5 сакавіка завяршаецца прыём заявак на арганізацыю спецыялізаваных секцый (панэляў) у межах Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі (11-13 кастрычніка 2013; Коўна, Літва).
Секцыі (панэлі) могуць быць прысвечаны абмеркаванню асобных даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці ў межах асобных дысцыплін ці даследчых накірункаў. Пры падачы матэрыялаў арганізацыйны камітэт не ставіць тэматычных ці дысцыплінарных абмежаванняў, пакідаючы магчымасць прадстаўнікам акадэмічнай і экспертнай супольнасці самастойна артыкуляваць свае прыярытэты і зацікаўленасці.
Секцыі (панэлі) могуць быць дысцыплінарнымі, тэматычнымі ці нават вузкаспецыялізаванымі. Таксама прымаюцца заяўкі на арганізацыю секцый для разгляду актуальных грамадскіх пытанняў.
Мы спадзяемся, што фарміраванне секцый і панеляў праз адкрыты збор прапаноў дазволіць павысіць адпаведнасць Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі чаканням і патрэбам акадэмічнай і экспертнай супольнасці.
Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідараў прыняць удзел у вызначэнні тэматычных прыярытэтаў наступнага Кангрэса.
Заяўка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Заяўнікамі таксама могуць выступаць зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі.
Для падачы заяўкі да 5 сакавіка 2013 года на электронны адрас Кангрэса ([email protected]) неабходна даслаць:
1) папярэднюю назву секцыі (панэлі);
2) кароткую канцэпцыю (каля аднаго абзаца);
3) папярэдні спіс магчымых удзельнікаў.
З павагай,
Арганізацыйны камітэт