73 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 I. Крытычная сацыяльная тэорыя прасторы: вытокі і асноўныя прынцыпы Гэтае даследаванне можна лакалізаваць у рэчышчы разнапланавага і амбіцыйнага праекта крытычнае сацыяльнае тэорыі прасторы, падмуркавая мэта якога — спраўдзіць, што для пераводу грамадска / культурна значных праблемаў да рангу сацыялагічных / культуралагічных часцяком неабходна сфакусавацца на механізме ўзаемаўплыву прасторавых канфігурацый і сацыяльных практык. Прасторавае заўсёды прасякнутае сацыяльным, і наадварот. Грамадскія працэсы адбываюцца не ў вакууме і залежаць, у тым ліку, ад геаграфічнага background (тла): усялякая тэндэнцыя ў грамадстве канстытуюецца як вынік адмысловае прасторавае дыспазіцыі, а адным з атрыбутаў любых сацыяльных пераўтварэнняў ёсць стварэнне і легітымацыя новага модусу прасторы. Таму, кіруючыся мэтаю высвятлення сацыяльных ці культурніцкіх практык, нам варта метадычна ўносіць панятак «прастора» ў сістэму пераменных тае праблемы, якую мы аналізуем.
Важкай рысаю карыстанай парадыгмы ёсць таксама спроба паказаць, што мадэрнай гуманістыцы і сацыяльным даследванням заўсёды бракавала «геаграфічнага» пункту гледзішча, што Сяргей Любімаў Балота, гісторыя і прастора Беларусі Abstract.
У артыкуле разглядаецца культурная і палітычная сітуацыя Беларусі з пазіцыі крытычнай сацыяльнай тэорыі прасторы. Прааналізаваныя канцэпты абсалютнай прасторы і прасторы назапашвання.
Разгледжаны феномен меліярацыі балот як фактар змены ландшафту і мадэрнізацыі Беларусі. Асаблівая ўвага звяртаецца на артыкуляцыю тэмы балота ў культурным дамене сучаснай Беларусі і тэкстах асобных аўтараў (Ю. Шаўцоў, В. Акудовіч, П. Васючэнка і іншыя).
Ключавыя словы: крытычная сацыяльная тэорыя прасторы, абсалютная прастора, прастора назапашвання, меліярацыя, меліярацыя ў Беларусі, балота, балота як фактар культуры, ландшафт.
істотна звузіла фарватэр еўрапейскае інтэлектуальнае і акадэмічнае традыцыі. Адзін з найболей цытаваных даследчыкаў, якія пішуць пра гэты недахоп «прасторавага ўяўлення», — Генры Лефэўр, класічны мысляр групы акадэмікаў, якія вызначаюць канцэпцыйны апарат крытычнае сацыяльнае тэорыі прасторы. Лефэўр у розных кантэкстах даводзіць, што панятак «прастора» пазначаў, зазвычай, толькі пустую плошчу, кантэйнер, пазбаўлены ўсялякае праблемы, і аніхто аніколі не абцяжарыў сябе аналітычна інвеставаць гэты канструкт сацыяльным зместам (Lefebre, 1991: 1). Ён бачыць ў такім недаглядзе ўплыў Канта, які ўспрымаў прастору як a priori прыналежную да сферы розуму і акцэнтаваў найперш nacheinander , а не nebeneinander .
Сам Лефэўр імкнуўся давесці, што прастора: а) «рэпрэзэнтуе палітычнае (“неакапіталістычнае” што да Захаду) выкарыстанне мовы»;
б) уключае акрэсленую неаддзельную ад веды ідэалогію, якая легітымуе гэтую веду; в) увасабляе адмысловы утапічны праект, што ўпісаны ў існы лад вытворчасці (Lefebre, 1991: 8—9). Такі падыход адкрыта ставіць за мэту выканаць крытыку ўсялякіх разнастайнасцяў прымардыялісцкага прачытання прасторавых формаў. Амерыканскі географ Эдвард Соджа фармулюе прынцып названай крытыкі наступным чынам: «Сама па сабе прастора можа быць адпачаткова дадзенай, але арганізацыя і сутнасць прасторы — гэта © ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА ISSN 1819-3625 ¹ 8, 2007 74 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 плён сацыяльнае перадачы, пераўтварэнняў і досведу» (Soja, 1989: 78—79). Значным элементам, што робіць мажлівым такі пункт гледзішча, ёсць панятак «сацыяльная прастора». На думку Лефэўра, «сацыяльная прастора ёсць не рэч між іншых рэчаў і не прадукт між іншых прадуктаў:
хутчэй, яна уключае у сябе створаныя рэчы і рэалізуе іх ўзаемадачыненні у суіснаванні і адначаснасці — іх (адносны) лад і / альбо (адноснае) бязладдзе» (Lefebre, 1991: 73). Разам з тым ён паказвае, што фізічная прастора ўдзельнічае ў працэсе структуравання сацыяльнае сістэмы.
