Адносіны Беларусі з Захадам дайшлі да таго, што Лукашэнка разам з чыноўнікамі загаварылі пра магчымасць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
- Эксперты скептычна ставяцца да з’яўлення ў Беларусі ядзернай зброі
Са свайго боку Крэмль заявіў, што не выключае самых розных варыянтаў. Якія праблемы Мінска ды Масквы можа вырашыць ядзерная зброя ў Беларусі? Ці наадварот створыць новыя? Пра гэта мы запыталіся ў незалежных экспертаў.
Лукашэнка заявіў нядаўна, што Беларусь можа звярнуцца да Расіі з просьбай размясціць на нашай тэрыторыі ядзерную зброю, наракаючы, што непатрэбна тая зброя была выведзеная з Беларусі.
Таксама кіраўнік лукашэнкаўскага МЗС Уладзімір Макей зазначыў, што ядзернае ўзбраенне на тэрыторыі Беларусі – гэта адзін з магчымых адказаў на будучыя магчымыя дзеянні з боку Паўночнаатлантычнага альянсу на тэрыторыі Польшчы. Таксама Крэмль заявіў, што ў выпадку, калі НАТА размесціць ядзерную зброю каля мяжы Расіі, Масква прыме меры для «балансавання» сітуацыі. Пуцінскі прэсавы сакратар Дзмітрый Пяскоў сказаў, што магчымыя самыя розныя варыянты што да магчымасці размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Найхутчэй у Беларусі магла б з’явіцца тактычная ядзерная зброя, зазначае палітолаг Андрэй Казакевіч з Цэнтры палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.
– Хутчэй за ўсё тут можа быць такі сцэнар, што на тэрыторыі Беларусі з’явіцца расійская тактычная ядзерная зброя, альбо будзе ваенная база. На маю думку, не вядзецца размовы пра тое, каб будаваць шахты, ракетныя комплексы. Гэта занадта блізка да мяжы і кепска са стратэгічная пункту гледжання. Пужаць можна толькі размяшчэннем тактычнай зброі. Пры гэтым ніхто ў ніякім выпадку не аддасць зброю пад кантроль Лукашэнкі. Да таго ж наяўнасць такой зброі – гэта дарагое задавальненне. Сумнеўна, каб Беларусь змагла яе ўтрымаць.