№13/2009 Рэцэнзаванае выданне ўяўляе з сябе выніковы тэкст даследавання беларуска-малдаўскіх адносінаў, праведзенага ў межах выканання дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006– 2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры» (навуковы кіраўнік – доктар гістарычных навук, прафесар А. А. Каваленя). Паводле анатацыі, кніга разлічаная на гісторыкаў, спецыялістаў у галіне міжнародных адносінаў, выкладчыкаў і шырокае кола чытачоў у Беларусі ды Малдове.
Ва ўводзінах да кнігі апісваецца агульны кантэкст беларуска-малдаўскіх дачыненняў і крыніцы праведзенага даследавання. Тамсама даецца ацэнка гістарычнай ролі СССР, які «не здолеў упісацца ў постіндустрыяльны этап», і гаворыцца пра асноўны метад далейшага даследавання – «комплексны параўнальны аналіз гістарычнага лёсу абедзвюх краінаў».
Нягледзячы на тое што кніга заяўленая як вынік даследавання, гэта не зусім даследаванне ў дакладным Дзяніс Мельянцоў Спроба комплекснага апісання дачыненняў Беларусі з Малдоваю Кошалеў М. К., Папоўская Т. А. Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін. Мінск: «Беларуская навука», 2009. 187 с.
значэнні гэтага слова. Праца ўяўляе з сябе энцыклапедычны агляд гісторыі беларуска-малдаўскіх адносінаў і гісторыі Малдовы, расповед пра беларускую дыяспару ў гэтай краіне з паданнем біяграфіяў малдаўскіх дзеячаў навукі і культуры беларускага паходжання, а таксама з падрабязным пералікам палітычных, эканамічных і культурных падзеяў, якія маюць нейкае дачыненне да беларуска-малдаўскіх адносінаў. Разам з тым, навуковы стыль выдання не заўсёды вытрымліваецца і досыць часта збіваецца на публіцыстычны і нават мастацкі:
«подзвігі воінаў розных нацыянальнасцей, здзейсненыя ў барацьбе з фашызмам 1 , назаўсёды застануцца ў памяці ўдзячных нашчадкаў» (с. 61);
«край чароўных легенд, казак, песень і цудоўных краявідаў – так успамінаюць Малдову… Але галоўнае ў ёй – людзі» (с. 13); «з вышыні птушынага палёту бачацца ўзгоркі ад Прута да Днястра, вузенькія зморшчынкі рэк паміж імі, люстраныя гладзі азёраў, зялёныя вінаграднікі, золата кукурузных палёў, векавечныя гушчары з дубу, буку… Бацян на адной назе над 1 У кнізе аўтары не разрозніваюць нямецкі нацызм ды італьянскі фашызм.
153 №13/2009 Дзяніс Мельянцоў. Спроба комплекснага апісання дачыненняў Беларусі з Малдоваю страхой сялянскай хаты нагадвае родныя беларускія малюнкі» (с. 13) і г.д. Стылістычна тэкст вельмі неаднародны.
У першым жа, уводным раздзеле можна заўважыць недастатковасць крыніцаў, на падставе якіх рабілася даследаванне. Што да крыніцаў па гісторыі беларуска-малдоўскіх адносінаў у сярэднявечны перыяд, то ў якасці такіх згаданыя толькі «Літоўская Метрыка», «Полное собрание русских летописей» (Т. 35) і «Кронікі» Длугаша. Усе іншыя спасылкі робяцца на другасныя крыніцы: манаграфіі, энцыклапедыі, зборнікі навуковых канферэнцыяў і папулярныя выданні па гісторыі абедзвюх краінаў. Напрыклад, ужо на першых старонках кнігі пры апісанні тэрыторыі гістарычнай Малдовы спасылка робіцца на выданне «Русские в Евразии XVII – XIX вв.» (Тула, 2008) і Малдаўскую Савецкую Энцыклапедыю (1970), а ў абзацы пра сучасны дэмаграфічны стан у Малдове аўтары адсылаюць чытача да артыкулу ў Беларускай энцыклапедыі. Апроч гэтага, звесткі пра моўную сітуацыю ўзятыя з «Очерка современного молдавского языка», выдадзенага ў 1967 г. Усе крыніцы па гісторыі ды сучаснасці Малдовы выключна расейскамоўныя, відаць, з прычыны недаступнасці для аўтараў літаратуры на румынскай (малдаўскай) мове. Гэта, несумненна, рэзка зніжае вартасць самога даследавання. Недаступнаю для аўтараў апынулася і літаратура на іншых замежных мовах: у кнізе прысутнічаюць толькі адзінкавыя спасылкі на выданні на англійскай і польскай мовах. Крыніцы па эканамічных і культурных сувязях у асноўным датаваныя савецкім перыядам.
