№13/2009 Даследаванні элітаў у Беларусі, паводле Ніны Антановіч, сталі актуальнымі ў межах палітычнай навукі ў звязку з рэферэндумам 1996 г., які прывёў да фармавання выканаўчай вертыкалі, скарачэння мажлівасці палітычнай канкурэнцыі ды набыцця беларускім рэжымам аўтакратычных прыкметаў. У выніку палітолагі звярнуліся да аналізу сутнасці і мадэляў дэмакратыі, мясцовых элітаў, праблемаў палітычных рэжымаў, дэмакратычнага транзіту (у якім важную ролю мусілі адыграць контрэліты), праблемаў узаемадзеяння інтэлектуалаў і ўлады (Антонович, 2004). У гэтым тэксце мы паспрабуем даць агульнае ўяўленне пра досвед вывучэння беларускай эліты за апошнія 20 гадоў.
Майкл Урбан і беларуская савецкая эліта. Першым спецыяльным даследаваннем беларускіх элітаў стала праца амерыканскага даследнiка Майкла Урбана, якая пабачыла свет у 1989 г. (Urban, 1989) 1 .
Выкарыстоўваючы адмысловы матэматычны апарат (нездарма даследаванне называецца «алгебра»), Урбан даследуе ўзоры рэкрутацыі элітаў у партыйны і ўрадавы апарат БССР цяНаталля Васілевіч Даследаванне беларускіх элітаў:
паміж алгебрай і геаграфіяй гам 1966–1986 гг. (фактычна, у перыяд брэжнеўскага «застою»). У працы аналізуецца кар’ерны шлях 3127 асобаў і 2034 займаныя пасады і робіцца выснова, што мадэль рэкрутацыі элітаў падобная да ланцуга Маркава, гэта значыць, рух вакансіяў практычна не залежыць ад уплыву цэнтру. Урбан таксама паказвае, што беларуская савецкая эліта складалася з асобных патранажных групаў, паміж якімі вялася палітычная барацьба: «партызаны», «менская гарадская індустрыяльная група», «кліенты Брэжнева» – і паказвае асноўныя ўласцівасці і тэндэнцыі развіцця беларускай савецкай эліты ў 1960–1980-х гг.
Усплёск дысертацыяў (2001– 2003). Беларускія даследнікі пачынаюць вывучаць эліты на пачатку 2000-х гг. У пострэферэндумны час набывае структуру і беларуская палітычная навука ў межах кафедры БДУ, дзе эліталогія становіцца важнаю тэмаю дысертацыяў першых выпускнікоў-навукоўцаў. Ужо ў 2001 г. на кафедры абаранілі дзве кандыдацкія дысертацыі па блізкіх тэмах. Першая (Уладзіміра Падкапаева) – «Тэарэтычныя праблемы фармавання і цыркуляцыі элітаў у палітычнай сістэме ЗША» (Подкопаев, 2001); дру1 На пачатку 2010 г. выйшаў яе беларускі пераклад (Урбан, 2010).
33 №13/2009 Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй гая (Наталлі Ляховіч-Петраковай), прысвечаная менавіта беларускаму грамадству, – «Трансфармацыя палітычнай эліты ў постсацыялістычных краінах» (Ляхович-Петракова, 2001).
Праз два гады Аксана Важгурава разгледзела пытанні партыйных элітаў у дысертацыі «Партыі Беларусі ў барацьбе за палітычнае лідэрства на сучасным этапе (сацыяльна-паліталагічны аналіз)» (Вожгурова, 2003).
Цалкам дысертацыі складаюць 10 % ад усіх абароненых у 2000–2009 гг., што дэманструе важнасць тэмы для беларускіх даследнікаў.
Аналітыка і неафіцыйная палітычная навука. Але асноўнае апісанне беларускае палітычнае эліты адбываецца ў межах аналітыкі і «неафіцыйнае» палітычнае навукі.
Гэта пераважна тэксты, звязаныя з аналізам актуальных палітычных падзеяў. Сярод аналітычных матэрыялаў, дзе разглядаецца гэтая тэма, варта згадаць зборнікі «Беларуская палітычная сыстэма і прэзідэнцкія выбары» (2001), «Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму» (2005), «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі» (2003) і зборнік «Беларуская палітычная сцэна і прэзідэнцкія выбары 2006» (2007). Апроч гэтага, праблема ідэнтычнасці эліты закранаецца ў зборы «Беларусь: ні Эўропа, ні Расея» (2006). Сваё значэнне для асвятлення тэмы маюць таксама спецыяльныя (Казакевіч, 2007) і аналітычныя (Чавусаў, 2005) артыкулы.
Усе гэтыя працы можна аднесці, галоўным чынам, да незалежнай паліталогіі, не звязанай з афіцыйнаю палітычнаю навукаю. Рэч у тым, што ўзмацненне ідэалагічнага складніку палітычнага рэжыму абмежавала кола тэмаў для палітычных даследаванняў у межах афіцыйных інстытуцыяў. Па-першае, рэжым зацікаўлены ў стварэнні падабенства маналітнасці кіроўнай эліты, па-другое, ён не можа дазволіць называць апазіцыю элітаю нават з прыстаўкаю «контр».
Да таго ж, уся палітычная навука на афіцыйным узроўні пасля 2003 г.
перанакіроўвацца на праблемы дзяржаўнае ідэалогіі.
Аналітыка падзелу эліты. Пётру Начыка можна назваць адным з найбольш актыўных даследнікаў беларускіх элітаў. У сваіх тэкстах ён звяртае ўвагу на асаблівасці беларускага наменклатурнага класу, галіновых элітаў, на розныя аспекты кадравай палітыкі ды барацьбы канкрэтных «кланаў» («сілавікоў», «магілёўскай групоўкі» і г. д.).