Ён выкарыстоўвае панятак «прасторавая рацыянальнасць», прызначэнне якога палягае ў тым, каб спраўдзіць, што любы лад вытворчасці немінуча перажывае ўздзеянне прасторавых канфігурацый (найперш праз матэрыялы і сродкі вытворчасці) (Lefebre, 1991: 72). Аднак гэта не прадугледжвае ізамарфізму сацыяльнага — прастораваму.
Такім чынам, даследніцкая мадэль крытычнае сацыяльнае тэорыі прасторы, відавочна, ускладняе падмуркавыя прынцыпы класічнае геапалітыкі, дзе разнастайныя грамадскія заканамернасці выводзіліся выключна з заканамернасцяў прыроднага ландшафту. Прычым для Лефэўра і яго паслядоўнікаў галоўная мішэнь у дыскурсе геапалітыкі — не засяроджанасць на фізічнай прасторы, а няўдалы досвед каардынацыі двух паняткаў — «сацыяльнае» і «прасторавае», няздольнасць разгледзець тое, што прастора — гэта «не толькі перадумова, але і ўвасабленне сацыяльных структур» (Soja, 1989: 129 — 130). Больш за тое, як відаць з аналітыкі Дорын Мэсэй, геапалітычная логіка, што прадугледжвае раздзяленне і аддзяленне адно ад другога прасторавага і сацыяльнага ў духу ньютанаўскай фізікі, толькі блакавала «прасторавае ўяўленне» (Massay, 1993: 152).
II. Абсалютная прастора і прастора назапашвання Адна з найбольш важкіх распрацаваных Лефэўрам аналітычных схемаў — размежаванне абсалютнай прасторы (прасторавыя канфігурацыі, якія ёсць фрагментамі прыроды) і абстрактнай прасторы (вытворчыя прасторавыя канфігурацыі; прастора назапашвання грошай, тэхналогій, ведаў і г. д.) (Lefebre, 1991: 31). Гэтыя мадыфікацыі цалкам не выключаюць адна адну, але, як правіла, у грамадствах ідэальнага кшталту другое змяняе першае цягам мадэрнізацыі.
Пераход ад абсалютнае да абстактнае прасторы адбываецца ў той момант, калі праца перастае быць толькі сродкам фізічнага ўзнаўлення чалавечага жыцця, выконваецца для стварэння даданае вартасці і, такім чынам, робіцца больш і больш спекуляцыйнай. Няўхільным вынікам гэтага пераходу ёсць сітуацыя, калі ландшафты камадыфікуюцца, робяцца «пустымі», бо складаюцца з паўтаральных цыклаў адных і тых сюжэтаў і перажываюцца толькі колькасна / фармальна. Апрача таго, сутнасць такое дамінантнае формы прасторы (абстрактная прастора «цэнтраў багацця і ўлады») заключаецца ў тым, што пры пашырэнні яна пачынае кантраляваць іншыя прасторы і знішчае любы супраціў.
Канцэпцыйныя карані дадзенага сцвярджэння могуць быць знойдзеныя ў марксісцкім разуменні супярэчнасці між спажывецкім коштам і менавым коштам. У Лефэўра гэтая супярэчнасць фармулюецца як адрознасць між паняткамі «твор» і «прадукт». Прадукт — «вынік паўтаральных дзеянняў і рухаў», які вымяраецца менавым коштам, тады як твор — нешта выключнае, што вымяраецца спажывецкім коштам (Lefebre, 1991: 70). Прастора назапашвання (зробленая прастора) — гэта найперш прастора, дзе ўсе яе складнікі змацоўваюцца міжсобку «клеем» абменнасці. І як аб’екты рынкавага абмену элементы ландшафту страчваюць свае непаўторныя выключныя якасці і могуць быць замененыя любымі іншымі аб’ектамі, што маюць рынкавую вартасць. Такім чынам, калі працэс вытворчасці прасторы робіцца абстрактным (залучаным у цыкл абмену тавараў), тады гісторыя і геаграфія таксама робяцца абстрактнымі і выключна колькаснымі / фармальнымі. Лефэўр сцвярджае, што сёння абсалютная прастора амаль цалкам скасаваная. За любым тыпам капіталістычнага грамадства фізічныя прасторавыя канфігурацыі, з якімі мы сутыкаемся, урэшце прысвойваюцца рознымі варыяцыямі сацыяльных дачыненняў, тады як канструкт менавага кошту ёсць цэнтрам гэтых сістэм.
