«З разуменнем і павагаю» рэжым Лукашэнкі паставіўся да прызнання Расеяй незалежнасці ДНР і ЛНР. Паведамленне з такою фармулёўкай апублікаваў МЗС Беларусі. За гэткую «павагу» эканамічная супраца з Украінаю – пад пагрозаю, акрамя таго, на Беларусі могуць адбіцца і наступствы санкцыяў, што зазнае Расея. Еўразвяз менш як гадзіну таму прыняў новы пакет абмежаванняў: 351 дэпутат Дзярждумы і яшчэ 27 фізічных і юрыдычных асоб апынуліся пад санкцыямі.
Долар падаражэў на 7 капеек, еўра – на 6. Некаторыя беларусы накіраваліся ў абменнікі – а раптам гэта толькі пачатак падзення беларускага рубля? Адбылося яно ўслед за расейскім, пасля прызнання Пуціным незалежнасці так званых ЛНР і ДНР і ўвядзення туды расейскіх войскаў.
Рубель адваюе страчаныя пазіцыі, бо Пуцін, відаць, адмовіўся ад найгоршага сцэнара – вайсковай кампаніі супраць Украіны, мяркуе старэйшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC Леў Львоўскі:
«На рынак прыйдзе гэты паступовы сігнал, і рынак зразумее, што самае дрэннае ўжо адбылося. З іншага боку, нас чакае яшчэ адзін раўнд санкцыяў. І для Беларусі нават важней, чымся для Расеі – рэакцыя Украіны на беларускі ўдзел і на яе заявы».
Украіна ўваходзіць у ТОП-5 гандлёвых партнёраў Беларусі і з’яўляецца галоўным рынкам для экспарту бітуму і нафтапрадуктаў. Прызнанне ўслед за Пуціным самаабвешчаных рэспублік на Данбасе – магло пакласці крыж на гандлі. МЗС Беларусі давялося падбіраць словы:
«Мы з павагаю і разуменнем успрымаем рашэнне расейскага боку аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Гэты крок Расеі мае не толькі палітычнае, але і сурʼёзнае чалавечае, гуманітарнае вымярэнне, улічваючы колькасць расейскіх грамадзян, якія пражываюць на дадзеных тэрыторыях і цярпяць пазбаўленні на працягу амаль васьмі гадоў».
Адказнасць за рост напружанасці ва Усходняй Еўропе ведамства Уладзіміра Макея ўскладае на заходнія краіны. У Беларусь жа праз усходнюю мяжу паступае ўсё больш ваеннай тэхнікі. Учора і сёння калоны Рас гвардыі з зафарбаванымі апазнавальнымі знакамі заўважылі ля гарадоў Хойнікі, Рагачоў і Нароўля на поўдні Беларусі. Жоўта-зялёная афарбоўка бронетранспарцёраў характэрная для частак з Паўночнага Каўказу. Беларусы задаюцца пытаннем – яны да нас надоўга?
«Трэба дзесьці салдат размяшчаць, дзесьці чыніць тэхніку, ствараць палігоны і базы…Калі мы кажам аб сталай, а не часовай прысутнасці расейскіх войскаў, то тады павінна быць прынятае рашэнне аб стварэнні нейкай ваеннай базы. Яе трэба будзе будаваць… Залежаць гэта будзе, хутчэй за ўсё не ад меркавання Аляксандра Лукашэнкі, а ад дынамікі стасункаў паміж Расеяй і Захадам», – лічыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
Нават часовая прысутнасць расейскіх войскаў і распалены імі канфлікт – абмяжоўвае суверэнітэт Беларусі – мяркуе Андрэй Казакевіч:
«Скажам, калі на тваёй тэрыторыі ёсць расейскія войскі, то ты ўсё больш будзеш залежаць ад стасункаў Расеі з Захадам, Расеі з Украінай. Таму як калі Расея будзе пагаршаць стасункі, ты трапляеш у арбіту, як тэрыторыя, з якой можа ажыццяўляцца нейкая вайсковая аперацыя».