№13/2009 Змест Гісторыя ідэяў Ірына Міхеева. «Крывiя» і «Zadruga» як культурна-палітычныя гарызонты нацыянальна-адраджэнскіх праектаў Беларусі ды Польшчы: досвед параўнальнага аналізу Артыкул прысвечаны параўнальнаму аналізу інтэлектуальных праектаў беларускага (Вацлаў Ластоўскі) і польскага (Ян Стахнюк) нацыянальнага адраджэння. На падставе тэарэтычнай рэканструкцыі праблемна-зместавага поля абедзвюх канцэпцыяў – «крывіцкага адраджэння» і «славянскага пангуманізму» – робяцца высновы пра падабенства і адрозненне ў аўтарскіх інтэрпрэтацыях сутнасці нацыянальнай культуры, спецыфікі этапаў яе развіцця, перспектываў рэалізацыі гістарычнай місіі беларускага і польскага народаў.
Ключавыя словы : нацыянальнае і культурнае адраджэнне, этнанацыянальная ідэнтычнасць, нацыяналізм, беларускі нацыяналізм, панславізм, неапаганства.
Эліты і нефармальная палітыка Наталля Васілевіч. Даследаванне беларускіх элітаў: паміж алгебрай і геаграфіяй Артыкул аналізуе стан даследаванняў беларускай палітычнай эліты з канца 1980-х гг. Разглядаюцца асноўныя аўтары і тэксты, логіка, метады і стратэгіі аналізу эліты як элементу палітычнай сістэмы Беларусі. Асобная ўвага надаецца разгляду высноваў асобных аўтараў, а таксама жанравай разнастайнасці тэкстаў.
Ключавыя словы : палітычная эліта, беларуская палітычная эліта, беларуская палітыка, беларуская паліталогія.
Ірына Шулянкова. Сучасныя папулісцкія рэжымы: параўнальны аналіз Беларусі ды Венесуэлы У артыкуле пададзены параўнальны аналіз палітычных рэжымаў Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі. Рэжымы параўноўваюцца праз прызму тэорыі папулізму як палітычнай стратэгіі: наяўнасць харызматычнага лідэра, персанальны стыль кіравання і грэбаванне пасярэдніцкімі палітычнымі інстытутамі, нацыяналістычная эканоміка і палітыка, пераразмеркаванне прыбыткаў праз сацыяльныя праграмы. Нягледзячы 9 №13/2009 на тое што рэжымы ўзніклі ў абсалютна розных краінах і нават на розных кантынентах, яны маюць падобныя рысы і ўяўляюць з сябе прыклады класічнага папулізму як палітычнай стратэгіі.
Ключавыя словы : папулізм, харызматычны лідэр, нацыяналістычная эканоміка, пераразмеркаванне прыбыткаў, У. Чавэс, А. Лукашэнка.
Яўген Фурсееў. Дзяржаўная праграма «Электронная Беларусь»: электронная дэмакратыя і кіроўная эліта У артыкуле даследуецца праблема выкарыстання інфармацыйных тэхналогіяў пры ўзаемадзеянні грамадзянаў і ўрадавых органаў у Беларусі, а таксама магчымасці ды выклікі для грамадзянаў у звязку з рэалізацыяй дзяржаўнай праграмы «Электронная Беларусь» (2003–2010). Абапіраючыся на матэрыялы кейс-стады сайтаў абласных выканаўчых камітэтаў Беларусі, можна адзначыць, што працэс падрыхтоўкі і прыняцця рашэнняў застаецца недаступным для грамадзянаў. Сістэма онлайн-узаемадзеяння грамадзянаў і ўраду не прадугледжвае кансультацыяў, а таксама іншых механізмаў уступлення ў публічную камунікацыю. Можна казаць пра недастатковыя ўмовы для актыўнага ўдзелу грамадзянаў у вызначэнні парадку дня і прыняцці палітычных рашэнняў.
Ключавыя словы : «Электронная Беларусь», электронная дэмакратыя, палітычны грамадзянскі ўдзел, электронны ўрад.
Сяргей Богдан. Іранская палітычная эліта ў 1997–2009 гг.: структураванне палітычнага поля Другой ісламскай рэспублікі У артыкуле разглядаюцца асноўныя плыні іранскай палітычнай эліты ў 1997– 2009 гг., а таксама іх арганізацыйныя структуры. Аналізуюцца ўзаемадзеянне і ўплыў на дзяржаўную сістэму асноўных палітычных сілаў, у прыватнасці рэфармісцкага руху. Прапаноўваецца схема структурызацыі палітычнага поля Ірану ў разгледжаны перыяд. Выдзяляюцца структурныя прычыны ўздыму і заняпаду дзвюх найбуйнейшых палітычных плыняў Ірану ў пазначаны перыяд: рэфармістаў і кансерватараў.