Цікава, што паводле Лефэўра, адной з восевых уласцівасцяў абстрактнае прасторы ёсць замарожванне гістарычнага мыслення — гісторыя перажываецца як настальгія: з надыходам мадэрну час нібыта выпарваецца (Lefebre, 1991:
95). І тут будзе карысным супаставіць гэтае сцвярджэнне з шырока прынятай ідэяй, што менавіта мадэрны ландшафт (паводле Лефэўра, Прастора палітычнага 75 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 абстрактная прастора, прастора назапашвання) адыгрывае важкую ролю ў працэсе стварэння гістарычных наратываў. У рамках гісторыі архітэктуры, даследванняў матэрыяльнае культуры і г. д. падставовым ёсць аргумент, што створаныя чалавекам прасторавыя канфігурацыі нязменна насычаныя сімвалічным сэнсам. А калі наданне формы прасторы адбываецца паводле кантэксту пабудовы бюракратычнае нацыянальнае дзяржавы, што валодае дастатковым індустрыяльным патэнцыялам, тады вытворчыя прасторавыя канфігурацыі артыкулююць матывы менавіта нацыяналізацыі і стандартызацыі, якія паводле вызначэння абапіраюцца на адмысловае бачанне гісторыі. Адным з важкіх пытанняў у рамках тэорыі нацыяналізму ёсць вывучэнне ролі ландшафту ў працэсе пераўтварэнняў дзяржавы ў нацыянальную дзяржаву. Тут звычайна сцвярджаецца, што складнік такога пераўтварэння — гэта створаны ландшафт, які ўвасабляе раз’яднаныя лакальныя наратывы памяці, прымушае іх да цэнтралізацыі і, такім чынам, уплывае на сацыяльную свядомасць і практыкі людзей, а ў канчатковым выніку робіць мажлівым фармаванне агульнае (нацыянальнае) ідэнтычнасці, што грунтуецца на агульнай памяці (Barker, 1992). Разуменне сацыяльнага вымярэння прасторавасці Лефэўрам ёсць субверсійным для такога спосабу асэнсавання мадэрнізаванага ландшафту. Капіталістычнае назапашванне не прадугледжвае «назапашванне памяці», але, наадварот, анулюе памяць, аперуючы абстрактнымі паўтаральнымі формамі. Гэтае даследаванне накіраванае на тое, каб паказаць, якую траекторыю пункт гледзішча Лефэўра адкрывае на спецыфіку прасторы назапашвання ў беларускім кантэксце і, у прыватнасці, на феномен меліярацыі балотаў у паўднёвай частцы краіны.
III. Меліярацыя балотаў і мадэрнізацыя Беларусі Пытанне вырашальнае ролі гэткага спосабу прысваення ландшафту ў кантэксце Беларусі можа быць знойдзенае ў шмат якіх аўтараў.
Агульным месцам тут ёсць уяўленне пра тое, што меліярацыя беларускіх балотаў была адным з самых амбіцыйных праектаў індустрыялізацыі ў паваенным Савецкім Саюзе і стала падмуркавай перадумоваю афармлення фізічнай, інфраструктурнай і ментальнай мапы сучаснае Беларусі. Варта адцеміць, што першыя спробы асушэння беларускіх балотаў адбыліся ў 1873— 1898 гады і ладзіліся пад эгідаю экспедыцыі І.
Жылінскага. Аднак асноўны масіў прац па меліярацыі прыпаў на больш позні час і быў ініцыяваны Пленумам ЦК КПСС у 1966 годзе.
Калі паспрабаваць супаставіць названае з канцэпцыйным вузлом, прапанаваным Лефэўрам, тады меліярацыя балотаў — гэта адзін з найбольш важкіх аспектаў усталявання прасторы назапашвання ў Беларусі. Адным з праблематычных пунктаў нашага даследавання ёсць той факт, што паняткавы апарат Лефэўра паводле вызначэння не здольны дакладна адпавядаць выпадку Беларусі. Але неабходна прызнаць, што існуюць мажлівасці пабудовы адмысловага «мосту» між тэорыяй Лефэўра, выпрацаванай на матэрыяле паваеннага эканамічнага буму ў Францыі, і савецкім кантэкстам.
Такая ініцыятыва не новая, і прасачыць яе можна цягам апошніх трыццаці гадоў у працах класікаў усходнееўрапейскае урбаністыкі і рэгіянальнага планавання — Іржы Мусіла, Энтані Фрэнча, Дэвіда Сміта, Івана Сэлені і інш.
Як вядома, савецкі падыход да індустрыяльнага прысваення прасторы розніўся ад падыходаў ў капіталістычных грамадствах ідэальнага кшталту найперш тым, што ў Савецкім Саюзе гэтае прысваенне рацыяналь — прыватныя асобы былі цалкам пазбаўленыя мажлівасці ўплыву на дадзены працэс, — а ў капіталістычных сацыяльных кантэкстах, стрыжнёвым прынцыпам якіх выступаў прынцып laissez faire, вырашальнымі сталі менавіта прыватныя ініцыятывы, артыкуляваныя пасярэдніцтвам механізмаў рынку. Другое істотнае адрозненне — той факт, што савецкае гарадское і рэгіянальнае планаванне свядома зыходзіла з ідэі Маркса наконт таго, што атрыбутам сацыялістычнага грамадства ёсць пераадоленне апазіцыі паміж горадам і вёскай. Што да практыкі гэта азначала стратэгію прыпынення росту вялікіх гарадоў, а таксама планаванне гарадоў сярэдніх памераў і аграгарадкоў на маланаселенных тэрыторыях. Механізмам дадзенай стратэгіі былі, зазвычай, спробы тэрытарыяльнага пераразмеркавання індустрыі і, такім чынам, больш раўнамернае тэрытарыяльнае рассейванне рынку працы (French, 1995; Musil, 1980; Urban and Regional..., 1996). Трэцяй асаблівасцю, якую можна вывесці з першых дзвюх, назавем акцэнт Сяргей Любімаў. Балота, гісторыя і прастора Беларусі 76 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Прастора палітычнага на буйной прамысловасці, а значыць, панаванне індустрыйнага капіталу над фінансавым капіталам. Інакш кажучы, у дадзеным кантэксце назапашванне было менш спекуляцыйным праз сваю цэнтралізацыю і вырашальную ролю буйных прадпрыемстваў.
