Applebaum Anne (2012). Iron Curtain. The Crushing of Eastern Europe, 1944—1956. New York, London, Toronto, Sydney, Auckland: Doubleday, XXXVII+608 p.
Агляд падрыхтавала гісторык Любоў Козік
Кніга амерыканскай журналісткі Эн Эпльбаўм прысвечана разгляду падзей ва Усходняй Еўропе ў пасляваеннае дзесяцігоддзе. Аўтарка падзяліла манаграфію на дзве часткі: “Фальшывы заранак новага жыцця” (“False Dawn”) і “Высокі сталінізм” (“High Stalinism”). Храналагічна першая ахоплівае перыяд 1945-1947 гг., а другі—1948-1956 гг. Агулам кніга складаецца з 18 раздзелаў.
Ва ўводзінах Эпльбаўм падрабязна спыняецца на аналізе паняцця “таталітарызм”, адзначаючы эвалюцыю падыходаў даследчыкаў да яго разумення (ХХІ-ХХІІІ). Для аўтаркі рэжым, які ўсталяваўся пасля Другой сусветнай вайны ва Усходняй Еўропе, з’яўляецца адназначна таталітарным, і згодна з гэтым і пабудаваны аповед. Абапіраючыся на разнастайныя крыніцы з польскіх, нямецкіх, вянгерскіх архіваў, а таксама публікацыі дакументаў, у тым ліку расійскіх, і асабістыя размовы са сведкамі эпохі Эпльбаўм паспрабавала зразумець, як звычайныя людзі прыстасоўваліся да новага рэжыму, якім чынам супрацоўнічалі з ім, чаму ўступалі ў камуністычную партыю ці прымалі ўдзел у дзейнасці дзяржаўных інстытутаў, як супраціўляліся існуючай рэчаіснасці і рабілі выбар.
Такім чынам, па прызнанні аўтаркі, яна імкнулася зразумець, што такое “сапраўдны таталітарызм” не ў тэорыі, а на практыцы. У якасці асноўных прыкладаў яна абрала падзеі ў Венгрыі, Польшчы і Усходняй Германіі (ГДР). Акрамя таго, у рабоце праводзяцца паралелі з сітуацыяй у Чэхаславакіі, Румыніі, Балгарыі і Югаславіі.
У першай частцы Эпльбаўм тлумачыць, якім чынам савецкае кіраўніцтва змагло перанесці некаторыя элементы сваёй палітычнай і эканамічнай сістэмы ў залежныя ад яго краіны (іх яна называе акупаванымі). Перш за ўсё гаворка ідзе пра стварэнне спецслужбаў, выкарыстанне кантролю над радыё (найбольш уплывовым на той час сродкам масавай інфармацыі), арганізацыю ціску на незалежныя грамадскія і рэлігійныя аб’яднанні, правядзенне этнічных чыстак.
Аўтар абвінавачвае савецкую адміністрацыю і яе мясцовых прыхільнікаў у этнічных чыстках і высяленні мільёнаў немцаў, палякаў, украінцаў, венграў і іншых народаў, з жалем зазначаючы, што ў гэтым былі замешаны ЗША і Велікабрытанія, якія не да канца разумелі наступствы падобных дзеянняў. З такім падыходам Эпльбаўм цяжка пагадзіцца. Ідэя стварэння пасля вайны монаэтнічных дзяржаў была выказана ўрадамі ў эміграцыі яшчэ ў 1939—1940 гг., дык ці можна ў такой сітуацыі ўскладаць віну толькі на савецкі бок? (Deak, 2003) Тым больш, што зараз добра вядомыя выпадкі, калі Чырвоная армія абараняла нямецкае насельніцтва ад мясцовай адміністрацыі ці жорсткага абыходжання з боку палякаў ці чэхаў (King, 2002).
