю мапаю мог стаць Супольны часовы план (Joint Interim Plan), распрацаваны Еўракамісіяй у 2010 г., але яго абмеркаванне і прыняцце затармазіліся падзеямі ў Мінску 19 снежня.
У трэцім раздзеле кнігі таксама прыводзіцца даведкавая інфармацыя пра адносіны Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі і краінамі свету.
Гэтая інфармацыя амаль цалкам узятая з сайту беларускага Міністэрства замежных справаў і крытычна не асэнсоўваецца. Так, адзначаецца, што Беларусь « выступае за развіццё ўзаемавыгадных стабільных адносінаў з NATO, прызнае, што сёння NATO адыгрывае значную ролю ў Еўраатлантычным рэгіёне » (с. 215). Аднак нідзе не сказана пра антынатаўскую дзяржаўную прапаганду і стаўленне да гэтай арганізацыі ў вайсковай дактрыне краіны.
Як і ў папярэдніх раздзелах аўтарскія высновы носяць характар канстатацыі ды трывіяльнасці. Напрыклад, Удавенка паўтарае словы беларускіх дзяржаўных ідэолагаў, сцвярджаючы, што « Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную вонкавую палітыку », або « Беларусь праводзіць актыўную дзейнасць у межах Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў » (с.
274). Аднаўленне дыялогу з ЕЗ і ўключэнне Беларусі ў праграму «Усходняе партнёрства» ён абвяшчае поспехам беларускай дыпламатыі, хаця падставаў для такога сцвяр джэння відавочна не дастаткова: актывізацыя заходняга вектару беларускай вонкавай палітыкі звязаная хутчэй са збегам разнастайных геапалітычных, эканамічных і палітычных чыннікаў, чым з эфектыўнымі захадамі беларускага МЗС. Спіс крыніцаў да гэтага раздзелу ўключае ўсяго дзесяць пазіцыяў, пяць з якіх – інтэрнэт-рэсурсы.
Чацвёрты раздзел цалкам прысвечаны ўкраінскай дыяспары ў Беларусі. Аўтар падрабязна разглядае гісторыю ўкраінскай дыяспары на беларускіх землях, апісвае працэсы ўзаемаадносінаў у асяроддзі беларускага «ўкраінства», разглядае ўкраінскую меншасць у кантэксце нарматыўна-прававой сістэмы Беларусі. Гэтая частка кнігі нашмат лепш прапрацаваная, чым папярэднія раздзелы, утрымлівае шмат схемаў (функцыянавання ўкраінскай дыяспары, міждзяржаўных камісіяў ды інш.) і табліцаў, змяшчае паважны спіс крыніцаў. Выглядае на тое, што гэты раздзел перакачаваў у выданне з ранейшай манаграфіі аўтара «Замежнае ўкраінства ў нацыянальным дзяржаватворчым працэсе: ідэнтыфікацыя, арганізацыя, узаемаадносіны», на якую, аднак, Удавенка не спасылаецца.
У падраздзеле «Украінства ў беларускім памежжы» аўтар робіць нечаканую заяву пра тое, што « ў склад РБ уваходзіць украінская этнічная тэрыторыя Берасцейшчына ». Але праз пару абзацаў паказвае, што на Берасцейшчыне жывуць толькі 3,9% украінцаў (с. 323–324). Нягледзячы на такія заявы, аўтар урэшце пры ходзіць да высновы, што « асноўнай асаблівасцю ўкраінска-беларускіх адносінаў было і застаецца жадан- 235 № 15 (2) 2010 Дзяніс Мельянцоў. Украінска-беларускія адносіны: несістэмны падыход не жыць у міры і сяброўстве», і гэта дапамагае беларускім украінцам «рабіць унёсак у фармаванне беларускай дзяржаўнасці і адносінаў сяброўства і добрасуседства » (с. 337).
Нарэшце, на с. 341, мы даходзім уласна да двухбаковых украінска-беларускіх дачыненняў. Апошні, пяты раздзел складаецца з пяці падраз дзелаў: «Практыка фармавання міждзяржаўных адносінаў» (фактычна гэта хроніка адносінаў), «Палітычныя адносіны», «Гандлёва-эканамічная супраца», «Супраца ў гуманітарнай сферы», «Год Тараса Шаўчэнкі ў Беларусі як чыннік спрыяння ўкраінскай дыяспары і фармавання пазітыўнага іміджу Украіны». Як бачна з гэтага пераліку, уласна двухбаковым міждзяржаўным адносінам Беларусі ды Украіны прысвячаецца менш за палову гэтага раздзелу. Што мы тут бачым?