Тым не менш, цытаваныя вышэй аўтары прызнаюць, што капіталістычны і савецкі падыходы да кіравання прасторай мелі больш агульных рысаў, чым адрознасцяў. Гэтыя агульныя рысы — прыладавае стаўленне да прыроды, тэхналагічнае прысваенне натуральных прасторавых канфігурацый, з’яўленне — у звязку з развіццём індустрыі — гарадскога рабочага класа і г. д. Хутчэй, агульнапрынятым фактам ёсць тое, што ў абедзвюх сітуацыях, трансфармацыі былі пераўтварэннямі мадэрнага кшталту.
Больш за тое, вядома, што класікі заходняга мадэрнізму ў архітэктуры шмат у чым арыентаваліся на савецкі падыход да гарадскога планавання. Такім чынам, калі не зважаць на істотныя дэвіяцыі, у савецкім досведзе мадэрнізацыі і індустрыялізацыі можна аналітычна вылучыць пераход ад абсалютнае прасторы да абстрактнае прасторы.
Гэтае даследаванне кіруецца думкай, што меліярацыя палескіх балотаў — адзін з самых маштабных выпадкаў мадэрнавага рэгіянальнага планавання на абшарах Беларусі. Пры тым новыя створаныя прасторавыя канфігурацыі даступныя толькі колькасна, у тэрмінах мадэрнавай эканомікі. Бо ў выніку меліярацыі беларускія землі страцілі сваю прыродную выключнасць, мясцовая сельская гаспадарка і торфаздабыўная індустрыя сталі ўзаемазалежнымі з сумежнымі эканамічнымі галінамі іншых савецкіх рэспублік, у Беларусі пачалі фармавацца індустрыйныя і палітычныя эліты не з лакальнай, але з савецкай ідэнтычнасцю і г. д. Усе згаданыя пераўтварэнні легітымаваліся адмысловымі ведамі (былі створаныя НДІ балотнае гаспадаркі і НДІ меліярацыі і воднае гаспадаркі), ідэалогіяй (сістэма перакананняў, перанесеная з навуковых ведаў пра балоты ў мову прапаганды і кіравання) і утапічным бачаннем (вялося пра тое, што беларускае эканамічнае і сацыяльнае развіццё наўпрост залежыць ад асушэння балотаў). Апрача таго, гэтыя (мадэрныя) змены матэрыяльнага рэферэнта грамадства мелі свае мастацкія артыкуляцыі (мадэрнізмы) у духу рамана Івана Мележа «Людзі на балоце».
IV. Артыкуляцыя тэмы балота ў культурным дамене Беларусі Сёння ў Беларусі можна знайсці цэлы шэраг спробаў дыскурсова выкарыстаць тэму балота для пошуку тэарэтычнага каркаса , які дазволіў бы канцэпцыйна інтэрпрэтаваць сацыяльныя, палітычныя, ідэалагічныя і культурніцкія працэсы ў краіне. У гэтым даследаванні мы імкнемся выявіць прыроду і механізм функцыянавання такіх спробаў, узброіўшыся адрознасцю «абсалютная прастора — абстрактная прастора», а таксама беручы пад увагу прасторавае вымярэнне мадэрнізацыі. Тут парадыгматычнай ёсць мадэль Алана Прэда і Майкла Джона Ўотса, якія займаліся выяўленнем адмысловасці ўзаемасувязі розных «капіталізмаў» / «мадэрнаў» з «сваімі» прасторавымі структурамі (Pred & Watts, 1992: XIV). Такім чынам, ініцыятывы інвеставаць беларускія балоты сімвалічным сэнсам разглядаюцца ў нашым выпадку адным з складнікаў беларускага мадэрну. А калі дакладней, у якасці інтэнсіўных мастацкіх, ідэалагічных і рэфлексійных рэакцый на мадэрнізацыю ў такіх галінах, як мастацтва, літаратура, навука і філасофія.
