У беларускага рэжыму па-ранейшаму няма ўпэўненасці, што калі рэпрэсіі спыніць, яму ўдасца ўтрымаць кантроль над сітуацыяй. Такую думку выказаў былы дыпламат, а цяпер асацыятыўны аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) Павел Слюнькін падчас анлайн-дыскусіі Экспертна-аналітычнага клуба, прысвечанай вынікам 2021 года. Пра што яшчэ гаварылі эксперты?
Канец беларускай палітычнай мадэлі
На думку доктара паліталогіі, дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, асноўным вынікам 2021 года стала тое, што палітычная мадэль, якая складвалася ў Беларусі з 1996 па 2020 год, канчаткова разбурылася. І калі яшчэ напрыканцы мінулага года было чаканне, што ўсё можа вярнуцца ў стан да 2020-га, то цяпер зразумела, што гэтага не будзе.
Андрэй Казакевіч, фота: Thinktanks.by
Беспрэцэдэнтная зачыстка грамадскіх і палітычных структур, ціск, засілле сілавікоў у дзяржаўных структурах і чысткі ў іх жа, цалкам разбураныя стасункі з Захадам, пераўтварэнне Беларусі ў крыніцу пагрозы бяспецы ў рэгіёне — і як вынік мы маем поўнае разбурэнне палітычнага балансу інтарэсаў унутры краіны і не толькі.
Андрэй Казакевіч звяртае ўвагу, што яшчэ з 2020 года пачалі мяняцца стасункі паміж уладай і грамадствам, і сёлета гэтая тэндэнцыя замацавалася. Цяпер уладам стала зусім не важная большасць, яны настроены на тое, каб кансалідаваць сваю меншасць і спрабаваць навязваць грамадству сваё бачанне.
— Аўтарытарны рэжым да 2020 года шмат у чым быў папулісцкім і імкнуўся падладжвацца пад чаканні большасці ў той ці іншай ступені. Цяпер логіка зусім іншая: экспліцыраваць свае ідэі на грамадства і пераўтварыць яго, — заключае палітолаг.
Ён мяркуе, што ў 2022 годзе нас чакае спроба прасоўвання глыбокай палітычнай рэформы. Палітычнае поле і дзяржаўны апарат будуць зачышчаныя, улады паспрабуюць скапіраваць расійскую мадэль, але ў выніку можа атрымацца нешта накшталт варыянта М’янмы, толькі без ваеннага захопу. У той жа час Андрэй Казакевіч прагназуе, што, хутчэй за ўсё, сам Лукашэнка не вырашыцца запусціць падобны механізм.