Гаворачы пра крыніцы, нельга не адзначыць і такой цікавай акалічнасці: распавядаючы пра міжнародныя адносіны найноўшага перыяду, аўтары кнігі шырока цытуюць мемуары беларускага палітыка Пятра Краўчанкі, газету «Беларусы і рынак» і незалежны інфармацыйны рэсурс naviny.by , хаця тую ж інфармацыю, дзеля большай паліткарэктнасці, можна было ўзяць з сайтаў і выданняў дзяржаўных агенцтваў і органаў.
Як ужо адзначалася, уводная частка кнігі дае агульную характарыстыку адносінаў і каментуе выкарыстаныя крыніцы. З пэўнаю доляю неўхвалення аўтары канстатуюць той факт, што ў малдаўскіх крыніцах найноўшага часу стасункі Малдовы з суседнімі краінамі разглядаюцца «выключна з пункту гледжання “нацыянальных інтарэсаў” 2 земляў свайго рэгіёна» (с. 5). Таму для аўтараў не зусім зразумела, чаму палітыка ВКЛ у XIV–XV стст. у малдаўскіх тэкстах называецца экспансіяй ВКЛ, а не вызваленнем малдаўскіх земляў ад татараў. «…Такі мадэрнізаваны падыход часам прыводзіць аўтараў да парадаксальных высноў, накшталт “польска-літоўскай экспансіі” XIV– XV стст., перыяду, калі дзякуючы Вялікаму княству Літоўскаму малдаўскія землі насамрэч пазбавіліся ад татарскага панавання» (с. 5).
Далей М. Кошалеў і Т. Папоўская таксама з жалем канстатуюць, што 2 У тэксце кнігі словазлучэнне «нацыянальныя інтарэсы» стаіць у двукоссі.
154 №13/2009 Рэцэнзіі практычна нідзе ў працах малдаўскіх аўтараў не тлумачыцца, што «згадваемыя імі “літоўцы” з’яўляліся нічым іншым, як славянскім (у большасці беларускім) зачынам гэтай дзяржавы (ВКЛ)» , і прыводзяць спасылку на польскага даследчыка Лаўмяньскага.
Тут жа даецца ўжо традыцыйны невялікі ўрок аб правільнай назве беларускай дзяржавы, якая ў малдаўскіх даследаваннях называецца Белоруссия» (с. 6).
Увогуле ў рэцэнзаванай кнізе што да апісання старажытнага перыяду выразна прасочваюцца некалькі тэндэнцыяў: збольшага атаясамленне ВКЛ з беларускаю дзяржаўнасцю ды інтэрпрэтацыя гістарычных падзеяў праз прызму вялікалітоўскіх дзяржаўных інтарэсаў, апраўданне экспансіі ВКЛ у паўночнае Прычарнамор’е вызваленнем жыхароў гэтых земляў ад татарскага панавання (прычым ніяк не аналізуюцца наступствы пераходу з адной залежнасці ў іншую для насельнікаў забраных тэрыторыяў), супрацьпастаўленне «міралюбнай і добрасуседскай палітыкі» ВКЛ у рэгіёне з варожай антымалдаўскаю палітыкаю Польскай Кароны.
Першы раздзел кнігі называецца «Знаёмства з Малдовай» і ўяўляе з сябе кароткую даведку пра гісторыю, геаграфію, насельніцтва ды эканоміку краіны. Апрача іншага ў гэтым раздзеле даецца тлумачэнне назвы краіны, якая нібыта паходзіць ад мянушкі сабакі (Молда) легендарнага князя Драгаша. Спасылка на крыніцу, адкуль аўтары ўзялі гэтую легенду, не прыводзіцца. Пасля прачытання гэтага раздзелу «шырокаму колу чытачоў» так і застанецца незразумелым, чым жа – апрача назваў – адрозніваюцца Малдова, Бесарабія і Румынія.
