№13/2009 Крытычныя заўвагі да тэксту Кніга кандыдата навук, дацэнта кафедры паліталогіі БДУ Ніны Антановіч «Тэорыя палітычных сістэмаў» уяўляе з сябе абагульненне навуковых і вучэбна-метадычных напрацовак аўтара па тэматыцы палітычных сістэмаў. Гэта, бадай, першая ў беларускай палітычнай навуцы спроба сістэматычнага выкладання тэарэтычных падмуркаў сістэмнага падыходу ў паліталогіі. І гэта, несумненна, заслугоўвае ўвагі. Навучальны дапаможнік уключае ў сябе:
– агульныя ўводзіны ў сістэмны падыход і агульную тэорыю сістэмаў;
– гістарычны агляд развіцця сістэмнага падыходу ў палітычнай навуцы (ад структурнага функцыяналізму праз апісанне мадэляў палітычнай сістэмы да культуралагічных канцэпцыяў);
– апісанне «постсістэмных падыходаў», да якіх аўтар залічвае тэорыю структурацыі Э. Гідэнза, тэорыю сацыяльнага і палітычнага поля П. Бурд’ё, а таксама «новы інстытуцыяналізм» (Д. Марч, М. Олсана ды інш.);
Андрэй Ягораў Несістэмныя ўводзіны ў тэорыю палітычных сістэмаў Антонович Н. А. Теория политических систем: учеб. пособие . Минск, 2008. 208 с.
– спробу тыпалагізацыі палітычных сістэмаў, невялічкі экскурс у тэорыю арганізацыі, агляд сістэмных даследаванняў і міжнародных адносінаў (М. Каплан, І. Валерстайн).
Дапаможнік, як пазначана ў прадмове, мусіць зліквідаваць пэўны прагал, бо « шэраг сучасных працаў утрымлівае недакладныя і няпоўныя ўяўленні пра патэнцыял тэорыі палітычных сістэмаў » (с. 5). Такім чынам, аўтар робіць даволі амбітную заяву, але ж з істотных прычынаў вынік працы нельга назваць цалкам удалым.
Бадай, найбольшаю хібаю дапаможніку трэба назваць яго эклектычнасць. Аўтар імкнецца ўціснуць у межы аднаго падручніку ўсе вядомыя тэорыі ды канцэпцыі, што хоць якім бокам закранаюць паняцце «сістэма». Пры гэтым атрымліваецца простая сума ўсяго апублікаванага за дзесяцігоддзі пасля з’яўлення сістэмнага падыходу. Канцэпцыя і крытыка папросту адсутнічаюць, аўтар толькі збірае, канспектуе і на ўласны капыл інтэрпрэтуе тэксты розных аўтараў.
Атрымліваецца не вельмі зразумелая мяшанка, якая не толькі не дае выразнага разумення сістэмнага 146 №13/2009 Рэцэнзіі падыходу, але можа яшчэ больш заблытаць чытача. Пазіцыя аўтара застаецца нявызначанаю, Н. Антановіч не абірае пэўнага пункту погляду і не схіляецца да асобнай тэорыі ды застаецца толькі дасведчаным чытачом і пераказчыкам шматлікіх тэкстаў.
Апошнія адлюстроўваюцца як раўназначныя і справядлівыя, нягледзячы на іх часам відавочную супярэчнасць адзін аднаму. Пры гэтым нельга казаць пра тое, што аўтар некарэктна пераказвае думкі мэтраў палітычнай навукі. Хутчэй, адарваныя ад кантэксту фрагменты ды пераказаныя ў скарачэнні тэксты не даюць карэктнага ўяўлення пра сутнасць той або іншай канцэпцыі.
Першая частка дапаможніку, прысвечаная ўводзінам у сістэмны падыход, сістэмны аналіз і агульную тэорыю сістэмаў, выглядае найбольш фрагментарнаю. Гісторыя станаўлення сістэмнага падыходу пададзеная непаслядоўна, аўтар пераскоквае з адной логікі выкладання на другую:
то пералічваюцца стваральнікі, то падаюцца тэарэтычныя ўнёскі, то біяграфічныя звесткі. Апісанне асноўных сістэмных катэгорыяў: сістэма, уласцівасці, элемент, структура і г.д. – уяўляе з сябе мяшанку з кібернетыкі, сінергетыкі ды ўласна тэорыі сістэмаў. Дапаможнік імкнецца сумясціць розныя, часам мала сумяшчальныя метадалагічныя падыходы да сістэмнасці 1 . Атрымліваецца даволі блытана, што не дазваляе выразна зразумець ані генеалогіі, ані сутнасці, ані ролі сістэмнага падыходу ў сучаснай навуцы і метадалогіі.