Адным з даследчыкаў, якія спрабавалі адшукаць карані сацыяльнае спецыфікі беларускага кантэксту ў адмысловасці балотаў як фрагмента мясцовага ландшафту і ў адмысловасці пераўтварэнняў гэтага ландшафту, ёсць Юры Шаўцоў. Паводле Шаўцова, беларускія асушаныя балоты — нязменны атрыбут сацыяльнае прасторы, які задае вызначаную дыспазіцыю аб’ектаў ў фізічнай прасторы і істотна ўплывае на практыкі людзей і на асаблівасці геапалітычнай пазіцыі краіны. Ён піша пра сплаў меліярацыі як пра аспект мадэрнізацыі прасторы з трыма ключавымі рысамі сацыяльнага ландшафту мадэрнавай Беларусі. Гэтыя тры рысы: а) арыентацыя на буйныя прамысловыя прадпрыемствы; б) цэнтралізаваная ўлада; в) «стабільнасць» у палітычным дамене (тут Шаўцоў мае на ўвазе рэдкія і прадказальныя ратацыя палітычнай эліты). Ягоны аргумент палягае ў тым, што Беларусі патрэбная буйная прамысловасць для таго, каб падтрымліваць лад (прадухіляць забалочванне) на меліяраваных землях на Палессі. Такая прамысловасць будзе функцыянаваць паспяхова толькі тады, калі яна будзе цэнтралізавана 77 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 планаванай (тут ідзе гаворка пра ўзнаўленне савецкай мадэлі). Аднак цэнтральна кіраваная сістэма мажлівая толькі пры наяўнасці палітычнае стабільнасці. У процілеглым выпадку аслабленне ўлады і рэзкія сацыяльныя пераўтварэнні выклічуць крызіс індустрыйных прадпрыемстваў, а таксама заняпад меліяраваных земляў і інфраструктуры наагул.
Цікава, што кожнай вясной беларускія сродкі масавае інфармацыі абавязкова асвятляюць тэму паводкаў у іншых краінах. У мінулым, 2006 годзе, вельмі папулярныя былі тэлевізійныя рэпартажы пра паводкі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе: у Вугоршчыне, Славакіі, Усходняй Нямеччыне і г. д. І тым сюжэтам у навінах ды іншых тэлеперадачах спадарожнічалі сюжэты з беларускага Палесся, дзе мясцовая адміністрацыя здолела вырашыць праблему падвышэння роўню вады. Ідэяй рэпартажаў стала сцвярджэнне, што ў выпадку гэтага канкрэтнага феномена прыроднага ландшафту мы трымаемся падыходу цэнтралізаванага кіравання. А ў краінах, дзе паводкі здараліся, падыход інакшы, і таму ўлады не здольныя ўзяць прыроду пад кантроль. Калі рушыць далей і супаставіць такую логіку з яшчэ адным канцэптам Лефэўра, можна ўявіць: сюжэты на нацыянальным тэлебачанні, асушаныя балоты, што функцыянуюць сёння як ландшафт у сістэме цэнтралізаванае эканомікі, — гэта нейкая «дыферэнцаваная прастора», мост да высока мадэрнізаванага і індустрыйнага грамадства.
Лефэўр апісвае дыферэнцаваную прастору ў якасці зярнятак новага кшталту прасторавасці, папярэдніка новага ладу вытворчасці прасторы (Lefebre, 1991: 52). Значыць, адной з ідэалагем, уласцівых «беларускай мадэлі развіцця», ёсць уяўленне пра тое, што падыход да балотаў, які робіць беларускую прастору мадэрнай, з’яўляецца, з аднаго боку, прызмай, праз якую можна разгледзець найбольш агульныя прынцыпы лакальнае мадыфікацыі мадэрну, а з другога — умовай мажлівасці яе паспяховага функцыянавання.
У Лефэўра панятак «рэпрэзентацыя прасторы» азначае «канцэптуалізаваную прастору, прастору навукоўцаў, праектоўцаў, урбаністаў... і сацыяльных інжынераў... усіх тых, хто ідэнтыфікуе перажыванае і ўспрыманае з разумовым» (Lefebre, 1991: 38). Іншымі словамі, даследваць «рэпрэзентацыі прасторы» што да кантэксту Беларусі азначае выяўляць тое, якім чынам мясцовыя аўтары, што прэтэндуюць на ролю экспэртаў, адрасуюць пытанне пра культурную спецыфіку, беручы пад увагу прасторавы фактар. Кіравацца тым, што балота задае культурную спецыфіку, азначае выяўляць тыя ягоныя рысы, якія нязменна выкарыстоўваюцца ў якасці кодаў для асэнсавання беларускай культуры. Задума гэтага даследавання — паказаць адпаведнасць дадзеных канкрэтных «рэпрэзентацый прасторы» асобай траекторыі мадэрнізацыі. Так, Шаўцоў сцвярджае, што адной з славутых рысаў Беларусі ёсць той факт, што цягам усёй яе гісторыі ніхто не здолеў захапіць, падпарадкаваць і змяніць яе цалкам.
