Збор намінацый для Прэміі Кангрэса за найлепшую публікацыю (падача да 15.04.2015)

ICBS-Logo

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра збор намінацый для Прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, якія былі надрукаваныя ў 2013-2014 гадах.

Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковых даследаванняў.

Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.

Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 15 красавіка 2015 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут: premija_rules_2015.pdf.

Урачыстае наданне прэміі адбудзецца на Пятым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 2-4 кастрычніка 2015 года.

Намінацыі:

Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:

Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.

Гуманітарныя навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.

Гісторыя.

Публікацыі па праву і эканоміцы прымаюцца да разгляду толькі ў тым выпадку, калі яны маюць міждысцыплінарны характар, а таксама закранаюць праблематыку асноўных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.

З мінулага году праводзіцца асобны конкурс для манаграфій і артыкулаў.

З 2014 года Прэмія па гуманітарных навуках аб’ядналася з Прэміяй імя Зоры Кіпель, якая надавалася Паўночнаамерыканскай асацыяцыяй даследчыкаў Беларусі.

Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.

Працэдура:

Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертных радаў, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін.

Для разгляду прымаюцца працы, якія былі надрукаваныя ў 2014 г., а таксама надрукаваныя ў 2013 г., калі гэтыя працы не былі намінаванымі падчас папярэдняга конкурсу. Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным, двума ці некалькімі аўтарамі (у выпадку калектыва аўтараў праца мусіць быць пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).

З павагай,

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі

http://icbs.palityka.org/premija-kanhresa/zbor-naminacyj-dlia-premii-kanhresa-2015

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...