Найбольш раздражняе тое, што адсутнічаюць выразная логіка і паслядоўнасць выкладання матэрыялу.
Кожны абзац паасобку зразумелы і мае свой сэнс, але зразумець два абзацы разам ужо значна цяжэй. Паспрабуйце разабрацца, напрыклад, з такімі сентэнцыямі:
«Параметрамі сістэмы ёсць «уваход», «выхад», працэс і кіраванне з дапамогаю зваротных сувязяў, атачэнне.
Уласцівасці – гэта якасці параметраў. Якасці – гэта вонкавыя праявы працэсу, пры вывучэнні якіх атрымліваецца веда пра аб’ект» (с. 10).
Праз дзве старонкі (с. 13) вы даведаецеся пра існаванне такой катэгорыі, як сістэмныя якасці , якія мала суадносяцца з азначэннем проста якасцяў, і яшчэ праз тры старонкі можна даведацца, што сістэмныя якасці (цэласнасць, структурнасць, разгляд элементаў у якасці самастойных сістэмаў, узаемасувязь сістэмы і асяроддзя, множнасць апісання) увасабляюцца ў прынцыпах сістэмнага падыходу, да якіх залічваюцца прынцыпы цэласнасці, эмерджэнтнасці, узаемасувязі сістэмы і асяроддзя, іерархічнасці, множнасці апісання, самаарганізацыі (с. 16) . І так, у большай або меншай ступені, ва ўсім дапаможніку.
1 Напрыклад, сумяшчаюцца натуралізм, які лічыць, што сістэмы існуюць у рэальным свеце, аб’ектыўна і натуральна, і метадалагічны ідэалізм, што пакладае сістэмы толькі ідэальна, як інструмент і метад аналізу.
147 №13/2009 Андрэй Ягораў. Несістэмныя ўводзіны ў тэорыю палітычных сістэмаў Асобна трэба адзначыць стылістыку цытавання, бо дапаможнік – гэта пераважна набор цытатаў і аўтарскіх пераказаў. Часам цытаты неяк дзіўна суадносяцца адна з адною, супярэчаць іншым месцам дапаможніку або проста невядома нашто ўстаўленыя. Напрыклад:
“У гэтым даследаванні мы зыходзім з таго, што асноўныя прынцыпы сістэмнага падыходу носяць метадалагічны характар. Як пісаў Г. П. Шчадравіцкі, «спецыфіка сістэмнага падыходу можа быць вызначаная толькі пры апісанні структуры і формы метадалагічнай працы.
Сістэмны падыход існуе толькі як падраздзяленне і асаблівая арганізаванасць метадалогіі ды метадалагічнага падыходу» (Щедровицкий, 1996:
102)» (с. 16).
Калі прытрымлівацца такога падыходу, цалкам непраўдзівымі аказваюцца іншыя сцвярджэнні аўтара пра «матэрыяльныя сістэмы, што існуюць аб’ектыўна, незалежна ад назіральніка» (с. 11), ды пра тое, што «сістэмнасць унутрана ўласцівая чалавечаму грамадству» (с. 49), або тое, што палітычныя сістэмы «ўяўляюць з сябе рэальнае інстытуцыянальнае ўтварэнне» (с. 53). Атрымліваецца, што або Н. Антановіч не бачыць сутнасці думкі Г. Шчадравіцкага, які выразна стаіць на метадалагічных пазіцыях і супрацьпастаўляе іх натуралістычным (і ў пэўным сэнсе традыцыйна навуковым), або не бачыць татальнай супярэчнасці паміж рознымі падыходамі.
Другая частка кнігі – «Структурна-функцыянальны і сістэмны падыходы ў аналізе палітыкі» – выглядае значна лепш за папярэднюю.