Малдаўскай аўтаномнай савецкай рэспубліцы аўтары прысвяцілі два абзацы, якія адсылаюць чытача да кнігі «Советская Молдавия», выдадзенай ў Ціраспалі ў 1938 г. У гэтым жа раздзеле досыць нейтральна распавядаецца пра Прыднястроўскую малдаўскую рэспубліку (ПМР) і ўводзіцца тэрмін «расійска-савецкая цывілізацыя». «Прыднястроўе, якое акумуліравала ў сабе сілы, арыентаваныя на існаванне ў арбіце расійска-савецкай цывілізацыі, прыступіла да стварэння ўласнай дзяржаўнасці, якая павінна была абараніць правы грамадзян гэтай часткі краіны на захаванне тых каштоўнасцей і норм, што засталіся ім блізкімі, нягледзячы на ўсе катаклізмы» (с. 25). Прыднястроўцы нідзе не называюцца сепаратыстамі, не адзначаецца і роля 14-й арміі СССР ва ўзброеным канфлікце 1992 г., але гаворыцца пра паслядоўную лінію Беларусі ў прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы і непрыняцці ПМР у Саюзную дзяржаву Расіі ды Беларусі.
У другім раздзеле пад назваю «Гістарычныя карані беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва» разглядаюцца міжнародныя адносіны ў рэгіёне, пачынаючы ад хрысціянізацыі ўсходнееўрапейскіх тэрыторыяў і да канца савецкай эпохі. Такі храналагічна вялізны перыяд разбіваецца яшчэ і на параграфы, прысвечаныя палітычным, эканамічным і культурным стасункам, таму тут цяжка 155 №13/2009 Дзяніс Мельянцоў. Спроба комплекснага апісання дачыненняў Беларусі з Малдоваю ажыццявіць глыбокі аналіз пытанняў міжнародных адносінаў. У раздзеле ў храналагічным парадку пералічваюцца асноўныя больш-менш значныя палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі, якія закранаюць тэрыторыі тагачасных Малдовы і Беларусі ды могуць разглядацца як праява міжнародных адносінаў і міжнароднай камунікацыі.
Уплыў Маскоўскай дзяржавы на беларускія і малдаўскія землі ў высокім Сярэднявеччы і пачатку Новага часу ацэньваецца ў цэлым негатыўна. Напрыклад, адзначаецца, што разлік малдаўскіх гаспадароў на Расію ў сваім лавіраванні паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй не спраўдзіўся: Расія пазней інкарпаравала малдаўскія землі без аніякага ўліку іх былой дзяржаўнасці (с. 46). У адрозненне ад Расійскай дзяржавы, Рэч Паспалітая паказаная ў кнізе як станоўчая сіла ў адносінах да беларусаў і малдаванаў, яе характарызуюць як «магутную процівагу Расіі» (с. 47) і «славутую дзяржаву» (с. 47). Хаця РП ужо не разглядаецца аўтарамі кнігі як выключна «свая» дзяржава.
Распавядаючы пра пачатак дзяржаўнага будаўніцтва ў 1917– 1918 гг., аўтары даюць выключна адмоўную ацэнку палітыцы бальшавікоў на заходніх ускраінах былой Расійскай імперыі. «Спробы самастойнага незалежнага нацыянальнадзяржаўнага ўладкавання беларусаў і малдаван на дэмакратычных асновах сутыкнуліся з новаімперскімі камуністычнымі ідэямі бальшавікоў» , якія «кіраваліся ўтапічнымі і вельмі небяспечнымі праектамі» (с. 52).
Дзевяць старонак кнігі прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і супольнаму «змаганню з фашыстамі». На гэтых старонках падрабязна пералічваюцца арміі і дывізіі, у складзе якіх беларусы ваявалі на тэрыторыі Малдовы і малдаване – на тэрыторыі Беларусі (з прозвішчамі камандзіраў і біяграфіямі асобных герояў).
Трэці раздзел, які называецца «На шляхах незалежнасці», апісвае найноўшы перыяд развіцця двухбаковых адносінаў пасля распаду СССР і набыцця краінамі дзяржаўнай незалежнасці. У ім таксама няма аналізу адносінаў, а прысутнічае храналагічны пералік афіцыйных візітаў, сустрэчаў, падпісаных дакументаў, выставаў, канцэртаў ды інш.
