Кангрэс Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў у Новым Арлеане

Супрацоўнік Інстытута “Палітычная сфера” Аляксей Ластоўскі прыняў удзел у штогадовым Кангрэсе Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (ASEEES – Association for Slavic, East European and Eurasian Studies), якая адбылася 21-24 лістапада 2012 у Новым Арлеане, ЗША. Гэта буйнейшая асацыяцыя даследчыкаў рэгіёна, і штогадовы кангрэс – надзвычай масштабнае мерапрыемства, дзе збіраецца некалькі тысяч удзельнікаў, адбываюцца сотні тэматычных панэляў і круглых сталоў.

У гэтым годзе Кангрэс быў прысвечаны “Памежжу”, і натуральным крокам у працяг айчынных інтэлектуальных дыскусій мінулых дзесяцігоддзяў было разглядаць уласна Беларусь як прыклад Памежжа, што і было зроблена на адной з панэляў. На гэтай панэлі Аляксей Ластоўскі выступіў з дакладам пра асаблівасці гістарычнай памяці беларускіх палякаў, аналізуючы ўплыв шматаспектнай і шматузроўневай памяці на захаванне асобнай
этнічнай ідэнтычнасці гэтай супольнасці.

Варта адзначыць, што ў гэтым годзе назіралася найбольш інтэнсіўная беларуская прысутнасць з усіх кангрэсаў ASEEES, было некалькі адмысловых панэляў на беларускую тэматыку і асобныя даклады і ў іншых
секцыях. На жаль, вельмі слаба былі прадстаўлены даследчыкі, якія працуюць уласна ў Беларусі, але гэта абумоўлена агульнай неспрыяльнай сітуацыяй з фінансаваннем акадэмічных візітаў для беларускіх вучоных.
Таксама ў межах канвенцыі ASEEES адбылося паседжанне Паўночнаамерыканскай асацыяцыі даследчыкаў Беларусі, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся і пытанні супрацоўніцтва з Інстытутам “Палітычная сфера”, арганізацыі супольных мерапрыемстваў і выдавецкай дзейнасці.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...