29 чэрвеня 2022, 16.00 (Мінск – Вільня), ZOOM.
Мадэратары: Андрэй Казакевіч, Аляксей Ластоўскі,
Удзельнікі: Вінцук Вячорка, Сяргей Кавалёў, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Алена Рудэнка.
Дыскусія ладзіцца ў рамках падрыхтоўкі юбілейнага 10-ага Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і ўваходзіць у цыкл абмеркаванняў стану сацыяльных і гуманітарных навук ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі і вайны ва Украіне. Да гэтага часу былі арганізаваны дыскусіі па гісторыі, сацыялогіі і міжнародным стасункам.
За апошнія гады Беларусь і Цэнтральна-Усходняя Еўропа перажылі рэвалюцыйныя змены, якія істотна павысілі цікавасць да беларускіх даследванняў і разам з тым сфармавалі новыя выклікі.
Масштабныя палітычныя пратэсты, рэпрэсіі супраць актывістаў і грамадзянскай супольнасці, санкцыі супраць Беларусі, ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны – тэмп зменаў ашаламляе і патрабуе асэнсавання, а з іншага боку патрабуе і новай ступені адказнасці.
На дыскусіі прапануецца абмеркаваць наступныя праблемы:
Уварванне Расіі ва Украіну пад імперскімі і мілітарысцкімі лозунгамі справакавала дыскусіі пра патрэбы антыкаланіяльнай рэвізіі і перагляду імперскага канону “высокай расійскай культуры”. Асабліва гэта датычна да украінскай гуманістыкі, але цікава што адбываецца ў беларускім літаратуразнаўстве і лінгвістыцы, ці ёсць тут запатрабаванасць у антыкаланіяльным падыходзе?
Сталі з’яўляцца звесткі, што беларускіх аўтараў выключылі з украінскіх школьных праграм па літаратуры. І гэта толькі адзін з сігналаў змененага стаўлення да беларускай культуры. Якім чынам у гэтай няпростай сітуацыі можна захоўваць супрацу з украінскімі калегамі і адстойваць беларускую мову і культуру?
Наколькі разбуральнымі былі дзеянні дзяржавы ў дачыненні да навукоўцаў ва ўмовах палітычнага крызісу, як гэта паўплывала на працу навуковай супольнасці ў дзяржаўных і недзяржаўных інстытуцыях? Ці можа існаванне навукі ў выгнанні быць эфектыўным? Наколькі дзейсныя праграмы дапамогі і наколькі эфектыўныя недзяржаўныя інстытуцыі ў сённяшніх умовах?