У 2001 г., калі адбыліся другія прэзідэнцкія выбары і Аляксандра Лукашэнку пераабралі на другі тэрмін, надзвычай актуальна было казаць пра «наменклатурны пераварот» (нават стратэгія абрання адзінага кандыдата, якім стаў прафсаюзны дзеяч Уладзімір Ганчарык, грунтавалася на логіцы ўздзеяння на наменклатуру). Меркавалася, што кіроўная эліта ёсць неаднароднаю, утрымлівае істотныя супярэчнасці, партыкулярныя інтарэсы, на якіх меркавалася згуляць падчас выбарчай кампаніі.
Як вядома, кампанія не была паспяховаю, але цікавасць да структуры эліты актуалізавалася з новымі кадравымі прызначэннямі. Разгляду гэтых пытанняў і прысвечаны тэкст П. Натчыка. Ён піша: «Асаблівасці 34 №13/2009 Эліты і нефармальная палітыка стаўлення да пераменаў і рашучасці абараняць гэтыя перамены акурат і ўтвараюць падмурак для падзелу розных плыняў у эліце. Але гэтыя плыні, у сваю чаргу, з’яўляюцца вынікам папярэдняга развіцця эліты» (Натчык, 2001) .
Сярод фактараў, якія ўплывалі на фармаванне розных плыняў у структуры беларускай эліты, аўтар вызначае наступныя: прамысловы, аграрны і «памежны». Прамысловы фактар стымуляваў функцыянераў буйных прадпрыемстваў паляпшаць свае адносіны з уладным цэнтрам, арыентавацца на цэнтральную ўладу;
аграрны вызначаў зацікаўленасць у захаванні ўплыву на месцах; а памежнае становішча Беларусі з Еўропаю надавала большую значнасць сілавікам – службе бяспецы і памежнікам.
Карыстаючыся з даследаванняў М. Урбана, П. Натчык прасочвае генеалогію беларускай наменклатуры пачынаючы з пасляваеннага часу. У 1980-х гг. на змену «партызанскай» прыходзіць прамысловая эліта, звязаная з развіццём буйных прадпрыемстваў ды іх партыйных камітэтаў.
На погляд П. Натчыка, менавіта ў адносінах паміж «партызанскай» і прамысловай элітамі закладаецца супрацьстаянне ў сістэме перадзелу ўлады ў краіне нават у паслясавецкі час, ствараюцца дзве структурныя мадэлі: субардынацыі («партызанская» эліта) і кластэраў (прамысловая эліта). У БССР цэнтральная эліта фармавалася праз прамысловую мадэль, а абласная – праз аграрную:
цэнтральная эліта мела магчымасць выхаду на вышэйшы ўзровень, але не магла кантраляваць рэгіянальны, у той час як рэгіянальныя эліты мелі слабы выхад на рэспубліканскі цэнтр, але захоўвалі кантроль у рэгіёнах (Натчык, 2001).
У час распаду СССР аграрна-прамысловая рэгіянальная эліта атрымала шанец выйсці на рэспубліканскі палітычны ўзровень праз выбары ў Вярхоўны Савет XII склікання, які стаў парламентам старшыняў калгасаў ды іншых рэгіянальных функцыянераў, а наменклатура цэнтральных органаў хоць і захавала пераважнае месца ў структуры ўлады, аднак адчула аслабленне кантролю.
Апроч двух згаданых відаў элітаў, П. Натчык таксама адзначае вялікі арганізацыйны патэнцыял эліты праваахоўных органаў, сілавікоў, змаганне з якімі спрабуе весці цэнтральная эліта. Яшчэ адным удзельнікам працэсу ён называе новую нацыянальна-дэмакратычную контрэліту, якая становіцца пагрозаю для пазіцыяў наменклатуры.
Даследнік вызначае некалькі этапаў станаўлення эліты ў Беларусі пасля першых выбараў прэзідэнта.
Першы этап – парламенцкі, або псеўдадэмакратычны, калі А. Лукашэнка прызначаў вышэйшых службоўцаў дзяржапарату праз асабістыя кантакты і рэгіянальныя сувязі («магілёўцы», дэпутаты Вярхоўнага Савету XII склікання), а таксама прадстаўнікоў вышэйшай наменклатуры. На першым этапе П. Натчык выдзяляе тры асноўныя плыні цэнтральнай эліты:
старая эліта, сілавікі і парламентарыі. Старая эліта захавала асноўныя пазіцыі ў эканамічнай сферы; адбыліся значныя ратацыі сярод сілавікоў;
парламентарыі ж характарызуюцца 35 №13/2009 Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй тым, што яны былі вельмі разнастайнаю ды няўстойліваю групаю. З цягам часу на іх месца прызначылі больш арганізаваных прадстаўнікоў дзвюх першых груповак.
З 1996 г. аслабілася і прамысловаэканамічная эліта, што было звязанае з палітыкаю беларускага рэжыму ў галіне эканомікі, а таксама з тым, што на першае месца выйшла старая наменклатурная эліта, патрэбная прэзідэнту для таго, каб ажыццяўляць палітыку экспансіі на ўсход.
«Расійскі» фактар набыў значнасць у палітычным полі, сувязь з Расіяй стала важным рэсурсам старой наменклатурнай эліты. Паступова рэгіянальная, прамысловая і рэспубліканская эліты страчвалі свае пазіцыі на карысць арганізаваных сілавікоў.
Гэтым характарызуецца другі этап станаўлення эліты.