Ключавыя словы : iранская палітыка, ісламская рэспубліка, эліты, іранскія палітычныя партыі, рэфармісцкі рух у Іране, М. Хатамі, М. Ахмадынэжад.
Аляксандр Філіпаў. Механізм кансалідацыі палітычнай эліты: досвед Сірыі У артыкуле разглядаецца механізм кансалідацыі сірыйскай палітычнай эліты. Спецыфіка гэтага працэсу палягае ў разнароднасці сірыйскага грамадства, а таксама ў дамінаванні прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў у кіраўніцтве краіны і партыі «Баас».
Асаблівая ўвага надаецца ролі партыйнай ідэалогіі. На падставе працаў ідэолага партыі М. Афляка вылучаныя асноўныя ідэалагічныя канцэпты (нацыяналізм, сацыялізм, рэлігія, рэвалюцыя, арабізм) ды разгледжаная іх роля ў кансалідацыі сірыйскай палітычнай эліты.
Ключавыя словы : палітычная эліта, ідэалогія, партыя «Баас», М. Афляк, Сірыя.
10 №13/2009 Public policy Настасся Бялькова. Студэнты ў полі публічнай палітыкі: добрыя намеры, няспраўджаныя надзеі?
У артыкуле прааналізаваныя працэсы ўключэння студэнцкай моладзі Улан-Удэ ў поле гарадской публічнай палітыкі, канструявання новай моладзевай палітычнай эліты. Аўтар разглядае інстытуты (аб’яднанні), якія займаюцца вербаваннем студэнцкай моладзі ва ўладу, а таксама ставіць пытанні, якія менавіта маладыя людзі могуць разлічваць на статус маладога палітыка, якія рэсурсы патрэбныя для пранікнення ў палітыку і да якіх рэсурсаў студэнт у выніку атрымлівае доступ, на якія пазіцыі можа прэтэндаваць студэнт у полі гарадской (рэспубліканскай) палітыкі. У заключнай частцы артыкулу аўтар разважае пра тое, ці валодаюць маладыя людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе з моладзеваю палітычнай элітай, магчымасцю канвертаваць атрыманыя рэсурсы ў палітычны капітал і замацавацца ў палітыцы.
Ключавыя словы : публічная палітыка, сацыяльнае ўключэнне (інклюзія), габітус, моладзевая палітыка.
Рэцэнзіі Андрэй Ягораў. Несістэмныя ўводзіны ў тэорыю палітычных сістэмаў Артыкул падае крытычны погляд на навучальны дапаможнік Ніны Антановіч “Тэорыя палітычных сістэмаў”. Адзначаецца, што пры даволі амбітнай прэтэнзіі на абагульненне тэарэтычных асноваў сістэмнага падыходу ў паліталогіі, дапаможнік гэтай задачы не вырашае. Тэкст утрымлівае шэраг выразных хібаў, у т. л. эклектычнасць, унутраную супярэчлівасць, перанасычанасць цытаваннем ды інтэрпрэтацыямі, метадалагічную нявызначанасць, факталагічныя памылкі ды інш. Факт з’яўлення такога падручніку ёсць трывожным сімптомам крызісу сучаснай афіцыйнай палітычнай навукі ў Беларусі.
Ключавыя словы : агульная тэорыя сістэмаў, сістэмны аналіз, палітычная сістэма, палітычная навука ў Беларусі.
Дзяніс Мельянцоў. Спроба комплекснага апісання дачыненняў Беларусі з Малдоваю У артыкуле рэцэнзуецца выніковы тэкст даследавання беларуска-малдаўскіх адносінаў, праведзенага ў межах выканання дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры».
Рэцэнзент прыходзіць да высновы, што разгледжанае выданне не ёсць навуковым даследаваннем і не адпавядае крытэрам, якія прад’яўляюцца да гэтага тыпу навуковай працы. Але кніга, несумненна, зацікавіць чытача, які хоча пазнаёміцца з гісторыяй Малдовы і атрымаць базавыя веды пра двухбаковыя стасункі Беларусі ды Малдовы.
Ключавыя словы : Малдова, Беларусь, гісторыя, міжнародныя адносіны, Усходняя Еўропа.