← Усе навіны

НАВІНЫ · 22 кастрычніка 2026

5-ы Форум Астрожскіх пройдзе 19–20 лістапада 2026 года ў Львове

19–20 лістапада 2026 года ў Львове адбудзецца 5-ы Форум Астрожскіх — Беларуска-ўкраінская экспертная платформа.

Форум Астрожскіх — рэгулярная двухбаковая экспертная канферэнцыя, створаная аналітычнымі цэнтрамі і экспертамі Беларусі і Украіны. Яна аб’ядноўвае экспертаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, медыя, палітычнай і грамадскай сферы для абмеркавання актуальных праблем беларуска-ўкраінскіх адносін і выпрацоўкі прапаноў па іх развіцці.

Сёлета ўдзельнікі Форуму засяродзяцца на стане адносін паміж Беларуссю і Украінай на пяты год поўнамаштабнай вайны, магчымасцях развіцця супрацоўніцтва паміж беларускім і ўкраінскім грамадствамі, ролі Украіны для Новай Беларусі, а таксама на пытаннях адукацыі, гістарычнай памяці, культуры і рэгіянальнай бяспекі.

У межах Форуму таксама будуць прадстаўлены новыя даследаванні. Сярод іх — вынікі апытання грамадскай думкі «Беларусь і беларусы ў грамадскай думцы Украіны, 2022–2026» (падрыхтавана пры падтрымцы German Marshall Fund of the Unites States), даследаванне пра перамовы Беларусі і ЗША і магчымыя падыходы Украіны да беларускага пытання, а таксама Індэкс беларуска-ўкраінскіх адносін 2026. 

Асобныя круглыя сталы будуць прысвечаны развіццю беларуска-ўкраінскага гістарычнага дыялогу і доўгатэрміноваму супрацоўніцтву ў сферы культуры ва ўмовах вайны. 

Форум пройдзе 19–20 лістапада ў Львове, ва Украінскім каталіцкім універсітэце. Дыскусіі будуць адбывацца паводле Chatham House Rule. 

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі грамадскага сектара, медыя і блогеры, а таксама прадстаўнікі экспертнай і палітычнай супольнасці Беларусі і Украіны.

З праграмай форуму можна пазнаёміцца ​​тут

Дэдлайн рэгістрацыі — 10 лістапада 2026 года (https://forms.gle/zpmhneXQ3Y9Mm66E6)