Трэці этап звязаны з пераменамі ва ўнутранай і вонкавай палітыцы Беларусі, звязанай з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў 2001 г., а таксама з падзеннем актуальнасці «ўсходняга» фактару. Галоўнаю становіцца патрэба ўзмацніць кантроль унутры краіны. Старая наменклатурная эліта страчвае свой уплыў, а значэнне сілавікоў узмацняецца. Прамыслова-эканамічныя эліты становяцца яшчэ больш залежнымі ад цэнтру. У заканчэнні артыкулу аўтар выказвае надзею на тое, што незадаволеныя элітныя групоўкі змогуць аб’яднацца, што пойдзе на карысць дэмакратычнай апазіцыі.
Эліта і рэвалюцыя. Артыкул Юрыя Чавусава (Чаусов, 2005) працягвае гучную тэму наменклатурнай рэвалюцыі, якую сам даследнік звязвае з «фактарам нафты», здольным спарадзіць супрацьстаянне ў межах эліты. Аўтар спрабуе вызначыць магчымыя варыянты развіцця падзеяў у гэтым супрацьстаянні: першы – наменклатура ўсвядоміць свае ўласныя інтарэсы, адрозныя ад інтарэсаў рэжыму, але не сфармуецца як палітычны клас; другі – яна ўсвядоміць свае інтарэсы і сфармуецца як палітычны клас, і гэта будзе сведчыць пра наспяванне рэвалюцыйнай сітуацыі;
трэці – наменклатура застанецца аморфнаю групаю.
У часе прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. стратэгія апазіцыі змяняецца: больш не назіраецца арыентацыі на наменклатурны пераварот. У той самы час структуры грамадзянскай супольнасці ў звязку з «зачысткай» ідэалагічнага поля пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. значна аслаблі, і адзінаю надзеяй апазіцыі становіцца бізнес-эліта. У аналітычным зборніку, прысвечаным выбарам 2006 г., робяцца рэфлексіі, чаму бізнес-эліта засталася неактыўнай у палітычнай кампаніі. Андрэй Камышэвіч (Камышэвіч, 2007) адзначае, што ў выніку развіцця прыватнай сферы можа « з’яўляцца досыць аўтаномная бізнес-эліта... што стварае больш умоваў для яго [палітычнага кантролю] аслаблення і ўнутраных канфліктаў ». Такім чынам, беларуская ўлада перадухіляла фармаванне кансалідаванай бізнес-эліты праз дамінаванне дзяржаўнай уласнасці, якая не дазваляла ўзнікнуць самастойным алігархічным групам, і адпаведна, перадухіляла дэцэнтралізацыю кіроўнай эліты. Больш за тое, карпаратыўная дзяржава выбудоўвала з тымі або 36 №13/2009 Эліты і нефармальная палітыка іншымі прадпрыемствамі адносіны патранажу, надаючы бізнес-эліце васальны статус, атрыманне якога адбывалася ў ходзе канкурэнцыі, і шмат якія суб’екты для ўключэння ў патранажна-кліенцкія адносіны шчыра імкнуліся быць лаяльнымі.
У той самай кнізе, прысвечанай прэзідэнцкім выбарам 2006 г., варта адзначыць у кантэксце вывучэння элітаў таксама тэкст Андрэя Ляховіча (Ляховіч, 2007). Галоўную ўвагу аўтар звярнуў на кадравыя перастаноўкі ды існаванне розных «кланаў» у складзе кіроўнай эліты. Тэкст разгортваецца як пасьянс, у якім тыя або іншыя карты ператасоўваюцца ў той самай калодзе: мы сустракаем ужо знаёмых нам дзейных асобаў – шклоўска-магілёўскі клан, які супрацьстаіць клану сілавікоў на чале з Віктарам Шэйманам. Аўтар прапаноўвае нам прасачыць кадравыя перастаноўкі, у якіх, на ягоны погляд, і ляжыць ключ да разумення супрацьстаяння розных элітаў.
Эліты і вынікі выбараў. У 2004 г. у Беларусі праводзяцца парламенцкія выбары, таму пытанне элітаў набывае новую актуальнасць. Перадусім паўстае праблема аналізу складу парламентаў рознага склікання.
У выніку выбараў 1990 г. паўстаў «функцыянерскі» парламент з дзвюма асноўнымі платформамі: дэмакратычнай і КПСС. Прадстаўнікі апошняй у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання яўна пераважалі, і спосаб размеркавання пасадаў, уласцівы гэтай эліце, П. Натчык характарызуе як «новы кліенталізм» (Натчык, 2005). У прынцыпе, даследнік паўтарае свае высновы (Натчык, 2001), датычныя менскай наменклатуры: яна не была зацікаўленая выкарыстоўваць перамены для пашырэння ўлады ў рэспубліцы, бо арыентавалася на прасоўванне на ўсесаюзны ўзровень, а перамены давалі больш улады непартыйнай эліце. Што датычыць эліты рэгіянальнай, то, на думку Натчыка, яна была мала скіраваная на ўдзел ва ўладзе. Рэгіянальная эліта не была зацікаўленая ў барацьбе за цэнтральную ўладу, бо не магла нічога прынесці ў матэрыяльным плане. Такім чынам, цэнтральная эліта не жадала мяняць мадэлі кіравання, мясцовыя эліты былі слабыя, а нефармальныя эліты (БНФ) толькі пачалі складацца.
Выбары 1995 г. у Вярхоўны Савет ХІІІ склікання адбываліся на фоне цэнтралізацыі выканаўчай улады і афармлення партыйнай сістэмы.