Эпльбаўм справядліва зазначае, што грамадства акупаваных немцамі тэрыторый было псіхалагічна стомленае і надломленае пасля Другой сусветнай вайны, а таму жадала як мага хутчэй пачаць мірнае жыццё. Але што вынікае з аповеду аўтаркі? Людзі, якія перажылі нямецкую акупацыю, раптам апынуліся пад савецкай акупацыяй. Дык што, вызвалення ад фашысцкай Германіі так і не было? Сцверджанні даследчыцы не з’яўляюцца новымі ў гістарыяграфіі ці палітычным дыскурсе, але наколькі яны абгрунтаваныя? Наколькі хаця б гіпатэтычна было магчымым, каб Чырвоная армія вызваліла савецкую тэрыторыю (і іншае пытанне—якую: па стане на верасень 1939 г. ці чэрвень 1941 г.) і спынілася? Наколькі гэта ўпісвалася б у дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі? І чаму аўтар апраўдвае прагматызмам пасляваенныя дзеянні толькі заходніх лідэраў? Свой разлік быў і ў савецкага кіраўніцтва, вось толькі ідэалагічная мэта ў ім была іншая. Цікава, што ў разважаннях на гэты конт аўтарка час ад часу прыводзіць розныя факты, якія з аднаго боку, паказваюць складанасць пасляваеннай сітуацыі ў краінах Усходняй Еўропы, а з другога – сведчаць пра тое, што даследчыца так і не вызначылася да канца са сваёй пазіцыяй у “пытанні акупацыі”.
Цяжка пагадзіцца і з меркаваннем Эпльбаўм, што ў 1944 г. Армія Краёвая (Armia krajowa, AK) не была сярод вядучых антыкамуністычных арганізацый. Добра вядома, што яе адносіны з пракамуністычным рухам, мягка кажучы, былі не самымі лепшымі, больш таго, тэорыю “двух ворагаў” – Германіі і СССР – ніхто на працягу Другой сусветнай вайны не адмяняў. Той факт, што ў кастрычніку 1943 г. быў аддадзены загад не змагацца з Чырвонай арміяй, не азначае перамен ў стаўленні да яе. Сведчаннем гэтага з’яўляецца, напрыклад, планаванне аперацыі “Бура” і яе найбольш вядомай акцыі – Варшаўскага паўстання. Вядома, што галоўнай мэтай гэтых дзеянняў было вызваленне тэрыторыі Польшчы, але той факт, што ўскосна яны былі накіраваныя супраць СССР не выклікае сумненняў ні ў польскіх, ні ў расійскіх даследчыкаў.
На гэтым фоне і пытанне аб “здрадзе” СССР падчас паўстання вельмі складанае. Нават аўтарка згадвае шматлікія арышты польскіх праўрадавых фарміраванняў савецкімі спецслужбамі і адначасова зазначае, што падчас паўстання палякі чакалі дапамогі з боку Савецкага саюза. Ці няма ў такой пазіцыі пэўнай супярэчнасці?
Сярод прычын супрацоўніцтва насельніцтва з пасляваеннымі пракамуністычнымі органамі ўлады і спецслужбамі Эпльбаўм называе стомленасць ад вайны і маральнае расчараванне ў даваеннай уладзе. На яе думку, катастрофа 1939 г. у Польшчы, 1944 г. у Венгрыі ці 1945 г. у Германіі прывялі да таго, што людзі сталі цынічна ўспрымаць традыцыі і каштоўнасці грамадства, у якім выраслі, не верылі былым лідэрам, а таму былі гатовымі да пошуку нечага іншага. У якасці найбольш яскравага прыкладу гэтага аўтар абрала польскага пісьменніка Тадэвуша Канвіцкага (Tadeusz Konwicki) і яго пасляваенны лёс.
