Пра значэнне кожнага з трох рэферэндумаў «Белсат» пагутарыў з Андрэем Казакевічам – доктарам палітычных навук і дырэктарам інстытуту «Палітычная сфера».
Што змяніў рэферэндум-1995
Здавалася б, Лукашэнка прасіў сабе не такое і вялікае паўнамоцтва: усяго толькі права распускаць парламент у выпадках грубых ці сістэматычных парушэнняў Канстытуцыі.
«Гэты рэферэндум дазволіў Аляксандру Лукашэнку прадэманстраваць, што большасць – на ягоным баку, – тлумачыць Казакевіч. – Маральная, палітычная перавага прэзідэнта над парламентам стала відавочнаю. Прынамсі над Вярхоўным Саветам ХІІ склікання: у канцы 1995 года быў выбраны новы склад парламенту, і супрацьстаянне працягнулася».
Разам з тым прынялі замену нацыянальных герба і сцяга на мадыфікаваныя савецкія ды наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай разам з беларускаю. Таксама беларусаў спыталі, ці падтрымліваюць яны дзеянні Лукашэнкі ў эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі – перамог варыянт «за».
Ды галоўным вынікам для Лукашэнкі, кажа Казакевіч, было тое, што Лукашэнка мог скансалідаваць большасць, і большасць падтрымала ягоную павестку. Гэта дазволіла яму быць значна больш упэўненым у далейшай канфрантацыі з парламентам.
«Рэферэндум даў карт-бланш на тое, каб згарнуць беларусізацыю, – разважае палітолаг. – Хутчэй за ўсё, яна і так бы запаволілася пры кіраванні Лукашэнкам. Але такім чынам была магчымасць яе адразу згарнуць – пачаць пераслед апанентаў за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, «адмяніць» (маргіналізаваць выкарыстанне) беларускую мову. Заўсёды можна было апеляваць, што вось, людзі выказаліся, яны гэтую сімволіку і мову не любяць. Фармальна БЧБ і Пагоня, вядома, ніколі не былі забароненыя, але з гэтага часу за выкарыстанне так званай незарэгістраванай сімволікі пачалі актыўна караць».
Быў і вонкавапалітычны вынік, дадае ён: Лукашэнка паказаў замежжу, што ён прарасейскі палітык не толькі на словах, а рэальна гатовы спыніць беларусізацыю і курс на суверэнітэт, распачаць паглыбленне інтэграцыі з Расеяй.
Што змяніў рэферэндум-1996
Андрэй Казакевіч называе гэты рэферэндум «ключавым момантам у кансалідацыі аўтарытарнай улады»: на ім перамог, хоць і са шматлікімі зафіксаванымі парушэннямі выбарчага заканадаўства, варыянт паправак у Канстытуцыю, прапанаваных Лукашэнкам, якія надавалі яму фактычна неабмежаваныя выканаўчыя і заканадаўчыя паўнамоцтвы.
«Да гэтага рэферэндуму парламент усё ж быў самастойнаю крыніцай улады, – згадвае ён. – дэпутаты былі не так даўно выбраныя, яны таксама мелі народны мандат, вынікі выбараў не аспрэчваліся. Таму дэпутаты сябе даволі ўпэўнена адчувалі, ініцыявалі нават працэдуру імпічменту супраць Лукашэнкі. Парламент меў рэальную ўладу праз тое, што прымаў законы, з якімі Лукашэнка і ўвесь дзяржаўны апарат былі вымушаныя лічыцца».
Папраўкі 1996 года не проста парушылі прынцып падзелу ўлады, але дазволілі Лукашэнку перабудаваць усе палітычныя інстытуты: самастойна прызначыць новы ўрад, распусціць Вярхоўны Савет і фактычна прызначыць Палату прадстаўнікоў, адабраўшы 110 лаяльных дэпутатаў.
Паводле новай Канстытуцыі, прэзідэнт атрымаў магчымасць вызначаць склад усёй выканаўчай улады (і толькі фармальна зацвярджаць прэм’ера ў Палаце прадстаўнікоў – ужо пасля прызначэння), прызначаць суддзяў і старшыню Вярхоўнага Суда (фармальна зацвердзіўшы ў Савеце Рэспублікі, які сам і прызначыў), палову суддзяў і старшыню Канстытуцыйнага Суда (фармальна – толькі палову, а другую палову прызначаў Савет Рэспублікі).
Урэшце, Канстытуцыя 1996 года давала магчымасць прэзідэнту выдаваць дэкрэты і ўказы, якія мелі больш юрыдычнай моцы за законы: выходзіць, Лукашэнка мог адмяніць любы закон, чым актыўна карыстаўся.
«Гэта дало магчымасць да выбараў 2001 года спакойна скансалідаваць уладу і паступова знішчыць ці моцна аслабіць альтэрнатыўныя палітычныя цэнтры ды сілы ў Беларусі», – рэзюмуе Казакевіч.