Для супрацьпастаўлення гэтым сілам улады заахвочвалі вылучацца ў парламент прадстаўнікоў вертыкалі, тым больш што іхны ўдзел дазваляў скарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс у адпаведных рэгіёнах. У выніку выбараў правы блок (БНФ, БСДГ) не змог прайсці ў парламент; асноўныя месцы там занялі левыя сілы (КПБ і Аграрная партыя), а таксама Партыя народнай згоды, якая складалася акурат з функцыянераў. Цяпер самым асноўным размежаваннем у элітах стала «ўлада – апазіцыя». Натчык адзначае, што ў новым парламенце са 198 дэпутатаў 136 былі дзяржаўнымі функцыянерамі і гаспадарчымі кіраўнікамі, што працягвала традыцыю функцыянерскага парламентарызму (Натчык, 2005a).
П. Натчык вызначае такое становішча як правінцыялізм: « рэгія- 37 №13/2009 Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй нальная эліта набывае сваю значнасць не праз сацыяльна-эканамічнае развіццё свайго рэгіёну і не праз барацьбу за давер насельніцтва, а праз санкцыю цэнтру (прызначэнне, асабістыя ці патрон-кліенцкія сувязі) » (Натчык, 2005a). У такіх умовах крытэрамі ацэнкі эфектыўнасці рэгіянальнага кіраўніцтва становяцца асабістая адказнасць, лаяль насць да цэнтру, супадзенне палітыкі кіраўніцтва рэгіёну са зменліваю пазіцыяй цэнтру. Правінцыялізму, на думку П. Натчыка, могуць супрацьстаяць толькі зацікаўленасць эліты ў тым, каб застацца ў рэгіёне і выкарыстоўваць рэсурсы рэгіёну на яго карысць, а таксама развіццё грамадзянскай супольнасці. Аднак дзяржаўная палітыка скіраваная на заахвочванне правінцыялізму, які ёсць важнаю перадумовай існавання вертыкалі ўлады.
Аналізуючы вынікі мясцовых выбараў, Натчык адзначае, што ў 1990 г.
мясцовыя саветы былі пракамуністычнымі (67,4 % у іх складалі функцыянеры КПСС і ВЛКСМ) (Натчык, 2003a). У 1995 г. мясцовыя супольнасці характарызаваліся невялікаю актыўнасцю ды нявызначанасцю, што прывяло да «наменклатурнага» характару дэпутацкага корпусу.
Аналіз вынікаў выбараў у аблсаветы паказвае, што інтэлігенцыя, бізнесэліта, прамысловая і сельскагаспадарчая эліта складалі вельмі малую частку дэпутатаў, большасць жа – «статуснае кіраўніцтва», дырэктары школаў, бальніцаў ды іншых бюджэтных установаў.
У 1999 г. назіраўся дэфіцыт кандыдатаў, іх асноўны склад – статусны, прамысловы і сельскагаспадарчы дырэктарат. Натчык лічыць, што мясцовыя эліты, у гэтым выпадку, «абраўшы ў палітыцы ролю слабога і пагадзіўшыся на выкананне другасных функцыяў у палітыцы... сталі значным звяном у ланцугу падтрымання цэнтралізаванай улады. І гэтая роля выконваецца імі насуперак асабістым інтарэсам. Неарганізаванасць і нявызначанасць пазіцыяў не дазваляе ім парваць гэты ланцуг» (Натчык, 2003a).
Рэгіянальныя эліты: досвед эмпірычнага аналізу. Вынікі мясцовых выбараў сталі базаю вывучэння рэгіянальных элітаў і для Андрэя Казакевіча, але ў сваім тэксце (Казакевіч, 2007) ён звяртаецца да больш позняга перыяду і спрабуе абаперціся на больш падрабязныя звесткі.
На меркаванне Казакевіча, аналіз дэпутацкага корпусу абласных саветаў можа дапамагчы зразумець асаблівасці рэгіянальных элітаў. З аднаго боку, аўтар працягвае традыцыю Натчыка (Натчык, 2003а; Натчык, 2003b), але з іншага – адмяжоўваецца ад метадалагічных падыходаў апошняга і развівае сваю ідэю, звязаную з элітамі як структурамі: «рэгіянальныя эліты і кланавыя групы з’яўляюцца ўстойлівымі структурамі. Яны моцна звязаныя з рэпрэзентацыяй мясцовых інтарэсаў і валодаюць адносна высокім сацыяльным (і эканамічным) капіталам» (Казакевіч, 2004) .
Аўтар тлумачыць, чаму для аналізу рэгіянальных элітаў выбраныя менавіта склады мясцовых саветаў – гэта адзіная празрыстая крыніца кадравых перамяшчэнняў у рэгіёнах.
38 №13/2009 Эліты і нефармальная палітыка Адначасова адзначаецца недастатковасць такіх звестак, бо ў структуры рэальнай мясцовай улады саветы, у параўнанні з выканкамамі, займаюць досыць прыніжанае становішча.
Апроч складу дэпутацкага корпусу, на думку А. Казакевіча, варта даследаваць і асаблівасці выбарчай «дысцыпліны», якая мае некалькі крытэраў: наколькі поўна фармуецца склад саветаў (які адсотак дэпутацкага корпусу абіраюць у першым туры);
практыка другога туру; наяўнасць канкурэнцыі (альтэрнатыўныя або безальтэрнатыўныя акругі).
