Што памятаюць беларускія гарады?

Прэзентацыя даследавання мемаратыўнага ландшафту найбуйнейшых гарадоў Беларусі

Запрашаем на анлайн-прэзентацыю новага даследавання, прысвечанага мемаратыўнаму ландшафту беларускіх гарадоў — помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным знакам, мемарыялам і іншым аб’ектам, праз якія ў публічнай прасторы фармуецца памяць пра мінулае.

Гэтае даследаванне працягвае серыю прац пра палітыку памяці і гарадскую прастору Беларусі, якую праводзіць Інстытут «Палітычная сфера». На гэты раз у фокусе — найбуйнейшыя гарады краіны, якія не з’яўляюцца абласнымі цэнтрамі: Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск і Салігорск. У межах даследавання былі прааналізаваныя 690 мемарыяльных аб’ектаў.

Падчас прэзентацыі будзе прадстаўлены аналіз таго, якія гістарычныя перыяды, падзеі, асобы і ідэалагічныя наратывы найбольш заўважныя ў гарадскім ландшафце. Асобная ўвага будзе нададзеная таму, як у помніках і мемарыяльных аб’ектах прадстаўленыя беларуская нацыянальная памяць, савецкая спадчына, памяць пра Вялікую Айчынную вайну, лакальная гісторыя гарадоў, а таксама тэмы, якія застаюцца на перыферыі або амаль не прысутнічаюць у публічнай прасторы.

На прэзентацыі вы даведаецеся:

– якія падзеі, асобы і гістарычныя эпохі дамінуюць у мемаратыўным ландшафце найбуйнейшых гарадоў Беларусі;

– наколькі гарадская прастора застаецца саветызаванай і мілітарызаванай;

– як прадстаўленыя беларуская нацыянальная гісторыя, культура і лакальная памяць;

– якія тэмы і групы памяці застаюцца недастаткова прадстаўленымі — ад ахвяраў вайны і савецкіх рэпрэсій да Халакосту, Чарнобыля і гісторыі незалежнай Беларусі;

– чым мемаратыўны ландшафт гэтых гарадоў адрозніваецца ад абласных цэнтраў і якія агульныя тэндэнцыі можна ў ім заўважыць.

Прэзентацыя будзе карысная ўсім, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, палітыкай памяці, гарадской прасторай, культурнай спадчынай і тым, як праз помнікі фармуецца ўяўленне пра мінулае.

Дата і час: 3 ліпеня 2026, 13.00-14.00 (па мінскім часе)
Фармат: анлайн
Спасылка на трансляцыю: https://meet.google.com/cfr-czaz-mvp

Мадэратар: Аляксей Ластоўскі, Беларускі інстытут публічнай гісторыі

Спікер: Андрэй Мастыка, гісторык, Інстытут «Палітычная сфера»

Check Also

Беларуская палітыка і культура ў грамадскай думцы Украіны

Даследаванне аналізуе, як у 2022–2025 гадах змянялася стаўленне ўкраінскага грамадства да беларусаў, беларускай дзяржавы, беларускіх ...