2 снежня 2009 г., а 18-й гадзіне, на падворку ЦСІ адбудзецца чарговае паседжанне рэгулярнага даследчага семінара Інстытута “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Крытыка беларускай палітычнай аналітыкі: падставы і метадалогія”. Дакладчык: Андрэй Ягораў, апанент: Андрэй Казакевіч.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Па дадатковую інфармацыю пра месца правядзення звяртайцеся на [email protected]
Тэзісы дакладу:
1. На сённяшні час увесь масіў тэкстаў беларускіх аўтараў прысвечаных палітыцы застаецца “жанрава” не падзеленым. Гэта не дазваляе нармальна развіваць як уласна навуковую крытыку (крытыку навуковых тэкстаў), так і крытыку палітычнай аналітыкі. Адсутнасць крытыкі складае сітуацыю заніжэння “кошту” сапраўднай навукі, і якаснай аналітыкі, бо тыя змешваюцца з іншымі тэкставымі “жанрамі” (вучэбна-метадычныя тэксты,палітычная публіцыстыка, ідэалогія, спекуляцыйныя разважанні).
2. Падставай для пачатку крытыкі палітычнай аналітыкі з’яўляецца неабходнасць выпраўлення сітуацыі змяшэння.
3. Метадалагічнай асновай для развядзення розных тэкставых жанраў можа служыць схема падзелу палітычнага поля на сферы: палітычная навука і адукацыя, палітычныя тэхналогіі (метадалогія палітыкі?), палітычная практыка.
4. Кожная са сфераў мае розныя функцыянальныя адносіны паміж сабой. Адпаведна кожная са сфераў выпрацоўвае розныя тыпы тэкстаў. Палітычная навука і адукацыя (навуковыя працы, вучэбныя тэксты, метадычная літаратура і інш.), палітычныя тэхналогіі (палітычная аналітыка і інш.), палітычная практыка (ідэалагічныя тэксты і інш.).
5. Жанрава-стылістычныя асаблівасці аналітыкі. Функцыя палітычнай аналітыкі – забеспячэнне прыняцца палітычных рашэнняў і арганізацыя дзеянняў палітычных актораў. Аналітыка як разметка мапы мясцовасці, “планшэт”. “Добрая” і “дрэнная” аналітыка.
6. Генеалогія беларускай палітычнай аналітыкі. Першыя прэзідэнцкія выбары 1994, аналітыка Майсені, аналітыкі АГТ (Ул. Мацкевіч). Спроба перыядызацыі. Прычыны жанравага змяшэнне. Роля “замоўцы” і “плацельшчыка” у жанравым змяшэнні.
7. Праблематыка крытыкі. Легітымнасць жанравага развядзення, вылучэнне корпусу тэкстаў для аналізу, “тапалогія” аналітыкі, праблема вызначэння якасці, праблема “першага слова”, метады і навацыі ў палітычнай аналітыкі, аўтэнтычнае і запазычанае.
8. Месца тэкстаў АГТ у беларускай палітычнай аналітыцы.