Трэцім складнікам аўтар прапаноўвае лічыць даследаванні партыяў і партыйнага прадстаўніцтва. Як лічыць А. Казакевіч, такія звесткі маглі б быць карысныя для выяўлення палітычных тэндэнцыяў на рэгіянальным узроўні. Карыстаючыся наяўнай інфармацыяй, даследнік, прыводзячы прыклады, звяртае ўвагу на тое, што ў аблсаветах назіраецца феномен партыйнага прадстаўніцтва, які мае атрымаць належнае тлумачэнне. Даецца і табліца размеркавання прыналежнасці да партыяў у дэпутацкім корпусе. Гэтыя звесткі паказваюць, што паміж абласцямі назіраюцца тэрытарыяльныя асаблівасці партыйнай рэпрэзентацыі.
Па-чацвёртае, на погляд А. Казакевіча, пра пэўныя тэндэнцыі ў мясцовых саветах можа сведчыць іх узроставая і гендэрная структура. Аўтар рэзонна заўважае, што дэмаграфічная статыстыка дазваляе з вялікаю доляй імавернасці гаварыць пра ўзровень мадэлявання складу саветаў – калі там будзе высокае прадстаўніцтва жанчын, моладзі і пенсіянераў. Аўтар прыводзіць гэтыя паказчыкі па ўсіх абласцях, і артыкул ёсць крыніцаю, у якой усе гэтыя звесткі ўпарадкаваныя па шкалах. Апроч гэтага, Казакевіч робіць высновы наконт тэндэнцыяў канструявання саветаў: 2003 г., паводле гэтых звестак, найбольш маніпуляцыйны, а ў 2007 г.
назіраецца тэндэнцыя на паслабленне кантролю.
Пяты аспект даследавання рэгіянальных элітаў – іх тэрытарыяльнае прадстаўніцтва. Аналіз інфармацыі па абласных саветах паказвае, што дэпутаты ўсё меней адносяцца да мясцовых, адпаведна ідзе працэс цэнтралізацыі, калі кандыдаты (і дэпутаты) перастаюць быць прадстаўнікамі сваёй акругі, а належаць да абласнога цэнтру. Размеркаванне дэпутатаў аблсаветаў паводле месца жыхарства адлюстроўваецца ў табліцах, а па Віцебскай вобласці прыводзіцца наглядная колеравая мапа.
Трэба адзначыць, што хоць у артыкуле і не ставілася задача дэталёвага аналізу рэгіянальных элітаў, але нават у першым набліжэнні аўтар зрабіў цікавыя назіранні. Сапраўды, усе вышэйзгаданыя паказчыкі, у тым ліку дэмаграфічныя, прамалёўваюць досыць устойлівыя тэндэнцыі; тым не менш гэтыя тэндэнцыі ў кантэксце артыкулу ёсць ілюстрацыямі да пэўных метадалагічных падыходаў.
«Who governs?» Іншы спосаб вывучэння рэгіянальных элітаў у межах даследавання малых гарадоў Беларусі прапаноўвае Андрэй Ягораў (Ягораў, 2009). Даследаванне малых гарадоў цягам 2007–2008 гг. праводзіла Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, арганізоўваючы экспедыцыі, а таксама 39 №13/2009 Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй спрабуючы ладзіць лакальныя імпрэзы. Гэтае даследаванне паказвае, што за вертыкаллю ўлады ў малых гарадах стаіць іншая рэчаіснасць, нефармальныя адносіны, розныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, унікальныя ўмовы таго або іншага мястэчка, якія накладаюць свой адбітак, што дазваляе казаць пра наяўнасць розных мадэляў рэалізацыі ўлады і кіравання.
Ва ўводных заўвагах А. Ягораў адзначае, што беларуская рэчаіснасць у выніку пэўных гістарычных умоваў характарызуецца адчужэннем насельніцтва ад улады, якое прымаецца як нарматыўнае, а рэалізацыя ўлады ў горадзе звязваецца з фармальнымі ўладнымі пасадамі. Аднак, як ужо адзначалася раней, на думку аўтара, уладаю функцыянераў уладныя адносіны не абмяжоўваюцца.
Першы падзел, які вызначаецца ў структуры ўлады, адбываецца паводле лініі «свае – чужыя».
«Сваімі» лічацца тыя, чыя асабістая гісторыя знаёмая мясцовым людзям, «чужыя» ж – гэта пераважна выхадцы з іншай мясцовасці. Гэты падзел набывае асаблівую актуальнасць у мястэчках, у якіх развіты лакальны патрыятызм. Падзел «свае – чужыя» можа пашырацца і на групы і структуры – звязаныя з горадам або вонкавыя для яго. Сярод «чужых» вылучаюцца наступныя групы: кіраванне фармальнай структуры, калі ўлада ў горадзе належыць вышэйшым дзяржаўным органам; карпаратыўныя структуры – вайсковыя, сілавыя, вытворчыя, уладныя групы ў цэнтральным апараце кіравання. Сярод «сваіх» даследнікі вылучаюць тры тыпы групаў: кланы або сем’і; квазісупольнасць тых, хто «выйшаў у лю дзі»; царкоўная супольнасць.
Эліта і культура. Ад структурных аспектаў даследавання элітаў варта перайсці да ідэалагічнага. У сваім іншым тэксце (Казакевіч, 2006) Андрэй Казакевіч спрабуе апісаць эліту не як структуру, але культурны феномен – у кантэксце геапалітычнага асэнсавання беларускай ідэнтычнасці. Тут ідзецца не пра ўзроставы, гендэрны ды іншы склад, але пра субкультуры – стылі мыслення, стратэгіі асэнсавання вонкавага кантэксту Беларусі. На погляд А. Казакевіча, на сённяшні момант у структуры беларускай эліты галоўны падзел ідзе не паводле функцыянальнага крытэру, але паводле восі «ўлада – апазіцыя», якая цягне за сабою больш фундаментальны падзел на ўзроўні культуры і каштоўнасцяў. На думку даследніка, наяўнасць розных субкультураў абумоўленая структураю біяграфіяў, адукацыяй, сацыяльным паходжаннем, культурным фонам, пазіцыяй у палітычным полі, карпаратыўнымі сувязямі ды інш. Такім чынам, А. Казакевіч выдзяляе чатыры групы беларускай эліты адпаведна тым поглядам, якія яны падзяляюць.
