Даследчы семінар “Палітычнай сферы” дзейнічае для прафесійнай камунікацыі і абмену ідэямі ў сферы вывучэння палітыкі, удасканалення метадалогіі і стратэгіі аналізу палітычных працэсаў. На семінары праводзяцца прэзентацыі актуальных вынікаў палітычных, сацыяльных і эканамічных даследаванняў. План працы даследчага семінара “Палітычнай сферы” на першае паўгоддзе 2013 г.
28 лютага адбудзецца чарговы даследчы семінар Інстытута “Палітычная сфера”. Дырэктар Інстытута “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч і даследчык інстытута Вадзім Смок прадставяць вынікі даследавання абласных саветаў за 1999-2010 гг.
У параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна Беларусь мае надзвычай слабыя інстытуты мясцовага самакіравання, але гэта не здымае праблемы разумення структуры мясцовых эліт і вызначэння сапраўднай палітычнай ролі прадстаўнічых органаў улады. Аналіз складу абласных саветаў за апошнія дванаццаць гадоў паказвае тры відавочныя тэндэнцыі:
- “Алігархізацыя”: абсалютнае дамінаванне дырэктараў і кіраўнікоў рознага ўзроўню
- “Цэнтралізацыя”: вельмі моцныя пазіцыі і роля прадстаўнікоў абласнога цэнтру
- Значныя змены ўзроставай структуры: павышэнне ролі асобаў ва ўзросце каля 50 год
У савецкія часы прадстаўніцтва ў абласных саветах было фармальным, сам склад вызначаўся штучна і вельмі нагадваў структуру грамадства – з прадстаўніцтвам працоўных, сялян, моладзі і г.д. Сучасныя абласныя саветы зусім іншыя, а уважлівы аналіз складу дазваляе, прынамсі ў значнай ступені, разглядаць іх як адлюстраванне структуры рэгіянальных эліт. Пры гэтым самі саветы, як падаецца, з’яўляюцца важнай пляцоўкай камунікацыі, інфармацыйнага абмену і лабіравання на рэгіянальным узроўні. Але наколькі гэта апраўдана, а калі апраўдана, то да якой ступені?
Менавіта гэтыя, а таксама некаторыя іншыя праблемы мяркуецца разглядзець у межах семінара на падставе падрабязнага аналізу прадстаўніцтва ў абласных саветах за апошнія дванаццаць гадоў.