Канферэнцыя “Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы”

111

МГА «ГІСТОРЫКА» (Менск)

БЕЛАРУСКІ АРХІЎ ВУСНАЙ ГІСТОРЫІ (Менск)

ІНСТЫТУТ СЛАВІСТЫКІ ПОЛЬСКАЙ АКАДЭМІІ НАВУК (Варшава)

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ (Менск)

 Запрашаюць да ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі

«Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы»

(Менск, 15-16 красавіка 2016 г.) 

Трыццацігоддзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС павінна стаць нагодай для пэўнай “інвентарызацыі” нашых ведаў па праблеме чалавека і грамадства ў “постчарнобыльскім свеце” і, магчыма, для вызначэння новых накірункаў даследаванняў. Не сакрэт, што па шэрагу прычын гэтая катастрофа і яе наступствы ў Беларусі аказаліся адсунутымі на перыферыю грамадскай і навуковай зацікаўленасці. Аднак, як паказалі даследаванні Беларускага архіва вуснай гісторыі (2015), Чарнобыль па-ранейшаму адгукаецца вялікім болем у памяці тых, каго закранула гэтая трагедыя. Адначасна яна падкрэслівае значэнне сацыяльных і гуманітарных навук, а таксама адказнасць навукоўцаў за тое, што адбываецца з чалавекам і грамадствам у сітуацыі глабальнай катастрофы.

Запрашаем навукоўцаў паспрабаваць адказаць на наступныя пытанні:

  • Якія сацыяльныя і палітычныя наступствы мела аварыя на Чарнобыльскай АЭС для грамадства Беларусі і ўсяго постсавецкага рэгіёну?
  • Як паўплывала гэтая аварыя на развіццё сацыяльных і гуманітарных навук?
  • Як Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы адлюстраваліся ў памяці і культуры народаў Беларусі, Украіны і Расіі?

Канферэнцыя будзе мець шматдысцыплінарны характар. Мы разлічваем  на ўдзел у ёй гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, сацыёлагаў, літаратуразнаўцаў, а таксама прадстаўнікоў іншых сацыяльных і гуманітарных навук.

Плануецца праца двух сесій:

  • Чалавек, грамадства, дзяржава праз 30 год пасля Чарнобыльскай катастрофы 
  • Памяць і рэфлексія: Чарнобыль у люстэрках памяці і культуры

Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, украінская, руская, польская і англійская.

Заяўкі на ўдзел просім дасылаць да 31 студзеня 2016 г. на адрас: [email protected]. У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. знакаў), кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак. Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя. Арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі.

Просім пераслаць інфармацыю ўсім зацікаўленым асобам.

Аргкамітэт канферэнцыі:

Доктар гіст. навук Алесь Смалянчук,

Мгр Уладзімір Валодзін

Мгр Ганна Кавалёва

Мгр Андрэй Мастыка

Павел Сітнік

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...