Тут паслядоўна апісваюцца канцэпцыя Э. Дуркгайма, функцыянальны аналіз Р. Мэртана, тэорыя сацыяльнай сістэмы Т. Парсанза, мадэлі палітычнай сістэмы Д. Істана, Г. Алманда і К. Дойча. Несумненна, гэта надта канспектыўная аўтарская інтэрпрэтацыя тых канцэпцыяў, але ж такое дапушчальна ў межах навучальнага дапаможніку. Важна толькі, пры выкарыстанні дапаможніку ў адукацыйным працэсе, арыентаваць студэнтаў на вывучэнне арыгінальных тэстаў, якія ўжо часткова даступныя хаця б у расійскім перакладзе 2 .
Адэкватнасць другой часткі моцна псуе толькі апошні раздзел «Выкарыстанне культуралагічнага падыходу для апісання палітычнай сістэмы». Па-першае, выкарыстанне катэгорыі «падыход» тут не зусім карэктнае, хаця аўтар скрозь увесь тэкст не вельмі дакладна карыстаецца тэрмінамі ды катэгорыямі (што асабліва бачна ў першай частцы).
Па-другое, не зразумелая асноўная думка, бо спачатку аўтар апісвае ўзаемадзеянне сістэмы культуры і палітычнай сістэмы, а потым апісвае культуру як атачэнне палітычнай сістэмы, затым спыняецца на фактары яе стабільнасці, а потым разглядае яе як частку самой палітычнай сіс2 Прыкладна тое ж можна сказаць і пра апошнюю частку пра міжнародныя адносіны.
148 №13/2009 Рэцэнзіі тэмы (с. 77). Па-трэцяе, некаторыя фрагменты выглядаюць дзіўнавата, калі не сказаць больш. Так, на с. 75 ідзе гаворка пра тое, што «ключавое пытанне арганізацыі ўлады ў любой дзяржаве – гэта тое, як пазбегчы палітычнай нестабільнасці. Аднак поўную стабільнасць можа забяспечыць на нейкі час толькі дыктатура. Гэта спраўдзіў Кенэт Эраў у сваёй “тэарэме немагчымасці”, якая гаворыць, што абсалютную гарантыю ад нестабільнасці палітычнай сістэмы можа забяспечыць толькі поўны дыктат у прыняцці рашэнняў» . Заўважым, што «тэарэма немагчымасці» Кенэта Эраў паказвае толькі тое, што немагчыма стварыць ідэальную сістэму прыняцця калектыўных рашэнняў (галасавання), якая б выконвала патрабаванні рацыянальнасці, вырашальнасці ды дэмакратычнасці адначасова. Ні пра якую стабільнасць або нестабільнасць палітычнай сістэмы Эраў і блізка не кажа. А ягонае «правіла дыктатара» – гэта толькі матэматычны вынік тэарэмы, згодна з якім заўсёды існуе чалавек, выбар якога ёсць адначасова і выбарам бальшыні выбарцаў. Атаясамліваць такую матэматычную адзінку з рэальным палітычным дыктатарам нельга, калі не мець моцнай схільнасці да фантазіяў.
Трэцяя частка – «Сучасныя постсістэмныя падыходы» – трохі засяроджваецца на тэорыі структурацыі Гідэнза, сацыялогіі П. Бурд’ё ды больш падрабязна спыняецца на інстытуцыяналізме і неаінстытуцыяналізме ў палітычнай і эканамічнай навуцы. Што праўда, цалкам не зразумела, чаму аўтар называе ўсе гэтыя тэорыі «постсістэмнымі». Пэўныя тлумачэнні на гэты конт мог бы даць раздзел «Крытыка структурнага функцыяналізму і сістэмнага падыходу», але ж не дае, бо, нягледзячы на назву, крытыка як такая там адсутнічае.
Што і зразумела, бо ніхто з пералічаных аўтараў крытыкаю сістэмнага падыходу не займаўся.
Наступная частка прысвечаная падрабязнаму пераліку розных варыянтаў тыпалогіі палітычных сістэмаў, што існуюць у навуковай літаратуры. Але аўтар не ставіць нейкай выразнай уласнай мэты наконт класіфікацыі, таму тэкст больш нагадвае даведку: «ёсць такія класіфікацыі, а ёсць іншыя».
«Тэорыя арганізацыі», пятая частка дапаможніку, каротка ўводзіць у агульныя ўяўленні пра арганізацыі, тэорыю бюракратыі, дзяржаўнае кіраванне, прыняцце рашэнняў і сеткавыя структуры ў палітыцы.