У кнізе аўтары ўсімі сіламі стараюцца пазбегчы ацэнак палітычных рэаліяў у Беларусі ды Малдове, якія паўплывалі на міждзяржаўныя стасункі. Яны стрымана зазначаюць, што « несупадзенне выбару Беларуссю і Малдовай знешнепалітычных вектараў і прыярытэтаў нярэдка вызначае асаблівасці падыходаў да шэрага пытанняў ». Адсюль і «скептычнае стаўленне» Кішынёва да праекту старэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ды ўступленне Малдовы ў ГУАМ. Аднак прычыны такой рознасці геапалітычнага выбару аўтары не тлумачаць.
У беларуска-малдаўскіх адносінах перыяду незалежнасці М. Кошалеў і Т. Папоўская вылучаюць два вялікія перыяды: 1991–2003 гг. і з 2003 г. да сённяшняга дня. Першы перыяд яны характарызуюць як час, калі Малдова на вонкавапалітычнай арэне падтрымлівала Беларусь, а другі перыяд 156 №13/2009 Рэцэнзіі распачаўся пасля таго, як Малдова ўзяла курс на еўрапейскую інтэграцыю, і з гэтага часу адносіны паміж дзвюма краінамі пачалі ахалоджвацца. І зноў прычыны такога вонкавапалітычнага павароту Малдовы аўтары не тлумачаць. Але, разам з гэтым, робіцца цікавая заява: «для еўрапейскай дзяржавы, якой з’яўляецца Беларусь, і ў геапалітычнай сітуацыі, што склалася, уваходжанне ў еўрапейскую цывілізацыйную прастору з’яўляецца не менш актуальнай перспектывай, чым для Малдовы» (с. 86).
Што гэтым хацелі сказаць аўтары, да канца незразумела, бо на гэтым пасажы раздзел пра палітычныя стасункі заканчваецца, і здагадвацца чытачу тут ужо давядзецца самому. Ці дэкларавалі гэтым аўтары сваю прыхільнасць да еўрапейскай інтэграцыі для нашай краіны? Ці, можа, яны агучылі такім чынам пазіцыю ўладаў Беларусі? Калі так, то на якой падставе і абапіраючыся на якія крыніцы?
У частцы, прысвечанай эканамічным стасункам, адзначаецца, што Беларусь – у адрозненне ад Малдовы – абрала правільны эканамічны курс, пра што сведчыць « душавой у зровень ВУП » (с. 106). Вялікую праблему для « мытных налагавікоў » (с. 106) складае нефармальная эканоміка і кантрабанда, але гэтае пытанне, паводле аўтараў, выходзіць за тэматычныя межы іх даследавання.
У апошнім, чацвёртым раздзеле апісваецца жыццё беларускай дыяспары ў Малдове. Гэты раздзел больш за ўсе астатнія падобны да артыкулу з даведніку. Аднак і тут ёсць за што зачапіцца воку. Напрыклад, у зносцы даецца тлумачэнне, хто такія Сапегі (с. 143). Або аўтары звяртаюць увагу на дэмакратызацыю: «Уласцівыя Беларусі і Малдове працэсы дэмакратызацыі дзяржаўнай палітыкі… будуць служыць трывалым залогам дабрабыту і камфортнага існавання беларускай абшчыны ў Малдове» (с. 149).
Высновы Кніга М. Кошалева і Т. Папоўскай змяшчае ў сабе багаты і цікавы факталагічны матэрыял па беларускамалдаўскіх адносінах ва ўсіх сферах жыцця, пачынаючы ад старажытных часоў і заканчваючы сённяшнім днём. Гэтая кніга, несумненна, зацікавіць чытача, які хоча пазнаёміцца з гісторыяй Малдовы і атрымаць першапачатковыя веды па двухбаковых стасунках Беларусі і Малдовы. Але кніга, на нашую думку, не ёсць навуковым даследаваннем у дакладным значэнні слова. І паводле зместу, і паводле стылю кніга нагадвае энцыклапедычны даведнік з фрагментамі публіцыстычных разважанняў і паэтычнымі вобразамі. Тым больш разгледжанае выданне нельга лічыць поўнай і вычарпальнай крыніцай інфармацыі па ўсім спектры беларускамалдаўскіх дачыненняў. Хутчэй, гэта першая спроба акрэсліць адносна новы для беларускай гістарычнай і палітычнай навукі кірунак даследаванняў.