Адрознасць беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці палягае ў тым, што яна не маніфэстуецца яўным чынам. Лейбл, які даследнік выкарыстоўвае для апісання сутнасці гэтай ідэнтычнасці, — «спосаб выжывання». На ягонае меркаванне, такая сітуацыя сталася мажлівай праз тое, што абшар Беларусі ніколі не быў цэнтралізаваны належным чынам, а значыць, не быў «гатоўкай» для захопнікаў. Цікава, што Шаўцоў паказвае становішча — свядома альбо несвядома, — спасылаючыся на вобраз «рыхласці» — відавочна, паводле асацыяцыі з дрыгвой. Для яго архэтып беларускай культуры — «рыхлая канфэдэрацыя, якая час ад часу згуртоўваецца для вырашэння рэгіянальных задачаў» (Шевцов, 2005: 65). «Тое, што называюць талерантнасцю беларусаў, — гэта, зазвычай, адмысловая форма прагматызму, адпаведная мясцоваму палітычнаму асяродку» (Шевцов, 2005: 67). Такім чынам, можна думаць, што для Шаўцова рыхласць, талерантнасць, ідэнтычнасць як спосаб выжывання — культурныя артыкуляцыі натуральных уласцівасцяў беларускіх балотаў.
Яшчэ адна спроба раскрыць сутнасць беларускае ідэнтычнасці, спасылаючыся на вобраз дрыгвы, — гэта эсэ Пятра Васючэнкі «Беларус вачыма беларуса». Варта прызнаць, што ідэя названага тэксту крыху розніцца ад ідэй, якімі структураваны тэксты Шаўцова. «Беларус вачыма беларуса» — літаратурны твор, дзе выразна відаць імкненне распрацаваць праект Беларусі як нацыяналізаванай дзяржавы. Гэта выяўляецца ў акцэнтаванні адрознасці між беларусамі і «ўсімі астатнімі». Так, аўтар эсэ сцвярджае, што адпачатковая рыса беларускага ментальнага кшталту — адсутнасць празрыстасці (нявызначанасць), якая нараджае няздольнасць нацыйсуседак расплюшчыць вочы на «сапраўднага беСяргей Любімаў. Балота, гісторыя і прастора Беларусі 78 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 ларуса». Пры тым Васючэнка супастаўляе дадзеную рысу з уласцівасцямі балота: «...ужо шмат разоў адзначалася, што беларуская ментальнасць утрымлівае ў сабе архэтып балота» (Васючэнка, 2004: 126). Гэта значыць, адмысловасць натуральнага ландшафту выяўляецца ў ладзе культуры, у «духу нацыі».
Таксама цікава, што Шаўцоў і Васючэнка рэпрэзэнтуюць амаль палярныя пазіцыі ў беларускім палітычным дамене. Васючэнка заўсёды быў адным з інтэлектуалаў супольнасці, апазіцыйнай прэзідэнту А. Лукашэнку цягам усяго ягонага кіравання. А цэнтральная думка Шаўцова палягае ў тым, што курс Лукашэнкі ёсць самым эфектыўным і, больш за тое, адзіна мажлівым для Беларусі. Але абодва аўтары прапануюць па сутнасці тоесную стратэгію каардынацыі прасторавых канфігурацый (балота) і культурнае / сацыяльнае адмысловасці. Да прыкладу, заўважаючы, што нават рэвалюцыі адбываюцца ў Беларусі «павольна і ціха», Васючэнка па-новаму ўводзіць ідэалагему сацыяльнае стабільнасці: «...неабходна ведаць пра адзін з атрыбутаў балота: тут немагчыма пабудаваць нешта трывалае. Але і разбурыць гэта таксама немагчыма» (Васючэнка, 2004: 126).
Такога кшталту супастаўленне правакуе пытанне, што абагульняе канцэпцыі гэтых аўтараў, якая агульная логіка мясцовых «рэпрэзэнтацый прасторы», якая робіць раптам блізкімі такіх няблізкіх гульцоў у полі беларускае культурнае палітыкі? Найбольш агульны адказ выглядае так: гэтыя падыходы падобныя менавіта тым, што вынікаюць з адной і той канцэпцыі каардынацыі прасторы і сацыяльных працэсаў. Гэтая канцэпцыя, у сваю чаргу, заснаваная на светапоглядзе, прапанаваным і легітымаваным ньютанаўскай фізікай, у рамках якой прастора і час радыкальна раздзяюцца, а прастора тлумачыцца ў якасці застою, недахопу часу. Менавіта ньютанаўскі светапогляд вызначае разуменне прасторы і Васючэнкам, і Шаўцовым як нечага стабільнага і нерухомага, з бракам дынамізму. Але асэнсоўваючы прастору як нешта стабільнае і адпачатковае, яны надзяляюць такімі самымі рысамі і сацыяльны лад, але праз тое не заўважаюць нераўнамернасці сацыяльнага кантэксту і мажлівасцяў ягонай трансфармацыі. Па сутнасці, яны бачаць адмысловасць беларускага прыроднага / індустрыйнага ландшафту ў гегелеўскім ключы — як закрытую татальнасць, чыя логіка ўключае ў сябе і уніфікуе мноства разнастайных сацыяльных структур. Адсюль і ў Васючэнкі, і ў Шаўцова ўзнікае думка пра неабходнасць таго, што балота (як і любы іншы элемент ландшафту) мусіць быць недзе несупярэчліва выяўленае. У праекце Васючэнкі яно выяўленае ў духу нацыі, хоць гэтае выяўленне ёсць праблематычным: аўтар кажа пра заняпад нацыянальнае свядомасці, заўважаны позіркам звонку («знаёмая з Расеі»).