Тэорыі арганізацыі, на думку аўтара, з’яўляюцца таму, што « ў сучаснай навуцы склалася сітуацыя, калі папярэднія ўяўленні ды канцэпцыі палітычнай сістэмы не ў стане адказаць на ўсе пытанні і развязаць праблемы, датычныя функцыянавання цэнтраў прыняцця палітычных рашэнняў, адказных за дзяржаўнае кіраванне» . Сумнеўнае цверджанне, асабліва калі ўлічыць прыкладна адначасовае з’яўленне сістэмных мадэляў у паліталогіі ды тэорыяў арганізацыі, а таксама моцную повязь тых і другіх у межах сістэмнага падыходу. Цікавасць асобных частак гэтага 149 №13/2009 Андрэй Ягораў. Несістэмныя ўводзіны ў тэорыю палітычных сістэмаў раздзелу моцна залежыць ад крыніцаў, на якія абапіраецца аўтар. Пры выкладанні тэорыі бюракратыі Вэбэр дадае плюсаў тэксту, чаго нельга сказаць пра часткі, прысвечаныя дзяржаўнаму кіраванню і сеткавым структурам, якія абапіраюцца на відавочна не найлепшай якасці расійскія ды мясцовыя спробы тэарэтызавання. Што да часткі пра дзяржаўнае кіраванне, то аўтарскае выдзяленне паняццяў сацыяльнага кіравання, палітычнага кіравання, дзяржаўнага кіравання ў вузкім і шырокім сэнсах і г. д. ёсць толькі фармальна лагічнымі. Гэта значыць, што іх змест толькі тэкстуальны і яны не маюць аніякага эмпірычнага, практычнага або дзейнаснага карэляту. Таму ўсе цверджанні можна крытыкаваць толькі з боку іх лагічнай карэктнасці, а гэта асаблівага сэнсу не мае. Тэкст у такой жа ступені абстрактна правільны, у якой, на жаль, пазбаўлены практычнага боку.
Што да сеткавых структураў, то тут моцна ўражвае кавалак пра біяпалітыку і асабліва пра даследаванні расійскага палітолага А. Алескіна. У арбіту цікаўнасці апошняга трапляюць пытанні біяпалітыкі , і ў прыватнасці пытанне, «як уплывае гармонія біялагічнай структуры на гармонію калектыўнасці, на фармаванне найвышэйшай ступені самаарганізацыі сацыяльнай структуры, г. зн. на грамадзянскую супольнасць» (с. 149).
Прасочваючы такія ўплывы, Алескін заўважае, што «гарызантальныя (неіерархічныя структуры) існуюць у разнастайных формах жывога побач з іерархіямі » (с. 149): бабуіны, мартышкі ды мурашы пры абароне «гнёздаў» арганізаваныя іерархічна, а вышэйшыя чалавекападобныя малпы – гарызантальна (с. 150). Чалавечыя калектывы камбінуюць абодва тыпы арганізацыі. Алескін адкрывае, што ў чалавечых арганізацыях праяваю неіерархічных механізмаў каардынацыі ёсць феномен «частковага лідэрства». « У плямёнах паляўнічых і збіральнікаў лідэрства мела “частковы, падзелены” характар, абмежаваны рамкамі пэўных “кампетэнцыяў” », – піша аўтар, цытуючы Алескіна (с. 150). Як вынік, гэтае частковае лідэрства мае сваё ўвасабленне ў структурах сучаснай грамадзянскай супольнасці. Пакінем гэта без каментара. Адзначым толькі, што расійскаму палітолагу Алескіну ў дапаможніку прысвечана столькі ж месца, колькі Гідэнзу з Бурд’ё разам. Мабыць таму, што для тэорыі палітычных сістэмаў вынікі біяпалітычных даследаванняў Алескіна важнейшыя.
Замест падсумавання Аўтар прааналізаванага вышэй дапаможніку, Ніна Арсеньеўна Антановіч, – гэта, бадай, найлепшая выкладчыца кафедры паліталогіі БДУ.
Яе курсы, падчас навучання рэцэнзента ў 1997–2002 гг., былі найбольш цікавымі ды набліжанымі да зместу сучаснай палітычнай навукі. І, можа, менавіта праз тое хто-ніхто з яе студэнтаў і абіраў паліталогію сваім прафесійным заняткам. Але навуковая праца і акадэмічная (сама)дысцыпліна заўсёды заставаліся праблемаю.