Па-першае, гэта беларуская постсавецкая эліта, якая ўгрунтаваная ў кантэкст беларускай савецкай культуры і адпаведнай ідэнтычнасці ды для якой Еўропа і Расія мае не цывілізацыйнае, а прасторавае вымярэнне.
Пры гэтым назіраецца пазітыўнае стаўленне да Еўропы.
Як супрацьвага першай выступае нацыянальная эліта, для якой Еўропа ёсць сімвалам нацыянальнага адра - 40 №13/2009 Эліты і нефармальная палітыка джэння, вобразам сапраўднай (несавецкай) Беларусі, а канцэпт «вяртання ў Еўропу» разглядаецца як альтэрнатыва савецкасці.
Наступная група, якую А. Казакевіч вызначае на падставе аналізу інтэрв’ю прадстаўнікоў беларускай эліты, – гэта так званая «новая эліта» (сучасная кіроўная эліта, якая характарызуецца антызаходняю рыторыкаю, а ў 1990-х гг. часткова трымалася расійскага нацыяналізму).
Цяпер жа галоўнаю канцэптуальнаю рамкаю для яе стала ідэалогія беларускай дзяржавы, у якой Еўропа зноў набывае геаграфічнае разуменне, а Беларусь бачыцца цэнтрам геаграфічнай Еўропы.
Апошняя група, маладая генерацыя, на думку А. Казакевіча, ёсць эклектычнаю, фрагментаванаю, успрымае асноўныя формы ідэнтычнасці існых групаў.
Такая ідэнтычнасць, на погляд іншага аўтара – Віталя Сіліцкага (Сіліцкі, 2006), грунтуецца на двух пытаннях: «кім мы ёсць?» – пытанне для вызначэння таго, што робіць беларусаў беларусамі; а таксама «дзе мы?» – у кантэксце цывілізацыйнага выбару. Даследнік адзначае, што ў беларускім элітным полі няма еднасці ў адказе на гэтыя пытанні, існуюць розныя візіі ды канцэпцыі Еўропы, Беларусі, славянскай супольнасці, што прыводзіць да атамізаванасці ды разарванасці элітаў.
Эліта ў сістэме. Яшчэ адным тыпам даследавання беларускай эліты трэба назваць вывучэнне яе ў якасці структурнага элементу ўсёй палітычнай сістэмы (Антановіч, 2001;
Казакевіч, 2004).
Н. Антановіч адзначае, што менавіта вывучэнне ролі бюракратыі як самастойнага актара ў палітычнай сістэме дазволіць вызначыць прычыны спаўзання ў аўтарытарызм у 1996 г.
Аўтарка вылучае два асноўныя перыяды развіцця сістэмы дзяржаўнага кіравання да рэферэндуму 1996 г.
Першы этап – 1991–1994 гг. – праходзіў ва ўмовах парламенцкай сістэмы, калі дэмакратычнае кіраўніцтва Вярхоўнага Савету было толькі «прыкрыццём» для наменклатурнай бюракратыі, на падмурку якой закладаліся органы дзяржаўнага кіравання незалежнай Беларусі. Гэта прадстаўнікі партыйнага і дзяржаўнага апарату, былая наменклатура, якая за савецкіх часоў мела шмат прывілеяў і валодала манаполіяй на ўладу.
У гэтых умовах урад – як орган наменклатуры – атрымаў магчымасць пераразмеркавання значнай часткі дзяржаўнай уласнасці.
У 1994–1996 гг. надыходзіць другі этап фармавання дзяржаўных органаў, калі галоўнае месца пачынае належаць іншай групоўцы выхадцаў з наменклатуры, менш рэспектабельнай паводле свайго сацыяльнага паходжання, – «старым камсамольцам і маладым камуністам». Важнае значэнне для гэтага перыяду мае ўсталяванне парламенцка-прэзідэнцкай сістэмы кіравання, што характарызуецца ўзнікненнем супрацьстаяння паміж прэзідэнтам і парламентам, якое прыводзіць да канстытуцыйнага крызісу 1996 г., а таксама змена сістэмы мясцовага самакіравання і ўсталяванне вертыкалі, ва ўмовах якой набывае вагу «магілёўская група», абавязаная сваёй кар’ерай асабіста 41 №13/2009 Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй прэзідэнту (гэта, вядома, спараджае патранажна-кліенцкія адносіны).
На думку Н. Антановіч, у структуры дзяржавы пры такой сістэме арганізацыі ўлады галоўным элементам становіцца адміністрацыйна-бюракратычны апарат – вельмі стабільны і кансерватыўны кампанент цэнтру прыняцця палітычных пастановаў.
