20 гадоў вулічнага змагання — у адной кнізе

get_img-2Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, часопіс “Arche” і штотыднёвік “Наша Ніва” рыхтуюць кнігу пра масавыя вулічныя акцыі перыяду 1988-2009 гадоў.

________________________________________________________________________________________

Рэдактар часопісу “Arche” Валер Булгакаў у інтэрв’ю “Еўрапейскаму радыё для Беларусі” заявіў, што гэтая важная тэма была мала асветленая.


Булгакаў: “Тэма важная з аднаго боку, з другога боку, яна слаба асветлена. Бо гісторыя вулічных акцый, гісторыя дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў, пачынаючы з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя, застаецца, перш за ўсё, у памяці, свядомасці яе непасрэдных удзельнікаў, а таксама ў нейкіх расцярушыных, неўпарадкаваных архівах. Рэч у тым, што гэта досыць натуральна, што няма нейкай установы, нейкага архіву, так бы мовіць, бібліятэкі, якая б каталагізавала, рупліва збірала і захоўвала ўсе тыя пазіцыі, якія звязаныя з летапісам беларускага дэмакратычнага руху, а таксама з яго масавымі акцыямі”.

Па словах Булгакава, ініцыятары ставілі перад сабой задачу зрабіць сюжэты вулічнай барацьбы элементам сённяшняй культурнай сітуацыі і палітычнай гульні.

Што праўда, у кнігу не трапляюць падзеі мінулага года. Выдавец тлумачыць гэта тым, што кніга рыхтавалася ўжо даўно.

Булгакаў: “Можа ўзнікнуць памылковае ўражанне, што мы былі натхнёныя падзеямі 19 снежня 2010 года. Але гэта зусім не так: гэтая ідэя выспявала ўсё апошняе дзесяцігоддзе, і збор матэрыялаў да гэтай кнігі пачаўся. Сам праект стартаваў у 2009 годзе, калі нічога не прадвяшчала крывавага разгону дэманстрантаў на плошчы Незалежнасці з 19 на 20 снежня 2010. Кніга ўжо скончаная, над ёй працавала вельмі вялікая колькасць аналітыкаў, больш за пару дзясяткаў чалавек. І цяпер я хачу проста правільна раставіць акцэнты: гаворка ідзе не пра напісанне кнігі, не пра стварэнне яе, а проста пра ўдакладненне візуальнага шэрагу. Мы маем каля паўтысячы розных выяваў і ілюстрацый і падобных матэрыялаў”.

Праца над кнігай скончана і падрыхтавана да друку. Выхад у свет выдання чакаецца напрыканцы вясны.

Паводле матэрыяла euroradio.fm.

Фотаздымак: GLEB GARANICH REUTERS // wyborcza.pl

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...