Таму натуральна, што нават на перспектыўных навукоўцаў аказвае ўплыў неспрыяльнае асяроддзе, у якім скла- 150 №13/2009 Рэцэнзіі дана рэалізавацца ў якасці нармальнага акадэмічнага даследчыка палітыкі. Адсутнасць умоваў і стымулаў для развіцця – галоўная хіба беларускай універсітэцкай сістэмы. У адсутнасці матываў і нармальнай камунікацыі людзі застаюцца сам-насам са сваімі думкамі ды сваёй працаю. На жаль, адсутнічае рэфлексія вартага і не вартага, навуковага і не навуковага, добрага тэксту і дрэннага. Як вынік, мы атрымліваем даволі абсурдны падручнік, пабудаваны як збор цытатаў, фрагментаў, пераказаў, інтэрпрэтацыяў, без выразнай канцэпцыі ды логікі выкладання, пры нябачнасці думкі аўтара. Зробленая вялікая праца (аўтар выкарыстала 235 кніжак і артыкулаў), але фармуецца такі тып акадэмічнай дзейнасці, які з большменш нармальнага матэрыялу вырабляе нешта надзіва спецыфічнае.
І ўзнікае пытанне: як трэба мысліць, каб напісаць такі тэкст?
Найперш трэба мець надзвычай нізкую ацэнку самога сябе як навукоўца або мысляра. Падаецца, што аўтар нашага навукова-метадычнага дапаможніку ўяўляе сябе маленькім чалавечкам у вялізным свеце разнастайнай веды. Чалавечак не можа сам ацаніць праўдзівасць або памылковасць веды, не можа сам адрозніць вартае ад нявартага, бо веда для яго ёсць чымсьці амаль сакральным, яна (веда) уся цалкам ёсць правільнаю, хай сабе і супярэчліваю ўнутры. Такі стан свядомасці ды мыслення звычайна паўстае тады, калі аўтар сам не ўдзельнічае ў працэсе стварэння веды адпаведнага ўзроўню. У яго няма сваіх ведаў , але ж і абраць якінебудзь чужы канцэпт або тэорыю для яго таксама немагчыма, бо ўся веда есць раўназначнаю. Наступствамі такой пазіцыі будуць пералічаныя ніжэй з’явы (і ўсё гэта яскрава бачна ў тэксце дапаможніку).
Спекулятыўная тэарэтычнасць .
Увага надаецца толькі тэарэтычным разважанням, эмпірычнае або практычнае пацверджанне гэтых разважанняў ігнаруецца. Калі гэта так, то што Бурд’ё, што Алескін – усё адно, бо няма крытэрыяў, каб адрозніць адзін тэкст ад іншага.
Гэта цягне за сабой эклектычнасць. Тэкст будуецца з лапікаў цытат і пераказаў розных аўтараў, састыкаваных адзін з адным, без крытыкі, без вынясення ацэнак. Калі такія ацэнкі і з’яўляюцца, то зноў жа толькі як чыесьці цытаты.
Унутраная алагічнасць і супярэчлівасць . Аўтар не можа прытрымлівацца жорсткай паслядоўнасці выкладання ў адзіным падыходзе, бо гэта будзе вымушаць адкідаць адныя канцэпцыі ды прымаць іншыя. Для гэтага падставаў няма, бо ўсё ёсць справядлівым, усё прымаецца. Таму розныя часткі тэксту натуральна пачынаюць «канфліктаваць», а сам выклад набывае дзіўны выгляд скокаў з тэмы на тэму, калі пастаянна змяняецца паслядоўнасць выкладання.
Даведкавасць і кампілятыўнасць. Тэкст набывае рысы даведніку па тэме, аўтар кампілюе ўсё, што можа знайсці. Бо каштоўнасць тэксту пачынае вымярацца не сутнасцю, але колькасцю спасылак і ахопам матэрыялу.
Павярхоўнасць . Адваротным бокам спробы ахапіць увесь магчымы матэрыял становіцца павярхоўнасць, 151 №13/2009 Андрэй Ягораў. Несістэмныя ўводзіны ў тэорыю палітычных сістэмаў бо аўтару няма часу глыбока разбірацца з сутнасцю чужых канцэпцыяў.
Гэта прыводзіць да фактычных памылак у інтэрпрэтацыі.
Калі магчыма разгледзець напісанае вышэй як тэндэнцыю, то вымалёўваецца даволі сумная карціна акадэмічнай паліталогіі ў Беларусі.