← Усе навіны

НАВІНЫ · 22 лютага 2022

Адказ на прызнанне ЛНР і ДНР – санкцыі Захаду і «разуменне» Лукашэнкі

«З разуменнем і павагаю» рэжым Лукашэнкі паставіўся да прызнання Расеяй незалежнасці ДНР і ЛНР.

Паведамленне з такою фармулёўкай апублікаваў МЗС Беларусі.

За гэткую «павагу» эканамічная супраца з Украінаю – пад пагрозаю, акрамя таго, на Беларусі могуць адбіцца і наступствы санкцыяў, што зазнае Расея.

Еўразвяз менш як гадзіну таму прыняў новы пакет абмежаванняў: 351 дэпутат Дзярждумы і яшчэ 27 фізічных і юрыдычных асоб апынуліся пад санкцыямі.

Долар падаражэў на 7 капеек, еўра – на 6.

Некаторыя беларусы накіраваліся ў абменнікі – а раптам гэта толькі пачатак падзення беларускага рубля?

Адбылося яно ўслед за расейскім, пасля прызнання Пуціным незалежнасці так званых ЛНР і ДНР і ўвядзення туды расейскіх войскаў.

Рубель адваюе страчаныя пазіцыі, бо Пуцін, відаць, адмовіўся ад найгоршага сцэнара – вайсковай кампаніі супраць Украіны, мяркуе старэйшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC Леў Львоўскі: «На рынак прыйдзе гэты паступовы сігнал, і рынак зразумее, што самае дрэннае ўжо адбылося.

З іншага боку, нас чакае яшчэ адзін раўнд санкцыяў.

І для Беларусі нават важней, чымся для Расеі – рэакцыя Украіны на беларускі ўдзел і на яе заявы».

Украіна ўваходзіць у ТОП-5 гандлёвых партнёраў Беларусі і з’яўляецца галоўным рынкам для экспарту бітуму і нафтапрадуктаў.

Прызнанне ўслед за Пуціным самаабвешчаных рэспублік на Данбасе – магло пакласці крыж на гандлі.

МЗС Беларусі давялося падбіраць словы: «Мы з павагаю і разуменнем успрымаем рашэнне расейскага боку аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Гэты крок Расеі мае не толькі палітычнае, але і сурʼёзнае чалавечае, гуманітарнае вымярэнне, улічваючы колькасць расейскіх грамадзян, якія пражываюць на дадзеных тэрыторыях і цярпяць пазбаўленні на працягу амаль васьмі гадоў».

Адказнасць за рост напружанасці ва Усходняй Еўропе ведамства Уладзіміра Макея ўскладае на заходнія краіны.

У Беларусь жа праз усходнюю мяжу паступае ўсё больш ваеннай тэхнікі.

Учора і сёння калоны Рас гвардыі з зафарбаванымі апазнавальнымі знакамі заўважылі ля гарадоў Хойнікі, Рагачоў і Нароўля на поўдні Беларусі.

Жоўта-зялёная афарбоўка бронетранспарцёраў характэрная для частак з Паўночнага Каўказу.

Беларусы задаюцца пытаннем – яны да нас надоўга? «Трэба дзесьці салдат размяшчаць, дзесьці чыніць тэхніку, ствараць палігоны і базы…Калі мы кажам аб сталай, а не часовай прысутнасці расейскіх войскаў, то тады павінна быць прынятае рашэнне аб стварэнні нейкай ваеннай базы.

Яе трэба будзе будаваць… Залежаць гэта будзе, хутчэй за ўсё не ад меркавання Аляксандра Лукашэнкі, а ад дынамікі стасункаў паміж Расеяй і Захадам», – лічыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Нават часовая прысутнасць расейскіх войскаў і распалены імі канфлікт – абмяжоўвае суверэнітэт Беларусі – мяркуе Андрэй Казакевіч: «Скажам, калі на тваёй тэрыторыі ёсць расейскія войскі, то ты ўсё больш будзеш залежаць ад стасункаў Расеі з Захадам, Расеі з Украінай.

Таму як калі Расея будзе пагаршаць стасункі, ты трапляеш у арбіту, як тэрыторыя, з якой можа ажыццяўляцца нейкая вайсковая аперацыя».

Чытаць цалкам (https://belsat.eu/in-focus/22-02-2022-adkaz-na-pryznanne-lnr-i-dnr-sanktsyi-zahadu-i-razumenne-lukashenki/)

каментар / інтэрв’ю комментарий/интервью