Канферэнцыя “Аднаўленне гісторыі: палітыка памяці ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе”

Час правядзення: 3-4 мая 2013 г. (2 дні)

 

Асноўныя арганізатары:

Інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь)

Інстытут ВКЛ (Літва)

Instytut Polski (Мінск, Беларусь)

Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва)

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі (Літва)

 

Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, руская, англійская, польская.

Прыблізны лік удзельнікаў – 40 чалавек.

Савецкі Саюз здаваўся з боку гіганцкай рэпрэсіўнай Імперыяй – але яго крах прадэманстраваў, што за гіганцкім ценем хавалася разнастайнасць нацый, моў, культур і гісторый.

Для новых дзяржаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы адразу ж усталі складаныя пытанні геапалітычнага выбару і сацыяльна-эканамічных трансфармацый. Пры пераадоленні першапачатковай стадыі транзіту, аднак, сталі ўсплываць іншыя пытанні, якія апынуліся не менш хваравітымі і невырашальнымі:

Як павінна выглядаць нацыянальная дзяржава? Як фармаваць крытэры прыналежнасці да нацыі? Што сабою павінна ўяўляць культурная памяць? Як выбудоўваць адносіны з меншасцямі? І што ляжыць у аснове адносін з суседзямі – гістарычныя крыўды, традыцыі сумеснага палітычнага жыцця або эканамічная выгада?

Гэтыя пытанні не знаходзяць адназначнага адказу, спараджаючы мноства інтэлектуальных праектаў, генеруючы багацце дыскусій і сутыкненняў. Больш таго, становіцца відавочным, што хваравітыя пытанні памяці і ідэнтычнасці ўсё больш актыўна выкарыстоўваюцца палітыкамі ў сваіх інтарэсах, што ніколькі не спрыяе паразуменню ні ўнутры краін, ні паміж суседзямі.

Беларусь апынулася геаграфічна ў цэнтры разгортвання “войн памяці”, але па сутнасці – на іх інтэлектуальнай перыферыі. Кансервацыя палітычнага рэжыму, які праводзіць практычны курс на самаізаляцыю краіны, вядзе да таго, што публічна амаль не абмяркоўваюцца пытанні складанага і траўматычнага мінулага.

Разам з тым у актуальных дыскусіях пра палітыку памяці важнае месца адводзіцца перавызначэнню і пераасэнсаванню сумеснага мінулага ў розных дзяржаўных утварэннях (Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, Савецкі Саюз). Мова ідзе не толькі пра адстойванне сваёй часткі агульнай спадчыны (а Беларусь тут відавочна прайграе), але і пра выпрацоўку такога разумення мінулага, якое будзе спрыяць гарманічным узаемаадносінам паміж нацыянальнымі дзяржавамі.

Таму мы лічым вельмі важным вярнуць Беларусь у фокус абмеркаванняў пра палітыку памяці, увесці беларускіх навукоўцаў у міжнародны працэс асэнсавання пераплеценага мінулага, выбудаваць нацыянальна-цэнтраваную версію культурнай памяці, якая пры гэтым не будзе спараджаць новыя канфлікты і варожасць. І для гэтага неабходна стымуляваць дыялог і абмеркаванне складаных пытанняў гісторыі паміж беларускімі навукоўцамі і даследнікамі і інтэлектуаламі з краін рэгіёна.

 

Задача канферэнцыі: стварыць пляцоўку для ўзаемадзеяння акадэмічных і экспертных супольнасцей рэгіёна для глыбейшага разумення і даследавання праблем палітыкі памяці ва Ўсходняй Еўропе.

Мэты канферэнцыі: прааналізаваць асноўныя стратэгіі рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў краінах Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, выявіць спецыфічныя і агульныя рысы працы з мінулым, разгледзець узаемасувязь палітыкі памяці з шырэйшым кантэкстам палітычных і культурных трансфармацый посткамуністычных краін.

Для аналізу і разгляду на дадзенай канферэнцыі будуць вылучаныя наступныя тры ключавыя тэмы, якія уяўляюцца нам найбольш значнымі для асэнсавання агульнай культурна-гістарычнай спадчыны рэгіёна:

1. Агульнае мінулае ці аўтаномныя нацыянальныя гісторыі? Памяць пра ВКЛ і Рэч Паспалітую ў дзяржавах Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы.

2. Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863 г.: канфлікт інтэрпрэтацый праз 150 гадоў.

3. Камуністычнае мінулае: паміж пераадоленнем і рэстаўрацыяй у посткамуністычных краінах.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...