Разглядаючы падзеі ва Усходняй Еўропе даследчыца спыняецца на характарыстыцы “малых Сталінаў”—Вальтэра Ульбрыхта (Walter Ulbricht) у ГДР, Баляслава Берута (Bolesław Bierut) у Польшчы і Мацяша Ракашы (Mátyás Rákosi) у Венгрыі. Эпльбаўм зазначае, што ўсе яны мелі пэўнае падабенства: цесную сувязь з Камінтэрнам і Масквой (адсюль і замацаваўшаяся за імі назва — “маскоўскія камуністы”).
Аўтарка справядліва зазначае, што ў першыя пасляваенныя гады прасавецкія дзеячы Усходняй Еўропы па настойлівых “парадах” з Масквы, з аднаго боку, імкнуліся пазбягаць выразных камуністычных лозунгаў, а з другога – звярталіся да існуючых у грамадстве сымбаляў і мітаў з мэтай легалізацыі сваёй улады і падкрэслівання яе нацыянальнага характару. Сярод прыкладаў гэтага Эпльбаўм называе арганізацыю года Шапэна ў Польшчы, Гётэ, Баха, Бетховена, Шылера – у Германіі, музычны конкурс імя Баха, святкаванне гадавін з дня нараджэння ці смерці вядомых нацыянальных дзеячаў навукі і культуры і інш.
Закранаецца ў кнізе і пытанне пасляваенных межаў ва Усходняй Еўропе. Найбольш цікавым для беларускага чытача будзе стаўленне Эн Эпльбаўм да пытання аб усталяванні ўсходняй мяжы Польшчы. У даследаванні перш за ўсё акцэнт робіцца на польска-украінскіх праблемах — як у пытанні вызначэння мяжы, так і міжнацыянальных адносін. Беларусы, як і літоўцы, вельмі рэдка згадваюцца Эпльбаўм. Яна неаднаразова зазначае, што “былыя усходнія тэрыторыі Польшчы застаюцца часткай сучаснай Украіны і Беларусі”, што прыводзіць да думкі аб наяўнасці пэўных прабелаў у ведах аўтара па гісторыі ўсталявання польска-беларускай і польска-украінскай мяжы ў ХХ ст.
На гэтым фоне выклікае пытанні і сцверджанне аўтаркі пра існаванне міту аб тым, што міжнародны камуністычны рух не звяртаў ўвагу на нацыянальныя і этнічныя адрозненні. У якасці аргумента яна прыводзіць “этнічныя чысткі” пасля Другой сусветнай вайны. На нашу думку, сітуацыя з высяленнем немцаў, венграў і іншых народаў была звязана не столькі з камуністычнай ідэалогіяй, колькі з праблемамі, якія ўзніклі ў шматнацыянальных дзяржавах у міжваенны перыяд. Камуністы былі не першымі, хто пачаў гаварыць пра неабходнасць стварэння монанацыянальных дзяржаў. Яны хутчэй скарысталіся сітуацыяй. І тут, як справядліва зазначае аўтар, знайшлі падтрымку як мясцовага насельніцтва, так і лідэраў заходнееўрапейскіх краін.
Разглядаючы перыяд пабудовы сталінскай мадэлі сацыялізму (ці “Высокага сталінізму”, як у кнізе), аўтар засяроджвае ўвагу на барацьбе камуністычнай сістэмы з “унутранымі ворагамі”, фарміраванні “homo soveticus”, культурнай і рэлігійнай палітыцы, апісанні перамен у гарадах, якія хутка развіваліся.
Значнае месца ў даследаванні адводзіцца характарыстыцы і апісанню “вымушаных калабарантаў” і “пасіўных апанентаў” улады. Да першых Эпльбаўм залічвае тую частку насельніцтва, якая добра ўсведамляла прысутны ў паўсядзённай практыцы грамадства фальш, але была вымушана падпарадкоўвацца абставінам. Гэтыя людзі карысталіся дабрабытам, што забяспечвала дзяржава, магчымасцю сацыяльнага росту, хацелі спакойнага жыцця, аднаўлення краіны, адукацыі для дзяцей, забеспячэння сям’і, а таму трымаліся здалёк ад улады і яе структур. Вынікам такой пазіцыі стала падзеленасць жыцця на “афіцыйнае” і прыватнае.
