18 кастрычніка, а 18-й гадзіне, на падворку АГТ/ЦСІ абудзецца паседжанне публічнага семінару Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.
Тэма дакладу: “Кароткая генеалогія: гістарычнае мінулае ў публічных прамовах беларускіх афіцыйных асобаў”.
Асноўным дакладчыкам выступіць Аляксей Ластоўскі: кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Вільня-Мінск, Літва-Беларусь).
______________________________________________________________________________________
Падчас дакладу будуць прааналізаваныя змены ў інтэрпрэтацыях гістарычнага мінулага, якія адбываліся за апошнія дзесяць год прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Выяўленне гэтых тэндэнцый шмат у чым зможа растлумачыць глыбінны характар трансфармацыі ўладнага дыскурсу ў нашай краіне, прадэманстраваць тыя аб’ектыўныя трэнды, якія могуць дэфармаваць і пераўтвараць асабістыя прэферэнцыі кіраўніка дзяржавы. У якасці пробы для масіву прамоваў выкарыстоўваліся тыя выступы, якія былі наўпрост звязаныя з гістарычнымі падзеямі (маюцца на ўвазе выступы, прымеркаваныя да дзяржаўных святаў, якія маюць пад сабою гістарычную падаплёку – Дня Перамогі і Дня Незалежнасці). У якасці дадатковых выкарыстоўваліся таксама некаторыя выступы, цесна звязаныя з пытаннямі гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці (лецыя “Гістарычны выбар Беларусі”, выступы на нарадах па праблемах дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама развіцця культуры і мастацтва).
Калі спектр выступаў 2001-2010 гг. задзейнічаны для пабудовы храналагічнай перспектывы, то для рэканструкцыі сінхроннай карціны афіцыйнага дыскурсу будуць выкарыстоўвацца выступы за апошнія тры гады (2008-2010), перыяду так званай “лібералізацыі”. За гэтыя гады будзе выкарыстоўвацца значна больш шырокі спектр выступаў (практычна ўсе даступныя і разгорнутыя публічныя прамовы, у тым ліку і інтэрв’ю), да таго ж, каб адыйсці ад замкнёнасці выключна на адну асобу, у аналіз будуць уведзеныя і іншыя вышэйшыя афіцыйныя асобы краіны.
Вылучаюцца наступныя топасы гістарычнай памяці для аналізу:
1) дасавецкая гісторыя (уключна з такімі істотнымі тэмамі як Полацкае княства і Вялікае княства Літоўскае);
2) савецкая гісторыя (перш за ўсё БССР);
3) Вялікая Айчынная вайна.
Высновы:
Аналіз практык ужывання сімвалаў дасавецкага мінулага сведчыць пра асцярожнае стаўленне беларускіх уладаў да магчымасцей нацыянальнага гістарычнага наратыву: поўнасцю інтэграваныя толькі фігуры культурнага пантэону (Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына і г.д.), у той час як доўгая традыцыя беларускай дзяржаўнасці або гісторыя беларуска-расійскіх канфліктаў выкарыстоўваюцца эпізадычна. У дадзеным выпадку пакуль што нельга казаць пра ўстойлівую тэндэнцыю нацыяналізацыі гістарычнага дыскурсу беларускай улады, толькі пра сітуатыўнае звяртанне да гэтага рэсурсу.
Рэабілітацыя савецкага перыяду, якая часцяком разглядаецца як поўная рэканструкцыя, мае хутчэй характар настальгічнага пераасэнсавання рамках “старых добрых часоў”. Гэта вядзе за сабою “забыццё” камуністычнай ідэалогіі і фактычную дэканструкцыю цвёрдага светапогляднага каркаса гэтай эпохі. Савецкае мінулае пастаяна прысутнічае ў публічных прамовах беларускіх афіцыйных асобаў, але ў адмысловым модусе настальгіі, дзе яно набывае статус ідэальнага мінулага, якое, тым не менш, адыйшло ў нябыт, і якое мае толькі свайго нашчадка ў сучаснай беларускай дзяржаве.
Гістарычная памяць пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца ключавой для фармавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, найбольш устойлівым і артыкуляваным комплексам у беларускім афіцыйным гістарычным наратыве. Пры гэтым акцэнтаванне ўвагі некаторых аўтараў на пераемнасці з савецкім міфам пра вайну не дазваляе ўбачыць, што ў сучаснай Беларусі памяць пра вайну напоўнена іншым зместам, дзе ўмацаванню дзяржаўнага праекту нацыянальнай ідэнтычнасці спрыяе канцэнтрацыя рыторыкі на ролі беларускага народа ў перамозе над фашызмам.
Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца ўсе жадаючыя. Рэгістрацыя адбываецца праз электронны адрас: [email protected]