← Усе навіны

НАВІНЫ · 18 кастрычніка 2026

Апублікавана даследаванне «Палітычнай сферы» пра стаўленне жыхароў Латвіі да Беларусі

У кастрычніку 2026 года ў аналітычным зборніку Quo Vadis, Belarus? Contested Futures in a Changing Regional Order, выдадзеным Латвійскім інстытутам міжнародных адносін (LIIA), выйшаў артыкул дырэктара Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча і даследчыка Dmitrijs Borjajevs «Belarus in Latvian Public Opinion: Sovereignty, Threat Perceptions and Policy Preferences» («Беларусь у грамадскай думцы Латвіі: суверэнітэт, успрыманне пагроз і палітычныя перавагі»). Артыкул заснаваны на выніках рэпрэзентатыўнага апытання грамадскай думкі, распрацаванага «Палітычнай сферай» і праведзенага ў Латвіі даследчым цэнтрам SKDS з 27 лютага па 2 сакавіка 2026 года. У апытанні ўзялі ўдзел 1005 рэспандэнтаў.

Аўтары аналізуюць, як жыхары Латвіі ўспрымаюць палітычную сістэму Беларусі, ступень яе залежнасці ад Расіі, патэнцыйныя пагрозы бяспецы, а таксама перспектывы адносін з афіцыйным Мінскам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Паводле вынікаў апытання, 71,8% рэспандэнтаў прызнаюць значны ўплыў Расіі на знешнюю палітыку Беларусі. Пры гэтым стаўленне да беларускай дзяржавы істотна адрозніваецца ад стаўлення да беларускіх грамадзян: 78,1% апытаных ацэньваюць пагрозу з боку беларусаў, якія пражываюць у Латвіі, як нізкую або адсутную. У сваю чаргу, 56,2% падтрымліваюць розныя формы супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Даследаванне таксама выяўляе істотныя адрозненні ў поглядах паміж моўнымі і ўзроставымі групамі латвійскага грамадства.

Поўны тэкст зборніка Quo Vadis, Belarus? Contested Futures in a Changing Regional Order (артыкул Андрэя Казакевіча і Dmitrijs Borjajevs — с. 160–177):
https://liia.lv/en/publications/quo-vadis-belarus-contested-futures-in-a-changing-regional-order-1616

СПАСЫЛКА НА АРТЫКУЛ