Аналізуючы сістэму дзяржаўнай улады, аўтарка адзначае, што трэба зыходзіць з раздзялення бюракратыі на два ўзроўні: палітычны (вузкі слой вышэйшай бюракратыі, што право дзіць палітычны курс) і прафесійны (асноўная маса дзяржаўных службоўцаў). Пры гэтым рэальная сістэма прыняцця рашэнняў у Беларусі не супадае з канстытуцыйнаю. Н. Антановіч выдзяляе і розныя ўзроўні прыняцця рашэнняў: 1) Адміністрацыя прэзідэнта (каля сотні чалавек, якія маюць у сваім распараджэнні да 90 % дзяржаўнай уласнасці); 2) сярэдняе звяно Адміністрацыі прэзідэнта, Рады Бяспекі, Камітэтаў дзяржкантролю і дзяржбяспекі; 3) Савет Міністраў, міністэрствы і дзяржкамітэты; 4) адміністрацыйныя органы. Асобна вылучаецца група, якую прадстаўляюць дырэктары буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, кіраўнікі калгасаў і дэпутаты парламенту.
Структурным адрозненнем беларускай палітычнай сістэмы ёсць дамінаванне адміністрацыйна-размеркавальных стасункаў, якія характарызуюцца феноменам «уладыўласнасці», у якім улада выступае як першасная, а ўласнасць – як яе функцыя. Такім чынам, адміністрацыйнабюракратычны апарат накіраваны на цэнтралізаванае пераразмеркаванне дабротаў. Гэта прыводзіць да дамінавання пераразмеркавальнага тыпу публічнай палітыкі. Кіроўныя функцыі чыноўніка, а таксама паўнамоцтвы, сфера дзейнасці і службовыя абавязкі – усё гэта становіцца рэсурсам чыноўніка, выкарыстоўваючы які, чыноўнік пэўным чынам выбудоўвае сістэмы ўзаемадзеяння з эканамічнаю сфераю, сфераю бізнесу.
Досыць адрозны падыход да аналізу беларускай сістэмы прапаноўвае А. Казакевіч. Ён таксама выдзяляе перыяды трансфармацыі палітычнай сістэмы, у якой змяняецца і месца, і роля элітаў і контр элітаў. Першым становіцца перыяд да 1999 г., рэвалюцыя Лукашэнкі, якая адзначаецца паступовым дыстанцыяваннем Лукашэнкі ад наменклатуры, экспансіянізмам у бок Расіі. Важнае значэнне ў такім самаапісанні сістэмы маюць ворагі: да 2000 г. – нацыянальнае адраджэнне, пасля 2000 г. – ліберальныя рэформы.
Другі перыяд развіцця сістэмы – «пасля рэвалюцыі». Гэта злом 1999– 2000 гг., які характарызуецца новаю стратэгіяй самазахавання замест экспансіі. Асноўныя ворагі для сістэмы – вонкавыя, а асноўны дыскурс – дыскурс кантэкстуалізацыі. Важны працэс, які адбываецца ў гэты перыяд і ўплывае на эліты, – гэта каланізацыя рэжымам усёй незалежнай прасторы.
Па-за сістэмаю не застаецца магчымасцяў дзеяць, што прыво дзіць да спробаў контрэлітаў упісацца ў існую сістэму або да іх маргіналізацыі. Асноўнымі канцэптамі гэтага перыяду становяцца змена цывілізацыйнай рыторыкі з «усходнеславянскай» на «ўсходнееўрапейскую» і актуаліза- 42 №13/2009 Эліты і нефармальная палітыка цыя беларускай ідэнтычнасці праз паняцці «беларускага шляху» і «стабільнасці», якія становяцца асноўнымі падмуркамі ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці.
Апісваючы палітычную сістэму, А. Казакевіч вызначае наступныя элементы: прэзідэнт як гарант прэферэнцыяў і палітычных пазіцыяў, якія ўжо склаліся; дзяржава як карпарацыя, у якой рэжым больш цікавіць выкананне «функцыі», а не «свядомасць»;
працэс канцэнтрацыі розных відаў капіталу ў межах аднаго «дзяржаўнага» поля, у выніку чаго кожны сацыяльны інстытут мусіць выконваць максімальную колькасць дадатковых функцыяў; гэта даты чыць і канцэнтрацыі эліты, якая, на думку А. Казакевіча, не дыферэнцаваная (адначасова ёсць і палітычнаю, і эканамічнаю, і ідэалагічнаю). З аднаго боку, выкананне функцыі разглядаецца сістэмай як важны крытэр эфектыўнасці, аднак не меншае значэнне маюць і адносіны васалітэту, пры якім лаяльнасць цэніцца вышэй за эфектыў насць (пры гэтым у сістэме палітычнай дысцыпліны менавіта лаяльнасць і функцыянальная карысць цэняцца болей за ідэйнасць і веру). У сістэме, якая функцыянуе паводле вышэйапісанай логікі, няма месца апазіцыі, якая характарызуецца такімі канцэптамі, як «нелаяльнасць», «нестабільнасць», «дэструктыўнасць». Анклавы апазіцыі працягваюць існаваць, але яна для рэжыму не ёсць арганічным элементам сістэмы.
Некаторыя высновы. Такім чынам, у беларускай палітычнай навуцы даследаванні элітаў вядуцца галоўным чынам у межах неафіцыйнай паліталогіі. Гэтым тлумачыцца пераважна аналітычны характар такіх даследаванняў, закліканых апісаць «расклад» элітаў у нейкі пэўны перыяд часу. Найчасцей такі расклад даецца без канцэптуалізацыі самога паняцця «эліта», на падставе інтуітыўнага прымання за яе тых, хто займае тыя або іншыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання (на цэнтральным і рэгіянальным узроўнях, у эканамічнай сферы, у партыйным апараце), а таксама тых, хто валодае пэўнымі эканамічнымі рэсурсамі. Відавочнаю ёсць патрэба выпрацаваць адпаведную беларускай рэчаіснасці тэорыю элітаў; аднак канцэптуалізацыя элітаў выяўляецца не такою простаю справаю, асабліва ва ўмовах закрытасці інфармацыі. Як слушна адзначае А. Казакевіч, « веды пра сучасныя... эліты Беларусі сур’ёзна абмежаваныя праз практычна поўную адсутнасць колькасных даследаванняў, а таксама сістэматызаванай эмпірычнай базы. [...] Значная частка высноваў...
