У памяць Віталя Сіліцкага адзначаць дасягненні ў паліталогіі. Намінаванне адкрыта з 15 студзеня па 28 лютага 2013 г.

Silitski

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага заснаваў прэмію яго імя “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі” дзеля падтрымання памяці сусветна вядомага беларускага палітолага, грамадскага мысляра і першага дырэктара BISS.

 

Прэмія імя Віталя Сіліцкага мае на мэце спрыянне захаванню традыцыяў высокай якасці і прафесіяналізму ў паліталогіі, якія заклаў Віталь Сіліцкі. Калегі не раз адзначалі, што менавіта ён прыўнёс у беларускую паліталогію заходнія стандарты, захаваўшы пры гэтым свой непаўторны аўтарскі стыль. Ён заўсёды жыва і востра рэагаваў на ўсё, што адбывалася ў краіне, рабіў трапныя прагнозы і якасную аналітыку, проста казаў аб складаным.

 

Апошнім зваротам Віталя да сяброў і калег сталі словы: “Я паміраю, але зрабіце так, каб жылі тыя ідэі, якімі жыў я”. Каб выканаць запавет Віталя Сіліцкага, а таксама падтрымаць зададзеную ім высокую планку, Камітэт памяці Віталя Сіліцкага вырашыў заснаваць прэмію яго імя  “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі”.

Намінантаў на прэмію можа прапанаваць кожны ахвотны праз сайт Камітэту памяці Віталя Сіліцкага http://vitalisilitski.org/be. Да ўдзелу прымаюцца працы за 2012 год, якія ўяўляюць сабой грунтоўны аналіз, аналітыку ці новы погляд на падзеі ў Беларусі з паліталагічнага пункту гледжання і належаць беларускаму аўтару. Намінаванне будзе адкрытым у перыяд з 15 студзеня па 28 лютага.

Пераможцу прэміі імя Віталя Сіліцкага “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі” вызначыць прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя палітолагі і грамадскія дзеячы, сярод якіх Уладзімір Роўда, Андрэй Казакевіч, Дзяніс Мельянцоў, Алесь Лагвінец, Валер Булгакаў і многія іншыя. Калі нехта з сябраў журы патрапіць у спіс намінантаў, ён ці яна можа прэтэндаваць на прэмію, пакінуўшы склад журы. Журэйства будзе адбывацца цягам сакавіка. Уручэнне прэміі імя Віталя Сіліцкага “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі” адбудзецца напачатку красавіка 2013г.

Арганізатары Прэміі імя Віталя Сіліцкага плануюць зрабіць яе штогадовым мерапрыемствам.

 

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага быў утвораны ягонымі сябрамі і калегамі ў траўні 2012 году, напярэдадні гадавіны смерці Віталя. Вядомы беларускі палітолаг, першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, сышоў з жыцця праз рак 11 чэрвеня 2011 году.

 

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да каардынатараў Камітэта памяці Віталя Сіліцкага праз [email protected] альбо па тэлефонах +375 29 1130908 Дар’я Слабчанка і +375 29 6260499 Міла Берташ.

vital-prize-be-final

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...