У сваю чаргу дзейнасць “пасіўных апанентаў” праяўлялася ў жартах, анекдотах, графіці, ананімных лістах і г.д. Пры гэтым, як справядліва зазначае Эпльбаўм, да гэтай групы людзей можна аднесці і “вымушаных калабарантаў”. У значнай ступені з іх выйшлі актыўныя ўдзельнікі чэрвеньскіх выступленняў 1953 г. у ГДР і 1956 г. у Венгрыі і Польшчы.
Варта адзначыць, што даследаванне Э. Эпльбаўм прадстаўляе інтарэс як для аматараў гісторыі, так і для прафесіяналаў. Яно прываблівае як манерай апавядання, так і яскравымі прыкладамі з гісторыі паўсядзённасці. Аднак ёсць у ім і пэўныя недахопы. У кнізе Эпльбаўм выразна адчуваецца, на чыім баку яе сімпатыі: ёй імпануе актыўнае супрацьстаянне ўсталяванаму пасля вайны рэжыму ў краінах Усходняй Еўропы. Аднак прыклады, якія аўтар прыводзіць у кнізе, сведчаць пра тое, што не ўсё было адназначным у жыцці людзей. Складанасць сітуацыі ў разгляданым рэгіёне не дазваляе даследчыкам даць адназначную ацэнку мінуламу. Гэта не можа быць проста “чорнае-белае” бачанне з дадаткам пэўных адценняў шэрага. Гэтых адценняў вельмі шмат, а таму трэба быць вельмі асцярожным як у высновах, так і ў аргументах.
На жаль, Эпльбаўм часта выкарыстоўвае факты, якія паміж сабой не звязаныя, бо адбываліся ў розны час і ў розных абставінах, супярэчыць у некаторых пытаннях сама сабе, што яшчэ раз пацвярджае складанасць ацэнкі падзей у рэгіёне.
У працы прысутнічаюць і фактычныя памылкі. Так, напрыклад, Эпльбаўм кажа пра існаванне сацыял-дэмакратычнай партыі ў пасляваеннай Польшчы, у той час як існавала Польская сацыялістычная партыя (Polska Partia Socjalistyczna, PPS) (сацыял-дэмакраты, як вядома, у 1918 г. увайшлі у склад Камуністычнай рабочай партыі Польшчы), выкарыстоўвае назву Польская камуністычная партыя, хаця з 1938 г. яна фармальна не існавала. Правільна гаварыць пра дзейнасць Польскай рабочай партыі (Polska Partia Robotnicza) (да снежня 1948 г.) і Польскай аб’яднанай рабочай партыі (Polska Zjednoczona Partia Robotnicza), адзначаючы яе камуністычную ідэалогію і сутнасць. Недакладнасці датычацца і гісторыі апазіцыі ў Польшчы. Польскае стронніцтва людовае (Polskie Stronnictwo Ludowe) ўзнікла ў жніўні 1945 г., у той час як аўтар піша пра яго існаванне ўжо ў чэрвені 1945 г., а пазней адзначае, што партыя была створана “пад выбары 1947 г.”. І такіх “дробязяў”, на жаль, у кнізе шмат.
Тым не менш, сам факт існавання разгляданага даследавання з’яўляецца яшчэ адным крокам на шляху да разумення і больш аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі, што склалася ў краінах Усходняй Еўропы пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі
- Deák, István (2003). “How to Construct a Productive, Disciplined, Monoethnic Society.The Dilemma of East Central European Governments, 1914-1956”, 205-217, у Amir Weiner, (ed.), Landscaping the Human Garden. Twentieth-Century Population Management in a Comparative Framework. Stanford: Stanford University Press.
- King, Jeremy (2002). Budweisers into Czechs and Germans: A Local History of Bohemian Politics, 1848-1948. Princeton: Princeton University Press.