Варта адзначыць, што ў радыкальным сцвярджэнні пра ізамарфізм асаблівасцяў ландшафту, з аднаго боку, і сацыяльнага цэлага, з другога боку (дзе ландшафт ёсць вырашальнай сілай), і Шаўцоў, і Васючэнка кіруюцца логікай класічнае геапалітыкі, дзе прасторавае і сацыяльнае прачытваюцца як дзве замкнёныя, гамалагічныя адна адной сістэмы. Тады як стрыжнёвае дапушчэнне крытычнае сацыяльнае тэорыі прасторы палягае ў тым, што асобныя прасторавыя канфігурацыі ёсць адначасна перадумовай і ўвасабленнем сацыяльнага чыну. А гэтае дапушчэнне бярэцца якраз з сучаснай фізікі, якая пераадолела ньютанаўскі светапогляд: сёння лічыцца, што ідэнтычнасць аб’ектаў канстытуюецца ў працэсе ўзаемачыннасці, прастора і час заўсёды ўзаемазвязаныя (хоць, безумоўна, розніца паміж імі вызначаецца). Падобная схема выкарыстоўваецца і пры каардынацыі прасторы і сацыяльных практык: абодва паняткі знаходзяцца ў сталай узаемачыннасці і аніводзін з іх не можа быць канчаткова патлумачаны выключна шляхам адсылкі да іншага.
Яшчэ адзін важкі матыў, які ўзнікае пры актуалізацыі тэмы балота, каб патлумачыць беларускія культуру, грамадства, гісторыю, — гэта перакананне, што беларуская лакальнасць ёсць нечым выключным, анікому не зразумелым. Такі матыў прасочваецца ў творы Васючэнкі і — яшчэ больш выразна — у правакацыйным эсэ Валянціна Акудовіча «Разбурыць Парыж». Філосаф піша, што калі мы выкарыстаем вынікі аналізу архетыпу балота, то здолеем патлумачыць многае ў беларускай сітуацыі. Важна размяжоўваць ідэю Беларусі (сістэматычную і статычную) і дыскурс Беларусі (анічым не зададзены, дынамічны, які ахоплівае ўсе сацыяльныя і культурныя феномены). Акудовіч лічыць больш перспектыўным даследаваць другое, і тут істотным робіцца вобраз балота як ландшафтнага сіноніма дыскурсу. Рысы балота такія самыя, як і ўласцівасці дыскурсу, — адсутнасць цэнтра, адсутПрастора палітычнага 79 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 насць межаў, адсутнасць гісторыі. Разам з тым беларускі сацыяльны ландшафт падаецца сінонімам беларускага прыроднага ландшафту (балота). Гэтым Акудовіч блізкі і Шаўцову, які даследуе беларускую ідэнтычнасць як «спосаб выжывання», «рыхласць», і Васючэнку, які піша пра непраяўлены, прыхаваны характар беларускай ідэнтычнасці.
Такую самую аргументацыю можна адшукаць паміж спробаў наратывацыі вобразаў калектыўнае выставы «Balota Empire» сучасных беларускіх мастакоў Клінава, Цэслера, Вашкевіча і іншых. Беларусы паказаны як «балотная нацыя», анікому не зразумелая, невядомая, «непадуладная рацыянальнаму аналізу» (Коваленко, 2005). У любым выпадку тут, як і ў шматлікіх гульцоў, якія артыкулююць ключавыя ўласцівасці беларускай культуры, балота — частка беларускага прыроднага ландшафту, што знікае, — разглядаецца як нешта, што зліваецца з «беларускай ідэнтычнасцю». Пры тым галоўны вынік гэтай лучнасці — адсутнасць транспарэнтнасці, няўцямнасць выпадку Беларусі.
