Пачаць пісаць па-беларуску. Рэгіянальны і сацыяльны склад беларускага адраджэння, 1880-1918

papuliarnasc-bielarusi_88837 снежня ў 18.30 на падворку ЦСІ адбудзецца чарговае пасяджэнне рэгулярнага даследчага семінара Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.

Тэма дакладу: “Пачаць пісаць па-беларуску. Рэгіянальны і сацыяльны склад беларускага
адраджэння, 1880-1918”.

Дакладчык: Андрэй Казакевіч

Судакладчык: Андрэй Асадчы

_______________________________________________________________________________________

Намаганні аб’яднаць супольнасць для дасягнення агульнай мэты патрабуюць існавання пэўных інстытутаў, што прадугледжвае зніжэнне разнастайнасці, адбор асобных элементаў і ігнараванне рэшты. У выніку супольнасць становіцца больш аднароднай, але першапачатковы матэрыял, які прадстаўлены ў ёй нераўнамерна, адлюстроўваючы абраны прынцып адбору, можа ўплываць на развіццё інстытутаў і супольнасці працяглы час.

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя беларускі нацыянальны рух, а праз яго і беларусы як этнічная супольнасць, мусілі вырашыць задачу зніжэння разнастайнасці і селекцыі асобных элементаў культурнай і палітычнай арганізацыі. Выбар стратэгіі быў дастаткова абмежаваным, за выключэннем асобных сфераў, дзе існавала большая свабода дзеянняў (як прыклад: фарміраванне літаратурнай мовы). У выбары падставовых інстытутаў новай супольнасці поле магчымасцяў было вузкае. Сярод звычайнага набору – дзяржава, грамадскія структуры, царква, высокая культура і г. д. – даступнымі былі толькі этнічная культура і мова.

У такой сітуацыі выключнае месца ў руху, мэтай якога было фарміраванне новай нацыянальнай супольнасці, займала легітымізацыя беларускай культуры і мовы праз інстытуцыялізацыю літаратурнай дзейнасці. У значнай ступені пачатак нацыянальнага адраджэння як феномен на зломе ХІХ і ХХ стст. праяўляўся менавіта як пераход да літаратурнай і публіцыстычнай дзейнасці на беларускай мове, што азначала пераадоленне культурных і палітычных бар’ераў, стварэнне новай традыцыі.

Людзі, якія ўключыліся ў гэты адначасова сацыялінгвістычны і палітычны працэс, фактычна склалі першую генерацыю беларусаў ужо ў нацыянальным, а не этнічным разуменні.

Працэс беларускага адраджэння (калі выкарыстоўваць тэрміналогію саміх удзельнікаў), меў сваё сацыяльнае, дэмаграфічнае, а таксама тэрытарыяльнае і часавае вымярэнне. Уласна разгляд гэтых вымярэнняў з’яўляецца асноўным фокусам увагі даследавання. Нас галоўным чынам цікавіць разгляд першых актыўных удзельнікаў культурнага руху як асаблівую сацыяльную і палітычную супольнасць, склад якой дазволіць больш дакладна зразумець пачатак інстытуцыялізацыі новай нацыянальнай супольнасці на аснове этнічнай культуры і мовы.

Існуюць усе падставы меркаваць, што асобныя рэгіёны, прафесійныя і сацыяльныя групы этнічных беларусаў істотна адрозніваліся па сваёй актыўнасці на першым этапе нацыятворчага працэсу. Аналіз пазначанай супольнасці дазволіць пабачыць участкі, праз якія адбывалася крышталізацыя і афармленне новых інстытутаў і нормаў. Таксама важным можа быць вызначэнне сацыяльнай і геаграфічнай траекторыі, наступствы і здабыткі ад далучэння да нацыятворчага працэсу. Такім чынам, мы паспрабуем больш дакладна лакалізаваць першы этап беларускага нацыятворчага працэсу з геаграфічнага, сацыялагічнага і дэмаграфічнага пункту гледжання.

Прадметам нашага разгляду сталі ўсе асобы, якія апублікавалі літаратурныя ці публіцыстычныя публікацыі на беларускай мове дастатковыя для таго, каб патрапіць у энцыклапедычныя выданні.

Усяго па вынікам аналізу матэрыялаў з біяграфічнымі і бібліяграфічнымі дадзенымі намі быў складзены спіс з 98 асобаў, якія так ці інакш пакінулі свой след у літаратурнай і культурнай гісторыі Беларусі. Спіс дзеячоў дастаткова вялікі, што, на нашу думку, дае магчымасць фіксацыі надіндывідуальных тэндэнцый.

_______________________________________________________________________________________

Асноўныя параметры аналізу. Як ужо адзначалася вышэй, паўставанне беларускага руху было шматузроўневым працэсам, які меў свае сацыяльныя, дэмаграфічныя і тэрытарыяльныя вымярэнні. Гэтыя вымярэнні мы будзем фіксаваць праз наступны завершаны набор параметраў. Тэрытарыяльнае вымярэнне будзе фіксавацца праз разгляд месца нараджэння і месца смерці удзельнікаў культурнага руху. Мяркуецца, што гэта дазволіць нам вызначыць тэрытарыяльную аснову беларускага нацыянальнага руху, а таксама уплыў удзелу ў паўставанні руху на пэўную жыццёвую траекторыю. Пад дэмаграфічным вымярэннем мы маем набор наступных параметраў: год нараджэння, узрост далучэння да культурнага руху, працягласць жыцця і час смерці. Пад сацыяльным вымярэннем у межах даследавання маецца на ўвазе: сацыяльнае паходжанне, адукацыя, абраная прафесія і прычына (абставіны) смерці. Такім чынам, мы маем 10 параметраў, якія, на нашу думку, дапамогуць значна больш глыбока зразумець прыроду і абставіны беларускага нацыятварэння напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стст.

На семінары плануецца прэзентацыя і абмеркаванне атрыманых вынікаў.

Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Па дадатковую інфармацыю пра месца правядзення звяртайцеся на [email protected]

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...