МГА «ГІСТОРЫКА» (Менск)
БЕЛАРУСКІ АРХІЎ ВУСНАЙ ГІСТОРЫІ (Менск)
ІНСТЫТУТ СЛАВІСТЫКІ ПОЛЬСКАЙ АКАДЭМІІ НАВУК (Варшава)
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ (Менск)
Запрашаюць да ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі
«Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы»
(Менск, 15-16 красавіка 2016 г.)
Трыццацігоддзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС павінна стаць нагодай для пэўнай “інвентарызацыі” нашых ведаў па праблеме чалавека і грамадства ў “постчарнобыльскім свеце” і, магчыма, для вызначэння новых накірункаў даследаванняў. Не сакрэт, што па шэрагу прычын гэтая катастрофа і яе наступствы ў Беларусі аказаліся адсунутымі на перыферыю грамадскай і навуковай зацікаўленасці. Аднак, як паказалі даследаванні Беларускага архіва вуснай гісторыі (2015), Чарнобыль па-ранейшаму адгукаецца вялікім болем у памяці тых, каго закранула гэтая трагедыя. Адначасна яна падкрэслівае значэнне сацыяльных і гуманітарных навук, а таксама адказнасць навукоўцаў за тое, што адбываецца з чалавекам і грамадствам у сітуацыі глабальнай катастрофы.
Запрашаем навукоўцаў паспрабаваць адказаць на наступныя пытанні:
- Якія сацыяльныя і палітычныя наступствы мела аварыя на Чарнобыльскай АЭС для грамадства Беларусі і ўсяго постсавецкага рэгіёну?
- Як паўплывала гэтая аварыя на развіццё сацыяльных і гуманітарных навук?
- Як Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы адлюстраваліся ў памяці і культуры народаў Беларусі, Украіны і Расіі?
Канферэнцыя будзе мець шматдысцыплінарны характар. Мы разлічваем на ўдзел у ёй гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, сацыёлагаў, літаратуразнаўцаў, а таксама прадстаўнікоў іншых сацыяльных і гуманітарных навук.
Плануецца праца двух сесій:
- Чалавек, грамадства, дзяржава праз 30 год пасля Чарнобыльскай катастрофы
- Памяць і рэфлексія: Чарнобыль у люстэрках памяці і культуры
Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, украінская, руская, польская і англійская.
Заяўкі на ўдзел просім дасылаць да 31 студзеня 2016 г. на адрас: [email protected]. У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. знакаў), кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.
Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак. Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя. Арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі.
Просім пераслаць інфармацыю ўсім зацікаўленым асобам.
Аргкамітэт канферэнцыі:
Доктар гіст. навук Алесь Смалянчук,
Мгр Уладзімір Валодзін
Мгр Ганна Кавалёва
Мгр Андрэй Мастыка
Павел Сітнік