Санкцыі супраць Расеі могуць паўплываць і на беларускую эканоміку, тлумачыць «Белсату» дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
Санкцыі, якія разглядаюць ЗША, могуць істотна ўскладняць эканамічнае развіццё Расеі – наўрад ці проста разбураць эканоміку, але створаць шмат праблемаў. Напрыклад, адключэнне ад SWIFT, нават пры тым, што ёсць шляхі абыходу санкцыяў, павялічыць нагрузку на фінансавую сістэму, з’явяцца дадатковыя выдаткі на перавод сродкаў, Расея стане менш прывабнай для міжнароднага бізнесу – а Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі і расейскай эканамічнай кан’юнктуры.
«Залежнасць Беларусі ад Расеі шматузроўневая, – тлумачыць Казакевіч. – Па-першае, Расея – гэта каля паловы беларускага таваразвароту і асноўны рынак збыту, дзе многія беларускія вытворцы зарабляюць асноўныя грошы.
Гэта таксама вельмі істотны рынак працы, там працуе вялікая колькасць беларусаў. Дакладных лічбаў мы не ведаем, бо афіцыйная статыстыка недакладная, але гэта сотні тысяч тых, хто так ці інакш завязаны на працы ў расейскіх рэгіёнах. Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі значыць, што яны будуць вяртацца ў Беларусь або скарачаць пералічэнні на радзіму. Скарачэнне паступлення сродкаў з-за мяжы – таксама патэнцыйна праблема для многіх хатніх гаспадарак.
І праблема доступу да тэхналогіяў: санкцыі могуць яшчэ больш абмежаваць доступ Расеі да розных тэхналогіяў, якія могуць узмацняць ейны вайсковы патэнцыял. Адпаведна, гэтыя тэхналогіі перастануць быць даступнымі для Беларусі як асноўнага саюзніка Расеі».