Перш-наперш аўтар прыводзіць падрабязную храналогію двухбаковых адносінаў і больш як на дзвюх старонках пералічвае нарматыўна-прававую базу адносінаў паміж дзвюма краінамі. У падраздзеле пра палітычныя адносіны Удавенка апісвае візіты на высокім і найвышэйшым узроўнях, міжпарламенцкія кантакты, дэталёва разглядае рэзалюцыі ўкраінскага боку і заявы афіцыйных асобаў, якія датычылі Беларусі, а таксама заявы беларускага прэзідэнта наконт Украіны. Як звычайна, без аналізу ці хаця б крытычнага падыходу да іх зместу. З гэтай прычыны тэкст вельмі падобны да афіцыйнай мовы сайтаў дзяржаўных інстытуцыяў, утрымлівае ў сабе дыпламатычныя абароты і абсалютна не падобны да навуковай мовы або нават публіцыстыкі. Шматразова паўтараюцца сцвярджэнні пра міралюбівы характар украінска-беларускіх адносінаў, добрасуседства, генетычную і ментальную блізкасць двух народаў, іх супольнае гістарычнае мінулае. Падкрэсліваецца, што хаця Украіна і зрабіла еўрапейскі выбар і ў некаторых пытаннях у дачыненні Беларусі салідарызуецца з пазіцыяй ЕЗ, але, тым не менш, « Украіна ўлічвае асаблівы сцэнар грамадскага развіцця Беларусі» і ўважае, што «выбар мадэлі палітычнага і грамадскага развіцця – унутраная справа кожнай краіны » (с. 350–351).
Пасля прачытання апошняга раздзелу застаецца ўстойлівае пачуццё незавершанасці, як быццам аўтар пакінуў усё самае важнае і цікавае для наступнай публікацыі. Прыступаючы да азнаямлення з салідным выданнем па ўкраінска-беларускіх адносінах абазнанага ў праблематыцы аўтара, чакаеш перадусім аналізу сапраўды важных для двухбаковых адносінаў праблемаў: пытання дзяржаўнай пазыкі ды мяжы, альтэрнатыўных паставак нафты, праектаў рэгіянальнай інтэграцыі (БалтыйскаЧарнаморскі калектар ды інтэграцыя ў межах «Усходняга партнёрства»), адносінаў з Украінай у кантэксце расійска-беларускай інтэграцыі, украінскага пасярэдніцтва ў стасунках Беларусі з Захадам ды інш. Але нічога гэтага ў кнізе няма. Балтыйска-Чарнаморскі саюз і транзітная праблематыка ўвогуле не абмяркоўваюцца.
Як і найбольш цяжкая праблема беларуска-ўкраінскіх адносінаў – пытанне дзяржаўнай запазычаннасці.
Дамова пра мяжу згадваецца толькі 236 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (international relations) ў канцы падраздзелу пра палітычныя адносіны – і тое ўскосна: прэзідэнт Віктар Януковіч падзякаваў беларускаму боку за ратыфікацыю дамовы (с. 361–362).
Атрымліваецца, што аўтар, як са праўдны дыпламат, пастараўся ўнікнуць найбольш праблемных і супярэчлівых пытанняў двухбаковых адносінаў і надаць сваёй кнізе палітычна нейтральны характар. Аднак кніга ў такім выглядзе толькі губляе. Пасля азнаямлення з ёй дапытлівы чытач, нават калі ён і не спецыяліст у беларуска-ўкраінскіх адносінах, вымушаны будзе звяртацца да іншых публікацыяў, каб знайсці адказы на свае пытанні. Але, на жаль, такіх публікацыяў на сённяшні дзень не так і шмат.
Акрамя несістэмнасці і даведкавага характару выдання ў ім таксама выразна адчуваецца перавага гуманітарных тэмаў, якія, відаць, нашмат бліжэйшыя аўтару, чым палітыка або эканоміка. І гэта не дзіўна – Удавенка шмат гадоў працаваў менавіта дарадцам у пытаннях культуры. Таму праблемы мяжы і дзярждоўга ў кнізе замяшчаюцца годам Тараса Шаўчэнкі ды развіццём інфармацыйных сістэмаў. Бракуе гэтай працы і канцэптуальнага бачання двухбаковых адносінаў, іх падставаў і перспектываў. На старонках кнігі яны прадстаўленыя проста сукупнасцю падзеяў і кантактаў, а не сістэмай інтарэсаў, узаемаўплываў і праектаў.
У чым жа каштоўнасць кнігі Станіслава Удавенкі? На маю думку, у тым, што гэта першы грунтоўны агляд беларуска-ўкраінскіх адносінаў у шмат якіх сферах, сабраны пад адною вокладкай адным аўтарам.
Выканаць усе задачы, якія Станіслаў Удавенка паставіў ва ўводзінах, яму не ўдалося, але ён здолеў неперадузята прэзентаваць украінскаму чытачу ўсебаковы агляд гісторыі, палітычнай сістэмы і эканамічнага ладу Беларусі, з якой Украіну шмат што звязвае. Несумненна, цалкам навуковым гэтае выданне назваць цяжка: аўтар рэдка аналізуе факты, аддаючы перавагу інфарматыўнасці ды нейтральнасці.
Таму кнігу Удавенкі можна рэкамендаваць найперш як даведнік для замежніка, што цікавіцца Беларуссю і яе вонкаваю палітыкаю.
Падсумоўваючы, можна адзначыць, што кніга Удавенкі не зрабілася тым, чым магла, – першым грунтоўным даследаваннем беларускаўкраінскіх адносінаў. Гэта кампіляцыя, якая дае пэўныя веды пра Беларусь, яе замежную палітыку і ў прыватнасці пра адносіны з Украінаю, але не даследуе і не аналізуе двухбаковых стасункаў належным чынам. Беларуска-ўкраінскія адносіны ўсё яшчэ чакаюць свайго даследніка.