мае характар інтуіцыйных ацэнак » (Казакевіч, 2007). Больш за тое, асноўным аб’ектам даследаванняў станавіліся адміністрацыйныя эліты, у той час як даследаванні контрэлітаў, а таксама элітаў з іншых, чым палітычнае, палёў – культурнага, рэлігійнага, сацыяльнага, акадэмічнага, а таксама эканамічнага – застаюцца па-за ўвагаю. Улада не ёсць адзіным рэсурсам, за які ідзе барацьба элітаў, а розныя віды капіталу могуць канвертавацца ў палітычны. Такім чынам, нават непалітычныя эліты могуць гуляць на палітычным полі, быць «лідэрамі меркаванняў», таму далей ігнараваць гэтыя працэсы не выпадае.
43 №13/2009 Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй Літаратура 1. Антановіч, Н. Структура органаў дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь і іх трансфармацыя // Беларуская палітычная сыстэма і прэзідэнцкія выбары. Мн. :
Аналітычны грудок; Варшава, IDEE, 2001. C. 127–142.
2. Антонович, Н.А. Политическая наука в Республике Беларусь: проблемы становления и развития // Палітычная сфера. 2004. № 4. С. 10–22.
3. Беларуская палітычная сцэна і прэзідэнцкія выбары 2006. Аналітычныя артыкулы . Вільня, 2007.
4. Беларуская палітычная сыстэма і прэзідэнцкія выбары . Мн. : Аналітычны грудок;
Варшава, IDEE, 2001.
5. Беларусь: ні Эўропа, ні Расея / Пад рэд. В. Булгакава. Варшава, 2006.
6. Вожгурова, О.В. Партии Беларуси в борьбе за политическое лидерство на современном этапе (социально-политологический анализ) . Дис. канд. наук. Мн. :
БГУ, 2003.
7. Егоров, А. Малые города Беларуси: who governs? // Палітычная сфера. 2009. № 12.
С. 44–55.
8. Казакевіч, А. Беларуская сістэма: марфалогія, фізіялогія, генеалогія // Arche.
2004. № 4. С. 51–84.
9. Казакевіч, А. Тэндэнцыі ў рэгіянальных элітах Беларусі (па выніках мясцовых выбараў 1999, 2003, 2007 гадоў) // Палітычная сфера. 2007. № 9. С. 40–68.
10. Казакевіч, А. Чатыры карпарацыі беларускай эліты // Беларусь: ні Эўропа, ні Расея / Пад рэд. В. Булгакава. Варшава, 2006. C. 239–247.
11. Камышэвіч, А. Эканамічная аснова беларускай палітычнай мадэлі // Беларуская палітычная сцэна і прэзідэнцкія выбары 2006. Аналітычныя артыкулы. Вільня, 2007. C. 30–43.
12. Ляховіч, А. Унутраная палітыка рэжыму: кастрычнік 2004 – сакавік 2006 // Беларуская палітычная сцэна і прэзідэнцкія выбары 2006. Аналітычныя артыкулы.
Вільня, 2007. С. 83-100.
13. Ляхович-Петракова, Н.В. Трансформация политической элиты в постсоциа листических странах: Дис. канд. наук. Мн. : БГУ, 2001.
14. Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі . Мн. : Аналітычны грудок, 2003.
15. Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму . Мн. : Аналітычны грудок, 2005.
16. Натчык, П. (a) Выбары Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь і першы Лукашэнкаў рэфэрэндум у 1995 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. Мн. :
Аналітычны грудок, 2005. C. 38–69.
17. Натчык, П. Беларуская намэнклятура і лініі разлому ў яе асяродзьдзі . Кадравая палітыка Лукашэнкі // Беларуская палітычная сыстэма і прэзідэнцкія выбары.
Мн. : Аналітычны грудок; Варшава, IDEE, 2001. C. 143–161.
18. Натчык, П. (b) Выбары Вярхоўнай Рады БССР у 1990 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. Мн. : Аналітычны грудок, 2005. C. 17–37.
19. Натчык, П. (a) Ранейшыя мясцовыя выбары: ход і вынікі // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. Мн. : Аналітычны грудок, 2003.
20. Натчык, П. (c) Рэфэрэндум і давыбары 1996 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. Мн. : Аналітычны грудок, 2005. C. 70–89.
44 №13/2009 Эліты і нефармальная палітыка 21. Натчык, П. (b) Структура мясцовай улады ў Рэспубліцы Беларусь // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. Мн. : Аналітычны грудок, 2003.
22. Подкопаев, В. Теоретические проблемы развития и циркуляции элит в политической системе США . Дис. канд. наук. Мн. : БГУ, 2001.
23. Сіліцкі, В. Дылемы выбару // Беларусь: ні Эўропа, ні Расея / Пад рэд. В. Булгакава.
Варшава, 2006. C. 9–22.
24. Урбан, М. Беларуская савецкая эліта (1966-1986): алгебра ўлады . Вільня, 2010.
25. Чаусов, Ю. Революционное подсознание белорусской элиты // Палітычная сфера.
2005. № 4. С. 68–74.
26. Urban, M. An algebra of soviet power. Elite circulation in Belorusian Republic 1966 – 1986. Cambridge University, 1989.