V. Архетып балота як матэрыял і як перашкода для беларускае культурнае палітыкі Як атрымалася, што тэхнакрат, традыцыяналіст, філосаф-постмадэрніст, людзі, якія займаюцца сучасным мастацтвам, карыстаюцца тэмаю беларускіх балотаў амаль аднолькавым чынам? Альбо, іншымі словамі, кажуць пра адсутнасць празрыстасці і, урэшце, пра адмысловую «стабільнасць» — што ёсць выяўленнем ландшафтнае адмысловасці — як пра ключавыя ўласцівасці беларускага сацыяльнага і культурнага працэсу. Адказ, прапанаваны намі, заключаецца ў думцы, што смутнасць і «стабільнасць» (якія таксама ёсць найбольш папулярнымі метафарамі балота) у кампенсатарным ключы выкарыстаны тут для таго, каб сімуляваць насычанасць пустой і паўтаральнай прасторы назапашвання Беларусі нейкім якасным сэнсам. У выніку яны надзвычай устойлівыя ў беларускім уяўленні, бо іх функцыя — гэта закамуфляваць амнезію мадэрну, адсылаючы да нейкіх дамадэрнавых матываў. Такая тэза можа быць узмоцненая, калі скарыстацца з канцэпцыйнага каркаса Алана Прэда і Майкла Джона Ўотса, якія аналізуюць сэнсы і матывы, што ўзнікаюць, калі новая рэальнасць капіталізму / мадэрнізацыі сутыкаецца з традыцыйнымі («больш ці менш глыбока аселымі») «штодзённымі практыкамі, уладнымі дачыненнямі і формамі свядомасці» (Pred & Watts, 1992: XIII).
Калі ў Беларусі меліярацыя балотаў ёсць ключавым аспектам мадэрнізацыі (пераўтварэння яе ландшафту ў паўтаральную прастору назапашвання), тады ў значнай ступені менавіта гэты аспект мусіць блакаваць гістарычнае разуменне, нагадваючы пра сябе толькі ў якасці нейкага ападка, пустога, хоць і інтэнсіўнага, набору вобразаў. Іншымі словамі, калі прыняць пад увагу геаграфічнае вымярэнне мадэрнізацыі Беларусі, варта чакаць, што беларускі дамадэрн будзе артыкуляваны найперш праз архетып балота (што да нашага выпадку ў якасці матываў «стабільнасці» і смутнасці). А гэта азначае, што ўстойлівасць тэмы балота ў культурным дамене Беларусі можа быць прачытаная як анклаў традыцыяналізму, які сімвалічна адмаўляе тэндэнцыі мадэрну, але пры тым змешчаны ў мадэрную прастору амнезіі і знаходзіцца ў межах дзеяння механізмаў мадэрнае логікі.
У такім выпадку асабліва цікава тое, што абодва матывы, паказаныя вышэй, і феномен балота, які ўтрымлівае іх у сабе, захоўваюць і нават падкрэсліваюць сэнс і канатацыі амнезіі.
Тады можна меркаваць, што менавіта спецыфіка беларускага ландшафту да мадэрнізацыі паслугуецца ў якасці мяжы для беларускага сацыяльнага і культурнага ўяўлення сёння, задаючы каналы, па якіх адбываецца сутыкненне мадэрну з традыцыяй і ў якіх фармуюцца спробы прыхавання мадэрнае адсутнасці гістарычнасці вобразамі з мінулага. У канчатковым выніку менавіта балота, а таксама такія ягоныя якасныя ўласцівасці, як няяснасць, стабільнасць, адсутнасць гісторыі, робяцца ключом для разумення таго, што дзеецца ў Беларусі цяпер. Гэта можа быць рэальнае немадэрнізаванае балота, як у Васючэнкі, мадэрнізаванае, як у Шаўцова, альбо балота — прынцып арганізацыі, — як у Акудовіча. Тым не менш, у кожным з выпадкаў вобраз балота і спробы выкарыстаць ягоны вобраз ёсць сімвалічным адказам пра з’яву традыцыяналізму і нежадання разглядаць беларускі ландшафт у гістарычна-крытычнай перспектыве.
Сяргей Любімаў. Балота, гісторыя і прастора Беларусі 80 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Літаратура 1. Васючэнка П. Беларус вачыма беларуса: Беларус міфалагізаваны, гістарычны, рэальны // ARCHE. 2004. № 4.
2. Коваленко О. Актуальное искусство Беларуси в Украине // PROdesign. 2005. № 14.
3. Шевцов Ю. Объединенная нация. Феномен Беларуси. — Москва. 2005.
4. Barker, A., Biger, G. Ideology and Landscape in Historical Perspective. — Cambridge: Cambridge University Press, 1992.
5. French, R. Antony. Plans, Pragmatism and People. — Pittsburgh: University of Pittsburgh Press, 1995.
6. Lefebvre, H. The Production of Space. — Oxford: Blackwell Publishers, 1991.
7. Massey, D. Politics and Space / Time // Place and the Politics of Identity / Ed. by M. Keith and S. Pile. — London: Routledge, 1993.
8. Musil, J. Urbanization in Socialist Countries. — London: Croom Helm, 1980.
9. Pred, A., Watts, M. J. Reworking Modernity: Capitalisms and Symbolic Discontent. — New Brunswick: Rutgers University Press, 1992.
10. Soja, E. Postmodern Geographies // The Reassertion of Space in Critical Social Theory. 1989.
11. Urban and Regional Change and Conflict in Post-Socialist Societies / Ed. by G. Andrusz, M. Harloe and I. Szelenyi. — Great Britain: Blackwell, 1996.